Студопедия — Навуковы стыль, яго жанравая спецыфіка і характэрныя асаблівасці
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Навуковы стыль, яго жанравая спецыфіка і характэрныя асаблівасці






Кожны функцыянальны стыль, як ужо адзначалася, абслугоўвае пэў­ную сферу дзейнасці чалавека. Навуковы стыль выкарыстоў­ва­ецца ў сферы навукі і тэхнікі, адукацыі, вытворчасці і пад. Гэта стыль наву­ковай літаратуры, дысертацый, слоўнікаў, энцыклапедый, дапа­мож­нікаў, падручнікаў, дакладаў, рэфератаў, лекцый, рэцэнзій і г. д.

Сярод асноўных функцый навуковага стылю звычайна вылучаюць:

а) перадачу навуковай інфармацыі;

б) актывізацыю лагічнага мыслення.

Паказаныя функцыі абумоўліваюць характэрныя асаблівасці наву­ко­вага стылю: абагульненасць і абстрагаванасць, дакладнасць (адна­значнасць) і аб’ектыўнасць, лагічнасць і строгасць выкладу.

Абагульненасць і абстрагаванасць уласцівы кожнаму навуковаму тэксту. У такіх тэкстах шырока выкарыстоўваецца абстрактная лексіка ты­пу метад, працэс, ціск, вынік, стан, хуткасць, дзейнасць, велічыня, рух і пад. Нават словы з канкрэтным значэннем ужываюцца для аба­значэння агульных паняццяў. Так, у сказе Бяроза – лісцевае дрэва сямейства бярозовых з бе­лай карой (ТСБМ) слова бяроза абазначае не канкрэтны адзінкавы прадмет (дрэва), а сукупнасць аднародных прадметаў (пароду дрэў), перадае агульнае паняцце. Адцягнена-абагулены характар навуковага маўлення падкрэсліва­ец­ца таксама спецыяльнымі лексемамі (звычайна, рэгулярна, заўсёды і пад.) і грама­тычнымі сродкамі. У прыватнасці, у навуковым стылі значна шырэй сустракаюцца формы дзеясловаў незакончанага трывання, якія ў боль­шай ступені, чым дзеясловы закончанага трывання, выражаюць абагу­ле­ныя зна­чэнні: металы лёгка рэжуцца, кіслата раз’ядае, ураўненне прымае выгляд і пад. Практычна не выкарыстоўваюцца формы 2-й асобы дзеясловаў і займен­нікі я, ты, вы. У навуковых тэкстах ужы­ваюцца, як правіла, найбольш абст­ракт­ныя паводле значэння формы 3-й асобы і займеннікі ён, яна, яно, а так­сама дзеясловы з няпэўна-асабовым значэннем: законы фармулююцца, бром атрымоўваюць, маецца тэарэма і пад. Абагульненасць і абстрага­ванасць навуковага маўлення падкрэсліваецца павышанай ужывальнасцю назоўнікаў ніяка­га роду з абстрактным значэннем: дзеянне, утварэнне, раз­меркаванне, значэнне, выпраменьванне, адлюстраванне, мысленне, ураў­ненне, аб’яд­нанне і пад.

Дакладнасць (адназначнасць) і аб’ектыўнасць навуковага стылю вы­ра­жа­ецца ў выкарыстанні адназначных слоў і тэрмінаў. Вельмі рэдка ў наву­ко­вых тэкстах сустракаюцца сінонімы, не дапускаецца ўжыванне слоў з пера­носным значэннем. Для такіх тэкстаў характэрна даклад­насць афарм­лення сінтаксічных сувязей: шырокае ўжыванне канструк­цый са злучнікамі (злучаль­нымі словамі) і адыменнымі прыназоўнікамі тыпу за выключэннем; з прычыны; у выніку; у сувязі з тым, што; калі..., то і пад., сказаў з дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі і некаторых іншых.

Лагічнасць і строгасць выкладу – адна са спецыфічных рысаў наву­ковага тэксту. Усе часткі ў тэксце вельмі цесна звязаны паміж сабой сэнсам і размяшчаюцца ў строга вызначанай паслядоўнасці. Паслядоўнасць развіцця думкі забяспечваецца даволі шматлікімі моўнымі сродкамі сувязі. Вельмі пашыраным, напрыклад, з’яўляецца сувязь сказаў пры дапамозе паўтору назоўнікаў, нярэдка ў спалучэнні з указальнымі займеннікамі гэты, такі, той: Рэакцыі чалавека, які ўспры­мае мову, могуць быць фізіялагічнымі...і моў­нымі. Улік і вы­ву­чэн­не гэтых рэакцый дазваляе даследаваць будову мовы...Арганізацыя элементаў мовы...грунтуецца на разнастайных сувя­зях паміж імі, а гэтыя сувязі можна вызначыць, напрыклад, з дапамогай аса­цыятыўных... эксперыментаў. Сутнасць аднаго з найбольш пашы­ра­ных у псіхалінгвістыцы асацыятыўнага эксперыменту заклю­ча­ец­ца... (Па­водле Б. А. Плотнікава). На лагічнасць выкладу навуковага маў­лення ўказва­юць так­са­ма пабочныя словы (такім чынам, значыць, па-першае, па-другое і пад.), канструкцыі і звароты тыпу спачатку ад­зна­чым, затым прааналізуем, далей пакажам, зараз спынімся і пад. Лагіч­насць і строгасць падкрэсліваецца ўжы­ван­нем злучнікаў (злучаль­ных слоў) і прыслоўяў таму, пагэтаму, тады, ад­сюль і пад., абагуль­няльнага слова пры аднародных членах сказа, пераваж­ным вы­кары­станнем складаназалежных сказаў, сказаў з прамым парадкам слоў.

У цэлым навуковаму маўленню ўласцівы звароты паводле мерка­ван­ня..., як указвае..., на думку..., аўтар лічыць і пад.; характэрна перавага ва ўжы­ванні імёнаў над дзеясловамі; спецыялізацыя слоў тыпу дадзены, вядомы, адпаведны і г. д. ва ўказальнай функцыі; выка­ры­станне ўстойлівых зваротаў з прыметнікамі (дэмаграфічная сітуа­цыя, знешні гандаль, бюджэтнае фінан­саванне і пад.) і аддзея­слоў­нымі назоўнікамі (аказваць уздзеянне, падвяр­гацца аналізу і пад.), формаў роднага склону назоўнікаў у функцыі азначэнняў (закон адкры­тага складу, тэмпература кіпення і пад.), апавядальных сказаў. Акра­мя таго, адметнай асаблівасцю навуковых тэкстаў з’яўляецца пашыра­насць рознага тыпу скарачэнняў, абрэвіятур, сімвалічных і формульных абазначэнняў (H2SO4 – серная кіслата, ККД – каэфіцыент карыснага дзе­яння, м2 – квадратны метр, Q = λm – формула колькасці энергіі і пад.).

Для навуковага стылю характэрна доказнасць сапраўднасці інфар­мацыі. У тэкстах навуковага маўлення доказнасць забяспечваецца з дапамогай розных формул, графікаў, схем, тэкставых ілюстрацый, цытавання вядомых вучоных і спасылак на іх, а таксама іншых сродкаў.

Навуковыя зносіны, такім чынам, адрозніваюцца дакладнасцю, лагіч­насцю, адназначнасцю, аб’ектыўнасцю, пэўнай «сухасцю» і строга­сцю выражэння думкі. Аднак усё гэта не выключае своеасаблівай экс­прэ­сіўнасці і скрытай эмацыянальнасці. Ступень праяўлення названых рысаў залежыць ад жанру, тэмы, галіны навукі, формы і сітуацыі зносін, аўтарскай індывіду­альнасці і некаторых іншых фактараў.

Асаблівай экспрэсіўнасцю і эмацыянальнасцю адрозніваюцца наву­ковыя творы палемічнага характару (дыскусійныя артыкулы, лекцыі і пад.); навукова-папулярная літаратура; працы, якія адрозніваюцца навіз­ной тэмы і праб­лематыкі і пад. У якасці моўных сродкаў узмац­нен­ня экспрэсіўнасці выказ­вання ўжываюцца ўзмацняльныя часціцы, зай­меннікі, прыслоўі (гэта былі толькі меркаванні, не было абса­лют­на ніякіх падстаў і пад.), эмацыя­нальна-экспрэсіўныя прыметнікі (жахлі­вае ўражанне, велізарная колькасць і пад.), вобразныя сродкі (прыліў падобны да высокага ўзгорку, радыкал...уступае, як і азот, ва ўзаемадзеянне і пад.), радзей пытальныя сказы і рытарычныя пытанні (Магчыма, тада мова – гэта ўсё сказанае і напісанае людзьмі? А як быць у гэтым выпадку з тым, што яшчэ будзе вымаўлена і напісана? (А. Я. Міхневіч) і некаторыя іншыя сродкі. Значна менш экспрэсіўных моўных сродкаў сустракаецца ў апісальных працах і апісальных частках навуковых твораў, вучэбнай літаратуры, інфармацыйных артыкулах ды іншых жанрах.

Пытанні і заданні:

1. Што такое літаратурная мова і чым яна адрозніваецца ад дыялектаў?

2. Што такое моўная норма? Якія нормы характэрныя для вуснай формы літаратурнай мовы, а якія – для пісьмовай?

3. Ужыванне якіх моўных сродкаў рэгулююць нормы?

4. У якіх формах існуе беларуская літаратурная мова? Назавіце іх спецыфіку і сферу ўжывання.

5. Што ляжыць у аснове класіфікацыі функцыянальных стыляў мовы?

6. Назавіце функцыянальныя стылі, сферу іх выкарыстання і моўныя сродкі выражэння. У чым праяўляецца ўзаемасувязь паміж стылямі?

7. Ахарактарызуйце навуковы стыль: укажыце асноўныя яго функцыі і спецыфічныя асаблівасці.

8. Назавіце асноўныя моўныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў навуковым маўленні.

9. Якія моўныя сродкі характэрны ўсім функцыянальным стылям, а якія толькі навуковаму?

Тэст «Уводзіны»

1. З якім значэннем ужыта слова мова ў словазлучэнні мова Івана Мележа?

1) здольнасць гаварыць,

2) сукупнасць унармаваных сродкаў выражэння славеснай творчасці, уласцівых індывідуальнай манеры,

3) сродак чалавечых зносін і выказвання думкі з уласцівымі яму фанетыка-граматычным ладам і лексічным фондам,

4) сістэма знакаў, гукаў, сігналаў, якія перадаюць інфармацыю.

2. Фразеалагізм размаўляць на розных мовах мае значэнне:

1) здольнасць гаварыць,

2) не разумець адзін аднаго,

3) іншасказальнае выказванне думак,

4) дасягнуць поўнага паразумення.

3. Камунікатыўная функцыя мовы – гэта...

1) функцыя набыцця і памнажэння ведаў аб навакольнай рэча­існасці і захавання, перадачы іх нашчадкам,

2) функцыя абазначэння аб'ектаў рэчаіснасці, іх уласцівасцей і адносін паміж імі,

3) функцыя зносін, узаемнага абмену інфармацыяй паміж членамі моўнага калектыву,

4) функцыя ўздзеяння на адрасата маўлення,

5) функцыя выражэння эмоцый, пачуццяў, перажыванняў, настрою.

4. Назавіце пісьменнікаў, якія друкавалі свае творы па-беларуску ў ХІХ стагоддзі:

1) Кастусь Каліноўскі,

2) Цётка,

3) В.Дунін-Марцінкевіч,

4) Якуб Колас,

5) Францішак Багушэвіч.

5. Вакол якой газеты ў пач. ХХ ст. групаваліся асноўныя сілы бела­рускай нацыянальнай інтэлігенцыі?

1) «Наша ніва», 2) «Наша хата»,

3) «Наша воля», 4) «Наша вёска».

6. «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча ўбачыла свет у

1) 1906 г., 2) 1914 г.,

3) 1918 г., 4) 1920 г.

7. У якім годзе была прынята пастанова «Аб практычных мерапры­м­ствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі», з якой пачынаецца працэс беларусізацыі?

1) 1920, 2) 1924,

3) 1926, 4) 1928.

8. У якім годзе праходзіла Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі?

1) 1920, 2) 1924,

3) 1926, 4) 1928.

9. У якім годзе Вярхоўны Савет БССР прымае закон «Аб мовах у Беларускай ССР»?

1) 1989, 2) 1990,

3) 1992, 4) 1995.

10. Сукупнасць усіх гаворак нацыянальнай мовы – гэта...

1) кінетычная мова, 2) літаратурная мова,

3) дзяржаўная мова, 4) дыялектная мова.

11. Унармаваная мова, якая абслугоўвае культурныя запатрабаванні грамадства і выконвае камунікатыўную функцыю ў мастацкай літаратуры, навуцы, публіцыстыцы, радыё, тэатрах, дзяржаўных установах.

1) кінетычная мова, 2) дыялектная мова,

3) літаратурная мова, 4) дзяржаўная мова.

12. Назавіце рысы, уласцівыя літаратурнай мове:

1) пісьмовая фіксацыя,

2) нарматыўнасць,

3) аднафункцыянальнасць,

4) існаванне ў вуснай і пісьмовай формах,

5) неапрацаванасць.

13. Пісьмовая фіксацыя моўнай нормы ў нарматыўных граматыках, даведніках і слоўніках.

1) ратыфікацыя, 2) кадыфікацыя, 3) мадыфікацыя,

4) субстытуцыя, 5) уніфікацыя.

14. Назавіце характэрныя рысы вуснай формы літаратурнай мовы:

1) абслугоўвае паўсядзённыя патрэбы людзей,

2) спрыяе ўстойлівасці літаратурнай мовы,

3) не дапускае парушэння нормаў,

4) выкарыстоўваецца ў кніжных стылях,

5) вызваляе літаратурную мову ад застарэлых слоў і формаў.

15. Якая норма парушана ў выразах адчыніць кнігу, адкрыць вочы, разгарнуць акно?

1) арфаграфічная, 2) арфаэпічная, 3) граматычная,

4) лексічная, 5) пунктуацыйная.

16. Якая норма парушана ў выразах дзякую вас, прабачце мяне, пайсці за грыбамі?

1) арфаграфічная, 2) арфаэпічная, 3) лексічная,

4) граматычная, 5) пунктуацыйная.

17. Вызначце стыль тэксту:

Многімі стагоддзямі складвалася, шліфавалася і ўзбагачалася бела­руская мова на нашай зямлі. Тысячы і тысячы людзей слоўца да сло­ўца, гук да гука, песню да песні збіралі і зберагалі гэты неацэнны скарб. І кожнае пакаленне хацела і старалася дабавіць да яго што­сь­­ці сваё, дарагое, вартае доўгай памяці. Мільёны прыходзілі ў гэты свет і пакідалі яго з матчыным словам на вуснах. І ніколі гэта не бы­ло ў крыўду ні суседзям, ні сябрам, ні далёкім заморскім насель­нікам, бо і ў іх была свая мова, непаўторная і любімая, якая таксама суправаджала іх ад калыскі да труны. А пасяляючыся на чужой зям­лі, продкі нашы сваім абавязкам лічылі прыняць новае для іх сло­ва і падзяліцца сваім. Такія традыцыі, такія няпісаныя законы яны перадалі нам. І сёння мы не можам не памятаць гэтага, не раіцца з тымі, хто жыў да нас. Не мы стварылі нашу мову, і нам трэба вельмі асцярожна абыходзіцца з ёю, каб не абразіць волю і вопыт тых беларусаў, што адышлі ў гісторыю чалавецтва. (Г.Бураўкін)

1) мастацкі, 2) размоўны, 3) публіцыстычны,

4) афіцыйна-справавы, 5) навуковы.

18. Адзначце, моўныя сродкі якога стылю выкарыстаў пісьменнік:

Не ведаючы тэорыі вольных вершаў,

Не чуўшы нічога

Пра факт існавання авангардызму,

Мама

Лісты мне пісала верлібрам

Без знакаў прыпынку,

Без абавязковых вялікіх літар.

Падчас у радок

Прарываліся самі рыфмы,

Як вецер зімовы ў комін

Ці восеньскі той,

Што далічваў лісты на яблыні. (Максім Танк)

1) навуковага, 2) публіцыстычнага,

3) афіцыйна-справавога, 4) размоўнага.

19. Адзначце рысы, якія вызначаюць афіцыйна-справавы стыль:

1) наяўнасць моўных штампаў,

2) адсутнасць вобразных сродкаў,

3) непадрыхтаванасць,

4) наяўнасць суб'ектыўнай ацэначнасці,

5) прадпісальны характар.

20. Адзначце тэксты мастацкага стылю:

1) верш, 2) камедыя, 3) лекцыя,

4) раман, 5) дапаможнік.







Дата добавления: 2015-08-30; просмотров: 5173. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Картограммы и картодиаграммы Картограммы и картодиаграммы применяются для изображения географической характеристики изучаемых явлений...

Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Методы анализа финансово-хозяйственной деятельности предприятия   Содержанием анализа финансово-хозяйственной деятельности предприятия является глубокое и всестороннее изучение экономической информации о функционировании анализируемого субъекта хозяйствования с целью принятия оптимальных управленческих...

Образование соседних чисел Фрагмент: Программная задача: показать образование числа 4 и числа 3 друг из друга...

Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Эндоскопическая диагностика язвенной болезни желудка, гастрита, опухоли Хронический гастрит - понятие клинико-анатомическое, характеризующееся определенными патоморфологическими изменениями слизистой оболочки желудка - неспецифическим воспалительным процессом...

Признаки классификации безопасности Можно выделить следующие признаки классификации безопасности. 1. По признаку масштабности принято различать следующие относительно самостоятельные геополитические уровни и виды безопасности. 1.1. Международная безопасность (глобальная и...

Прием и регистрация больных Пути госпитализации больных в стационар могут быть различны. В цен­тральное приемное отделение больные могут быть доставлены: 1) машиной скорой медицинской помощи в случае возникновения остро­го или обострения хронического заболевания...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.009 сек.) русская версия | украинская версия