Студопедия — Функцыянальная структура як навуковая праблема.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Функцыянальная структура як навуковая праблема.






Функцыя – гэта знешняе праяўленне якасцей аб`екта. У функцыях праяўляецца сутнасць бібліяграфіі (бібліяграфічнай інфармацыі) як грамадскай з’явы. Функцыянальная структура бібліяграфіі павінна адлюстроўваць разнапланавасць кірункаў яе рэалізацыі, разнастайнасць з’яў, якія яна ўключае, прычым кожная з іх выконвае свае задачы ў адносінах да грамадства ў цэлым ці асобных грамадскіх інстытутаў, сфер дзейнасці. Таму існуе такая разнастайнасць у поглядах на функцыянальную структуру бібліяграфіі як грамадскай з’явы і асобных яе структурных частак (бібліяграфічнай прадукцыі, галіновых кірункаў і інш.). Асноўныя падыходы да абгрунтавання функцыянальнай структуры бібліяграфіі як грамадскай з’явы можна падзяліць на дзве асноўныя групы: канцэпцыі функцыянальнай “дапаможнасці” і “самастойнасці” бібліяграфіі (бібліяграфічнай інфармацыі).

У межах канцэпцый функцыянальнай “дапаможнасці” бібліяграфію разглядаюць як дапаможную сферу дзейнасці і адпаведна функцыянальная структура яе абумоўлена задачамі, якія яна выконвае ў адносінах да гэтых сфер дзейнасці. Такі пералік функцый у прынцыпе не можа быць абмежаваным. Згодна падыходаў функцыянальнай самастойнасці трэба выдзяляць функцыі, якія яна сама выконвае як грамадская з’ява, для выканання якіх яна з’явілася і якія адрозніваюць яе ад іншых сфер чалавечай дзейнасці. У апошнія дзесяцігоддзі развіваюцца якраз такія падыходы. Яны прадстаўлены ў дакументаграфічнай канцэпцыі, распрацаванай А.П.Коршунавым, інформаграфічнай (ідэаграфічнай) Н.А.Слядневай, когніталагічнай (когнітаграфічнай) В.А.Факеева, культуралагічнай М.Р.Вохрышавай, упраўленчай А.А.Грачыхін і інш.

2. А.П.Коршунаў аб функцыях бібліяграфічнай інфармацыі.

2.1. Дваіснасць бібліяграфічнай інфармацыі. БІ уласціва дваіснасць, якая заснавана на дваіснасці адносін “дакумент – карыстальнік“. Як ужо адзначалася (Л. 1, пыт. 4), у сістэме дакументальных камунікацый (Д – С) бібліяграфічная інфармацыя займае пасрэдніцкае становішча (Д – БІ – С). З аднаго боку, яна звязана з дакументам: яна ўзята з дакумента, арганізуе і ўпарадкуе звесткі аб дакументах, адлюстроўвае (мадэліруе) любую сукупнасць дакументаў і можа рабіць гэта незалежна ад патрэб карыстальнікаў. З другога боку, яна звернута да карыстальніка, як непасрэднага ці апасрэдаванага аб’екта бібліяграфічнага ўздзеяння, яна ствараецца для карыстальніка з улікам яго інфармацыйных патрэб і для іх задавальнення. Другая частка дваіснасці мае вырашальнае значэнне пры вызначэнні асноўных грамадскіх функцый БІ.

2.2. Інфармацыйныя патрэбнасці карыстальнікаў як аснова вызначэння грамадскіх функцый БІ. Інфармацыйныя патрэбнасці карыстальніка – гэта асэнсаваныя ці неасэнсваныя ім патрэбы ў атрыманні пэўных звестак аб рэчаіснасці. Яны могуць быць задаволены без звяртання да дакумента (пад час прыватнай гутаркі, кансультацый па тэлефоне і інш.). Такая інфармацыйная дзейнасць выходзіць за межы сістэмы дакументальных камунікацый. Калі карыстальнік не можа задаволіць свае інфармацыйныя патрэбнасці без звяртання да дакумента, то ў яго ўзнікаюць інфармацыйна-дакументальныя (ці проста дакументальныя) патрэбнасці. Яны ўваходзяць у сістэму Д – С і з’яўляюцца асновай для фарміравання бібліяграфічных патрэбнасцей – неабходнасці знайсці пэўныя звесткі аб дакументах, у якіх заключана патрэбная яму інфармацыя. Далёка не ўсякая дакументальная патрэбнасць становіцца бібліяграфічнай. У выпадку, калі паміж карыстальнікамі і дакументамі не існуе інфармацыйных бар’ераў (дакумент можна атрымаць на адкрытым доступе ў бібліятэцы, у кніжнай краме, ва ўласным кнігазборы) бібліяграфічныя патрэбнасці не ўзнікаюць – карыстальнік задавальняе свае інфармацыйныя патрэбнасці на ўзроўні непасрэнага звяртання да дакумента. Бібліяграфічныя ж патрэбнасці ўзнікаюць пры ўмовах:

– наяўнасці ў карыстальніка асэнсаваных інфармацыйных патрэбнасцей;

– немагчымасці задаволіць іх без звяртання да дакумента;

– немагчымасці непасрэднага атрымання дакумента;

– ведання карыстальнікам крыніц БІ, адпаведных бібліяграфічных служб.

Бібліяграфічныя (дакументальна-бібліяграфічныя) патрэбнасці надзвычай разнастайныя ў сваіх канкрэтна-практычных праяўленнях. У адпаведнасці з філасофскімі катэгорыямі (агульнае, прыватнае і адзінкавае) можна выдзеліць тры ўзроўні праяўлення дакументальна-бібліяграфічных патрэбнасцей: асноўныя, групавыя і індывідуальныя.

Асноўныя дакументальна-бібліяграфічныя патрэбнасці – гэта найбольш агульныя і простыя патрэбнасці, уласцівыя свету карыстальнікаў у цэлым і незалежныя ні ад якіх прафесійных ці асабістых характарыстык. Яны аднолькавы для ўсіх карыстальнікаў і будуць існаваць, пакуль існуе сістэма дакументальных камунікацый.

Групавыя дакументальна-бібліяграфічныя патрэбнасці – гэта патрэбнасці ў інфармацыі аб дакументах, уласцівыя асобным канкрэтна-гістарычным утварэнням (групам): дзяржава, нацыя, грамадскае аб’яднанне, партыя, прафесійна-вытворчая, узроставая і інш. любая сацыяльная групоўка. На гэтым узроўні асноўныя дакументальна-бібліяграфічныя патрэбнасці набываюць спецыфічныя, характэрныя толькі для пэўнай групы, змест і форму. Так, якасна адрозніваюцца дакументальна-бібліяграфічныя патрэбнасці навукоўцаў розных галін ведаў, кіраўнікоў вытворчасці, студэнтаў розных ВНУ і г.д.

Індывідуальныя дакументальна-бібліяграфічныя патрэбнасці – гэта патрэбнасці ў інфармацыі аб дакументах, уласцівыя асобным карыстальнікам. На гэтым узроўні здзяйсняецца канкрэтызацыя асноўных і групавых дакументальна-бібліяграфічных патрэбнасцей у адпаведнасці з ведамі, здольсцямі, псіхічнымі асаблівасцямі кожнага асобна ўзятага карыстальніка дакументаванай інфармацыі.

2.3. Адпаведнасці ў сістэме дакументных камунікацый і фарміраванне асноўных грамадскіх функцый БІ. Вызначэнне асноўных грамадскіх функцый бібліяграфічнай інфармацыі магчыма і неабходна на ўзроўні асноўных дакументальна-бібліяграфічных патрэбнасцей (дакументальна-бібліяграфічных патрэбнасцей грамадства ў цэлым). Прычым іх мэтазгодна суадносіць з асноўнымі параметрамі дакумента: форма, змест, прызначэнне (цэннасць). Адпаведна ва ўсёй разнастайнасці рэальна існуючых асноўных дакументальна-бібліяграфічных патрэбнасцей можна выдзеліць:

– патрэбнасць у пошуку дакументаў ужо вядомых карыстальніку;

– патрэбнасць у апавяшчэнні аб дакументах пэўнага зместу і/ці формы;

– патрэбнасць ў ацэнцы дакументаванай інфармацыі па розных якасных крытэрыях з улікам магчымасцей успрыняцця інфармацыі.

Як бачна, у сістэме Д – С узнікае тры тыпы адпаведнасцей паміж дакументальна-бібліяграфічнымі патрэбнасцямі карыстальнікаў і дакументамі: фармальныя, змястоўныя і цэннасныя.

Пры рэалізацыі першай адпаведнасці (задавальненні патрэбнасці ў пошуку дакументаў) спажыўцу дастаткова ведаць і браць да ўвагі фармальныя характарыстыкі дакумента, якія дазваляюць здзейсніць яго бібліяграфічную ідэнтыфікацыю* (устанавіць бібліяграфічнае апісанне) і вызначыць месца знаходжання дакумента. Прычым БІ забяспечвае пошук не толькі асобна ўзятага дакумента, а і яго любой структурнай адзінкі: асобнага твора ў зводным выданні, глаў, раздзелаў, артыкулаў, асобных выказванняў. БІ такім чынам выконвае адну з асноўных сваіх функцый – пошукавую.

Пры рэалізацыі другой адпаведнасці (задавальненні патрэбнасці ў апавяшчэнні аб дакументах) здзяйсняецца інфарміраванне спажыўцоў аб дакументах, якія былі выпушчаны ў мінулым, выходзяць зараз ці рыхтуюцца да выдання. БІ такім чынам выконвае камунікатыўную функцыю (функцыю апавяшчэння).

Рэалізацыя трэцяга тыпу адпаведнасцей (задавальненне патрэбнасцей у ацэнцы дакументаў) дасягаецца шляхам мэтанакіраванага адбора, характарыстыкі і рэкамендацыі дакументаў, адпаведных узроўню падрыхтаванасці карыстальніка (груп карыстальнікаў), асаблівасці іх інфармацыйных патрэбнасцей, мэтам інфармацыйнай дзейнасці (навукова-дапаможным, вучэбна-дапаможным, вытворча-дапаможным, выхаваўчым і інш.). БІ пры гэтым выконвае ацэначную функцыю (гл. наст. табл.).

Табл. 1.Фарміраванне асноўных грамадскіх функцый БІ.

Асноўныя дакумент.-бібліягр. патрэбнасці Асноўныя тыпы адпаведнасцей Асноўныя грамадскія функцыі БІ
1. Патрэбнасць у пошуку 1. Фармальныя А. Пошукавая
2. Патрэбнасць у апавяшчэнні 2. Змястоўныя В. Камунікатыўная
3. Патрэбнасць у ацэнцы 3. Цэннасныя С. Ацэначная

 

Такім чынам, разнастайнасць дакументальна-бібліяграфічных патрэбнасцей спажыўцоў суадносіцца з асноўнымі характарыстыкамі дакументаў, утвараючы тры тыпы адпаведнасцей: фармальныя, змястоўныя, цэннасныя. Фармальныя вызначаюцца неабходнасцю ідэнтыфікацыі і пошуку дакумента. Яны фарміруюць пошукавую функцыю БІ. Змястоўныя звязаны з задачай давядзення інфармацыі да спажыўца, апавяшчэння аб наяўнасці неабходных дакументаў. Яны фарміруюць камунікатыўную функцыю БІ. Цэннасныя адносіны (адпаведнасці) вызначаюцца патрэбнасцямі ў ацэнцы дакументаў у працэсе іх выкарыстання. Яны фарміруюць ацэначную функцыю БІ.

2.4. Генетычная і лагічная функцыянальная структура БІ. Функцыі БІ праяўляюцца ў наступнай паслядоўнасці: пошукавая, камунікатыўная, ацэначная. Такая паслядоўнасць адлюстроўвае шлях ад простага да найбольш складанага. Пошукавая функцыя з’яўляецца генетычна зыходнай і валодае адноснай незалежнасцю і самастойнасцю. Яна можа рэалізоўвацца на базе канкрэтнага дакументальнага фонда спецыяльнымі сродкамі, якія маюць на мэце толькі пошукавыя мэты і не ўтрымліваюць камунікатыўных і ацэначных кампанентаў.

Наступная асноўная грамадская функцыя БІ ў генетычным функцыянальным радзе – камунікатыўная. Яна ўключае ў сябе магчымасці пошукавай: розныя сродкі здзяйснення камунікатыўнай функцыі могуць быць выкарыстаны ў пошукавых мэтах. Рэалізацыя камунікатыўнай функцыі БІ не прадугледжвае абавязковай сувязі з пэўным фондам дакументаў, яна нават больш поўна рэалізуецца без абмежавання дакументальным фондам.

Сродкі рэалізацыі ацэначнай функцыі абавязкова ўключаюць камунікатыўныя і пошукавыя магчымасці БІ. Бібліяграфічны дапаможнік ацэначнага прызначэння абавязкова выконвае пошукавую і камунікатыўную функцыі, напрыклад, бібліяграфічныя запісы, уключаныя ў дапаможнік, забяспечваюць ідэнтэфікацыю дакументаў, а складанне алфавітнага дапаможнага паказальніка ўяўляе сабой фіксіраванне яго папярэдніх пошукавых магчымасцей.

Агульная заканамернасць функцыянальнайструктуры БІ праяўляецца такім чынам: кожная асноўная грамадская функцыя можа выяўляцца (обнаруживаться) без наступнай, але не можа не ўключаць у сябе магчымасцей папярэдней.

 

 

Мал. 1. Генетычная структура БІ

 


 

 

А. Пошукавая функцыя

В. Камунікатыўная функцыя

С. Ацэначная функцыя

Сродкі рэалізацыі пошукавай і камунікатыўнай функцый (крыніцы агульнай бібліяграфія) адлюстроўваюць фармальныя і змястоўныя прыметы дакумента без уліку спецыфічных груп тых ці іншых спажыўцоў інфармацыі. Сродкі рэалізацыі ацэначнай функцыі адлюстроўваюць цэннасныя прыметы дакумента, крыніцы БІ (крыніцы спецыяльнай бібліяграфіі) ствараюцца для пэўных груп, з улікам іх інфармацыйных патрэбнасцей.

Генетычная структура функцый БІ праслежваецца і ў эвалюцыі бібліяграфічнай прадукцыі: спачатку з’явіліся простыя пошукавыя сродкі (каталогі), потым рэгістрацыйныя формы бібліяграфічнай інфармацыі камунікатыўнага прызначэння (бібліяграфічныя паказальнікі, якія ўлічвалі ўсю друкаваную прадукцыю, дакументы адной краіны, дакументы, якія паступілі ў продаж і г.д.), затым розныя сродкі рэалізацыі ацэначнай функцыі (навукова-дапаможныя, прафесійна-вытворчыя, самаадукацыйныя бібліяграфічныя дапаможнікі і інш.), якія вырашалі задачы мэтанакіраванага ўздзеяння на пэўныя групы карыстальнікаў).

Неабходна адзначыць, што асноўныя грамадскія функцыі выдзяляюцца абстрактна і спрошчана. Пошукавая звязана толькі з прасторавым рассейваннем дакументаў, іх ідэнтыфікацыяй і ўстанаўленнем месца знаходжання, камунікатыўная – з адлюстраваннем развіцця ў часе зместу і формы дакументаў, ацэначная – з мэтанакіраванай ацэнкай дакументаў па розных крытэрыях. Рэальна існуючыя крыніцы БІ, як правіла, выконваюць адначасова дзве-тры функцыі (гл. асноўную заканамернасць праяўлення асноўных грамадскіх функцый). Усе магчымыя лагічныя праяўленні асноўных грамадскіх функцый у бібліяграфічнай прадукцыі адлюстроўвае функцыянальна-лагічная структура БІ.

Паміж функцыямі магчыма два тыпы адносін: прэвалявання – адна функцыя дамініруе, другая спадарожнічае ёй (напрыклад, крыніцы дзяржаўнай бібліяграфіі выконваюць асноўную камунікатыўную функцыю, пошукавая неяўна выражана); раўназначнасці (эквівалентносці) – розныя функцыі прадстаўлены прыкладна аднолькава (напрыклад, бібліяграфічны паказальнік “Кніга Беларусі: Зводны каталог” (Мн., 1986) выконвае ў роўнай ступені пошукавую і камунікатыўную функцыі). Такія функцыі можна назваць камбінаванымі (камунікатыўна-пошукавая, пошукава-камунікатыўная і інш.)

Такім чынам, БІ існуе ў сістэме дакументальных камунікацый, займае ў ёй пасрэдніцкае становішча, забяспечвае ідэнтэфікацыю і пошук дакументаў, апавяшчэнне аб існаванні дакументаў пэўных зместу і формы, якасную ацэнку дакументаў па розных крытэрыях і выконвае тым самым пошукавую, камунікатыўную і ацэначную асноўныя грамадскія функцыі.

3. Дыскусія 80-х гадоў ХХ ст. аб функцыях бібліяграфічнай інфармацыі. Пасля абгрунтавання А.П. Коршунавым асноўных грамадскіх функцыі бібліяграфіі, якія яна выконвае на любым этапе развіцця грамадства, распачалася дыскусія (В.А.Факееў, А.В.Сакалоў і інш.). Быў падтрыманы падыход А.П. Коршунава аб мэтазгоднасці выдзялення асноўных (унутраных) функцый і ў цэлым іх пералік. Але было выказана меркаванне аб уласцівасці бібліяграфіі не толькі унутраных, але і знешніх гістарычна абумоўленых функцый. У якасці знешніх выдзеляліся ідэалагічная, арганізацыйна-кіруючая, гедыністычная, сацыялізуючая, культурна-асветніцкая і інш. У канцэпцыях бібліяграфіі як грамадскай з’явы, распрацаваных у 90-я гг. ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. былі развіты падыходы функцыянальнай самастойнасці, якія найбольш яскрава праявіліся ў канцэпцыях Н.А.Слядневай, В.А. Факеева, М.Р.Вохрышавай і інш.

3. Н.А.Сляднева аб функцыянальнай структуры бібліяграфічнай інфармацыі. Н.А.Сляднева разглядае існаванне бібліяграфіі ў метасістэме “універсум чалавечай дзейнасці” як з’яву інфраструктурнага характару і, адпаведна, імкнецца праілюстраваць гэта праз функцыянальную структуру.

Яна лічыць, што бібліяграфія выконвае сутнасную функцыю універсальнага метада аперыравання суверэннымі інфааб’ектамі. Ёй уласціва ствараць метадычныя веды, якія маюць інфраструктурны характар і пранізваюць усе сферы дзейнасці грамадства. Гэтую функцыю бібліяграфія выконвае заўсёды.

Акрамя гэтага ёй уласцівы агульнасістэмныя канкрэтна гістарычныя функцыі:

– намінатыўная блок-функцыя (магчымасць бібліяграфічнымі сродкамі называць любы інфааб’ект);

– упраўляючая блок-функцыя (магчымасць бібліяграфічнымі сродкамі мэтанакіравана ўздзейнічаць на ўзроўні пошука дакументаў, кіравання чытаннем і ведамі);

– гнасеалагічная блок-функцыя (адлюстроўвае навуковыя магчымасці бібліяграфіі, у тым ліку падагульненне навуковых ведаў на ўзроўні развіцця культуры ў цэлым, асобнай навукі).

Бібліяграфіі ўласцівы таксама галіновыя (радавыя) метасістэмныя функцыі (адлюстроўваюць ролю бібліяграфіі ў тых ці іншых сферах Універсума чалавечай дзейнасці):

– функцыі абслугоўвання (вызначаюцца назвай сфер дзейнасці – у дапамогу вытворчасці, адукацыі, будаўніцтву і т.д.);

– функцыі рэдуплікацыі (праяўляюцца ў межах сфер дзейнасці, з якімі бібліяграфія ўтварае сінтэтычныя сферы: літаратуразнаўства, кнігазнаўства, гісторыя, і, адпаведна, функцыі гісторыка-літаратурная, тэксталагічная, літаратурна-крытычная; кнігазнаўча-тыпалагічная, гісторыка-кнігазнаўчая, кніжна-статыстычная; крыніцазнаўчая, гістарыяграфічная).

2. В.А.Факееў аб функцыях бібліяграфічнай інфармацыі (ведаў). У працах В.А. Факеева пачатку ХХІ ст. выказана меркаванне аб існаванні[15] трох узроўневай структуры функцый бібліяграфі. Першы ўзровень – агульная (сутнасная) функцыя, якая аб’ядноўвае патэнцыял бібліяграфіі – бібліяграфічная. Гэта функцыя аптымізацыі кагнітыўна-інфармацыйнага ўзаемадзеення і адпаведнасцей ў сістэме “свет тэкстаў – свет патрэбнасцей у тэкстах”, ці забеспячэння інтэллектуальнага (ідэальнага) доступа к фіксаваным тэкстам, іх патокам і масівам.

Другі узровень прадстаўлены унутрысістэмнымі (агульныя, абстрактныя, фундаментальныя) функцыямі:

пазнавальная (бібліяграфічнае пазнанне дакументаў, дакументных патокаў і масіваў іх ідэнтыфікацыя);

інфармацыйна-камунікатыўная ( забеспячэнне сацыяльнай дакументнай камунікацыі на бібліяграфічным узроўні, аптымізацыя адпаведнасцей і ўзаемадзеяння ў сістэме “аўтар – тэкст – карыстальнік тэкста);

цэнасна-арыентацыйная, сацыякультурная (бібліяграфічная ацэнка фіксаваных тэкстаў (дакументаў) па розных якасных крытэрыях, забеспячэнне арыентацыі ў свеце тэкстаў, магчымасці аперыравання і ўпраўлення іх патокамі і масівамі).

Унутрысістэмныя (агульныя, абстрактныя, фундаментальныя) функцыі уласцівы бібліяграфіі як грамадскай з’яве незалежна ад выкарыстання яе ў канкрэтных грамадскіх мэтах. Сутыкаючыся з канкрэтнымі сферамі абслугоўвання ў ходзе гістарычнага развіцця, яны набываюць розныя канкрэтна-гістарычныя функцыянальныя “надбудовы” прыкладнога характару. Выключна поўна такія функцыі выявіць немагчыма. Можна гаварыць аб прыкладным пераліку іх у канкрэтны перыяд часу. Разам з тым іх выяўленне нельга недацэньваць. Яны даюць магчымасць вызначыць месца і ролю бібліяграфіі, дыферэнцыраваць яе прызначэнне, кіраваць ёю і весці пошук рэзерваў для яе развіцця. На сучасным этапе развіцця грамадства можна выявіць наступныя прыкладныя функцыі бібліяграфіі:

сацыялізуючыя функцыі (мадыфікацыя функцыянальнай бібліяграфічнай цэннаснай арыентацыі) – педагагічная, папулярызатарская, прапедэўтычная, бібліятэрапеўтычная функцыі;

ідэалагічная функцыя (на сучасным этапе развіцця грамадства праяўляецца слаба, сугучна з прапагандыскай функцыяй;

мадэлюючыя і пазнавальныя функцыі: вымяральная, апісальная, аксіаматычная, падагульняючая, прагнастычная і інш.

 

Вывады

Такім чынам, бібліяграфія – поліфункцыянальная з’ява, сукунасць функцый, якія яна выконвае забяспечвае рэалізацыю яе сацыяльнага прызначэння. У сучасных поглядах навукоўцаў на функцыянальную структуру бібліяграфіі прэвалюе выдзяленне некалькіх узроўняў, першы (сутнасны, агульны) вызначае яе прыроду, ролю як грамадскай з’явы, іншыя канкрэтызуюць гэты ўзровень і апісваюць галіновыя агульнасістэмныя ці канкрэтна гістарычныя праяўленні. Разам дазваляюць прааналізаваць месца і ролю бібліяграфіі, дыферэнцыраваць яе прызначэнне, кіраваць ёю і весці пошук рэзерваў для яе развіцця.

Ключавыя паняцці: функцыянальная структура бібліяграфіі, сутнасныя (унутраныя, галоўныя) функцыі, знешнія функцыі, пошукавая, камунікатыўная і ацэначная асноўныя грамадскія функцыі, бібліяграфічная, пазнавальная, інфармацыйна-камунікатыўная, цэнасна-арыентацыйная, сацыякультурная функцыі, функцыя універсальнага метада аперыравання суверэннымі інфааб’ектамі.

ЛІТАРАТУРА

Коршунов О.П. Библиографоведение: общий курс: учебник /О.П.Коршунов. – М., 1990. – С. 35 – 57; М., 2001. – Ч. 1–2. – С. ***;

Фокеев, В.А. Библиография: теоретико-методологические основания: учеб. пособие / В.А.Фокеев. – СПб., 2006. – С.241–252.

Фокеев, В.А. Библиографическое знание как средство ценностной ориентации, регулирования, управления / В.А.Фокеев // Проблемы информационной культуры: Сб. ст. – М., 1996. – Вып. 3. – С.96–113.

 

Лекцыя 5. БІБЛІЯГРАФІЯ ЯК ГАЛІНА ДЗЕЙНАСЦІ

Мэта лекцыі – паказаць спецыфіку бібліяграфіі як віда дзейнасці, прааналізаваць сучасныя навуковыя падыходы да вызначэння яе структуры і характарыстыкі асобных частак.

Пытанні

1. Бібліяграфічная дзейнасць у сістэме відаў чалавечай дзейнасці.

2. Паняцце “бібліяграфічная дзейнасць” у тэрмінасістэме бібліягра-фазнаўства. Суадносіны з паняццем “бібліяграфія”.

3. А.П.Коршунаў аб аб’ёме паняцця “бібліяграфічная дзейнасць”.

4. М.Г.Вохрышава аб аб’ёме паняцця “бібліяграфічная дзейнасць”.

5. Прынцыпы і заканамернасці і бібліяграфічнай дзейнасці як аснова яе ўвасаблення ў грамадскай практыцы.

1. Бібліяграфічная дзейнасць ў сістэме відаў чалавечай дзейнасці.

З’яўленне бібліяграфічнай дзейнасці – заканамерны этап фарміравання сістэмы дакументных камунікацый. Яна ўзнікла як вынік мэтанакіраванай дзейнасці па стварэнні БІ. Спачатку насіла непрафесійны характар. Ёю займаліся бібліятэкары, вучоныя, выдаўцы, пісьменнікі, кнігагандляры, архівісты спадарожна са сваёй асноўнай дзейнасцю па ўпарадкаванні фондаў і абслугоўванні чытачоў, напісанні навуковых, мастацкіх, публіцыстычных твораў, выданні дакументаў і іх продажы. Паступова бібліяграфічная дзейнасць стала абасабляцца, сталі выпрацоўвацца прыёмы і правілы, уласцівыя толькі ёй: апісанне кніг, упарадкаванне масіваў, стварэнне інфармацыйна-пошукавых сістэм і, адпаведна, яна выдзелілася ў асобную галіну прафесійнай дзейнасці, паспяховае развіццё якой патрабавала забеспячэння спецыяльна падрыхтаванымі кадрамі – бібліёграфамі.

З развіццём грамадства ў цэлым і СДК у прыватнасці развівалася і ўскладнялася бібліяграфічная дзейнасць, адбылася яе дыферэнцыяцыя: вызначыліся дзейнасць па стварэнні БІ і дзейнасць па давядзенні БІ да карыстальніка.

З развіццём бібліяграфічнай практыкі ўзнікла неабходнасць яе тэарэтычнага абагульнення, прагназавання, вывучэння асноўных этапаў станаўлення бібліяграфіі як грамадскай з’явы – з’явілася навуковая бібліяграфічная дзейнасць (спачатку стварэнне новых навуковых ведаў адбывалася ў межах практыкі, пазней адасоблена і ў вучэбна-выхаваўчай дзейнасці). Масавасць прафесіі бібліёграфа вызвала да жыцця неабходнасць падрыхтоўкі кадраў і, адпаведна, стала развівацца вучэбная бібліяграфічная дзейнасць. З адасабленнем бібліяграфічнай дзейнасці ў розных грамадскіх інстытутах СДК узнікла арганізацыйна-упраўленчая дзейнасць.

Бібліяграфічная дзейнасць спачатку насіла аматарскі характар, з развіццём набыла рысы прафесійнай дзейнасці, адбылася яе дыферэнцыяцыя. На сенняшнім этапе яна развіваецца на прафесійным і аматарскім узроўнях.

2. Паняцце “бібліяграфічная дзейнасць” у тэрмінасістэме бібліяграфазнаўства. Суадносіны з паняццем “бібліяграфія”. Паняцце «бібліяграфічная дзейнасць» адносіцца да найбольш агульных паняццяў бібліяграфазнаўства. У 70-80-х гг. XX ст. яно атрымала тэарэтычнае абгрунтаванне ў межах дзейнаснага падыходу да разгляду бібліяграфіі інабыло катэгарыяльнае значэнне. З’явілася патрэба суаднясення яго з базавым паняццем «бібліяграфія».

Многія даследчыкі да сённяшняга дня разглядаюць паняцце «бібліяграфія» і «бібліяграфічная дзейнасць» як сінонімы. У многіх выпадках гэта магчыма і правільна. Але яны не заўсёды могуць замяняць адзін аднаго і таму ў некаторых выпадках можна гаварыць аб іх супадзенні, у некаторых аб паралельнасці існавання.

Усю разнастайнасць поглядаў на бібліяграфічная дзейнасць можна аб‘яднасць у два асноўныя падыходы: абмежавальны і пашыральны (пашыраны). Згодна першаму бібліяграфічная дзейнасць звужаецца да бібліяграфічнай практыкі (бібліяграфічнай практычнай дзейнасці). Згодна другому акрамя практыкі ўключае іншыя, вытворныя ад яе віды дзейнасці і адпавядае цэласнаму ўяўленню аб бібліяграфічнай дзейнасці як сістэме. Першы падыход дамінаваў доўгі час. Ён знайшоў адлюстраванне ў стандарце 7.0-77 “Библиография. Термины и определения”, у межах якога замацавана дыхатамія: бібліяграфія як галіна дзейнасці і бібліяграфазнаўства як навука об ёй. Ураўноўваліся тэрміны “бібліяграфія” і “бібліяграфічная дзейнасць”(“бібліяграфія – гэта вобласць навукова-практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы і давядзенні да спажыўцоў БІ у мэтах уздзеяння на выкарыстанне твораў друку ў грамадстве”). Трактоўка тэрміна “бібліяграфічная дзейнасць”не прыводзілася наогул. Усе ўжытыя ў стандарце тэрміны адносіліся толькі да практычнай дзейнасці. Аб’ект бібліяграфіі быў абмежаваны “творам друку”, аднак у заўвазе гэта ўдакладнялася і заўвага па сутнасці абвяргала зыходнае паняцце “бібліяграфія”. Такая тэрміналагічная недакладнасць не дазволіла дабіцца адзінства трактоўкі тэрміна бібліяграфія і паўплывала на разнабой у яго прымяненні.

З наступнага тэрміналагічнага стандарта (ГОСТ 7.0-84 “Библиографическая деятельность. Термины и определения”), тэрмін “бібліяграфія” быў выключаны (аўтары палічылі яго рэгламентацыю немагчымай (заўчаснай)), ужываўся тэрмін «бібліяграфічная дзейнасць», аб’ём якога ўраўноўвася з паняццем бібліяграфічная практыка. У стандарце 7.0-99 «Информационно-библиотечная деятельность, библиография» бібліяграфічная дзейнасць азначана як галіна дзейнасці па задавальненню патрэбнасцей у бібліяграфічнай інфармацыі. Гэта значыць яна ўключае толькі практыку, за межамі застаюцца іншыя сферы бібліяграфічнай дзейнасці, напрыклад, даследчая, адукацыйная. Разам з тым даецца азначэнне тэрміна “бібліяграфія” – “інфармацыйная інфраструктура, якая забяспечвае падрыхтоўку, распаўсюджванне і выкарыстанне бібліяграфічнай інфармацыі”. Аб'ём паняцця па сутнасці роўны азначэнню бібліяграфіі як галіны навукова-практычнай дзейнасці па стварэнні і давядзенні да карыстальніка бібліяграфічнай інфармацыі.

Як бачна, ў стандартах замацаваны абмежавальны падыход да разгляду аб’ёма паняцця “бібліяграфічная дзейнасць”. Пашыраны падыход прадстаўлены ў поглядах А.П.Коршунава, М.Г.Вохрышавай і інш.

3. А.П.Коршунаў аб аб’ёме паняцця “бібліяграфічная дзейнасць”. А.П.Коршунаў аб бібліяграфіі як сістэме відаў дзейнасці. Бібліяграфічная практычная дзейнасць, бібліяграфічная навукова-даследчая дзейнасць, бібліяграфічная педагагічная і вучэбная дзейнасць, бібліяграфічная ўпраў-ленчая дзейнасць. (Самастойна па падручніку: Коршунов, О.П. Библиографоведение: в 2 ч. – М., 2001. – Ч. 1. Разд. ІІ–ІІІ. – С. **; Коршунов, О.П. Библиографоведение. – М., 1990. – С.65–73).

4. Вохрышава аб аб’ёме паняцця “бібліяграфічная дзейнасць”.

М.Г.Вохрышава лічыць, што ў паняцці дзейнасць абагульнена адзінства навукі і практыкі, пазнання і пераўтварэння. Да разгляду бібліяграфічнай дзейнасці правільна прымяняць інтэграцыйны падыход, пры якімпазнавальная сфера ўключаецца ў яе побач з практычнай. Бібліяграфічная дзейнасць пры гэтым накіравана на ўпарадкаванне функцыянуючай у грамадстве інфармацыі спецыфічнымі сродкамі і вывучэнне гэтага працэса. Пры гэтым маецца на ўвазе стварэнне спецыяльных сродкаў работы з інфармацыяй, а таксама працэсы навуковага пошуку і падрыхтоўкі кадраў.

Паняцці «бібліяграфія» і «бібліяграфічная дзейнасць» – найбольш агульныя па аб’ёме і змесце. Яны супадаюць у тым выпадку, калі бібліяграфічная дзейнасць прадстаўляецца на самым высокім узроўні абагульнення, пры якім адрозненні розных бібліяграфічных праяўленняў не фіксуюцца, яны здымаюцца прыналежносцю да бібліяграфічнага наогул.

Паняцце «бібліяграфія» выражае сукупнасць усіх бібліяграфічных з’яў у цэлым, выконвае функцыю абагульненай характарыстыкі, адрознення гэтай сацыяльнай з’явы ад іншых. Яго канкрэтызацыя звязана з выдзяленнем іншых вытворных паняццяў. Канкрэтызацыя паняцця «бібліяграфія» на самым высокім узроўні рэалізуецца ў паняцці «бібліяграфічная дзейнасць», у якім акцэнтуецца ўвага на функцыянальны, працэсуальны аспекты, указваецца на актыўнасць чалавека. Але такой канкрэтызацыі недастаткова. Яна не раскрывае формы рэальнага існавання, прыроду і структуру гэтага працэса. Гэта магчыма на іншых ступенях (узроўнях) канкрэтызацыі.

Бібліяграфічная дзейнасць, як і любая іншая, ўключае дзве сферы –практыку і пазнанне. Практычная дзейнасць мае асэнсаваны характар, ёй уласцівы ідэальныя кампаненты (веды, эмоцыі, пачуцці, увага, воля, мэты), накіраваныя на выканенне практычных дзеянняў. Яна з’яўляецца асновай для пазнання і скіравана не толькі на пераўтварэнне рэчаіснасці, а і на пазнанне.

У бібліяграфічнай пазнавальнай дзейнасці можна выдзеліць дзве падсістемы: навукова-пазнавальную, у межах якой выпрацоўваюцца новыя веды і вучэбна-пазнавальную, у межах якой рэпрадуцыруюцца падрыхтаваныя. Яны абедзвецесна звязаны з бібліяграфічнай практыкай: першая падпарадкавана мэце ўдасканалення бібліяграфічнай практыкі, другая – з прафесійнай падрыхтоўкай суб’екта бібліяграфічнай дзейнасці. Бібліяграфічная практыка з’яўляецца крыніцай развіцця тэарэтычных бібліяграфічных ведаў. Навука выпрацоўвае ідэальныя планы новых кірункаў дзейнасці.

Вучэбна-пазнальная бібліяграфічная дзейнасць арганічна ўключае ў сябе элементы навуковай дзейнасці (вытворчасці новых ведаў) і элементы практыкі (удзел у бібліяграфічных працэсах).

На практычную дзейнасць аказвае ўздзеянне і навукова-пазнавальная, і вучэбна-пазнавальная сферы. Вучэбна-пазнавальная з’яўляецца пасрэднікам паміж навукай і практыкай, таму што ў межах яе здзяйсняецца асваенне новых ведаў, якія потым будуць укараняцца ў практыку, дзякуючы дзейнасці суб’екта (бібліёграфа), які імі валодае. Адначасова практычная дзейнасць уключаецца ў вучэбна-пазнавальную праз непасрэдны практычны вопыт і апасрэдаваны (матэрыялы ў артыкулах, вучэбных, метадычных публікацыях).

 

Схема 2. Структура бібліяграфічнай дзейнасці

 


5. Прынцыпы і заканамернасці бібліяграфічнай дзейнасці як аснова яе ўвасаблення ў грамадскай практыцы.

Бібліяграфічная дзейнасць рэалізуецца ў адпаведнасці з пэўнымі мэтамі, праектамі, праграмамі. У працэсе яе развіцця фарміруюцца пэўныя пастулаты (спецыфічныя прынцыпы), якімі людзі кіруюцца ў дзейнасці.

Прынцып – асноўнае, зыходнае палажэнне якой-небудзь тэорыі, навукі і да т.п., найбольш агульныя і ўстойлівыяпатрабаванні да здзяйснення пэўнага працэсу (працэсаў).

Усю сукупнасць прынцыпаў, якія уласцівы бібліяграфічнай дзейнасці, можна падзяліць на дзве асноўныя групы. Першую групу складаюць метадалагічныя, кіруючыя прынцыпы. Яны вызначаюць якасны ўзровень дзейнасці: навуковасць, дэмакратызм, сацыяльная абумоўленасць, мабільнасць, прынцыпы арганізацыі і самаарганізацыі. Другая група прынцыпаў звязана з выбарам сродкаў, форм і метадаў работы: адпаведнасць метадаў мэтам дзейнасці, інтэгратыўнасць, дыферэнцыраванасць дзейнасці, сістэмнасць.

Прынцып навуковасці бібліяграфіі праяўляецца праз адлюстранне ў бібліяграфічных крыніцах ісцінных навуковых ведаў, выкарыстанне даных навукі і навукова-абгрунтаваных метадаў ва ўсіх бібліяграфічных працэсах; развіццё навукі аб бібліяграфічнай дзейнасці – бібліяграфазнаўства.

Дэмакратызм бібліяграфіі праяўляецца ў агульнадаступнасці бібліяграфічнай інфармацыі для ўсіх груп грамадства, у адсутнасці дыскрымінацыі карыстальнікаў, адкрытасці ўсіх крыніц інфармацыі ў кантэксце правоў чалавека на свабоду атрымання інфармацыі.

Сацыяльная абумоўленасць і мабільнасць праяўляецца ў рэалізацыі дзейнасці ў цэлым і асобных яе кірункаў адпаведна сацыяльнаму заказу грамадства і з улікам дыінамікі грамадскага жыцця.

Арганізацыя бібліяграфічнай дзейнасці звязана з прыняццем на дзяржаўным узроўні рашэнняў, якія вызначаюць стратэгію дзейнасці, структуру кіраванне (стварэнне інфармацыйных цэнтраў, кніжных палат, бібліяграфічных аддзелаў у розных установах, кафедр бібліяграфіі і інш структур, якія займаюцца бібліяграфічнай дзейнасцю). Разам з тым сістэма упарадкуе і змяняе сваю структуру (самаарганізуецца) пад уздзеяннем мноства знешніх і ўнутраных фактараў (сінергіі), якія не заўсёды можна прадугледзіць на пачатку прыняцця арганізацыйных рашэнняў (адбываецца ўзаемапранікненне бібліяграфічнай і першаснай інфармацыі, сінтэз з рознымі формамі прадстаўлення ведаў, бібліяграфія набліжаецца па функцыях да «экспертнай сістэмы», якая аналізуе, інтэрпрэтуе, ацэньвае дакументныя масівы.

Прынцып адпаведнасці метадаў мэтам дзейнасці. Неабходны эфект дасягаецца толькі ў выпадку, калі выкарыстоўваюцца сродкі і медады, якія аптымальна адпавядаюць пастаўленым мэтам (пры складанні бібліяграфічнай прадукцыі – улік характарыстык карыстальніка, мэтаў яго звяртання да крыніцы бібліяграфічнай інфармацыі, узроўню бібліяграфічнай культуры і інш.).

Прынцып інтэгратыўнасці. Бібліяграфія пранікае ў розныя галіны ведаў, бібліяграфічныя элементы ўключаюцца ў розныя базы даных, аб’ядноўваючы ў адзіную інфармацыйную прастору аўтара дакумента, твор, кнігагандлёвыя ўстановы, бібліятэкі, карыстальнікаў. Інтэгратыўнасць праяўляецца і на узроўні правядзення навуковых даследаванняў, якія могуць мець міждысцыплінарны характар, а таксама ў сумесных праектах бібліяграфічніх служб рознага узроўню, ведамаснай прыналежносці (стварэнне зводных каталогаў, баз даных, інтэграцыя ўласных інфармацыйных рэсурсаў і інш.).

Прынцып дыферынцыраванасці заключаецца ў стварэнні спецыялізаваных цэнтраў інфармацыі; размежаванні пры стварэнні бібліяграфічнай прадукцыі па галіновай, тэрытарыяльнай, моўнай і іншых прыметах; мэтанакіраваным наборы інфармацыйна-пошукавых сістэм у адпаведнасці з профілем бібліятэк і бібліяграфічных служб.

Прынцыпы інтэграцыі і дыферэнцыацыі супрацьлеглыя па характары, яны дапаўняюць адзін аднаго.

Прынцып сістэмнасці. Бібліяграфічная дзейнасць уяўляе сабойсістэму, сукупнасць элементаў, якія знаходзяцца ва ўзаемасувязях, утвараюць цэласнасць, адзінства (стварэнне сістэмы бібліяграфічных дапаможнікаў, дзе кожны элемент выконвае сваё прызначэнне; структурыраванне бібліяграфічных запісаў у дапаможніках; стварэнне сістэмы даведачна-бібліяграфічнага апарата, дзе кожны элемент падпарадкаваны агульнай мэце, і інш.).

Цэнтралізацыя і дэцэнтралізацыя – прыняцце ўніфікаваных метадычных рашэнняў у рэалізацыі аднатыпных задач і варыятыўнасць карыстання атрыманымі вынікамі працы (напрыклад, канцэнтрацыя намаганняў па каталагізацыі дакументнага патоку і здзяйсненне бібліяграфічнага абслугоўвання ў розных інфармацыйных установах, на ўмовах самаабслугоўвання і інш.).

Акрамя таго выдзяляюцца прынцыпы, звязаныя з асобнымі бібліяграфічнымі працэсамі. Напрыклад, да бібліяграфічнага пошуку – прынцыпы «паўнаты» «дакладнасці», «рэлевантнасці», «перцінентнасці», да бібліяграфавання – аднаразовасць апрацоўкі дакументнага патока і шматкратнасць выкарыстання атрыманай інфармацыі (максімальная аптымізацыя працэсаў генерыравання інфармацыйнай прадукцыі для пазбаўлення паралелізму і скарачэння затрат).

Прынцыпы маюць канкрэтна-гістарычны характар, дзейнічаюць ў пэўным грамадстве і відазменьваюцца пад уздзеяннем розных фактараў. Але захоўваецца сутнасная аснова, т.ш яна залежыць ад сутнасці самой бібліяграфіі і яе галоўных спецыфічных задач, якія застаюцца нязменнымі ў розныя гістарычныя эпохі. Прынцыпы бібліяграфічной дзейнасці ўзаемазвязаны з заканамернасцямі, якія раскрываюць той ці іншы бок сутнасці даследуемых з’яў.

5. Заканамернасці развіцця бібліяграфічнай дзейнасці (бібліяграфіі).

Бібліяграфія – гэта сацыяльны інстытут, у якім спецыфічна праяўляюцца законы і заканамернасці рознага ўзроўню. На яе аказваюць уплыў:

– агульныя законы і заканамернасці грамадскага развіцця;

– законы і заканамернасці развіцця навук, перш за ўсё, сумежных;

– заканамернасці фарміравання патрэб асобы і грамадства ў інфармацыі і ведах;

– заканамернасці развіцця самой бібліяграфічнай дзейнасці (бібліяграфіі).

Заканамернасці развіцця самой бібліяграфічнай дзейнасці (бібліяграфіі) праяўляюцца ў часе як устойлівые сувязі паміж асобнымі з'явамі практыкі. Да іх адносяцца:

1. Адпаведнасць бібліяграфіі (бібліяграфічнай дзейнасці) эканамічным і сацыяльна-культурным умовам грамадства. Гэта праяўляецца праз выбар прыярытэтных кірункаў развіцця, якія не бываюць выпадковымі. Бібліяграфія выконвае задачы, якія ставяцца грамадствам на пэўным этапе яго развіцця (папулярызацыя ведаў, дапамога навукава-тэхнічнаму прагрэсу і інш.) і ўключаецца як сфера дзейнасці ў сістэму эканамічных адносін.

2. Бібліяграфія не губляе нічога каштоўнага, дасягнутага за час свайго развіцця, не адмаўляецца ад новага, якое можа пашырыць яе магчымасці. На працягу ўсяго перыяду развіцця інфармацыйных камунікацый (вусная мова, пісьменства, кнігадрукаванне, тэле-, радыёвяшчанне, камп'ютэрныя тэхналогіі) захавалася сутнаснасць бібліяграфіі, асноўныя кірункі і фармы развіцця і, разам з тым, адбывалася іх удасканаленне і пашырэнне. Так, бібліяграфічны запіс захаваў на працягу стагоддзяў сваю сутнасць і асноўнае прызначэнне, а прадстаўленне яго на электронных носьбітах значна пашырыла магчымасці структурыравання і пошуку інфармацыі.

3. Адпаведнасць бібліяграфіі ўзроўню інфармацыйных тэхналогій і магчымасцей іх аптымальнага выкарыстання ў грамадстве. Бібліяграфія пачынала развівацца са з'яўленнем дакумента як крыніцы фіксаванай інфармацыі. Ускладненне яе адбывалася ў залежнасці ад фактараў грамадскага, тэхналагічнага развіцця краін. З развіццём кнігадрукавання сталі стварацца друкаваныя формы бібліяграфічных рэсурсаў, са з'яўленнем аўдыё-, відэадакументаў, кампакт-дыскаў, CD-ROM і т.д. – адпаведныя бібліяграфічныя крыніцы.

4. Змена асобных кірункаў развіцця і прыярытэтнасці асобных участкаў дзейнасці ў розныя гістарычныя перыяды. Напрыклад, рэкамендацыйная бібліяграфія ў краінах былога СССР займала прыярытэтныя пазіцыі з 20-х гадоў XX ст. і страціла іх да канца ХХ стагоддзя.

5. Асноўнае прызначэнне бібліяграфіі рэалізуецца праз вырашэнне дзвюх задач: 1) максімальна поўнае адлюстраванне ўсіх дакументных рэсурсаў; 2) дыферэнцыраванае адлюстраванне дакументаў з улікам патрэбнасцей розных катэгорый карыстальнікаў.

6. Наяўнасць глыбокіх сістэмных сувязей з грамадскімі інстытутамі сістэмы дакументных камунікацый. Гэта абумоўлена блізкасцю рашаемых задач і здяйсняемых тэхналагічных працэсаў, перасячэннем праблематыкі навуковых даследаванняў і інш.

7. Функцыянаванне бібліяграфіі звязана з фарміраваннем сістэмы бібліяграфічных ведаў на аснове пераўтварэння любых ведаў спецыфічнымі для бібліяграфіі метадамі.

Вывады

Бібліяграфічная дзейнасць – разнавіднасць грамадскай дзейнасці, скіраванай на ўпарадкаванне існуючай ў грамадстве інфармацыі спецыфічнымі сродкамі і даследаванне гэтага працэса. Паняцці «бібліяграфія» і «бібліяграфічная дзейнасць» супадаюць толькі на самым высокім узроўні абагульнення. Бібліяграфічная дзейнасць – складаная сістэма ў якую ўключаюцца дзве асноўныя часткі: бібліяграфічная практычная дзейнасць і бібліяграфічная пазнавальная дзейнасць. Асаблівасці яе развіцця канкрэтна-гістарычна абумоўлены.

Ключавыя паняцці: бібліяграфічная дзейнасць, бібліяграфічная практыка, вучэбна-пазнальная бібліяграфічная дзейнасць, навукова-пазнавальная, бібліяграфічная дзейнасць, прынцыпы бібліяграфічнай дзейнасці, заканамернасці бібліяграфічнай дзейнасці.

 

ЛІТАРАТУРА:

Коршунов, О.П. Библиографоведение: Общий курс: Учебник. – М., 1990. – С. 65–73; М., 2001. – С.**.

Вохрышева, М.Г. Библиографеская деятельность: структура и эффективность / М.Г.Вохрышева. – М., 1989. – С.114–126.

Фокеев, В.А. Библиография: теоретико-методологические основания: учеб. пособие. – СПб., 2006. – С.220–240.

Лекцыя 6. БІБЛІЯГРАФІЧНАЯ ПРАКТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ: ПАНЯЦЦЕ І СТРУКТУРА

Мэта лекцыі – паказаць спецыфіку бібліяграфічнай практычнай дзейнасці як асноўнай часткі бібліяграфічнай дзейнасці, вызначыць знешні і ўнутраны ўзроўні яе структурызацыі.

1. Узнікненне і асаблівасці развіцця бібліяграфічнай практычнай дзейнасці.

2. Рысы, уласцівыя бібліяграфічнай практычнай дзейнасці.

3. Тэарэтычныя падыходы да разгляду бібліяграфічнай практычнай дзейнасці.

4. Асноўныя кірункі структурыравання бібліяграфічнай практычнай дзейнасці.

1. Узнікненне і асаблівасці развіцця бібліяграфічнай практычнай дзейнасці.

Пад практыкай разумеюць спецыфічна чалавечную, асэнсаваную, мэтазгодную і мэтанакіраваную пачуццёва-прадметную дзейнасць. Яна з’яўляецца асновай пазнання. Бібліяграфічная практыка (бібліяграфічная практычная дзейнасць) – гэта спецыфічны, інфрастуктурны від чалавечай практыкі, распаўсюджаны ў шэрагу іншых відаў дзейнасці, накіраваны на задавальненне патрэбнасцей у дакументах бібліяграфічнымі сродкамі. Яна ўваходзіць у сістэму бібліяграфічная дзейнасць, з’яўляецца яе асноўнай часткай і асновай для бібліяграфічнага пазнання.

А.П.Коршунаў лічыць зыходным пунктам любой бібліяграфічнай дзейнасці дзеянні чалавека, які адчужае звесткі аб дакуменце ад самаго дакумента, фіксуе і ўпарадкуе іх у мэтах садзейнічання рэалізацыі адпаведнасцей паміж дакументамі і спажыўцамі. Бібліяграфічная практычная дзейнасць зарадзілася ў межах бібліятэчнай справы і на працягу доўгага часу развівалася ў яе недрах і зводзілася ў асноўным да вытворчасці розных форм бібліяграфічнай інфармацыі.

Разам з тым, пры такім падыходзе па-за межамі застаюцца афінныя і разнастайныя латэнтныя формы бібліяграфічнай інфармацыі, якія з’яўляюцца неад’емнымі элементамі дакумента, а праца па іх стварэнні – неад’емнай часткай працы над дакументамі. Да таго ж нельга недаацэньваць развіцця бібліяграфічнай практыкі ў межах архіўнай справы, дзе ўзнікала і, адпаведна, рэалізоўвалася неабходнасць упарадкавання дакументаў, па-другое, захоўваліся юрыдычныя дакументы з пералікамі кніг, якія ўключаліся ў маёмасць, перадаваліся ад аднаго ўладальніка другому. Таму зыходным пунктам любой бібліяграфічнай дзейнасці можна лічыць дзеянні чалавека, які стварае дакумент і спадарожна займаецца стварэннем ідэнтыфікацыйных элементаў для гэтага дакумента, упарадкуе веды, створаныя папярэднікамі і прадстаўляе іх праз цытаты, каментарыі, спасылкі.

У працэсе развіцця бібліяграфічнай практычнай дзейнасці ўскладняліся яе кірункі, арганізацыйныя формы, метадычныя падыходы, шырыўся спетр і аб’ём ствараемай прадукцыі, ускладняліся задачы, якія ставіла перад ёй грамадства. У выніку адбылася дыферэнцыяцыя бібліяграфічнай практыкі, выразна вызначылася дзейнасць па стварэнні бібліяграфічнай прадукцыі і давядзенні бібліяграфічнай інфармацыі да карыстальнікаў. Гэтыя два працэсы і іх састаўляючыя актыўна развіваюцца на сучасным этапе. Для сучаснай бібліяграфічнай практычнай дзейнасці характэрна: пастаяннае ўскладненне, пашырэнне маштабаў яе пранікнення ў іншыя сферы грамадскага жыцця, якаснае ўдасканаленне асобных працэсаў, тэхналогіі, методыкі, пашырэнне спектру ствараемай прадукцыі.

2. Рысы, уласцівыя бібліяграфічнай практыцы.

Бібліяграфічнай практыцы ўласцівы наступныя рысы:

– прадметнасць,

– сацыяльная абумоўленасць,

– мэтазгоднасць,

– суб’ектнасць.

Прадметнасць бібліяграфічнай практыкі выражаецца ў наяўнасці спецыфічнага прадмета, на які скіравана дзейнасць; у змяненні гэтага прадмета пад уздзеяннем розных фактараў; у стварэнні грамадска-значымага прадукта – бібліяграфічных дапаможнікаў; у прымяненні спецыяльных сродкаў дзейнасці.

Бібліяграфічная практыка сацыяльна абумоўлена. Яна мае грамадскі характар і яе змест вызначаецца характарам грамадскіх патрэбнасцей, рэальнымі абставінамі і ўмовамі, наяўнымі матэрыяльнымі срокамі. Бібліяграфічнай практыцы (улічваючы яе прадметны характар і сацыяльную абумоўленасць) уласціва накіраванасць, якая вызначаецца яе прадметам, знешнімі і унутранымі фактарамі – рэгулятарамі дзейнасці.

Мэтазгоднасць бібліяграфічнай практычнай дзейнасці – гэта рух да канчатковага выніка. Практычныя дзеянні рэгулююцца ідэальнымі, асэнсаванымі мэтамі, якія ставяцца суб’ектамі на шляху да выніка. Яна абумоўлена знешнімі фактарамі (звязаны з пэўнымі канкрэтна-гістарычнымі ўмовамі і законамі сацыяльнай сістэмы) і ўнутранымі фактарамі (адлюстроўваюць ступень адпаведнасці якасцей прадмета, сродкаў, метадаў, якія выкарыстоўваюцца для атрымання выніка).

Суб’ектнасць бібліяграфічнай практыкі праяўляецца праз удзел:

– стваральнікаў бібліяграфічнай інфармацыі (суб’ектаў, якія на прафесійным ці аматарскім узроўнях ствараюць / пераўтвараюць БІ);

– распаўсюджвальнікаў бібліяграфічнай інфармацыі (суб’ектаў, якія на прафесійным ці аматарскім узроўнях перадаюць БІ, уступаюць ва ўзаемадзеянне з карыстальнікамі БІ);

– карыстальнікаў бібліяграфічнай інфармацыі (суб’ектаў, якія ўступаюць ва ўзаемадзеянне з распаўсюджвальнікамі БІ);

– аўтараў дакументаў, якія адлюстроўваюцца пры стварэнні персанальна-арыентаваных звестак у даведніках, каталогах, базах даных;

– даследчыкаў-бібліяграфазнаўцаў, якія даследуюць бібліяграфічную практыку і ствараюць на аснове гэтага навуковыя веды;

– выкладчыкаў і навучэнцаў, якія задзейснены ў аналізе і вывучэнні практычнай дзейнасці, асваенні практычных уменняў і выпрацоўцы навыкаў.

3. Тэарэтычныя падыходы да разгляду бібліяграфічнай практычнай дзейнасці.

У розныя гады эквівалентам тэрміна “бібліяграфічная практычная дзейнасць” выступалі “бібліяграфічная праца”, “бібліяграфічная справа”, “бібліяграфічная дзейнасць”, “бібліяграфія”. Гэтыя тэрміны адрозніваюцца паміж сабой па аб’ёме паняцця, якія яны абазначаюць. Іх ужыванне можна суаднесці з развіццём розных падыходаў да разгляду сутнасці бібліяграфічнай практычнай дзейнасці:

працэсуальны падыход – імкненне вызначыць асобныя працэсы (адзін –абмежавальна-працэсуальны падыход; комплекс працэсаў – пералічальна-працэсуальны падыход) і праз іх разглядаць бібліяграфічную практычную дзейнасць. У 20–30-я гг. ХХ ст. задачы бібліяграфічнай практыкі зводзіліся да стварэння бібліяграфічных дапаможнікаў. Папулярным быў тэрмін “практычная бібліяграфія”, які ўказваў на практычную скіраванасць бібліяграфічных матэрыялаў. Я.П.Грабеншчыкоў на І Усебібліяграфічным з’ездзе адзначаў, што “практычная бібліяграфія” – гэта сума і сукупнасць усіх выкананых да сённяшняга дня прац па бібліяграфіі”. У 30-я гг. ХХ ст. сфарміраваўся погляд на бібліяграфію яык прыкладную навукова-дапаможную дысцыпліну, задачы якой зводзіліся да практыкі па апісанні кніг (Л.Н.Трапоўскі, Я.І.Шамурын і інш.). Як бачна бібліяграфічная практычная дзейнасць зводзілася да аднаго працэса – бібліяграфаванне ці разглядаліся толькі вынікі гэтага працэса. У 50–60-я гг. ХХ ст. пад бібліяграфічнай практычнай дзейнасцю разумелі “бібліяграфічную работу” – сукупнасць працэсаў стварэння бібліяграфічных дапаможнікаў і давядзення іх да чытачоў. Сама сістэма дапаможнікаў выводзілася за межы бібліяграфічнай работы. І.Р.Моргенштерн разглядаў бібліяграфічную дзейнасць толькі ў практычным аспекце і разумеў яе як комплекс працэсаў, якія здзяйсняюцца ў мэтах перадачы чытачам інфармацыі аб творах друку. Такі падыход быў абумоўлены актыўным развіццём розных кірункаў бібліяграфічнай практычнай дзейнасці, у прыватнасці розных форм бягучага інфармавання чытачоў, даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання. У сучасных працах ён дае наступнае азначэнне тэрміна “бібліяграфічная работа” – сукупнасць працэсаў бібліяграфічнай дзейнасці, здзяйсняемых яе суб’ектам ці сістэмай інфармацыйных устаноў[16], адзначае, што “бібліяграфічная работа” не з’яўляецца аналагам тэрміна “бібліяграфічная дзейнасць”, яны суадносяцца як частка-цэлае.

У 60-я гг. ХХ ст. быў выказаны асобасны погляд на бібліяграфічную практычную дзейнасць (працы І.І. Рашацінскага, В.А.Нікалаева). Сутнасць бібліяграфічнай работы бачылі ва ўзаемадзеянні бібліёграфа і чытача. Бібліяграфічная практыка – мэтанакіраваны працэс інфармацыі аб творах друку і іх прапаганды паміж чытачоў. Бібліёграф у межах гэтага працэса аказвае дапамогу чытачам, якія шукаюць яе для выкарыстання ў тых ці іншых мэтах. Упершыню ў межах бібліяграфічнай практыкі стаў разглядацца суб’ект.

У 60-я гг. ХХ ст. існаваў таксама комплексны падыход да разгляду бібліяграфічнай практыкі (працы М.А. Брыскмана, Дз.Ю.Цяплова), у межах якога феномен бібліяграфія разглядаўся як недзялімы, як навуковая дысцыпліна, якая ўключае элементы практыкі, якая ў сваю чаргу звязана толькі са сферай матэрыяльнай вытворчасці.

З 70-х гг. ХХ ст. стаў развівацца дзейнасны падыход (працы Э.К. Беспалавай, А.І.Барсука, Е.Н.Фаміна і інш.), у межах якога бібліяграфія разглядалася як дзейнасць. Е.Н.Фамін разглядаў бібліяграфічную практычную дзейнасць як бібліяграфічную справу ці ўласна бібліяграфію – дзейнасць па стварэнні і распаўсюджванні бібліяграфічнай інфармацыі. А.І.Барсук: бібліяграфія – галіна навукова-практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы і давядзенні да карыстальнікаў бібліяграфічнай інфармацыі. Гэта ж было замацавана і ў ГОСТ 7.0–77 “Библиография: термины и определения”. Разам з тым быў прапанаваны і тэрмін “бібліяграфічная работа”, які ахопліваў працэсы па стварэнні і давядзенні бібліяграфічнай інфармацыі, і па сутнасці ўраўноўваўся з тэрмінам “бібліяграфічная дзейнасць”. З наступных тэрміналагічных стандартаў (ГОСТ 7.0-84 “Библиографическая деятельность. Термины и определения”, ГОСТ 7.0-99. СИБИД. Информационно-библиотечная деятельность, библиография: Термины и определения) гэты тэрмін быў выключаны.

У межах сістэмна-дзейнаснага падыхода бібліяграфічную практычную дзейнасць пачалі разглядаць як важнейшы элемент сістэмы бібліяграфічная дзейнасць (бібліяграфія). Найбольш выразна гэта парадстаўлена ў канцэпцыях А.П.Коршунава, М.Г. Вохрышавай (больш падрабязна гл. Лекцыя 5).

3. Асноўныя кірункі структурыравання бібліяграфічнай практычнай дзейнасці.

Структурыраванне бібліяграфічнай дзейнасці з’яўляецца адной з важнейшых, складаных і да канца не вырашаных праблем бібліяграфазнаўства. Вырашэнне яе спрыяе паглыбленню ведаў аб бібліяграфічнай дзейнасці, робіць іх упарадкаванымі і цэласнымі, што важна не толькі для даследчай дзейнасці, але і для выкладання бібліяграфічных дысцыплін, аптымізацыі розных кірункаў практычнай дзейнасці.

У спецыяльнай літаратуры ў асноўным прапануюцца падыходы да структурыраванні бібліяграфічнай практычнай дзейнасці. Іх мноства, але адсутнічае адзінства, што звязана, найперш, са шматпланавасцю самаго аб’екта, недастатковай распрацаванасцю тэарэтычных палажэнняў. Аналіз даследаванняў сведчыць аб тым, што:

– зроблена шэраг абагульненняў, якія могуць стаць асновай наступных даследаванняў,

– адсутнічае адзіны падыход да выдзялення відаў бібліяграфіі (бібліяграфічнай дзейнасці), што звязана са шматпланавасцю самой з’явы і з разыходжаннямі ў тлумачэнні такіх паняццяў як “бібліяграфія”, “від бібліяграфіі”;

– не да канца вырашана праблема вызначэння падстаў для структурыравання бібліяграфічнай дзейнасці.

Філасофскі падыход да структурыравання бібліяграфічнай дзейнасці патрабуе разглядаць структуру як на базе прынцыпаў сістэмнага метада, так і на аснове дзейнасных характарыстык, якія даюць магчымасць правесці відавую класіфікацыю па комплексу прымет. Такі падыход дазваляе выдзяляць унутраную і знешнюю структуры

Аналіз бібліяграфічнай практычнай дзейнасці як сістэмы, яе ўнутранай структуры магчымы праз выяўленне ўзаемасувязей яе асноўных кампанентаў: суб’екта (таго, хто здзяйсняе дзейнасць); мэтаў (ідэальных вобразаў дзейнасці); аб’ектаў (прадметаў, на якія скіраваны намаганні суб’екта); працэсаў як мэтанакіраванай актыўнасці суб’екта; сродкаў, пры дапамозе якіх дасягаецца пастаўленая мэта; рэзультата (як выніка дасягнення ці недасягнення мэты). Гэта дазваляе высветліць дынаміку дзейнасці, убачыць узаемасувязі паміж асобнымі кампанентамі.

Разам з тым, бібліяграфічная практычная дзейнасць у рэчаіснасці прадстаўлена шэрагам канкрэтных кірункаў, сфер, якія ўяўляюць сабой арганічнае адзінства і якія можна выдзеліць у асобныя катэгорыі па розных прыметах, г. зн. дыферэнцыраваць па знешніх праяўленнях. Знешняя і ўнутраная структуры знаходзяцца ў адзінстве і не могуць разглядацца адасоблена. У межах любога віда бібліяграфічнай дзейнасці існуюць кампаненты: суб’ект, аб’ект, працэсы, сродкі, мэты, рэзультаты, якія ў сукупнасці складаюць яго якасную вызначанасць. У сваю чаргу выдзяленне відаў абумоўлена дыферэнцыяцыяй сутнасных элементаў сістэмы бібліяграфічнай дзейнасці і яно робіцца «па суб’екту», «па рэзультатах» і т.д.

Вывады

Бібліяграфічная практыка (бібліяграфічная практычная дзейнасць) –спецыфічны, інфрастуктурны від чалавечай практыкі, накіраваны на задавальненне патрэбнасцей у дакументах бібліяграфічнымі сродкамі. Яна ўваходзіць у сістэму бібліяграфічная дзейнасць, з’яўляецца яе асноўнай часткай і асновай для бібліяграфічнага пазнання. Ёй уласцівы прадметнасць, сацыяльная абумоўленасць, мэтазгоднасць, суб’ектнасць. Можна выдзеліць унутраную і знешнюю структуры бібліяграфічнай практычнай дзейнасці. Унутраны ўтвараюць кампаненты: суб’ект, аб’ект, працэсы, сродкі, мэты, рэзультаты. Знешні – віды, выдзеленыя па пэўнай прымеце.

 

Ключавыя паняцці:

Бібліяграфічная практычная дзейнасць (бібліяграфічная практыка), структурыраванне бібліяграфічнай дзейнасці, унутраная структура (суб’екты, мэты, аб’екты (прадметы), працэсы, сродкі, рэзультаты), знешняя структура (віды бібліяграфічнай дзейнасці).

ЛІТАРАТУРА:

Коршунов, О.П. Библиографоведение: Общий курс: Учебник. – М., 1990. – С. 65–73; М., 2001. – С.**.

Вохрышева, М.Г. Библиографеская деятельность: структура и эффективность / М.Г.Вохрышева. – М., 1989. – С.8–24.

Фокеев, В.А. Библиография: теоретико-методологические основания: учеб. пособие. – СПб., 2006. – С.179–186.

Библиотечное дело: Терминологический словарь / Рос. гос. б-ка. – З-е изд., перераб. и доп. – М., 1997. – 168 с.

ГОСТ 7.0-99. СИБИД. Информационно-библиотечная деятельность, библиография: Термины и определения. – Введ. 1.06.2000. – Мн.: Белстандарт, 1999. – 23 с.

Лекцыя 7. КАМПАНЕНТНАЯ СТРУКТУРА БІБЛІЯГРАФІЧНАЙ ПРАКТЫЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

Мэта лекцыі – вызначыць асноўныя структурныя элементы бібліяграфічнай практычнай дзейнасці і даць іх характарыстыку ў кантэксце сучасных навуковых падыходаў.

Пытанні

1. Суб’ект бібліяграфічнай дзейнасці – асноўны сістэмаўтваральны кампанент.

2. Мэта як ідэальны структурны кампанент бібліяграфічнай дзейнасці.

3. Аб’ект як адзін з кампанентаў бібліяграфічнай дзейнасці.

4. Працэсы бібліяграфічнай дзейнасці.

5. Сродкі бібліяграфічнай дзейнасці.

6. Рэзультаты (вынікі) бібліяграфічнай дзейнасці.

1. Суб’ект бібліяграфічнай дзейнасці як яе асноўны сістэмаўтваральны кампанент.

У філасофіі суб’ект – чалавек, які пазнае свет ці дзейнічае, процістаіць свету як аб’екту пазнання. Cуб’ектам бібліяграфічнай дзейнасці можна назваць чалавека (сукупнасць людзей), якія пазнаюць і ствараюць бібліяграфічныя з’явы як аб’екты рэчаіснасці.

Суб’ект у сістэме бібліяграфічнай практычнай дзейнасці выконвае наступныя функцыі:

1. кіравання. Яна рэалізуецца на розных этапах бібліяграфічнай практычнай дзейнасці. На этапе прагназавання (праектавання) дзейнасці суб’ект у думках пераўтварае аб’ект, стварае мадэль выніка, вызначае мэты, фармулюе задачы. На этапе прадметнай дзейнасці выпрацоўвае спосабы дзеяння, канкрэтныя методыкі. На этапе асэнсавання вынікаў суб’ект вывучае зваротную сувязь з карыстальнікам, рэгулюе дзейнасць у адпаведнасці з зададзенымі мэтамі.

2. аксіялагічная (ацэначная). Яна рэалізуецца па наступных кірунках: ацэнка дакументаў; ацэнка БІ; ацэнка бібліяграфічнай дзейнасці, яе эфектыўнасці і якасці.

3. камунікатыўная. Яна рэалізуецца на ўзроўні суб’ектна-суб’ектных адносін: бібліёграф – карыстальнік, бібліёграф – бібліёграф, карыстальнік – карыстальнік. Адносіны бібліёграф – бібліёграф уплываюць на канчаткаўы вынік дзейнасці. Адносіны бібліёграф – карыстальнік рэалізуюцца патэнцыяльна пры падрыхтоўцы бібліяграфічнай прадукцыі і непасрэдна пад час бібліяграфічнага абслугоўвання. Адносіны карыстальнік – карыстальнік рэалізуюцца пад час бібліяграфічных зносін як сродак узаемадзеяння людзей з мэтай абмену бібліяграфічнай інфармацыяй.

Да суб’ектаў бібліяграфічнай практычнай дзейнасці А.П.Коршунаў адносіць:

– бібліёграфаў-прафесіяналаў;

– бібліяграфічныя калектывы (бібліяграфічныя аддзелы, сектары, установы, сеткі бібліяграфічных службаў;

– навукоўцаў, пісьменнікаў, усіх, хто бібліяграфічнай дзейнасцю займаюцца часова, спадарожна са сваёй асноўнай працай;

– карыстальнікаў БІ.

У гэтым пераліку можна выдзеліць два ўзроўні – прафесійны і непрафесійны. На прафесійным узроўні бібліяграфічнай практычнай дзейнасцю займаюцца разнастайныя бібліяграфічныя калектывы (бібліяграфічныя аддзелы, сектары, устанаўы, сеткі бібліяграфічных службаў і бібліёграфы-прафесіяналы, якія могуць працаваць у названых калектывах ці iншых, cпадарожна звязаных з бібліяграфічнай практычнай дзейнасцю. На гэтым узроўні выдзяляюцца індывідуальныя і калектыўныя суб'екты. Ім уласцівы агульныя рысы і адрозненні:

1. індывідуальныя і калектыўныя суб'екты з'яўляюцца носьбітамі свядомай, мэтанакіраванай дзейнасці;

2. бібліёграфы-прафесіяналы, як асоба заўсёды ўключаны ў пэўны калектыў і выражае яго інтарэсы;

3. разам з тым, кожны бібліёграф унікальны, валодае сваім стылем дзейнасці, узроўнем падрыхтоўкі;

4. калектыў выступае як прадстаўнік пэўнай бібліяграфічнай сістэмы, у яго межах аб'ядноўваюцца намаганні індывідуальных суб'ектаў.

На непрафесійным узроўні бібліяграфічнай практычнай дзейнасці можа займацца любы чалавек у выпадку, калі ён:

1. з'яўляецца складальнікам бібліяграфічных дапаможнікаў;

2. актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах, звязаных з рапаўсюджваннем БІ;

3. самастойна здзяйсняе бібліяграфічны пошук;

4. уступае ва ўзаемадзеянне з бібліёграфам пры бібліяграфічным пошуку і выкарыстаннем БІ.

Гэты пералік дае ўяўленне наколькі распаўсюджана бібліяграфічная практычная дзейнасць у грамадстве. Нават, калі ўзяць толькі такі сегмент бібліяграфічнай практычнай дзейнасці як стварэнне бібліяграфічнай прадукцыі. Па некатарых галіновых кірунках (напрыклад, гістарыя) удзел навукоўцаў, выкладчыкаў, аспірантаў, гісторыкаў-аматараў значна большы, чым прафесійных бібліёграфаў.

Але нават такі падыход да разгляду суб'ектаў бібліяграфічнай практычнай дзейнасці не поўнасцю ілюструе распаўсюджанасць гэтай дзейнасці ў грамадстве. Па сутнасці названы толькі суб’екты, занятыя ў стварэнні і давядзенні постэдзіцыйнай (адасобленай) ад першаснага дакумента інфармацыі. А Сляднева разглядае яшчэ і прагнозную, латэнтную і афінную БІ. Пры такім падыходзе ў якасці суб’екта выступае аўтар любога тэкста як тварца прагнознай, латэнтнай і афіннай БІ, выдавец як стваральнік афіннай і магчыма латэнтнай БІ.

Не гледзячы на такую распаўсюджанасць бібліяграфічнай практычнай дзейнасці ў грамадстве, усё ж асноўным суб’ектам з’яўляецца бібліёяграф-прафесіянал – спецыяліст, які:

– валодае неабходнымі прафесійнымі ведамі, уменнямі і навыкамі;

– у грамадскім размеркаванні працы выконвае спецыфічна бібліяграфічныя функцыі (г.зн. пэўныя абавязкі ў бібліятэках, кнігагандлёвых установах, выдавецтвах, СМІ);

– на прафесійны узроўні ўдзельнічае ў стварэнні і распаўсюджванні БІ.

Бібліёграфу для якаснага выканання сваіх прафесіянальных абавязкаў неабходна валодаць прафесійнымі ведамі, уменнямі, навыкамі, якія набываюцца пад час вучобы ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых профільных вучэбных установах, у практычнай дзейнасці, павышэнні кваліфікацыі, самаадукацыі. Акрамя таго, бібліёграф павінен валодаць асабістымі якасцямі, якія будуць спрыяць паспяховасці дзейнасці, прафесійнай рэалізацыі на пэўных участках працы. Яму вельмі важна прытрымлівацца пэўных этычных нормаў. (Прафесійныя веды, уменні і навыкі, псіхалагічныя якасці бібліёграфа – самастойна па крыніцах: Коршунов, О.П. Библиографоведение: в 2 ч. – М., 2001. – Ч. 1. Разд. ІІ–ІІІ. – С. 29–35; Коршунов, О.П. Библиографоведение. – М., 1990. – С. 76–81; Моргенштерн, И.Г. Информационный и книжный мир. Библиография: (избранное). – СПб.: Профессия, 2007. – С.234–247), Моргенштерн И.Г. Библиограф в инфармационном обществе // Библиография. – 1992. – №5–6. – С.3–10).

2. Мэта як ідэальны структурны кампанент бібліяграфічнай дзейнасці.

Мэта – ідэальны структурны кампанент бібліяграфічнай дзейнасці. Мэта з’яўляецца пабуджальным матывам дзейнасці, мадэллю пажаданага выніка. Мэты ўстанаўліваюцца суб’ектамі. Яны абумоўлены шэрагам унутраных і знешніх, суб’ектыўных і аб’ектыўных фактараў. Насколькі складаная і разнастайная сама бібліяграфічная дзейнасць і яе сувязі са знешнім асяроддзем, настолькі складаныя і разнастайныя мэты, якія ставяцца суб’ектамі. М.Г.Вохрышава прапануе іерархічнаю структуру мэт і выдзяляе наступныя групы мэтаў бібліяграфічнай дзейнасці:

1. Агульная (асноўная) і прыватныя бібліяграфічнай практычнай дзейнасці. Агульная мэта вызначае развіццё дзейнасці ў цэлым, прыватныя – асобныя кірункі дзейнасці. Агульнай мэтай бібліяграфічнай дзейнасці, на думку М.Г.Вохрышавай, агульнай мэтай бібліяграфічнай дзейнасці з’яўляецца задавальненне патрэбнасцей чала века ў неабходных яму дакументах. На думку А.П.Коршунава – садзейнічанне задавальненню інфармацыйных патрэбнасцей членаў грамадства. Агульная мэта канкрэтызуецца на ўзроўні прыватных мэтаў. У якасці прыватных мэтаў могуць разглядацца – падрыхтоўка бібліяграфічнай прадукцыі, давядзенне бібліяграфічнай інфармацыі да карыстальніка. Гэтыя мэты таксама можна канкрэтызаваць і разглядаць на больш дробным узроўні.

2. Знешнія і ўнутраныя бібліяграфічнай практычнай дзейнасці. Знешнія мэты ставяцца ў адносінах да іншых сфер дзейнасці (напрыклад, выхаваўчай дзейнасці, самаадукацыі, папулярызацыі ведаў, гістарычнай навуцы і да т. п.). Унутраныя мэты ставяцца ў адносінах да самой бібліяграфічнай дзейнасці (напрыклад, удасканаленне метадаў бібліяграфавання, бібліяграфічнага абслугоўвання работы, структуры кіравання і інш.).

3. Бліжэйшыя і канчатковыя мэты бібліяграфічнай практычнай дзейнасці. Канчатковыя мэты прагназуюць канчатковыя вынікі дзейнасці. Бліжэйшыя – прамежкавыя вынікі дзейнасці. Напрыклад, канчатковай мэтай працэса бібліяграфавання з’яўляецца стварэнне бібліяграфічнага дапаможніка. Дасягненне гэтай мэты магчыма шляхам выканання шэрагу дзеянняў, у адпаведнасці з якімі можна ставіць і бліжэйшыя мэты: вызначэнне тэмы дапаможніка, выяўленне літаратуры, стварэнне бібліяграфічных запісаў, групоўка матэрыялу і інш.

4. Нарматыўныя і варыятыўныя мэты бібліяграфічнай практычнай дзейнасці. Нарматыўныя мэты ставяцца ў адпаведнасці з асноўнымі нормамі, правіламі дзейнасці (напрыклад, на большасць аперацый працэса бібліяграфавання ўстаноўлены нормы часу і з улікам іх здзяйсняецца планаванне, г. зн. ставяцца нарматыўныя мэты). Але пад уплывам канкрэтных умоў дзейнасці, з улікам асаблівасцей функцыянавання пэўнага тыпу бібліятэк, узроўню падрыхтоўкі спецыялістаў нарматыўныя мэты неабходна канкрэтызаваць, вар’іраваць і ставіць адпаведна – варыятыўныя.

3. Аб’ект як адзін з кампанентаў бібліяграфічнай дзейнасці. Пад аб’ектам разумеюць сферу аб’ектыўнай рэчаіснасці, на якую скіраваны намаганні суб’екта. Склад аб’ектаў бібліяграфічнай дзейнасці залежыць ад поглядаў на метасістэму, у межах якой гэта дзейнасць разглядаецца. Па-рознаму вызначаючы метасістэму, навукоўцы па-рознаму вызначаюць і аб’ект бібліяграфічнай дзейнасці. А.П. Коршунаў лічыць, што ў якасці аб’екта бібліяграфічнай дзейнасці выступае ў найбольш агульным сэнсе сістэма дакументальных камунікацый, прадстаўленая двума







Дата добавления: 2015-10-19; просмотров: 965. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Теория усилителей. Схема Основная масса современных аналоговых и аналого-цифровых электронных устройств выполняется на специализированных микросхемах...

Логические цифровые микросхемы Более сложные элементы цифровой схемотехники (триггеры, мультиплексоры, декодеры и т.д.) не имеют...

Выработка навыка зеркального письма (динамический стереотип) Цель работы: Проследить особенности образования любого навыка (динамического стереотипа) на примере выработки навыка зеркального письма...

Словарная работа в детском саду Словарная работа в детском саду — это планомерное расширение активного словаря детей за счет незнакомых или трудных слов, которое идет одновременно с ознакомлением с окружающей действительностью, воспитанием правильного отношения к окружающему...

Правила наложения мягкой бинтовой повязки 1. Во время наложения повязки больному (раненому) следует придать удобное положение: он должен удобно сидеть или лежать...

Демографияда "Демографиялық жарылыс" дегеніміз не? Демография (грекше демос — халық) — халықтың құрылымын...

Субъективные признаки контрабанды огнестрельного оружия или его основных частей   Переходя к рассмотрению субъективной стороны контрабанды, остановимся на теоретическом понятии субъективной стороны состава преступления...

ЛЕЧЕБНО-ПРОФИЛАКТИЧЕСКОЙ ПОМОЩИ НАСЕЛЕНИЮ В УСЛОВИЯХ ОМС 001. Основными путями развития поликлинической помощи взрослому населению в новых экономических условиях являются все...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.015 сек.) русская версия | украинская версия