Студопедия — ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРНАГА ПРАЦЭСУ
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРНАГА ПРАЦЭСУ






 

4.1. Разуменне літаратурнага працэсу

 

Літаратурны працэс – гэта гістарычнае развіццё і функцыянаванне сусветнай літаратуры, нацыянальных культур. У яго рэчышчы працякаюць працэсы ўзаемасувязей, узаемаўплываў літаратур розных народаў, адбываецца пераемнасць традыцый, выспявае наватарства. Мастацкая літаратура непарыўна звязана з гісторыяй развіцця грамадства. Гістарычныя падзеі, сацыяльна-эканамічныя змены так ці інакш уплываюць на літаратурны працэс. Мастацкая літаратура звязана таксама і з разнастайнымі відамі дзейнасці чалавека, у тым ліку творчай і навуковай. Яна ўзаемадзейнічае з іншымі відамі мастацтва, з фальклорам, мовазнаўствам, этнаграфіяй, эстэтыкай, этыкай, філасофіяй, рэлігіязнаўствам, псіхалогіяй. Шэраг праблем і тэм літаратуразнаўства даследуюцца ў пэўнай сувязі з гэтымі і некаторымі іншымі сферамі асваення рэчаіснасці, пры гэтым часта выкарыстоўваюцца паняцці, тэрміны, якія ім належаць.

У літаратурным працэсе як сістэме вызначыліся пэўныя гістарычна акрэсленыя метады. Метадам прынята называць сістэму гістарычна абумоўленых творчых прынцыпаў, якімі творцы ў розных сферах мастацтва, блізкія па сваіх ідэйна-эстэтычных пазіцыях, кіруюцца падчас адбору, абагульнення, ацэнкі і ўвасаблення ў творчасці з’яў рэчаіснасці. Метад – гэта і сукупнасць прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці ў святле пэўнага эстэтычнага ідэалу, у адпаведнасці з асаблівасцямі мастацкага мыслення. Метад вызначае форму і змест у мастацтве. Ён не дэкларуецца загадзя, не прапануецца некім, а выспявае ў творчай практыцы, развіваецца разам з развіццём грамадства, звязаны з той рэчаіснасцю, якая выпрацоўвае светапогляд творцы, яго мастацкае мысленне, грамадскія погляды, спеліць яго талент. Кожны пісьменнік жыве і працуе ў пэўных гістарычных абставінах, тым ці іншым тыпе дзяржаўнай улады, пры панаванні пэўных грамадскіх, філасофскіх, эстэтычных і этычных поглядаў. І ў адпаведнасці з імі творая асоба спасцігае і ўзнаўляе рэчаіснасць. Мастацкі метад выяўляецца ў сукупнасці найбольш агульных прынцыпаў эстэтычнага асваення рэчаіснасці, якія назіраюцца ў пэўны час у творчасці пэўных груп мастакоў, у тым ліку і мастакоў слова. Яны могуць працаваць адасоблена, часам не ўсведамляючы сваёй прыналежнасці да пэўнага метаду, але могуць і ствараць якія-небудзь групоўкі, аб’ядноўвацца.

Літаратурны напрамак – гэта творчае адзінства груп творцаў у пэўны гістарычны перыяд, блізкіх па сваім светапоглядзе і творчай манеры, стылю, схільнасцях.

Літаратурная школа (плынь) у літаратуразнаўстве азначаецца як самастойнае арганізацыйна аформленае ўтварэнне, якое мае сваю тэарэтычную платформу, маніфест, праграму, творчыя прынцыпы. Сярод літаратурных школ у Расіі савецкага часу (1920−я г.) можна назваць пралеткультаўцаў, рапаўцаў, абэрыўтаў, лефаўцаў, у Беларусі – маладнякоўцаў і ўзвышэнцаў.

Паняцці метад, напрамак, плынь у розных кантэкстах разумеюцца досыць адвольна, часам нават атаясамляюцца. Мастацкі метад часам разумеецца як творчы метад, збліжаецца з такім паняццем, як стыль. Аднак стыль пісьменніка ў літаратуразнаўстве трактуецца як сістэма вобразаў, эмоцый, паняццяў і думак, выяўленых адметнымі мастацкімі сродкамі. У сваю чаргу стыль збліжаецца з паняццямі творчая манера, індывідуальны творчы почырк, тып творчасці. Усе яны ўсведамляюцца як цэласная сістэма ўсіх элементаў, з якіх складаецца як канкрэтны мастацкі твор, так і літаратурная творчасць у яе працэсе. Стыль пісьменніка можа відазмяняцца на працягу яго творчасці, набываць новыя рысы, удасканальвацца.

Літаратурны працэс – гэта пастаяная змена метадаў і напрамкаў, дыялектычнае адзінства традыцый і наватарства ў творчасці. У эстэтыцы, культуралогіі і літаратуразнаўстве перыяды гістарычнага развіцця мастацкай творчасці перыядызуюца некалькі іначай, пры гэтым разглядаюцца гістрычныя адрэзкі ад самай ранняй пары чалавечага існавання да сучаснасці.

Ф а л ь к л о р н а-м і ф а л а г і ч н ы п е р ы я д

Фальклорна-міфалагічны перыяд або эпоха сінкрэтызму (А. Весялоўскі) – першая стадыя развіцця слоўнага мастацтва, пачатак якой хаваецца ў глыбіні стагоддзяў, а яго другая мяжа – пачатак развіцця антычнай літаратуры. Найстарадаўнейшыя віды слоўнага мастацтва ўзніклі ў працэсе фарміравання чалавечай мовы ў эпоху верхняга палеаліту. Яны былі тады цесна звязаны з усімі відамі працоўнай дзейнасці, якія садзейнічалі выжыванню чалавека ў неспрыяльных прыродных умовах. Першабытны чалавек імкнуўся паўплываць на сілы прыроды пры дапамозе абрадавых дзеянняў. Мастацтва слова выяўлялася ў тыя часы ў абрадавых песнях, замовах, зваротах да сіл прыроды з просьбамі. Яно было цесна звязана з зачаткамі танцавальнага мастацтва, першымі спробамі самавыяўлення ў жывапісе, скульптуры, пантаміме. У навуцы гэта называецца сінкрэтызмам першабытнай мастацкай свядомасці. У далейшым фальклор развіваўся не толькі як фрагмент абраду, але і як арганічны элемент народнага побыту, набываў самастойнае эстэтычнае значэнне. Родавыя паданні, міфы, песні, казкі таксама бытавалі ў вуснай форме. Рознае прызначэнне фальклорных твораў перадвызначыла падзел іх на роды: народны эпас, народная лірыка і народная драма. Калі чалавецтва авалодала спосабамі запісу слоў, стала развівацца аўтарская мастацкая творчасць, аднак фальклор працягвае існаваць, некаторыя яго формы засталіся ў народнай памяці, запісваюцца, вывучаюцца. Фальклор цесна звязаны з мастацкай літаратурай, якая скарыстоўвае яго сюжэты, вобразы, мастацкія прыёмы. У сваю чаргу фальклорнымі робяцца многія папулярныя песні, вершаваныя радкі, трапныя выслоў’і, папулярныя літаратурныя персанажы пераходзяць у анекдоты. Навука аб вуснай народнай творчасці – фалькларыстыка – стала асобнай сферай даследавання.

Другая стадыя развіцця слоўнага мастацтва працякала ў межах літаратуры Антычнасці.

А н т ы ч н а с ц ь

Мастацкая сістэма Антычнасці звязана з надзвычайна своеасаблівым развіццём культуры ў старажытнай Грэцыі, Рыме і Сяродземнамор’і ў межах ад І тыс. да н. э. і да V cт. н. э. Антычнае мастацтва грунтавалася на надзвычай багатай міфалогіі. Зліццё міфалагічных і рэалістычных матываў у творах антычных аўтараў было характэрнай і вызначальнай рысай антычнай мастацкай творчасці. Самі творцы лічылі свой талент падарунам багоў. Багі, цары, героі былі і галоўнымі дзейнымі асобамі антычнай мастацкай літаратуры. Своеасаблівасць мастацкага абагульнення ў антычнай літаратуры была абумоўлена характэрным для грамадзян антычнага поліса арганічным зліццём асабістага з грамадскім. Персанажы Гамера, Сафола, Эўрыпіда грамадскае ставілі вышэй за асабістае, асоба і калектыў тады яшчэ не супрацьпастаўляліся. У мастацкіх творах Антычнасці не было яшчэ развіцця характараў, яны заставаліся нязменнымі на працягу ўсяго сюжэта твора. Статычнасць, недастатковая абмалёўка ўнутранага свету дзейных асоб не дазвалялі глыбей раскрыць іх псіхалагічна. Але ў той жа час цэльнасць іх натур, гарманічнасць, маштабнасць асобы надавалі ім асаблівую прывабнасць. Ці не таму да антычнай літаратуры звярталіся і звяртаюца творцы пазнейшых часоў?

Творчасць антычных аўтараў гуманістычная, яны ўсхвалялі чалавека за яго розум, актыўнасць у складаных праявах жыцця, уменне супрацьстаяць неспрыяльным абставінам, высакароднасць.

У часы Антычнасці асабліва значнага развіцця дасягнулі лірыка і драматургія. Развіццё пісьменнасці ў канцы VII ст. да н. э. у старажытнай Грэцыі спрыяла з’яўленню аўтарскай літаратуры, у гісторыі засталіся імёны першых у свеце паэтаў – Алкея, Сапфо, Анакрэонта. Антычная лірыка яшчэ недалёка адыходзіла ад міфалогіі, але ў ёй з’явіліся грамадзянская тэматыка, тэмы кахання, сяброўства. У Антычнасці зарадзіліся многія жанры лірыкі: элегія, гімн, дыфірамб, ода, эпіграма.

Антычная паэзія пазней стала ўзорам для паэзіі Сярэднявечча, яе вобразамі жывілася літаратура і ў наступныя эпохі. Спасцігаючы іх, творцы пазнейшых часоў паэтызавалі дух старажытнасці ў эпоху класіцызму, ім натхняліся паэты-рамантыкі. Асабліва многа рэмінісцэнцый і алюзій антычнасці ў творчасці рускіх пісьменнікаў ад Кантэміра, Ламаносава і Дзяржавіна, Пушкіна да Блока, Брусава, Верасаева, Валошына. Яны прысутнічаюць і ў вершах Багдановіча, творах Максіма Танка, Караткевіча, Сіпакова, Стральцова і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Антычная драма таксама ўзнікла з міфалогіі. Культ бога Дзіяніса, надзвычай папулярны ў Старажытнай Грэцыі, выяўляўся ў шэрагу рытуальных абрадавых святкаванняў, у якіх напачатку ўдзельнічалі ўсе слаі тагачаснага грамадства. Пазней узнік антычны тэатр, з’явіліся прафесійныя акцёры. Першыя старажытнагрэчаскія трагікі – Эсхіл, Сафокл і Эўрыпід, а пачатак вясёлым,смешным, драматычным сюжэтам паклаў Арыстафан. У антычнай драматургіі, асабліва пазнейшых часоў, праявіліся зачаткі псіхалагізму ў абмалёўцы персанажаў. Яны жылі пачуццямі, знаёмымі гледачам. Не багі, а людзі з іх слабасцямі, цалкам зямнымі пачуццямі дзейнічаюць у трагедыях Эўрыпіда, камедыях Арыстафана, Менандра.

Проза таксама зарадзілася ў антычнай літаратуры. Найбольш папулярнай была празаічная байка. Выдатным байкапісцам, чые сюжэты неаднаразова пераймаліся пазней складальнікамі баек, быў Эзоп. Паявіўся і антычны раман, у якім скарыстоўваліся міфалагічныя або любоўна-букалічныя сюжэты (Лонг, Апулей, Харытон).

С я р э д н я в е ч ч а

Наступнай стадыяй развіцця мастацкай культуры (і літаратуры ў тым ліку) з’яўляецца Сярэднявечча. Яно пачалося ў V ст. н. э. (іншы раз называецца нават дакладная дата: 513 год – час падзення Рымскай імперыі і зараджэння хрысціянства) і доўжылася да XV ст. Эпоха Сярэднявечча падраздзяляецца на Ранняе (V–X стст.), Высокае (X–XIII стст.) і Позняе (XIII–XV стст). Распад эліністычна-рымскай культуры, які стаў вынікам нашэсця варвараў, прывёў да разлажэння рода-племянных адносін і ўтварэння шматлікіх феадальных дзяржаў, вядучай ідэалогіяй якіх стала рэлігійная. Мастацтва Ранняга Сярэднявечча як мастацкая сістэма развівалася пад уплывам рэлігійнай ідэалогіі, якая сцвярджала ідэю прадвызначанасці чалавечага лёсу Божай воляй, адстойвала сацыяльную няроўнасць, падтрымлівала феадальнае дваранства. Хрысціянства як ідэалагічная аснова феадальнага грамадствава ўсім, што ўсё, што адбываецца ў жыцці, бачыла праяўленне Божай волі. Разам з тым літаратура Сярэднявечча зведала ўплыў як фальклору, так і антычнай літаратуры.

Пераход да феадальных адносін адбываўся неадначасова ва ўсёй Еўропе, таму і літаратурны працэс у розных краінах не вызначаўся адзінствам. Але ўжо ў X–XI стст. феадальны лад канчаткова ўсталяваўся ў большасці краін Заходняй Еўропы, і грамадства ў іх падзялілася на клас феадалаў (духоўных і свецкіх) і клас прыгонных сялян. Пісьмовая літаратура ў іх была напачатку клерыкальнай, звязанай з рытуаламі хрысціянскага рэлігійнага культу. Сярод яе жанраў пераважалі кнігі Святога Пісьма, літургічная (гімнаграфічная) паэзія, жыційная (агіяграфічная) літаратура, апокрыфы, прытчы, царкоўная драма. Першыя хрысціянскія евангеллі з’явіліся ў Заходняй Еўропе яшчэ на мяжы Сярэднявечча – гімны Амвросія Медыяланскага, “Споведзь” Аўгусціна Блажэннага. Вялікі ўплыў на развіццё рэлігійнай літаратуры меў пераклад Бібліі на лацінскую мову, зроблены Іеранімам Блажэнным. Іеранім лічыцца апекуном перакладчыкаў, ён абвешчаны святым у каталікоў і праваслаўных.

У канцы XI ст. паявіўся і жанр свецкай літаратуры, распаўсюджаны сярод феадальнай знаці – рыцарскі раман. Росквіт гарадоў у XII ст. прывёў да зараджэння гарадской (бюргерскай) літаратуры. Куртуазная лірыка была блізкай да рыцарскага рамана, сярод яе матываў вядучым быў культ Цудоўнай Дамы – прадмет кахання рыцара. У прозе гарадская літаратура выступала ў форме кароткіх бытавых апавяданняў (фабліо, шванкі). Элементы духоўнага і свецкага спалучаліся ў такіх жанрах, як хроніка і летапіс, якія пачыналіся звычайна з біблейскіх міфаў пра стварэнне свету і жыцці ў раі, а затым апісваліся падзеі, якія адбываліся ў дзяржаве. Хронікі і летапісы ствараліся пры храмах і манастырах святарамі.

Водгаласам фальклорных традыцый у часы Сярэднявечча быў гераічны эпас. У многіх народаў ён таксама складаўся з міфічных уяўленняў пра свет, дзеянні фантастычных герояў-асілкаў і апісанняў гістарычных падзей, больш блізкіх сучаснасці. Носьбітамі і выканаўцамі гераічнага эпасу былі спачатку дружынныя спевакі (скальды, скопы, філіды), а пазней вандроўныя спевакі (шпільманы і міннезінгеры ў Германіі, жанглёры, труверы і трубадуры ў Францыі). На Русі вызначальным жанрам гераічнага эпасу з’яўляліся быліны, а вандроўнымі выканаўцамі былі скамарохі, гусляры, казачнікі. Беларускі гераічны эпас выявіўся ў казках. У шэрагу краін гераічны эпас, які бытаваў у вуснай форме, намаганнямі энтузіястаў быў аб’яднаны ў цыклы. У Эстоніі гэта зрабіў Ф. Кройцвальд, які на грунце народных паданнняў склаў цыкл пад назвай “Калевіпоэг”, фінскі фалькларыст Э. Лёнарт склаў эпас “Калевала”, Г. Лангфела аб’яднаў паданні амерыканскіх індзейцаў у эпічную паэму “Спеў аб Гаяваце”. Якуб Колас прапанаваў стварыць беларускі эпічны цыкл паводле казак пра каваля Вярнідуба, але гэтая задума дагэтуль не ажыццёўлена.

Сярэднявечнае пісьмо замацоўвалася на пергаменце, распаўсюджвалася ў спісках. Аднак ужо ў гэтых умовах з’явіліся першыя вядомыя арыгінальныя аўтары, пра якіх захаваліся звесткі. Гэта былі пераважна храністы, аўтары гімнаграфічных твораў (Саксон Граматык, Нестар Летапісец, мітрапаліт Іларыён, ігумен Феадосій, Аўраамій Смаленскі, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Рыгор Цамблак) або вандроўныя спевакі (Вільгельм фон дэр Фогельвэйдэ), ваганты (Гугон Арлеанцкі, Вальтэр Шацільёнскі). Шырокаму распаўсюджанню іх твораў, як і ўсёй літаратуры сярэдніх вякоў, садзейнічала тое, што яна паўсюдна стваралася толькі на лацінскай мове – афіцыйнай мове богаслужбы ў дзяржавах Заходняй Еўропы. Ва Усходняй Еўропе, у славянскіх краінах як духоўная, так і напачатку свецкая літаратура стваралася на стараславянскай (царкоўнаславянскай) мове.

У часы Высокага Адраджэння на першы план выйшла драматургія, якая спачатку таксама была звязана з рэлігійнай ідэалогіяй. Найбольш папулярнымі сталі жанры містэрыі, інтэрмедыі, міракля, маралітэ. Паступова ў сярэднявечнай драме пачалі нарастаць свецкія матывы, паявіліся свецкія камедыйныя жанры – фарс і саці, у якіх высмейваліся не толькі прасталюдзіны і дваранства, але і духавенства. У канцы эпохі Сярэднявечча літаратура ўжо больш смела крытыкавала хрысціянства, феадальныя адносіны, у ёй сталі з’яўляцца сатырычныя вобразы святароў, рыцараў, феадальных князькоў. Але рэалістычныя элементы былі ў ёй яшчэ вельмі слабыя.

Саслоўная замкнутасць часоў Сярэднявечча, магутнейшы ўплыў рэлігіі у працэсе развіцця новага, буржуазнага тыпу адносін у грамадстве, які пачаў праяўляцца на мяжы XV–XVI стст., значна аслабіліся. Пачалося згасанне сярэднявяковай культуры і пераход яе ў якасна новую стадыю – Адраджэнне.

А д р а д ж э н н е (Р э н е с а н с)

Эпоха Адраджэння панавала ў Еўропе ў XVI–XVII стст. Яна атрымала менавіта такую назву таму, што адрадзіла на новым гістарычным этапе ідэі гуманізму, якія так яскрава выяўляліся ў творчасці антычных аўтараў. Зноў, як і ў часы Антычнасці, у цэнтры ўвагі літаратуры, ды і ўсёй культуры, аказаўся чалавек. Гуманістычная літаратура эпохі Адраджэння імкнулася вызваліцца ад панавання рэлігіі, выступала ў абарону свабоды чалавека, услаўляла радасці зямнога існавання. Пісьменнікі Адраджэння вызвалялі чалавека ад улады нябесных сіл, давалі магчымасць для раскрыцця яго здольнасцей і грамадскіх памкненяў. Эпосе Адраджэння характэрна сцвярджэнне гістарычнага погляду на жыццё. Гуманісты лічылі, што чалавек павінен сам быць тварцом свайго лёсу, што менавіта ён і ёсць вянец Боскага тварэння.

Магутным штуршком для развіцця літаратуры Адраджэння стала вынаходніцтва кнігадрукавання, яго хуткае і шырокае распаўсюджванне па ўсёй Еўропе і за яе межамі. Друкаваная кніга пашырыла кола чытачоў, дала магчымасць далучыцца да ведаў намнога большай колькасці людзей. Першадрукары былі асветнікамі ў шырокім сэнсе, яны не толькі друкавалі кнігі, але і стваралі іх, выкладалі ў іх свае погляды, друкавалі свае і перакладныя мастацкія і публіцыстычныя творы.

Вядучымі жанрамі ў эпоху Адраджэння сталі вершаваныя. У гэтыя часы з’явілася “Боская камедыя” Дантэ, “Нястрымны Раланд” Арыёста, “Луізіяды” Камоэнса. Асаблівую папулярнасць, дзякуючы Петрарку, набыў санет, які дасягнуў асаблівага росквіту ў Італіі, пазней выдатныя ўзоры яго стварыў у Англіі Шэкспір. Стыль маньерызму, насычаны яркай вобразнасцю, які быў выяўлены ў паэме Т. Таса “Вызвалены Ерусалім”, перасягнуў межы сваёй эпохі і праіснаваў больш за сотню год. Развівалася і мастацкая проза. Бакачча ў “Дэкамероне” даў узор італьянскай навелы. Сервантэс сваім раманам “Дон Кіхот” звёў на нішто існаванне рыцарскага рамана. Утопіі Т. Кампанелы і Т. Мора паклалі пачатак многім пазнейшым творам гэтага жанру, у якім праявіліся мары пра ідэальную дзяржаву, дзе ўсе будуць роўнымі.

Раман Франсуа Рабле “Гарганцюа і Пантагруэль” стаў своеасаблівым сімвалам разняволення ад ханжаства і дагматыкі Сярэднявечча, трыумфу жыццялюбства і ўсёдазволенасці. Менавіта ў ім літаратуразнаўца М. Бахцін убачыў яскравае ўвасабленне карнавальнасці як характэрнай прыкметы той эпохі. Аднак карнавальны смех не толькі служыў сцвярджэнню жыццялюбства, але адначасова быў і апраўданнем эгаізму, крайняга індывідуалізму. Кашчуннае апаганенне святых для чалавека ўяўленняў і маральных прынцыпаў, насмешка над ідэаламі, апалагетыка ўсяго подлага, жывёльнага ў чалавеку неўпрыкмет спрыялі разлажэнню таго станоўчага, што было ў Адраджэнні, зводзілі на нішто прынцыпы яго гуманізму. Нездарма Шэкспір у сваіх п’есах “Макбет”, “Рычард III”, “Гамлет” выступаў супраць індывідуалізму, уседазволенасці, распушчанасці. Гэта быў своеасаблівы пратэст супраць карнавальнасці.

У драмах Шэкспіра адбілася змрочная атмасфера часоў феадалізму ў Англіі, у іх часта сустракаецца вобраз героя – ахвяры насілля, несправядлівасці, які асуджае пануючы лад, прагне помсты. У драмах і санетах Шэкспіра праяўляецца таксама разлад паміж марай і рэчаіснасцю, якія спараджаюць пачуццё тугі, незадаволенасці сабой.

У еўрапейскіх краінах у XVII–XVIII – пачатку XIX стст. літаратурны працэс ішоў у формах, якія былі характэрны і для іншых відаў мастацтва, усёй культуры. Наватарства ў адлюстраванні рэчаіснасці іншы раз напачатку выяўлялася ў адным відзе мастацтва, а потым распаўсюджвалася на іншыя. У гэты перыяд развіліся мастацкія сістэмы, якія ў літаратуразнаўстве трактуюцца як метады – класіцызм, сентыменталізм, рамантызм, рэалізм.

К л а с і ц ы з м

У XVII ст. Заходняя Еўропа перажывала панаванне абсалютызму – неабсяжнай улады каралёў. Абсалютныя манархіі, з аднаго боку, стрымалі сепаратысцкія памкненні феадалаў, але – у сваю чаргу – спрыялі ўзмацненню сацыяльнай няроўнасці, прыгнёту. Галоўным зместам абсалютызму быў пафас дзяржаўнасці. На першым месцы стаялі дзяржаўныя інтарэсы, усё асабістае падпарадкоўвалася ім. У сферы культуры абсалютызм прывёў да панавання новай мастацкай сістэмы – класіцызму. Спачатку класіцызм насіў прагрэсіўны характар. Ён паступова складваўся яшчэ ў часы Адраджэння. Найбольш яскрава ён выявіўся ў Францыі ў часы караля Людовіка XIV, калі дух дысцыпліны, падпарадкавання ўладзе, строгая рэгламентацыя распаўсюдзіліся і на сферу мастацтва. Тэарэтыкі класіцызму прытрымліваліся рацыяналістычных поглядаў, лічылі, што ёсць абсалютная прыгажосць, абсалютны густ, абсалютная ісціна. Паводле іх меркавання, усё гэта ўжо было ў класічныя часы Антычнасці, таму іх сталі называць класікамі. Тэарэтычнае абгрунтаванне класіцызм атрымаў у “Паэтыцы” італьянскага паэта і філосафа Ю. Скалігера і ў вершаваным трактаце “Паэтычнае мастацтва” французскага паэта Н. Буало, у філасофіі – у трактатах Р. Дэкарта. Яны сцвердзілі важнейшыя прынцыпы класіцызму: ідэалізацыя жыцця, прыпадабненне да антычных узораў, культ розуму, строгі падзел на высокія (трагедыя, эпапея, ода) і нізкія (камедыя, сатыра, байка) жанры. Асабліва папулярнай у часы класіцызму была трагедыя. Яна стваралася па строгіх законах: уключала пяць актаў, будавалася па прынцыпу трох адзінстваў: месца, дзеяння і часу. Месца дзеяння ў трагедыі не павінна было мяняцца на працягу ўсіх актаў, адбывалася яно на адным месцы пераважна ў палацы, замку, каралеўскіх апартаментах. Адзінства часу патрабавала, каб п’еса доўжылася ў рэальным часе (тры гадзіны), у крайнім выпадку не ахоплівала больш, чым суткі. Адзінства дзеяння абавязвала драматургаў, каб падзея, пакладзеная ў аснову сюжэта, развівалася ў п’есе ад пачатку да канца. Тым самым сістэма падзей падмянялася асобным эпізодам, выпадкам. Пра тое, што выходзіла за межы дзеяння, глядач мог даведацца толькі з дыялогаў. Тры адзінствы вынікалі з дэкларуемай класіцыстамі ідэі падабенства да праўды, блізкасці да рэальнага жыцця. Характары персанажаў трагедый таксама былі строга абумоўлены адналінейнасцю, падзелам выключна на станоўчых і адмоўных, высакародных і нізкіх.

Літаратура эпохі класіцызму мела выхаваўчую накіраванасць, яна служыла дыдактычным мэтам, была своеасаблівай зброяй прапаганды дзяржаўных інтарэсаў. Яе персанажы ўступалі ў канфлікт паміж пачуццямі і грамадзянскім абавязкам, і ў гэтым канфлікце асабістае падпарадкоўвалася дзяржаўнаму.

Нягледзячы на строгія абмежаванні, класіцызм даў высокія ўзоры мастацтва, пакінуў пасля сябе выдатныя творы, якія перажылі свой час, сталі здабыткам культуры чалавецтва. Трагедыі П. Карнеля, Ж. Расіна, Вальтэра, камедыі Мальера, сатыры Н. Буало, байкі Ж. Лафантэна, проза Ф. Ларошфуко, Ж. Лабруера, творчасць І. В. Гётэ і Ф. Шылера і сёння хвалююць, захапляюць як сваім зместам, так і мастацкай дасканаласцю.

Трэцяя стадыя развіцця слоўнага мастацтва, якая пачалася прыкладна з сярэдзіны XVIIІ ст. і працягваецца па сённяшні дзень, звязана з паглыбленнем індывідуальна-творчага пачатку ў літаратуры, з яе ўвагай да ўнутранага свету чалавека, што стала характэрным ужо для Асветніцтва, сентыменталізму і рамантызму.

А с в е т н і ц т в а

У XVIII ст. класіцызм перажываў пару свайго другога росквіту і развіваўся пад знакам крытыкі абсалютызму. Гэтую стадыю развіцця класіцызму называюць эпохай Асветніцтва. У аснове ідэй асветніцтва былі пакладзены філасофскія канцэпцыі англійскага вучонага Дж. Лока. У трактаце “Вопыт аб чалавечым розуме” ён спрачаўся з Р. Дэкартам, які сцвярджаў, што чалавек нараджаецца з комплексам ідэй, праўдзівасць якіх не падлягае сумненню. Дж. Лок лічыў, што нованароджаны чалавек – гэта tabula rasa (чыстая дошка), а ўжо на працягу жыцця ён набывае веды, светапогляд, розум, і таму адзіна пачуццёвы вопыт можна лічыць крыніцай ведаў аб навакольным свеце. Асветнікі выступалі супраць прыгоннага права, засілля рэлігіі. У грамадскіх поглядах яны былі ідэалістамі, лічылі, што змены ў грамадстве могуць быць дасягнуты дзякуючы асвеце, росквіту навукі, выхаванню высокіх маральных якасцей.

У сферы мастацтва тэарэтыкамі Асветніцтва выступалі Д. Дзідро, Г. Лесінг, М. Вальтэр. Нямецкі драматург і філосаф Лесінг у трактаце “Лаакаон” выступіў супраць механічнага пераносу, капіравання законаў антычнага мастацтва ў эпоху класіцызму, спрабаваў давесці, што вопыт антычных аўтараў трэба выкарыстоўваць творча, ісці далей за іх у распрацоўцы характараў персанажаў. І ў сваёй трагедыі “Эмілія Галоці”, драматычнай паэме “Натан Мудры” ён увасабляў дэкларуемыя ім прынцыпы.

Асветніцтва было цесна звязана з навукай, многія з яго прадстаўнікоў вядомыя і як вучоныя: Д. Дзідро, М. А. Вальтэр, Ж. Д’Аламбер, Ш. Мантэск’е. Асветнікамі былі Д. Дэфо, Г. Філдынг, П. Бамаршэ, А. Лесаж, І. В. Гётэ, Ф. Шылер.

Творчасць Вальтэра была накіравана супраць рэлігійнага фанатызму, абсалютысцкага гнёту. Вальтэр лічыў, што мэта мастацкай творчасці – змяненне існуючага свету ў лепшы бок, пабудова грамадства на прынцыпах роўнасці і свабоды. Са смерцю Вальтэра (1778) звязваюць і канец эпохі Асветніцтва, але яна ў розных краінах доўжылася да пачатку XIX ст.

Асветніцтва ў Расіі звязана з імёнамі Д. Фанвізіна, М. Новікава, А. Радзішчава.

У межах класіцызму знаходзяцца такія разнавіднасці яго формаў, як барока і ракако. У эстэтыцы гэтыя тэрміны адносяцца да стылёвых напрамкаў у жывапісе і архітэктуры з іх пышнасцю, ускладнёнасцю формаў. Але і ў літаратуры барока і ракако ёсць пэўныя асаблівасці. Барока ў мастацкай творчасці вызначаецца павышанай эмацыянальнасцю, нават экзальтаванасцю, пышнай, ускладнёнай вобразнасцю, дэкаратыўнасцю, ігрой на кантрастах, жывапіснасцю, зашыфраванасцю. Прыхільнікі барока любілі выкарыстоўваць незвычайную метафарычнасць, алегорыю, эмблему, сімвал, рэмінісцэнцыі з антычнасці. У стылі барока пісалі П. Кальдэрон, Цірсо дэ Маліна, Т. Таса. Відным прадстаўніком барока быў беларус Сімяон Полацкі.

Ракако як напрамак і стыль транфармавалася з барока, яно адметнае сваёй камернасцю, інтымнасцю, геданізмам. Прадстаўнікі ракако тварылі ў жанрах элегіі, экспромта, пастаралі, у прозе панаваў так званы “галантны раман”, у драматургіі – камедыя масак. Прыхільнікамі ракако былі Ж. Грэкур, Э. Парні, П. Марыво, А. Сумарокаў, Г. Дзяржавін, К. Бацюшкаў, малады А. Пушкін.

Пасля Французскай буржуазнай рэвалюцыі 1789–1794 гг., калі яскрава выявілася роля народа ў гістарычных падзеях і аказалася няжыццяздольнай тэорыя аб магчымасцях розуму ў працэсе ўдасканалення чалавека і пабудовы лепшага грамадства, пачалі адбывацца змены і ў грамадстве, і ў сферы культуры. Феадалізм пачаў саступаць новым, буржуазным адносінам, а ў мастацтве намеціліся змены ў бок яшчэ большай увагі да духоўнай сферы, да ўнутранага свету чалавека.

С е н т ы м е н т а л і з м

У другой палове XVIII ст. у краінах Заходняй Еўропы пачаў фарміравацца метад сентыменталізму. Яго найменне звязана з назвай надрукаванага ў 1768 г. рамана англійскага пісьменніка Л. Стэрна “Сентыментальнае падарожжа”. Сентыменталізм – метад, які існаваў у Заходняй Еўропе з 1720-х па 1780-я г. Сентыменталісты ўпершыню пачалі апісваць у сваіх творах унутраны свет чалавека. Галоўным яны лічылі не розум, а пачуцці. Персанажы ў творах сентыменталістаў індывідуалізаваныя, здольныя суперажываць. Сентыменталісты не надавалі вялікага значэння становішчу чалавека ў грамадстве, іх увагу прываблівалі людзі з народу, блізкія да прыроды. У іх творах упершыню галоўнымі героямі сталі сяляне, прасталюдзіны. Сямейныя, сяброўскія адносіны, інтымны свет пачуццяў – вось кола тэм пісьменнікаў-сентыменталістаў. Свет гэты часта ідылічны, умоўны, адгароджаны ад грамадскіх падзей. Сентыменталістам былі блізкія ідэі Асветніцтва, але яны пайшлі далей, увялі ў літаратуру простага чалавека, дэмакратызавалі яе. Найбольш выдатнымі прадстаўнікамі сентыменталізму ў Англіі былі Лоранс Стэрн, Самуэл Рычардсон, Томас Грэй, Олівер Голдсміт, Джэймс Томсан, Эдуард Юнг, у Францыі Жан Жак Русо.

У Расіі сентыменталізм існаваў з канца XVIII да пачатку XIX ст. Ён развіваўся пад уплывам заходнееўрапейскіх сентыменталістаў. Пераклады іх твораў, асабліва раманаў Рычардсона “Памела”, “Кларыса”, “Гісторыя сэра Чарльза Грандысона” выклікалі ў Расіі вялікую цікавасць, пра захапленне імі згадваецца ў “Евгении Онегине” А. Пушкіна. Найбольш выдатным прадстаўніком сентыменталізму ў Расіі быў М. Карамзін. Яго “Письма русского путешественника”, аповесць ”Бедная Лиза”, напісаныя пад уплывам твораў Русо, у сваю чаргу выклікалі нямала прыпадабненняў. Аддалі даніну сентыменталізму таксама В. Жукоўскі, М. Гнедзіч, М. Мураў’ёў, М. Хераскаў.

Беларускі сентыменталізм яскрава прадстаўлены ў творах Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Чачота.

Р а м а н т ы з м

Перадумовы рамантызму зарадзіліся ў сентыменталізме, некаторыя літаратуразнаўцы нават вылучаюць яго познюю разнавіднасць – перадрамантызм, называюць найбольш тыповых паслядоўнікаў: Т. Часцертона, Дж. Макферсона, А. Радкліф.

Калі зыходзіць з самога паняцця “рамантыка”, якое дало назву адпаведнай эстэтычнай катэгорыі і новаму мастацкаму метаду, то як светаадчуванне, пранікнутае ідэалізацыяй рэчаіснасці, летуценнасцю, сузіральнасцю, як узвышаны стан душы, імкненне да незвычайнага, пачуцці і паводзіны, процілеглыя прагматычным, прыземленым, – рамантызм быў уласцівы чалавечай натуры са старадаўніх часоў. Зразумела, што рамантычныя парыванні асобы і ў мастацтве здаўна знаходзілі адлюстраванне. Рамантычныя характары можна сустрэць яшчэ ў антычнай літаратуры – у трагедыях, лірыцы, паэмах Гамера. Рамантызм прысутнічаў у песнях меннезінгераў, рыцарскіх раманах. Пісьменнікі Адраджэння скарыстоўвалі рамантычныя формы – казачныя матывы, сімвалы. Шэкспір вывеў рамантычных герояў у некаторых сваіх трагедыях. Рамантычнасць як адлюстраванне захопленага высокімі парываннямі душы стану думак і пачуццяў ніколі не выпадала з поля зроку творцаў, жыла і жыве ў літаратуры.

Рамантызм як мастацкі метад нарадзіўся ў канцы XVIIІ – першай чвэрці XIX ст. Храналагічныя межы яго досыць цяжка вызначыць. Нягледзячы на тое, што Асветніцтва ўжо зрабіла спробу адысці ад строгай рэгламентаванасці ў творчасці класіцыстаў, аднак менавіта рамантыкі канчаткова пахавалі класіцызм. Яны рашуча выступілі супраць тэорыі трох адзінстваў. Прэм’ера напісанай у духу рамантызму драмы В. Гюго “Эрнані” 25 лютага 1830 г. ў парыжскім тэатры “Камеды Франсэз”, якая абурала аматараў звыклых класіцыстычных сюжэтаў рамантычным пафасам, незвычайнасцю сюжэту, бунтарскім характарам галоўнага героя, выклікала ў зале буру супярэчлівых эмоцый: воклічы абурэння абаронцаў старога і крыкі захаплення маладых прыхільнікаў новага метаду. У антрактах спрэчкі даходзілі да сутычак. Гэты спектакль знаменаваў сабой пачатак станаўлення рамантызму ў Францыі, дзе традыцыі класіцызму былі найбольш трывалымі. У далейшым у ліку французскіх рамантыкаў былі А. Мюсэ, Т. Гацье, А. Віньі, Б. Канстан, Ф. Шатабрыян, Ж. Нарваль. Аднак варта нагадаць, што нарадзіўся рамантызм у Германіі ў асяроддзі пісьменнікаў і філосафаў так званай йенскай школы, самымі вядомымі з якіх былі браты Ф. і А. Шлегелі, Людвік Цік, Наваліс. Рамантыкамі ў Германіі выступалі Л. Арнім і Брэнтана, браты Я. і В. Грым, Ф. Гёльдэрлін. Найбольш вядомымі і паслядоўнымі прыхільнікамі рамантызму ў Англіі былі Дж. Байран і П. Шэлі. Менавіта іх творы абудзілі рамантызм у Польшчы, Беларусі, Расіі, імі захапляліся А. Пушкін, М. Лермантаў, А. Міцкевіч, Ю. Славацкі.

Характэрныя рысы рамантызму: сцвярджэнне перавагі духоўнага над матэрыяльным, адлюстраванне жыцця ў рэзкіх кантрастах, на супрацьпастаўленні высокага, духоўнага і нізкага, пачварнага. Рамантычны герой звычайна маляваўся як адзінокі летуценнік або бунтар. Ён пакутваў ад неразумення грамадствам яго душэўных памкненяў, прагнуў свабоды, незалежнасці. Улюбёнымі жанрамі эпохі рамантызму былі трагедыя, паэма, элегія, навела.

У Расіі рамантызм з’явіўся ў пачатку XIX ст., ён быў звязаны з патрыятычным уздымам пасля перамогі над Напалеонам, пад яго ўплывам аказаліся паэты-дзекабрысты К. Рылееў, В. Кюхельбекер, А. Адоеўскі, а таксама В. Жукоўскі, П. Вяземскі, Д. Давыдаў, В. Баратынскі. Рамантызм як метад у Расіі сцвердзіўся ненадоўга. А. Пушкін, які перажыў захапленне рамантызмам у ліцэйскі перыяд, ужо ў “Евгении Онегине” здзекліва смяяўся з яго, вывеў амаль што карыкатурны вобраз паэта-рамантыка – Ленскага, сам жа ў гэтым творы заклаў падмурак рускага рэалізму. Але ўсё ж вяршыняй рускага рамантызму стала творчасць яго наступніка – М. Лермантава. Рамантызм найбольш яскрава выявіўся ў яго паэзіі. А ў прозе ён ужо быў выцеснены рэалізмам. “Герой нашего времени” М. Лермантава з яго глыбокім псіхалагізмам, спавядальнасцю, аб’ектыўнасцю раскрыцця характараў персанажаў ужо знаходзіцца ў рэчышчы рэалізму. А апошняй яго праявай у паэзіі стала лірыка Ф. Цютчава. Як адзін з тыпаў мастацкай творчасці рамантызм нязменна прысутнічае ў літаратуры, уяго рэчышчы створана нямала выдатных узораў у лірыцы, існуе шмат персанажаў, якія жывуць у свеце высокіх духоўных і маральных інтарэсаў

Рамантызм як метад меў шэраг напрамкаў, сярод іх – класічны рамантызм і неарамантызм. Сярод рамантыкаў пазнейшых часоў – А. Блок, малады Максім Горкі, А. Багрыцкі, А. Грын, М. Святлоў, П. Коган, Янка Купала, М. Багдановіч, У. Караткевіч...

Р э а л і з м

Рэалізм выявіўся як метад, што сцвярджае гуманістычныя ідэалы, праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці літаратурай, яе сацыяльную скіраванасць. Для яго характэрны пашырэнне цікавасці да ўнутранага свету чалавека, псіхалагізм. У літаратуры рэалізму адсутнічае падзел на чыста станоўчых і адмоўных персанажаў, чалавек паказваецца ва ўсёй складанасці свайго ўнутранага свету. Жыццёвая праўда, усебаковае асвятленне грамадскага і асабістага ў жыцці персанажаў стала вызначальнай рысай новага метаду.

Рэалізм прыйшоў на змену рамантызму таксама ў выніку рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе. Новы напрамак сцвердзіўся на крытыцы існуючых парадкаў, вось чаму яго называлі крытычным. Пісьменнікі рэалісты ў сваіх творах тлумачылі сацыяльныя супярэчнасці ў жыцці персанажаў не эмоцыямі, страсцямі, а ўплывам грамадства, сацыяльнага асяроддзя. У рэалістычным мастацтве аб’ектам адлюстравання стала чалавечае жыццё ва ўсёй яго складанасці. На змену багам і героям, рамантычным летуценнікам і бунтарам, якія жылі выключна ў сферы высокіх духоўных інтарэсаў, прыйшлі звычайныя людзі, якія дзейнічаюць не ў выключных абставінах, а ў паўсядзённасці. У мастацкіх творах раскрываліся ва ўсёй паўнаце людскія характары, ідэальнае саступіла месца рэальнаму. Паглыбіўся аналіз грамадскіх адносін персанажаў, аб’ектыўная матывіроўка іх паводзін тлумачылася сацыяльна-гістарычнымі і псіхалагічнымі прычынамі. Больш яскрава ў XIX ст. праявіліся класавыя супярэчнасці капіталізму. Рэзкая, смелая крытыка існуючага дзяржаўнага ладу, тагачасных эканамічных і сацыяльных адносін грунтавалася ў пісьменнікаў-рэалістаў на глыбокім спасціжэнні рэчаіснасці, раскрыццю яе ўнутраных супэрэчнасцей. Класіцысты не апускаліся да апісання жыцця простанароддзя, іх цікавілі выключна багі і выдатныя асобы, рамантыкі малявалі выключных асоб, а рэалісты пачалі адлюстроўваць жыццё ва ўсіх яго складаных праявах, вывелі ў сваіх творах звычайных людзей, паказалі іх не ў выключых абставінах, а ў паўсядзённасці іх існавання. На змену гераізацыі, ідэалізацыі персанажаў прыйшла тыпізацыя. Ф. Энгельс вызначыў яе так: “…рэалізм падразумявае, акрамя праўдзівасці дэталяў, праўдзівасць узнаўлення тыповых характараў у тыповых абставінах”. Тыпізацыя адразу ўзняла мастацкую творчасць на новы ўзровень, яна выклікала ў чытача прагу суперажывання героям, імкненне быць падобнымі да іх.

У творах пісьменнікаў рэалістычнага метаду ўзмацнілася псіхалагічнае напаўненне характараў, раскрыццё іх унутранага свету стала галоўнай задачай пісьменнікаў. Псіхалагізм, аб’ектыўнасць адлюстравання жыцця, гістарызм мыслення, сацыяльная абумоўленасць, тэндэнцыйнасць у абмалёўцы падзей – характэрныя прыкметы рэалістычнага метаду.

Першыя творы рэалістычнага зместу паявіліся яшчэ ў часы панавання рамантызму. Рамантык В. Гюго тварыў пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Францыі ў сваіх позніх творах ужо ў духу рэалізму. Яго раманы “Адвержаныя”, “Працаўнікі мора”, “Чалавек, які смяецца”, “Дзевяноста трэці год” пазначаны выразнымі рэалістычнымі рысамі. Прадстаўнікі рэалізму ў Заходняй Еўропе − Ф. Стэндаль П. Мерыме, А. Бальзак, Г. Флабер.

У Расіі, маладая літаратура якой пад уплывам заходнееўрапейскай развівалася надзвычай паскорана, класіцызм, сентыменталізм, рамантызм і рэалізм пашырыліся ў пачатку XIX ст. Яшчэ тварыў класіцыст Дзяржавін, а ў гэтыя ж часы ў літаратуры выступілі сентыменталіст і рамантык В. Жукоўскі, рэалісты І. Крылоў і А. Грыбаедаў. З усіх еўрапейскіх краін у развіцці рэалізму найбольшыя дасягненні належаць рускім пісьменнікам у XIX ст., якое было названа стагоддзем рускай літаратуры. Каля вытокаў рускага рэалізму стаяць І. Крылоў і А. Грыбаедаў. Але самы магутны штуршок развіцц







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 1773. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Дренирование желчных протоков Показаниями к дренированию желчных протоков являются декомпрессия на фоне внутрипротоковой гипертензии, интраоперационная холангиография, контроль за динамикой восстановления пассажа желчи в 12-перстную кишку...

Деятельность сестер милосердия общин Красного Креста ярко проявилась в период Тритоны – интервалы, в которых содержится три тона. К тритонам относятся увеличенная кварта (ув.4) и уменьшенная квинта (ум.5). Их можно построить на ступенях натурального и гармонического мажора и минора.  ...

Понятие о синдроме нарушения бронхиальной проходимости и его клинические проявления Синдром нарушения бронхиальной проходимости (бронхообструктивный синдром) – это патологическое состояние...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит...

Кран машиниста усл. № 394 – назначение и устройство Кран машиниста условный номер 394 предназначен для управления тормозами поезда...

Приложение Г: Особенности заполнение справки формы ву-45   После выполнения полного опробования тормозов, а так же после сокращенного, если предварительно на станции было произведено полное опробование тормозов состава от стационарной установки с автоматической регистрацией параметров или без...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.013 сек.) русская версия | украинская версия