Студопедия — Скульптура Беларусі XVIII стагоддзя
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Скульптура Беларусі XVIII стагоддзя






 

У XVIII стагоддзі па-ранейшаму вядучае месца ў скульптурным мастацтве займае алтарная пластыка, скульптурны дэкор, якім у храмавых інтэр’ерах адводзілася дамінуючая роля. Яны з’яўляліся асноўным носьбітам хрысціянскіх ідэй, адлюстроўвалі біблейскія сюжэты і вобразы. У гэта час таксама развіваецца і свецкая пластыка, што звязана з ажыўленнем свецкага будаўніцтва, узвядзеннем такіх палацавых комплексаў, як Сапегаў у Ружанах, Храптовічаў у Шчорсах, Агінскіх у Слоніме, каралеўскай рэзідэнцыі ў Гродна і іншых. Пластыка выкарыстоўваецца ў дэкаратыўных мэтах, уключаецца ў палацавыя інтэр’еры, у паркавае асяроддзе. Беларускую скульптуру XVIII стагоддзя абумоўлівалі барока і ракако. З відавочнай паўнатой гэтая асаблівасць праявілася ў культавай пластыцы.

Да найбольш ранніх, але найбольш высокіх у мастацкіх адносінах твораў скульптуры адносяцца алтары ў Пінскім францысканскім касцёле Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Праца над стварэннем алтароў пачалася ў 1723 г., у ансамбль інтэр’ера ўвайшлі галоўны алтар і шэсць бакавых – Ісуса, Маці Божай Ружанцовай, Святога Сямейства, Святога Антонія Падуанскага, Святой Варвары, Святога Францыска, а таксама амбон. Архітэктурна-кампазіцыйная пабудова галоўнага алтара вызначаецца складаным вырашэннем. На высокім двухчасткавым цокалі пастаўлены выгнуты ў глыбіню апсіды порцік, у якім галоўную ролю адыгрываюць чатыры вітыя калоны. Яны падтрымліваюць разарваны антаблемент са складанай формы карнізамі. Над ім знаходзіцца другі ярус алтара ў выглядзе пышнага картуша з рэльефнай выявай усярэдзіне. Завіткі, дэкарыраваныя акантам валюты, стужка арнаментаванага фрыза, якая апаясвае верх алтара, ствараюць па-мастацку завершаны ансамбль. У цэнтры алтара, паміж пілястрамі з капітэлямі карынфскага ордэра, знаходзіцца вялікі алтарны абраз “Ушэсце Маці Божай”, які з’яўляецца копіяй вядомага твора іспанскага мастака XVII стагоддзя Барталамеа-Эстэбана Мурыльо. Яго вянчае багата аздоблены балдахін.

Большая дынамічнасць уласціва кампазіцыі, што размешчана ў завяршэнні алтара, якую можна трактаваць як глорыю. Знаходзячыся на значнай вышыні, яна тым не менш выразна чытаецца на фоне конхі апсіды. Кампазіцыя стваралася паступова паміж 1766 і 1817 гг. у цэнтры, адна пад адной, паказаны дзве гарэльефныя выявы: “Стыгматызацыя Святога Францыска” і “Спячы манах”. Сцэна стыгматызацыі трактуецца з належнай для барочнай стылістыкі нагляднасцю, нават натуралістычнасцю, другая кампазіцыя вырашана даволі лаканічна.

Больш проста вырашаны бакавыя аднаярусныя алтары касцёла, у якіх дамінуе дэкаратыўная пластыка. З іх ліку вылучаецца алтар “Маці Божай Ружанцовай”, стылістычна блізкі да галоўнага. Ён стаіць у невялікай, прамавугольнай у плане капліцы, перакрытай цыліндрычным скляпеннем. У цэнтральнай частцы ў пышным абрамленні завіткоў, лісця аканта, заслоны знаходзіцца абраз “Маці Божая Замілаванне” (1730-я гг.), пад ім яшчэ адзін – “Святое Сямейства са Святым Францыскам” (XVI ст.). Абрамляюць гэты кампазіцыйны рад дзве фігуры паабапал – архангелаў Міхаіла і Гаўрыіла. Іх пластычнае вырашэнне, з нахіленымі галовамі, разведзенымі рукамі, – больш дынамічнае, чым у скульптурах, пастаўленых паміж калонамі справа і злева. Тут паказаны Святы Георгій і Святы Казімір, вобразы якіх трактуюцца традыцыйна: Георгія ў выглядзе воіна ў даспехах і з крыжом у руках і Казіміра ў каралеўскім аблачэнні. Такім чынам, кампазіцыя асноўнай цэнтральнай часткі алтара заснавана на супастаўленні некалькіх вертыкаляў (фігур, калон) і звілістых дэкаратыўных элементаў абрамлення абразоў, матывы якіх маюць працяг уверсе.

Інтэр’ер касцёла бліскуча дапоўніў пышны амбон традыцыйнай кансольнай канструкцыі, але незвычайна багата дэкарыраваны. Ён складаецца з корпуса-кафедры, тыльнага шчыта і балдахіна. Кожная частка мае сваё адметнае рашэнне, аб’яднанае тым не менш агульным ладам. Корпус уяўляе сабой шматгранны аб’ём з крыху ўвагнутымі бакамі, упрыгожаны невялікіх памераў скульптурамі апосталаў. Іх выявы знаходзяцца ў неглыбокіх нішах, але не выступаюць за плоскасці шматгранніка. Складанай пластыцы фігур адпавядаюць і звілістыя абрысы рам, калонкі з капітэлямі карынфскага ордэра, ажурны накладны дэкор, што ідзе па нізу корпуса. У цэнтры шчыта прадстае сядзячы Хрыстос з дзяржавай у руцэ. Паабапал Яго паказаны апосталы Павел і Пётр, таксама сядзячымі, кожны з кананічнымі атрыбутамі – мячом і ключамі. Плоскасць шчыта плаўна злучаецца з балдахінам, яго аснова сваімі абрысамі паўтарае корпус. Над асновай балдахіна ўзвышаецца пышны конусападобны шацёр, утвораны разнастайнымі мудрагелістымі формамі, сярод якіх дамінуюць выявы кветак, бутонаў і лістоў аканта. У самым версе шатра знаходзіцца фігура Архангела Міхаіла. Вобраз нябеснага воіна прадстае ў выглядзе суддзі, у яго руцэ шалі.

Мастацкі ансамбль касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – значны і шмат у чым паказальны помнік. Менавіта ў ім практычна ўпершыню так паўнавартасна прагучала важнейшая якасць мастацтва XVІІІ стагоддзя – імкненне да сінтэзу. Скульптура храма зліта ў адзінае цэлае з яго дэкаратыўнай аздобай, архітэктурнымі формамі, жывапісам. Убранне касцёла сведчыць таксама і аб тым, што быў зроблены першы крок у стварэнні алтароў, якія стануць тыповымі ў сярэдзіне – другой палове стагоддзя: шмат’ярусны галоўны алтар з разваротам бакавых частак, бакавыя алтары ля апор галоўнага нефа, прысценныя алтары, размешчаныя пад вуглом да падоўжанай восі будынка, алтары капліц.

У езуіцкім касцёле Святога Францыска Ксаверыя дамінантай дэкаратыўна-мастацкага ансамбля інтэр'ера з'яўляецца галоўны алтар (вышыня 21 м), зроблены ў 1736 – 1737 гг. “у майстэрстве разьбы обермайстрам” Янам Шмітам з горада Рэшаля (Польшча) і шасцю падмайстрамі і навучэнцамі. У кантракце агаворвалася, каб алтар быў выкананы “прапарцыянальна фабрыцы базілікі нашай” і ўлічваў “оптыку”. У 1752 г. алтар таніраваны пад бела-блакітны мармур, у 1857 г. “вызалачаны і абноўлены”, у 1900 г. перафарбаваны пад цёмны мармур. У яго 3-яруснай кампазіцыі выкарыстана складаная групоўка калон і пілястраў карынфскага ордэра. У першым ярусе абапал постаці Святога Ксаверыя (выканана Шмітам) пастаўлены 10 скульптурных выяў апосталаў, 4 айцоў царквы, Святога Самуіла і Святой Канстанцыі — патронаў касцёла мужа і жонкі Мсціслаўскіх, якія аплачвалі кошт алтара. У цэнтры другога яруса — скульптура Хрыста, абапал якой выявы 4 евангелістаў і 6 свяціцеляў. У трэцім ярусе знаходзіцца скулыпурная алегарычная кампазіцыя, якая адлюстроўвае перамогу дабра над злом. Вянцом алтара з'яўляецца 5-метровая «Глорыя», што абрамляе акно апсіды і перад якой схіляюць галовы 4 алегарычныя выявы бакоў свету. Таніраваныя ў белы колер скульптуры вылучаюцца ўрачыстасцю поз, эмацыянальнай прыўзнятасцю вобразаў, стрыманасцю рухаў. Размешчаныя франтальна да ўвахода (каля міжнефавых слупоў) 6 кулісных 2-ярусных алтароў выкананы ў 1709 – 1716 гг. У левай капліцы трансепта размешчаны алтар Святога Міхаіла са скульптурнымі выявамі дзеячаў Вялікага княства Літоўскага. У процілеглай Студэнцкай капліцы трансепта пастаўлены алтар Маці Божай Студэнцкай, выкананы ў тэхніцы бежавага стука ў 1760-я гг. Яго кампазіцыя вырашана ў выглядзе накладнога карынфскага порціка з 4 канеліраванымі пілястрамі і трохвугольным франтонам са скульптурамі ўкленчаных анёлаў па вуглах. У 2 эксэдрах бакавых выгнутых заплечнікаў і ў завяршэнні алтара знаходзяцца скульптурныя постаці іерархаў касцёла. У алтары абраз Маці Божай Студэнцкай, названы Кангрэгацкай (апекункі студэнтаў), копія абраза з базілікі Санта Марыя Маджорэ ў Рыме (у шырокай срэбнай раме ў стылі ракако, выкананай у 1761 г. гданьскім злотнікам Хрысціянам ван Гаўсенам). Аклад з дзвюма каронамі раней быў залатым. Падараваны віленскім ваяводам Казімірам Янам Сапегам. Ён прывёз абраз з Рыма ў часы караля Яна Казіміра і падараваў Альбрэхту Радзівілу, пасля смерці якога абраз трапіў да дамініканца айца Куклінскага, а ад яго — да ўладальніка вёскі Кульбакі каля Гродна Войцеха Жаляроўскага. Ён ахвяраваў абраз вучнёўскаму таварыству Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, так званай Студэнцкай Кангрэгацыі пры гродзенскім езуіцкім калегіуме.

Алтар Касцёла Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыіў Слоніме (Гродзенская вобласць) – унутры зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, пераходзіць у больш вузкую паўкруглую апсіду. Сцены члянёны масіўнымі пілонамі, капітэлі якіх дэкарыраваны стылізаваным раслінным арнаментам. Начынне інтэр'ера (5 стукавых алтароў, амбон, спавядальня) выканана ў 1751—64 гг. дэкаратарам Іаганам Гедэлем і яго памочнікам Антоніем паводле малюнкаў І.К.Глаўбіца. У вырашэнні алтароў сінтэзуюцца дэкаратыўная скульптура, жывапіс і прыкладное мастацтва. Галоўны алтар «Бязгрэшнае Зачацце» 2-ярусны, у выглядзе здвоеных карынфскіх калон, выкананых у тэхніцы ружовага стука; на раскрапаваным антаблеменце размешчаны скульптуры анёлаў. У цэнтры знаходзіцца абраз «Маці Божая з Дзіцем», абапал — скульптуры евангелістаў. Другі ярус дэкарыраваны пілястрамі і валютамі, скульптурамі анёлаў; у цэнтры абраз «Святая Тройца». Вянчае алтар ляпны картуш «Глорыя». Па баках алтара размешчаны сядзячыя фігуры святых з атрыбутамі, анёлаў, вазы. Меншыя па маштабе 4 бакавыя алтары («Укрыжавання Хрыста», «Св. Францыска», «Св. Юзэфа», «Абраза Найсвяцейшай Дзевы Марыі») нібы умураваны ў прасценкі і маюць аналагічную з галоўным алтаром кампазіцыю. Арнаментальная лепка (ракавіны, ракайлі, вазы, маскі жывёл), гіпсавая скульптура выкананы ў стылі ракако. Амбон вырашаны ў выглядзе фігурнай кафедры з балдахінам, аздобленым ракайлямі, вазамі, пуцці, атрыбутамі евангелістаў, драпіроўкамі, спавядальня пад балдахінам — у стылі ракако. Пры ўваходзе на 3-пралётнай аркадзе — хоры з арганам. Каштоўным творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва барока 17 ст. з'яўлялася печ у адной з сакрысцій, абліцаваная зялёнай паліванай кафляй з раслінным арнаментным малюнкам (у 1970 знішчана).

Нізавое барока ў скульптуры

Заслугоўвае асаблівай увагі праблема распаўсюджання барока ў нізах грамадства, пранікненне ў плебейскае асяроддзе, дзе адбывалася істотная “дапрацоўка” стылю, вынайдзенага і сфарміраванага ў прафесійных мастацкіх колах. Сфера нізавога функцыянавання стылю ўяўляе багатую і каларытную з’яву. Па разнастайнасці мастацкіх форм, разгалінаванасці і ўсеабдымнасці творчай практыкі нізавое барока ні ў чым не саступае прафесійна-арыстакратычнаму варыянту.

Значную колькасць работ выконвалі прафесійна непадрыхтаваныя аўтары, выхадцы з нізоў грамадства. Такія скульптуры адрозніваліся пэўнымі мастацкімі якасцямі, своеасаблівасцю пабудовы формы, апрацоўкі паверхні выяў, адметнымі рысамі раскрыцця характару вобразаў. Гэта сведчыць аб далейшым развіцці мясцовай школы драўлянай пластыкі. Народныя майстры па-свойму інтэпрэтавалі агульнавядомыя тэмы, сюжэты, паказвалі хрысціянскіх святых у абліччы, падобным і зразумелым для кожнага. Яны клапаціліся ў большай ступені аб знешніх стылістычных прыёмах, што прыводзіла да пашырэння статычных поз у паказе фігур, імкнуліся не разбурыць паглыбленасці і засярожанасці ўнутранага стану выяўленага персанажа.

Высокага мастацкага ўзроўню дасягнулі майстры драўлянай скульптуры з Шарашова. Да XVIІІ стагоддзя належаць драўляныя скульптуры з Троіцкага касцёла Шарашова (Пружанскі раён, Брэсцкай вобласці)– гэта “Невядомы біскуп”, “Анёл”, “Анёл, які музыцыруе” і “Анёл з калонай” (так званы стыль “нізавое барока”). Для усіх гэтых скульптур была характэрна выразная, упэўненая разьба, выдатнае адчуванне матэрыялу, што, безумоўна, сведчыць аб багатай папярэдняй традыцыі гэтага віду мастацтва на шарашоўскіх землях. Усе гэтыя творы знаходзяцца зараз у сталічных музеях.

У XVIІІ стагоддзі у народна-прымітыўнай скульптуры акрэсліліся асобныя тэмы, сюжэты, вызначыліся найбольш папулярныя вобразы. Мяркуючы нават па колькасці захаваных твораў невядомых аўтараў, можна лічыць, што найбольш ушаноўваліся Ісус Хрыстос, Маці Божая, святыя Мікалай, Юрый, Ян Непамук, Апостал Пётр, Архангел Міхаіл. Народная культура і традыцыя, іх дух знайшлі ўвасабленне ў скульптурах Святых Іакіма і Ганны з Мікалаеўскай царквы в. Вярховічы (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці, сярэдзіна XVIІІ ст.), апосталаў Пятра і Паўла з капліцы в. Прошкава (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці, канец XVIІІ ст.), “Ісуса Назарэя” з Успенскай царквы в. Тэўлі (Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці, другая палова XVIІІ ст.), “Ісуса засмучанага” з Троіцкага касцёла г. Косава (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці, канец XVIІ – пачатак ХІХ стагоддзяў).







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 793. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Картограммы и картодиаграммы Картограммы и картодиаграммы применяются для изображения географической характеристики изучаемых явлений...

Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Тема 5. Организационная структура управления гостиницей 1. Виды организационно – управленческих структур. 2. Организационно – управленческая структура современного ТГК...

Методы прогнозирования национальной экономики, их особенности, классификация В настоящее время по оценке специалистов насчитывается свыше 150 различных методов прогнозирования, но на практике, в качестве основных используется около 20 методов...

Методы анализа финансово-хозяйственной деятельности предприятия   Содержанием анализа финансово-хозяйственной деятельности предприятия является глубокое и всестороннее изучение экономической информации о функционировании анализируемого субъекта хозяйствования с целью принятия оптимальных управленческих...

Травматическая окклюзия и ее клинические признаки При пародонтите и парадонтозе резистентность тканей пародонта падает...

Подкожное введение сывороток по методу Безредки. С целью предупреждения развития анафилактического шока и других аллергических реак­ций при введении иммунных сывороток используют метод Безредки для определения реакции больного на введение сыворотки...

Принципы и методы управления в таможенных органах Под принципами управления понимаются идеи, правила, основные положения и нормы поведения, которыми руководствуются общие, частные и организационно-технологические принципы...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.01 сек.) русская версия | украинская версия