І сістэматызацыі відаў мастацтва
Відаў мастацтва (альбо асобных, прыватных мастацтваў) шмат. Гэта абумоўлена не толькі разнастайнасцю сродкаў і прыёмаў стварэння і пабудовы мастацкага вобраза, але і эстэтычнай шматграннасцю свету, а таксама разнастайнасцю эстэтычных запатрабаванняў чалавека. Гегель вылучыў у свой час і ахарактарызаваў пяць г. зв. «вялікіх» мастацтваў. Да іх вучоны аднёс архітэктуру, скульптуру, жывапіс, музыку і паэзію (літаратуру). Сучасная эстэтычная і мастацтвазнаўчая думка, не дзелячы мастацтвы на «вялікія» і «малыя», вылучае ў агульным мастацкім радзе каля паўтара дзесятка асобных, прыватных відаў мастацтва. Найбольш вядомыя і распаўсюджаныя сярод іх — літаратура, архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, скульптура, жывапіс, графіка, музыка, харэаграфія, тэатр, кіно. Такая шматстайная галерэя асобных відаў мастацтва, якія, зразумела, знаходзяцца паміж сабой ў цесных узаемасувязях і ўзаемадачыненнях, патрабуе пэўнай структурна-функцыянальнай упарадкаванасці ўнутры агульнага мастацкага раду. Найбольш распаўсюджанае размежаванне відаў мастацтва адбываецца на аснове простых, элементарных, а менавіта знешне-фармальных прыкмет твораў. Яшчэ Арыстоцель адзначаў, што віды мастацтва адрозніваюцца паміж сабой сродкамі пераймання (адлюстравання) жыцця. Прыкладна гэтак жа на дадзеную праблему глядзелі Лесінг і Гегель. Большасць сучасных мастацтвазнаўцаў лічыць, што межы паміж відамі мастацтва вызначаюцца формамі, спосабамі мастацкага выражэння (у слове, у бачных выявах, у гуках і г. д.). Такім чынам, за аснову бярэцца свой, уласны, асаблівы і спецыфічны для кожнага з відаў мастацтва матэрыяльны носьбіт вобразнасці. Побач з прыведзенай існуе і іншая, г. зв. «катэгарыяльная» трактоўка відаў мастацтва. Яна ідзе ад эпохі рамантызму [20]. У гэтай трактоўцы не надаецца асаблівай увагі носьбітам вобразнасці, а на першы план выходзяць такія агульнабыційныя і агульнамастацкія катэгорыі, як паэтычнасць, музычнасць, жывапіснасць. Наогул жа, з улікам і першай, і другой канцэпцый, а таксама на аснове некат. інш. адзнак і прыкмет, вылучаюць мастацтвы выяўленчыя і экспрэсіўныя; прасторавыя і часавыя, а на аснове зліцця і сінтэзу прасторавых і часавых характарыстык — прасторава-часавыя; слыхавыя і зрокавыя; выканаўчыя і невыканаўчыя; простыя (альбо аднасастаўныя) і сінтэтычныя (альбо шматсастаўныя); відовішчныя (ігравыя); прыкладныя (працоўныя) і г. д. Як бачна, зыходных момантаў, на якіх грунтуецца класіфікацыйнае азначэнне відаў мастацтва, шмат. Адпаведна і шмат саміх схем-класіфікацый. Толькі ў айчыннай навуцы іх каля дзесятка. Для прыкладу прывядзём дзве: так бы мовіць, «універсальную» класіфікацыю мастацтваў з падручніка «Марксистско-ленинская эстетика.— М., 1983»; класіфікацыю аднасастаўных мастацтваў Г. Паспелава, прыведзеную ў яго кнізе «Искусство и эстетика.— М., 1984».
|