Студопедия — Праблематыка мастацкага твора
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Праблематыка мастацкага твора






Пад праблематыкай мастацкага твора ў літаратуразнаўстве прынята разумець сферу асэнсавання, разумення пісьменнікам узноўленай рэальнасці. Гэта сфера, у якой праяўляецца аўтарская канцэпцыя свету і чалавека, у якім занатоўваюцца роздумы і перажыванні пісьменніка, у якім тэма разглядаецца пад пэўным вуглом бачання. На ўзроўні праблематыкі чытачу быццам бы прапануецца дыялог, абмяркоўваецца тая ці іншая сістэма каштоўнасцей, ставяцца пытанні, прыводзяцца мастацкія аргументы “за” і “супраць” таго ці іншага жыццёвага светабачання. На думку А. Есіна, праблематыку можна назваць цэнтральнай часткай мастацкага зместу, таму што ў ёй, як правіла, заключана тое, дзеля чаго ствараецца мастацкі тэкст – непаўторны аўтарскі погляд на свет. Зразумела, што праблематыка патрабуе актыўнасці і ад чытача: калі тэму ён прымае як зададзенасць, то ў дачыненні да праблематыкі ў яго павінны ўзнікаць ўласныя меркаванні, згода або нязгода, развагі і перажыванні, накіроўваемыя роздумамі і перажываннямі аўтара, але не цалкам ім тоесныя.

У адрозненне ад тэматыкі праблематыка з’яўляецца суб’ектыўным бокам мастацкага зместу, таму што ў ёй максімальна праяўляецца аўтарская індывідуальнасць, самабытны аўтарскі погляд на свет ці, як казаў Л. Талстой, “самабытныя маральныя адносіны да прадмета”. Колькасць тэм, якія дае аўтару аб’ектыўная рэчаіснасць, абмежаваная, таму нярэдка творы розных пісьменнікаў напісаны на адну і тую ж тэму. Аднак нельга знайсці двух буйных пісьменнікаў, у якіх бы поўнасцю супадала праблематыка. Своеасаблівасць праблематыкі – свайго роду візітная картка аўтара.

Так, практычна не было паэта, які б у сваёй творчасці абыйшоў тэму паэзіі, але як па-рознаму гучыць у розных паэтаў праблематыка, звязаная з гэтай тэмай! А. Пушкін разглядаў паэзію як “слугаванне музам”, паэта – як боганатхнёнага прарока, падкрэсліваў веліч паэта і яго ролю ў справе нацыянальнай культуры. М. Лермантаў акцэнтаваў гордую адзіноту паэта ў натоўпе, яго незразумеласць і трагічны лёс. М. Някрасаў уздымаў пытанне аб грамадзянскасці паэтычнай творчасці і грамадскай карыснасці паэта ў “гадзіну гора”, рэзка выступаючы супраць тэорыі “чыстага мастацтва”. Для А. Блока паэзія была перш за ўсё вытлумачальніцай і выразніцай містычных таямніц быцця. У. Маякоўскі ўпершыню стаў разглядаць паэзію як свайго рода “вытворчасць”, узнімаючы пытанне “аб месцы паэта ў рабочым страі”. Як бачым, пры адзінстве тэмы праблематыка ў кожнага з паэтаў аказваецца індывідуальнай і суб’ектыўнай.

З ўсяго сказанага бачна тое значэнне, якое займае праблематыка ў складзе мастацкага зместу. Цэнтральная праблема твора часта аказваецца яго арганізуючым пачаткам, які пранізвае ўсе элементы мастацкай цэласнасці. У многіх выпадках творы шматпраблемныя, і такія праблемы далёка не заўсёды вырашаюцца ў межах твора. А. Чэхаў справядліва пісаў, аддаючы прыярытэт праблематыцы нават перад ідэяй: “Вы змешваеце дзве розныя з’явы: рашэнне пытання і правільную пастаноўку пытання. У “Яўгеніі Анегіне” ці ў “Ганне Карэнінай” не вырашана ні адно пытанне, але яны вас поўнасцю задавальняюць, таму што ўсе пытанні ўзняты ў іх правільна”. Праблематыка твора дае чытачу магчымасць для роздуму і перажывання, а гэта, лічаць даследчыкі, галоўнае, дзеля чаго мы звяртаемся да мастацкай літаратуры.

Такім чынам, зразумела, што аналізам праблематыкі ні ў якім разе нельга грэбаваць. Калі ад тэмы адразу “пераскочыць” да ідэі, атрымаецца, што аўтар “прыйшоў, убачыў, узнавіў і закляйміў (ці ўзвысіў)”. З уяўлення аб творчым працэсе выпадае галоўны яго бок: тое, аб чым пісьменнік разважаў і што адчуваў, перш чым “закляйміць” або “ўзвысіць”. А з уяўленняў аб мастацкім цэлым “вымываецца” самае цікавае: пытанні, на якія часам няма адказу ці гэтыя пытанні дыскусійныя; роздумы, перажыванні, усё тое, што абуджае думку і пачуцці чытача. У выніку ўзнікае спрошчанае да скажэння ўяўленне аб мастацкім змесце як аб матэматычна зразумелай і простай схеме, у якой няма чаго шукаць, да якой няма неабходнасці пракладваць свой уласны вопыт, намаганні разумення і г. д. Такі падыход да аналізу не дае магчымасці раскрыць сапраўднае багацце – эмацыянальнае і інтэлектуальнае – класічных твораў літаратуры.

У сувязі з гэтым даследчыкі прапануюць пачынаць аналіз зместу не з тэматыкі і “вобразаў”, а менавіта з цэнтральнай праблемы, таму што такі падыход адразу звяртае ўвагу на самае важнае ў творы, абуджае і падтрымлівае цікавасць у чытачоў, дазваляе спалучыць прынцып праблемнасці навучання з прынцыпам навуковасці.

Для практычнага аналізу праблематыкі заўсёды важна выявіць індывідуальную своеасаблівасць дадзенага твора, дадзенага аўтара; параўнаць (хаця б у падрыхтоўцы да аналізу) вывучаемы твор з іншымі і зразумець, што ж у ім унікальнага, непаўторнага. Іншымі словамі, важна знайсці “ізюмінку” дадзенага твора, а яна, калі казаць пра мастацкі змест, часта знаходзіцца ў вобласці праблематыкі. У якасці першага кроку ў гэтым напрамку можна парэкамендаваць устанавіць тып праблематыкі ў творы.

Пытанні тыпалогіі мастацкай праблематыкі сталі распрацоўвацца ў літаратуразнаўстве даволі даўно. Размежаванне некаторых тыпаў праблематыкі і іх апісанне можна знайсці ў працах Гегеля, Шылера, Бялінскага і іншых эстэтыкаў і літаратуразнаўцаў XVIII–ХІХ стст. Аднак сістэмная навуковая апрацоўка гэтай праблемы была праведзена толькі ў ХХ ст. Адной з першых плённых спроб размежаваць тыпы мастацкай праблематыкі была спроба М. Бахціна, які вылучыў раманную і нераманную канцэпцыі рэчаіснасці. У тыпалогіі М. Бахціна яны адрозніваліся па тым, як падыходзіў аўтар да разумення і ўзнаўлення чалавека. Больш падрабязную класіфікацыю прапанаваў Г. Паспелаў, які вылучыў чатыры тыпы праблематыкі: міфалагічную, нацыянальна-гістарычную, эталагічную і раманную (у тэрміналогіі аўтара – раманічную). Далейшае развіццё літаратуразнаўчай думкі ў гэтым рэчышчы паказала, што гэтая тыпалогія не пазбаўлена ад істотных недахопаў (недакладнасць тэрміналогіі, залішняя сацыялагізацыя, адвольнасць звязвання тыпаў праблематыкі з літаратурнымі жанрамі). Аднак менавіта на яе абапіраліся далейшыя дследаванні ў гэтай галіне.

Міфалагічная праблематыка – гэта “фантастыка-генетычнае асэнсаванне тых ці іншых з’яў прыроды ці культуры” (Г. Паспелаў); “тлумачэнне, якое дае аўтар узнікненню тых ці іншых з’яў” (А. Есін). Так, напрыклад, Авідзій у сваіх “Метамарфозах”, абапіраючыся на легенду, у якой тлумачыцца, адкуль і якім чынам з’явілася на зямлі кветка нарцыс, дае тлумачэнне: у яе пераўтварыўся юнак, які вельмі любіў глядзець на сваё адлюстраванне ў вадзе крыніцы.

Міфалагічная праблематыка была вельмі развіта на ранніх стадыях развіцця літаратуры, а таксама ў фальклорнай творчасці. А. Есін лічыць, што Г. Паспелаў памыляўся, калі адмаўляў больш позняй літаратуры, у тым ліку сучаснай, у здольнасці ствараць па-мастацку значныя міфы. Зразумела, што сучасныя аўтары проста выкарыстоўваюць міфалагічныя мадэлі для ўвасаблення зусім іншай (часцей за ўсё філасофскай) праблематыкі (напрыклад, п’есы Ж. Ануя, раман М. Булгакава “Майстар і Маргарыта”), але ўласна міфалагічная творчасць характэрная і для літаратуры ХХ і ХХІ стст. Перш за ўсё яна праявілася ў такіх важных для сучаснага мастацкага мыслення плынях, як навукова-фантастычная літаратура і асабліва літаратура “фэнтэзі”. Як прыклад навукова-фантастычнай міфатворчасці можна прывесці раманы А. Клара “Касмічная адысея 2001” і К. Саймака “Запаведнік гоблінаў”. У першым з іх даецца фантастычнае тлумачэнне ўзнікненню разумнага жыцця на Зямлі (зарадзіцца ёй дапамаглі высокаразвітыя касмічныя прышэльцы). У другім творы фантастычна асэнсоўваюцца павер’і пра гоблінаў, троляў, фей і г. д. (аказваецца, “нячыстая сіла” – гэта найбольш старажытныя насельнікі Зямлі, якія існавалі яшчэ за мільярды гадоў назад і цяпер паступова выміраюць). Прыкладам міфалагічнай праблематыкі ў літаратуры “фэнтэзі” з поспехам служыць трылогія Дж. Толкіена “Уладар пярсцёнкаў”, якая стала бестселерам сучаснай літаратуры.

Наступны тып, вылучаны Г. Папелавым, – праблематыка нацыянальна-гістарычная. Аўтары твораў, у якіх распрацоўваецца дадзены тып праблематыкі, “цікавіліся ў асноўным гістарычным станаўленнем і лёсам асобных народнасцей”, “нацыянальным лёсам”.

Праўда, разуменне Г. Паспелавым дадзенай праблематыкі некалькі вузкае: да яе вучоны адносіць толькі тыя творы, якія прысвечаны ці выкліканы да жыцця пераломнымі момантамі ў гісторыі народа, нацыі. “Аднак калі ўлічыць, што важнейшай праблемай дадзенага тыпу з’яўляецца праблема сутнасці нацыянальнага характару – больш глыбінная, чым праблема знешняга гістарычнага быцця нацыі, народа, – слушна лічыць А. Есін, – то і кола твораў, якія ўваходзяць ў дадзены тып праблематыкі, прыйдзецца істотна пашырыць”. Разам з эпічнымі паэмамі, якія адлюстроўваюць складванне пэўных народнасцей (“Іліяда” Гамера, “Слова пра паход Ігаравы”, “Віцязь у тыгравай шкуры” Ш. Руставелі і інш.), з творамі ў новай літаратуры, выкліканымі да жыцця момантамі міждзяржаўных і ўнутрыдзяржаўных канфліктаў (“Куды ідзеш?” Г. Сянкевіча, “Хаджэнне па пакутах” А. Талстога, “Трывожнае шчасце” І. Шамякіна і інш.), існуюць і творы, у якіх праблемы нацыянальнага характару, нацыянальнай самабытнаці (нацыянальнага менталітэту, як кажуць цяпер) ставяццца і вырашаюцца на зусім “мірным”, нават бытавым матэрыяле. Да такіх твораў можна аднесці верш Ф. Цютчава “Розумам Расію не зразумець…”, апавяданні М. Ляскова “Ляўша” і “Жалезная воля”, “Кірмаш фанабэрыстасці” У. Тэкерэя, “Новую зямлю” Якуба Коласа і інш. Такім чынам, правамерна некалькі змяніць тэрмін, прапанаваны Г. Паспелавым і гаварыць пра нацыянальную праблематыку, а не пра нацыянальна-гістарычную.

Наступным тыпам праблематыкі, вылучэнне якога мае прынцыповае для ўсёй сістэмы значэнне, з’яўляецца ў тыпалогіі Г. Паспелава маральнаапісальная, ці эталагічная праблематыка. “Эталагічная літаратура заключае ў сабе асэнсаванне грамадзянска-маральнага ладу грамадства і асобных яго слаёў” (Г. Паспелаў). Само вылучэнне такога тэрміна абгрунтавана і патрэбна для аналізу твора. Аднак ў канкрэтнай трактоўцы гэтай праблематыкі, як паказаў А. Есін, праяўляецца “залішняя сацыялагізацыя. Акрамя таго, уведзеныя вучоным тэрміны “эталогія” і “маральнаапісальнасць” у літаратуразнаўчым выкарыстанні не прыжыліся. З другога боку, для характарыстыкі менавіта гэтага тыпу праблемтыкі дастакова шырока выкарыстоўваецца выраз “сацыякультурная праблематыка”, які стаў літаратуразнаўчым тэрмінам.

Спецыфічны аспект рэчаіснасці, якія асэнсоўваецца ў сістэме сацыякультурнай праблематыкі, – устойлівыя грамадскія адносіны, умовы і лад жыцця той ці іншай часткі грамадства, а таксама звычкі, арганізацыя быту, меркаванні, якія склаліся ў асяроддзі масавай свядомасці. Асноўная прыкмета сацыякультурнай праблематыкі – акцэнт на ўстойлівых рысах быцця чалавека і свядомасці людзей. Тут важная статыка жыцця. Другая істотная рыса дадзенага тыпу праблематыкі – асэнсаванне ўласцівасцей і якасцей, характэрных для вялікай групы людзей, асяроддзя, а не для асобы.

Сацыякультурны тып праблематыкі аб’ядноўвае творы шырокага кола пісьменнікаў. Аднак канкрэтная накіраванасць праблематыкі ў іх можа быць рознай. Пісьменнікі могуць акцэнтаваць у творы палітычны момант (“Подых навальніцы”, “Завеі, снежань” І. Мележа, “Гісторыя аднаго горада” М. Салтыкова-Шчадрына), маральны стан грамадства (сярэдневечны “Раман пра ружу”, цыкл нарысаў “Пампадуры і пампадуршы” М. Салтыкова-Шчадрына, “Хто смяецца апошнім?”, байкі Кандрата Крапівы), рысы паўсядзённага быту і культуры (“Людзі на балоце” І. Мележа, “Мёртвыя душы” М. Гогаля, раманы Э. Заля);

Чацвёрты тып праблематыкі Г. Паспелаў называе “раманічны”, аднак у літаратуразнаўстве найбольш папулярны тэрмін “ раманны ”. Тым не менш сутнасць паняцця адна – “гэта ідэйныя інтарэсы пісьменнікаў да “асобаснага” пачатку і ў сабе саміх, і ў акаляючым іх грамадстве”. Усе даследчыкі сыходзяца на думцы, што важнейшая праблема раманнага мыслення – праблема асобы. Другая істотная рыса гэтага тыпу праблематыкі – акцэнт не на статыцы, як у сацыякультурным тыпе, а на дынаміцы, на шматлікіх змяненнях, якія могуць адбывацца або ў знешнім стане персанажа, або ва ўнутраным свеце.

Два названыя аспекты – цікавасць да асобаснага пачатку і акцэнт на дынаміцы – з’яўляюца найбольш агульнымі, інтэгрыруючымі прыкметамі раманнай праблематыкі. Аднак шырыня гэтых прыкмет такая, што дазваляе аб’ядноўваць у адно даволі непадобныя творы, напрыклад, “Эфіопіку” Геліядора і “Злачынства і пакаранне” Ф. Дастаеўскага, “Трышчана і Ізольду” і “Вазьму твой боль” І. Шамякіна і інш. Такім чынам, атрымліваецца, што тып раманнай праблематыкі аказваецца вельмі шырокім, у параўнанні з усімі астатнімі, што ў практычным ключы стварае дадатковыя нязручнасці. Таму ў сферы раманнай праблематыкі навукоўцы палічылі мэтазгодным вылучаць самастойныя падтыпы. Падмуркам для такога падзелу будзе слугаваць адрозненне ў спецыфіцы асэнсавання ўзноўленай рэчаіснасці, асаблівы праблемны падыход да яе.

У гісторыі літаратуры мы сутыкаемся з двума падтыпамі раманнага зместу. Гістарычна першым падтыпам можна лічыць праблематыку, у якой пісьменнікі робяць акцэнт на дынаміцы знешніх зменаў ў лёсе персанажа. Ідэйная цікавасць пісьменнікаў засяроджвалася на тым, якія калізіі здараюцца з чалавекам, як станоўчыя або адмоўныя выпадковасці ўплываюць на яго стан і як сам чалавек “трымаецца” ў гэтым патоку падзей. Творы з такой праблематыкай часта называюць авантурнымі раманамі. Адпаведна, і падтып раманнай праблематыкі атрымаў назву “ авантурны ”.

Вытокі падобнага падтыпу раманаў відавочныя ў фальклоры і на самых ранніх этапах развіцця літаратуры. Так, “Адысея” Гамера, якая ўяўляе сабой літаратурную апрацоўку фальклорных крыніц, можа быць аднесена па сваёй праблематыцы да авантурнага падтыпу. У міфалогіі розных народаў таксама сустракаюцца сюжэты, якія ўвасабляюць у сабе гэты падтып. Найбольш вядомы прыклад – біблейская легенда пра Іосіфа, якога прадалі ў прыгнёт яго ж браты; міф пра Эдыпа і яго пазнейшыя інтэрпрэтацыі ў старажытнагрэчаскай трагедыі; сюжэты “Тысяча і адной ночы” (у прыватнасці, знакамітыя вандраванні Сіндбада); шматлікія беларускія і рускія чарадзейныя казкі, у якіх герой без роду і племені адпраўляецца шукаць шчасце, трапляе ў розныя сітуацыі і ў рэшце рэшт атрымлівае ўзнагароду. Ва ўсіх гэтых сюжэтах прысутнічае важнейшая прыкмета раманнай праблематыкі – цікавасць да асобаснага пачатку, таму што тут герой пазбаўлены ад фіксіраванага сацыяльнага статусу, ад прафесійных, карпаратыўных ці іншых сувязей і выступае “сам па сабе”. Да яго можна прыкласці характарыстыку, якую У. Кожынаў даў Цілю Уленшпігелю – герою рамана значна больш позняга паходжання і таму значна больш развітага: “Гэта звычайны чалавек, які абапіраецца толькі на самога сябе, на магчымасці адзінкавага чалавечага цела і духа”. А. Есін дадае, што гэты чалавек абапіраецца яшчэ “і на выпадак, на шчаслівы паварот аб’ектыўнага лёсу, які не залежыць ад чалавека. Спецыфічнай рысай раманнай праблематыкі ранніх стадый была менавіта ўвага да лёсу асобы, да яе долі, року.

Другая прыкмета раманнай праблематыкі – акцэнт на дынаміцы – таксама прыутнічае ў пералічаных творах. Праўда, гэта дынаміка, якая асэнсавана пакуль што неглыбока, закранае толькі найбольш бачны пласт – змены ў знешнім стане героя. Сам жа чалавек пры гэтым застаецца на працягу ўсяго твора практычна адным і тым жа (раманы бацькі і сына Дзюма, “Авантуры майго жыцця” Пільштыновай-Русецкай, “Чорны замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Караткевіча). Аднак гэта ўжо – як спецыфіка авантурнага падтыпу праблематыкі, так і спецыфіка мастацкага мыслення эпохі, якая гэты падтып спарадзіла.

Другі падтып раманнай праблематыкі пакладае ў цэнтр увагі глыбінную аснову чалавечай асобы – ідэйна-маральную сутнасць характару, што дало падставы даследчыкам адпаведна назваць яго “ ідэйна-маральным ”. Тут цікавасць пісьменніка сканцэнтравана на жыццёвай пазіцыі чалавека і на працэсах зменаў гэтай пазіцыі. У цэнтры твора – філасофскі і этычны пошук, спробы адказаць на пытанні аб сэнсе жыцця, аб добрым і злым пачатках, праўдзе і справядлівасці. Працэс маральнага і ідэйнага самавызначэння асобы, чалавек у пошуках ісціны – важнейшае ў ідэйна-маральным падтыпе раманнай праблематыкі. Пры гэтым важна, што пошук адбываецца менавіта асобаснай ісціны – г. зн. такой, якая заснавана не на аўтарытэце, а на ўласным, глыбока адчутым і эмацыянальна перажытым вопыце. У працэсе ідэйна-маральнага пошуку чалавек нічога не прымае на веру, любая “праўда” правяраецца ім самастойна – толькі выпакутаваная ісціна мае для герояў каштоўнасць. Менавіта таму ідэйна-маральныя пошукі герояў маюць невыпадковы, напружаны характар, часта звязаны з душэўнымі драмамі, пакутамі, трагізмам. Выпрацоўваючы ўласную жыццёвую пазіцыю, чалавек тым самым вырашае і пытанне аб асабістай маральнай адказнасці.

Ідэйна-маральны пошук, станаўленне асобы адбываюцца ў пастаянным сутыкненні яе “праўды”, жыццёвай філасофіі, па-першае, з фактамі рэчаіснасці, а па-другое – з іншымі “праўдамі”. Чалавек асэнсоўвае супрацьлегласці рэчаіснасці, пастаянна правяраючы, наколькі правільныя і маральна апраўданыя адносіны да яе, наколькі слушная яго канцэпцыя свету і чалавека. Часам маральны пошук герояў становіцца настолькі вострым, а ўнутраныя супрацьлегласці – настолькі напружанымі, што чалавек здзяйсне той ці іншы ўчынак не дзеля яго практычнага сэнсу, а з адзінай мэтай – праверыць свае тэорыі практыкай, правесці свайго роду эксперымент, які даў бы адказ на нявырашальныя пытанні.

Ідэйна-маральная пазіцыя чалавека фарміруецца ў актыўным узаемадзеянні з рознымі пунктамі гледжання на свет, з іншымі “праўдамі”. Прытрымліваючыся або адмаўляючы тую ці іншую сістэму жыцёвых каштоўнасцей, асоба ўсё больш дакладна вызначае “сваё”, уласную каштоўнасную арыентацыю ў рэчаіснасці. Адбываецца пастаянная праверка і ўзаемадзеянне розных філасофскіх і маральных прынцыпаў і падыходаў да жыцця, прычым асаблівасцю ідэйна-маральнай праблематыкі з’яўляецца тое, што чужыя пункты гледжання на свет герой прапускае праз сябе, сваю свядомасць Супастаўленне розных “праўд” – гэта не знешняе сутыкненне розных па каштоўнасці арыентацый герояў, але перш за ўсё ўнутраная праца душы і думкі, часта спрэчка з самім сабой. У выніку і тая “праўда”, да якой прыходзіць герой, – гэта не абстрактная безасабовая філасофія, а жывое, эмацыянальна насычанае, вельмі асобаснае і канкрэтнае разуменне свету героем.

Ідэйна-маральная праблематыка ўзнікла, верагодна, у позняй антычнасці, аднак у сувязі з падзеннем антычнай культуры не атрымала далейшага развіцця. У заходнееўрапейскай літаратуры яна дакладна праяўляецца ў эпоху Адраджэння (найбольш яскрава – у трагедыях Шэкспіра і ў рамане Сервантэса “Дон Кіхот”), актыўна развіваецца ў XVIII ст., а пачынаючы з ХІХ ст. становіцца вядучым падтыпам ва ўсёй раманістыцы, дасягаючы росквіту ў творах Лермантава, Тургенева, Дастаеўскага, Талстога, Чэхава, Стэндаля, Бальзака, Флабера, Мапасана, Дзікенса, Максіма Горкага, Шолахава, Булгакава, Фолкнера, Камю, Пруста, Хемінгуэя, Кузьмы Чорнага, Быкава, Караткевіча і шматлікіх іншых пісьменнікаў.

Раманнай праблематыкай завяршаецца тыпалогія Г. Паспелава. Аднак, на думку сучасных навукоўцаў, чатыры вылучаныя ім тыпы не могуць вычарпаць усёй праблемнай шматлікасці літаратуры. Патрабуецца ўвядзенне пятага тыпу праблематыкі – філасофскай праблематыкі. Ідэйная цікавасць пісьменнікаў ў гэтым выпадку накіравана на асэнсаванне найбольш агульных, універсальных заканамернасцей быцця прыроды і чалавека, як у анталагічным, так і ў гнасеалагічным сэнсах. Вытокі гэтага тыпу можна ўбачыць у прытчах Старога і Новага запаветаў, у “Сакратычных дыялогах” Платона, у “Дыялогах пра царства памерлых” Лукіяна. Пазней гэты тып нячаста з’яўляецца ў літаратуры, аднак у ХІХ і асабліва ў ХХ ст. заўважна актывізуецца. Тут можна назваць такія творы, як “Пір падчас чумы” Пушкіна, “Прырода – Сфінкс…” Цютчава, некаторыя “Вершы ў прозе” Тургенева і Уальда, “Сляпых” Метэрлінка, п’есы Шоў “Горка, але праўда” і “Прастак з нечаканых астравоў”, “Добры чалавек з Сезуана” Брэхта, паэтычныя кнігі “Цёмны лес” В. Іванюка, “Соль”, “Значны выпадак” В. Шымборскай, філасофскія паэмы П. Славейкава і шмат якія творы, напісаныя ў жанрах прытчы, іншасказання, “парабалы”, у тым ліку і значная частка “навуковай фантастыкі”, у прыватнасці аповесці Р. Шэклі ці братоў Стругацкіх.

Доўгі час філасофская праблематыка не вылучалая ў самастойны тып, а далучалася да ўжо існуючых. Так, Г. Паспелаў адносіў такія творы да эталагічнай групы, а М. Бахцін – да раманнай. Сапраўды, што тычыцца рамана, асабліва ў яго ідэйна-маральнай разнавіднасці, то тут пункты судакранання ёсць: той жа пошук ісціны, “праўда”, канцэпцыя жыцця. Аднак ёсць і прынцыповыя адрозненні:

1) калі ідэйна-маральную праблематыку цікавіць не столькі сама ісціна, колькі працэс пошуку ісціны, то філасофская праблематыка разглядае розныя пункту гледжання на свет практычна безадносна да іх носьбітаў;

2) калі для ідэйна-маральнай праблематыкі характэрна асобаснае перажыванне чалавекам сваёй жыццёвай пазіцыі, то філасофская праблематыка турбуецца фактычнай і лагічнай доказнасцю сваіх выніковых высноў. Такім чынам, асноўная праблема раманнага тыпу праблематыкі – праблема асобы – практычна тут не ставіцца;

3) калі ідэйна-маральная праблематыка дэманструе непасрэдную сувязь чалавека і “ідэі”, то філасофская звязвае іх толькі ў канчатковым выніку, а часам такая сувязь здзяйсняецца зусім за межамі твора – на ўзроўні ўзаемасувязі “аўтар – чытач” і “твор – чытач”;

4) калі для ідэйна-маральнай праблематыкі важны працэс фарміравання і зменаў ідэйна-маральных асноў чалавечай асобы, характару, то філасофская амаль не цікавіцца дынамікай, яна занята устанаўленнем, “канстатаваннем” існуючых устойлівых заканамернасцей.

Аналіз праблематыкі – адзін з найбольш цікавых момантаў літаратуразнаўчага аналізу. Менавіта тут адчыняюцца магчымасці жывога, эмацыянальнага ўспрыняцця мастацкіх твораў, магчымасць свабоднага дыялогу з аўтарам, магчымаць праявіць уласную пазіцыю. Аднак адначасова гэта і найбольш складаны этап аналізу зместу, які патрабуе ад чытача ўвагі, удумлівасці, глыбіні пранікнення ў аўтарскія праблемы. На праблематыку кожнага твора трэба глядзець максімальна неперадузята, імкнучыся зразумець, што ў дадзеным выпадку прымушае аўтара брацца за пяро, якімі праблемамі і пытаннямі ён хоча падзяліцца з чытачом. Менавіта ў галіне праблематыкі з аўтарам можна ўступаць у дыялог, спрачацца, згаджацца або не, але толькі пасля таго, як ёсць упэўненасць у тым, што аўтарскую праблематыку мы зразумелі правільна, не сказілі бачання аўтара ўласным бачаннем.

Пытанні для самаправеркі

1. Як вы разумееце паняцце “мастацкая праблематыка”?

2. Чаму праблематыка з’яўляецца важнейшай гранню мастацкага зместу?

3. Якое значэнне мае праблематыка для аўтара і чытача?

4. Ахарактарызуйце сітуацыю з класіфікацыяй тыпаў праблематыкі ў літаратуразнаўстве.

5. Вылучыце асноўныя рысы міфалагічнай, нацыянальнай і сацыякультурнай праблематыкі, прывядзіце прыклады.

6. У чым своеааблівасць раманнай праблематыкі? Ахарактарызуеце падобнае і рознае ў падтыпах раманнай праблематыкі – авантурным і ідэйна-маральным.

7. Чаму філасофскую праблематыку неабходна вылучаць у асобны тып? У чым яе адрозненне ад ідэйна-маральнай праблематыкі?

 

 

Ідэя

Калі тэматыка – галіна ўзнаўлення рэчаіснасці, а праблематыка – вобласць пастаноўкі пытанняў, то ідэя – вобласць мастацкіх рашэнняў, свайго роду завяршэнне мастацкага зместу. Гэта тая сфера, у якой становяцца зразумелымі аўтарскія адносіны да свету і да асобных яго праяў, аўтарская пазіцыя. Тут пэўная сістэма каштоўнасцей адмаўляецца ці сцвярджаецца аўтарам.

Мастацкая ідэя (грэч. idea – першавобраз, ідэал, ідэя) – галоўная абагульняючая думка твора або сістэма такіх думак, якая выражаецца з дапамогай усёй вобразнай сістэмы. Менавіта спосаб выражэння прынцыпова адрознівае ідэю мастацкага твора ад навуковай ідэі. Ідэя мастацкага твора неаддзельная ад яго вобразнай сістэмы, таму не так лёгка бывае знайсці ёй адэкватнае абстрактнае выражэнне, сфармуляваць яе асобна ад мастацкага зместу твора. Навуковая ідэя патрабуе дакладнага і строгага, часта лабараторнага, доказу, пацвярджэння. Пісьменнікі, у адрозненне ад вучоных, не імкнуцца да строгай доказнасці, хаця ў такім літаратурным напрамку, як натуралізм (у прыватнасці, у Э. Заля), такую тэндэнцыю можна знайсці. Мастаку слова дастаткова паставіць тое або іншае пытанне, якое хвалюе грамадства. У самой гэтай пастаноўцы можа быць заключана асноўны ідэйны змест твора.

Да паняцця “ідэя твора” блізкае паняцце “ ідэйнасць ”. Апошні тэрмін у большай ступені звязаны з пазіцыяй аўтара, з яго адносінамі да ўзнаўляемага. Гэтыя адносіны могуць быць рознымі, гэтаксама як могуць быць рознымі ідэі, якія выражае аўтар. Пазіцыя аўтара, яго ідэалогія вызначаюцца перш за ўсё эпохай, у якой аўтар жыве, уласцівымі гэтаму часу грамадскімі поглядамі, якія выражаюцца той або іншай сацыяльнай групай. Так, для асветніцкай літаратуры XVIII ст. была характэрна высокая ідэйнасць, абумоўленая імкненнем да перабудовы грамадства на прынцыпах розуму, барацьбой асветнікаў з заганамі арыстакратыі і верай у дабрачыннасць “трэцяга саслоўя”. Адначасова развівалася і літаратура арыстакратычная, пазбаўленая высокай грамадзянскасці (літаратура ракако). Апошнюю нельга назваць “безыдэйнай”, проста ідэі, якія выражаліся гэтым напрамкам, былі супрацьлеглыя асветніцкім. У сувязі з гэтым ідэі, якія выражала “прэцыёзная” (вытанчаная) арыстакратычная літаратура, былі пазбаўлены большага сацыяльнага гучання.

Ідэйнасць пісьменніка не зводзіцца толькі да тых думак, якія ён укладвае ў сваё тварэнне. Важны і адбор матэрыялу, на якім грунтуецца твор, і пэўнае кола персанажаў. Выбар герояў дэтэрмінаваны адпаведнымі ідэйнымі ўстаноўкамі пісьменніка. Напрыклад, у савецкай літаратуры на першы план выходзіць “сапраўдны чалавек”, які заклапочаны перш за ўсё інтарэсамі пралетарыята, ахвяруюе асабістым у імя агульнадзяржаўнага.

Прынцыпова важнай з’яўляецца праблема суадносінаў ў творы “ідэйнасці” і “мастацкасці”. Далёка не заўсёды нават выдатным пісьменнікам удаецца ўвасобіць ідэю твора ў дасканалай мастацкай форме. Часам мастакі слова ў сваім імкненні як мага больш дакладна выразіць ідэі, якія іх хвалююць, збіваюцца на публіцыстыку, пачынаюць “разважаць”, а не “ўвасабляць”, што толькі пагаршае твор. Прыкладам такой сітуацыі можа служыць раман Р. Ралана “Зачараваная душа”, у якім высокамастацкія пачатковыя раздзелы кантрастуюць з апошнімі, якія ўяўляюць сабой нешта накшталт публіцыстычных артыкулаў. Адпаведна сапраўдныя мастацкія вобразы пераўтвараюцца ў схемы, у рупары ідэй аўтара.

Звычайна мастацкі твор выражае галоўную ідэю і шэраг другасных, звязаных з другараднымі сюжэтнымі лініямі. Так, у вядомай трагедыі Сафокла “Цар Эдып” разам з асноўнай ідэяй твора (чалавек – цацка ў руках багоў) у выдатным мастацкім увасабленні праводзіцца ідэя аб прыцягальнасці і адначасова тленнасці чалавечай улады (канфлікт Эдыпа з Крэонтам), аб мудрай “слепаце” (дыялог сляпога Цірэсія са сляпым духоўна Эдыпам) і цэлы шэраг іншых думак. Характэрна, што антычныя аўтары нават самыя глыбокія думкі імкнуліся выразіць толькі ў мастацкай форме. А што тычыцца міфа, то яго мастацкасць цалкам “паглынала” ідэю. Менавіта ў гэтай сувязі многія тэарэтыкі гавораць аб тым, што старажытныя стваральнікі “міфаў” былі больш таленавітымі, а таму ў іх проста не было іншага спосабу выражаць свае ідэі ў сілу неразвітага абстрактнага мыслення.

Гаворачы пра ідэю твора, пра яго ідэйны змест, трэба мець на ўвазе, што ён не толькі ствараецца аўтарам, але можа прыўносіцца і чытачом. А. Франс гаварыў, што ў кожны радок Гамера мы ўносім свой сэнс, адрозны ад таго, які ўкладваў ў яго сам Гамер. Да гэтага крытыкі герменеўтычнага падыходу дадаюць, што ўспрыняцце аднаго і таго ж мастацкага твора бывае розным у розныя эпохі. Чытачы кожнага новага гістарычнага перыяду звычайна “вычытваюць” у творы ідэі, якія ўладараць у іх час. Так, у савецкі час імкнуліся напоўніць раман “Яўгеній Анегін” дамінуючай у той час “пралетарскай ідэалогіяй”. У гэтых адносінах найбольш паказальная інтэрпрэтацыя міфаў. У іх пры жаданні можна знайсці любую ідэю – ад палітычнай да псіхааналітычнай. Не выпадкова З. Фрэйд убачыў у міфе пра Эдыпа пацвярджэнне сваёй ідэі аб першапачатковым канфлікце дзяцей з бацькамі.

Магчымасць шырокага тлумачэння ідэйнага зместу мастацкіх твораў як раз і вызначана спецыфікай выражэння гэтага зместу. Вобразнае, мастацкае ўваабленне ідэі не з’яўляецца такім дакладным, як навуковае. Гэта і адчыняе магчымасці даволі свабоднага тлумачэння ідэі твора, з далейшым “учытваннем” у яго тых ідэй, аб якіх і не думаў аўтар.

Якія ж спосабы знаходжання ідэі ў творы?

1. Ідэя можа быць непасрэдна сфармулявана аўтарам у тэксце твора. На гэтым заснаваны прытча і байка, у якіх менавіта такі – непасрэдны – спосаб перадачы ідэі становіцца жанравызначальнай прыкметай. Аднак і ў творах іншых відаў і жанраў такі спосаб знаходжання ідэі магчымы, пры гэтым ён ужо не звязаны з прыкметамі жанру. Так, у “Вайне і міры” Л. Талстога аўтар сам фармулюе ідэю ў тэксце: “Няма велічы там, дзе няма прастаты, дабрыні і праўды”.

2. Часам аўтар быццам бы “перадавярае” права выказаць ідэю аднаму з персанажаў твора: так, выражаючы аўтарскую ідэю, Фаўст у І. Гётэ гаворыць у канцы твора: “Толькі той варты жыцця і свабоды, хто кожны дзень за іх ідзе на бой”. Або прыгадаем водпаведзь Гусляра Князю ў Купалавай паэме “Курган” (“Гуслям, княжа, не пішуць законаў…”). Аднак у гэтым выпадку трэба быць асабліва ўважлівымі і асцярожнымі, таму што даволі часта персанаж выказвае свае ўласныя думкі, якія не маюць дачынення да фармуліроўкі агульнай ідэі твора. Урэшце, трэба памятаць, што выказванні героя могуць толькі тады прэтэндаваць на статус аўтарскай ідэі, калі яму не супрацьстаіць увесь вобразны лад твора, калі няма сумненняў у тым, што аўтар свядома пакідае за персанажам апошняе слова, якое не абвяргаецца ні іншымі персанажамі, ні аўтарскімі адступленнямі, ні далейшым развіццём падзей. У сумніцельных выпадках лепш устрымацца і не атаясамліваць пазіцыі аўтара і героя, а правесці дадатковую аналітычную працу. Гэта важны метадычны прынцып аналізу зместу, які часам ігнарыруеца ў практыцы выкладання, калі не зусім карэктна спрабуюць сфармуляваць ідэю наступным чынам: “Аўтар вуснамі свайго героя…” Падобны “аналіз” пазбаўляе ад складанасцей, звязаных з уважлівым прачытаннем: прасцей за ўсё назваць героя рупарам аўтарскай ідэі, але пры гэтым у многіх выпадках значна збядняецца ці скажаеца ўласна ідэя твора.

3. Найбольш часты выпадак, калі ідэя не фармуліруецца аўтарам у творы, а быццам бы пранізвае ўсю яго структуру. Адпаведна ідэя патрабуе для свайго выяўлення аналітычнай працы, часам вельмі крапатлівай і складанай. Пры рацыянальным вычляненні ідэі неабходна памятаць, што яна з’яўляецца вынікам абагульнення, абстрагавання, а таму непазбежна выпрамляе і некалькі спрошчвае жывы і багаты мастацкі сэнс. Агульнавядома, што мастацкі твор як цэлае значна багацейшы за рацыянальную ідэю.

Для правільнага разумення мастацкай ідэі аналіз гэтага боку мастацкага зместу неабходна праводзіць у цеснай сувязі з аналізам пафасу твора (аб гэтым гаворка будзе ісці ніжэй). У шэрагу выпадкаў (асабліва гэта тычыцца лірычных твораў, хаця не толькі іх, а ўвогуле ўсіх, якіх адрознівае высокі і яскрава выражаны эмацыянальны накал) у рацыянальным вылучэнні ідэі няма неабходнасці, таму што яна практычна растворана ў пафасе. Не выпадкова Бялінскі пісаў, што “паэтычная ідэя – гэта не сілагізм, не догмат, не правіла, гэта – жывая жарсць, гэта пафас”. Дадзеная заўвага падказвае наступнае: не трэба зводзіць ідэю мастацкага твора да маральнага “ўроку” і фармуляваць яе ў выглядзе імператыўнага патрабавання да чытача: “Будзьце такімі, як Паўка Карчагін”, “не будзьце такімі, як Гарлахвацкі” і інш. Такія фармуліроўкі далёкія ад сапраўднай ідэі твора, і наўрад ці яны выконваюць выхаваўчыя задачы, затое “засушваюць” твор, зводзячы яго да маральнага павучэння.

Найбольш распаўсюджаная практычная цяжкасць, якая існуе пры аналізе зместу, – неразмежаванне паняццяў тэмы, праблемы, ідэі. Каб пераадолець названую цяжкасць, неабходна памятаць, што мастацкая логіка – гэта паслядоўнасць руху аўтарскай думкі ад тэмы праз праблему да ідэі. На ўзроўні тэматыкі размова ідзе выключна пра прадмет узнаўлення, пра матэрыял для наступнай пастаноўкі праблемы. Тут яшчэ няма праблемнасці і ацэначнасці, тэма – гэта канстатацыя: “аўтар узнавіў такіх персанажаў у гэтакіх сітуацыях”.

Узровень праблематыкі – гэта узровень пастаноўкі пытанняў, абмеркавання сістэмы каштоўнасцей, устанаўленне сувязей паміж з’явамі рэчаіснасці, гэта той бок зместу, у якім аўтар запрашае чытача да актыўнай размовы. Нарэшце, ідэя – гэта вобласць рашэнняў і вывадаў, яна заўсёды нешта адмаўляе ці сцвярджае. Напрыклад, у п’есе Янкі Купалы “Тутэйшыя” тэму можна вызначыць як жыццё беларускага мяшчанства ў пераломныя 1919–1920 гг., цэнтральная праблема – праблема “тутэйшасці” (нацыянальная праблематыка), пытанні – дзеля чаго чалавек дабраахвотна прыстасоўваецца да сітуацыі, прыніжае годнасць, праяўляе беспрынцыповасць (сацыякультурная праблематыка); ідэя – сцвярджэнне ўнутранай годнасці чалавека, “жаданне людзьмі звацца”, адмаўленне “тутэйшасці”.

Як бачым, тэма сама па сабе нейтральная. Праблематыка выяўляе аўтарскі падыход да тэмы і супастаўляе розныя жыццёвыя каштоўнасці. Ідэя сцвярджае адну сістэму каштоўнасцей і адмаўляе другую. Дастаткова абапірацца на названыя тэарэтычныя вызначэнні, каб не блытацца ў вызначэнні тэмы, праблемы і ідэі.

 

Пытанні для самаправеркі

1. Якую функцыю выконвае ідэя ў мастацкім творы?

2. Ахарактарызуйце мастацкую ідэю як літаратуразнаўчае паняцце.

3. Як суадносяцца паміж сабой паняцці “ідэя” і “ідэйнасць”?

4. Зрабіце характарыстыку спосабаў пошуку ідэі ў творы.

5. Ідэя – рацыянальны або эмацыянальны бок зместу? Дакажыце гэта на прыкладзе.

6. Чытач – сатворца ідэі. Ці магчыма такое? Паразважайце.

7. Раскажыце пра суадносіны тэмы, праблемы, ідэі ў творы.

 







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 3131. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Теория усилителей. Схема Основная масса современных аналоговых и аналого-цифровых электронных устройств выполняется на специализированных микросхемах...

Логические цифровые микросхемы Более сложные элементы цифровой схемотехники (триггеры, мультиплексоры, декодеры и т.д.) не имеют...

Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Краткая психологическая характеристика возрастных периодов.Первый критический период развития ребенка — период новорожденности Психоаналитики говорят, что это первая травма, которую переживает ребенок, и она настолько сильна, что вся последую­щая жизнь проходит под знаком этой травмы...

РЕВМАТИЧЕСКИЕ БОЛЕЗНИ Ревматические болезни(или диффузные болезни соединительно ткани(ДБСТ))— это группа заболеваний, характеризующихся первичным системным поражением соединительной ткани в связи с нарушением иммунного гомеостаза...

СПИД: морально-этические проблемы Среди тысяч заболеваний совершенно особое, даже исключительное, место занимает ВИЧ-инфекция...

Понятие массовых мероприятий, их виды Под массовыми мероприятиями следует понимать совокупность действий или явлений социальной жизни с участием большого количества граждан...

Тактика действий нарядов полиции по предупреждению и пресечению правонарушений при проведении массовых мероприятий К особенностям проведения массовых мероприятий и факторам, влияющим на охрану общественного порядка и обеспечение общественной безопасности, можно отнести значительное количество субъектов, принимающих участие в их подготовке и проведении...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.013 сек.) русская версия | украинская версия