Студопедия — Тэма 3. Стан беларускай культуры ў перыяд Рэчы Паспалітай.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Тэма 3. Стан беларускай культуры ў перыяд Рэчы Паспалітай.






План.

1. Люблінская ўнія і яе наступствы для культуры беларусаў. Контррэфармацыя на Беларусі, яе змест, мэты і вынікі.

2. Асветніцтва на Беларусі. Дзейнасць Адукацыйнай камісіі і яе значэнне.

3. Беларускае мастацтва і літаратура ў ХУІІ – ХУІІІ стагоддзях. С.Полацкі і І.Капіевіч – праваднікі беларускай культуры ў Маскве.

 

І. Вялікага княства Літоўскага. Як вядома, кіруючыя колы ВКЛ вымушаны былі пайсці на гэты саюз з Польшчай, каб сумесна абараніцца ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы. Створанае дзяржаўнае аб’яднанне “Рэч Паспалітая” фармальна абвяшчала роўнасць і суверэнітэт існавання Літоўскага княства і Польскага каралеўства (Кароны), а на самой справе гэтая кампрамісная згода прынесла нашай дзяржаве значныя страты. Да Польшчы адышлі вялікія тэрытарыяльныя абшары – Украіна і Падляшша. Польшча атрымала спрыяльныя ўмовы для пашырэння свайго культурнага ўплыву на насельніцтва ВКЛ, асабліва на беларусаў, і ў першую чаргу, на беларускіх магнатаў і шляхту. Польскі ўплыў адбываўся ва ўмовах прыніжэння, нават адмаўлення беларускай культуры і выліваўся ў апалячванне беларусаў. Вядучым фактарам у гэтым працэсе была каралеўская ўлада, якая лічылася вышэйшай за княжаскую. Каб зрабіць службовую кар’еру або проста быць пры каралеўскім двары, беларусу трэба было стаць “сваім чалавекам” у польскім культурным і моўным асяроддзі. Пагэтаму беларускія магнаты, шляхта і іх нашчадкі імкнуліся хутчэй ператварыцца ў польскіх паноў, тым больш што блізкасць моў дазваляла гэта.

Пастаянна дзеючым фактарам ў апалячванні беларусаў была каталіцкая царква. Яе роля ў гэтай справе значна павялічылася пад час існавання Рэчы Паспалітай, бо яна стала фактычна дзяржаўным інстытутам па апалячванню ўсходніх славян.

Вялікай ускоснай перашкодай у гэтай справе для каталіцкіх святароў стала рэфармацыя. У сярэдзіне ХУІ стагоддзя яна хутка пачала распаўсюджвацца на тэрыторыі ВКЛ. Пад уздзеяннем рэфармацыі каталіцкая царква імкліва стала прыходзіць у заняпад. Многія з беларускіх магнатаў (Радзівілаў, Валовічаў, Сапегаў, Кішкаў і інш.) ды і з шляхецкага асяроддзя шмат людзей станавіліся пратэстантамі, ў асноўным кальвінісцкага толку. Радыкальнай плынню пратэстанцтва ў ВКЛ было арыянства, або антытрынітарызм. Адным з яго прыхільнікаў быў Сымон Будны.

Каб выратаваць каталіцкую царкву ад крызісу, у 1569 годзе ў ВКЛ былі запрошаны прадстаўнікі створанага ў Італіі Ігнаціем Лаёлам ордэна езуітаў. Гэты ордэн ужо меў 35 – гадовы вопыт абароны каталіцызма ад ерасі, меў моцную арганізацыю, распрацаваную праграму, выдатна падрыхтаваныя кадры. Ахоўваць інтарэсы папства, умацоўваць яго ўплыў – было важнейшай задачай езуітаў. Аб гэтым сведчыў лозунг ордэна: “Qui non papista, est satanista (Хто не за папу, той д’ябал). Вядучым ідэолагам езуітаў быў таленавіты багаслоў, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга.

Пачатак дзейнасці ордэна езуітаў у Беларусі азначаў, што каталіцкая царква перайшла ў наступ, які атрымаў назву контррэфармацыі. Яна існавала ў нас амаль 200 гадоў, з 1570 г. па 1773 г. (роспуск ордэна езуітаў) і стала цэлай эпохай у нашай гісторыі. Контррэфрмацыя на Беларусі з’яўлялася часткай еўрапейскага працэсу. Але яна мела тут і свае асаблівасці. Барацьба контррэфармацыі была накіравана не толькі супраць пратэстанцтва, але і супраць праваслаўнай рэлігіі, якая прадстаўляла сабою ідэалагічнага супраціўніка каталіцызму. Другой асаблівасцю было тое, што ў Вялікім княстве Літоўскім напружаная барацьба канфесій не набыла такіх жудасных і агідных формаў, як у Заходняй Еўропе (Варфаламеева ноч 1572 г.), не сталі такімі жорсткімі ганенні па рэлігійных матывах, як у Маскоўскай дзяржаве пад час рэформы Нікана ў сярэдзіне ХУП ст.

У перыяд контррэфармацыі ў ВКЛ дзейнічала многа каталіцкіх ордэнаў (езуіты, бернардзінцы, францысканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.), але тон усяму задавалі езуіты. Прыхільнікам гэтага ордэна быў Кароль і Вялікі князь Літоўскі Стэфан Баторый (Сцяпан Батура– па беларуску). Ён гаварыў: “Каб я не быў каралём, быў бы езуітам”.

Атрымаўшы ўсебаковую падтрымку ад дзяржавы Рэчы Паспалітай, езуіцкі ордэн разгарнуў усеахватную дзейнасць з мэтаю вярнуць у лона каталіцкай царквы “заблудшых” у пратэстантызме ці ў праваслаўі людзей. Галоўнымі сродкамі ордэна былі палітычныя пропаведзі і дыскусіі, расшырэнне адукацыі праз стварэнне езуіцкіх школ і вышэйшых навучальных устаноў. Члены ордэна, каб кантраляваць палітыку, імкнуліся пранікнуць у палацы як духоўнікі, дарадчыкі, хатнія настаўнікі. Таленавітымі пропаведзямі (П.Скарга, С.Варшавіцкі і інш.) яны ўзрушалі людзей, выклікалі ў слухачоў нават слёзы і жаданне каяцца. У 1570 годзе ў Вільні ордэн адкрыў свой калегіум, (галоўная школа ВКЛ), ператвораны ў 1579 годзе ў акадэмію – першую вышэйшую навучальную ўстанову ў Літоўскім княстве, якая стала пазней універсітэтам. Першым рэктарам яе стаў П. Скарга. У 1579 годзе езуіты заснавалі калегію ў Полацку, у 1584 г. – у Нясвіжы, а пазней у Оршы, Бярэсці, Пінску, Навагрудку, Гародні, Віцебску, Мінску, Слуцку. Гэтыя навучальныя ўстановы рыхтавалі кадры прыхільнікаў і абаронцаў каталіцызма. Перамозе контррэфармацыі спрыяла і тое, што па ўсёй тэрыторыі Беларусі сталі будавацца кляштары, пышныя ў стылі барока касцёлы з прыгожымі абразамі і скульптурамі, з велічнай арганнай музыкай.

Дзейнасць езуітаў была азначана ўсталяваннем вытанчанага і пампезнага стылю барока, як у архітэктуры, так і ў іншых відах мастацтва. Гэта была праява пранікнення і ўплыву еўрапейскай культуры на грамадства ВКЛ. Культура нашай краіны абагачалася і больш выразна станавілася часткай заходнееўрапейскай культуры.

Трэба адзначыць, што ў савецкай гістарычнай літаратуры і нават у некаторых сучасных выданнях даецца аднабокая характарыстыка перыяду контррэфармацыі на Беларусі. Падбіраюцца і сістэматызуюцца толькі тыя аргументы, якія пераканаўча даказвалі б, што час контррэфармацыі для беларускага народа з’яўляўся змрочным перыядам гісторыі, які нанёс вялікую шкоду яго развіццю. Так, як бы ўвесь час тады панавала рэакцыйная, цемрашальская клерыкальная палітыка. Безумоўна, шкода была. Перш за ўсе тое, што контррэфармацыя стварыла выдатныя ўмовы для апалячвання беларусаў. Выкладанне ўсіх прадметаў было на польскай мове. Выпускнікі езуіцкіх школ і калегіўмаў у большасці ужо не лічылі сябе “ліцвінамі”, а палякамі і станавіліся затым заўзятымі праваднікамі паланізму. Па–другое, езуіцкія школы спецыялізаваліся на распаўсюджванні рэлігійнага светапогляду на развіццё прыроды і грамадства, прыніжаючы або адмаўляючы навуковыя веды. З цягам часу такі стан адукацыі стаў не задавальняць новым патрабаванням. Кіруючыя колы Рэчы Паспалітай вымушаны былі дазволіць уніяцкай царкве пашырыць свой уплыў на адукацыйнай ніве. У пачатку ХУШ ст. базыльянскім ордэнам уніятаў курыраваліся школы ў Навагрудку, Мінску, Пінску, Віцебску, Жыровічах і многіх іншых месцах. У гэтых школах праграмы былі накшталт праграм у езуіцкіх школах, але ўжо ўсе прадметы выкладаліся на белаускай мове. Ва ўніяцкія школы прымаліся дзеці дробнапамеснай уніяцкай шляхты і гараджан, заможная ж шляхта пасылала сваіх нашчадкаў вучыцца за мяжу, або наймала гувернёраў – іншаземцаў.

Усё ж, нягледзячы на многія недахопы, за час дзейнасці контррэфармацыі, была створана на Беларусі еўрапейская сістэма адукацыі, у тым ліку і вышэйшая, якая потым на доўгі час была зліквідавана царскай уладай. Увогуле, калі весці гаворку аб тым, хто і калі прынёс большую шкоду беларускаму народу, то хопіць толькі аднаго з многіх прыкладаў захопніцкіх войнаў, што вяла супраць ВКЛ Расійская імперыя. Гэта 13-гадовая вайна (1654-1667 гг.), якая прынесла беларусам на 52% змяншэнне насельніцтва і такія гаспадарчыя страты і знішчэнні, што нават рупліваму беларусу трэба было больш за сто гадоў, каб аднавіць усё. Гэта была фактычна нацыянальная катастрофа беларусаў.

ІІ. Як і Рэфармацыя, Асветніцтва прыйшло на Беларусь з Еўропы. Яно ўзнікла ў выніку развіцця буржуазных адносін і наконт ідэалогіі было накіравана супраць схаластыкі і цемрашальства. У грамадскіх і дзяржаўных справах, у жыцці асобы, чалавека пад час Асветніцтва стаў лічыцца галоўным розум, навука. Асветнікі былі перакананыя, што шлях да лепшага жыцця і справядлівасці ляжыць праз навуку і веды, якія дадуць магчымасць дасканала арганізаваць грамадства.

З сярэдзіны ХУІІІ стагоддзя Асветніцтва на Беларусі стала шырока распаўсюджвацца сярод шляхты і мяшчан. Гэта асяроддзе фарміруе новы ідэал: чалавек разумны, скептык і рацыяналіст, крытык рэлігіі і прыхільнік навукі. Магнаты і шляхта нават змянілі векавыя жупаны, кунтушы і шырокія паясы на еўрапейскае адзенне, сталі перабудоўваць свае сядзібы на еўрапейскі лад: замест старамоднага барока, па іх разуменню, перавагу пачалі аддаваць класіцызму, які імкнуўся ўсё падпарадкаваць законам розуму, прыгажосці і вялікай прастаце. Амаль да канца ХУІІІ ст. класіцызм існаваў у архітэктуры паралельна з барока, а ў ХІХ ст. стаў пануючым у большасці мастацкіх, літаратурных і архітэктурных напрамках культуры. Класіцызм, як увасабленне эпохі Асветніцтва ў культуры, найбольш адпавядаў тагачасным грамадскім тэндэнцыям.

Асветніцтва на Беларусі перш за ўсё аказала ўплыў на сістэму адукацыі. У перыяд засілля контррэфармацыі навучальныя ўстановы знаходзіліся ў распараджэнні шматлікіх манаскіх ордэнаў і таму школа была канфесійнай. Станаўленне ў ХУШ ст. рыначнай эканомікі ў перадавых еўрапейскіх краінах стала адбівацца на гаспадарствах і беларускіх землеўладальнікаў, уцягваючы іх у таварна-грашовыя адносіны. Для абслугоўвання гэтых адносін патрабаваўся новы ўзровень ведаў, якіх не магла даць пранікнутая містыцызмам і адарваная ад жыцця канфесійная школа. Патрабавалася свецкая адукацыя.

Першая спроба рэформы школы ў гэтым напрамку была зроблена ў 40-х гадах ХУШ ст., калі школы манаскага ордэна піяраў сталі пашырацца і дэмакратызавацца. У іх сталі прымацца дзеці розных пластоў грамадства, у тым ліку сялян. Навучанне было бясплатным і разлічана на 6 гадоў. Дзеці павінны былі за гэта выконваць пэўныя манастырскія работы. У школьную праграму ўводзіліся новыя прадметы: матэматыка, фізіка, гісторыя Польшы і ўсеагульная гісторыя. Вядома, што гэта быў значны крок да свецкай школы. Але і тут усё выкладанне вялося толькі на польскай мове.

Агульная рэформа школы пачалася з часу стварэння ў Рэчы Паспалітай у 1773 годзе Адукацыйнай камісіі. Яна фактычна з’яўлялася першым у Еўропе Міністэрствам народнай адукацыі. Актыўны ўдзел у яе дзейнасці прынялі вядомыя асветнікі Польшчы: Г.Калантай, Я.Снядэцкі і інш., а ў ВКЛ – Храптовіч (1729–1812гг.), апошні канцлер ВКЛ, І.Страйноўскі, К. Нарбут. Супрацоўнічаў у яе справах у маладым узросце і М. Агінскі, пазней вядомы кампазітар. Пачатак работы Адукацыйнай камісіі супаў з датай роспуска Ордэна езуітаў (1773 г.), што зрабіла магчымым выкарыстаць у развіцці школьнай справы Рэчы Паспалітай матэрыяльныя рэсурсы езуіцкіх школ: пабудовы, вучэбныя прылады, фінансавыя сродкі, нават выкладчыкаў. Для падрыхтоўкі настаўнікаў новага тыпу пры галоўнай школе ў Вільні (пазней яна стала ўніверсітэтам) была створана настаўніцкая семінарыя.

Дзейнасць Адукацыйнай камісіі мела прагрэсіўны характар. Ад кіраўніцтва школай адлучаліся клерыкалы, і сама асвета стала набываць свецкі характар. Вывучэнне тэалогіі ў сценах школы не дапускалася, многа рабілася, каб у выкладанні прадметаў пазбегнуць схаластыкі і тупога завучвання. У навучальных планах многа часу выдзялялася для фізікі, матэматыкі, прыродазнаўчых навук. З гуманітарных навук вывучалі гісторыю, геаграфію, заканадаўства, логіку, эканоміку, рыторыку і інш. За 21 год свайго існавання Адукацыйная камісія на тэрыторыі Беларусі стварыла 20 школ: у Гародні, Ваўкавыску, Барунах, Нясвіжы, Слуцку і іншых месцах. Гэтыя школы з’яўляліся сярэдняй ступенню навучання, якая давала магчымасць паступаць у галоўную школу ВКЛ.

Пачатковае навучанне наладжвалася як агульнадаступнае, у тым ліку і да прыгонных сялянскіх дзяцей. У 80-я гады ХУШ ст. на Беларусі функцыянавала 200 пачатковых школ, у якіх вучылася каля 2500 вучняў, у тым ліку 30% дзяцей сялян. Выкладанне было на польскай мове.

Сярод навучальных устаноў гэтага часу асаблівай увагі заслугоўваюць Гродзенскія школы ўсіх рангаў, заснаваныя і курыруемыя Антоніем Тызенгаўзам (1738–1785 гг.) Ён упершыню ў Рэчы Паспалітай стварыў прафесійную школу, у якой рыхтаваліся медыкі, ветэрынары, акушэры, фінансавыя кантралёры, каморнікі, мастакі, чарцёжнікі і інш. Дзякуючы гэтаму выдатнаму чалавеку, ідэі асветніцтва ў Гародні набылі найбольш яскравы характар. У створаныя школы мецэнат Тызенгаўз са сваіх шматлікіх маёнткаў (Пастаў, Быценя з Палесся і інш.) прывозіў таленавітых дзяцей прыгонных і забяспечваў іх вучобу. Ён запрашаў з Францыі, Італіі, Германіі выдатных спецыялістаў для работы ў сваіх школах. Так, будаўнічую школу ўзначаліў італьянскі архітэктар Д.Сака, які ўзвёў у Беларусі некалькі палацаў. Заснавальнікам і кіраўніком гродзенскай Вышэйшай медыцынскай школы (акадэміі) стаў выдатны еўрапейскі вучоны, урач натураліст француз Ж. Жылібер. Ён стварыў пры школе аптэку, прыродазнаўчы кабінет, анатамічны “тэатр” і батанічны сад, выдаў два тамы фундаментальнай працы “Літоўская флора”, заснаваў багатую бібліятэку з працамі французскіх энцыклапедыстаў. Пры Гродзенскай медыцынскай акадэміі працавала добрая для таго часу бальніца. За перыяд свайго існавання (1775-1781 гг.) акадэмія падрыхтавала тры выпускі ўрачоў. У 1781 годзе яна была злучана з віленскай акадэміяй і быў створаны медычны калегіум (факультэт) у Віленскім універсітэце.

Пашырэнне асветніцкіх ідэй садзейнічала распаўсюджванню на Беларусі выдавецкай справы. Калі ў першай палове ХУШ ст. у Беларусі існавала тры друкарні (Магілёў, Супрасль. Гродна), то ў другой палове – 11. Характэрна, што выпушчаная імі літаратура ў большасці сваёй была ўжо свецкага характару. На жаль, кнігі таго часу каштавалі вельмі дорага і друкаваліся не на беларускай мове, таму для асноўнай масы насельніцтва нашай краіны былі недаступнымі.

У 1776 годзе ў Гародні стала выходзіць газета “Гродзенска” (на польскай мове). Яе заснавальнік А.Тызенгаўз ставіў мэтай выхоўваць шляхту ў асветніцкім, радыкальным напрамку, паднімаць і развіваць яе разумовы і патрыятычны ўзровень. На старонках газеты ставіліся і абмяркоўваліся пытанні лёсу і жыцця людзей на захопленых суседнімі краінамі тэрыторыях.

На жаль, у 1794 годзе Адукацыйная камісія была распушчана. Гістарычныя ўмовы не спрыялі рэалізацыі імкненняў асветнікаў. Супраць новай сістэмы адукацыі выступілі кансерватыўныя памешчыкі і каталіцкае духавенства. Яны баяліся пашырэння адукацыі і дэмакратычных поглядаў сярод народа.

У адрозненне ад Заходняй Еўропы, эпоха асветніцтва не прынесла беларускаму народу ў поўным аб’ёме належнай карысці па цэламу шэрагу прычын. Тут была вельмі слабай і адсталай буржуазія, панавала прыгонніцкая сістэма гаспадаркі, асветніцтва амаль не закранула сялянскія масы, якія складалі аснову насельніцтва. Тым не менш, асветніцтва выклікала пэўнае ажыўленне ў культурным жыцці пасля доўгіх гадоў контррэфармацыі.

ІІІ. Перыяд ХУП – ХУШ стагоддзяў у мастацтве ВКЛ характарызаваўся панаваннем спачатку стыля барока, а з сярэдзіны ХУШ ст. – усталяваннем класіцызму. Як ужо гаварылася, стыль барока стаў у нас пашырацца як мастацкае ўвасабленне ідэалогіі контррэфармацыі. Мастацкія творы гэтага стылю звярталіся не столькі да розуму чалавека, колькі да яго пачуццяў, апелявалі да яго веры ў звышнатуральныя сілы, да містыкі. Для гэтага шырока выкарыстоўваліся такія мастацкія метады, як метафарычнасць, шматзначнасць, кантраснасць і парадаксальнасць. Перавага аддавалася вонкавай форме. А каб адцяніць форму, яе першасць над зместам, выкарыстоўваліся крывалінейныя, акругленыя абрысы, ускладненыя да вычурнасці знешнія дэталі. Атрымоўваліся пышныя і раскошныя формы, якія заварожвалі чалавека прыгажосцю, нават сімфоніяй пластыкі, колеру, светацені. У рэчышчы барока ў гэты час развіваліся практычна ўсе віды мастацтва.

Найбольш поўна барока праявілася ў архітэктуры, асабліва ў культавым дойлідстве. Да такіх пабудоў належыць езуіцкі фарны касцёл у Нясвіжы, узведзены ў канцы ХУІ ст. італьянцам Бернардоні, пазней былі пабудаваны ў гэтым стылі езуіцкія касцёлы ў Гародні, у Пінску, бернардзінскі касцёл у Мінску і інш. Развіццё беларускага барока прайшло тры перыяды: ранняе (канец ХУІ – першая палавіна ХУП ст.ст.), сталае (другая палова ХУП – 30-гг.ХУШ ст.), позняе ці віленскае барока 30–80 гады ХУШ ст.). Віленскае барока прадстаўляла сабою сінтэз еўрапейскага стылю з мясцовымі стылёвымі напрацоўкамі. Яго рысы найбольш яскрава праявіліся ў пабудове уніяцкага касцёла выдатным архітэктарам Глаўбіцам у Полацку на месцы ўзарванага ў 1710 годзе рускімі войскамі Пятра І знакамітага Сафійскага сабора. Дарэчы, гэты выдатны помнік архітэктуры сёння імкнецца забраць да сваей канфесіі праваслаўная царква.

У перыяд сталага і позняга барока адбываецца яго сваеасаблівая “дэмакратызацыя”. Гэты стыль пачынае пранікаць і ў свецкае будаўніцтва. У Мінску, Віцебску, Магілёве і інш. будуюцца ратушы, ствараюцца выдатныя палацавыя ансамблі, акружаныя паркамі. Знікаюць абарончыя атрыбуты ў магнацкіх палацаў, і яны набываюць вытанчаны і імпазантны выгляд, асабліва фасады пабудоў. Вонкавы іх выгляд упрыгожваецца ляпнымі аздабленнямі, пілястрамі, пучкамі калон, паліванай керамікай. Напрыклад, палацы ў Нясвіжы, Ружанах, Шчорсах, Свяцку і інш. У афармленні пабудоў, іх унутранага аздаблення ў разглядаемы перыяд вялікую ролю адыграла кафля. У яе дэкоры і тэхналогіі яскрава праяўляўся стыль барока. Яна ператварылася з плоскай ў аб’ёмную архітэктурную дэталь з мастацкімі выявамі кветак, звяркоў, птушак, арнаменту, выкананых у рознакаляровых варыянтах. Беларуская кафля карысталася вялікім попытам і за мяжой, асабліва ў маскоўскай дзяржаве.

Вялікім попытам у краіне і за мяжой карысталася мастацкое шкло. Пашырэнне ведаў па хіміі ў сувязі з дзейнасцю Полацкай калегіі езуітаў, хімічнага накірунку школ у Вільні, Гродне, Навагрудку – паспяхова ішло асваенне новых рэцэптур і тэхналогій. Беларускія майстры ўмелі варыць рубінавае шкло, багемскі крышталь, гравіраваць яго ўпершыню карундавай іголкай, размалёўваць каляровымі эмалямі. У ХУШ ст. дзейнічалі шкляныя мануфактуры (гуты) ў Налібоках, Урэцку, Гродне, Крычаве, Рагачове, Чачэрску.

ХУШ ст. у Беларусі адзначалася росквітам прыгоннага тэатра. Ствараўся ён пры магнацкіх сядзібах, і артыстамі былі прыгонныя сяляне, атрымаўшыя спецыяльную адукацыю. Першы такі тэатр быў у князя Радзівіла. Ягоная жонка Уршуля Францішка Радзівіл была не толькі стваральніцай тэатра, але пісала і драматургію. Яе першая камедыя “ Дасціпнае каханне” была пастаўлена ў Нясвіжы ў 1746 годзе. Яна была аўтарам і рэжысёрам першай тэатральнай драмы і першай тэатральнай казкі. Тут заўсёды са сцэны гучалі беларускія мелодыі, песні, хаця пастаноўкі рабіліся на польскай мове. Нясвіжскі тэатр Радзівілаў складаўся з балета і музыкальнай капэлы. Прыгонныя тэатры дзейнічалі пры памесцях Агінскіх у Слоніме, Сапегаў – у Ружанах і Дзярэчыне, Тышкевічаў – у Свіслачы і Плешчаніцах і інш. Усяго да падзелу Рэчы Паспалітай на тэрыторыі Беларусі функцыянавалі 26 оперна-балетных тэатраў і каля 30 сімфанічных аркестраў. Выканаўцы, артысты былі высокапрафесійнымі майстрамі сваёй справы. Аб гэтым сведчаць 69 музычных твораў, што складаюць знакаміты “Полацкі сшытак”, якому 300 – 350 гадоў.

Вядома, што многія таленавітыя артысты і музыканты, атрымаўшы прафесійную падрыхтоўку ў прыгонных тэатрах Беларусі, з’явіліся асноўным складам узнікшых пазней тэатраў у шэрагу краін, за мяжой. Так, гродзенскі “сялянскі балет” і слонімскія танцоры ў колькасці 60 чалавек сталі базай для заснавання Варшаўскага прыдворнага балета. З 78 акцёраў створанага ў Маскве пры двары Аляксея Міхайлавіча рускага тэатра, 70 чалавек былі беларусамі. Як мы бачым, музычна-тэатральнае жыццё на Беларусі было на ўзроўні культуры перадавых еўрапейскіх краін і магло дапамагаць у развіцці гэтага напрамку культуры другім народам.

У ХУІІ – ХУІІІ ст.ст. беларуская літаратура апынулася ў вельмі складаных умовах. Асноўным тормазам яе развіцця было звужэнне сферы ўжывання беларускай мовы. Прычым у гэты перыяд адбываўся пераход ад старажытнабеларускай кніжнай мовы да літаратурнай, якая абапіралася на жывую гутарковую мову народа. Такі працэс быў заканамерны і ішоў ва ўсіх краінах, толькі не так пакутліва і вяла, як на Беларусі. Польшчы і Расіі для гэтага пераходу спатрэбілася каля 50 гадоў, а ў нас ён зацягнуўся больш чым на 150.

У беларускай літаратуры гэты пераходны перыяд азначаецца панаваннем стылю барока, у якім яскрава выдзяляюцца стылёвыя тэндэнцыі:

1. Высокі стыль, звычайна элітарны, феадальна-арыстакратычны. Яму была характэрна рытарычная прыўзнятасць, сімвалічнасць, блізасць да старых афіцыйных формаў беларускай літаратуры.

2. Сярэдні стыль задавальняў эстэтычны густ гараджан і сярэдняй шляхты, якая імкнулася засвоіць еўрапейскі лад і не адрывалася ад нацыянальных традыцый.

3. Нізкае барока, якое прадстаўляла эстэтычныя запатрабаванні найбольш шырокіх пластоў насельніцтва нашага грамадства. Сюды ўваходзіла інтымна-песенная лірыка, батлеечныя п’есы, сатырычная паэзія і проза. Ля вытокаў гэтай “несур’ёзнай літаратуры” стаіць напісаны ананімам у 1655 годзе “Ліст да Абуховіча.” Абуховіч – смаленскі ваявода, які, здрадзіўшы ВКЛ, без боя здаў горад расійскай арміі ў 1654 г. Аўтар рашуча асуджае амаральнасць і прадажнасць прадстаўнікоў пануючых колаў Рэчы Паспалітай. Да гэтага літаратурнага напрамку па форме, мове, стылю і жанру прымыкае другі твор – “Прамова Мялешкі”. Быццам бы сапраўды смаленскі кашталян Іван Мялешка выступаў на Варшаўскім сойме і “рэзаў” праўду-матку ў вочы каралю Жыгімонту ІІІ Вазе. На сакавітай беларускай мове аўтар гэтага твора крытыкуе кіраўніцтва Рэчы Паспалітай, якое не клапоціцца аб інтарэсах Літвы. Ён вельмі зняважальна адзываецца аб апалячанай беларускай шляхце, з’едліва пра іх адзначаючы: “Многа тутако такіх ест, што хоць наша костка, аднак сабачым мясам абрасла і воняет!”

Найбольш значным прадстаўніком “высокага “ літаратурнага стылю барока быў Сімяон Полацкі (1629-1680 гг.). Сапраўднае прозвішча Пятроўскі-Сітняновіч. Нарадзіўся ён у Полацку, у сям’і купца. Вучыўся спачатку ў брацкай мясцовай школе. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. У 1664 годзе, як шчыры прыхільнік праваслаўя і праціўнік палітыкі контррэфармацыі, пакінуў Беларусь і ў Маскве разгарнуў актыўную педагагічную, выдавецкую і літаратурную дзейнасць. Ён быў выхавальнікам Пятра І у дзяцінстве. Па яго ініцыятыве і статуту была заснавана першая ў Расіі вышэйшая навучальная ўстанова – славяна-грэка-лацінская акадэмія. Менавіта ў ёй вучыўся праз 50 гадоў М.Ламаносаў. Полацкі адкрыў у Маскве друкарню, якая выдала першы “Буквар”. Ім былі напісаны драмы і камедыі, пропаведзі і многа вершаў. Ягоная літаратурная спадчына і грамадска-асветніцкая дзейнасць дае права, на думку гісторыкаў, называцца першым расійскім інтэлігентам.

Другім выдатным дзеячам, які значна ўзбагаціў культуру Расіі, з’яўляецца Ілля Капіевіч (1651-1714 гг.). Па палітычных матывах ён вымушаны быў эміграваць ў Галандыю. Там у 1697 годзе як перакладчык пазнаёміўся з Пятром І і быў запрошаны працаваць ў Расію. Капіевіч рэфармаваў царкоўна-славянскі алфавіт кірыліцы, спрасціў яго. Новы шрыфт сталі называць грамадзянскім або “капіеўкай”. Сёння ім карыстаецца з невялікімі змяненнямі большасць славянскага народу. Ён напісаў і пераклаў на рускую мову больш за 20 кніг, у тым ліку першую ў Расіі арыфметыку, падручнікі па іншаземных мовах, першы каляндар, першыя на рускай мове творы па навігацыі, байкі Эзопа і інш. Увогуле, вельмі многія беларусы ўзбагачалі расійскую культуру сваім майстэрствам. Так, пад кіраўніцтвам Івана Максімава з-пад Копыля і Сцяпана Івакова з Мсціслаўля былі ўпрыгожаныя ў Расіі Новаерусалімскі манастыр на Істры, Круціцкі церамок, церамок Крамлёўскага палаца. Беларускія майстры аздаблялі ажурнай разьбой па дрэву палац цара Аляксея ў сяле Каломенскім, царскія вароты ў Саборы Новадзявочага манастыра ды інш.

Такім чынам, культурнае жыццё Беларусі ў разглядаемы перыяд было даволі разнастайным і багатым, што давала магчымасць дапамагаць і блізкім

суседзям.







Дата добавления: 2015-08-12; просмотров: 1019. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Разновидности сальников для насосов и правильный уход за ними   Сальники, используемые в насосном оборудовании, служат для герметизации пространства образованного кожухом и рабочим валом, выходящим через корпус наружу...

Дренирование желчных протоков Показаниями к дренированию желчных протоков являются декомпрессия на фоне внутрипротоковой гипертензии, интраоперационная холангиография, контроль за динамикой восстановления пассажа желчи в 12-перстную кишку...

Деятельность сестер милосердия общин Красного Креста ярко проявилась в период Тритоны – интервалы, в которых содержится три тона. К тритонам относятся увеличенная кварта (ув.4) и уменьшенная квинта (ум.5). Их можно построить на ступенях натурального и гармонического мажора и минора.  ...

Эффективность управления. Общие понятия о сущности и критериях эффективности. Эффективность управления – это экономическая категория, отражающая вклад управленческой деятельности в конечный результат работы организации...

Мотивационная сфера личности, ее структура. Потребности и мотивы. Потребности и мотивы, их роль в организации деятельности...

Классификация ИС по признаку структурированности задач Так как основное назначение ИС – автоматизировать информационные процессы для решения определенных задач, то одна из основных классификаций – это классификация ИС по степени структурированности задач...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.012 сек.) русская версия | украинская версия