Студопедия — 3 страница. У 1764 г. каралём Рэчы Паспалітай быў выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які лічыўся стаўленікам суседніх дзяржаў
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

3 страница. У 1764 г. каралём Рэчы Паспалітай быў выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які лічыўся стаўленікам суседніх дзяржаў






Падзелы Рэчы Паспалітай

 

У 1764 г. каралём Рэчы Паспалітай быў выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які лічыўся стаўленікам суседніх дзяржаў. Вакол караля аб’ядналіся магнаты і шляхта, якія марылі аб адраджэнні Рэчы Паспалітай. Улады пачалі паступовыя эканамічныя рэформы: адчыняліся дзяржаўныя і прыватныя мануфактуры, будаваліся каналы, арганізоўваліся кірмашы, падтрымліваўся міжнародны гандаль. Соймы працавалі ў рэжыме канфедэрацыі, калі права libеrum veto не дзейнічала. Але ў 1767 г. щнутрыпалітычная сітуацыя зноў пагоршылася. Дзякуючы падтрымцы Расіі і Прусіі, дысідэнты (пратэстанцкая і праваслаўная шляхта) стварылі Слуцкую і Торуньскую канфедэрацыі, якія запатрабавалі ўраўнавання сваіх правоў з католікамі. Пад націскам Расіі вальны сойм у 1768 г. прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. У адказ каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю, якая пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена толькі ў 1771 г. расійскімі войскамі. У 1772 г. Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі дамову аб першым падзеле Рэчы Паспалітай, па якой Расіі перадаваліся ўсходняя і паўночная часткі Беларусі. Урад С.А. Панятоўскага працягваў рэформы па паляпшэнні становішча Рэчы Паспалітай. Была створана Адукацыйная камісія. Чатырохгадовы сойм 1788 – 1791 гг. прыняў Канстытуцыю 1791 г., першую ў Еўропе і другую ў свеце пасля ЗША. Канстытуцыя ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Каралеўства Польскае, захавала шляхецкія правы, улада караля перадавалася па спадчыне. Разам з тым, палепшылася становішча мяшчан, гарады маглі мець сваё прадстаўніцтва ў сойме, адмянялася права liberum vetо, дзяржава абяцала клапаціцца пра прыгонных сялян, магнацкія войскі ўваходзілі ў склад агульнай арміі. Прыняцце Канстытуцыі было сустрэта ў суседніх дзяржавах з прахалодай. Расійская імператрыца Кацярына ІІ лічыла гэты акт асабліва небяспечным. Пры падтрымцы Расіі ў 1792 г. была створана Таргавіцкая канфедэрацыя, якая разам з расійскімі войскамі выступіла супраць Канстытуцыі. У 1793 г. адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі ўвайшла цэнтральная Беларусь. Канстытуцыя 1791 г. была адменена. У 1793 г. апошні сойм Рэчы Паспалітай ў Гродне прыняў новую Канстытуцыю, якая захавала федэратыўны характар дзяржавы і ўзнавіла выбарнасць караля. 24 сакавіка 1794 г. у Польшчы пачалося патрыятычнае паўстанне, якое ўзначаліў генерал Т. Касцюшка. У красавіку паўстанне перакінулася на ВКЛ. Тут яго ўзначальваў радыкальна настроены палкоўнік Якуб Ясінскі. Паўстанцы стварылі рэвалюцыйны ўрад. Прыняты імі ў маі Паланецкі універсал фактычна адмяняў прыгоннае права. Сяляне, расплаціўшыся з панамі за даўгі, станавіліся вольнымі. У ВКЛ тэрмінова былі ўведзены расійскія войскі. Спрэчкі паміж паўстанцамі і аб’ектыўная немагчымасць адначасова змагацца з Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй прывялі да паражэння паўстання. У кастрычніку 1795 г. адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай – яна канчаткова была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі. У склад Расіі перайшла заходняя частка Беларусі, акрамя Беластоцкага рэгіёна, які ўвайшоў у склад Прусіі і ў 1807 г. быў перададзены Расіі Напалеонам Банапартам.

 

Беларуская культура эпохі Рэчы Паспалітай (1569–1795)

 

Значны ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569–1795 гг. аказалі рэлігійныя працэсы (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная унія), пазнейшы эканамічны заняпад і палітычны крызіс. У беларускай літаратуры таго перыяду летапісны жанр саступае месца новым напрамкам: публіцыстыцы, палітычнай сатыры, паэзіі, гісторыка-мемуарнай літаратуры. Пад уплывам рэфармацыі і контррэфармацыі з’яўляюцца публіцыстычныя творы С. Буднага, В. Цяпінскага, П. Скаргі, І. Пацея, М. Сматрыцкага, Л. Карповіча, братоў Зізаніяў. Адметнымі ўзорамі мемуарнай літаратуры становяцца дыярыушы - свецкія дзённікі. Прыкладам можа служыць "Дзённік" наваградскага падсудка Федара Еўлашоўскага (1546 – 1616), "Дыярыуш" А. Філіповіча (1597? – 1648), якія ярка апісваюць скандальныя і трагічныя падзеі гісторыі Бацькаўшчыны. У другой палове XVII – ХVIII стcт. мемуарыстыка становіцца шматмоўнай. Вялікую цікавасць выклікаюць уласныя ўспаміны аб шматлікіх падарожжах наваградскай лекаркі Саламеі Пільштыновай (Русецкай). Да ранняй эпісталярнай спадчыны адносяцца "Допісы" аршанскага старасты Філона Кміты-Чарнабыльскага (1530 – 1587), у якіх аўтар піша аб пагранічным жыцці, аб планах Івана ІV у адносінах да ВКЛ. Таленавіты вучоны і публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч М. Сматрыцкі (1577 – 1633) больш вядомы сваім сучаснікам як пісьменнік-палеміст, аўтар шматлікіх твораў, сярод якіх вылучаецца "Фрынас" (1610), дзе пісьменнік выступае супраць акаталічвання і прыняцця царкоўнай уніі. За выданне гэтага твора быў прыгавораны да турэмнага зняволення другі пісьменнік-публіцыст, педагог, царкоўны дзеяч, адметны прадстаўнік аратарскай прозы Лявонцій Карповіч (1580–1620). З канца ХVІ ст. ў еўрапейскай літаратуры і мастацтве вылучаецца стыль барока, які бярэ сабе на ўзбраенне каталіцкая царква ў барацьбе з рэфармацыйнымі плынямі. Ён характарызуецца кантраснасцю, параднасцю, рухавасцю формы, апеляцыяй да пачуццяў, супярэчлівасцю, метафарычнасцю. У літаратуры гэта праяўляецца ў з’яўленні "высокай" паэзіі, адметным прадстаўніком якой становіцца паэт і драматург, кнігавыдавец, асветнік і грамадскі дзеяч С. Полацкі (1629 – 1680). Найбольш значнымі яго творамі сталі зборнікі паэтычных твораў "Ветроград многоцветный" і "Рифмологион". Новай для беларускай паэзіі стала палітычная сатыра ("Прамова Мялешкі", "Ліст да Абуховіча"), якая высвятляе заганы тагачаснасга грамадства. Значную ролю ў культурным жыцці грамадства ў гэты час стаў адыгрываць тэатр. Адным з першых на Беларусі стала батлейка – народны лялечны тэатр, вядомы яшчэ з ХVІ ст. Яе рэпертуар складаўся з 2 частак – кананічнай і свецкай. Прадстаўленне гэтага своеасаблівага "тэатра аднаго акцёра" складалася з песень, танцаў, дыялогаў і маналогаў. У ХVІІ ст. з развіццём школьнай адукацыі і драматургіі асобую ролю набывае школьны тэатр. У ім ставіліся п’есы як рэлігійнага і гістарычнага зместу, так і інтэрмедыі – кароценькія п’ескі на беларускай ці польскай мове, пантамімы, танцы, што выконваліся паміж дзеямі спектакля. Вядомы 24 дэкламацыі С. Полацкага, напісаныя ім для тэатраў брацкіх школ. Галоўным героем інтэрмедый стаў разумны і дасціпны беларускі селянін. У 1787 г. на змену традыцыйнай школьнай інтэрмедыі прыходзяць першыя драмы, напісаныя на беларускай народнай мове – "Камедыя" К. Марашэўскага і "Лекар міжволі" М. Цяцерскага. У ХVІІІ ст. адметнай з’явай культуры становіцца прыгонны тэатр, трупа якога складалася пераважна з залежных сялян. Рэпертуар першага з іх – Нясвіжскага – складаўся першапачаткова з 16 п’ес і оперных лібрэта Уршулі Францішкі Радзівіл. У другой палове ХVІІІ ст. з'яўляюцца прыватныя тэатры ў Слоніме, Гародні, Шклове, Ружанах і інш. Пры іх утрымліваліся музычныя капэлы, аркестры. Для падрыхтоўкі артыстаў оперы і балета ствараліся балетныя школы (у Слоніме, Слуцку). На сто год раней, чым на Захадзе, на Беларусі пачалі скарыстоўваць у афармленні спектаклей павільёны. У 70-я гады ХVІІІ ст. працаваў "плавучы тэатр" на Агінскім канале. Беларускія акторы складалі аснову труп сталічных, у тым ліку Варшаўскага, тэатраў. У другой палове ХVІ ст. барочны стыль пачынае ўсталёўвацца ў беларускай архітэктуры. Першым творам гэтага стылю стаў нясвіжскі касцёл езуітаў (архітэктар – італьянец Я.М. Бернардоні (1554–1593)), прататыпам якога стаў рымскі храм Іль Джэзу. Увогуле, стыль барока ў беларускай архітэктуры меў некалькі этапаў свайго развіцця. 1-ы этап – ранні – канец ХVІ – першая палова ХVІІ ст. – характарызуецца пошукам формаў, стратай абарончых функцый; паступовым пераходам замкавага дойлідства ў палаца-замкавае. У культавым дойлідстве фарміруецца базілікальны тып храма з бязвежавым, а пазней з двухвежавым фасадам (касцёлы езуітаў у Гародні, дамініканцаў у Стоўбцах). 2-гі этап – сталы – другая палова ХVІІ ст. –1730-я гады: стабілізацыя 2- вежавай базілікі, павелічэнне колькасці ярусаў вежаў, пластычная насычанасць фасадаў (Мікалаеўская царква ў Магілёве). Распаўсюджваецца палацава-сядзібнае будаўніцтва (комплексы ў Нясвіжы, Слоніме, Гародні, Воўчыне). Для іх характэрна П-падобная кампазіцыя з анфіладай, парадным дваром, багатым дэкорам і фасадаў і інтэ’ераў. 3-ці этап –позні – у культавай архітэктуры – "віленскае барока" (1730-я –80-я гг.). Важную ролю ў развіцці гэтага адметнага для нашых зямель напрамку адыграла дзейнасць Я.К. Глаўбіца. Стыль вызначаецца пластычнасцю аб’ёмаў, маляўнічасцю сілуэта, стромкімі шмат'яруснымі ажурнымі вежамі, фігурнымі франтонамі, багаццем архітэктурнага дэкору (уніяцкі Сафійскі сабор у Полацку, Спаская царква ў Магілёве, ратуша ў Віцебску). У культавым драўляным дойлідстве фарміруюцца адметныя традыцыі на Палессі і паўночным усходзе. Палессе прадстаўлена 2 групамі храмаў, – яруснай кампазіцыі з 2-3- шатровымі вярхамі і асіметрычнымі падоўжанай кампазіцыі з вежай на галоўным фасадзе. Паўночна-ўсходняя традыцыя характарызуецца высокімі зрубамі, завершанымі 2-схільнымі дахамі ці шатрамі. Выяўленчае мастацтва адчула на сабе ўплыў заходнееўрапейскіх і візантыйскіх тэндэнцый, але ўсё ж характарызавалася захаваннем нацыянальных традыцый, выпрацоўкай асабістых прынцыпаў. У выніку сінтэзу розных напрамкаў фарміруецца асабістая іканапісная школа (канчаткова – у ХVІІІ ст.), прадстаўленая адметнымі магілёўскай, палескай, полацка-віцебскай, гарадзенскай, слуцка-мінскай плынямі. Для беларускага іканапісу характэрна спалучэнне сімвалізму выяўленчай мовы з вострахарактарным тыпажом, дакладнасць перадачы дэталяў. У ХVІІ ст. з’яўляецца спроба перадачы прасторы, натуральных прапорцый, свецкае ўбранне асобных персанажаў ("Нараджэнне Багародзіцы" Пятра Яўсеевіча з Галынца). Значны ўплыў на развіццё беларускага іканапісу аказала уніяцтва. У дэкоры абразоў ужываўся раслінны арнамент фону, залачэнне, серабрэнне і часам аздабленне эмалямі; адчуваецца ўплыў рэнесансу і барока ("Ушэсце Хрыста" са Случчыны). Манументальны жывапіс таксама характарызуецца значным уплывам народных традыцый: пры роспісах храмаў выкарыстоўваўся мясцовы пейзаж, разнастайная палітра колераў, простанородныя персанажы (роспісы Богаяўленскага манастыра і Мікалаеўскай царквы ў Магілёве). У ХVІІ ст., з распаўсюджваннем у жывапісе барока, для храмавых роспісаў становяцца характэрнымі багаты ўзор, дынамізм кампазіцыі, прасторавасць, характарнасць і канкрэтнасць персанажаў ("Варвара пакутніца" з Лунінца, "Святая сям’я" з Гарадзеншчыны). Манументальны жывапіс не стаў традыцыйным для замкавай архітэктуры; праўда, некаторыя княжацкія палацы ўпрыгожваліся фрэскамі. Папулярным відам станкавага жывапісу становіцца партрэт – "сармацкі" (Кшыштафа Весялоўскага, Януша Радзівіла), "парадны" (М.К. Агінскага), трунны (Аляксандра Пацея). Стылістычныя прыёмы партрэтнага жывапісу характарызуюцца скаванасцю позы, дакладнай перадачай дэталяў адзення і ўпрыгожванняў. Ствараліся радавыя галерэі (Тызенгаўза у Паставах, Тышкевічаў, Радзівілаў). Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі характарызуецца з’яўленнем вытворчасці мастацкага шкла (першыя мануфактуры – у Налібаках і Урэччы), рэльефнай паліхромнай кафлі (у Маскве ёю былі аздоблены Пакроўскі сабор у Ізмайлаве, цэнтральны палац і царква ў Крамлі і інш.), слуцкіх паясоў. Своеасаблівым вынаходніцтвам беларускіх майстроў стала "беларуская рэзь" – манументальная дэкаратыўна-ажурная разьба на дрэве, якой аздабляліся храмы і палацы ў Маскоўскай дзяржаве ХVІІ ст. (іканастас Новадзявочага манастыра) – пышны раслінна-жывёльны арнамент з чалавечымі фігуркамі, пазалотай. Дарэчы, у Маскве выхадцы з Беларусі паклалі пачатак так званаму стылю "нарышкінскага" барока. Пасля падпісання Люблінскай уніі (1569) уплыў Польшчы на беларускую культуру становіцца ўсё больш значны. Беларуская мова паступова выцясняецца, а ў 1696 г. сойм прымае пастанову аб ужыванні ў дзяржаўным справаводстве выключна польскай мовы. У пачатку ХVІІІ ст. былі зачынены амаль усе брацкія школы і друкарні. У кнігавыданні пачала пераважаць лацінка. Асноўным носьбітам беларускай мовы застаўся народ. Пашыралася паланізацыя і акаталічванне краю. З апошняй чвэрці ХVІІІ ст. на беларускіх землях пачынаюць распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва – антыфеадальнай буржуазнай ідэалогіі перыяду станаўлення капіталістычных адносін. Яна сцвярджала прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці грамадства, асобы і дзяржавы. Асаблівымі рысамі беларускага Асветніцтва можна назваць адсутнасць рашучага рэвалюцыйнага і матэрыялістычнага характару, арыентацыю на вырашэнне сялянскага пытання; носьбітамі ідэй асветніцтва сталі дваранства і духавенства. Беларуская літаратура ў гэты час развіваецца марудна; для яе характэрны полілінгвістычны характар. У Еўропе яшчэ з канца ХVІІ ст. пачынаецца працэс секулярызацыі жыцця, што вылілася, перш за ўсё, у пераходзе школьнай адукацыі з-пад кантролю царквы пад апеку дзяржавы. У 1773 г. ў Рэчы Паспалітай быў ліквідаваны ордэн езуітаў. Гэта супала з пачаткам рэформы ў сферы адукацыі – стварэннем адукацыйнай камісіі. Яна імкнулася ўсталяваць поўны кантроль над усёй сістэмай асветы ў краіне. Прадугледжваўся свецкі характар, шматпрадметнасць і 3-ступенчатасць сістэмы адукацыі: (прыходскія, акруговыя і падакруговыя школы, Галоўная школа ВКЛ (былая Віленская езуіцкая акадэмія)). Але запланаванае адукацыйнай камісіяй не было праведзнна ў жыццё, гэтаму супрацьстаяла каталіцкае духавенства, феадалы і рэаліі часу – падзелы Рэчы Паспалітай. Ідэі Асветніцтва паўплывалі на творчасць філосафа К. Лышчынскага (1634? – 1689), які напісаў трактат "Аб неіснаванні бога", Г. Каніскага (1717–1795), І. Капіевіча. Да прац, што ўтрымлівалі ідэі свецкага развіцця навук, адносяцца работы філосафаў К. Нарбута і Б. Дабшэвіча, матэматыка і астранома М. Пачобута-Адляніцкага, гісторыка А. Нарушэвіча. Ідэі французскіх асветнікаў прапагандавалі прыдворныя тэатры. Становішча культуры беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай было вельмі няпростым. Адыходзіць у нябыт "залаты век", узмацняецца польскі ўплыў. Носьбітамі сапраўды беларускай мовы, культуры, традыцый становяцца сяляне і гарадскія нізы.

 

Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – першая палова XIX ст.)

 

Далучэнне Беларусі да Расіі не ўнесла істотных змен у характар сацыяльных адносін. "Жалованная грамота дворянству" 1785 г. ўраўноўвала беларускую шляхту ў правах з расійскім дваранствам. На Беларусі працягваў дзейнічаць Статут 1588 г. Не забаранялася каталіцкая і уніяцкая царква. У афіцыйным справаводстве ўжывалася польская мова. Пачатак ХІХ ст. нават лічыцца пікам паланізацыі беларускіх зямель. Разам з тым, большасць гарадоў і мястэчак страцілі права самакіравання. Пагоршылася становішча прыгонных сялян: цяпер яны маглі прадавацца ўласнікам без зямлі і адлучацца ад сям’і. У газетах Санкт-Пецярбурга беларускія памешчыкі часта размяшчалі аб'явы аб продажы сялян. Павялічылася і эксплуатацыя сялянскай працы. Так, у 1785 г. па загадзе князя Р. Пацёмкіна ў Крычаўскім старостве пачалі працаваць некалькі мануфактур і суднаверф, якія мелі надзвычай важнае значэнне для пабудовы расійскага Чарнаморскага флоту. Для працы на мануфактурах і суднаверфі былі сагнаны сотні сялян. Жанчыны староства былі абавязаны здаваць па 6 пудоў пражы ў год для вытворчасці канатаў і парусіны. Кацярына ІІ і яе сын Павел І выдавалі акты, якія павінны былі палегчыць становішча сялян, аднак яны не выконваліся памешчыкамі. Дзяржаўныя маёнткі актыўна перадаваліся ў рукі расійскіх дваран. Астатнія здаваліся ў арэнду. У 1794 г. была ўведзена мяжа яўрэйскай аседласці. Уся тэрыторыя Беларусі была падзелена на губерні і паветы (уезды). Для кантролю палітычнай сітуацыі ствараліся генерал-губернатарствы з цэнтрамі ў Мінску і Вільне. У 1803 г. быў адчынены Віленскі універсітэт. Дазвалялася адкрыццё школ для сялян, але навучаць іх пісьменнасці забаранялася. Нягледзячы на значныя саступкі, шляхта Беларусі імкнулася да адраджэння ВКЛ. З гэтай мэтай група дзяржаўных дзеячаў на чале М.К. Агінскага ў 1811 – 1812 гг. падала цару спецыяльны праект. Але зацверджаны ён не быў. 24 чэрвеня 1812 г. 600-тысячная армія Напалеона, у склад якой уваходзіла 100 тысяч палякаў, перайшла межы Расіі і на працягу аднаго месяца заняла большую частку Беларусі. Расійскія войскі арганізавана адступалі, наносячы непрыяцелю цяжкія паражэнні. Пад Смаленскам расійскія арміі аб’ядналіся. Спадзяванне Напалеона разбіць іх па адной не спраўдзілася. Многія шляхціцы і гараджане сустракалі напалеонаўскія войскі як вызваліцеляў. 1 ліпеня 1812 г. ў Вільне Напалеон стварыў асобны ўрад ВКЛ. У яго армію ўступіла каля 20 тысяч добраахвотнікаў. Сярод сялян распаўсюдзіліся чуткі, быццам бы французы адменяць прыгоннае права. Яны адмаўляліся выконваць павіннасці, беглі ў лясы, палілі панскія маёнткі, супраціўляліся напалеонаўскім салдатам. Напалеону ўдалося захапіць Маскву, але восенню 1812 г. ён пачаў адступленне. Баі зноў перамясціліся на Беларусь. Пры пераправе праз раку Бярэзіна ля вёскі Студзёнка французкі імператар згубіў амаль палову сваёй арміі. 5 снежня Напалеон пакінуў лагер у Смаргоні і збег у Парыж. 13 снежня толькі 1600 салдат яго арміі здолелі пакінуць Расію. Вайна нанесла Беларусі вялікія чалавечыя і эканамічныя страты. Толькі ў Мінскай губерні загінула больш за 50 тысяч чалавек. У Віцебскай губерні не засталося ніводнага каня.   Пасля вайны 1812 г. рух супраць царызму не зменшыўся. Гэта асабліва адлюстравалася ў дзейнасці таемных дэмакратычных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, якія існавалі ў 1816 – 1823 гг. і ставілі сваёй мэтай адраджэнне Рэчы Паспалітай. На Беларусі да 1825 г. таксама вялі працу і дзекабрысцкія арганізацыі, якія рыхтавалі паўстанне супраць цара. Так, на Беласточчыне дзейнічала Таварыства ваенных сяброў на чале капітана К. Ігельстрома (1825). У 1830 г. ў Польшчы пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Хутка яно перакінулася і на землі былога ВКЛ. На Віленшчыне падрыхтоўку да паўстання вёў таемны "акадэмічны саюз". Большасць паўстанцаў мела шляхецкае паходжанне. У чэрвені паўстанцы пацярпелі паражэнне ад расійскай арміі і адступілі ў Польшчу. Хутка расійскія войскі занялі Варшаву. Імкнучыся прадухіліць паўстанні ў далейшым, царскі ўрад зачыніў Віленскі універсітэт (1832). У 1831 на ўсходзе і ў 1840 г. на захадзе Беларусі спынялася дзейнасць Статута 1588 г. Па ўказе 1831 г. шляхціцы, якія не былі здольныя даказаць шляхецкае паходжанне, пазбаўляліся дваранскіх правоў. Полацкі царкоўны сабор 1839 г. прыняў рашэнне аб далучэнні уніятаў да праваслаўных. Акрамя таго, у афіцыйным звароце была забаронена польская мова, шляхта траціла права насіць нацыянальную вопратку. Але рэпрэсіі не спынілі барацьбы. У 1830 – 1840 гг. на Беларусі працягвалі дзейнічаць таемныя арганізацыі: "Дэмакратычнае таварыства" Ф. Савіча,, "Саюз свабодных братоў", арганізацыя Г. Брынко і Н. Навіцкага ў Гродзенскай губерні. Даследчыкі лічаць, што таемных таварыстваў магло быць на самай справе значна болей. Пра іх дзейнасць мы ведаем толькі ў тых выпадках, калі яны раскрываліся жандармерыяй. У першай палове ХІХ ст. пачаўся крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Далучэнне да Расійскай імперыі некалькі палепшыла агульны эканамічны стан. Расійскі рынак паглынаў значную колькасць прадукцыі, якая выраблялася на беларускіх землях. На поўначы Беларусі хутка развіваліся льнаводства і бульбаводства. На захадзе і ў цэнтральных раёнах – авечкагадоўля. Вельмі прыбытковай справай была вытворчасць спірту і гарэлкі. Яны ўжываліся на месцы. Значная колькасць спірту і гарэлкі экспартавалася за мяжу. Аднак большасць зямель (70 %) належала памешчыкам. У карыстанні сялян знаходзілася толькі 27 % зямельнага фонду. Каб зрабіць свае маёнткі больш прыбытковымі, памешчыкі ўзмацнялі эксплуатацыю прыгонных. Акрамя паншчыны і высокага аброку сяляне неслі шмат іншых павіннасцей. Люстрацыя і рэформа кіравання дзяржаўнымі маёнткамі, якія былі праведзены міністрам дзяржаўнай маёмасці П.Д. Кісялёвым (1837 – 1841), крыху аблягчылі становішча дзяржаўных сялян. Але іх колькасць на Беларусі была невялікай. Большасць прыгонных сялян залежала ад памешчыкаў. Існаванне прыгоннага права не спрыяла хуткаму развіццю прамысловасці і тэхналогій. Жорсткае заканадаўства абмяжоўвала і эканамічную актыўнасць яўрэйскага насельніцтва, якое складала значную частку жыхароў гарадоў. Тэхнічнае і эканамічнае адставанне Расійскай імперыі асабліва выразна праявілася падчас Крымскай вайны, таму ў другой палове 1850-\х гг. урад пачаў падрыхтоўку да рэформ.

 

 

Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.

 

20 лістапада 1857 г. на імя віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава быў накіраваны царскі рэскрыпт, які дазваляў ствараць дваранскія камітэты і агульную камісію ў Вільне для распрацоўкі праекта адмены прыгоннага права. Аднак большасць памешчыкаў выступіла супраць вызвалення сялян з зямлёй. Таму Аляксандрам ІІ была створана спецыяльная Рэдакцыйная камісія. Распрацаваны ёю Маніфест аб адмене прыгоннага права і шэраг спецыяльных палажэнняў былі выдадзены 19 лютага 1861 г. Сяляне атрымоўвалі асабістую свабоду і права распараджацца сваёй маёмасцю. Ва ўласнасці памешчыкаў заставаліся ўсе землі, але ў пастаяннае карыстанне сялян пераходзілі іх сядзібы і палявыя надзелы, за што сяляне на працягу 9 гадоў павінны былі знаходзіцца ў стане часоваабавязаных – адпрацоўваць паншчыну і выплачваць аброк. За гэты час сяляне і памешчык павінны былі з дапамогай міравога пасрэдніка (ён выбіраўся з ліку дваран) дамовіцца аб памерах надзелаў (звычайна яны змяншаліся) і выкупных плацяжах за зямлю, якія былі ў некалькі разоў вышэйшыя за рынкавыя цэны, бо разлічваліся з сумы гадавога аброку. Сяляне выплочвалі памешчыку толькі 20 – 25 % ад выкупнога плацяжу. Астатняе памешчыку выплочвала дзяржава каштоўнымі паперамі. Але праз 49 гадоў селянін павінен быў аддаць запазычанасць дзяржаве з улікам 6 % гадавых. Вынікам рэформы была не толькі ліквідацыя прыгоннага ладу, але і паскарэнне капіталістычных адносін. Многія памешчыкі былі вымушаны інтэнсіфікаваць сваю гаспадарку, астатнія не вытрымлівалі канкурэнцыі і перапрадавалі свае землі чыноўнікам, гараджанам і сялянам. Але большасць сялян таксама пазбаўлялася зямлі ў выніку хуткага росту насельніцтва. На пачатку ХХ ст. толькі 8 – 10 % сялянскіх гаспадарак былі заможнымі, 60 % – бядняцкімі. Бедныя сяляне шукалі працы ў памешчыкаў, а таксама на гарадскіх прадпрыемствах, часта за межамі Беларусі. Адмена прыгоннага права супала з актывізацыяй новай хвалі рэвалюцыйнага руху на землях былой Рэчы Паспалітай. Рэвалюцыянеры падзяляліся на "белых" і "чырвоных". Большасць "белых" паходзіла з памешчыцкіх колаў. "Чырвоная" плынь была значна больш стракатай па паходжанні. Калі "белыя" ставілі перад сабой мэту – толькі адраджэнне былой дзяржавы, то "чырвоныя" – вырашэнне эканамічных і сацыяльных пытанняў. Летам 1862 г. прадстаўнікі "левых" для падрыхтоўкі паўстання стварылі ў Вільне Літоўскі правінцыяльны камітэт (ЛПК). На чале яго стаяў выдатны дзеяч беларускага дэмакратычнага руху Канстанцін Каліноўскі. Ён выступаў за разгортванне сялянскай рэвалюцыі. Шляхта, на яго думку, з'яўлялася "прагніўшай і разбэшчанай кастай". Разам з У. Урублеўскім і Ф. Ражанскім у 1862 – 1863 гг. К. Каліноўскі выдаваў першую нелегальную газету на беларускай мове "Мужыцкая праўда". У студзені 1863 г. ў Польшчы пачалося паўстанне. 1 лютага 1863 г. ЛПК таксама звярнуўся да насельніцтва з адозвай браць у рукі зброю. У паўстанні прымала актыўны ўдзел шляхта, некалькі ў меншай ступені – сяляне. Ваенныя дзеянні паўстанцаў нагадвалі партызанскія акцыі – адкрыта ўступаць у бітву з расійскімі войскамі большасць не рашалася. 24 красавіка 1863 г. атрад Л. Звяждоўскага захапіў павятовы цэнтр Горкі. У гэтым чыне яму дапамагалі студэнты мясцовага земляробчага інстытута. Аднак спрэчкі паміж "белымі" і "чырвонымі", дрэнная падрыхтоўка і рэпрэсіі царскага ўрада прывялі да паражэння паўстання. 22 сакавіка 1864 г. захоплены ў палон К. Каліноўскі быў пакараны смерцю. Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў, які атрымаў ад цара неабмежаваныя паўнамоцтвы, жорстка распраўляўся з паўстанцамі. 128 з іх былі пакараны смерцю, 800 – адпраўлены на катаргу, больш за 12 тысяч – высланы з Беларусі. Памешчыкі і сяляне–католікі абмяжоўваліся ў сваіх правах. Быў зачынены Гора-Горацкі земляробчы інстытут, апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі. Фактычна была забаронена і беларуская мова. Разам з тым, сяляне былі вызвалены ад стану часоваабавязаных. Беззямельныя сяляне атрымоўвалі невялікія надзелы. Пасля падаўлення паўстання царызм таксама правёў некаторыя ліберальныя рэформы: земскую (1864), судовую (1864), гарадскую (1870) і ваенную (1874). Аднак на Беларусі з-за недаверу царскага ўрада да мясцовага насельніцтва гэтыя рэформы ў поўным аб’ёме прайшлі толькі на пачатку ХХ ст. Рэформы 1860 – 1870-х гг. спрыялі развіццю таварнай вытворчасці. З 1880-х гг. сельская гаспадарка Беларусі паступова пераходзіць ад пераважнага вырошчвання зерневых культур да спецыялізацыі ў малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве і бульбаводстве. У прамысловасці назіраецца пераход ад мануфактурнай да фабрычнай вытворчасці. Яе канцэнтрацыя абумовіла стварэнне акцыянерных таварыстваў. З Беларусі вывозіліся лес, запалкі, тканіны, абутак, кафля, гарбарныя вырабы і інш. Значную ролю пачалі адыгрываць банкі. Асабліва хутка ішло будаўніцтва чыгункі: у 1870 г. працягласць чыгуначных ліній складала 302 км., у 1902 г. – 2752 км., 1914 г. – 3900 км. Але з-за канкурэнцыі з суседнімі буйнымі прамысловымі рэгіёнамі Расійскай імперыі прамысловасць на Беларусі ўвогуле развівалася марудна. У другой палове ХІХ ст. у палітычны рух актыўна ўключыліся спачатку прадстаўнікі трэцяга саслоўя – разначынцы, а на пачатку ХХ ст. – і рабочыя. У 1880-я гг. ў Пецярбургу дзейнічала беларуская народніцкая група "Гоман", якая выдавала нелегальны часопіс на беларускай мове. У 1881 г. адзін з удзельнікаў "Гоману", І. Грынявіцкі, разам з рускімі рэвалюцыянерамі здзейсніў замах на Аляксандра ІІ. Бомба, кінутая ім, аказалася для цара смяротнай. Сам І. Грынявіцкі таксама загінуў. У 1896 г. прадстаўнікі польскай, беларускай і часткова літоўскай інтэлігенцыі стварылі першыя марксісцкія партыі – Літоўскую Сацыял-Дэмакратычную Партыю і Рабочы Саюз Літвы. У 1902 г. на базе маладзёжных асветніцкіх гурткоў была створана Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. У 1903 г. яна змяніла назву на Беларускую Сацыялістычную Грамаду (БСГ). Актыўна дзейнічалі і яўрэйскія арганізацыі. У 1897 г. прадстаўнікі яўрэйскіх марксісцкіх колаў аб’ядналіся ва Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі (Бунд). У 1898 г. пры падтрымцы ЦК Бунда ў Мінску адбыўся першы з’езд Расійскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі (РСДРП). Працэс стварэння палітычных партый значна паскорыўся падчас буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. Асноўныя падзеі рэвалюцыі адбываліся па-за межамі Беларусі, аднак і тут праходзілі мітынгі, забастоўкі і сялянкія выступленні. 17 кастрычніка 1905 г. Мікалай ІІ падпісаў маніфест, згодна якому ў Расіі былі дазволены асноўныя грамадзянскія свабоды, а таксама заканадаўчы орган – Дзяржаўную думу. 18 кастрычніка па загадзе губернатара Курлова ў Мінску была расстраляна мірная дэманстрацыя гаражан. Сутычкі з паліцыяй і армейскімі часцямі адбыліся і ў іншых гарадах. У 1905 – 1906 гг. на падставе маніфеста былі створаны Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, суполкі агульнарасійскіх партый эсэраў, кадэтаў, акцябрыстаў і інш. Актывізавалі сваю дзейнасць суполкі РСДРП, Бунда і іншых сацыялістычных партый. У 1906 г. прыхільнікі БСГ пачалі выдаваць першыя легальныя беларускамоўныя газеты "Наша доля" і "Наша ніва". Дзейнічалі прафсаюзныя аб’яднанні. Царскія ўлады актыўна падтрымлівалі стварэнне рэакцыйных крайне правых арганізацый, накшталт Саюза Рускага Народа і Рускага Акраіннага Саюза, прадстаўнікі якіх спавядалі вялікадзяржаўны шавінізм і арыентаваліся на манархію. 9 ліпеня 1906 г. ўладамі была распушчана І Дума, а 3 чэрвеня 1907 г. і ІІ Дума. Новае выбарчае заканадаўства павінна было садзейнічаць выбранню прыхільнікаў царскага самаўладдзя. Такім чынам, рэвалюцыя скончылася паражэннем. Але яна паказала, што сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне народа залежаць ад яго згуртаванасці і свядомасці. Каб стрымаць сялянскі рух, урад на чале П. Сталыпіна распачаў у 1906 г. новую аграрную рэформу. Яе сутнасцю было разбурэнне сялянскай абшчыны і паскарэнне капіталістычнага развіцця вёскі. Сялянам дазвалялася выходзіць з абшчыны разам са сваім надзелам, ствараць вотрубы і хутары (з 1911 г. выхад стаў абавязковым). Уласнікі хутароў і вотрубаў маглі атрымаць ад Пазямельнага банка пазыкі для набыцця новай зямлі. Урад таксама стымуляваў перасяленне сялянскіх сем’яў ў Сібір, на Далёкі Усход, Паўночны Каўказ і г. д. Найхутчэй рэформа адбывалася на захадзе і ў цэнтральнай Беларусі, дзе абшчыннае землекарыстанне было ў большасці ліквідавана яшчэ ў XVI ст. На ўсходзе і поўначы Беларусі да 1916 г. з абшчын выйшла 63 % сялянскіх двароў. У 1904 – 1914 гг. Беларусь пакінула 356 тыс. перасяленцаў. Разам са станоўчымі рысамі, Сталыпінская рэформа мела і адмоўныя: павелічэнне кошту зямлі і колькасці бядняцкіх гаспадарак. 10,9 % перасяленцаў страцілі на новых землях сваю маёмасць і былі вымушаны вярнуцца на радзіму жабракамі.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 538. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Гносеологический оптимизм, скептицизм, агностицизм.разновидности агностицизма Позицию Агностицизм защищает и критический реализм. Один из главных представителей этого направления...

Функциональные обязанности медсестры отделения реанимации · Медсестра отделения реанимации обязана осуществлять лечебно-профилактический и гигиенический уход за пациентами...

Определение трудоемкости работ и затрат машинного времени На основании ведомости объемов работ по объекту и норм времени ГЭСН составляется ведомость подсчёта трудоёмкости, затрат машинного времени, потребности в конструкциях, изделиях и материалах (табл...

Йодометрия. Характеристика метода Метод йодометрии основан на ОВ-реакциях, связанных с превращением I2 в ионы I- и обратно...

Броматометрия и бромометрия Броматометрический метод основан на окислении вос­становителей броматом калия в кислой среде...

Метод Фольгарда (роданометрия или тиоцианатометрия) Метод Фольгарда основан на применении в качестве осадителя титрованного раствора, содержащего роданид-ионы SCN...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.009 сек.) русская версия | украинская версия