Студопедия — Рэфармацыя на Беларусі. Асветніцкая дзейнасць Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змест іх прадмоў да кніг Бібліі. 5 страница
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Рэфармацыя на Беларусі. Асветніцкая дзейнасць Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змест іх прадмоў да кніг Бібліі. 5 страница






 

Ня меншы ўздым перажывала і юрыдычная думка Вялікага Княства. Прынцыпы свабоды асобы, свабоды слова і сумленьня адлюстроўваюць юрыдычныя дакуманты таго часу, публіцыстыка і багаслоўскія трактаты. Ужо ўзгаданы Андрэй Волан у сваім творы «Аб палітычнай або грамадзянскай свабодзе» пісаў: «Ніхто з разумных людзей не сумняецца ў тым, што свабода больш за ўсё адпавядае чалавечай прыродзе, і ніхто, такім чынам, не нараджаецца рабом... Першы і галоўны крытэр нашай свабоды заключаецца ў тым, каб нашае жыцьцё было свабоднае ад усякага замаху на яго і несправядлівасьці. Далей, каб нашая маёмасьць і багацьце не ставаліся ахвяраю якога рабаваньня ці гвалту». Тут будзе дарэчы ўзгадаць канцлера Вялікага Княства Астафея Валовіча, паплечніка Мікалая Радзівіла Чорнага ў правядзеньні зямельнай рэформы, арганізатара працы і рэдактара Другога (1566 г.) і Трэцяга (1588 г.) Статутаў Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя зборнікі законаў зьяўляюцца сапраўднымі шэдэўрамі беларускай юрыдычнай думкі. Статут 1588 году лічыцца найлепшым і найдасканалейшым юрыдычным кодэксам у Эўропе XVI стагодзьдзя. Нават праз два стагодзьдзі пасьля прыняцьця ён па-ранейшаму ўважаўся за найвыдатнейшы эўрапейскі збор законаў. Пасьля захопу Беларусі Расейскай імпэрыяй яшчэ амаль 50 гадоў нашая краіна жыла паводле Статуту 1588 году, а не паводле расейскага заканадаўства. Статут абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы, у якой «естесмо невольнікамі прав для того, абысьмы вольності ужываті моглі», замацоўваў падзел судовай і выканаўчай улады, ліквідаваў судовыя прывілеі магнатаў, сьцьвярджаў прынцыпы свабоды сумленьня і роўнасьць усіх перад законам. Акрамя таго Статут замацоўваў тагачасную беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай, ды і сам быў напісаны па-беларуску, каб кожны жыхар Вялікага Княства мог ведаць свае правы. Астафей Валовіч, будучы глыбока веручым чалавекам, на працягу свайго жыцьця засноўваў цэрквы, шпіталі, школы, актыўна ўдзельнічаў у жыцьці эвангельска-рэфармаванага Задзіночаньня ў Вялікім Княстве. На сваёй «сьмяротнай пасьцелі» ў Горадні канцлер запаведаў пахаваць сябе ў мураваным склепе пад кальвінскім зборам у Сідры (Гарадзенскі павет) без усялякіх цырымоніяў, «кгды там не на войну отхожу», а «во всіх іменіях моіх невольнік, ані жадный дедечным правом зневоленый человек, хотя бы вязнем і должніком зостал, маеть вольно служіті і проч іті».

 

Недзе каля 1580 году Васіль Цяпінскі, муж пляменьніцы Астафея Валовіча князёўны Соф'і Жыжэмскай, сябра і паплечнік Сымона Буднага, выдаў пераклад Эвангельляў на беларускую мову, кажучы: «Рады паказаць маю веру, якую маю, асабліва народу свайму рускаму». Друкуючы беларускі пераклад Эвангельляў, асьветнік і рэфарматар спадзяваўся ўзьняць хрысьціянскую духоўнасьць у грамадзтве, «ня толькі для лепшае іх веры, але таксама для лепшага разуменьня, і ў дадатак, для іх саміх навучаньня». Гаворачы пра неабходнасьць разуменьня Слова Божага, Васіль Цяпінскі зьвяртаў асаблівую ўвагу на разьвіцьцё і ўдасканаленьне школьнай справы, выступаў як гарачы патрыёт сваёй краіны, заклікаючы не занядбоўваць родную мову, асабліва ў пропаведзі Слова Божага.

 

Калі глядзець на 70-80-ыя гады XVI стагодзьдзя, можна сказаць, што Вялікае Княства дыхала Рэфармацыяй. Нават праваслаўная царква не магла пазьбегнуць гэтага ўплыву. У гэты час у беларускіх гарадах пачалі актыўна дзейнічаць брацтвы, якія аб'ядноўвалі месьцічаў, шляхту і некаторых сьвятароў. Братчыкі перш за ўсе імкнуліся рэфармаваць праваслаўную царкву, спрабуючы надаць служэньню духавенства эвангельскія прынцыпы, увесьці ў царкоўнае жыцьцё пэўныя элемэнты Рэфармацыі. Берасьцейскі біскуп Пацей з абурэньнем пісаў: «Якож теперешніх часов есть іх не мало не только межы геретікамі, але і межы православнікамі нашымі, которые зле Пісьма разумеючы, іначей іх выкладают, а мало не за одно з геретікамі і з арыяны держат...Смотріж одно хто то чыніт, хто таковыя новіны спросные розсевает? Певне, не стан духовны, але люд посполітый, простый, ремесный, который покінувшый ремесло свое, дратву, ножніцы і шыло, а прылащівшы себе врад пастырскі, Пісмом Божым шырмуют, ніцуют, выворачывают і на свое блюзнерскіе і хвальшывые потравы оборачают». Спробы праваслаўнай герархіі абмежаваць дзейнасьць брацтваў, якія ўсе мацней патрабавалі паправы маральнага жыцьця духавенства і вучэньня, якое б абапіралася на Слова Божае, не давалі станоўчых вынікаў. У краіне Рэфармацыі цяжка супрацьстаяць патрабаваньням рэформы.

 

У сьнежні 1586 году ў Горадні раптоўна памёр кароль Рэчы Паспалітай Двух Народаў Стэфан Баторы. Краіна чарговы раз стала перад пытаньнем, хто будзе каралём. Кальвіністы Вялікага Княства, пільна гледзячы, каб падчас бескаралеўя ня быў «занядбаны і пакрыўджаны народ наш і ўсё Вялікае Княўства Літоўскае», таксама мелі надзею замацаваць яшчэ больш свае правы і, дзякуючы гэтаму, аслабіць уплыў езуітаў. Полацкі ваявода Мікалай Монвід Дарагастайскі, не чакаючы выбараў караля, загадаў, каб у Полацку ніводнага езуіта не было. Крыштаф Радзівіл Пярун, сын Мікалая Рудога, князь Аляксандар Пронскі, Ян Абрамовіч, Ян Глябовіч і іншыя магнаты кальвіністы пачалі актыўна супрацьдзейнічаць езуітам па ўсёй краіне. Здавалася, што пройдзе яшчэ трохі часу, і ўжо нішто ня зможа пагражаць Рэфармацыі ў Вялікім Княстве. Але выбары караля ў 1586 годзе выявілі яшчэ адно трагічнае занядбаньне беларускіх рэфарматараў. Прыхільнікі Рэфармацыі ў Вялікім Княстве аднадушна выступалі ў абарону незалежнасьці сваей краіны, і тут не было істотна, хто быў кальвіністам, хто лютаранінам, хто арыянінам. Але ў іншых палітычных пытаньнях эвангельскія хрысьціяне ня мелі супольнай плятформы, і таму кожны вёў палітыку як хацеў і як разумеў. Таму пад час элекцыі 1587 году беларуская шляхта, пераважна кальвінская, галасавала за швэдзкага каралевіча Жыгімонта, выхаванца езуітаў, католіка з католікаў.

 

Контррэфармацыя

 

У 1587 годзе вялікім князем літоўскім і каралём польскім быў абраны Жыгімонт Ваза, сын швэдзкага караля Яна III Вазы і Кацярыны зь Ягайлавічаў, сястры Жыгімонта Аўгуста. «Кароль Стэфан быў добры для жаўнераў, а гэты будзе добры для ксяндзоў», - сказаў свайму атачэньню папскі нунцы, даведаўшыся аб выніках выбараў. І ён ведаў, што гаварыў. Кароль Жыгімонт Ваза на працягу ўсяго свайго доўгага панаваньня ні на крок не адступіўся ад прагненьня зрабіць каталіцтва адзіным веравызнаньнем ня толькі ў Рэчы Паспалітай, але і за яе межамі. Гэтаму была падпарадкавана ўся ўнутраная і зьнешняя палітыка дзяржавы, а ўсе астатняе ня мела аніякага значэньня ў вачох манарха. Новы кароль як нічым на свеце брыдзіўся талерантнасьцю, якая была тады нормай у Рэчы Паспалітай Двух Народаў, сьведчыць адзін зь яго сучасьнікаў, і «калі б ад яго толькі залежала, не было б у гэтым каралеўстве аніводнаго схізматыка, кальвіна ці лютара». Але пры ўсім сваім ваяўнічым каталіцызме Жыгімонт Ваза пад час каранацыі быў вымушаны падпісаць генрыкаўскія артыкулы, якія абмяжоўвалі ўладу манарха і гарантавалі свабоду веравызнаньня. Рэфармацыя ў нашай краіне была вельмі моцнай, і аднаго жаданьня караля, каб яе зьнішчыць, было замала. Хоць у Польскім Каралеўстве каталіцкая царква ўжо адваявала свае пазыцыі, страчаныя ў сярэдзіне стагодзьдзя, у сэнаце Вялікага Княства па-ранейшаму падаўляючую большасьць складалі кальвіністы і лютаране, і іх голас не дазволіў Жыгімонту Вазе адкінуць артыкул аб талерантнасьці. Статут Вялікага Княства Літоўскага, падрыхтаваны перад усім эвангельскімі хрысьціянамі, у адным са сваіх артыкулаў слова ў слова паўтараў тэкст Варшаўскай канфэдэрацыі.

 

Хрысьціяне Вялікага Княства нейкі час цешылі сябе надзеяй, што кароль, народжаны ў лютаранскай Швэцыі, прынамсі ня будзе перашкаджаць рэфармацыйнаму руху. Рэальнасьць вельмі хутка паказала марнасьць падобных спадзяваньняў. Жыгімонт Ваза атачыў сябе езуітамі, якіх ведаў яшчэ са Стакгольму, дзе члены гэтага ордэну былі яго настаўнікамі і выхавацелямі, і адкрыта заявіў, што дзяржаўныя пасады ён будзе даваць толькі католікам. Ня мае значэньне адукацыя, здольнасьці, розум, важна толькі падзяляць праграму караля - ачысьціць Рэч Паспалітую ад усяго некаталіцкага. На дзяржаўным узроўні была аб'яўлена вайна Рэфармацыі.

 

Аднак прагненьні Жыгімонта Вазы так і засталіся б прагненьнямі, калі б яго ідэі былі толькі ягонымі ідэямі. На самой справе кароль Рэчы Паспалітай ня быў аўтарам сваёй палітыкі. Сапраўднымі аўтарамі, а таксама выканаўцамі палітыкі Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай былі езуіты. Іх нястомная, прадуманая праца дала каталіцкай царкве ў Вялікім Княстве шмат новых вернікаў. Вось як апісвае іх дзейнасьць Ю. Лукашэвіч, аўтар грунтоўнай працы «Дзеі кальвінскіх цэркваў у Літве»: «Езуіты выступалі з амбонаў супраць Лютара, Кальвіна, Цвінглі, Арыя і іх пасьлядоўнікаў, выклікалі дысыдэнтаў (так называлі тады католікі эвангельскіх хрысьціянаў) на дыспуты, прамаўлялі да народу на рынках, імкнуліся здабыць магнатаў для каталіцкай царквы, не прапускалі ніводнага спосабу, каб аслабіць або зганьбіць іншаверцаў, нацкоўвалі на іх натоўп і руйнавалі ім зборы, не аглядаючыся на літоўскі Статут, які зьнішчэньне сьвятыняў усялякіх хрысьціянскіх вызнаньняў строга караў... У Вільні друкар Даніэль зь Ленчыцы, кальвін, не пераставаў выдаваць творы свайго вызнаньня. Каб гэтаму перашкодзіць, езуіты намовілі слугу ягонага, каб той скраў шрыфты, і калі ён зрабіў гэта, езуіты злачынцу ў сваім калегіюме хавалі і выдаць пацярпеламу не хацелі... Не было ў Літве закутка, дзе б яны ня мелі сваіх місыяў, асабліва пашыраючы сваё апостальства на Жамойць, Белую Русь і Наваградак. Па маёнтках, касьцёлах, пад час фэстаў, кірмашоў, пахаваньняў, усюды і заўсёды соваліся езуіты, робячы прыхільнікаў каталіцкай царкве і трапляючы праз вочы да сэрца народу, арганізоўваючы сцэнічныя відовішчы, кананізацыі сьвятых і г.д. Усё гэта было прадумана, каб падабалася натоўпу, а таксама каб прынізіць дысыдэнтаў, абрады і служыцеляў якіх не забывалі езуіты высьмейваць і ганьбіць разнастайнымі спосабамі, у сваіх палемічных творах, супраць тых скіраваных, заўсёды пераходзячы на асобы. Пра найцнатлівейшых, найадукаванейшых спаміж дысыдэнтаў пускалі ў такі спосаб розныя плёткі. Так, напрыклад, Волана, які паўстрыманасьцю сваёй жыцьцё аж да 90 гадоў працягнуў, назвалі п'яніцам; пра Судровія, які ў ведах быў роўны найадукаванейшым езуітам, прыдумалі байку, што да сталага веку быў катам у Львове, што срэбны талер украў і г.д. Пастановы дысыдэнцкіх сынодаў высьмейвалі, што на іх гаворка ідзе пра авёс, дровы, куры і іншае патрэбнае для міністраў, як быццам духавенства каталіцкага вызнаньня на сваіх сходах ніколі не гаворыць пра дзесяціны і грошы. Па праўдзе, дысыдэнты адкідвалі гэтыя недарэчныя закіды, але езуіты, тысячу разоў паваленыя, тысячу разоў тое самае паўтаралі і, нарэшце, пераканалі ў гэтым народ, які пачаў пагарджаць дысыдэнцкім духавенствам, шануючы іх менш, чым п'яніцаў і жабракоў. Да таго ж езуіты ўсялякімі спосабамі прыцягвалі ў сваю Акадэмію сыноў дысыдэнтаў, і спаміж сваіх 700 вучняў мелі іх нямала, працуючы больш над іх перацягваньнем у каталіцкую царкву, чым над паглыбленьнем іх ведаў ці выхаваньнем іх справядлівымі людзьмі і добрымі грамадзянамі».

 

У 1589 годзе кароль Генрык IV выгнаў з Францыі езуітаў «як дэмаралізатараў моладзі, разбуральнікаў грамадзкага парадку, ворагаў караля і дзяржавы». У Рэчы Паспалітай у гэты самы час езуіты былі падтрымліваныя ўсёй моцай каралеўскага аўтарытэту. Кароль спрыяў езуітам, як толькі мог, і было відавочна, што дасягнуць у дзяржаве нейкіх высокіх пасадаў можна было толькі па іх пратэкцыі. Душы людзей тады пачалі дзіўна зьмяняцца, і то ў спосаб, адпавядаючы жаданьням асобы, якая мела права даваць староствы, ваяводзтвы, месцы ў сэнаце. Магнаты, шляхта, частка месьцічаў адзін за другім пачалі здраджваць Рэфармацыі і далучацца да каталіцкай царквы, ці то прагнучы атрымаць пасаду, ці баючыся перасьледваньняў. Назіраючы ўсе гэта, ангельскі пасол Томас Ро з горыччу адзначаў, што як сьведчыць прыклад Рэчы Паспалітай «фанабэрыя і хцівасьць шмат могуць у сьвеце».

 

Бачачы такія посьпехі каталіцкай царквы ў змаганьні з Рэфармацыяй, а з другога боку, ня могучы самі даць рады з эвангельскімі хрысьціянамі, якія «не по одной, але велікімі громадамі стадо Хрыстово урываючы да своее сборы плюгавое загоняють», некаторыя герархі праваслаўнай царквы ў Беларусі і Ўкраіне зьвярнуліся да папы рымскага з просьбаю аб заключэньні вуніі паміж праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі ў Рэчы Паспалітай. Прычыны такога кроку вельмі ясна выкладзеныя ў праграмным дакуманце вуніі - Грамаце ад 2 сьнежня 1594 году: «А найболее таму, што ў цяперашнія няшчасныя часы сярод людзей памножылася нямала размаітых ерасяў. Шмат хто, адступаючы ад хрысьціянскай праваслаўнай веры, бяжыць ад нашага закону і Божай царквы, выракаецца сапраўднае хвалы Бога, адзінага ў Тройцы». Папа рымскі Клімент VIII з радасьцю ўспрыняў выступленьне праваслаўнай царквы Вялікага Княства супраць супольнага ворага - рэфармацыйнага руху, і ў 1596 годзе ў Берасьці была заключаная вунія між праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі.

 

Заключэньне Берасьцейскае вуніі стала яшчэ адным посьпехам Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве. Зь вялікай хуткасьцю краіна, як і 50 гадоў таму, мяняла сваё аблічча. Магнаты, уплывовыя і руплівыя вызнаўцы эвангельскай веры, паміралі адзін за другім, саступаючы свае месцы ў сэнаце католікам, выхаванцам езуітаў, якім Жыгімонт Ваза даваў найвышэйшыя пасады ў дзяржаве. Канец XVI - пачатак XVII стагодзьдзяў - гэта час зьмены пакаленьняў у Вялікім Княстве. Адыходзіла ў вечнасьць пакаленьне Рэфармацыі, людзі, якія прынялі Слова Божае ў сваё жыцьцё, жылі гэтым Словам і зьмянілі краіну, закладаючы падваліны Божага блаславенства для сваёй Бацькаўшчыны. Іх дзеці не пайшлі сьледам за бацькамі, зрабілі іншы выбар. Калі паглядзець біяграфіі розных дзяржаўныхі дзеячоў Вялікага Княства таго часу, кідаецца ў вочы, што амаль усе яны былі кальвіністамі ці лютаранамі, вучыліся ў рэфармацкіх школах, ва ўнівэрсытэтах Караляўца, Вітэнбэрга, Ляйпцыга, але пачынаючы зь 90-ых гадоў XVI стагодзьдзя ў іх жыцьці адбыліся рэзкія зьмены сьветапогляду, і мы ўжо бачым іх альбо католікамі, альбо вуніятамі.

 

Чаму гэта адбылося? Чаму Рэфармацыя, так хутка і так паўсюдна ахапіўшая Вялікае Княства, пачала імкліва губляць пазыцыі? Можна выказваць розныя меркаваньні, але нават не праводзячы спэцыяльных дасьледваньняў магчыма назваць асноўныя прычыны падобнай сытуацыі. Па-першае, войны з Маскоўскай дзяржавай аслабілі Вялікае Княства і прымусілі шукаць больш цеснага саюзу з Польскім Каралеўствам, адкрываючыся такім чынам на ўсялякія ўплывы свайго саюзьніка. Перамога Контррэфармацыі ў Польшчы прадвызначыла падобныя працэсы і ў Вялікім Княстве. Другой, ня менш важнай прычынай адступленьня Рэфармацыі была несалідарнасьць рэфарматараў. Багаслоўскія канфлікты разьдзялялі эвангельскіх хрысьціянаў, якія часта лічылі важнейшым давесьці, што іншыя рэфарматары памыляюцца, чым у адзінстве выступаць супраць агульнага праціўніка. Акрамя таго ў грамадзкіх і палітычных пытаньнях эвангельскія хрысьціяне, у адрозьненьні ад іхніх братоў па веры ў іншых краінах Эўропы, не выступалі адзіным фронтам, і таму часта не маглі абараніць свае правы або дамагчыся выгаднага для сябе рашэньня ці разьвіцьця падзеяў. Такая нязгода між прыхільнікамі Рэфармацыі кантраставала з багаслоўскім і арганізацыйным адзінствам, якое дэманстравала каталіцкая царква і якое імпанавала шляхце. Яшчэ адной прычынай перамогі Контррэфармацыі ў Вялікім Княстве стала малая ўвага, якую ў апошнія дзесяцігодзьдзі XVI стагодзьдзя рэфарматары надавалі сваім служыцелям. Адукаваныя, сусьветна вядомыя міністры, такія як Волан, Судровій, Ласіцкі, не пакінулі пасьля сябе настолькі ж адукаваных і руплівых настаўнікаў. Езуіцкая прапаганда выстаўляла эвангельскіх служыцеляў нікчэмнымі людзьмі, а самім рэфарматарам не хапіла мудрасьці сур'ёзна заінвэставаць у тое, каб падняць статус міністраў свайго вызнаньня ў грамадзтве. У выніку на пачатку XVII стагодзьдзя рэфармацыйны рух адчуваў вялізарную нястачу служыцеляў, і дзесяткі збораў былі зачыненыя з-за банальнай адсутнасьці пастара. Вернікі, ня маючы духоўнай апекі з боку сваіх міністраў, лёгка знаходзілі яе з боку каталіцкіх сьвятароў і прымалі вучэньне і практыкі каталіцкай царквы.

 

Вялікае Княства ўсё больш адыходзіла ад біблійных прынцыпаў, і гэта выяўлялася на ўсіх узроўнях грамадзкага жыцьця. Перасьледваньні дысыдэнтаў, распачатыя ў краіне, захісталі мараль грамадзтва. Калі ты можаш рабаваць, зьбіваць, зьдзеквацца з суседа, бо ён верыць ня так, як ты, то што можа табе перашкодзіць рабіць тое самае ў адносінах да любога іншага чалавека. Імклівае падзеньне маралі стала характэрнай рысай пачатку XVII стагодзьдзя. Усё гэта выклікала крызыс палітычнай сыстэмы краіны. Дзеячы Рэфармацыі XVI стагодзьдзя, якія стварылі канстытуцыйны лад Рэчы Паспалітай Двух Народаў, маглі паўтарыць словы, сказаныя праз 200 гадоў Джэймсам Мэдысанам, адным са стваральнікаў Канстытуцыі ЗША: «Мы паставілі будучыню ўсіх нашых палітычных установаў у залежнасьць ад здольнасьці чалавецтва да самакіраваньня, ад здольнасьці ўсіх разам і кожнага з нас кіраваць самім сабою, стрымліваць сябе, кіруючыся дзесяцьцю прыказаньнямі Божымі». Калі грамадзяне краіны ў значнай сваёй частцы кіраваліся ў жыцьці Божым Словам, а не сваімі жаданьнямі, краіна разьвівалася і была прыкладам для ўсяго сьвету. Калі грамадзтва адыйшло ад Бібліі, ад Эвангельля, краіна пачала скатвацца ў хаос і бязладзьдзе. У 1573 годзе пад час першых выбараў караля на элекцыйным полі некалькі тыдняў стаяла 50 тысячаў збройнай шляхты, якая сабралася з усёй Рэчы Паспалітай, каб выбраць сабе манарха. І за гэты час ня стрэліла ніводная стрэльба, ніводзін шляхціч ня біўся на шаблях з другім. У канцы панаваньня Жыгімонта Вазы не было такога сойму ці павятовага сойміку, калі б асабістыя ці палітычныя пытаньні не вырашаліся з ужыцьцём сілы. Кароль першы даў прыклад беззаконьня сваім падданым, адкрыта парушаючы пастановы Варшаўскай канфэдэрацыі і падтрымліваючы ўсякія перасьледваньні эвангельскіх хрысьціянаў. Як зьнешняя, так і ўнутраная палітыка Рэчы Паспалітай характарызавалася тым, што ідэалёгія Контррэфармацыі была ня толькі па-над маральлю, але і па-над здаровым сэнсам. Жыгімонт Ваза, жадаючы пашырыць уладу каталіцкай царквы, распачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швэцыяй, вайну, непатрэбную нікому, апрача Рыму. Палаючы гэтым жа жаданьнем, кароль падтрымаў маскоўскую авантуру Ілжэдзьмітрыя, ідучы насуперак волі сэнату і грамадзтва Рэчы Паспалітай. Безсэнсоўныя войны з суседзямі, рэлігійныя нецярпімасьць унутры краіны, безадказнасьць на дзяржаўным узроўні - вось вынікі караляваньня вялікага князя і караля Жыгімонта Вазы, «слугі дактрынаў», як назвалі яго сучасьнікі. Калі ў 1632 годзе Жыгімонт Ваза памёр, «увесь сойм, сэнат і народ больш занятыя былі змаганьнем са сваімі суайчыньнікамі, заражанымі герэзіямі, чым бясьпекай і цэласнасьцю Бацькаўшчыны, чым выбарамі новага валадара», - пісаў да папы рымскага канцлер каронны Ежы Асалінскі.

 

Залаты Век адыйшоў у гісторыю...

 

У сярэдзіне XVII стагодзьдзя выбухнулі бомбы, закладзеныя недальнабачнай палітыкай Жыгімонта Вазы. Украіну ахапіла казацкае паўстаньне на чале з Багданам Хмяльніцкім, Польскае Каралеўства заатакавалі швэды, а Масква кінула свае войскі на Вялікае Княства. Рэч Паспалітая, ня маючы грошаў у дзяржаўным скарбе, магла спадзявацца толькі на мужнасьць і пасьвячонасьць сваіх грамадзянаў, але панаваньне Жыгімонта Вазы, а пасьля яго сына, Уладзіслава, зрабілі тое, што гэтага акурат і не хапала. Падзеі вайны 1654-1667 гадоў былі катастрафічнымі для Вялікага Княства. Амаль уся краіна была акупаваная маскоўскім войскам, Вільня была захоплена і спалена. Брандэнбургскі пасол Лазар Кітэльман, які ў той час прыехаў да цара Аляксея ў Вільню, убачыў жахлівае відовішча: «Усе гарады і вёскі былі спаленыя; кучамі ляжалі трупы пабітага мірнага ліцьвінскага насельніцтва, таксама жанчын і дзяцей, непахаваныя і загнілыя». Маскоўская агрэсія каштавала Беларусі стратай больш чым паловы жыхароў. Кожны другі беларус загінуў у гэтай вайне, названай Патопам, на месцы гарадоў засталіся толькі попел і чорнае вугольле. Толькі на пачатку XIX стагодзьдзя колькасьць жыхароў Беларусі дасягнула ўзроўню першай паловы XVII стагодзьдзя. Вайна зьнішчыла практычна ўсё мяшчанства. Зьнік цэлы пласт рамесьнікаў, прадпрыймальнікаў, гандляроў. Калі ў Магілёве ў 1645 годзе было каля 2 тысячаў рамесьнікаў, дык у 1745 годзе іх было толькі 45. Дэмаграфічная катастрофа і эканамічны заняпад краіны суправаджаліся культурным крызысам ў грамадзтве. Магнаты і шляхта выракаліся свайго грунту - запусьцелага краю, адкінутага на стагодзьдзі назад. Усё цяжэй было гаварыць пра нейкую самастойнасьць Вялікага Княства ў складзе Рэчы Паспалітай. Усё часьцей, гаворачы пра сваё паходжаньне, беларуская арыстакратыя ўжывала словы «Gente Lithuanae, natione Polonae» (ліцьвін родам, польскай нацыі). Урэшце пастанова сойму 1696 году надала польскай мове статус дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім.

 

Пачынаючы з Паўночнае вайны Расея адкрыта пачала ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Гаспадарчы заняпад, грамадзянскі разлад і сваволя шляхты ператварылі некалі магутную дзяржаву ў «карчму заездную» для сваіх суседзяў. У 1796 годзе «тры каранаваныя разбойнікі»: Расея, Аўстрыя і Прусія падзялілі паміж сабою Рэч Паспалітую Двух Народаў. Вялікае Княства Літоўскае перастала існаваць як дзяржава і было ўключана ў склад Расейскай імпэрыі. Нацыянальная апатыя, якая ахапіла нашае грамадзтва ў XVIII-XIX стагодзьдзях прывяла да таго, што яно згубіла сваё імя, а разам зь ім і гісторыю. З другой паловы XIX стагодзьдзя жыхароў колішняга Вялікага Княства Літоўскага сталі называць беларусамі, а назву «Літва» пачалі адносіць да балцкай Жамойці. Блытаніна, якая ўзьнікла ў сувязі з гэтым, да сёньняшняга дня перашкаджае беларусам адказаць на пытаньне «хто мы?» і знайсьці сваё месца ў гісторыі.

 

Дарожныя знакі гісторыі

 

XVI стагодзьдзе, стагодзьдзе Рэфармыцыі перамяніла гісторыю і сталася крыніцаю прагрэсу і блаславенства ў жыцьці многіх народаў. Увесь сьвет глядзіць на гэты пэрыяд як на час, калі былі закладзеныя падваліны сучаснай эканомікі, палітыкі, навукі і культуры. Для нашай краіны гэта таксама выключнае стагодзьдзе. Большасьць найважнейшых для Беларусі падзеяў і зьяваў сабраныя менавіта ў гэты час. У пэўным сэнсе мы - нацыя XVI стагодзьдзя.

 

Прыняўшы ідэі Рэфармацыі, зьвярнуўшыся да Бібліі і асабістых адносінаў з Богам, беларускае грамадзтва перажыло вялізарны ўздым у самых розных сфэрах свайго жыцьця. Пачалі шырока распаўсюджвацца школьніцтва і кнігадрукаваньне, юрыдычныя і палітычныя набыткі нашых продкаў нават сёньня выклікаюць захапленьне. Параўноўваючы разьвіцьцё розных краінаў Эўропы XVI стагодзьдзя, можна сказаць, што Беларусь - Вялікае Княства Літоўскае ішла ў тым самым накірунку, што і Англія: такое самае абмежаваньне ўлады манарха, такое самае разьвіцьцё мясцовага самакіраваньня, такое самае прыняцьцё Рэфармацыі вышэйшымі слаямі грамадзтва, такая самая эканамічная актыўнасьць магнатаў і шляхты (у Англіі - лордаў і сквайраў). На ўсходзе Эўропы паўставала краіна, па сваім культурным, эканамічным і палітычным патэнцыяле здольная ўплываць на ўвесь кантынэнт. Чаго вартае хаця б змаганьне за рэлігійныя правы гугенотаў у Францыі.

 

Аднак на пачатку XVII стагодзьдзя гэтыя працэсы раптоўна загамаваліся. Здрада Рэфармацыі палітычнай элітай Вялікага Княства Літоўскага стала прычынаю лявіны праклёнаў, якія абрынуліся на наш народ і наступствы якіх мы адчуваем да сёньняшняга дня. Беларусы як нацыя згубілі вельмі важны кансалідуючы, умацоўваючы чыньнік - ідэю, якая абапіраецца на Божае Слова, Біблію, якая вынікае з разуменьня сябе не як выпадковасьці ў гэтым сьвеце, а як часткі спрадвечнага Божага пляну.

 

Войны Вялікага Княства з Маскоўскай дзяржавай у сярэдзіне XVII стагодзьдзя практычна пазбавілі нашу краіну гарадзкога насельніцтва, найбольш прыхільнага Рэфармацыі, і зьдзесяткавалі шляхту, якая заставалася яшчэ вернай ідэям Лютара і Кальвіна. На два стагодзьдзі эвангельскае хрысьціянства ў Беларусі ператварылася ў маргінальную зьяву, якая практычна не ўплывала на гісторыю краіны. Здавалася, з Рэфармацыяй скончана назаўсёды. Але ў канцы XIX - пачатку XX стагодзьдзяў у Беларусі пачалі імкліва разьвівацца баптысты і пяцідзесятнікі, ідэйныя нашчадкі беларускай Рэфармацыі Залатога Веку. Як і іх папярэднікі з XVI стагодзьдзя, яны мелі вялікі ўдзел у духоўным і маральным адраджэньні нацыі. Не маглі яны пакінуць без увагі і той факт, што беларускі народ, пачынаючы з XVI стагодзьдзя, быў пазбаўлены Слова Божага на роднай мове. У 1927 годзе баптысцкі пастар Лукаш Дзёкуць-Малей выдаў першы пераклад Новага Запавету на сучасную беларускую мову. На працягу ўсяго XX стагодзьдзя большасьць спробаў выданьня беларускіх перакладаў Бібліі так ці інакш былі зьвязаныя зь дзейнасьцю эвангельскіх хрысьціянаў.

 

Камуністычная дыктатура, панаваўшая ў Беларусі 70 гадоў, зрабіла ўсё магчымае, каб вынішчыць у нашым народзе памяць пра беларускую Рэфармацыю XVI стагодзьдзя, зрабіць беларусаў нацыяй без гісторыі, людзьмі, якія ня могуць нічога скарыстаць з досьведу папярэдніх пакаленьняў. Але падман і бяспамяцтва ня будуць вечна ўладарыць на нашай беларускай зямлі. Залаты Век Беларусі, XVI стагодзьдзе паказваюць нам, дзе той добры шлях, па якому варта ісьці, каб Беларусь заняла свой пачэсны пасад між народамі.







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 579. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Теория усилителей. Схема Основная масса современных аналоговых и аналого-цифровых электронных устройств выполняется на специализированных микросхемах...

ТЕХНИКА ПОСЕВА, МЕТОДЫ ВЫДЕЛЕНИЯ ЧИСТЫХ КУЛЬТУР И КУЛЬТУРАЛЬНЫЕ СВОЙСТВА МИКРООРГАНИЗМОВ. ОПРЕДЕЛЕНИЕ КОЛИЧЕСТВА БАКТЕРИЙ Цель занятия. Освоить технику посева микроорганизмов на плотные и жидкие питательные среды и методы выделения чис­тых бактериальных культур. Ознакомить студентов с основными культуральными характеристиками микроорганизмов и методами определения...

САНИТАРНО-МИКРОБИОЛОГИЧЕСКОЕ ИССЛЕДОВАНИЕ ВОДЫ, ВОЗДУХА И ПОЧВЫ Цель занятия.Ознакомить студентов с основными методами и показателями...

Меры безопасности при обращении с оружием и боеприпасами 64. Получение (сдача) оружия и боеприпасов для проведения стрельб осуществляется в установленном порядке[1]. 65. Безопасность при проведении стрельб обеспечивается...

Уравнение волны. Уравнение плоской гармонической волны. Волновое уравнение. Уравнение сферической волны Уравнением упругой волны называют функцию , которая определяет смещение любой частицы среды с координатами относительно своего положения равновесия в произвольный момент времени t...

Медицинская документация родильного дома Учетные формы родильного дома № 111/у Индивидуальная карта беременной и родильницы № 113/у Обменная карта родильного дома...

Основные разделы работы участкового врача-педиатра Ведущей фигурой в организации внебольничной помощи детям является участковый врач-педиатр детской городской поликлиники...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.008 сек.) русская версия | украинская версия