Студопедия — ВЕНГРИЯ - АВСТРИЯ - ГЕРМАНИЯ - ФРАНЦИЯ
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

ВЕНГРИЯ - АВСТРИЯ - ГЕРМАНИЯ - ФРАНЦИЯ






(La fille de Lilith)

 

Я выехаў з Парыжу ўчора ўвечары, у куце вагона, перад доўгай і нямой снежнай ноччу. Шэсць пагібельных гадзін я чакаў у горадзе Х. і толькі па абедзе натрапіў на селяніна на санях, які мог адвезці мяне ў Артыг. Паабапал дарогі хвалямі то ўзвышаліся, то зноў меншалі ўзгоркі, якія да гэтага я бачыў у промнях зіхоткага сонца. Цяпер жа яны былі пад тоўстым покрывам снегу, на якім дзе-нідзе чарнеў вінаграднік. Селянін не прыспешваў свайго старога каня, і мы ехалі, ахінутыя бясконцай цішынёй, якую час ад часу разрывалі жаласныя крыкі птушак. Смяротна няшчасны, я паўтараў пра сябе малітву: “Магутны Божа, літасцівы Божа, барані мяне ад адчаю, і не дазволь пасля ўсіх маіх памылак зрабіць апошнюю, якой ты не прабачыш”. Урэшце я ўбачыў сонца, чырвонае, без промняў. Яно апускалася за далягляд, як крывавая ахвяра, нагадваючы мне сцэну распяцця, і я адчуў, што ў душы з’явілася надзея. Пад коламі па-ранейшаму рыпеў снег. Нарэшце фурман паказаў на званіцу ў Артыгу, якая выглядала ценем у чырвонай імгле.

 

– Дык вы сыходзіце каля дома святара? – звярнуўся да мяне селянін. – Вы ведаеце мсьё кюрэ?

 

– З дзяцінства. Ён быў маім настаўнікам.

 

– Ён вучоны, відаць?

 

– Мсьё кюрэ Сафрак не проста вучоны – ён яшчэ і дабрадзейны чалавек.

 

– Чуў, але гэта не адзінае, што пра яго кажуць.

 

– Што ж яшчэ?

 

– Што хочуць, тое і кажуць. А я – я адно слухаю.

 

– Дык што?

 

– Некаторыя кажуць, што ён вяшчун, што ён прадказвае будучыню.

 

– Якая бязглуздзіца!

 

– Мсьё, я ж нічога не кажу. Але калі мсьё Сафрак не вяшчун, чаму ён толькі і робіць, што чытае кнігі?

 

Сані спыніліся каля дома кюрэ.

 

Я пакінуў гэтага дурня. Служанка правяла мяне да кюрэ, у пакой, дзе ежа ўжо стаяла на стале. Мне падалося, што мсьё Сафрак даволі моцна змяніўся за тыя тры гады, што я яго не бачыў. Яго магутны стан сагнуўся. Ён яшчэ больш схуднеў. Яго пранізлівыя вочы свяціліся на ссохлым твары. Нос, які здаваўся большым, спускаўся да станчэлых вуснаў. Я кінуўся да яго са слязамі:

 

– Ойча! Я прыйшоў да Вас, бо саграшыў. Настаўнік, Вашыя веды, глыбокія і таямнічыя, заўсёды здзіўлялі мяне, узмацнялі мой дух. Выцягніце Вашае дзіця з прорвы! О! Мой адзіны сябра, выратуйце мяне; асвятліце мяне сваім святлом.

 

Ён абняў мяне, усміхнуўся з неверагоднай дабрынёй, якую ўжо столькі разоў выказваў да мяне ў юнацтве. Ён крыху адхіліўся, каб лепей мяне разгледзець.

 

– Беражы вас Бог! – павітаўся ён, як было звыкла ў яго мясцовасці.

 

Мсьё Сафрак нарадзіўся на ўзбярэжжы Гароны. Як вінаграднік з тых краёў, яго душа была шчодрая і духмяная.

 

 

Ён бліскуча выкладаў філасофію ў Бардо, Пуацье, Парыжы. А пасля папрасіў толькі адной ласкі – зрабіцца кюрэ ў краі, дзе нарадзіўся і дзе хацеў памерці. Ужо шэсць гадоў ён служыў у гэтай згубленай вёсцы, служыў самай чалавечнай любові і самай высокай навуцы.

 

– Беражы вас Бог, дзіця маё! – паўтарыў ён. Вы напісалі ліст, каб папярэдзіць пра свой візіт. Гэты ліст мяне моцна крануў. Значыць, вы і праўда не забыліся на свайго старога настаўніка?

 

Я хацеў кінуцца яму ў ногі мармычучы: “Ратуйце мяне! Ратуйце!”. Але ён спыніў мяне ўладным і ў той жа час ласкавым рухам рукі.

 

– Ары, – сказаў ён, – заўтра вы мне ўсё раскажаце. А цяпер абагрэйцеся, пасля мы павячэраем, вы, мабыць, змерзлі і згаладаліся ў дарозе.

 

Прыслужніца падала на стол міску, з якой падымалася духмяная пара. Гэта была старая ў чорнай шаўковай хустцы на галаве, з тварам, пакрытым зморшчынамі, у якім дзіўна спалучаліся прыродная прыгажосць і агідная старасць. Мая свядомасць была цалкам затлумленая, аднак маёй душой пачаў авалодваць спакой гэтага мірнага жытла, вясёлае патрэскванне сухіх дроваў у каміне, стол, накрыты белым абрусам, са шклянкамі віна, гарачымі стравамі. За ежай я амаль забыў, што прыйшоў, каб змякчыць жорсткія згрызоты сумлення, багата арошаныя пакаяннем.

 

Мсьё Сафрак успомніў мінулыя дні, якія мы правялі ў каледжы, дзе ён быў выкладчыкам філасофіі.

 

– Ары, – сказаў ён, – вы былі маім найлепшым вучнем. Ваш дапытлівы розум апярэджваў думку настаўніка. Таму я адразу прывязаўся да вас. Я люблю, калі хрысціянін адважны. У час, калі бязбожнасць робіцца неўтаймоўна дзёрзкай, нельга, каб вера была нясмелаю. У царквы ёсць цяпер толькі авечкі, а ёй патрэбныя львы. Хто верне нам час, калі геніі спрычыняліся да ўсіх навук? Ісціна падобная да сонца: каб глядзець наўпрост, трэба быць арлом...

 

–Ах, мсьё Сафрак, якраз вы бясстрашна глядзелі на ісціну арліным позіркам, і нішто не магло вас асляпіць. Я памятаю, што вашы погляды бянтэжылі часам нават тых з паслядоўнікаў, якія захапляліся святасцю вашага жыцця. Вы не баяліся новага. Так, напрыклад, вы меркавалі, што існуе, акрамя нас, і іншы свет з жывымі істотамі.

 

Яго вочы загарэліся.

 

– Што ж скажуць пра маю кнігу нясмелыя духам? Ары, я жыў і працаваў пад гэтым небам, у гэтым кутку, створаным Госпадам з асаблівай любоўю. Вам вядома, што я даволі добра валодаю мовамі: габрэйскай, арабскай, персідскай і некалькімі індыйскімі гаворкамі. Яшчэ вы ведаеце, што я перавёз сюды бібліятэку, багатую старажытнымі рукапісамі. Я заняўся сур'ёзным вывучэннем моваў і традыцый Старажытнага Усходу. Дасць Бог, велізарная праца будзе мець плён. Я толькі што скончыў кнігу “Аб стварэнні свету”. Там я пішу пра ісціну, якую непазбежна зруйнуе бязбожная навука. Ары, з вялікай Божай літасці навука і вера нарэшце прымірыліся. Працуючы над іх збліжэннем, я зыходзіў з такой думкі: Біблія, святая кніга, адкрывае нам ісціну, аднак не ўсю. Ды гэта і не магчыма, бо яе адзіная мета – навучыць нас таму, што мы мусім ведаць для вечнага выратавання! І акрамя гэтай вялікай мэты не існуе нічога. Яна простая і ў той жа час бясконца складаная. Біблія расказвае пра грэхападзенне і выкупленне. Гэта гісторыя боскага ў чалавеку. Яна ўсёабдымная і абмежаваная. У ёй няма нічога, што магло б задаволіць прымітыўную цікаўнасць. Аднак нельга, каб бязбожная навука перамагала, злоўжываючы маўчаннем Бога. Надышоў час сказаць: “Не, Біблія не маніць, яна проста кажа не ўсё”. Вось ісціна, якую я абвяшчаю. Абапіраючыся на геалогію, старажытную археалогію, усходнія касмагоніі, хецкія і шумерскія помнікі, халдэйскія і вавілонскія паданні, старажытныя легенды, якія захаваліся у Талмудзе, я даказваю існаванне прэадамітаў, аб якіх аўтар Кнігі Быцця не згадвае з тае толькі прычыны, што існаванне іх не мае аніякага дачынення да вечнага выратавання дзяцей Адама. Мала таго, уважлівае даследаванне першых раздзелаў Кнігі Быцця пераканала мяне ў тым, што было два стварэнні свету, якія адбываліся з прамежкам у некалькі стагоддзяў. Прычым другое, так бы мовіць, проста зрабіла пэўнае месца на зямлі больш зручным для Адама і яго нашчадкаў.

 

Ён спыніўся на імгненне і працягнуў ціхім голасам з чыста рэлігійнай урачыстасцю:

 

– Я, Марцыял Сафрак, няварты пастыр, доктар тэалогіі, паслухмяны сын нашай святой маці Царквы, сцвярджаю з поўнай упэўненасцю, калі будзе на тое воля Яго Святасці Папы і святых сабораў, што Адам, створаны паводле вобразу Божага, меў дзвюх жонак, і Ева з іх была другою.

 

Гэтыя дзіўныя словы адцягнулі мяне ад маіх думак і нечакана абудзілі цікаўнасць. Я быў нават расчараваны, калі мсьё Сафрак, паклаўшы локці на стол, сказаў:

 

– Досыць пра гэта. Магчыма, калі-небудзь вы прачытаеце маю кнігу і даведаецеся, у чым справа. Паводле строгага загаду, я павінен быў прадставіць маю працу на разгляд арцыбіскупу і прасіць яго ўхвалы. Рукапіс знаходзіцца цяпер у арцыбіскупстве. Я чакаю адказу, які, мне здаецца, мусіць быць спрыяльным... Сын мый, паспытайце грыбы з нашых лясоў і віно з нашых вінаграднікаў, а пасля скажыце, што наш край не другая запаветная зямля, для якой першая з'яўлялася нібыта правобразам.

 

З гэтай хвіліны нашая гутарка стала больш простай і перайшла на агульныя ўспаміны.

 

– Так, сын мой, – сказаў мсьё Сафрак, – вы былі маім любімым вучнем. Госпад дазваляе аддаваць некаму перавагу, калі гэтаму ёсць справядлівыя прычыны. А я адразу ўбачыў, што вы сапраўдны чалавек і хрысціянін. Гэта не значыць, што ў вас не было недахопаў. У вас няроўны, нерашучы характар, вас было лёгка збянтэжыць. У глыбіні вас спелі гарачыя жаданні. Мне падабалася вашая ўсхваляванасць, гэтак жа, як процілеглыя якасці ў іншым маім вучні. Поль д'Эрві падабаўся мне непахіснасцю розуму і сталасцю сэрца.

 

Пачуўшы гэтае імя, я счырванеў, збляднеў і з цяжкасцю ўтрымаўся, каб не ўскрыкнуць. Я хацеў нешта адказаць, але не мог вымавіць ні слова. Мсьё Сафрак, здавалася, не заўважаў майго хвалявання.

 

– Калі я не памыляюся, ён быў вашым найлепшым сябрам, – дадаў ён. – Вы па-ранейшаму з ім блізкія, праўда? Я чуў, што ён стаў дыпламатам, што яму прадказваюць выдатную будучыню. Я б хацеў, каб ён стаў паслом у Ватыкане, калі наступяць лепшыя часы. Ён ваш сапраўдны і адданы сябра.

 

– Ойча, – вымавіў я з высілкам, – я пагавару з вамі заўтра пра Поля д'Эрві і яшчэ пра адну асобу.

 

Мсьё Сафрак паціснуў мне руку. Мы развіталіся, і я пайшоў у падрыхтаваны для мяне пакой. Я лёг у ложак, бялізна пахла лавандай, і мне прыснілася, што я, яшчэ хлопчык, малюся, укленчыўшы ў капліцы нашага каледжа і любуюся жанчынамі, якія, у белай зіхоткай адзежы, займаюць месцы на хорах. І раптам з аблокаў над маёй галавой раздаецца голас: “Ары, ты думаеш, што любіш іх у Богу. Але ты любіш Бога толькі ў іх”.

 

Прачнуўшыся раніцай, я ўбачыў мсьё Сафрака, які стаяў ля майго ложка.

 

– Ары, – сказаў ён, – прыходзьце сёння да абедні, якую я буду служыць для вас. Па заканчэнні я выслухаю тое, што вы збіраецеся мне расказаць.

 

Храм у Артыгу – невялікая царква ў раманскім стылі, які ў XII стагоддзі яшчэ квітнеў у Аквітаніі. Дваццаць гадоў таму царкву адрэстаўравалі і прыбудавалі званіцу, не прадугледжаную першапачатковым планам, але праз недахоп грошай царква захавала ў недатыкальнай чысціні свае голыя сцены. Я далучыўся, наколькі мне дазвалялі думкі, да малітваў святара, затым мы разам вярнуліся дадому. Мы паснедалі хлебам з малаком, а потым пайшлі ў пакой мсьё Сафрака.

 

Прысунуўшы крэсла да каміна, над якім вісела распяцце, ён прапанаваў яго мне і, прысеўшы побач, падрыхтаваўся слухаць. За акном падаў снег. Я пачаў:

 

– Ойча, вось ужо дзесяць гадоў, як, выйшаўшы з-пад вашай апекі, я пачаў свой шлях. Веру я захаваў, але, на жаль, не захаваў чысціні. Зрэшты, няма чаго апісваць вам маё жыццё, вы і так усё ведаеце – вы, мой духоўны настаўнік, адзіны дарадца майго сумлення! Да таго ж я хачу хутчэй перайсці да падзеі, што перамяніла ўсё маё жыццё. Летась бацькі вырашылі мяне ажаніць, і я ахвотна пагадзіўся. Дзяўчына, якую за мяне аддавалі, у разуменні бацькоў была ідэальнай нявестай. Акрамя таго, яна была прывабнай і падабалася мне; такім чынам, замест шлюбу па разліку я збіраўся ўступіць у шлюб па сардэчнай схільнасці. Мая прапанова было прынятая. Заручыны адбыліся. Здавалася, мне былі забяспечаныя шчасце і спакойнае жыццё, але тут я атрымаў ліст ад Поля д'Эрві, які, вярнуўшыся з Канстанцінопаля, паведамляў аб сваім прыездзе ў Парыж і жаданні пабачыцца са мной. Я паспяшаўся да яго і паведаміў пра свой будучы шлюб. Ён сардэчна мяне павіншаваў.

 

– Я рад твайму шчасцю, браце!

 

Я сказаў, што разлічваю на яго як на сведку, і ён ахвотна пагадзіўся. Шлюб быў прызначаны на пятнаццатага траўня, а ён вяртаўся на службу ў пачатку чэрвеня,

 

– Вось і добра! – сказаў я. – А ты як?

 

– А я... – адказаў ён з усмешкай, адначасова радаснай і журботнай, – у мяне ўсё змянілася... Я страчваю розум... жанчына... Ары, я альбо вельмі шчаслівы, альбо вельмі няшчасны; якое можа быць шчасце, калі яно набытае коштам дрэннага ўчынку? Я абдурыў, я давёў да адчаю добрага сябра – я спакусіўся на чужое, там, у Канстанцінопалі...

 

Мсьё Сафрак перапыніў мяне:

 

– Сын мой, не кажыце мне пра чужыя грахі і не называйце імёнаў!

 

Я абяцаў больш гэтага не рабіць і працягнуў свой аповед.

 

– Не паспеў Поль скончыць, як у пакой увайшла жанчына. Відаць – яна. На ёй быў доўгі блакітны пеньюар і трымала яна сябе як гаспадыня. Паспрабую адной фразай перадаць вам тыя неверагодна моцныя пачуцці, якія выклікала яе з’яўленне. Мне здалося, што яна з іншай рэальнасці. Я адчуваю, да якой ступені гэтае азначэнне недакладнае і як дрэнна перадае яно маю думку, але, можа быць, яно стане больш зразумелым, калі я паспрабую апісаць гэтую жанчыну. Сапраўды, у выразе яе залацістых вачэй, нечакана бліскучых, у выгіне яе загадкава ўсмешлівых вуснаў, у скуры адначасова асмуглай і светлай, у гульні рэзкіх, але тым не менш гарманічных ліній яе цела, у паветранай лёгкасці хады, у аголеных руках, за якімі, здавалася, былі нябачныя крылы, нарэшце, ва ўсім яе абліччы, жарсным і няўлоўным, я адчуў нешта чужое чалавечай прыродзе. Яна была адначасова і менш, і больш дасканалая, чым звычайныя жанчыны, створаныя Богам у яго грознай літасці для таго, каб яны былі нашымі спадарожніцамі на гэтай зямлі, у выгнанні. З той хвіліны, як я ўбачыў яе, маю душу ахапіла і перапоўніла адно пачуццё: мне стала бясконца брыдка ўсё, што не было гэтай жанчынай.

 

Калі яна ўвайшла, Поль злёгку нахмурыў бровы, але адразу ж спахапіўся і паспрабаваў усміхнуцца.

 

– Лэйла, пазнаёмся з маім найлепшым сябрам.

 

Лэйла адказала:

 

– Я ведаю спадара Ары.

 

Гэтыя словы мусілі здацца дзіўнымі, бо я мог з упэўненасцю сказаць, што мы ніколі не сустракаліся, але тое, як яна іх вымавіла, было яшчэ больш дзіўным. Калі б крышталь мог думаць, ён сказаў бы менавіта так.

 

– Мой сябар Ары, – дадаў Поль, – жэніцца праз паўтара месяца.

 

Лэйла зірнула на мяне, і я ясна прачытаў у яе залацістых вачах: “Не”.

 

Я сышоў вельмі збянтэжаны, і мой сябра не спрабаваў мяне затрымаць. Увесь дзень я бязмэтна блукаў па вуліцах з адчаем у спустошаным сэрцы. І вось увечары выпадкова апынуўся на бульвары перад крамай кветак. Я ўспомніў пра сваю нявесту і вырашыў купіць ёй галінку белага бэзу.

 

Не паспеў я ўзяць галінку, як чыясьці рука вырвала яе ў мяне. Я ўбачыў Лэйлу. Яна засмяялася і выйшла з крамы. Яна была ў кароткай шэрай сукенцы, такім жа шэрым жакеце і круглым капялюшыку. Гарнітур, звычайны для парыжанкі, прызнацца, зусім не пасаваў казачнай прыгажосці Лэйлы і здаваўся маскарадным уборам. І што ж? Убачыўшы яе менавіта такой, я адчуў, што кахаю яе неадольным каханнем. Я хацеў дагнаць яе, але яна знікла сярод мінакоў і павозак.

 

З гэтай хвіліны я больш не жыў. Некалькі разоў я захадзіў да Поля, але Лэйлы не бачыў. Поль прымаў мяне ветліва, аднак не згадваў пра яе. Гаварыць нам не было пр што, і я сыходзіў засмучаны. І вось аднойчы лёкай Палі сказаў мне: “Мсьё д'Эрві няма дома. Можа быць, вам заўгодна бачыць мадам?” Я адказаў: “Так”. Ойча! Адно слова, адно кароткае слова, і няма такіх крывавых слёз, якія маглі б яго вярнуць! Я ўвайшоў. Яна была ў гасцінай. Яна напаўляжала на канапе, падціснуўшы пад сябе ногі, у жоўтай, як золата, сукенцы. Я ўбачыў яе... не, я нічога не бачыў. У мяне раптам перасохла ў горле, я не мог гаварыць. Водар міры і духмянасцяў напаіў мяне пяшчотай і жаданнем, нібы я змог адчуць усе пахі таямнічага Усходу. О, яна сапраўды была жанчынай з іншага свету; у яе прыродзе не было нічога ад чалавечай. Яе твар не выяўляў ніякіх пачуццяў: ні добрых, ні дрэнных, толькі пяшчоту, адначасова пачуццёвую і незямную. Яна, вядома, заўважыла маю збянтэжанасць і спытала голасам, больш празрыстым і чыстым, чым цурчанне раўчукоў ў лесе:

 

– Што з вамі?

 

Я кінуўся да яе ног і закрычаў праз слёзы:

 

– Я кахаю вас, шалёна!

 

Тады яна адкрыла мне абдымкі і асвяціла юрлівым і чыстым поглядам.

 

– Чаму вы не сказалі пра гэта раней, мой дарагі?..

 

Гэта немагчыма перадаць словамі... Я моцна сціскаў Лэйлу, што ляжала ў маіх абдымках. Мне здавалася, што мы абодва імкнем у неба і запаўняем яго сабою. Я адчуваў, што прыпадобніўся да Бога, што ў душы маёй – уся прыгажосць сусвету, уся гармонія прыроды: зоркі, кветкі, лясы з іх песнямі, і раўчукі, і глыбіні марскія. У свой пацалунак я ўклаў вечнасць.

 

Пры гэтых словах мсьё Сафрак, які слухаў мяне ўжо некаторы час з прыкметным раздражненнем, устаў, павярнуўся спінай да каміна, прыпадняўшы да каленаў сутану, каб пагрэць ногі, і сказаў са строгасцю, амаль з пагардай:

 

– Блюзнер! Замест таго каб зненавідзець свой грэх, вы прызнаяцеся ў ім толькі з ганарыстасці і самаўцехі! Я больш не слухаю вас!

 

Ад гэтых словаў на вочы ў мяне навярнуліся слёзы, і я пачаў прасіць у яго прабачэння. Убачыўшы, што я насамрэч каюся, ён дазволіў мне працягваць прызнанні, але з ўмовай не шкадаваць самога сябе.

 

Я працягваў аповед, вырашыўшы, як будзе відаць далей, па магчымасці скараціць яго.

 

– Ойча, я пакінуў Лэйлу са згрызотамі сумлення. Але на наступны ж дзень яна прыйшла да мяне, і пачалося жыццё, поўнае асалоды і невыноснай мукі. Я раўнаваў яе да Поля, якога падмануў, і жорстка пакутаваў. Не думаю, што ёсць на свеце пакута, больш зневажальная за рэўнасць, якая напаўняе душу нашу агіднымі карцінамі. Лэйла нават не лічыла патрэбным хлусіць, каб палегчыць гэтае катаванне. Паводзіны яе наогул было цяжка растлумачыць... Я не забываю, што гавару з вамі, і не дазволю сабе абразіць слыху такога шаноўнага пастыра. Скажу толькі, што Лэйла здавалася абыякавай да радасцяў кахання, якія шчодра мне дарыла. Яна атруціла ўсё маё існаванне спакусай. Я не мог жыць без яе і баяўся яе страціць. Лэйла не мела ніякага ўяўлення пра тое, што мы называем мараллю. Гэта не значыць, што яна была жорсткай; наадварот – далікатнай і рахманай. Яна была разумная, але розум яе адрозніваўся ад нашага. Яна была маўклівая, адмаўлялася адказваць на пытанні пра сваё мінулае. Не ведала таго, што ведаем мы, затое ведала тое, што нам невядома. Дачка Усходу, яна памятала мноства індыйскіх і персідскіх легендаў, якія з бясконцым зачараваннем перадавала сваім манатонным голасам. Слухаючы яе аповед пра дзівоснае світанне сусвету, можна было падумаць, што яна яго сучасніца. Я неяк сказаў ёй пра гэта, а яна, усміхаючыся, адказала:

 

– Я старая, гэта праўда!

 

Мсьё Сафрак, усё гэтак жа не адыходзячы ад каміна, цяпер паволі нахіліўся наперад, усёй сваёй паставай выяўляючы самую жывую ўвагу.

 

– Працягвайце, – сказаў ён.

 

– Некалькі разоў, ойча, я пытаў Лэйлу пра яе веру. Яна адказвала, што рэлігіі ў яе няма і што яна ёй не патрэбная; што яе маці і сёстры – дочкі бога, але не звязаныя з ім ніякай рэлігіяй. Яна насіла на шыі ладанку з дробкай гліны, якую, паводле яе словаў, захоўвала з глыбокай пашаны і любові да маці.

 

Ледзь я вымавіў апошнія словы, як мсьё Сафрак, бледны і дрыготкі, ускочыў з месца і, сціснуўшы мне руку, гучна крыкнуў:

 

– Яна казала праўду! Я ведаю, цяпер я ведаю, хто яна! Ары, вы мелі рацыю – гэта была не жанчына. Працягвайце, працягвайце, прашу вас!

 

– Ойча, я амаль скончыў. Праз каханне да Лэйлы я парваў з нявестай, здрадзіў найлепшаму сябру. Я абразіў Бога. Калі Поль даведаўся, што Лэйла была няверная яму, ён ашалеў ад гора. Ён пагражаў забіць яе, але яна рахмана сказала:

 

– Паспрабуйце, мой дарагі. Я хацела б памерці, але не магу.

 

Паўгоду яна належала мне; потым, адной раніцай, Лэйла заявіла, што вяртаецца ў Персію, і я больш не ўбачу яе. Я плакаў, енчыў, крычаў:

 

– Ты ніколі мяне не кахала!

 

Яна ласкава адказала:

 

– Не кахала, мой дарагі. Але колькі жанчын, якія гэтаксама вас “кахалі”, не далі вам таго, што дала я. Вы павінны мне дзякаваць. Бывайце!

 

Два дні я то шалеў, то слупянеў. Потым, успомніўшы аб выратаванні душы, паехаў да вас, ойча! Вось я перад вамі. Ачысціце, выратуйце, настаўце мяне! Я ўсё яшчэ яе кахаю.

 

Я змоўк. Мсьё Сафрак задумаўся, падпершы галаву рукой. Ён першы парушыў маўчанне:

 

– Сын мой, ваш аповед пацвярджае мае вялікія адкрыцці. Вось што можа парушыць упэўненасць нашых сучасных скептыкаў. Выслухайце мяне! Мы жывем у эпоху цудаў, як першынцы роду чалавечага. Слухайце ж, слухайце! У Адама, як я вам ужо казаў, была першая жонка, пра якую нічога не сказана ў Бібліі, але гаворыцца ў Талмудзе. Яе звалі Ліліт. Яна была створаная не з рабра Адама, але з гліны, з якой быў вылеплены ён сам, і не была целам ад цела яго. Ліліт добраахвотна пакінула яго. Ён не ведаў яшчэ граху, калі яна сышла і выправілася ў тыя землі, дзе праз шмат гадоў пасяліліся персы, а ў тую пару жылі адаміты, разумнейшыя і прыгажэйшыя за людзей. Значыць, Ліліт не была прычынай грэхападзення нашага прабацькі, не была заплямленая першародным грахом і таму пазбегла праклёну, накладзенага на Еву і яе нашчадкаў. Яе не палохаюць пакуты і смерць, у яе няма душы, пра выратаванне якой трэба клапаціцца, ёй невядомыя ні дабро, ні зло. Што б яна ні зрабіла, гэта не будзе ні добра, ні дрэнна. Дочкі яе, народжаныя ад таямнічага зачацця, несмяротныя, як і яна, і, як яна, вольныя ў сваіх учынках і думках, бо не могуць ні дагадзіць Богу, ні ўгнявіць яго. Такім чынам, сын мой, я пазнаю па некаторых дакладных прыкметах, што істота, якая падштурхнула вас да падзення, – Лэйла, дачка Ліліт. Маліцеся, заўтра я прыму вашую споведзь.

 

Ён на хвіліну задумаўся, потым дастаў з кішэні аркуш і сказаў:

 

– Учора, пасля таго як я пажадаў вам добрае ночы, паштар уручыў мне ліст з сумнай навіною. Мсьё першы вікарый піша, што мая кніга засмуціла арцыбіскупа і азмрочыла яму радасць свята кармелітаў. Гэты твор, як яны кажуць, поўны дзёрзкіх здагадак і поглядаў, ужо асуджаных бацькамі царквы. Яго правялебнасць не можа ўхваліць гэткіх шкодных мудрагельстваў. Вось што мне пішуць. Але я раскажу яго правялебнасці пра вашую прыгоду. Можа, тады ён зразумее, што Ліліт існуе і што гэта не мая фантазія.

 

Я затрымаў мсьё Сафрака яшчэ на хвіліну.

 

– Лэйла, сыходзячы, пакінула мне кавалак кіпарысавай кары, на якой напісаныя незразумелыя мне словы. Вось гэты своеасаблівы амулет.

 

Мсьё Сафрак узяў лёгкую стружку, якую я яму падаў, уважліва яе разгледзеў, а затым сказаў:

 

– Гэта напісана на персідскай мове эпохі росквіту, і пераклад цяжкасцяў не выклікае:

 

 

МАЛІТВА ЛЭЙЛЫ, ДАЧКІ ЛІЛІТ:

Божа, спашлі мне смерць, каб я ацаніла жыццё. Божа, дазволь мне шкадаваць пра памылкі, каб я спазнала асалоду. Божа, зрабі мяне такой жа, як дочкі Евы!

 

пераклад з французскай – Вераніка Мазуркевіч

 

© Вераніка Мазуркевіч, пераклад, 2010

 

ВЕНГРИЯ - АВСТРИЯ - ГЕРМАНИЯ - ФРАНЦИЯ

 

«France - mon amour…»

 

Львов – Токай – Будапешт (2 ночи) – Дьёр (1 ночь) – Вена – Париж (2 ночи) – Лувр –!!!Диснейленд!!! – Мулен Руж – Нюрнберг (1 ночь) – Будапешт (1 ночь) – Львов

 

23.08, 27.09, 25.10, 29.11, 20.12, 26.12*, 04.01*…

 







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 399. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Демографияда "Демографиялық жарылыс" дегеніміз не? Демография (грекше демос — халық) — халықтың құрылымын...

Субъективные признаки контрабанды огнестрельного оружия или его основных частей   Переходя к рассмотрению субъективной стороны контрабанды, остановимся на теоретическом понятии субъективной стороны состава преступления...

ЛЕЧЕБНО-ПРОФИЛАКТИЧЕСКОЙ ПОМОЩИ НАСЕЛЕНИЮ В УСЛОВИЯХ ОМС 001. Основными путями развития поликлинической помощи взрослому населению в новых экономических условиях являются все...

БИОХИМИЯ ТКАНЕЙ ЗУБА В составе зуба выделяют минерализованные и неминерализованные ткани...

Типология суицида. Феномен суицида (самоубийство или попытка самоубийства) чаще всего связывается с представлением о психологическом кризисе личности...

ОСНОВНЫЕ ТИПЫ МОЗГА ПОЗВОНОЧНЫХ Ихтиопсидный тип мозга характерен для низших позвоночных - рыб и амфибий...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.011 сек.) русская версия | украинская версия