Студопедия — Тэрыторыя і насельніцтва БССР у пачатку 1920-х гг. Пераход да нэпа.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Тэрыторыя і насельніцтва БССР у пачатку 1920-х гг. Пераход да нэпа.






У пачатку 1920-х гг. у склад Беларускай ССР уваходзілі 6 паветаў былой Мінскай губерні (Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Слуцкі, Мазырскі) з насельніцтвам крыху больш за 1,5 млн чалавек.

У гады Першай сусветнай і грамадзянскай войн насельніцтва Беларусі значна скарацілася. Шмат жыхароў краю загінулі на франтах, эмігравала, памерла ад голаду, хвароб, эпідэмій і інш. Адбывалася люмпенізацыя грамадства. Злачынныя групоўкі тэрарызавалі насельніцтва, нягледзячы на жорсткія меры з боку ЧК і міліцыі. Заняпала мараль. Гібель бацькоў, распад сем’яў і сваяцкіх сувязей былі прычынай пашырэння дзіцячай беспрытульнасці, што стала яшчэ адной крыніцай росту злачыннасці, жабрацтва.

Сацыяльна-эканамічны крызіс дапаўняўся палітычным. Палітыка «ваеннага камунізму», заснаваная на прымусовых, ваенна-камуністычных метадах работы, не адпавядала новым умовам мірнага будаўніцтва. Яна выклікала незадаволенасць народа, што неўзабаве вылілася ў шматлікія мітынгі, забастоўкі і нават узброеныя выступленні супраць Савецкай улады. Кульмінацыяй незадаволенасці стаў Кранштацкі мяцеж у лютым — сакавіку 1921 г.

Палітычнае становішча ў БССР ускладнялася неўладкаванасцю адносін з прыгранічнымі дзяржавамі, пашырэннем нелегальнага (кантрабанднага) гандлю з замежжам, пастаяннымі нападамі ўзброеных бандаў з тэрыторыі Польшчы, ліквідацыяй якіх займаліся часці асобага прызначэння.

Становішча, што склалася ў краіне, патрабавала кардынальных перамен. Выйсце, на думку У. І. Леніна, было ў замене палітыкі «ваеннага камунізму» новай эканамічнай палітыкай (нэпам). Яна была прынята на Х з’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г.

Сутнасць і змест новай эканамічнай палітыкі. Мэтай нэпа з’яўлялася ўмацаванне на эканамічнай аснове палітычнага саюза рабочага класа і сялянства дзеля захавання Савецкай улады. Гэта была спроба дзяржавы спалучыць у адзінай палітыка-эканамічнай сістэме прынцыпы сацыялістычнага і капіталістычнага гаспадарання. Для ліквідацыі таварнага голаду дапускалася ў пэўных межах пад кантролем дзяржавы развіццё капіталізму. Ставілася задача выкарыстаць прыватныя сродкі і вопыт капіталістычных элементаў у інтарэсах аднаўлення гаспадаркі і стварэння ўмоў для будаўніцтва сацыялістычнага грамадства.

Нэп — гэта ў першую чаргу пераход ад харчразвёрсткі да харчпадатку, памер якога быў на 30—50 % ніжэйшым. Памер харчпадатку вылічваўся з плошчы пасеваў і аб’яўляўся сялянам яшчэ да пачатку сельскагаспадарчых работ. Акрамя збожжа, натуральным падаткам абкладалася прадукцыя жывёлагадоўлі: мяса, масла, воўна і інш. Усіх падаткаў у 1921 г. было ўстаноўлена 13. Пазней яны былі заменены адзіным грашовым падаткам.

Увядзенне нэпа дало сялянам правасвабодна распараджацца той прадукцыяй, якая заставалася ў іх пасля выплаты падатку, прадаваць яе на рынку. У такіх умовах у сялян з’яўлялася зацікаўленасць у развіцці сваёй гаспадаркі. Сялянам дазволілі свабодна выбіраць формы землекарыстання. Аднолькава законнымі былі прызнаны сялянская арцель, абшчына, індывідуальнае карыстанне зямлёй у выглядзе хутароў і адрубоў. Дазвалялася арэнда зямлі і выкарыстанне наёмнай рабочай сілы пры ўмове, што сам наймальнік таксама працуе.

Новая эканамічная палітыка ў прамысловасці прадугледжвала пераход прадпрыемстваў на гаспадарчы разлік, самафінансаванне. Дзяржаўныя прадпрыемствы працавалі на поўным гаспадарчым разліку, пакрываючы выдаткі за кошт свайго прыбытку. Стратныя прадпрыемствы закрываліся ці часова кансерваваліся, а прадпрыемствы, якія не мелі для дзяржавы асаблівага значэння, аддаваліся ў арэнду кааператыўным арганізацыям або прыватным асобам. Гэта павінна было ў кароткі тэрмін ліквідаваць таварны голад і пашырыць тавараабарот паміж горадам і вёскай.

Нэп — гэта развіццё дзяржаўнага, кааператыўнага і прыватнага гандлю як асноўных формаў эканамічных сувязей паміж горадам і вёскай. Прамы прадуктаабмен спыняўся, рабіўся пераход да таварна-грашовых адносін. Гэтаму садзейнічала праведзеная ў 1922—1924 гг. грашовая рэформа, вынікам якой было ўвядзенне ў абарачэнне забяспечанага золатам чырвонца.

З дазволам прыватнага гандлю ўся Беларусь спачатку ператварылася ў вялікі базар. Былыя мяшочнікі, хатнія гаспадыні, рабочыя, дэмабілізаваныя салдаты і іншыя натоўпам выйшлі на плошчы і вуліцы, гандлюючы хто чым мог. Упарадкаванне гандлю адбылося ў выніку стварэння дзяржаўнай падатковай службы, выкупу гандлярамі патэнту (ліцэнзіі) і выплаты імі прагрэсіўнага падатку. Да сярэдзіны 1920-х гг. была створана шырокая сетка магазінаў і магазінчыкаў — рознічны гандаль, дзе галоўнай фігурай стаў прыватнік. У аптовым гандлі вядучую ролю адыгрывалі дзяржаўныя і кааператыўныя прадпрыемствы.

Нэп — гэта карэнная перабудова сацыяльнай сферы, адмова ад ваенна-камуністычных прынцыпаў размеркавання. Адмяняліся ўсеагульная працоўная павіннасць, працоўныя мабілізацыі, працоўныя арміі і ўраўняльная аплата працы. Камплектаванне прадпрыемстваў рабочай сілай рабілася праз біржы працы, а заработная плата вызначалася ў залежнасці ад зробленай работы. Аднаўлялася плата за транспарт, камунальныя і іншыя паслугі.

Асаблівасцю перыяду новай эканамічнай палітыкі ў Беларусі было тое, што тут у дарэвалюцыйныя часы праходзіла «мяжа яўрэйскай аселасці» і таму нэпманамі з’яўляліся пераважна яўрэі. Гэта служыла асновай для ўзмацнення, з аднаго боку, шавіністычнай ідэалогіі яўрэйскай буржуазіі — сіянізму, а з другога боку, зняважлівых і нават варожых адносін да яўрэяў, іх заняткаў, побыту і культуры — антысемітызму.

Нэп быў часовым адступленнем бальшавікоў у эканамічнай сферы, каб, выкарыстаўшы капітал буржуазіі і вопыт прыватных асоб, стварыць умовы для сацыялістычнага будаўніцтва. Гэта быў тактычны манеўр, а не змена стратэгічнага курсу бальшавікоў на пабудову сацыялізму.

Удзел БССР ва ўтварэнні СССР. Узбуйненне тэрыторыі БССР. Канстытуцыя БССР 1927 г. Ажыццяўленню новай эканамічнай палітыкі садзейнічала ўмацаванне і пашырэнне сувязей паміж савецкімі рэспублікамі. 16 студзеня 1921 г. быў заключаны дагавор аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР.

У выніку ўсебаковага супрацоўніцтва да сярэдзіны 1922 г. усе савецкія рэспублікі прыйшлі да ідэі дзяржаўнага саюза паміж імі. 14—18 снежня 1922 г. адбыўся ІV Усебеларускі з’езд Саветаў. Ён прыняў рашэнне аб неабходнасці ўтварэння Саюза ССР і далучэння да яго БССР.

І з’езд Саветаў СССР адкрыўся ў Маскве 30 снежня 1922 г. Ён вырашыў утварыць Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дагавор аб утварэнні СССР заключылі суверэнныя савецкія рэспублікі: БССР, РСФСР, УССР і ЗСФСР. СССР утвараўся як добраахвотнае аб’яднанне раўнапраўных рэспублік, як адзіная саюзная дзяржава.

Для развіцця эканомікі і культуры Беларусі, аб’яднання беларускай нацыі ў яе этнаграфічных межах, умацавання нацыянальнай дзяржаўнасці патрабавалася далучэнне да БССР, якая ўключала толькі 6 паветаў, усіх беларускіх зямель. Улічваліся таксама знешнепалітычныя абставіны, асабліва становішча ў Заходняй Беларусі. У сакавіку 1924 г. Прэзідыумам ЦВК СССР і Усерасійскім ЦВК былі прыняты пастановы аб перадачы Беларускай ССР 16 паветаў і асобных валасцей Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў, дзе большасць насельніцтва складалі беларусы.

VІ Надзвычайны Усебеларускі з’езд Саветаў у сакавіку 1924 г. заканадаўча аформіў далучэнне да БССР усходнебеларускіх зямель. Пасля аб’яднання быў праведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел: утвораны акругі, якія падзяляліся на раёны, а раёны — на сельскія Саветы.

У 1926 г. да БССР былі далучаны Гомельскі і Рэчыцкі паветы, дзе большасць насельніцтва таксама складалі беларусы. Тэрыторыя БССР павялічылася да 126 тыс. км2, а насельніцтва дасягнула амаль 5 млн чалавек.

Такім чынам, усходнебеларускія землі (Віцебшчына, Гомельшчына і Магілёўшчына) былі далучаны да Савецкай Беларусі. Заходнебеларускія землі да 1939 г. заставаліся ў складзе Польшчы. Працэс фарміравання тэрыторыі БССР у межах пражывання беларускага этнасу яшчэ не скончыўся.

11 красавіка 1927 г. VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў была прынята другая Канстытуцыя Беларускай ССР. У ёй замацаваны змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле рэспублікі, дасягненні беларускага народа ў дзяржаўным, гаспадарчым і культурным будаўніцтве, адлюстраваны факт аб’яднання БССР і іншых саюзных рэспублік у адзіную саюзную дзяржаву – Савецкі Саюз, вызначаны суверэнныя правы БССР у складзе СССР.

Пытанні для самаправеркі:

1. Калі была прынята новая эканамічная палітыка?

2. Назавіце сацыяльна-эканамічныя і палітычныя перадумовы пераходу да нэпа.

3. Назавіце мерапрыемствы новай эканамічнай палітыкі.

4. Якімі былі эканамічныя і палітычныя мэты новай эканамічнай палітыкі?

5. Назавіце гістарычныя падзеі, якія адбываліся 16 студзеня 1921 г., 14-18 снежня 1922 г., 30 снежня 1922 г., 1924 г., 1926 г., 11 красавіка 1927 г.

6. Чым было выклікана прыняцце другой Канстытуцыі БССР? Назавіце яе асноўныя палажэнні.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку:

1. Прааналізуйце гістарычныя падзеі па плане: прычыны, сутнасць, гістарычнае значэнне:

а) новая эканамічная палітыка;

б) уваходжанне БССР у склад СССР.

2. Вызначце капіталістычныя і сацыялістычныя рысы ў новай эканамічнай палітыцы. Аформіце свой адказ у выглядзе табліцы.

3. Прадоўжыце запаўненне табліцы:

Тэрытарыяльныя змены БССР у першай палове ХХ ст.

Перыяд Тэрыторыя БССР
1922 – 1926 гг.  

 

Ілюстрацыі.

1. Фарміраванне тэрыторыі БССР у 1921 – 1940 гг. Карта, с. 177

2. Мокрапрадзільны ватэрны цэх Віцебскай ільнопрадзільнай фабрыкі “Дзвіна”, с. 178

3. Адзін з карпусоў Мінскага гарбарнага завода. 1920-я гг., с. 179

 

§ 19. ІНДУСТРЫЯЛІЗАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСКАЙ ССР. КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ

Успомніце. 1. Што такое прамысловая рэвалюцыя? 2. Што такое індустрыялізацыя? 3. Якая сувязь існуе паміж гэтымі двума працэсамі? Назавіце іх эканамічныя і сацыяльныя наступствы. 4. Што такое кааперацыя? 5. Якія формы кааперацыі вам вядомы? 6. Чым яны адрозніваюцца адна ад другой?

Курс на сацыялістычную індустрыялізацыю і асаблівасці яе правядзення ў Беларусі. Даволі нізкі ўзровень развіцця прадукцыйных сіл у сярэдзіне 1920-х гг. патрабаваў стварэння буйной машыннай вытворчасці і перабудовы ўсёй народнай гаспадаркі на аснове высокапрадукцыйнай тэхнікі. Гэты працэс у СССР і БССР атрымаў назву сацыялістычнай індустрыялізацыі. У краінах Захаду ён вядомы як індустрыяльная (прамысловая) рэвалюцыя.

Курс на правядзенне сацыялістычнай індустрыялізацыі ў СССР прыняў у снежні 1925 г. ХІV з’езд ВКП(б). Сацыялістычная індустрыялізацыя ў СССР адрознівалася ад прамысловай рэвалюцыі ў капіталістычных краінах. Апошняя на Захадзе працягвалася стагоддзі. Яна пачыналася з развіцця лёгкай прамысловасці, якая патрабавала менш фінансавых выдаткаў і забяспечвала атрыманне ў кароткі тэрмін высокага прыбытку. Зароблены капітал накіроўвалі потым у цяжкую прамысловасць. У СССР і БССР індустрыялізацыю патрэбна было ажыццявіць за 10—15 гадоў, і пачыналася яна з цяжкай прамысловасці, што патрабавала вялікіх капітальных укладанняў.

Паколькі краіны Захаду адмовілі СССР даваць займы і крэдыты, фінансавыя сродкі для індустрыялізацыі прыходзілася шукаць унутры краіны. Гэта прыбытак ад нацыяналізаваных фабрык, заводаў, прадпрыемстваў сувязі, іншых галін гаспадаркі; продаж зерня, лесу і нафтапрадуктаў за мяжу, а таксама карцін, скульптур і іншых мастацкіх каштоўнасцей; скарачэнне сродкаў на ўтрыманне кіруючага апарата; усталяванне жорсткага рэжыму эканоміі. Былі выкарыстаны золата і серабро, прададзены за мяжу званы, іконы і іншыя царкоўныя каштоўнасці. Уведзена дзяржаўная манаполія на гарэлку, а таксама валютная манаполія, у выніку якой чырвонец стаў унутранай валютай.

Формамі перапампоўвання сродкаў насельніцтва на патрэбы індустрыялізацыі былі недаплата за работу рабочым і служачым, звышпадатак для сялян у выглядзе пераплат за прамысловыя тавары і недапалучак па лініі цэн на сельскагаспадарчыя прадукты, прамыя і ўскосныя падаткі (падатак са звароту), эмісія грошай, подпіс на дзяржаўныя пазыкі, канфіскацыя маёмасці і зберажэнняў у заможных сялян, кампаніі ў гарадах па забіранні ў насельніцтва золата і каштоўнасцей.

Індустрыялізацыя ў БССР з’яўлялася часткай адзінага працэсу індустрыялізацыі ў СССР. Разам з тым яна мела і свае асаблівасці правядзення. Па-першае, з улікам дастатковых запасаў мясцовай сыравіны, патрэбы ў таварах народнага спажывання, зручных шляхоў зносін і вытворчых традыцый асноўная ўвага ў БССР аддавалася паліўнай, дрэваапрацоўчай, папяровай, гарбарнай, швейнай, абутковай і харчовай прамысловасці. У рэспубліцы былі пабудаваны торфапрадпрыемства «Асінторф» каля Оршы, Бабруйскі і Гомельскі дрэваапрацоўчыя камбінаты, Аршанскі льнокамбінат, фабрыка штучнага валакна ў Магілёве, швейная фабрыка «Знамя індустрыялізацыі» і панчошна-трыкатажная фабрыка імя КІМ у Віцебску.

Па-другое, прыгранічнае становішча БССР, неразведанасць яе прыродных багаццяў, недахоп сыравіны, інжынерна-тэхнічных і рабочых кадраў не дазвалялі разгарнуць буйнамаштабнае будаўніцтва аб’ектаў цяжкай прамысловасці, як гэта рабілася ў іншых рэгіёнах СССР. Тым не менш частка капіталаўкладанняў накіроўвалася на развіццё энергетыкі, машынабудавання і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. У гады першай (1928—1932), другой (1933—1937) і трэцяй (1938 — чэрвень 1941) пяцігодак уступілі ў строй Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС), Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання («Гомсельмаш»), Мінскі радыёзавод, магілёўскія трубаліцейны і аўтарамонтны заводы, Гомельскі шкляны і Крычаўскі цэментны заводы. Былі створаны таксама станкабудаўнічыя заводы імя К. Я. Варашылава і імя С. М. Кірава ў Мінску і станкабудаўнічыя заводы ў Віцебску і Гомелі.

Па-трэцяе, з-за недахопу ў рэспубліцы ўласных фінансавых рэсурсаў частку сродкаў на патрэбы індустрыялізацыі выдзяляў урад СССР. З 338 млн руб., укладзеных у прамысловасць БССР за гады першай пяцігодкі, каля 1/3 паступіла з саюзнага бюджэту. З рэспублік Савецкага Саюза ў Беларусь завозілася прамысловае абсталяванне, чорныя і каляровыя металы, каменны вугаль, нафтапрадукты. На новабудоўлях рэспублікі працавалі спецыялісты і рабочыя з Масквы, Ленінграда, Кіева, Харкава, прамысловых цэнтраў Урала. У той жа час тэхнічнае абсталяванне, станкі, зробленыя ў БССР, паступалі на фабрыкі і заводы Масквы, Украіны, Урала.

Па-чацвёртае, у БССР былі створаны новыя галіны прамысловасці — паліўная, машынабудаўнічая, радыётэхнічная, хімічная, наладзілася вытворчасць штучнага валакна і трыкатажу. Сфарміраваліся інжынерна-тэхнічныя кадры, выраслі кадры рабочага класа. Мноства спецыялістаў і кваліфікаваных рабочых было падрыхтавана ў прафесійна-тэхнічных навучальных установах, а таксама на фабрыках і заводах.

Вынікі ажыццяўлення палітыкі індустрыялізацыі. У выніку ажыццяўлення індустрыялізацыі СССР стаў адной з трох — чатырох краін свету, якія былі здольны вырабляць любы від прамысловай прадукцыі, даступнай тады чалавецтву. Беларуская ССР з аграрнай ускраіны былой Расійскай імперыі ператварылася ў рэспубліку з развітой прамысловасцю. З’явіліся новыя галіны прамысловасці. БССР стала індустрыяльна-аграрнай рэспублікай Савецкага Саюза. Было ліквідавана беспрацоўе, адменена картачная сістэма на прамысловыя і харчовыя тавары.

Пераход да суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі і фарсіраванне яе тэмпаў. Курс на правядзенне палітыкі калектывізацыі сельскай гаспадаркі распрацаваў ХV з’езд ВКП(б)уснежні 1927 г.

Без патрэбных матэрыяльна-тэхнічных і маральна-псіхалагічных умоў у другой палове 1929 — пачатку 1930 г. пачалася суцэльная калектывізацыя і фарсіраванне яе тэмпаў. На гэта арыентавала пастанова ЦК ВКП(б) ад 5 студзеня 1930 г. «Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву». Яна абумовіла выкарыстанне адміністрацыйна-сілавых метадаў у правядзенні калектывізацыі. Сялян часта прымушалі запісвацца ў калгасы, што прывяло да нарошчвання колькасных паказчыкаў. Да 1 сакавіка 1930 г. у калгасы было аб’яднана 58 % ад агульнай колькасці сялянскіх гаспадарак Беларусі. Гэта быў самы высокі паказчык калектывізацыі ў першай пяцігодцы.

Рэакцыяй сялянства на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і абагуленне рабочай, а нярэдка свойскай жывёлы і птушкі сталі масавы зарэз і продаж жывёлы. Да мая 1930 г. пагалоўе коней і буйной рагатай жывёлы скарацілася больш як на чвэрць. Растлумачальная работа сярод насельніцтва поспеху не мела. Сельская гаспадарка панесла вялікія страты.

Палітыка дзяржавы ў адносінах да кулакоў. Пры стварэнні калгасаў Савецкая ўлада праводзіла дыферэнцыраваную палітыку ў адносінах да розных пластоў сялянства. Апорай Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы ў вёсцы была бедната і частка сераднякоў. Гэтую частку насельніцтва сёння некаторыя гісторыкі па палітыка-ідэалагічных матывах зневажаюць, называюць гультаямі, басотай, люмпенамі. Большую частку сераднякоў, якія праяўлялі палітычную няўстойлівасць і хістанні, партыйныя і савецкія органы стараліся пераканаць у перавагах калектыўнай формы гаспадарання і прыцягнуць на бок Савецкай улады.

Рэпрэсіўныя меры прымяняліся толькі да кулакоў, многія з якіх вялі забароненую законам антысавецкую і антыкалгасную прапаганду, здзяйснялі тэрарыстычныя акты (забівалі камуністаў, камсамольцаў і сельскіх актывістаў), займаліся шкодніцкай дзейнасцю (знішчалі калгасную маёмасць). Многія з заможных сялян нічога шкоднага не рабілі і пацярпелі толькі таму, што іх аднеслі да катэгорыі кулакоў. Разам з тым нельга агульна называць усіх багатых сялян людзьмі, якіх Савецкая ўлада незаслужана карала, крыўдзіла. Толькі са студзеня па красавік 1930 г. у БССР было зафіксавана 519 антысавецкіх кулацкіх выступленняў.

Улічваючы палітычную пазіцыю і шкодніцкую дзейнасць кулацтва, а таксама факт суцэльнай калектывізацыі, была распрацавана новая палітыка ў адносінах да заможнай часткі сялянства. Гэта была палітыка ліквідацыі кулацтва як класа на аснове суцэльнай калектывізацыі.

Сэнс дадзенай палітыкі заключаўся ў тым, каб пазбавіць кулакоў сродкаў вытворчасці і магчымасці эксплуатаваць сялян, а таксама перавыхаваць іх шляхам далучэння да прадукцыйнай працы. Раскулачванне праводзілася ў жорсткай форме. У многіх месцах яно набыло характар прамога рабавання і глумлення над асобай селяніна, распальвання нізкіх страсцей бядняцкіх пластоў вёскі, якім даставалася частка маёмасці раскулачаных. Кулакоў дзяржаўная прапаганда падавала як ворагаў, якіх трэба знішчаць. Кулак быў фактычна пастаўлены па-за законам. Гэта, безумоўна, сумная старонка нашай гісторыі.

Перагібы і памылкі ў калгасным руху. Непазбежным вынікам паспешлівасці, фарсіравання тэмпаў калектывізацыі сталі перагібы і памылкі ў калгасным руху. 14 сакавіка 1930 г. з’явілася пастанова ЦК ВКП(б) «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху». Пачаўся развал штучна створаных калгасаў. Да жніўня 1930 г. большасць сялянскіх гаспадарак выйшла з калгасаў.

Сярод памылак былі парушэнні прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні сялян у калгасы; празмернае падаткаабкладанне індывідуальных сялянскіх гаспадарак, з-за чаго іх вядзенне губляла ўсялякі сэнс; забарона самастойнага перасялення ў іншыя месцы і продажу сялянскай маёмасці пад пагрозай яе поўнай канфіскацыі. У шэрагу выпадкаў раскулачванне праводзілася не на аснове суцэльнай калектывізацыі і закранала серадняка. Замест сельскагаспадарчых арцеляў як асноўнай формы калгаснага будаўніцтва нярэдка ствараліся камуны, абагульваліся каровы і дробная жывёла калгаснікаў. Закрываліся таксама мясцовыя рынкі, разбураліся ўстановы рэлігійнага культу.

У гістарычнай літаратуры ёсць сцвярджэнне аб тым, што калектывізацыя і раскулачванне — гэта фізічнае знішчэнне (генацыд) сялянства, яго старажытнага ўкладу, вялікай працоўнай культуры. На самай справе беззаконне і фізічнае знішчэнне часткі заможных сялян не з’яўлялася афіцыйнай партыйна-дзяржаўнай палітыкай. Аднак гэта часам было магчымым з прычыны нізкага ўзроўню агульнай і палітычнай культуры, уседазволенасці і беспакаранасці кіраўнікоў мясцовых органаў улады і сілавых структур, няведання таго, што і як трэба будаваць у вёсцы, заахвочвання да паскарэння тэмпаў калектывізацыі з боку ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б)Б. Адказнасць за парушэнні нясе ў першую чаргу вышэйшае кіраўніцтва краіны, але разам з ім і мясцовыя кіраўнікі.

Вынікі калектывізацыі сялянскіх гаспадарак. Масіраваная палітыка-ідэалагічная і арганізацыйная работа, жорсткая падатковая палітыка і іншыя меры спрыялі пашырэнню калектывізацыі. У 1935 г. у калгасах налічвалася 85,6 % сялянскіх гаспадарак, у 1939 г. — больш за 90 %. На калгасных палях працавала больш за 9 тыс. трактароў, сотні камбайнаў і шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Ішоў працэс арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання калгасаў, стварэння вытворчых брыгад і звёнаў, ссялення хутарскіх гаспадарак у калгасныя цэнтры.

Разам з тым у 1920—1930-я гг. большую частку фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў, лепшыя кадры дзяржава выкарыстоўвала для правядзення палітыкі сацыялістычнай індустрыялізацыі і ўмацавання абараназдольнасці СССР. Сельская гаспадарка фінансавалася па рэшткавым прынцыпе, развівалася галоўным чынам за кошт мізэрных уласных сродкаў.

Стварэнне буйных высокапрадукцыйных сельскагаспадарчых кааператываў, здольных забяспечыць прамысловасць сыравінай, а насельніцтва — прадуктамі харчавання, стала магістральным шляхам развіцця сельскай гаспадаркі ва ўсім свеце. У гэтым сэнсе калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў СССР і БССР адлюстроўвала тэндэнцыі сусветнага развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці.

Канстытуцыя БССР 1937 г. 19 лютага 1937 г. Надзвычайным XII Усебеларускім з’ездам Саветаў была прынята трэцяя Канстытуцыя Беларускай ССР. У ёй было запісана, што БССР – сацыялістычная дзяржава рабочых і сялян, палітычную аснову якой складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, а эканамічную аснову – сацыялістычная сістэма гаспадаркі і сацыялістычная ўласнасць у дзвюх формах: дзяржаўнай і кааператыўна-калгаснай. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады і адзіным заканадаўчым органам быў прызнаны Вярхоўны Савет Беларускай ССР, а вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам – Савет Міністраў Беларускай ССР. Мясцовымі органамі дзяржаўнай улады з’яўляліся абласныя, раённыя, гарадскія, раённыя ў гарадах, пасялковыя і сельскія Саветы дэпутатаў працоўных. Усе органы дзяржаўнай улады выбіраліся на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Канстытуцыя БССР абвясціла і гарантавала фактычнае ажыццяўленне асноўных правоў і свабод грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў і мітынгаў і іншыя, дала ўсім грамадзянам роўныя правы ва ўсіх галінах дзяржаўнага, гаспадарчага, культурнага і грамадска-палітычнага жыцця.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Калі ў СССР быў прыняты курс на сацыялістычную індустрыялізацыю?

2. Назавіце мэты і сродкі правядзення індустрыялізацыі ў СССР.

3. У чым заключаліся асаблівасці правядзення індустрыялізацыі ў Беларускай ССР? Назавіце прадпрыемствы, пабудаваныя ў БССР у гады першых пяцігодак.

4. Што такое калектывізацыя сельскай гаспадаркі? Якія задачы яна павінна была вырашыць?

5. Калі быў прыняты курс на калектывізацыю сельскай гаспадаркі?

6. Калі пачалася суцэльная калектывізацыя беларускай вёскі? Чым яна была абумоўлена? Якімі былі яе вынікі?

7. Што такое палітыка ліквідацыі кулацтва як класа? Растлумачце яе сэнс.

8. Якія перагібы і памылкі былі дапушчаны ў калгасным будаўніцтве? Чым яны былі абумоўлены?

9. Назавіце вынікі калектывізацыі ў БССР.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Растлумачце:

а) чым было абумоўлена развіццё ў БССР у гады індустрыялізацыі традыцыйных галін прамысловасці;

б) як уплывала прыгранічнае становішча БССР на правядзенне індустрыялізацыі;

в) чым было абумоўлена развіццё новых галін прамысловасці ў БССР.

2. Прааналізуйце працэс сацыялістычнай індустрыялізацыі ў БССР паводле плана: прычыны, сутнасць, вынікі, наступствы.

3. Дайце аргументаваную ацэнку індустрыялізацыі ў БССР. Растлумачце сэнс тэзіса: «БССР стала індустрыяльна-аграрнай рэспублікай Савецкага Саюза».

4. Якія ацэнкі калектывізацыі вы сустракалі ў гістарычнай літаратуры? Дайце ўласную абгрунтаваную ацэнку палітыкі калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

5. З дапамогай краязнаўчага матэрыялу і дадатковай літаратуры падрыхтуйце паведамленне аб тым, як праходзілі індустрыялізацыя і калектывізацыя ў вашым раёне.

6. Суаднясіце свае веды аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі, атрыманыя на ўроках гісторыі, з раманам М. А. Шолахава «Паднятая цаліна». Якія рысы калектывізацыі знайшлі адлюстраванне ў рамане? Якія рысы калектывізацыі, апісаныя ў літаратурным творы, не знайшлі адлюстравання ў вучэбным дапаможніку?

7. Чым было абумоўлена прыняцце трэцяй Канстытуцыі БССР? Назавіце яе асноўныя палажэнні.

Ілюстрацыі.

1. Мінскі радыёзавод (цяпер Мінскі прыборабудаўнічы завод). 1940 г., с. 182

2. Завод імя К.Я. Варашылава (да 1930 г – завод “Энергія”). 1930-я гг., с. 183

3. Трактарная калона “Інтэрнацыянал”, с. 188

4. Дыскаванне глебы. Сельскагаспадарчая камуна імя Беларускай ваеннай акругі, с. 189

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 2802. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Теория усилителей. Схема Основная масса современных аналоговых и аналого-цифровых электронных устройств выполняется на специализированных микросхемах...

Функциональные обязанности медсестры отделения реанимации · Медсестра отделения реанимации обязана осуществлять лечебно-профилактический и гигиенический уход за пациентами...

Определение трудоемкости работ и затрат машинного времени На основании ведомости объемов работ по объекту и норм времени ГЭСН составляется ведомость подсчёта трудоёмкости, затрат машинного времени, потребности в конструкциях, изделиях и материалах (табл...

Гидравлический расчёт трубопроводов Пример 3.4. Вентиляционная труба d=0,1м (100 мм) имеет длину l=100 м. Определить давление, которое должен развивать вентилятор, если расход воздуха, подаваемый по трубе, . Давление на выходе . Местных сопротивлений по пути не имеется. Температура...

Классификация ИС по признаку структурированности задач Так как основное назначение ИС – автоматизировать информационные процессы для решения определенных задач, то одна из основных классификаций – это классификация ИС по степени структурированности задач...

Внешняя политика России 1894- 1917 гг. Внешнюю политику Николая II и первый период его царствования определяли, по меньшей мере три важных фактора...

Оценка качества Анализ документации. Имеющийся рецепт, паспорт письменного контроля и номер лекарственной формы соответствуют друг другу. Ингредиенты совместимы, расчеты сделаны верно, паспорт письменного контроля выписан верно. Правильность упаковки и оформления....

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.011 сек.) русская версия | украинская версия