Студопедия — Ілюстрацыі. 2.Знак міравога пасрэдніка, с
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Ілюстрацыі. 2.Знак міравога пасрэдніка, с






1. Беларус. Мастак І. Рэпін, с. 58

2. Знак міравога пасрэдніка, с. 59

3. Медаль у памяць 19 лютага 1861 г., с. 61

 

§ 9. ПРАМЫСЛОВАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ. ШЛЯХ ДА ІНДУСТРЫЯЛЬНАГА ГРАМАДСТВА

Успомніце. 1. Што такое прамысловая рэвалюцыя? 2. Калі яна пачалася ў краінах Заходняй Еўропы? 3. Якімі былі яе эканамічныя і сацыяльныя наступствы? 4. Што такое дробнатаварная вытворчасць, мануфакутар, фабрыка?

Асаблівасці пераходу ад мануфактурнай да машыннай вытворчасці. Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася ў цеснай сувязі з агульнарасійскай, але мела і свае асаблівасці. Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове ХІХ ст. разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі было пашырэнне дробнатаварнай вытворчасці і мануфактур, пераважна невялікіх фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў.

У 1860-я гг. у прамысловасці Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы рамесна-саматужнага тыпу і мануфактуры. Дробнатаварныя прадпрыемствы былі прадстаўлены перш за ўсё промысламі па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярны), гліны (ганчарны), скуры (кушнерскі, шавецкі), воўны і лёну (ткацкі). Яны канцэнтраваліся ў гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца стагоддзя назіраўся колькасны рост дробных прадпрыемстваў і павялічваўся аб’ём іх прадукцыі, які ў канцы 1890-х гг. складаў 37,8 % ад усёй прамысловасці Беларусі.

Пасля 1861 г. расце мануфактурная вытворчасць. У канцы ХІХ ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цагельнай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці і давалі 15,4 % валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую долю дробнатаварнай і мануфактурнай вытворчасці, на працягу другой паловы ХІХ ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Саматужныя прадпрыемствы і мануфактуры паступова выцяснялі капіталістычныя фабрыкі. Калі ў 1860 г. у Беларусі дзейнічалі толькі 76 фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, то ў 1900 г. іх было ўжо 1137. У канцы XIX ст. фабрычна-заводская прамысловасць давала 46,8 % валавага прадукту.

Беларусь значна адставала ад агульнарасійскіх паказчыкаў па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Дробныя прадпрыемствы (да 50 рабочых) складалі тут 85,5 % усіх фабрык і заводаў. Калі прадпрыемствы, якія мелі больш за 500 рабочых, у расійскай прамысловасці складалі 3,5 %, то ў беларускай — толькі 1,2 %. Сярэдні памер прадпрыемстваў Беларусі быў у 2,3 раза меншы, чым увогуле па Расіі.

Прамысловасць Беларусі пасля рэформы 1861 г. развівалася нераўнамерна. Калі ў першыя два дзесяцігоддзі ўдзельная вага ўсіх прадпрыемстваў Беларусі, якія ўзніклі ў гэты час, складала 18,5 %, а ў Расіі — 23,4 %, то ў 1880—1890-я гг. на тэрыторыі Беларусі было ўведзена ў дзеянне фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў у 4 разы больш, чым за папярэднія 20 гадоў (у Расіі толькі ў 2,6 разы).

Спецыялізацыя прамысловасці. У Беларусі з-за адсутнасці неабходнай сыравіны марудна развівалася цяжкая прамысловасць. Пераважнае значэнне тут атрымалі галіны вытворчасці, звязаныя з перапрацоўкай мясцовай сыравіны. Сярод іх вядучая роля належала вінакурэнню і лясной прамысловасці.

Беларусь была адным з галоўных раёнаў вінакурэння ў Расіі. Тут у 1890 г. дзейнічала 18 % усіх вінакурных заводаў краіны. У 1900 г. на вінакурных заводах Беларусі працавала 470 паравых рухавікоў, валавая прадукцыя складала 23,5 % ад усёй прадукцыі беларускай прамысловасці.

Адно з важных месцаў у прамысловасці Беларусі займалі прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны — асноўнага багацця краю. Асаблівае значэнне адыгрывалі лесапільныя заводы. Лесапільная прамысловасць стаяла на другім месцы пасля вінакурэння, аднак у ёй пераважалі дробныя прадпрыемствы, на якіх працавала да 20 чалавек. Фабрычна-заводскія прадпрыемствы занялі ў галіне пануючае становішча толькі ў 1890-я гг.

Значнае развіццё ў беларускіх губернях атрымала запалкавая і папярова-кардонная вытворчасць. Напрыклад, у Мінскай губерні ў 1900 г. дзейнічалі чатыры запалкавыя фабрыкі: Барысаўская (759 рабочых), Мазырская (616), Пінская (590) і Койданаўская (208 рабочых). Па колькасці рабочых гэтыя фабрыкі былі найбуйнейшыя ў губерні. Папярова-кардонная прамысловасць была сканцэнтравана галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Сярод папяровых фабрык найбуйнейшай з’яўлялася Добрушская (900 рабочых, гадавая сума вытворчасці 1,6 млн рублёў). У Гродзенскай губерні пераважалі гільзавыя і пераплётныя прадпрыемствы. Найбольш буйнымі з іх былі гільзавыя фабрыкі ў Брэсце.

Вельмі шмат на тэрыторыі Беларусі было прадпрыемстваў, звязаных з перапрацоўкай сельскагаспадарчай сыравіны: мукамольна-крупяных, крухмальна-патачных, маслабойных, піваварных, тэкстыльных, ільно- і пенькаапрацоўчых, гарбарных. Асноўная колькасць крухмальна-патачных і маслабойных прадпрыемстваў краю ў канцы ХІХ ст. заставалася на стадыі дробнатаварнай вытворчасці і мануфактуры. Але ў мукамольна-крупяной прамысловасці ў 1900 г. 93,1 % усіх прадпрыемстваў складалі фабрыкі.

Колькасць тэкстыльных фабрык у канцы ХІХ ст. дасягнула 24, на іх было занята звыш 1800 рабочых. Найбольш значнымі ў гэтай галіне прамысловасці былі льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» ў Віцебску, суконная фабрыка ў маёнтку Парэчча Пінскага павета.

У гарбарнай вытворчасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, дзе ўжывалася ручная праца. Адносна буйныя прадпрыемствы ў гэтай галіне пачалі ўзнікаць у 1880-я гг. Найбуйнейшым цэнтрам гарбарнай вытворчасці з’яўлялася Смаргонь. У 1900 г. тут працавалі некалькі буйных заводаў і да 50 мануфактур. Сыравіна сюды прывозілася з Растова.

На прывазной сыравіне працавала і тытунёвая прамысловасць Беларусі. Тытунёвае лісце завозілася галоўным чынам з поўдня Расіі, часткова з-за мяжы, а прадукцыя збывалася па ўсёй Расіі і ў Польшчы. Найбуйнейшай была тытунёвая фабрыка Шарашэўскага ў Гродне, заснаваная ў 1862 г. У 1900 г. на ёй працавалі 1445 рабочых, а аб’ём прадукцыі складаў 2,4 млн руб.

Хуткі рост гарадоў і прамысловае будаўніцтва выклікалі патрэбу ў вялікай колькасці будаўнічых матэрыялаў. У першую чаргу ў Беларусі атрымала развіццё вытворчасць цэглы. Даволі буйнымі памерамі вызначаліся цагельныя заводы ў маёнтку Івацэвічы Слонімскага павета (200 рабочых) і ў маёнтку Храповішчы (203 рабочыя), у Бабруйску (156 рабочых) і Мінску (74 рабочыя). Існавалі таксама прадпрыемствы па вытворчасці кафлі і шклозаводы. У 1875 г. пачаў выпускаць сваю прадукцыю крыштальны завод «Нёман» у Лідскім павеце Віленскай губерні, які стаў самым буйным са шклозаводаў у Беларусі.

Адсутнасць дастатковай колькасці мясцовай сыравіны стрымлівала развіццё металаапрацоўчай прамысловасці ў Беларусі. У канцы 1870-х гг. зачыніліся заводы, якія выкарыстоўвалі мясцовую балотную руду. У 1880-я гг. сярэднія па велічыні металаапрацоўчыя прадпрыемствы дзейнічалі ў Ракаве (вырабляліся малатарні, веялкі, бароны, плугі, запашнікі) і Мінску (вытворчасць сельскагаспадарчых прылад, абсталявання для вінакурных, лесапільных, гарбарных, шкляных заводаў). У 1897 г. у Мінску былі заснаваны яшчэ два прадпрыемствы гэтай галіны, якія выпускалі паравыя катлы, турбіны, маслабойкі і інш. З будаўніцтвам чыгунак на тэрыторыі Беларусі пачалі працаваць майстэрні па рамонце рухомага саставу. У 1900 г. дзейнічала ўжо 19 такіх майстэрань. Аднак удзельная вага металаапрацоўчых прадпрыемстваў ва ўсёй прамысловасці Беларусі ў 1890‑я гг. не перавышала 3 %.

Будаўніцтва чыгунак. Водны транспарт. Значнаму паскарэнню тэмпаў прамысловага развіцця Беларусі спрыяла стварэнне густой сеткі чыгуначных дарог. Першай праз тэрыторыю Беларусі прайшла ў 1862 г. Пецярбургска-Варшаўская чыгунка (праз Гродна). У 1866 г. пачала дзейнічаць Рыга-Арлоўская чыгунка (Дзвінск — Полацк — Віцебск), у 1871 г. — Маскоўска-Брэсцкая (Смаленск — Орша — Баранавічы — Брэст), у 1871—1874 гг. — Лібава-Роменская (Вільня — Маладзечна — Мінск — Асіповічы — Бабруйск — Жлобін). У 1880-я гг. былі пабудаваны Палескія чыгункі (Вільня — Баранавічы — Лунінец, Гомель — Лунінец — Пінск — Жабінка, Баранавічы — Слонім — Ваўкавыск — Беласток). У 1902 г. адкрылася Пецярбургска-Адэская магістраль (Віцебск — Орша — Магілёў — Жлобін). Увогуле даўжыня чыгуначнай сеткі ў Беларусі з 1867 да 1904 г. вырасла ў 12 разоў. Чыгункі звязалі Беларусь з галоўнымі індустрыяльнымі цэнтрамі Расійскай імперыі — Пецярбургам, Масквой, Кіевам, Варшавай, прыбалтыйскімі партамі.

Важную ролю ў эканоміцы Беларусі адыгрываў рачны транспарт. Водныя шляхі праходзілі па Прыпяці, Бярэзіне, Сожы. Водны транспарт у 1900 г. налічваў 310 непаравых і 23 паравыя судны.

Гандаль. Будаўніцтва чыгунак паскорыла развіццё ўнутранага і знешняга гандлю. Хутка рос вываз як на рускі, так і на замежны рынак прадукцыі сельскагаспадарчай вытворчасці — масла, хлеба, яек, сыру, мяса птушкі, садавіны, прычым значна зменшыўся вываз жывой жывёлы і рэзка павялічыўся вываз жывёлы ў перапрацаваным выглядзе. Спірт вывозіўся ў Пецярбург, Маскву, Цвер, Кіеў, Растоў-на-Доне, Адэсу, Крамянчуг, а таксама за мяжу.

За мяжу вывозіліся і тавары лесаперапрацоўчай, шкляной, керамічнай і іншых галін прамысловасці. Галоўнымі экспартнымі таварамі ў Беларусі былі лес і лён. На долю Беларусі, напрыклад, прыходзілася 54,1 % агульнарасійскага экспарту лесу ў Германію. Прадукцыя запалкавых фабрык вывозілася ў Ромны, Харкаў, Баку, Кішынёў, Уладзікаўказ, Варшаву; папера і кардон — у Кіеў, Екацярынаслаў, Харкаў, Вязьму, Беласток, Рыгу. Вырабы шкляной і керамічнай прамысловасці збываліся ў Маскву, Кіеў, Адэсу.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. Гэта сведчыла аб тым, што рыначныя сувязі беларускіх гарадоў і вёсак, а таксама Беларусі з іншымі часткамі краіны станавіліся ўсё больш рэгулярнымі і трывалымі.

Урбанізацыя. Развіццё прамысловасці і чыгуначнай сеткі садзейнічала росту гарадоў. У 1897 г. у гарадах Беларусі пражывала 648 тыс. чалавек, або 9,8 % ад усяго насельніцтва беларускіх губерняў. Па тэмпах росту гарадскога насельніцтва беларускія гарады адставалі ад гарадоў еўрапейскай часткі Расіі. Прычынамі былі адносна слабае развіццё прамысловасці і штучная канцэнтрацыя ў гарадах Беларусі яўрэйскага насельніцтва, якое стварала значны рэзерв рабочай сілы. Перанаселенасць беларускіх гарадоў стрымлівала прыток у іх як пралетарызаванага, так і буржуазнага сельскага насельніцтва. Тым не менш насельніцтва гарадоў Беларусі павялічвалася. У канцы ХІХ ст. найбольш буйнымі гарадамі краю былі Мінск (90,9 тыс. жыхароў) і Віцебск (65,9 тыс. жыхароў), насельніцтва астатніх гарадоў складала менш за 50 тыс. чалавек.

У гарадах Беларусі выраблялася толькі каля 31 % прамысловай прадукцыі. Пераважная колькасць прадпрыемстваў размяшчалася ў мястэчках і маёнтках. Некаторыя мястэчкі ператварыліся ў прыкметныя прамысловыя цэнтры рэгіянальнага значэння (Смаргонь, Дуброўна і інш.). У канцы ХІХ ст. у мястэчках Беларусі налічвалася 679 тыс. жыхароў.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Назавіце асаблівасці прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове XIX ст.

2. Ахарактарызуйце галіновую структуру прамысловасці Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

3. Якія змены адбыліся ва ўнутраным і знешнім гандлі Беларусі ў другой палове ХІХ ст.?

4. Назавіце асаблівасці працэсу урбанізацыі ў Беларусі.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Складзіце тэзісны план адказу на пытанне: «Асаблівасці прамысловай рэвалюцыі ў беларускіх губернях у другой палове ХІХ ст.».

2. Падрыхтуйце паведамленне аб прамысловым развіцці вашага краю ў другой палове ХІХ ст.

Ілюстрацыі.

1. Мінск шавец, с. 81

2. Віленскі чыгуначны вакзал у Мінску. Пачатак XX ст., с. 86

 

§ 10. РАЗВІЦЦЁ КАПІТАЛІЗМУ І ФАРМІРАВАННЕ КЛАСАЎ ІНДУ-СТРЫЯЛЬНАГА ГРАМАДСТВА Ў БЕЛАРУСІ Ў ПАЧАТКУ ХХ ст.

Успомніце. 1. Што такое рэформа? 2. Якія буржуазныя рэформы былі праведзены ў беларускіх губернях у 1860—1870‑я гг.? 3. У чым заключаліся асаблівасці правядзення буржуазных рэформаў 1860—1870‑х гг. у Беларусі? Чым яны былі абумоўлены?

Сталыпінская аграрная рэформа. Рэвалюцыя 1905—1907 гг. паказала асаблівую вастрыню ў Расіі аграрнага пытання і, як вынік, адсутнасць дастатковай сацыяльнай падтрымкі самадзяржаўя з боку сялянства. Вырашыць гэтыя праблемы павінна была сталыпінская аграрная рэформа (П. А. Сталыпін — старшыня Савета Міністраў, міністр унутраных спраў Расіі). Яна мела на мэце разбурэнне сялянскай абшчыны і стварэнне ў вёсцы шырокай праслойкі эканамічна самастойных заможных сялян.

У адпаведнасці з указам ад 9 лістапада 1906 г. кожны селянін мог выйсці з абшчыны і атрымаць зямлю, якой карыстаўся, у асабістую ўласнасць, прычым на адным участку, на хутары. Так знішчалася сялянская абшчына і абшчыннае землеўладанне, разбураліся населеныя пункты (вёскі), а разам з імі — традыцыйны лад жыцця сельскіх жыхароў і калектывісцкая традыцыя ўсходнеславянскай вёскі. Селяніну патрэбна было разабраць і перавезці на хутар хату, гумно, хлеў, свіран і іншыя гаспадарчыя пабудовы, скласці іх на новым месцы. З-за трухлявасці многія пабудовы сялян маглі наогул рассыпацца, а на новыя не было грошай. На хутары трэба было выкапаць студню, падвесці дарогу, выканаць іншыя гаспадарчыя работы. Сродкаў для выканання гэтых работ у большасці сялян не было. Узяць грошы ў банку яны таксама не маглі, бо не мелі чым потым разлічвацца за крэдыт.

Зямля на палях вакол вёскі была рознай па якасці. Селянін хацеў атрымаць хутар на тым полі, дзе зямля была ўрадлівей. Для гэтага яму прыходзілася дагаджаць мясцовым чыноўнікам, землеўпарадкавальнікам і землямерам, даючы ім хабар. На гэта таксама ў большасці сялян не было грошай.

Замацаваўшы былую абшчынную зямлю ў прыватную ўласнасць, селянін мог атрымаць яе ў адным месцы, на адным полі ў выглядзе водруба. У гэтым выпадку сядзібныя і гаспадарчыя пабудовы было неабавязкова пераносіць у поле, на месца знаходжання водруба. Можна было працягваць жыць у вёсцы. Але тут узнікалі цяжкасці, звязаныя з якасцю зямлі водруба, яго аддаленасцю ад вёскі, адсутнасцю дарогі для пад’езду да водруба і інш.

Матэрыяльнай і фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы пры перасяленні на хутары і пры карыстанні зямлёй у выглядзе водрубаў сялянства не атрымлівала. Нязначныя сродкі, выдзеленыя на гэтыя мэты, былі раскрадзены чыноўніцтвам. Хутарызацыя ажыццяўлялася за кошт саміх збяднелых сялян.

У сувязі з гэтым вялікай актыўнасці ў перасяленні на хутары сялянства Беларусі не праяўляла. У 1907—1914 гг. у пяці заходніх губернях толькі 12 % ад усіх сялянскіх двароў стварылі хутарскія і водрубныя гаспадаркі. Астатнія сялянскія двары праігнаравалі сталыпінскую хутарызацыю.

Ахвотна выходзілі з абшчыны сяляне-беднякі, якія праз немагчымасць весці гаспадарку прадавалі свой надзел і пераходзілі ў стан батракоў ці перасяляліся ў гарады. З 1907 да 1914 г. у беларускіх губернях прадалі зямлю 35,8 % усіх хутарскіх і водрубных двароў. Сяляне-беднякі ператвараліся ў сельскагаспадарчых рабочых, пралетарыяў.

Актыўна высяляліся на хутары заможныя сяляне. Яны куплялі за бясцэнак зямлю беднякоў, а таксама землі памешчыкаў, чыноўнікаў і афіцэраў, павялічвалі памеры сваіх гаспадарак і ператвараліся ў сельскую буржуазію. Калі да рэформы сяляне, у валоданні якіх было ад 15 да 25 дзесяцін зямлі, складалі толькі 8,1 %, то ў выніку рэформы іх колькасць павялічылася да 37,3 %.

Сталыпінская аграрная рэформа ўключала ў сябе таксама перасяленне сялян з еўрапейскай часткі Расіі, дзе зямлі не хапала, у Сібір і на Далёкі Усход, на Паўночны Каўказ і ў Сярэднюю Азію. З 1907 па 1914 г. з Беларусі перасяліліся 335 тыс. бедных сялян. Але дапамога ўрада перасяленцам была нязначнай, і многія з іх (каля 11 %) вярнуліся канчаткова збяднелымі.

Адначасова ў заходніх губернях стымулявалася пашырэнне рускага землеўладання. За кошт казённых зямель быў створаны спецыяльны фонд для рускіх пасяленцаў. Важным сродкам ажыццяўлення новай аграрнай палітыкі па стварэнні хутароў і водрубаў стала дзейнасць Сялянскага банка, які выдаваў крэдыты для куплі зямлі.

Такім чынам, сталыпінская аграрная рэформа садзейнічала капіталізацыі аграрнага сектара расійскай эканомікі, колькаснаму росту сельскай буржуазіі і сельскага пралетарыяту, канцэнтрацыі вялікіх зямельных масіваў у руках заможнага сялянства, якое станавілася галоўнай сацыяльнай апорай самадзяржаўя ў вёсцы. У 1914 г. заможных сялян у Беларусі стала 12 %, а беднякоў — 68 %.

Разам з тым спробы разбурыць абшчыну і выселіць сялян на хутары, знішчыць традыцыйны лад жыцця і калектывісцкую традыцыю ўсходнеславянскай вёскі пры захаванні памешчыцкага землеўладання поспеху не мелі. У лістападзе 1915 г. расійскі ўрад прыняў закон аб спыненні на час вайны землеўпарадкавальных работ, звязаных з хутарызацыяй, якія заўсёды выклікалі супраціўленне з боку сялян.

Земская рэформа ў Беларусі. У дадатак да аграрных пераўтварэнняў у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях з 14 сакавіка 1911 г. ствараліся земскія ўстановы. Уводзячы земствы, П.А. Сталыпін імкнуўся прыцягнуць заможнае сялянства да правядзення зямельнай рэформы, абаперціся на сельскую буржуазію і ўзняць яе палітычную ролю ў сістэме мясцовага кіравання. Выбары ў земскія ўстановы ажыццяўляліся па «рускай» і «польскай» курыях з дастаткова невысокім маёмасным цэнзам, прычым праваслаўных сялян залічвалі ў «рускую» курыю, а католікаў — у «польскую». Адначасова гэта павінна было аслабіць у краі палітычны ўплыў памешчыкаў польскага паходжання або каталіцкага веравызнання, якія эканамічна былі значна мацней за рускіх памешчыкаў.

Увядзенне земскіх устаноў садзейнічала развіццю мясцовай гаспадаркі, стварэнню кааператыўных таварыстваў, сельскагаспадарчых гурткоў, дзейнасць якіх скіроўвалася на павышэнне культуры земляробства і жывёлагадоўлі. Земствы шмат зрабілі для развіцця адукацыі і аховы здароўя насельніцтва. Аднак у Беларусі земствы не адыгралі настолькі значнай ролі, як у цэнтральных губернях Расіі.

Асаблівасці індустрыяльнага развіцця. На мяжы ХІХ—ХХ стст. расійскі капіталізм уступіў у новую стадыю свайго развіцця — імперыялістычную.

Характэрнай асаблівасцю прамысловага развіцця Беларусі з’явілася стварэнне манапалістычных аб’яднанняў, акцыянерных таварыстваў з удзелам мясцовага, расійскага і замежнага капіталу, якія паступова выцяснялі дробную вытворчасць. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі існавала 34 акцыянерныя таварыствы. Ім належалі такія буйныя прадпрыемствы Беларусі, як Віцебская льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» (Руска-Бельгійскае акцыянернае таварыства), трамвай і электрычная станцыя ў Віцебску (Бельгійскае акцыянернае таварыства), Шклоўская папяровая фабрыка (Рускае акцыянернае таварыства карданажна-папяровай вытворчасці). У гэты час былі створаны і мясцовыя манапалістычныя аб’яднанні: акцыянерныя таварыствы тытунёвай фабрыкі «Нёман» (былая фабрыка Шарашэўскага) у Гродне, запалкавых фабрык «Прагрэс-Вулкан» у Пінску і «Маланка» ў Мазыры. Аднак у Беларусі ў адрозненне ад іншых рэгіёнаў Расійскай імперыі па-ранейшаму працягвалі адыгрываць вялікую ролю дробныя таварныя прадпрыемствы, якія ў 1913 г. давалі 50 % валавай прадукцыі прамысловасці.

Узрастанне ролі банкаў, зліццё банкаўскага капіталу з прамысловым – яшчэ адна з асаблівасцей эканамічнага развіцця Беларусі на манапалістычнай стадыі капіталізму. Акрамя губернскіх аддзяленняў цэнтральных расійскіх банкаў (Дзяржаўнага, Сялянскага і Дваранскага) у краі дзейнічала шмат камерцыйных банкаў: Мінскі, Магілёўскі, а таксама губернскія і павятовыя аддзяленні Руска-Азіяцкага, Азова-Данскога, Руска-Французскага, Віленскага, Беластоцкага банкаў.

З развіццём транспарту ў Беларусі хутка памяншалася роля кірмашовага гандлю, усё большае значэнне набываў крамны і магазінны гандаль. У рознічным тавараабароце пераважаў прыватнакапіталістычны гандаль, які ў 1913 г. складаў 78,9 %.

У выніку развіцця прамысловасці, транспарту, гандлю ў Беларусі паскорыўся рост гарадоў, якія ператвараліся ў фабрычна-заводскія і гандлёвыя цэнтры. За паўстагоддзе (1863—1913) колькасць гарадскіх жыхароў Беларусі павялічылася ў 2,8 раза (з 350,8 да 983,3 тыс. чалавек). У 1913 г. самым буйным горадам быў Мінск, другім па значэнні — Віцебск, трэцім — Гродна, потым ішлі Пінск, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Рэчыца.

Уваходжанне тэрыторыі Беларусі ў «мяжу яўрэйскай аселасці» прывяло да таго, што па сваім нацыянальным складзе гарады Беларусі не былі беларускімі. Па дадзеных перапісу 1897 г., большую частку гараджан Беларусі складалі яўрэі — 53,5 %, каля 18 % — рускія, а ўдзельная вага беларусаў не перавышала 17 %.

Развіццё капіталізму ў Беларусі прывяло да змен у сацыяльным складзе насельніцтва. Адбываўся паступовы пераход ад падзелу грамадства на шматлікія саслоўі, што было характэрна для эпохі феадалізму, да класавай структуры буржуазнага грамадства, у якім вядучая роля належала пралетарыяту і буржуазіі. Гандлёва-прамысловая буржуазія фарміравалася з асяроддзя памешчыкаў, купцоў, мяшчан, заможных рамеснікаў. У яе нацыянальным складзе пераважалі яўрэі — 84,5 %, рускіх было 10,7 %, а беларусаў — толькі 1,7 %. Беларускай па нацыянальнасці была толькі аграрная буржуазія. Клас наёмных рабочых складваўся са збяднелых сялян, рамеснікаў, мяшчан, дробных гандляроў. Беларусаў тут было 17 %, рускіх — 10 %, палякаў — 10,2 % і яўрэяў — 60 %. Рускія пераважалі на чыгуначным транспарце і ў чыгуначных майстэрнях, беларусы — на рамонце чыгуначных і шашэйных дарог, на прамысловых прадпрыемствах у сельскай мясцовасці. Яўрэі складалі асноўную масу рабочых у дробнай і рамеснай вытворчасці.

І, нарэшце, паступовая капіталізацыя аграрных адносін у вёсцы з’яўлялася яшчэ адной асаблівасцю сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на манапалістычнай стадыі капіталізму. У першае дзесяцігоддзе ХХ ст. Беларусь па‑ранейшаму заставалася адным з аграрных рэгіёнаў Расіі. У 1913 г. яе сельская гаспадарка давала 56,9 % нацыянальнага даходу, а прамысловасць — толькі 15 %. Пад уплывам попыту рынку сельская гаспадарка Беларусі ўсё больш уцягвалася ў гандлёва-эканамічныя адносіны, больш выразна праяўлялася яе спецыялізацыя на вытворчасці малака, малочнай прадукцыі і мяса. Хутка пашыраліся плошчы пад тэхнічныя і кармавыя культуры, асабліва бульбу і травы. Адбываўся пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства. Да 1913 г. істотна пашырылася выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі (малатарняў, веялак, сеялак, жняярак, сенакасілак) у памешчыцкіх гаспадарках і ў заможных сялян. У Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях значную ролю ў павышэнні культуры земляробства і жывёлагадоўлі адыгрывалі земствы. Яны арганізоўвалі агранамічныя, заатэхнічныя і ветэрынарныя службы, садзейнічалі продажу і пракату сельскагаспадарчай тэхнікі.

У пачатку ХХ ст. паскорыўся працэс распаду феадальнай і фарміраванне буржуазнай зямельнай уласнасці. Да 1914 г. дваранскае землеўладанне ў беларускіх губернях зменшылася на 12,7 %, пры гэтым 2/3 памешчыцкіх зямель былі закладзены ў банках. Зямлю інтэнсіўна прадавалі дваране, чыноўнікі, афіцэры, а куплялі пераважна заможныя сяляне, купцы, мяшчане. На паскарэнне працэсаў куплі-продажу зямлі была скіравана і сталыпінская аграрная рэформа.

Працэс капіталізацыі аграрных адносін у беларускай вёсцы працягваўся.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Назавіце мэты сталыпінскай аграрнай рэформы. З якіх мерапрыемстваў яна складалася?

2. Калі і з якімі мэтамі была праведзена земская рэформа ў Беларусі?

3. Якія манапалістычныя аб’яднанні былі створаны на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ ст.?

4. Якія змены адбываліся ў сацыяльным складзе насельніцтва Беларусі ў пачатку ХХ ст.?

5. Ахарактарызуйце шляхі фарміравання і нацыянальны склад класаў пралетарыяту і буржуазіі ў Беларусі.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Прааналізуйце паводле плана (прычыны, сутнасць, наступствы) гістарычныя падзеі:

а)сталыпінская аграрная рэформа;

б)земская рэформа ў Беларусі.

2. Растлумачце тэзіс: «Сталыпінская аграрная рэформа садзейнічала капіталізацыі аграрнага сектара расійскай эканомікі».

3. Вызначце істотныя прыкметы паняццяў, дайце іх азначэнні: хутар, водруб, земства.

4. Вызначце асаблівасці манапалістычнай стадыі капіталізму ў эканоміцы Беларусі. Складзіце тэзісны план адказу на пытанне.

5. Вызначце прыкметы капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў першым дзесяцігоддзі ХХ ст.







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 670. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Меры безопасности при обращении с оружием и боеприпасами 64. Получение (сдача) оружия и боеприпасов для проведения стрельб осуществляется в установленном порядке[1]. 65. Безопасность при проведении стрельб обеспечивается...

Весы настольные циферблатные Весы настольные циферблатные РН-10Ц13 (рис.3.1) выпускаются с наибольшими пределами взвешивания 2...

Хронометражно-табличная методика определения суточного расхода энергии студента Цель: познакомиться с хронометражно-табличным методом опреде­ления суточного расхода энергии...

Роль органов чувств в ориентировке слепых Процесс ориентации протекает на основе совместной, интегративной деятельности сохранных анализаторов, каждый из которых при определенных объективных условиях может выступать как ведущий...

Лечебно-охранительный режим, его элементы и значение.   Терапевтическое воздействие на пациента подразумевает не только использование всех видов лечения, но и применение лечебно-охранительного режима – соблюдение условий поведения, способствующих выздоровлению...

Тема: Кинематика поступательного и вращательного движения. 1. Твердое тело начинает вращаться вокруг оси Z с угловой скоростью, проекция которой изменяется со временем 1. Твердое тело начинает вращаться вокруг оси Z с угловой скоростью...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.009 сек.) русская версия | украинская версия