Студопедия — Грамадска-палітычны рух у першай палове ХІХ ст. Паўстанне 1830-1831 гг. Змены ў палітыцы самадзяржаўя
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Грамадска-палітычны рух у першай палове ХІХ ст. Паўстанне 1830-1831 гг. Змены ў палітыцы самадзяржаўя






На тэрыторыі Беларусі ў першай палове ХІХ ст. дзейнічалі арганізацыі, што прадстаўлялі польскі нацыянальна-вызваленчы рух, і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры (дзекабрысты). На развіццё грамадска-палітычнага руху ўплывалі: па-першае, ідэі Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі (свабода, роўнасць, братэрства); па-другое, падзелы Рэчы Паспалітай (шляхта, хоць і захавала саслоўныя правы і прывілеі, але адчувала глыбокую незадаволенасць стратай уласнай дзяржавы); па-трэцяе, сам феадальны лад Расійскай імперыі з агіднай формай прыгнёту – прыгонным правам. Значны ўплыў аказала таксама вайна 1812 г. Маладыя расійскія афіцэры, якія ўдзельнічалі ў замежных паходах, убачылі вялікую розніцу паміж узроўнем і ладам жыцця ў Заходняй Еўропе і Расіі.

У 1810 – 1820-я гг. польская плынь вызваленчага руху, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі беларускай апалячанай шляхты, была прадстаўлена рознымі тайнымі таварыствамі і гурткамі, што дзейнічалі ў Віленскім універсітэце, некаторых гімназіях і вучылішчах, у войску. Галоўнай іх мэтай было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. (г.зн. да першага падзелу, уключаючы, у т.л. беларускія і ўкраінскія землі).

У 1817 г. па ініцыятыве студэнтаў Віленскага універсітэта Тамаша Зана, Адама Міцкевіча, Юзафа Яжоўскага ўзнікла таварыства філаматаў (грэч. “аматары ведаў”). Да іх далучыліся Ігнат Дамейка, Ян Чачот і іншыя студэнты. Мэтай згуртавання была ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканальванні, грамадская праца для дабра Айчыны. Таварыства павінна было садзейнічаць “ па меры магчымасці ўсеагульнай асвеце ” (праз асвету філаматы намерваліся рыхтаваць грамадства для барацьбы за вызваленне Бацькаўшчыны). Дзеля дасягнення пастаўленых мэтаў філаматы імкнуліся супрацоўнічаць з віленскім аддзяленнем польскага Патрыятычнага таварыства, наладжвалі кантакты з дзекабрысцкімі арганізацыямі.

Філаматы перыядычна праводзілі пасяджэнні, на якіх чыталіся і абмяркоўваліся навуковыя працы і літаратурныя творы сяброў таварыства, што спрыяла развіццю даследчых і творчых здольнасцяў, служыла стымулам для самаўдасканалення. З дзейнасцю філаматаў звязнаны пачатак навуковага даследавання фальклору, традыцый, мовы беларусаў. У таварыства прымаліся толькі надзейныя і правераныя студэнты, таму расло яно няхутка і на працягу свайго існавання налічвала ўсяго 19 чалавек (прычым тры з іх па розных прычынах былі выключаны з таварыства, астатнія ж захавалі вернасць філамацкаму братэрству на ўсё жыццё). Дзеля падрыхтоўкі рэзерву для папаўнення таварыства філаматаў у 1819 г. па ініцыятыве Адама Міцкевіча было створана першае адгалінаванне арганізацыі – “Саюз сяброў”.

З мэтай распаўсюджання сваіх ідэй сярод шырокіх колаў моладзі Тамаш Зан прапанаваў стварыць арганізацыю, якая б праз забаўляльныя формы дзейнасці (урачыстасці, маёўкі) і таямнічыя рытуалы спрыяла б маральнаму ўдасканальванню асобы. Такой арганізацыяй стала створанае ў 1820 г. таварыства прамяністых. Сэнс прамяністасці Тамаш Зан, які стаў старшынёй таварыства (“архіпрмяністым”), тлумачыў наступным чынам: кожны добразычлівы высокамаральны чалавек выпраменьвае святло, якое дабратворна ўздзейнічае на іншых. Філаматы сфармулявалі для прамяністых 15 правілаў, важнае месца сярод якіх мела “ прыхільнасць да айчыннай зямлі ”.

Масавасць таварыства прамяністых напалохала рэктара Віленскага універсітэта, які баяўся трапіць у няміласць да расійскіх улад. Філаматы вымушаны былі распусціць легальнае таварыства прамяністых, аднак замест яго ў тым жа 1820 г. утварылі тайнае таварыства філарэтаў (грэч. “прыхільнікаў маральнай чысціні”). Узначаліў яго Тамаш Зан. Таварыства імкнулася стварыць філарэцкія філіі на ўсёй тэрыторыі былога ВКЛ. У прыватнасці, Міхал Рукевіч стварыў філарэцкія таварыствы ў Беластоцкай і Свіслацкай гімназіях. Гурток прыхільнікаў філарэтаў быў і ў Полацку.

У 1823 г. тайныя таварыствы студэнтаў Віленскага універсітэта былі выкрыты ўладамі. Следства праводзіла спецыяльна створаная камісія на чале з сенатарам М. Навасільцавым. У 1824 г. быў вынесены прысуд па справе, згодна з якім дзесяць філаматаў і дзесяць філарэтаў назаўсёды высылаліся з радзімы у “аддаленыя губерні” Расіі. Найбольш жорстка былі пакараны Тамаш Зан, Ян Чачот і Адам Сузін, якіх выслалі на Урал, дзе яны былі павінны спачатку адседзець свой тэрмін у крэпасці (першы – год, два другія – па паўгады). 80 філаматаў і філарэтаў былі адпушчаны пад нагляд паліцыі. Былі звольнены з універсітэта “неблагонадёжные” прафесары, якія аказвалі ўплыў на студэнтаў – Іаахім Лялевель, Міхал Баброўскі, Ігнат Даніловіч, Юзаф Галухоўскі. Быў заменены рэктар, а замест князя А. Чартарыйскага куратарам Віленскай навучальнай акругі быў прызначаны М. Навасільцаў.

Амаль усе філаматы і філарэты паходзілі з беларускай апалячанай шляхты. Іх дзейнасць была прасякнута мясцовым патрыятызмам і скіравана на вызваленне “Літвы”, г.зн. Беларусі, будучыню якой яны бачылі ў складзе адноўленай Рэчы Паспалітай.

Да следства па справе філаматаў і філарэтаў прыцягваўся і Міхал Рукевіч, аднак ён быў вызвалены з-за адсутнасці доказаў. У 1825 г. М. Рукевіч арганізаваў на Беласточчыне сярод афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса “Таварыства ваенных сяброў”, на чале якога сталі капітан К. Ігельстром і паручнік А. Вягелін. Таварыства мела сувязі з дзекабрыстамі. Пачатак дзейнасці на тэрыторыі Беларусі расійскіх дваранскіх рэвалюцыянераў – дзекабрыстаў (назва ад паўстання 14 снежня 1825 г. на Сенацкай плошчы ў Пецярбургу; паколькі гаворка ідзе пра падзею расійскай гісторыі, назва перадаецца калькай з рускай мовы) звязаны з 1820 г. Пасля паўстання Сямёнаўскага гвардзейскага палка ў Пецярбургу ў заходнія губерні быў пераведзены корпус, у якім служылі сябры “Паўночнага таварыства”. У 1821 г. падчас службы ў Мінску кіраўнік таварыства Мікіта Мураўёў склаў першы варыянт “Канстытуцыі” (так званы “мінскі варыянт”).

У 1823 г. члены “Паўднёвага таварыства” дзекабрыстаў С. Мураўёў-Апостал і М. Бястужаў-Румін прапанавалі арыштаваць цара, калі ён прыедзе для агляду войскаў у Бабруйскую крэпасць, што павінна было стаць пачаткам паўстання (так званы “ бабруйскі план ”). Аднак гэты план так і не быў ажыццёўлены. З Беларуссю таксама звязаны лёс сябра “Таварыства з’яднаных славян” Івана Гарбачэўскага, які вучыўся ў Віцебску.

Падзеі снежаньскага паўстання на Сенацкай плошчы знайшлі працяг на Беларусі. 24 снежня 1825 г. у мястэчку Браньск на Беласточчыне “ваенныя сябры” сарвалі прысягу на вернасць Мікалаю І некалькіх рот сапёрнага батальёна Літоўскага асобнага корпуса. Аднак выступленне не ахапіла ўвесь корпус, яго арганізатары К. Ігельстром, А. Вягелін, М. Рукевіч былі арыштаваны і асуджаны на ссылку, якую адбывалі разам з дзекабрыстамі. У лютым 1826 г. член “Таварыства з’яднаных славян” Сцяпан Трусаў спрабаваў узняць паўстанне ў Палтаўскім пяхотным палку ў Бабруйску, але няўдала.

У канцы 1820-х гг. на тэрыторыі Царства Польскага у сувязі з грубымі парушэннямі Канстытуцыі 1815 г. узмацняліся апазіцыйныя настроі. Рэвалюцыя ў Францыі, нацыянальна-вызваленчыя рухі ў Бельгіі і Італіі паскорылі паўстанне ў Царстве Польскім, якое перакінулася і на землі Літвы і Беларусі. Непасрэдным повадам да паўстання стаў намер Мікалая І у канцы лістапада 1830 г. паслаць польскае войска на падаўленне рэвалюцыі ў Францыі і Бельгіі. У выніку паўстанцкі рух распачаўся ў Варшаве ў тым жа лістападзе 1830 г. Мэтай паўстання было аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

У пачатку снежня расійскія войскі вымушаны былі пакінуць Царства Польскае. 18 снежня 1830 г. польскі сойм заклікаў да паўстання насельніцтва тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Старшынёй Польскага нацыянальнага ўрада ў студзені 1831 г. стаў князь А. Чартарыйскі, лідэр кансерватыўна-арыстакратычнай плыні. Шляхецка-рэвалюцыйную плынь ўзначальваў былы прафесар гісторыі Віленскага універсітэта І. Лялевель. У студзені 1831 г. сейм прыняў пастанову аб пазбаўленні Мікалая І і членаў яго сям’і правоў на польскі прастол.

Для кіраўніцтва паўстаннем у Беларусі і Літве ў пачатку 1831 г. быў створаны Віленскі Цэнтральны паўстанцкі камітэт. У канцы сакавіка паўстанне ў Літве і Заходняй Беларусі распачалося. Аднак кантраляваць яго ход і ўзгадняць дзеянні паўстанцаў Віленскі Цэнтральны камітэт не здолеў. У паветах былі створаны павятовыя ўрады, якія прыводзілі насельніцтва да прысягі і аб’яўлялі набор рэкрутаў у войска, звярталіся з адозвамі, у якіх заклікалі да барацьбы “ за Польшчу, айчыну нашу ”.

Сацыяльную базу паўстання склала апалячаная шляхта, асабліва студэнцкая і навучэнская моладзь, каталіцкае і, часткова, уніяцкае духавенства. Сялянства не падтрымала паўстанцаў, бо вырашэння сялянскага пытання не прадугледжвалася, а ідэя барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай была чужой для беларускіх сялян.

У сакавіку паўстанне ахапіла Літву і паўночна-заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Свянцянскі, Дзісенскі паветы), у Гродзенскай губерні яно пачалося ў маі, у Мінскай – у чэрвені-ліпені. Распаўсюджанне паўстання на ўсходзе Беларусі прадухілілі рашучыя контрдзеянні магілёўскага губернатара Міхаіла Мураўёва. У канцы мая 1831 г., каб падтрымаць паўстанцаў, на тэрыторыю беларуска-літоўскіх губерняў уступіў польскі атрад генерала Д. Хлапоўскага, які ў хуткім часе вырас з 700 да 5-і тыс. чалавек. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў дзейнічаў атрад (1-я рота 25 лінейнага палка) пад кіраўніцтвам 24-гадовай графіні Эміліі Плятэр, якая атрымала званне капітана. Яе гераічныя дзеянні і гібель знайшлі адлюстраванне ў вершы А.Міцкевіча “Смерць палкоўніка”. Таксама з Польшчы падыйшоў 12-тысячны корпус генералаў А. Гелгуда і Г. Дэмбінскага. Гэтыя фарміраванні пачалі наступленне на Вільню. 19 чэрвеня быў здзейснены штурм горада, аднак сілы былі няроўныя, і дрэнна ўзброеным паўстанцам прыйшлося адступіць. Бітва за Вільню стала кульмінацыяй паўстання ў Літве і Беларусі.

На пачатку жніўня 1831 г. на тэрыторыі Беларусі паўстанне было падаўлена. Неўзабаве расійская армія пад камандаваннем генерал-фельдмаршала І.Ф. Паскевіча авалодала Варшавай (за падаўленне паўстання Паскевіч атрымаў ад цара гомельскі маёнтак). Пасля паражэння многія паўстанцы пакінулі радзіму і ўдзельнічалі пазней у барацьбе за свабоду ў еўрапейскіх краінах.

Пасля паўстання 1830 – 1831 гг. расійскі ўрад канчаткова згубіў давер да беларускай апалячанай шляхты і ўзяў курс на аслабленне польскага ўплыву ў беларуска-літоўскіх губернях. Маёнткі шляхціцаў – удзельнікаў паўстання канфіскоўваліся і перадаваліся расійскім памешчыкам. З 1831 па 1848 г. у якасці дарадчага органа пры імператары дзейнічаў Камітэт па справах заходніх губерняў, які распрацоўваў мерапрыемствы, скіраваныя на русіфікацыю гэтых земляў. Важным мерапрыемствам стала адмена дзеяння Статута 1588 г. і ўвядзенне расійскага заканадаўства ў 1831 г. ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, а ў 1840 г. – у Мінскай, Гродзенскай і Віленскай. У кастрычніку 1831 г. быў актывізаваны разбор шляхты паводле ўказа Мікалая І “ Аб разборы шляхты заходніх губерняў і аб упарадкоўванні гэтага роду людзей ”. У выніку ажыццяўлення ўказа каля 10 тыс. чалавек былі пазбаўлены дваранства. У 1832 г. улады закрылі Віленскі універсітэт, многія студэнты якога прынялі ўдзел у паўстанні. У 1836 г. было забаронена выкарыстанне ў справаводстве і школьнай справе польскай мовы.

У 1832 г. быў выдадзены ўказ аб закрыцці каталіцкіх манастыроў, якія не мелі поўнага камплекту манахаў, і перадачы іх маёнткаў у разрад казённых. У першай палове 1840-х гг. у выніку прыняцця шэрагу ўказаў была ліквідавана царкоўная зямельная ўласнасць на тэрыторыі Беларусі (як праваслаўнай царквы, так і “іншаверная”, у тым ліку уласнасць каталіцкага касцёла). Царква апынулася ў большай залежнасці ад дзяржавы.

У 1839 г. Полацкі царкоўны сабор абвясціў скасаванне Берасцейскай уніі 1596 г. і ўз’яднанне уніяцкай царквы з Рускай праваслаўнай царквой. Гэтае рашэнне было зацверджана імператарам Мікалаем І. Паўтара мільёна уніятаў Беларусі сталі лічыцца праваслаўнымі. Ліквідацыя уніяцкай канфесіі суправаджалася знішчэннем яе культурных каштоўнасцяў. Насуперак рэпрэсіўнай палітыцы ўрада, мясцовыя патрыёты працягвалі барацьбу. Так, у 1833 г. на радзіму тайна вярнуўся з Францыі ўдзельнік паўстання 1830 – 1831 гг. ураджэнец Слонімшчыны Міхал Валовіч. Ён выступаў за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакратычнай рэспублікай і вызваленне сялян ад прыгону. Мэтай яго было ўзняць паўстанне ў Слонімска-Навагрудскай акрузе. Там Валовіч стварыў невялікі партызанскі атрад (у асноўным з сялян сваёй вёскі). Але атрад быў хутка разбіты, а М. Валовіч схоплены і павешаны ў Гародні.

У 1836 – 1838 гг. у Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі дзейнічала “ Дэмакратычнае таварыства ”. Яго заснавальнікам быў студэнт Франц Савіч (сын уніяцкага святара з Піншчыны). У склад таварыства ўваходзілі каля 60 чалавек, галоўным чынам, студэнты медыкі і, часткова, мясцовыя рамеснікі. Яны адстойвалі ідэю дружбы народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, выступалі за вызваленне сялян і надзяленне іх зямлёй. Ф. Савіч выказваў ідэі ўстанаўлення роўнасці паміж людзьмі, перадачы ўлады народу. У сваёй дзейнасці таварыства было звязана з польскім нацыянальным рухам – супрацоўнічала з “Садружнасцю польскага народа” (кіраўнік – Ш. Канарскі). Праз тры гады “Дэмакратычнае таварыства” было выкрыта, Ф. Савіч з паплечнікамі арыштаваныя і высланыя салдатамі на Каўказ. Аднак змаганне з вольналюбівымі горцамі супярэчыла перакананням Ф. Савіча, таму ён неаднаразова спрабаваў уцячы. Апошнім разам гэта амаль удалося. Некаторы час пасля гэтага пад чужым імем Ф.Савіч працаваў лекарам, але пад час эпідэміі халеры памёр, ратуючы ад хваробы іншых.

У 1846 – 1849 гг. у гарадах Беларусі і Літвы (Вільні, Мінску, Гродне, Лідзе, Ашмянах і інш.) дзейнічалі суполкі тайнага таварыства “Саюз свабодных братоў”, якое налічвала да 200 сяброў. Таварыства мела мэтай падрыхтоўку паўстання для аднаўлення Рэчы Паспалітай. Планавалася ажыццяўленне дэмакратычных ператварэнняў. Частка сяброў таварыства стаялі на пазіцыях шляхецкіх рэвалюцыянераў, але былі і такія, хто лічыў неабходным разгортванне шырокага сялянскага руху. Удзельнікі таварыства збіралі зброю, вялі агітацыю сярод расійскіх вайскоўцаў. У 1849 г. з-за даносу здрадніка “Саюз свабодных братоў” быў разгромлены.

У 1847 г. шляхціч Юльян Бакшанскі напісаў “Адозву да смаргонскіх сялян”, у якой заклікаў аб’яднацца з мяшчанамі і салдатамі супраць памешчыкаў. У выніку Ю. Бакшанскі быў арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў катаргі. Вярнуўся на радзіму, у 1863 г. арганізаваў і ўзначаліў атрад паўстанцаў і загінуў у сутычцы з урадавымі войскамі.

Такім чынам, паражэнне паўстання 1830 – 1831 гг. выклікала змены ў палітыцы расійскага урада, які ўзяў трывалы курс на русіфікацыю. Але барацьба за аднаўленне Рэчы Паспалітай не спынілася. У 1830 – 1840-я гг. у вызваленчым руху на Беларусі намеціўся паступовы пераход ад шляхецка-рэвалюцыйнага да разначынскага, рэвалюцыйна-дэмакратычнага этапу.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 671. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

ПРОФЕССИОНАЛЬНОЕ САМОВОСПИТАНИЕ И САМООБРАЗОВАНИЕ ПЕДАГОГА Воспитывать сегодня подрастающее поколение на со­временном уровне требований общества нельзя без по­стоянного обновления и обогащения своего профессио­нального педагогического потенциала...

Эффективность управления. Общие понятия о сущности и критериях эффективности. Эффективность управления – это экономическая категория, отражающая вклад управленческой деятельности в конечный результат работы организации...

Мотивационная сфера личности, ее структура. Потребности и мотивы. Потребности и мотивы, их роль в организации деятельности...

Мелоксикам (Мовалис) Групповая принадлежность · Нестероидное противовоспалительное средство, преимущественно селективный обратимый ингибитор циклооксигеназы (ЦОГ-2)...

Менадиона натрия бисульфит (Викасол) Групповая принадлежность •Синтетический аналог витамина K, жирорастворимый, коагулянт...

Разновидности сальников для насосов и правильный уход за ними   Сальники, используемые в насосном оборудовании, служат для герметизации пространства образованного кожухом и рабочим валом, выходящим через корпус наружу...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.014 сек.) русская версия | украинская версия