Студопедия — Рэфармацыя на Беларусі. Асветніцкая дзейнасць Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змест іх прадмоў да кніг Бібліі. 4 страница
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Рэфармацыя на Беларусі. Асветніцкая дзейнасць Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змест іх прадмоў да кніг Бібліі. 4 страница






 

У гэты час Вялікае Княства Літоўскае перажывала ўздым ня толькі ў духоўным жыцьці, але таксама ў эканоміцы і культуры. І менавіта Рэфармацыя стала прычынай гэтага ўздыму. Вучэньне Кальвіна, якое вялікую ўвагу надавала характару чалавека і рэалізацыі кожным свайго прызначэньня, асабліва падкрэсьлівала важнасьць якаснага выкананьня кожным сваіх абавязкаў, пры гэтым ніколі не задавальняючыся дасягнутым. Такі біблійны падыход да працы стварыў у Эўропе перадумовы ўзьнікненьня рынкавай гаспадаркі. Падобныя працэсы адбываліся і ў Беларусі.

 

Асабліва спрыяла гэтаму аграрная рэформа, літаральна зьмяніўшая аблічча Беларусі на працягу XVI стагодзьдзя. Ідэя рэформы, якая б дазволіла кожнаму селяніну быць непасрэдна адказным за сваю зямлю, належала каралеве Боне Сфорцы, жонцы вялікага князя Жыгімонта Старога. Актыўна падтрымліваў каралеву ў яе пачынаньнях ейны духоўнік Лісманіні, адзін з прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, які лічыў, што прызначэньне чалавека найбольш поўна рэалізуецца тады, калі ён мае сваю справу. Аднак рэформы каралевы Боны абмежаваліся толькі ейнымі ўладаньнямі ў Гарадзенскім і Кобрынскім староствах. На пачатку 1550-ых гадоў Мікалай Радзівіл Чорны, які лічыў Лісманіні адным са сваіх настаўнікаў, зацікавіўся пераўтварэньнямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыў эфэктыўнасьць праведзеных рэформаў, якія разьвівалі ініцыятыву і актыўнсьць сялянства і рабілі сельскую гаспадарку больш прадукцыйнай. У 1556 годзе пачала працаваць спэцыяльная камісія па падрыхтоўцы падобнай рэформы ў дзяржаўным маштабе на чале зь віленскім ваяводам. Разам зь ім працавалі пісар Вялікага Княства Астафей Валовіч і адзін зь непасрэдных выканаўцаў пераўтварэньняў ва ўладаньнях каралевы Боны Пётар Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала так званую «Уставу на валокі», абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восеньню 1557 году, якая на доўгія гады вызначыла гаспадараваньне зямлёй ў Вялікім Княстве. Сутнасьцю гэтай рэформы было мераньне зямлі і яе клясыфікацыя паводле вартасьці, апрацаванасьці і ўраджайнасьці. Абмераныя землі падзяляліся на стандартныя часткі - валокі (21,37 гектара). Зямля ў карыстаньні сялянаў пераразьмяркоўвалася так, каб кожная сям'я атрымала адну валоку, такім чынам ліквідуючы церазпалосіцу і спрашчаючы падаткаабкладаньне сялянскай гаспадаркі. Такая арганізацыя землекарыстаньня дазваляла асвойваць новыя землі і павялічыць таварнасьць паасобных гаспадарак, дзякуючы вялікім памерам участка і магчымасьці выкарыстоўваць новую, трохпольную сыстэму земляробства. Адначасова ствараліся фальваркі - вялікія панскія гаспадаркі, якія павінны былі апрацоўвацца цяглымі сялянамі (так званая паншчына). Зямельная рэформа, або, як яе называюць, валочная памера, пачалася спачатку ў землях, што належалі вялікаму князю, але пасьля яе падхапіла шляхта, праводзячы памеру ў сваіх маёнтках.

 

Валочная памера зьмяніла нават зьнешні выгляд вёсак па ўсёй Беларусі. Яны сталі больш буйнымі, з характэрнай забудовай у адну вуліцу. І гэты іх выгляд прынцыпова не зьмяніўся да сёньняшняга дня. Яшчэ больш важным вынікам рэформы сталася павелічэньне грашовага абарачэньня, бо большасьць сялянаў была пераведзена з натуральнага падатку на грашовы - чынш, і таму мусіла зьвязвацца з рынкам. Акрамя таго была ліквідаваная сялянская абшчына, бо сяляне атрымлівалі ў спадчыну ў сваё карыстаньне валокі і выконвалі грашовыя і іншыя павіннасьці паасобку, а ня ўсёй вёскаю. Дарэчы, падобныя рэформы былі праведзеныя ў Расейскай імпэрыі толькі на пачатку XX стагодзьдзя прэм'ер-міністрам Пятром Сталыпіным, які меў маёнтак каля Горадні і на ўласныя вочы бачыў вынікі рэалізацыі «Уставы на валокі». Сама валока аказалася настолькі трывалай гаспадарчай адзінкай, што нават у XX стагодзьдзі беларускія сяляне, набываючы зямлю, вымяралі яе валокамі.

 

Новая сыстэма гаспадараньня дала магчымасьць павялічыць ураджаі збожжа, так што жыта і ячмень пачалі вывозіць на продаж за мяжу. Ліквідацыя сялянскай абшчыны дазволіла разьвіваць разнастайную вытворчасьць, асабліва зьвязаную зь перапрацоўкай драўніны, бо частка сялянаў замест працы на зямлі пачала займацца рамяством. Зьявіліся цэлыя паселішчы смаляроў, катляроў, грабароў, шаўцоў, кавалёў. Усё гэта спрыяла росту мясцовага рынку і эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Адной з прыкметаў гэтага стала стварэньне ў Вялікім Княстве аднароднай грашовай сыстэмы. На пачатку XVI стагодзьдзя на Полаччыне ў абарачэньні былі галоўным чынам рыскія шылінгі, у Панямоньні - праскія грошы, а на Палесьсі - залатаардынскія дзірхемы. Але ў сярэдзіне XVI стагодзьдя асноўнай манэтай ва ўсім Княстве становіцца літоўскі паўгрош віленскай вытворчасьці.

 

Яшчэ адной характэрнай рысай XVI стагодзьдзя стаў хуткі рост у Беларусі гарадоў і мястэчак. Калі на пачатку стагодзьдзя іх было толькі 48, то ўжо ў 1567 годзе іх налічвалася больш за 280. Гэтая ўрбанізацыя Вялікага Княства непасрэдна зьвязаная зь імкненьнем магнатаў закладаць гарады і мястэчкі ў сваіх уладаньнях. Радзівілы, Кішкі, Пацы, Сапегі запрашалі разнастайных рамесьнікаў, перш за ўсё веручых, і надавалі новым паселішчам магдэбурскае права (права самакіраваньня). Дзеячы Рэфармацыі ставілі сабе за мэту клапаціцца пра пашырэньне кола людзей, якія займаюцца нейкім рамяством. Сымон Будны ў сваім «Катэхізісе» зьвяртаў увагу бацькоў, што «повінны родітелі научаті сынов своіх мастерству або ремества якого побожного, абы от него слушное выжывене на потом мелі». Ён ставіў майстра ў адзін шэраг з настаўнікам, пастарам і ўладамі.

 

Сярэдзіна XVI стагодзьдзя - гэта таксама імклівы культурны ўздым Вялікага Княства. Тут варта ўзгадаць хаця б тыя некалькі сотняў школаў, адкрытых пры эвангельскіх цэрквах на працягу няпоўных дзесяці гадоў, якія далі магчымасьць тысячам маладых людзей атрымаць прынамсі пачатковую адукацыю. Або сотні кнігаў, якія выходзілі вялікімі накладамі і пашыралі веды сярод жыхароў краіны. У рэфармацыйных друкарнях выдавалася ня толькі рэлігійная літаратура, але таксама кнігі па гісторыі, геаграфіі, матэматыцы, філязофіі, паэтычныя і празаічныя творы розных аўтараў, пераклады з замежных моваў. Князь Мікалай Радзівіл Чорны стаў распачынальнікам мэцэнацтва ў Вялікім Княстве. Пры яго двары стваралі музыку Кіпрыян Базылік і Вацлаў з Шаматулаў, пісалі вершы Мікалай Рэй і Андрэй Трыцесскі. Нямецкія мастакі, якія працавалі дзякуючы падтрымцы віленскага ваяводы, увялі ў побыт шляхты Княства партрэтны жывапіс. Мікалай Чорны стаяў таксама ля вытокаў славутых радзівілаўскіх мастацкіх збораў, першай мастацкай калекцыі ў Беларусі.

 

Шматгранная дзейнасьць віленскага ваяводы выяўлялася і ў палітычным жыцьці краіны. Пачынаючы з 1556 году Мікалай Радзівіл Чорны шмат увагі ўдзяляў сітуацыі ў Прыбалтыцы, вядучы перамовы аб далучэньні Лівоніі да Вялікага Княства і сумеснай абароне супраць маскоўскай агрэсіі. У 1558 годзе войскі Івана Жахлівага ўварваліся ў Лівонію, пакідаючы за сабою спаленую зямлю. Лівонія зьвярнулася да Вільні па дапамогу, становячыся пратэктаратам Вялікага Княства. Вайна з Масквою стала непазьбежнай. Зімою 1563 году 200-тысячная маскоўская армія на чале зь Іванам Жахлівым увайшла ў межы Княства і аблажыла Полацак. Вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды кінуўся тэрмінова зьбіраць беларускае войска і закрыў дарогу на Вільню, але дапамагчы Полацку аніяк ня змог. У лютым 1563 году Полацак быў захоплены. Па загаду цара Івана ўсе, хто не хрысьціўся па-праваслаўнаму, былі пасечаныя шаблямі або ўтопленыя ў Дзьвіне, мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці. Усіх пазасталых палачанаў захопнікі аб'явілі палоннымі і пагналі на ўсход. У родны горад зь іх ніхто не вярнуўся, а сам Полацак быў заселены перасяленцамі з-за Масквы. Калі праз 16 гадоў войскі Стэфана Баторыя вызвалілі Полаччыну, гэтая некалі самая заселеная зямля ў Вялікім Княстве ўяўляла сабою зарослую маладым лесам пустыню безь людзей і без жывёлы. Да сёньняшняга дня гэты край самы бязьлюдны ў Беларусі.

 

Такое разьвіцьцё падзеяў нарадзіла паніку сярод беларускай шляхты. На палявым сойме пад Віцебскам было прынятае рашэньне аб далучэньні Вялікага Княства да Польскага Каралеўства. Але гэтым плянам інтэграцыі рашуча супрацьстаў Мікалай Радзівіл Чорны. На Варшаўскім сойме ў студзені 1564 году, калі польскія дэлегаты і Жыгімонт Аўгуст узамен за дапамогу ў вайне патрабавалі ліквідацыі Вялікага Княства і ўваходжаньня яго ў склад Польшчы, віленскі ваявода заняў адназначную пазыцыю ў пытаньні незалежнасьці сваёй краіны, не згаджаючыся ні на якія саступкі. У гэты час Мікалай Радзівіл Руды на рацэ Ула, маючы 4 тысячы вершнікаў, разграміў 30-ці тысячнае маскоўскае войска. Пытаньне пра інтэграцыю было закрытае. Аднак незалежніцкая пазыцыя віленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносінаў з каралём і вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам. Некаторыя сучасьнікі гаварылі, што Мікалай Радзівіл Чорны прымерваў для сябе вялікакняскую карону, разьлічваючы на тое, што Жыгімонт Аўгуст ня мае нашчадкаў, і таму быў такі непрыхільны да ўсялякіх саюзаў. Мы ня ведаем, ці былі ў віленскага ваяводы такія пляны, хутчэй за ўсё гэта прыдумкі недабразычліўцаў. У лісьце да сына ен пісаў: «Кароль вельмі неахвотна ад мяне гэта прыймае, але Рэч Паспалітая для мяне больш значыць, чым прыхільнасьць гаспадара, таму мала мяне гэта хвалюе». Віленскі ваявода называе тут Рэччу Паспалітаю, г.зн. супольнаю справаю ўсіх грамадзянай краіны, Вялікае Княства Літоўскае. Такая зацятасьць Мікалая Чорнага не была дарэмнай. Гісторыкі аднадушна сьцьвярджаюць, што пастава віленскага ваяводы адносна вуніі з Польшчай надавала сілу беларускай дэлегацыі ў Любліне ў 1569 годзе, і хоць Мікалай Чорны памёр чатыры гады раней, бясспрэчна яго заслуга ў тым, што Вялікае Княства ня стала часткаю Польскага Каралеўства і захавала сваю самастойнасьць.

 

Вялікія пэрспэктывы і вялікія занядбаньні

 

Трывожныя падзеі 1563 і наступнага 1564 году падарвалі здароўе віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага. Ён адчуваў набліжэньне сьмерці, і таму сьпяшаўся. Усё менш займаўся палітыкай, а ўвесь свой час прысьвячаў таму, каб умацаваць эвангельскую царкву ў краіне. За апошнія дванаццаць гадоў ён зрабіў шмат, каб укараніць Рэфармацыю ў Вялікім Княстве. Здавалася, можна было глядзець у будучыню спакойна, але трывога не пакідала князя Мікалая. Яго непакоілі весткі з вайны, адкрыта прапольская пазыцыя вялікага князя. У дадатак да ўсяго ў самім эвангельска-рэфармаваным Задзіночаньні пачыналіся спрэчкі, якія сеялі нязгоду між братамі. У красавіку 1565 году князь Мікалай цяжка захварэў. 27 траўня ён паклікаў да сябе свайго старэйшага сына, Мікалая Крыштафа, і прасіў яго цьвёрда трымацца эвангельскай веры, клапаціцца пра зборы і прапаведнікаў. Пасьля паклікаў пісара і пачаў дыктаваць тастамант. У сваёй апошняй волі віленскі ваявода зноў і зноў узгадваў пра патрэбы эвангельскіх цэркваў: «А на тот костел, где тело мое поховано будет, і на школу одпісую всі Бібліі, накладом моем друкованые в Бересті». На наступны дзень Мікалай Радзівіл Чорны, патрыёт і рэфарматар, некаранаваны кароль Літвы, лідар эвангельскага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, памёр.

 

Сьмерць Мікалая Чорнага выклікала непрыхаваную радасьць ворагаў Рэфармацыі ў нашай краіне, але справа жыцьця віленскага ваяводы знайшла дастойных пасьлядоўнікаў. На чале рэфармацыйнага руху стаў ягоны брат, вялікі гетман літоўскі Мікалай Радзівіл Руды. Андрэй Вэнгерскі, аўтар адной зь першых працаў па гісторыі Рэфармацыі ва Ўсходняй Эўропе «Slavonia Reformata» («Рэфармаванае славянства») так апісвае падзеі, зьвязаныя з прыняцьцём князем Мікалаем Радзівілам Рудым кальвінскага веравызнаньня: «Князь гэты, атрымаўшы 26 студзеня 1564 году слаўную перамогу над Масквою, паехаў у Чэнстахову з намерам споўніць прырачэньне, прынятае перад бітваю. Такога знакамітага госьця манахі прынялі зь вялікай радасьцю, і жадаючы ўмацаваць яго ў каталіцкай веры, бо ён ужо хістаўся, намовілі нейкага селяніна, каб зрабіў выгляд апанаванага злым духам. Калі ж яны выганялі зь яго д'ябла, каб паказаць, што яны сапраўдныя наступнікі апосталаў, князь зразумеў подступ і, паклікаўшы таго чалавека, даведаўся ад яго самога, што яго манахі падкупілі, каб ён рабіў выгляд апанаванага. З гэтае прычыны князь, вярнуўшыся ў Літву, выракся памылак рымскае царквы, перайшоў да царквы рэфармаванае, і сыноў сваіх, Мікалая і Крыштафа, загадаў выхоўваць у гэтым вучэньні». Ужо раней вялікі гетман літоўскі прыхільна ставіўся да Рэфармацыі, падтрымліваў многія пачынаньні свайго брата, Мікалая Чорнага, але чамусьці доўга не акрэсьліваў сваёй пазыцыі. Падзеі ў Чэнстахове сталі той кропляй, якая выклікала цьвёрдае рашэньне Мікалая Рудога ня быць цёплым, але стаць гарачым. І трэба адзначыць, што адбылося гэта вельмі сваечасова.

 

Сьмерць Мікалая Чорнага стала сур'ёзным выпрабаваньнем для кальвіністаў Вялікага Княства. Багаслоўскія спрэчкі разгарэліся ўнутры эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня зь нечуванай сілай і прывялі да падзелу адзінага рэфармаванага збору на так званы большы збор - уласна кальвіністаў, верных навуцы Жана Кальвіна, і меншы збор - так званых арыянаў ці антытрынітарыяў, якія самі сябе называлі літоўскімі братамі. Асноўнай прычынай падзелу стала пытаньне пра Тройцу і хрышчэньне дзяцей. Літоўскія браты, падкрэсьліваючы тое, што Ісус Хрыстос быў на 100% чалавекам, пры гэтым нярэдка адмаўлялі Яго роўнасьць Богу Айцу, а таксама лічылі, што кожны чалавек павінен хрысьціцца толькі дарослым, усьведамляючы, што ён робіць. Гэтыя пазыцыі выклікалі зацятыя спрэчкі, аднак так і не стварылі выразнай мяжы паміж большым зборам і меншым, што дазваляе меркаваць, што вядомыя нам скрайнія выказваньні аднаго ці другога боку гаварыліся хутчэй у запале дыскусіі, чым адлюстроўвалі паўсюдна прынятую багаслоўскую пазыцыю. Многія прыхільнікі літоўскіх братоў адначасова не парывалі з большым зборам, як напрыклад, староста берасьцейскі Ян Кішка, які быў найгалоўнейшым апекуном меншага збору ў Вялікім Княстве. Тым ня менш спрэчкі і падзелы ўнутры рэфармацыйнага руху аслабілі пазыцыі рэфарматараў напярэдадні тых падзеяў, якія чакалі нашую дзяржаву.

 

Вайна з Масквою, якая цягнулася ўжо шмат гадоў, востра паставіла перад Вялікім Княствам даўняе пытаньне пра вунію (саюз) з Польскім Каралеўствам. Ваенная машына Маскоўскай дзяржавы, скіраваная на заваёву новых земляў, моцна пераўзыходзіла абарончыя магчымасьці Княства, і нашай краіне выразна не ставала сваіх сілаў, каб супрацьстаяць усходняму агрэсару. У 1563 годзе пачаліся перамовы дэлегацыі Вялікага Княства з прадстаўнікамі Польскай Кароны пра ўмовы аб'яднаньня дзяржаваў. Польскі бок, спасылаючыся на старыя акты часоў Ягайлы, настойваў на стварэньні адзінай дзяржавы, але беларускія паслы на чале зь Мікалаем Радзівілам Чорным прынцыпова стаялі на пазыцыі захаваньня незалежнасьці Вялікага Княства. Спрэчкі цягнуліся не адзін год, тым часам вайна працягвалася, зьнясільваючы краіну. Шляхта, на плячох якой ляжаў асноўны цяжар вайны, усё грамчэй патрабавала вуніі, згаджаючыся на польскія ўмовы.

 

Урэшце ў студзені 1569 году ў Любліне сабраўся супольны сойм Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, каб разгледзець пытаньне саюзу. Дэлегацыя Княства зноў рашуча не пагадзілася зь ідэяй уключэньня сваёй краіны ў склад Польскага Каралеўства і ў знак пратэсту пакінула Люблін. Тады Жыгімонт Аўгуст, карыстаючыся сваёй уладай вялікага князя літоўскага, далучыў да Польскага Каралеўства Падляшша, Валынь і Кіеўшчыну, тым больш, што тамтэйшая шляхта была найбольш прыхільная вуніі, спадзяючыся знайсьці праз гэта абарону ад Масквы і ад татараў. Вільня была шакаваная такім ходам падзеяў, нават чуліся галасы пра вайну з Польшчай, але калі з заходнім суседам яшчэ можна было весьці перамовы, то зь Іванам Жахлівым размаўляць было няма пра што: там, дзе прайшлі маскоўскія войскі, заставалася выпаленая зямля. Паслы Княства зноў паехалі ў Люблін, каб адстойваць самастойнасьць сваёй дзяржавы і дасягнуць нейкага кампрамісу. 1 ліпеня 1569 году быў абвешчаны акт стварэньня Рэчы Паспалітай Двух Народаў, фэдэрацыі Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, якая мела аднаго караля і адну зьнешнюю палітыку, але два войскі, два скарбы (фінансавыя сыстэмы), два зборнікі законаў.

 

Саюз кальвінскага Вялікага Княства зь пераважна каталіцкім Польскім Каралеўствам пачаў новую старонку ў гісторыі Беларусі, але ў той час мала хто мог прадбачыць, што будзе далей. На Люблінскім сойме амаль усе паслы Вялікага Княства былі кальвіністамі ці лютаранамі, а сярод польскай дэлегацыі эвангельскія хрысьціяне складалі недзе чвэрць. Нягледзячы на гэта многія ў Беларусі меркавалі, што прынцыповых зьменаў ва ўнутранай палітыцы Рэчы Паспалітай Двух Народаў не прадбачыцца.

 

Тым часам у Польшчы рэфармацыйны рух пайшоў на спад, і каталіцкая царква пачала паціху адваёўваць свае пазыцыі. На чале гэтай дзейнасьці, званай Контррэфармацыяй, сталі езуіты, манаскі ордэн, які меў сваёй мэтай усталяваньне ўлады каталіцкай царквы на ўсім сьвеце. У 1569 годзе першыя езуіты прыехалі ў Вільню па запрашэньні віленскага біскупа Пратасевіча і ў наступным годзе адчынілі сваю школу. Эвангельскія цэрквы Вялікага Княства, у той час вельмі моцныя і пашыраючыя свае ўплывы, проста не заўважылі зьяўленьня ў сталіцы свайго ў недалёкай будучыні найнебясьпечнейшага ворага. Увага ўсіх была засяроджана вакол спрэчак паміж большым і меншым зборамі, і на гэта былі кінутыя інтэлектуальныя і матэрыяльныя сілы эвангельскіх хрысьціянаў. Аднак самыя дальнабачныя зь лідараў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве разумелі неабходнасьць супольных дзеяньняў прадстаўнікоў розных накірункаў рэфармацыйнага руху. У сакавіку 1570 году зь ініцыятывы Мікалая Радзівіла Рудога ў Вільні была заключана дамова паміж лютаранамі і кальвіністамі, якая тычылася ня столькі дагматычных пытаньняў, колькі пытаньняў супрацоўніцтва, кансультацыяў, узаемнай дапамогі. Прыклад Вялікага Княства падзейнічаў, і празь некалькі месяцаў у Сандаміры было заключана падобнае пагадненьне, якое ахоплівала эвангельскіх хрысьціянаў усёй Рэчы Паспалітай.

 

У 1572 годзе памёр, не пакінуўшы нашчадка, Жыгімонт Аўгуст, апошні з дынастыі Ягайлавічаў. Паўстала пытаньне, хто будзе наступным каралём і вялікім князем. Многія ў Рэчы Паспалітай схіляліся да кандыдатуры Генрыка Валуа, брата францускага караля Карла IX. Сярод беларускіх кальвіністаў гэта выклікала трывогу, бо акурат у той самы час уся Эўропа была шакаваная весткай пра ноч сьвятога Баўтарамея, калі ў Францыі было забіта каля 50 тысячаў гугенотаў (так у Францыі называлі кальвіністаў) толькі за тое, што яны ня моляцца як католікі. Калі ў студзені 1573 году шляхта Рэчы Паспалітай сабралася ў Варшаве, каб акрэсьліць умовы жыцьця краіны пад час бескаралеўя, Мікалай Радзівіл Руды, падтрыманы Астафеем Валовічам і Паўлам Пацам, выступіў зь ініцыятываю заканадаўча замацаваць рэлігійную талерантнасьць, каб захаваць дзяржаву ад рэлігійных войнаў. У выніку галасаваньня быў прыняты акт Варшаўскай канфэдэрацыі, адзін з пунктаў каторага гаварыў: «А іж в Речы Посполітой ест розность немалая з стороны веры хрестіяньское, забегаючы тому, абы се с тое прычыны межы людмі заістье якое шкодлівое не вщело, которую по іншіх королевствах ясне відім, обецуем то собе сполне за нас і за потомкі нашы на вечные часы покой межы собою заховаті, а для розное веры і отмены в костелах крові не пролівать, ані се караті отсуженьем маетності, почстівостью, везеньем і выволаньем, і зверхності жадное, ані уряду до такового поступку жадным способом не помагать».

 

Гэта быў першы ў сьвеце прававы акт, які дэкляраваў прынцыпы раўнапраўя паміж людзьмі розных веравызнаньняў. Для Эўропы, ахопленай полымем рэлігійных войнаў, Варшаўская канфэдэрацыя стала прыкладам, як укладаць справы свабоды сумленьня. Пяць месяцаў раней у Парыжы быў абвешчаны каралеўскі дэкрэт, забараняючы па ўсёй Францыі ўсялякія сабраньні, пропаведзі і служэньні эвангельскіх хрысьціянаў, пагражаючы за яўнае ці патаемнае вызнаньне «герэзіі» сьмерцю. Аж да канца XVI стагодзьдзя францускія гугеноты ставілі Рэч Паспалітую ў прыклад сваім суайчыньнікам.

 

Увогуле, час першага бескаралеўя паказаў, на што здольны народ, у якім жывуць ідэі Рэфармацыі. Уладу ў Вялікім Княстве ўзяў на сябе сэнат на чале зь вялікім гетманам Радзівілам Рудым. Шляхта па ўсёй краіне пачала склікаць «каптуры» - канфэдэрацыі на ўзроўні ваяводзтва, якія павінны былі захаваць цэласнасьць дзяржавы і забясьпечыць унутраны супакой на час бескаралеўя. «Калі б хто парушаў парадак, рабаваў ці забіваў, будзем таго лічыць па-за законам, жыцьця яго пазбавім, маёмасьць яго спустошым», - пісалася ў адным з тагачасных унівэрсалаў (пасланьняў). На шляхах і ўздоўж межаў краіны зьявіліся ўзброеныя шляхецкія аддзелы. Да вялікага зьдзіўленьня сваіх і чужых не было ніякага замяшаньня. За паўтары гады адсутнасьці манарха ў Вялікім Княстве не пралілося ані кроплі крыві. Унутраны парадак у дзяржаве забясьпечылі самі ліцьвіны, выдатна здаючы іспыт на грамадзянскую сьпеласьць.

 

Між тым трэба было выбіраць караля. Кандыдатура Генрыка Валуа падабалася католікам, але не падабалася кальвіністам. Але і тыя, і другія хацелі заключыць з будучым каралём дамову аб уладзе. Так паўсталі знакамітыя генрыкаўскія артыкулы. Іх можна сьмела назваць канстытуцыйным актам Рэчы Паспалітай Двух Народаў, які акрэсьліваў палітычны і грамадзкі лад дзяржавы. Шляхта, сабраная каля Варшавы, мусіла зрабіць тое, што праз два стагодзьдзі рабілі айцы-заснавальнікі Злучаных Штатаў Амэрыкі. Генрыкаўскія артыкулы вызначалі, што вольныя элекцыі (выбары) караля і вялікага князя павінны праходзіць пры кожнай зьмене манарха, пры гэтым нельга ім перашкаджаць або вызначаць наступніка пры жыцьці папярэдняга караля. Далей падцьвярджалася Варшаўская канфэдэрацыя, гэта значыць свабода веравызнаньня, і забаранялася каралю бяз згоды сойму аб'яўляць вайну, склікаць паспалітае рушэньне, а таксама прызначаць падаткі. Каралеўскі скарб павінен быў забясьпечваць абарону межаў і ўтрыманьне прафэсійнага войска. Калі няма пільнай патрэбы, сойм павінен склікацца раз на два гады не даўжэй, чым на шэсьць тыдняў. Са складу сойму выбіраліся шаснаццаць сэнатараў, якія павінны быць пры каралі і вялікім князю як дарадцы. Акрамя таго манарх не павінен нічога прадпрымаць у справе сужонства бяз рады і згоды сэнатараў і не шукаць магчымасьцяў для разводу. «А калі б, Божа захавай, штосьці супраць правам, вольнасьцям, артыкулам і ўмовам мы (г.зн. кароль) учынілі або нечага ня выканалі, тады грамадзяне двух народаў ад паслушэнства і веры, якія нам належаць, свабодныя».

 

Разам з генрыкаўскімі артыкуламі будучаму манарху паставілі таксама ўмовы, датычныя свабоды веравызнаньня ў самой Францыі. Гэтыя ўмовы патрабавалі, каб Карл IX абвесьціў паўсюдную амністыю для гугенотаў, прызнаў свабоду веравызнаньня, вярнуў нашчадкам кальвіністаў, забітых у ноч сьвятогы Баўтарамея, а таксама эмігрантам, маёмасьць і годнасьць, дазволіў свабодна праводзіць кальвінскія набажэнствы і зьняў аблогу гугеноцкіх крэпасьцяў. Францускі пасол Жан дэ Манлюк прыняў ад імя будучага манарха гэтыя ўмовы, чым у значнай меры паспрыяў выбраньню Генрыка Валуа каралём Рэчы Паспалітай.

 

Адразу пасьля выбараў пасольства Рэчы Паспалітай Двух Народаў накіравалася на берагі Сэны. Парыж зь неахвотай пагадзіўся на ўмовы беларускіх і польскіх кальвіністаў. Была зьнятая аблога Ля Рашэлі, гэтаму гораду і яшчэ двум іншым было дазволена публічна праводзіць эвангельскія служэньні, а прыватныя набажэнствы дазваляліся па ўсёй краіне. Прыезд пасольства выратаваў ад зьнішчэньня гугеноцкі горад Сансэру, у якім на момант зьняцьця аблогі засталася толькі адна бочка пораху. Рэлігійная вайна ў Францыі была спынена на добрых некалькі гадоў. Беларускія і польскія кальвіністы супольнымі намаганьнямі прымусілі францускага караля даць свабоду сваім братам па веры.

 

На колькі прыклад Рэчы Паспалітай заахвочваў Францыю да талерантнасьці, на столькі прыклад Францыі быў для паслоў Рэчы Паспалітай яшчэ адным падцьвярджэньнем слушнасьці сваёй паставы. Яны праяжджалі праз спаленыя вёскі і зруйнаваныя мястэчкі, бачылі голад і зьнішчэньне на ўсім сваім шляху. Таму з тым большай настойлівасьцю патрабавалі ад Генрыка Валуа прысягнуць, згодна з генрыкаўскімі артыкуламі, захаваньне свабоды веры, сумленьня і слова. Калі пад час урачыстай імшы ў Нотрэ-Дам будучы кароль Рэчы Паспалітай паспрабаваў абмінуць гэтыя параграфы артыкулаў, адзін з паслоў, Ян Збароўскі, на вачах усяго каралеўскага двара сказаў: «Si non iurabis, non regnabis» (Не прысягнеш, ня будзеш каралём). Прыйшлося Генрыку Валуа падцьвердзіць артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыі. Пад час каранацыі ў Кракаве 20 лютага 1575 году сцэна з Нотрэ-Дам паўтарылася. Зноў Валуа паспрабаваў абмінуць невыгодныя словы пра свабоду веравызнаньня. Тады Ян Фірлей, маршалак каронны, і Мікалай Радзівіл Руды, вялікі гетман літоўскі, не дазволілі працягваць каранацыю, пакуль усе пункты прысягі ня будуць названыя, у тым ліку абавязацельства не перасьледваць нікога за веру. Францускі каралевіч саступіў і стаў каралём і вялікім князем Генрыкам I, а артыкулы Варшаўскай канфэдэрацыі набылі сілу закону. Праўда, караляваньне новага манарха доўжылася ўсяго чатыры месяцы. Даведаўшыся пра сьмерць свайго брата, Карла IX, Генрык Валуа ў чэрвені 1575 году ўцёк з Кракава, каб стаць францускім каралём Генрыкам III, а для Рэчы Паспалітай Двух Народаў зноў пачалося бескаралеўе.

 

У наступным годзе прайшлі новыя выбары, і каралём стаў сямігародзкі гаспадар Стэфан Баторы. Новы манарх адразу заявіў, што ён пануе над народам, а не над сумленьнямі, і без аніякіх хітрыкаў падпісаў генрыкаўскія артыкулы. Многія гісторыкі назвалі гэтага караля «адпаведным чалавекам», які паказаў, што Рэч Паспалітая Двух Народаў, дзяржава, якая абмежавала сваіх манархаў законам, дала ім уладу на падставе дамовы, ня толькі не апынулася ў хаосе і анархіі, але наадварот, жыла, разьвівалася, перамагала ў войнах. Заходняя Эўропа прыглядалася да дэмакратычных мэханізмаў улады ў Рэчы Паспалітай, шукаючы для сябе прыклады дзяржаўнага будаўніцтва.

 

Стэфан Баторы, таленавіты военачальнік і мудры палітык, шмат зрабіў для ўмацаваньня Рэчы Пасталітай, перад усім у ваенна-палітычнай сфэры, і перш за ўсё яго дзейнасьць была скіраваная на справы Вялікага Княства. У 1579 годзе войскі вялікага князя літоўскага вызвалілі Полацак і ўсю паўночна-усходнюю Беларусь ад маскоўцаў, а ў 1582 годзе было падпісанае перамір'е з Масквою, якое скончыла Лівонскую вайну - крывавую вайну, што паставіла пад пагрозу незалежнасьць Вялікага Княства. Стэфан Баторы меў таксама вялікае жаданьне пашырыць адукацыю ў краіне. Аднак у караля і вялікага князя была адна ілюзія: яму здавалася, што найлепш паспрыяюць разьвіцьцю краіны езуіцкія школы, у якіх ён бачыў апірышча ладу і парадку. На жаль, практыка паказала, што менавіта з гэтых школаў у хуткім часе выйшлі найвялікшыя крыкуны, якія пад прыкрыцьцём абароны свабодаў і шляхецкай залатой вольнасьці нішчылі ўсякі парадак і супакой краіны. Як бы там ні было, але кароль Стэфан надаў віленскай езуіцкай школе статус Акадэміі і адкрыў калегіюмы ў Полацку і Горадні.

 

Маючы такога апекуна, езуіты зь вялікай руплівасьцю ўзяліся за справу пашырэньня каталіцтва ў Вялікім Княстве. Перш за ўсё яны скіравалі сваю ўвагу на палітычную эліту краіны, спрабуючы перацягнуць яе на свой бок. І адразу дасягнулі гучнага посьпеху. Мікалай Крыштаф Радзівіл, званы Сіротка, сын Мікалая Радзівіла Чорнага, пад час сваёй вучобы ў Нямеччыне і Італіі, сур'ёзна захварэў і, шукаючы паратунку, выракся веры свайго бацькі, перайшоўшы ў каталіцтва. Стан здароўя маладога магната палепшыўся, і Мікалай Крыштаф, вярнуўшыся на радзіму, схіліў перайсьці з кальвінізму на каталіцтва сваіх родных. Каталіцкая царква ў Беларусі трыюмфавала, бачачы, як сын апостала Рэфармацыі нішчыць справу свайго бацькі, закрываючы ў сваіх уладаньнях цэрквы, друкарні, палячы Бібліі. Аднак у хуткім часе хвароба вярнулася, і малады чалавек амаль цалкам страціў слых. Жадаючы замаліць свае грахі, Мікалай Крыштаф паехаў у Сьвятую Зямлю, у Ерузалім, але гэта не дапамагло, засноўваў езуіцкія калегіюмы, але здароўе станавілася ўсё горшым. З-за хваробы бацькі зь дзевяці ягоных дзяцей трое памерлі ў дзяцінстве, а яшчэ чацьвёра сыноў памерлі, не пакінуўшы нашчадка. Ня дзіва, што хутка галасы, што славілі «мудрае рашэньне» Мікалая Крыштафа, сьціхлі, а спробы схіліць да каталіцкай веры іншых магнатаў Княства ня мелі вялікага посьпеху.

 

Тым ня менш езуіты не здаліся, а пачалі рэалізоўваць больш доўгатэрміновую праграму. Школы, адкрытыя пры кальвінскіх зборах яшчэ за жыцьця Мікалая Радзівіла Чорнага, далі адукацыю сотням маладых людзей. Каб працягваць вучобу, яны павінны былі ехаць за мяжу, бо ў Вялікім Княстве не было свайго ўнівэрсытэту, а зрабіць гэта маглі далёка ня ўсе. Бачачы патрэбу краіны ў вышэйшай навучальнай установе, езуіты пачалі захады, каб адкрыць у Вільні Акадэмію, што і адбылося ў 1579 годзе. У Віленскую Акадэмію прымаліся на вучобу ня толькі католікі, але таксама кальвіністы, лютаране, праваслаўныя, і гэта адкрыла перад езуітамі вялікую прастору для распаўсюджваньня «рымскай веры». Калі празь некалькі гадоў эвангельскія хрысьціяне ўсьвядомілі, што значыць унівэрсытэт у сваёй краіне, і пачалі рабіць захады па арганізацыі кальвінскай акадэміі ў Вільні, быў ужо іншы час і іншая ўлада. Вялікае Княства так і не атрымала свайго кальвінскага ўнівэрсытэту.

 

Падтрымка з боку караля надавала езуітам адвагі ў іх змаганьні з Рэфармацыяй, але адкрыта супрацьстаяць эвангельскаму хрысьціянству ў іх не было сілы. Асноўная заканадаўчая і выканаўчая ўлада была ў руках кальвіністаў, вялікага гетмана Мікалая Радзівіла Рудога і канцлера Астафея Валовіча. Краіна жыла прынцыпамі Рэфармацыі, і гэта было відочна на кожным кроку. «Шляхта не саромееца трымаць шынкі, займацца гандлем, ліхвярствам і іншымі нізкімі справамі, толькі б яны служылі абагачэньню і прыносілі прыбытак», - пісаў Андрэй Волан, кальвінскі прапаведнік, аўтар шматлікіх трактатаў на грамадзка-палітычныя тэмы. Да нашых дзён дайшлі запіскі Фёдара Еўлашоўскага, дробнага шляхціча зь Ляхавічаў, у якіх ён распавядае пра сваё жыцьцё і пра жыцьцё Княства ў другой палове XVI стагодзьдзя. У 1566 годзе дваццацігадовы Еўлашоўскі прыехаў у Вільню і дзеля цікавасьці зайшоў у кальвінскі збор. Акурат тады прапаведвалі «міністры ўчоные Вендрагоўскі і Касьцініюс», і малады чалавек, атрымаўшы ад гэтай пропаведзі «велікую утеху», прымае кальвінскае веравызнаньне. Эвангельскае вучэньне аб волі Божай для кожнага чалавека, прапаведванае кальвінскімі міністрамі, скіроўвала чалавека на тое, каб ён рэалізаваў сваё прызначэньне ў грамадзкім жыцьці, бізнэсе, сваёй прафэсіі, абвяшчала прынцыпы працавітасьці, дабрасумленнасьці, ашчаднасьці, прадпрыймальнасьці. Фёдар Еўлашоўскі сур'ёзна прыняў Слова Божае і пачаў жыць згодна з гэтым. Неўзабаве, дзякуючы сваёй працавітасьці і стараннасьці, ён назапасіў немалое багацьце і, пачынаючы зь сярэдзіны 70-х гадоў XVI стагодзьдзя, як бачна з дакумантаў, пазычаў вялікія сумы (па некалькі тысячаў коп літоўскіх грошаў) гатоўкаю некаторым магнатам. У той час за дзьве капы можна было набыць каня, а 60 коп каштаваў каменны дом у цэнтры Менску (капа раўнялася 60 грошам). Пытаньні эканомікі цікавілі і палітыкаў, і паэтаў. Менскі ваявода Ян Абрамовіч, адзін зь лідараў рэфармацыйнага руху ў Княстве, напісаў кнігу «Погляды ліцьвіна на танную куплю і даражэйшы продаж збожжа», у якой тлумачыў неабходнасьць свабоды гандлю ў дзяржаве. Яго сучасьнік, філёзаф і паэт Язэп Даманеўскі ў сваіх творах паказваў працу, актыўную жыцьцёвую пазыцыю як крыніцу шчасьця чалавека, а гультайства і бязьдзейснасьць як прычыну нешчасьлівага жыцьця, абгрунтоўваючы гэта прыкладамі зь Бібліі. Даманеўскі сьцьвярджаў, што праца павінна быць прадукцыйная і грамадзка карысная і што яна ня можа зьняважыць шляхецкай годнасьці. Як прыклад таго, што надае гонар працаўніку, паэт паказваў рамяство, гандаль і сельскую гаспадарку. Такая пазыцыя грамадзтва не магла не спрыяць хуткаму разьвіцьцю эканомікі краіны.







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 551. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Классификация потерь населения в очагах поражения в военное время Ядерное, химическое и бактериологическое (биологическое) оружие является оружием массового поражения...

Факторы, влияющие на степень электролитической диссоциации Степень диссоциации зависит от природы электролита и растворителя, концентрации раствора, температуры, присутствия одноименного иона и других факторов...

Йодометрия. Характеристика метода Метод йодометрии основан на ОВ-реакциях, связанных с превращением I2 в ионы I- и обратно...

Гальванического элемента При контакте двух любых фаз на границе их раздела возникает двойной электрический слой (ДЭС), состоящий из равных по величине, но противоположных по знаку электрических зарядов...

Сущность, виды и функции маркетинга персонала Перснал-маркетинг является новым понятием. В мировой практике маркетинга и управления персоналом он выделился в отдельное направление лишь в начале 90-х гг.XX века...

Разработка товарной и ценовой стратегии фирмы на российском рынке хлебопродуктов В начале 1994 г. английская фирма МОНО совместно с бельгийской ПЮРАТОС приняла решение о начале совместного проекта на российском рынке. Эти фирмы ведут деятельность в сопредельных сферах производства хлебопродуктов. МОНО – крупнейший в Великобритании...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.011 сек.) русская версия | украинская версия