Студопедия — Дзяржаўны лад, органы кіравання, судовая сістэма і войска ВКЛ
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Дзяржаўны лад, органы кіравання, судовая сістэма і войска ВКЛ






Вялікае княства Літоўскае ад самага свайго пачатку з’яўлялася феадальнай манархіяй, якую ўзначальваў вялікі князь (гаспадар). Ён узначальваў усё кіраўніцтва дзяржавай, камандаваў узброенымі сіламі, з’яўляўся найвышэйшым суддзёй, заключаў міжнародныя пагадненні. Аднак улада вялікага князя не была абсалютнай, яна абмяжоўвалася паны-радай і соймам.

У склад паны-рады ўваходзіў вялікі князь, а таксама асобы, якія займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады з ліку буйных феадалаў і бліжэйшых родзічаў князя (ваяводы, кашталяны, старосты, гетман, канцлер, маршалак земскі, каталіцкія біскупы). Колькасць паноў-радных не была пастаяннай. Пры Гедыміне іх налічвалася прыкладна 20 чалавек, у XV – першай палове XVI ст. – 45 чалавек, а пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565 г., калі былі ўтвораны новыя ваяводствы і паветы, паноў-радных стала 65. Усе яны сядзелі на так званых лавіцах, ад першай да апошняй, у залежнасці ад займаемага ў грамадстве становішча. Паны-рада ў поўным складзе збіралася рэдка, толькі для вырашэння найважнейшых спраў, а ўсе бягучыя справы вялікі князь вырашаў з так званай праднейшай радай (“ першай лавіцай ”), у склад якой уваходзілі толькі пяць найбольш уплывовых асоб: віленскі біскуп, віленскія ваявода і кашталян, трокскія ваявода і кашталян.

Гаспадарская рада была найбольш уплывовай ў пачатковы перыяд узнікнення і развіцця ВКЛ. У далейшым яе роля некалькі аслабла, таму што з’явіўся новы агульнадзяржаўны орган – вальны сойм. У яго склад уваходзілі вялікі князь, радныя паны і шляхта ўсіх зямель ВКЛ. Спачатку шляхта запрашалася на сойм пагалоўна, што выклікала залішнюю шматлюднасць. Каб пазбегнуць гэтага, Жыгімонт І Стары ў 1511 г. загадаў выбіраць па два прадстаўнікі ад кожнага павета для ўдзелу ў вальным сойме. Дэлегаты выбіраліся на павятовых сойміках, дзе збіралася ўся шляхта таго ці іншага павета і выпрацоўваліся інструкцыі паслам-дэпутатам. Соймы не толькі ўдзельнічалі ў выбранні вялікіх князёў, але і вырашалі ўсе найважнейшыя пытанні і справы адносна вайны і міру, арганізацыі абароны краіны, унутранай палітыкі, увядзення надзвычайных падаткаў, прыняцця законаў. Да сярэдзіны XVI ст. сойм пераўтварыўся ў важнейшы заканадаўчы і кантралюючы орган, пачаў выступаць у якасці феадальнага парламента. Соймавыя пасяджэнні адбываліся найчасцей у Вільні, аднак маглі збірацца таксама ў Берасці, Наваградку, Гародні.

Пасля 1569 г. сістэма кіравання дзяржавай прыцярпела змяненні. Рэч Паспалітая была канстытуцыйнай, саслоўна-прадстаўнічай манархіяй на чале з выбарным каралём (які адначасова з’яўляўся і вялікім князем). Улада караля была вельмі абмежаванай, прычым настолькі, што самастойна ён не валодаў ні заканадаўчай, ні судовай, ні выканаўчай уладай. У сферы заканадаўства кароль меў права заканадаўчай ініцыятывы, канчатковага рэдагавання законаў, санкцыянаваў соймавыя пастановы. Наяўнасць Галоўнага Трыбунала Польшчы і ВКЛ рэзка абмяжоўвала судовую ўладу караля. Ён нават не меў права памілавання злачынцаў. Таксама кароль не мог распараджацца дзяржаўнай казной.

Заканадаўчым органам быў двухпалатны парламент (вальны сойм), які складаўся з трох так званых “соймавых станаў”: караля, Сената (рады) і пасольскай ізбы. У Сенат уваходзілі найбольш знатныя свецкія і духоўныя феадалы (прыкладна 150 чалавек). Пасольская ізба складалася з дэпутатаў ад шляхецкіх павятовых соймікаў. Колькасць дэпутатаў пасольскай ізбы перавышала 200 чалавек. Вальныя соймы разглядалі і прымалі пастановы на асобных пасяджэннях Сената і пасольскай ізбы. На агульных пасяджэннях у выпадку супадзення пастаноў яны прымаліся і пасля зацвярджэння каралём набывалі сілу закона. Пастановы прымаліся адзінагалосна. Група дэпутатаў альбо адзін дэпутат маглі выкарыстаць ліберум вета (“не дазваляю”) і пастанова адмянялася.

Улада манарха ў Рэчы Папспалітай была значна абмежавана “залатымі шляхецкімі вольнасцямі”. Шляхта Рэчы Паспалітай таксама магла аб’яўляць канфедэрацыі – палітычныя саюзы, якія ўтвараліся для рэалізацыі канкрэтных мэтаў. Яны ствараліся як для падтрымкі караля, так і для абвяшчэння адмовы падпарадкоўвацца каралю (так званыя рокашы).

Асаблівасцю дзяржаўнага апарата ВКЛ з’яўлялася адсутнасць калегіяльных галіновых органаў кіравання, замест якіх была створана сістэма вышэйшых і мясцовых пасадаў. У сістэме вышэйшых службовых асобаў важная роля належала канцлеру, які з’яўляўся кіраўніком дзяржаўнай канцылярыі, захавальнікам вялікакняжацкай пячаткі, без якой ніводны нарматыўны акт не меў юрыдычнай сілы. Канцлер наглядаў за распрацоўкай нарматыўных актаў, сачыў за ўлікам усёй карэспандэнцыі, што паступала на імя вялікага князя. Таксама пад кантролем канцлера знаходзіўся дзяржаўны архіў – метрыка. Намеснікам канцлера быў падканцлер. Гетман з’яўляўся камандуючым узброенымі сіламі дзяржавы. Падскарбій быў захавальнікам дзяржаўнай казны. Ён ведаў прыбыткамі і выдаткамі, перадачай у арэнду дзяржаўнай маёмасці. Маршалак старшынстваваў на пасяджэннях паны-рады і сойма, сачыў за прыдворным этыкетам, кіраваў прыёмам замежных паслоў. У склад цэнтральнай княжацкай адміністрацыі ўваходзілі таксама вялікі харунжы, які насіў дзяржаўны сцяг на святочных мерапрыемствах, вялікі мечнік, вялікі лоўчы, вялікі кухмістр, вялікі стольнік, чашнік і іншыя службовыя асобы.

Сістэма мясцовага кіравання ВКЛ мела доўгую эвалюцыю. Яна фарміравалася разам з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам дзяржавы. У адпаведнасці з рэформай 1565 г. беларускія землі ўваходзілі ў склад 8 ваяводстваў (Віленскага, Трокскага, Берасцейскага, Віцебскага, Менскага, Наваградскага, Мсціслаўскага, Полацкага) і 16 паветаў. Паветы складаліся з некалькіх валасцей (10-30 сёл). На чале ваяводства стаяў ваявода, які вырашаў гаспадарчыя, вайсковыя, судовыя пытанні на сваёй тэрыторыі. Прызначаліся ваяводы вялікім князем са згоды паноў-рады, абавязкова з ураджэнцаў ВКЛ. Намеснікамі ваяводы былі: падваявода (вёў справы канцылярыі), кашталян (кіраваў узброенымі сіламі галоўнага замка ваяводства), гараднічы (быў камендантам замка, адказваў за яго рамонт), ключнік (наглядаў за зборам падаткаў), ляснічы і лоўчы (кіравалі ляснымі промысламі і паляваннем), стайнік (ажыццяўляў нагляд за гадоўляй коней для войска і дзяржаўнай стайняй у ваяводстве).

Кіраўнікамі адміністрацыі ў паветах былі старосты. Староста, як і ваявода, абавязаны быў сачыць за падтрыманнем правапарадку на падведамнай тэрыторыі, здзяйсняў нагляд за гаспадарчай дзейнасцю дзяржаўных маёткаў і за паступленнем у дзяржаўны скарб прыбыткаў. У паветах захоўваліся старажытныя пасады ключніка, стайніка, гараднічага, ляснічага, а таксакма харунжага – павятовага сцяганосца, які ведаў улікам і зборам усіх ваеннаабавязаных людзей павета ў выпадку ваеннай небяспекі. Павятовы маршалак старшынстваваў на пасяджэннях павятовага сойміка.

Ніжэйшым звяном у сістэме органаў мясцовага дзяржаўнага кіравання былі кіраўнікі дзяржаўнымі і вялікакняжацкімі маёнткамі – дзяржаўцы, якія ў больш старажытны час называліся цівунамі. Дзяржаўцы неслі адказнасць за сваю дзейнасць непасрэдна перад цэнтральнай уладай.

Свая сістэма ўпраўлення існавала ў гарадах з самакіраваннем (магдэбургскім правам). Органам самакіравання лічыўся гарадскі магістрат, які аб’ядноўваў раду (распарадчы орган) і лаву (суд). Галавой магістрата і адпаведна горада з’яўляўся войт. Ён звычайна прызначаўся цэнтральнай адміністрацыяй. Войт сачыў за падтрыманнем парадку ў горадзе, зборам сродкаў у дзяржаўную казну, здзяйсняў правасуддзе. Яго намеснікам быў лентвойт. Гарадская рада ў большасці беларускіх гарадоў складалася з 6 – 20 радцаў, якія абіраліся мяшчанамі. На чале рады стаялі бурмістры. Яны займаліся рашэннем бягучых спраў гарадскога кіравання, ведалі пытаннямі гандлю, рамёстваў, гарадскога добраўпарадкавання, клапаціліся пра стан гарадскіх абарончых збудаванняў. У склад гарадской лавы ўваходзілі лаўнікі, абраныя мяшчанамі, а ўзначальваў лаву войт. Суд, які працаваў у гарадах з Магдэбургскім правам, называўся войтаўска-лаўніцкім.

Некаторыя тэрыторыі ВКЛ мелі значную адасобленнасць ад цэнтра. Гэта былі так званыя землі “ прыслухоўваючыя ”. Да іх ліку адносіліся: Смаленская, Віцебская, Полацкая землі, Падляшша, Валынь, Падолле, Кіеўшчына, Чарнігава-Северская зямля і Жамойція. Тут захоўваліся мясцовыя старажытныя органы дзяржаўнага кіравання. Вялікі князь, прызначаючы службовых асоб у гэтыя землі, павінен быў улічваць настроі мясцовай знаці. Прычым гэта была не адзіная ўступка мясцовым феадалам. Прывілеі вялікіх князёў абмяжоўвалі ваяводаў “прыслухоўваючых” земляў у судовай уладзе. На ваяводскім судзе была абавязковай прысутнасць мясцовых баяр. Да таго ж усе пасады ў дадзеных ваяводствах маглі займаць толькі ўраджэнцы гэтых зямель.

Паступова развівалася і ўдасканальвалася судовая сістэма ВКЛ. Вышэйшай судовай інстанцыяй з’яўляўся вялікакняжацкі (гаспадарскі) суд. На гэты суд ускладалася задача апеляцыйнага перагляду спраў. Тут разглядаліся справы аб дзяржаўных злачынствах, аб прыналежнасці да шляхецкага саслоўя, па скаргах на злоўжыванні ўладай вышэйшых службовых асоб. У выпадку адсутнасці вялікага князя або па яго даручэнні маглі працаваць суды паноў-рады і сойма. Судовая ўлада вялікага князя была значна абмежавана заснаваным у 1581 г. Галоўным судом (Трыбуналам) ВКЛ. Ён складаўся з суддзяў, якія штогод абіраліся на павятовых сойміках з ліку мясцовай шляхты. Ад кожнага павета абіралася па два суддзі. Рашэнні Галоўнага суда былі канчатковымі і абскарджанню не падлягалі.

У сістэме мясцовых судоў найбольш старажытным быў замкавы (гродскі) суд. Судовыя пасяджэнні адбываліся ў замку (“гродзе”). Суд з’яўляўся агульнасаслоўным і тут разглядаліся пераважна крымінальныя справы. Прававыя іскі шляхты, што мела ў павеце свае землі, разглядаў земскі павятовы. У ім жа вырашаліся крымінальныя справы шляхты, за выключэннем спраў, падсудных гродскаму суду. Падкаморскі суд разглядаў зямельныя і межавыя спрэчкі феадалаў. Справы ў дадзеным судзе разглядаліся суддзёй-падкаморыем з удзелам зацікаўленых бакоў. Падкаморый выязджаў на месца, рабіў абмер спрэчных зямель, знаёміўся з доказамі, якія павінны былі прадставіць бакі, пры неабходнасці апытваў сведак. Як правіла, пад кіраўніцтвам падкаморыя ўстанаўліваліся спецыяльныя межавыя знакі.

Судовыя паўнамоцтвы знаходзіліся таксама ў руках ваяводы. Ваяводскі суд разглядаў справы шляхты, што трымала маёнткі ў вялікакняжацкіх землях, мяшчан тых гарадоў, што не мелі магдэбургскага права, а таксама дзяржаўных сялян. Прыватнаўласніцкіх і царкоўных сялян судзілі самі землеўласнікі на вотчынным судзе. Для вотчыннага суда не было ўсталявана ніякіх працэсуальных правілаў. Існавала толькі абмежаванне, што справы, па якім прадугледжвалася ў якасці пакарання смяротная кара, павінны былі разглядацца замкавым судом.

Працяглы час на тэрыторыі Беларусі дзейнічаў старажытны копны суд. У ім правасуддзе здзяйснялі простыя людзі ў адносінах да іншых простых людзей. Капа збіралася на вызначаных месцах. Рашэнні гэтага суда выконваліся адразу і абскарджанню не падлягалі. Паступова дзейнасць копных судоў абмяжоўвалася. Стала абавязковай прысутнасць на капе прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі. Рашэнні копных судоў маглі быць скасаваныя ваяводам ці старостам.

Усе названыя судовыя інстанцыі абапіраліся ў сваёй дзейнасці на дзяржаўнае заканадаўства. Спачатку аснову права ВКЛ складалі нормы так званага звычаёвага права (якое існавала пераважна ў непісаным выглядзе і засноўвалася на існуючых прававых звычаях). Першапачаткова звычаёвае права ўсходніх славян было зафіксавана ў міжнародных пагадненнях і так званай “ Рускай праўдзе ”. Рэдакцыямі апошняй актыўна карысталіся і ў ВКЛ. Першым агульнадзяржаўным прававым актам, якім сталі кіравацца ўсе судовыя органы ў ВКЛ стаў Судзебнік Казіміра, створаны ў 1468 г. Акрамя таго, прававыя нормы замацоўваліся ў княжацкіх прывілеях і граматах, пастановах соймах.

У XVI ст. новым у праве ВКЛ стала з’яўленне Статутаў, якія аб’ядноўвалі нормы розных галін права і сталі галоўным юрыдычным дакументам у ВКЛ. Вядомы тры рэдакцыі Статута: 1529, 1566, 1588 гг. Апошні з іх дзейнічаў на Беларусі да 1840 г. Для свайго часу гэта быў перадавы помнік заканадаўства, бо тут была сфармулявана ідэя прававой дзяржавы, вызначана роўнасць усіх грамадзян перад законам. Разам з тым нельга забываць, што гэта было заканадаўства феадальнага грамадства. Тут вызначалася прывілеяванае становішча шляхты, прыніжанае становішча “люду простага”. Пакаранні за злачынства былі балючыя і жудасныя – адсячэнне рукі, адразанне вуха, носа. Напрыклад, хто ўкраў мёд, таму ўспарвалі жывот, выцягвалі кішкі і намотвалі іх на дрэва ці на слуп.

Войска ВКЛ да канца XVI ст. уяўляла сабой ўсеагульнае апалчэнне – паспалітае рушанне. Па заканадаўству ВКЛ ваеннаабавязанымі былі ўсе мужчыны, якія мелі ва ўласнасці зямлю. Са сваіх зямельных уладанняў шляхціц павінен быў выставіць добра ўзброенага і навучанага для вайсковай службы жаўнера: аднаго ад 8 службаў (адна служба – гэта два сялянскіх двара). Рашэнне па зборы паспалітага рушання прымаў вальны сойм. У кожным павеце збіралася свая харугва (полк) на чале з харунжым. Харугвы злучаліся на ўзроўні ваяводства на чале з кашталянам. З ваяводстваў войска рухалася да месца агульнага збору, дзе гетман прымаў яго пад сваю каманду. Толькі ў XVIІ – XVIІІ стст. войска ВКЛ стала наёмным прафесійным.

Баявой адзінкай у войску было кап’ё: вершнік, збраяносец-парабак і лучнік. Воіны былі ўзброены агнястрэльнай зброяй: ручніцамі, аркебузамі, халоднай зброяй – мячамі, кордамі, шаблямі, шпагамі, а таксама лукамі, тарчамі (лёгкімі шчытамі). У XVI ст. войска ВКЛ славілася сваёй артылерыяй. Многія гарматы мелі непаўторныя назвы – “ салавейкі ”, “ спявачкі ”. У Нясвіжы была адліта гармата “Гідра”, якая мела форму калоны грэчаскага стылю. Гармату ўпрыгожвала выява пяцігаловай гідры. Форму васьміграннага слупа мела гармата з назвай “Сава”, на якой быў надпіс-папярэджанне: “ Дзе Сава-знішчальнік – там абвяшчаецца смерць ”.







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 598. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

Кишечный шов (Ламбера, Альберта, Шмидена, Матешука) Кишечный шов– это способ соединения кишечной стенки. В основе кишечного шва лежит принцип футлярного строения кишечной стенки...

Принципы резекции желудка по типу Бильрот 1, Бильрот 2; операция Гофмейстера-Финстерера. Гастрэктомия Резекция желудка – удаление части желудка: а) дистальная – удаляют 2/3 желудка б) проксимальная – удаляют 95% желудка. Показания...

Ваготомия. Дренирующие операции Ваготомия – денервация зон желудка, секретирующих соляную кислоту, путем пересечения блуждающих нервов или их ветвей...

Понятие массовых мероприятий, их виды Под массовыми мероприятиями следует понимать совокупность действий или явлений социальной жизни с участием большого количества граждан...

Тактика действий нарядов полиции по предупреждению и пресечению правонарушений при проведении массовых мероприятий К особенностям проведения массовых мероприятий и факторам, влияющим на охрану общественного порядка и обеспечение общественной безопасности, можно отнести значительное количество субъектов, принимающих участие в их подготовке и проведении...

Тактические действия нарядов полиции по предупреждению и пресечению групповых нарушений общественного порядка и массовых беспорядков В целях предупреждения разрастания групповых нарушений общественного порядка (далееГНОП) в массовые беспорядки подразделения (наряды) полиции осуществляют следующие мероприятия...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.013 сек.) русская версия | украинская версия