Студопедия — ПЕРАДВАЕННЫ КРЫЗІС І ПАЧАТАК ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ. УЗ’ЯДНАННЕ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ З БССР. ДАЛУЧЭННЕ ВІЛЕНШЧЫНЫ ДА ЛІТВЫ
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

ПЕРАДВАЕННЫ КРЫЗІС І ПАЧАТАК ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ. УЗ’ЯДНАННЕ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ З БССР. ДАЛУЧЭННЕ ВІЛЕНШЧЫНЫ ДА ЛІТВЫ






Другая сусветная вайна, якая пачалася 1 верасня 1939 г., усё далей адыходзіць у глыбіню гісторыі. Ужо сёння 2/3 насельніцтва зямнога шара складаюць людзі, якія нарадзіліся і выраслі ў пасляваенныя гады. Таму надзвычай важна, каб падрастаючыя пакаленні ведалі праўду аб тым, як і чаму ўзнікла вайна, якія сілы вінаватыя ў яе развязванні.

Выяўленне сапраўднай карціны другой сусветнай вайны, прычын яе ўзнікнення дыктуецца яшчэ і тым, што за апошнія гады ў свет выйшла шмат кніг, кінафільмаў, у якіх многія пытанні вайны, ролі Савецкага Саюза ў дасягненні перамогі часам падаюцца павярхоўна, тэндэнцыйна.

Аналіз міждзяржаўных і сацыяльна-класавых адносін пераконваюць, што другая сусветная вайна ўзнікла невыпадкова, не ў сілу нейкіх непрадбачаных абставін ці памылак асобных дзяржаўных дзеячаў. Яе вытокі – у тых глыбокіх супярэчнасцях, якія існавалі паміж тагачаснымі вядучымі дзяржавамі. Складанае перапляценне многіх фактараў – палітычных, эканамічных, ідэалагічных – вызначыла прычыны і характар вайны.

Галоўная віна за падрыхтоўку і развязванне вайны ляжыць на дзяржавах фашысцка-мілітарысцкага блока (і перш за ўсё Германіі і Японіі). Прыход фашызму да ўлады ў Германіі і пачатак рэалізацыі яго агрэсіўнай праграмы стварылі небяспечны ачаг вайны ў Цэнтральнай Еўропе і непасрэдную пагрозу развязвання сусветнай вайны. Адводзячы ў сваіх глабальных планах важнейшае месца барацьбе супраць “фарпоста міжнароднага камунізму”, г.зн. супраць СССР, фашызм меў на мэце заняволенне і іншых краін, устанаўленне сусветнага панавання.

У такіх умовах паўстала задача арганізацыі сумесных дзеянняў розных палітычных сіл для адпору гэтай агрэсіўнай, гегеманісцкай палітыцы. Здавалася, у сярэдзіне 30-х гадоў такія перадумовы намячаліся: ідэя Савецкага Саюза аб арганізацыі сістэмы калектыўнай бяспекі знайшла падтрымку Францыі, Югаславіі, Румыніі і іншых краін. У 1934 г. СССР уступіў у Лігу Нацый і стаў пастаянным членам яе Савета. У 1935 г. былі падпісаны савецка-французскі і савецка-чэхаславацкі дагаворы.

Аднак далей падзеі пайшлі па іншаму шляху. Кіруючыя колы заходніх дзяржаў узялі курс на “прымірэнне” з агрэсарам. Галоўны сэнс гэтага курсу заключаўся ў тым, каб цаной уступак аслабіць германскі націск на Захадзе і накіраваць яго экспансію на Усход.

Палітыка “прымірэння” рэалізоўвалася на розных напрамках. Заходнія дзяржавы нічога не зрабілі, калі Германія яшчэ вясной 1935 г. афіцыйна адмовілася ад выканання ўсіх ваенных артыкулаў Версальскага дагавора і ўвяла забароненую ёй усеагульную ваенную павіннасць. У наступным годзе Германія, натхнёная беспакаранасцю, акупіравала Рэйнскую дэмілітарызаваную зону. Ад Германіі старалася не адставаць фашысцкая Італія, якая напала на Эфіопію. У 1936 г. Германія і Японія заключылі паміж сабой антыкамінтэрнаўскі пакт, да якога ў 1937 г. далучылася Італія.

Чарговай ахвярай агрэсіі стала Аўстрыя, якая ў сакавіку 1938 г. была ўключана ў склад рэйха. Пагроза навісла над Чэхаславакіяй. 30 верасня 1938 г. на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў Англіі, Францыі, Германіі і Італіі ў Мюнхене было падпісана пагадненне аб расчляненні Чэхаславакіі і перадачы часткі яе (Судэцкай вобласці) Германіі. У сакавіку 1939 г. Чэхаславакія была акупіравана Германіяй. Такім чынам, да 1939 г. Версальска-Вашынгтонская сістэма дагавораў, створаная пасля першай сусветнай вайны, была канчаткова скасавана.

Становішча ў свеце рабілася выбухованебяспечным. У новых умовах Савецкі Саюз даў згоду на кантакты з Германіяй. Адбыліся эканамічныя перагаворы, якія з асаблівай інтэнсіўнасцю разгарнуліся ў маі – жніўні 1939 г. Затым яны перайшлі ў палітычную сферу.

Кіруючыя колы Англіі і Францыі пасля акупацыі немцамі Чэхаславакіі, баючыся непрадказальнай палітыкі Германіі, зноў пайшлі на кантакты з СССР. Вясной і летам 1939 г. праходзілі траістыя перагаворы СССР, Англіі і Францыі па палітычных, а потым і ваенных пытаннях. Адначасова брытанскія палітычныя колы не пакінулі спроб дамовіцца з Германіяй, вынікам чаго ў гэты перыяд з’явіліся англа-нямецкія перагаворы.

На палітычных і ваенных перагаворах з СССР прадстаўнікі Англіі і Францыі займалі неканструктыўную пазіцыю.

Гаворачы аб няўдачах са стварэннем сістэмы калектыўнай бяспекі ў 30-я гады, неабходна адзначыць, што і на грамадскім узроўні не ўдалося ўтварыць магутны антыфашысцкі фронт. Заходнееўрапейскія грамадскія сілы характарызаваліся пасіўнасцю і раз’яднанасцю. Негатыўна адбіліся ўстаноўкі Камінтэрна і савецкага ўрада на барацьбу за сусветную рэвалюцыю, а таксама рэпрэсіі ў нашай краіне, якія пасеялі сумненні сярод кіруючых колаў Захаду ў ацэнцы магутнасці СССР і якія адштурхоўвалі ад Савецкага Саюза прагрэсіўныя сілы.

Да 20 жніўня 1939 г. стала відавочна, што перагаворы паміж СССР, Англіяй і Францыяй зайшлі ў тупік. Сітуацыя станавілася крытычнай. Ні для каго не было сакрэтам, што падрыхтоўка Германіі да нападу на Польшчу ідзе поўным ходам.

Ва ўмовах узрастаючай напружанасці міжнароднага становішча, поўнай палітычнай ізаляцыі і магчымай вайны на два фронты СССР прыняў прапанову Германіі заключыць пакт аб ненападзенні. 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны савецка-германскі дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў.

Савецка-германскі дагавор, з аднаго боку, з’явіўся вымушаным крокам, лагічным вынікам развіцця міжнародных адносін у 1938–1939 гг. Савецкі Саюз пазбегнуў вайны на два фронты, нанёс рашучы ўдар па планах стварэння адзінага антысавецкага фронту, атрымаў амаль два гады для ўмацавання сваёй абароназдольнасці. З другога ж боку, гэты дагавор нанёс урон міжнароднаму прэстыжу СССР, які ўспрымаўся раней як флагман барацьбы з фашызмам. Быў дэзарыентаваны і савецкі народ, які бачыў у фашызме лютага ворага.

Да дагавора быў прыкладзены “Сакрэтны дадатковы пратакол”, якім размяжоўваліся “сферы інтарэсаў” абодвух бакоў. Германія атрымала Францыю, Брытанію і іх афрыканскія калоніі, СССР – Фінляндыю, Эстонію, Латвію, Бесарабію і “права” пашырацца на поўдзень у бок Персідскага заліва праз Іран, Афганістан і Турцыю.

Сам факт размежавання інтарэсаў сацыялістычнай і фашысцкай дзяржаў сакрэтным пратаколам, прынятым у абход законаў СССР і ў парушэнне дагаворных абавязацельстваў перад трэцімі краінамі, адлюстроўваў грэбаванне нормамі права і маралі.

Кульмінацыяй гэтага працэсу стаў Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй ад 28 верасня 1939 г. Быў таксама падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, паводле якога Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы, якая па ранейшай дамоўленасці ўваходзіла ў сферу інтарэсаў СССР.

Германія лічыла, што пакт ад 23 жніўня 1939 г. развязаў ёй рукі на Усходзе, і 1 верасня яна напала на Польшчу. Англія і Францыя, звязаныя з Польшчай саюзнымі дагаворамі, 3 верасня 1939 г. аб’явілі вайну Германіі. У той жа дзень у вайну ўступілі Аўстралія, Новая Зеландыя і Індыя. Пачалася другая сусветная вайна.

Маючы велізарную эканамічную і ваенную перавагу, фашысцкія войскі імкліва рухаліся па тэрыторыі Польшчы да граніцы СССР. Урады Англіі і Францыі, аб’явіўшы вайну Германіі, не пачыналі актыўных ваенных дзеянняў на Захадзе. У выніку Германія хутка акупіравала ўсю тэрыторыю Польшчы, яе войскі падступілі да межаў Заходняй Беларусі, занялі некаторыя яе населеныя пункты, у тым ліку Брэст. Больш чым над 4 млн жыхароў Заходняй Беларусі навісла рэальная небяспека фашысцкага зняволення.

17 верасня 1939 г. па распараджэнні савецкага ўрада войскі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую граніцу і ўзялі пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Працоўныя Заходняй Беларусі з радасцю і надзеяй сустракалі Чырвоную Армію. Сярод польскага насельніцтва адчувалася варожасць.

Яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі ў шэрагу гарадоў і паветаў Заходняй Беларусі людзі раззбройвалі паліцыю і асаднікаў, разгортвалі шырокую кампанію ў падтрымку парадку, стваралі рэвалюцыйныя камітэты.

Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія цалкам вызваліла Заходнюю Беларусь. Нямецкім войскам давялося адысці на ўзгодненую на вышэйшым узроўні мяжу, якая і была замацавана адпаведным дагаворам ад 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй. На вызваленай тэрыторыі ва ўсіх гарадах і паветах ствараліся часовыя ўправы, у вёсках і гмінах (валасцях) – сялянскія камітэты. Часовыя ўправы і сялянскія камітэты разгарнулі актыўную работу па выбарах у Народны сход, які павінен быў у заканадаўчым парадку вырашыць пытанне аб уладзе.

28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Ён аднагалосна прыняў па дакладу С.В. Прытыцкага дэкларацыю аб устанаўленні савецкай улады на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі. Аднадушна дэлегаты выказаліся і за ўваходжанне ў БССР. 2 лістапада 1939 г. Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР і 12 лістапада Нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР адпаведна прынялі законы аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася са 125, 6 тыс. кв. км да 225, 6 тыс., насельніцтва рэспублікі – з 5 млн 562 тыс. чалавек да 10 млн 239 тыс. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана 5 абласцей (Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая).

Улады заходніх абласцей прыступілі да гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва. Былі нацыяналізаваны 1700 прадпрыемстваў, пачаліся тэхнічная рэканструкцыя старых і будаўніцтва новых фабрык і заводаў. Паступова ліквідавалася беспрацоўе. Да канца 1940 г. аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці ў параўнанні з 1938 г. павялічыўся больш чым у 2 разы.

У вёсцы беззямельным і малазямельным сялянам было раздадзена звыш 1 млн га зямлі, якая належала польскім памешчыкам, асаднікам і членам вартаўнічай аховы. Вялася работа па арганізацыі розных форм кааперацыі, калгасаў і саўгасаў. Да сярэдзіны 1940 г. у заходніх абласцях рэспублікі дзейнічала 430 калгасаў, якія аб’ядноўвалі звыш 23 тыс. сялянскіх гаспадарак.

Істотныя зрухі адбываліся ў духоўна-культурнай сферы. У 1940/41 навучальным годзе тут дзейнічалі 5958 агульнаадукацыйных школ, 12 тэхнікумаў, 5 інстытутаў. Да пачатку 1941 г. было адкрыта 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк.

Пры правядзенні сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, устанаўленні савецкай сістэмы кіравання грамадствам не абышлося і без парушэнняў закона новымі ўладамі – рэпрэсій і дэпартацый (высяленняў памешчыкаў, капіталістаў, паліцэйскіх, дзяржаўных служачых, гандляроў, кулакоў і інш.). У выніку не ўсе былі задаволены палітыкай савецкай улады. Тым больш, што з пачату 1940 г. у заходніх абласцях Беларусі пачаліся рэпрэсіі супраць былых членаў польскай каланіяльнай адміністрацыі і ваеннаслужачых польскай арміі.

Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці і рэпрэсіі, працоўныя Беларусі самааддана працавалі ва ўсіх галінах гаспадаркі і культуры, умацоўвалі абароназдольнасць краіны. Дзякуючы працоўнаму гераізму рабочых, калгаснікаў, інжынерна-тэхнічных работнікаў, Беларусь ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку, у якой да 1940 г. 80 % прадукцыі народнай гаспадаркі прыходзілася на долю прамысловасці, на палях звыш 10 тыс. калгасаў працавалі 10 413 трактароў, 1675 камбайнаў, дзесяткі тысяч іншых сельскагаспадарчых машын.

Адначасова з вызваленнем Заходняй Беларусі і далучэннем яе да БССР была вызвалена Віленшчына. На вызваленых землях наладжвалася новае жыццё. Узмацніліся эканамічныя і культурныя сувязі з БССР, былі адкрыты беларускія школы, аднавіла работу беларуская гімназія, сталі выходзіць на беларускай мове часопісы і газеты, была створана беларуская тэатральная трупа і іншыя культурныя таварыствы.

У пачатку кастрычніка 1939 г. Віленская ўправа прыняла рашэнне ўдзельнічаць у выбарах Народнага схода Заходняй Беларусі. Аднак насельніцтву Вільні і Віленшчыны ўдзельнічаць у іх не давялося. Справа ў тым, што 3 кастрычніка 1939 г. у Маскве пачаліся перагаворы паміж урадамі СССР і Ковенскай Літвы (сталіцай Літвы ў той час быў г. Коўна) адносна лёсу Віленшчыны, а 10 кастрычніка 1939 г. быў падпісаны Дагавор аб далучэнні Вільні і Віленшчыны да Літвы.

15 кастрычніка 1939 г. прадстаўнікі ўрада Літвы выехалі ў Вільню для прыняцця спраў ад савецкага камандавання і адміністрацыі, а 27 кастрычніка літоўскае войска ўступіла на тэрыторыю Віленскай вобласці. 29 кастрычніка 1939 г. у Вільні адбылася ўрачыстая цырымонія ўзняцця літоўскага флага на гары Гедыміна.

Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы. Не падтрымалі дагавор буйныя еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку Англія і Францыя.

Менш чым праз год пасля далучэння Віленшчыны да Літвы адбыліся новыя тэрытарыяльныя змены. 1 жніўня 1940 г. працавала VII сесія Вярхоўнага Савета СССР, на якой вырашалася пытанне аб уваходжанні Прыбалтыйскіх рэспублік у склад СССР. У выніку ад Беларусі на карысць Літвы ў лістападзе 1940 г. былі адлучаны Свянцяны (зараз Швянчоніс), Салечнікі (зараз Шальчынінкай) і курорт са стогадовай гісторыяй Друскенікі (зараз Друскенінкай), які спрадвеку знаходзіўся ў Гродзенскай губерні. Гэта тэрыторыя складала 2600 кв. км з насельніцтвам 65 тыс. чалавек.

Гісторыкі выказваюць розныя меркаванні адносна тэрытарыяльных змен, праведзеных у 1939–1940 гг. Аднак большасць з іх аднадушны ў тым, што гэтыя змены праводзіліся ў палітычных мэтах.

А тым часам міжнароднае становічша працягвала ўскладняцца. Фашысцкая Германія, абараніўшы сябе дагаворам з СССР з Усходу, умацоўвала пазіцыі на Захадзе. Вясной 1940 г. яна захапіла Бельгію, Данію, Галандыю, Нарвегію, а летам пачала наступленне на Францыю і прымусіла яе капітуляваць, паставіла Англію на край нацыянальнай катастрофы, вяла паспяховыя баявыя дзеянні ў Афрыцы.

З лета 1940 г. германскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва пачало падрыхтоўку да вайны супраць СССР. 22 чэрвеня 1940 г., у дзень падпісання акта аб капітуляцыі Францыі, Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападзення на СССР. Гэты план “Барбароса” – маланкавай вайны і разгрому за 3–4 месяцы Савецкага Саюза – быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты план “Ост” – разгорнутая праграма знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза.

Нарастанне ваеннай пагрозы бачыла вышэйшае кіраўніцтва СССР. І хаця з боку Сталіна і яго акружэння быў дапушчаны пралік у вызначэнні тэрміну пачатку вайны, тым не менш шэраг мер па ўмацаванні абароназдольнасці СССР, яго заходніх рубяжоў, у тым ліку Беларусі, быў прыняты. Іншая справа, што некаторыя з гэтых мер былі запозненымі і частковымі.

Фарсіравана развіваліся абаронныя галіны гаспадаркі. Беларускае кіраўніцтва асаблівую ўвагу ўдзяляла ў гады апошняй перадваеннай пяцігодкі будаўніцтву ў Мінску і Магілёве авіяцыйных прадпрыемстваў, у Віцебску і Баранавічах – танкарамонтных заводаў. Войскі і тылавыя часці забяспечваліся сродкамі сувязі, павялічвалася прапускная здольнасць магістральных чыгунак, якія ішлі па тэрыторыі Заходняй асобай ваеннай акругі (ЗахАВА) да граніцы. На тэрыторыі Беларусі напярэдадні вайны былі размешчаны часці ЗахАВА і 11-й арміі Прыбалтыйскай асобай ваеннай акругі (ПрыбАВА), якія складаліся з 48 дывізій агульнай колькасцю 715 тыс. чалавек. На ўзбраенні гэтых часцей было 10, 8 тыс. гармат і мінамётаў, 3, 4 тыс. танкаў, 1, 9 тыс. самалётаў. Але будаўніцтва прымежавых умацаванняў палявога тыпу, пераўзбраенне і перабудова ўсіх відаў войск толькі разгортваліся.

Праціўнік жа меў колькасную і якасную перавагу. У паласе ЗахАВА немцы сканцэнтравалі 51 дывізію агульнай колькасцю 1, 6 млн чалавек, звыш 14, 5 тыс. гармат і мінамётаў, 2 тыс. танкаў, 1, 6 тыс. самалётаў.

Такім было сацыяльна-эканамічнае і ваенна-палітычнае становішча Беларусі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны.








Дата добавления: 2014-10-22; просмотров: 752. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Классификация и основные элементы конструкций теплового оборудования Многообразие способов тепловой обработки продуктов предопределяет широкую номенклатуру тепловых аппаратов...

Именные части речи, их общие и отличительные признаки Именные части речи в русском языке — это имя существительное, имя прилагательное, имя числительное, местоимение...

Интуитивное мышление Мышление — это пси­хический процесс, обеспечивающий познание сущности предме­тов и явлений и самого субъекта...

Факторы, влияющие на степень электролитической диссоциации Степень диссоциации зависит от природы электролита и растворителя, концентрации раствора, температуры, присутствия одноименного иона и других факторов...

Йодометрия. Характеристика метода Метод йодометрии основан на ОВ-реакциях, связанных с превращением I2 в ионы I- и обратно...

Броматометрия и бромометрия Броматометрический метод основан на окислении вос­становителей броматом калия в кислой среде...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.011 сек.) русская версия | украинская версия