Студопедия — З гісторыі літаратуразнаўства
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

З гісторыі літаратуразнаўства






1.2.1. Замежнае літаратуразнаўства.

Першыя спробы тэарэтычнага асэнсавання мастацкай творчасці ў слове рабіліся яшчэ ў фальклорны перыяд існавання літаратуры. Калі з’явіліся першыя ўзоры народнай мастацкай творчасці, тады ж ім былі самім народам дадзены і адпаведныя найменні. Ужо тады кожны мог адрозніць казку ад падання, прыказку ад загадкі, замову ад частушкі. Яшчэ не задумваючыся над асаблівасцямі першых створаных народнымі талентамі ўзораў фальклору, людзі разбіраліся ў іх жанравых разнавіднасцях, маглі ацаніць іх якасць, заўважыць памылкі, адхіленні ад устаноўленых канонаў. Першыя спробы тэарэтычных абагульненняў, заснаваных на аналізе і ацэнцы створанага таленавітымі прадстаўнікамі народа ў сферы мастацкага слова былі зроблены ў вуснай форме, але не былі тады яшчэ асэнсаваны і абагулены тэарэтычна. Асэнсаванне чалавекам сябе ў свеце спачатку ішло ў агульным рэчышчы асваення ведаў аб свеце, спроб іх ацэнкі. Практыка творчасці ў слове пазней стала прадметам вывучэння ў сферы філасофіі, эстэтыкі, рыторыкі, паэтыкі, крытыкі, з’яўлялася непадзельнай часткай навукі аб свеце.

Асновы літаратуразнаўчых уяўленняў і ведаў, першапачатковыя тэарэтычныя палажэнні, якія абагульнялі вопыт творчасці ў слове, тым не меней, закладваліся яшчэ ў міфах, дзе адбіліся пэўныя спробы запачаткаваць асновы дыферэнцыяцыі мастацтваў. Разважанні і меркаванні аб пэўных відах творчасці сустракаюцца ў найстарадаўнейшых помніках – у індыйскіх “Ведах” (Х--ІІ ст. да н. э.), у кітайскай “Кнізе паданняў” («Шуцзін», ХІІ--У ст. да н. э.), у старажытнагрэчаскіх паэмах “Іліядзе” і “Адысеі”.

Слова “веды” на беларускай мове тлумачыцца без перакладу, яно абазначае тое самае, што і ў індыйскай міфалогіі, дакладней – вышэйшыя духоўныя веды, а ўваходзячыя ў іх творы разглядаюцца ў індуісцкай рэлігіі як вечна існуючыя ісціны, выказаныя вышэйшай сілай, багамі. У склад “Ведаў” уваходзілі творы ў вершах і прозе, гімны багам, легенды, прытчы, дыдактычныя парады і філасофскія каментарыі. У іх нямала разважанняў аб мастацтве, у тым ліку літаратуры і тэатры. У Індыі пытанні тэорыі мастацтва разглядаліся таксама ў санскрыцкіх паэтыках, якія даследавалі паэзію як творчасць у слове, вось чаму індыйская паэтыка так цесна звязана з філасофіяй і тэорыяй мовы. Аналіз паэтычнай мовы быў у ёй цесна спалучаны з даследаваннем найбольш агульных законаў мовы. Ужо ў трактаце Бхамані (VII cт.) ёсць главы, прысвечаныя апрацоўцы правіл граматыкі, а яго наступнік Вамана, пералічваючы навукі, важныя для паэта, адзначае, што ”пачаткам усяму служыць паданне аб законах мовы – граматыка”. Прызнавалася індыйскімі тэарэтыкамі і непадзельнае адзінства слова і сэнсу. Слова “паэзія” тлумачылася імі як тое, што валодае гукавай і сэнсавай прыгажосцю. У старажытнаіндыйскай літаратуры яшчэ не вылучаліся аўтары твораў. Гімны “Рыгведы”, індыйская рэлігійная проза (“Упанішады”) паводле уяўленняў індыйцаў стваралі прарокі і мудрацы, якіх натхняў сам бог, Будда. Тое, што створана вышэйшымі сіламі, не падлягала ацэнцы.

У старажытным Кітаі першым паэтам, аўтарам “Чускіх радкоў”, якія яшчэ пэўным чынам залежалі ад фальклорнай “Кнігі паданняў”, быў Цюі Юань (340 -- 278 гг да н.э). Услед за ім ішла цэлая плеяда вялікіх паэтаў: Тао Цянь (Тао Юаньмін), Се Ліньюнь, Се Цяо, пазней – Лі Бо, Ду Фу, Лю Цзунюань, Мэн Хаожань. Кітайская літаратурная мова была рэфармавана славутым дзеячом культуры Хань Юем (768 – 824 гг.). Не дзіўна таму, што менавіта ў Кітаі зарадзіліся літаратурная крытыка і тэорыя літаратуры – трактаты Шэнь Юэ (441—513 гг.) “Аб чатырох тонах”, Лю Се (каля 466—520 гг.) “Разны дракон літаратурнай душы” і Чжун Жуна “Класы паэзіі”. Паэт і вучоны Шэнь Юэ абагульніў вопыт створанага да яго, распрацаваў прынцыпы больш позняга класічнага вершавання ў Кітаі. Лю Се не толькі прааналізаваў вопыт паэтаў-папярэднікаў, але і заклаў падмурак кітайскага літаратуразнаўства, яго думкі і тэарэтычныя развагі аказалі вялікі ўплыў на далейшае развіццё як кітайскай паэзіі, так і на тэарэтычныя досведы наступнікаў. Свае асноўныя палажэнні ў літаратуразнаўстве ён грунтаваў на ідэі “дао”. Гэтак жа, як “дао” (шлях) разумелася ў кітайскай міфалогіі адвечным законам быцця, рухаючай сілай сусвету, напісанае творцам ён лічыў выяўленнем гэтай абсалютнай ідэі. Літаратурныя з’явы ён звязваў з рэчаіснасцю, высока цаніў ролю аўтара ў адлюстраванні праяў жыцця, лічыў, што літаратура павінна быць змястоўнай. Лю Се жыў пры імператарскім двары, займаўся выхаваннем будучага манарха Сяо Туна (501—531 гг.), які творча засвоіў думкі свайго настаўніка і пазней склаў анталогію кітайскай паэзіі – “Літаратурны зборнік”. У трактаце Чжун Жуна (каля 469—518 гг.) “Класы паэзіі” (“Катэгорыі вершаў”) творчасць ста дваццаці паэтаў Кітая разглядаецца з крытычных пазіцый Што да тэорыі, то яна выступае ў трактаце як аснова для падзелу аналізуемых твораў на тры катэгорыі – вышэйшую, сярэднюю і ніжэйшую – паводле ступені іх майстэрства. Чжун Жун увёў таксама ва ўжытак паняцце падтэксту, якое было яму неабходна для аналізу асаблівасцей нацыянальнай паэзіі.

Праблемы мастацтва як сродку сувязі паміж пакаленнямі цікавілі філосафаў Сярэдняга і Бліжняга Усходу. “Трактат аб канонах мастацтва паэзіі” Фарабі (IХ--Х ст.) быў прысвечаны разгляду паэтычнай мовы. Паводле Ібн-Сіны (Х--ХI ст.) паэтычная мова адрозніваецца ад пазнавальных выказванняў тым, што дзейнічае на ўяўленне. Ібн-Сіна і музыку выводзіў з інтанацыйных асаблівасцей паэтычнай мовы. Арабскія вучоныя-філолагі (Ібн-аль Мутаз, Ібн Кутайба, Кудаль бну-Джафар) займаліся распрацоўкай пэўных праблем паэтыкі, звярталі асаблівую ўвагу на асаблівасці мовы паэзіі. Іх асабліва цікавілі такія паняцці, як “сімвал” і “алегорыя”, таму што сімвалізм і алегарычнасць выступалі важнымі складнікамі тагачаснай эстэтычнай свядомасці.

У Еўропе першыя тэарэтычныя палажэнні ў сферы мастацкай літаратуры распрацоўваліся антычными мыслярамі. Вытокі антычнай літаратуры – з багатай фальклорнай спадчыны, міфаў і паданняў. Нават першых аўтараў яшчэ міфалагізавалі. Лічылася, нібыта бацькамі першага грэчаскага паэта Арфея былі муза Каліопа і фракійскі цар Эагр, Філамона – Апалон і німфа, а Гамера прыпадабнялі да народных спевакоў, адмаўлялі яму ў аўтарстве. Першая ж канкрэтная дата стварэння верша – 6 красавіка 648 года да нашай эры _– устаноўлена паводле ўпамінання сонечнага зацмення, пра якое менавіта ў гэты дзень напісаў верш грэчаскі паэт Архілох.

Першыя спробы растлумачыць сутнасць мастацтва, вызначыць яго ролю ў грамадстве былі зроблены спачатку ў саміх мастацкіх творах. У паэмах Гамера “Іліяда” і “Адысея” ёсць думкі аб сувязі мастацтва і жыцця, аб тым, што прыгажосць -- богададзеная, галоўнымі мастакамі з’яўляюцца багі. Гесіод прыйшоў да асэнсавання паняцця “натхненне”, ён просіць муз натхніць яго. Першыя спробы ацэнкі твораў папярэднікаў праявіліся ў пародыі, адна з першых, што дайшла да нас, – паэма “Вайна мышэй і жаб”, якая высмейвала гераічны эпас. У камедыі Арыстафана “Жабы” ў парадыйнай форме крытыкуюцца трагедыі Эсхіла і Эўрыпіда. Грэчаскія філосафы распачалі асэнсавання праблем эстэтыкі, у тым ліку і эстэтыкі літаратуры. Ксенафонт (каля 430--350 гг. да н. э.) разважае пра ідэальнае і цудоўнае ў мастацтве, выводзіць ідэю карыснснасці, прыгажосці і кахання, малюе вобраз ідэальнага героя. Платон ((427--347 гг. да н. э.), які стварыў першы ўзор філасофіі ідэалізму, у цэлым негатыўна ацэньваў мастацтва, лічыў, што яно толькі прыпадабняецца да рэчаіснасці, далёкае ад яе. Платон разгледзеў гнасеалагічную прыроду мастацтва, яе выхаваўчую функцыю, вызначыў некаторыя паняцці тэорыі літаратуры, перш за ўсё падзел яе на тры роды – эпас, лірыку і драму.

Вучань і паслядоўнік Платона паэт і філосаф Арыстоцель (384--322 гг. да н. э.) выдзеліў літаратуразнаўства з філасофіі, заклаў падмурак чыста літаратуразнаўчых дысцыплін – тэорыі літаратуры, стылістыкі і паэтыкі. На падставе тагачаснага набытку грэчаскай мастацкай літаратуры ён у сваіх трактатах “Аб мастацтве паэзіі”, “Метафізіка” і “Рыторыка” выклаў першае сістэматычнае вучэнне аб паэтыцы. Арыстоцель, як і Платон, разглядаў паэзію як прыпадабненне, але як прыпадабненне творчае, якое дае права на вымысел; ён лічыў, што паэт паказвае не бледныя копіі ідэй, а рэальныя з’явы. На першы план сярод розных відаў творчасці ў слове Арыстоцель вылучаў паэзію, сярод жанраў ён асаблівае значэнне надаваў трагедыі. Сярод паняццяў, уведзеных Арыстоцелем ва ўжытак, былі перыпетыя і пазнаванне, завязка і развязка, фабула, характар, прынцып адзінства дзеяння. Арыстоцель распаўсюдзіў на жанр трагедыі філасофскае паняцце “кáтарсіс”, што ў яго разуменні азначала ачышчэнне душы, разрадку пры дапамозе “падобных афектаў” (пачуццяў): калі чалавек глядзіць трагедыю, то ён, перажывае разам з яе персанажамі, спачувае ім і пазбаўляецца ад заганнага ў сабе, зведвае маральную палёгку. Арыстоцель сфармуляваў прынцыпы кампазіцыі, развіў прынцып падзелу літаратурных твораў на тры роды. Трактаты Арыстоцеля мелі вельмі вялікае значэнне, яны аказалі ўплыў на далейшае развіццё эстэтыкі, у тым ліку і эстэтыкі літаратуры.

У часы антычнасці нароўні з эстэтыкай і паэтыкай вялікую папулярнасць мела рыторыка, яна таксама атрымлівала сваё тэарэтычнае вытлумачэнне, дзе мелі месца такія літаратуразнаўчыя катэгорыі, як кампазіцыя, выбар вобразных сродкаў, стыль, эмацыянальнасць. Арыстоцель вызначаў рыторыку як мастацтва пераконвання, лічыў, што рыторыка блізкая да мастацкай творчасці тым, што яна вучыць карыстацца мовай, дае прастор для творчага ўяўлення. У межах тэарэтычнай рыторыкі фарміравалася тэорыя мастацкай прозы і стылістыкі. Арыстоцель вядомы і як літаратурны крытык. Ён выдатна ведаў грэчаскую літаратуру, міфалогію, даў свае ацэнкі творчасці як сучаснікаў, так і папярэднікаў. Адным з улюбёных аўтараў у яго быў Гамер, якому ён прыпісваў усё самае каштоўнае ў грэчаскай паэзіі. У сваіх крытычных разважаннях Арыстоцель карыстаўся выпрацаванымі ім крытэрыямі ацэнкі якасці літаратурных твораў.

У Старажытным Рыме адным з выдатнейшых тэарэтыкаў мастацтва быў паэт і філосаф Гарацый (65--8 гг. да н. э.). Свае погляды на паэзію ён выявіў не толькі ў вершах і одах, але ў вершаваным трактаце “Паэтычнае мастацтва”, больш вядомым пад назвай “Пасланне да Пізонаў”. У ім выкладзена яго вучэнне аб прынцыпах паэзіі, важнейшымі з якіх ён лічыў прастату, цэльнасць, адзінства часткі і цэлага, формы і зместу, вернасць прадмету адлюстравання, адсутнасць усяго, што ўяўляецца лішнім і празмерным. Асабліва падрабязна распрацоўваў Гарацый тэорыю драмы, дзеля чаго нават зрабіў кароткі агляд яе гісторыі. Ён вельмі патрабавальна ставіўся да мастацкай якасці літаратурнага твора, лічыў, што ён павінен выспець, што лепей ён дзевяць гадоў будзе чакаць запісу, а то і зусім не будзе запісаны, чым застанецца неадпрацаваным як след. Высока ставіў Гарацый літаратурную крытыку як сродак удасканалення твора. Ён лічыў, што незалежны, смелы крытык, які аб’ектыўна ацэньвае напісанае, адзначае недахопы, не вораг, а лепшы сябра паэта. Паэтыка Гарацыя мела вялікі ўплыў на развіццё тэарэтычных поглядаў у больш познія часы, асабліва ў Сярэднявеччы.

У элліністычную эпоху (3--2 ст. да н. э.) літаратуразнаўства пачало аддзяляцца ад філасофіі і нават стала фарміраваць уласныя дапаможныя дысцыпліны. Сярод іх – бібліяграфія (“Табліцы” Калімаха – правобраз літаратурнай энцыклапедыі), тэксталогія – вывучэнне тэкстаў на прадмет устанаўлення іх арыгінальнасці або другаснасці, каменціраванне і выданне раней створаных тэкстаў (Зенадот Эфескі, Арыстафан Візантыйскі, Арыстарх Самафракійскі).

Для эстэтычнай думкі ранняга Сярэднявечча было характэрным выкарыстанне з набыткаў антычнасці пераважна рыторыкі. Раннехрысціянскія багасловы-філосафы надавалі важнае значэнне мове як сродку ўздзеяння на вернікаў, а таксама як інструменту для вытлумачэння Бібліі. Тэалогія не спрыяла развіццю філасофіі і эстэтыкі, аднак пэўны працяг навука аб мастацтвах мела і ў раннім Сярэднявеччы. Ўсё ж у працах Абеляра, Блажэннага Аўгусціна, Роджэра Бэкана, Фамы Аквінскага адчуваецца імкненне скарыстаць вопыт антычных тэарэтыкаў, у тым ліку і ў сферы эстэтыкі. У рамках тэалогіі побач з асіміляцыяй неаплатанізму і арыстоцелізму вялася і распрацоўка пытанняў, звязаных з літаратуразнаўствам.

Эпоха Адраджэння спрыяла ажыўленню цікавасці да антычнасці, развіццю думак, выказаных Арыстоцелем, Гарацыем і іншымі філосафамі, паяўляюцца паэтыкі, у якіх адчуваецца іх уплыў: “Паэтыка” Скалігера, тлумачэнні па паэтыцы Т. Таса – “Разважанне аб паэтычным мастацтве”, паэтыкі Л. Касцельветра, Дж. Трысіна. Аднак у гэтых і іншых паэтыках распрацоўваюцца і праблемы, звязаныя з тагачаснай мастацкай літаратурай, у прыватнасці, сцвярджаецца прыдатнасць новаеўрапейскіх моў для напісання паэтычных твораў: трактат Дантэ “Аб народнай мове”, “Абарона і праслаўленне французскай мовы” Дзю Беле, “Абарона паэзіі” Ф. Сідні. Паявіліся трактаты, у якіх разглядалася творчасць сучаснікаў, сярод іх самыя вядомыя – трактат Д. Бакачыо “Жыццё Дантэ Аліг’еры”, яго лекцыі аб “Боскай камедыі”. У творчасці выдатных прадстаўнікоў літаратуры часоў Адраджэння – Сервантэса, Шэкспіра, Лопэ дэ Вега адбіліся культ чалавека, імкненне да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці. Пэўныя творчыя прынцыпы сярэднявечных аўтараў выказаны ў іх творах, укладзены ў вусны персанажаў. Сервантэс у “Дон Кіхоце” сцвярджаў, што “камедыя павінна быць люстрам жыця чалавечага, узорам нораваў і ўвасабленнем ісціны”.

З канца ХIV ст. і пазней, у эпоху класіцызму, стала ўсё больш выяўнай тэндэнцыя да сістэматызацыі законаў мастацтва. Самы аўтарытэтны тэарэтык класіцызму французскі паэт Нікола Буало (1636—1711 гг.) ў вершаваным трактаце “Паэтычнае мастацтва”, які і сваёй назвай і ўзорам меў “Пасланне да Пізонаў” Гарацыя, абагульніў думкі прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў тэарэтыкаў класіцызму. Тэарэтычныя прынцыпы класіцызму ён сістэматызаваў, звёў разам, усебакова і поўна абагуліў, выпрацаваў правілы трох адзінстваў драматычнага твора: часу, месца і дзеяння. Эстэтыка класіцызму наследавала матэрыялістычным традыцыям антычнасці і Адраджэння. Таму ў трактаце Буало эстэтычная тэорыя яшчэ насіла саслоўны і дагматычны характар, класіцызм быў насычаны міфалагічнымі матывамі, патрабаваў ведання антычнай культуры, быў далёкі ад народа. Чатыры песні паэмы склалі строгі звод правіл, якіх павінны былі, на яго думку, прытрымлівацца ўсе паэты. У першай з іх Буало ўстанаўлівае агульныя прынцыпы паэзіі, разважае пра вершаванне, стыль, кампазіцыю твора, а таксама ў сціслай форме выкладае гісторыю французскай літаратуры. У другой ён апісвае асноўныя жанры тагачаснай паэзіі, рэзка аддзяляе іх адзін ад аднаго, падпарадкоўвае строгай іерархіі. У трэцяй – разбірае асаблівасці трагедыі, эпічнай паэмы і камедыі. У чацвёртай Буало ставіць праблему пісьменніцкай этыкі, сцвярджае грамадзянскасць літаратуры, гаворыць аб маральнай адказнасці творцы. Устаноўленыя ў “Паэтыцы” прынцыпы Буало скарыстоўвае і падчас ацэнкі сучаснай яму мастацкай літаратуры. Буало быў першым у еўрапейскай літаратуры крытыкам. Сам яго трактат аб паэзіі – твор палемічны, у ім Буало разглядае творы Скарона, Мальера, Лафантэна і іншых тагачасных творчаў у святле сваіх поглядаў.

“Паэтычнае мастацтва” Буало аказала вялікі ўплыў на літаратуру эпохі класіцызму не толькі ў Францыі, але і далёка за яе межамі, яго ідэі былі ўспрыняты Вальтэрам, Мармантэлем, Готшэдам, рускімі паэтамі Кантэмірам і Сумарокавым. Створаная Буало стройная сістэма жанравых, стылістычных, моўных формаў доўга была ўзорнай, аднак яе замкнутасць і абавязковасць з цягам часу стала тармазіць далейшае развіццё літаратуры. Як самі паэты, так і тэарэтыкі пачалі выступаць супраць строгай рэгламентаванасці, нарматыўнасці ў творчасці.

У эпоху Асветніцтва былі зроблены значныя крокі наперад у развіцці эстэтычнай думкі. Тэорыя літаратуры ў XVIII ст. абапіраецца на дасягненні ў сферы эстэтычнай думкі такіх вядомых вучоных і філосафаў як Дзідро, І. Гердэр, Э. Кант. Разам з тым тэарэтычнымі пытаннямі займаліся і самі творцы, сярод іх Лесінг, Шылер, Гётэ. На змену класіцызму ішоў рэалізм, яго тэарэтычнае абгрунтаванне якраз і было зроблена ў 50--60-я гг. XVIII ст. Менавіта ў гэты час быў закладзены падмурак тэорыі літаратуры, калі яна ўпершыню аформілася як самастойная навука. У XVIII ст. былі створаны першыя гісторыка-літаратурныя курсы: “Гісторыя італьянскай літаратуры” (1772—82) Дж. Цірабоскі, “Гісторыя англійскай паэзіі” (1774—81) Т. Уортана, “Ліцэй, або Курс старажытнай і новай літаратуры» (1799—1805) Ж. Лагарпа. У літаратурнай крытыцы выступалі Дзідро, Ж. Мармантэль, у Расіі – М.Карамзін. У сферы тэорыі рамантызм быў найбольш поўна абгрунтаваны ў працах Дзідро і Лесінга. Дзідро падверг крытыцы нарматыўную эстэтыку класіцызму, яе каноны. “Няма амаль ні аднаго з гэтых правілаў, праз якое не мог бы з поспехам пераступіць геній”, – сцвярджаў ён. Тэарэтыкі XVIII ст. выступалі супраць наследавання антычным узорам, імкнуліся наблізіць літаратуру да тагачаснага грамадства, зрабіць яе больш дэмакратычнай.

Найбольш яскрава гэта выявілася ў кнігах Лесінга “Гамбургская драматургія” і “Лаакаон”. У апошняй з іх Лесінг рашуча выступіў супраць нарматыўнай паэтыкі класіцызму. Заслуга Лесінга ў сферы тэорыі літаратуры ў тым, што ён абгрунтаваў вучэнне аб дынаміцы і паўнаце адлюстравання жыцця як аб першаасновах паэзіі. Як драматург, аўтар трагедый, ён адстойваў праўдзівасць і прастату тэатральных формаў. Як тэарэтык стварыў першую літаратуразнаўчую працу, у якой паказана спецыфіка паэтычнай творчасці. На канкрэтных прыкладах, супастаўляючы паэзію з жывапісам і скульптурай, ён паказваў, што перавага паэта ў тым, што яму падуладна адлюстраванне як у прасторы, так і ў часе, паказ як станоўчага, так і адмоўнага.

У канцы XVIII ст. абуджэнне цікавасці да звычайнага чалавека, не героя, прывяло да адлюстравання ў літаратуры індывідуалізаваных вобразаў, у тэорыі літаратуры ўзнікла праблема характару, зараджаўся параўнальна-гістарычны метад аналізу. Адчуванне самакаштоўнасці і несувымяральнасці мастацкіх крытэрыяў розных эпох найбольш поўна адлюстравалася ў працах “Шэкспір”, “Ідэі да філасофіі гісторыі чалавецтва” І. Г. Гердэра (1744—1803 гг.), які ўпершыню ўжыў гістарычны падыход да вытлумачэння літаратурных з’яў. Гэрдэр рашуча выступіў супраць тэорыі прыпадабнення, прызнаваў права кожнага творцы на непаўторнасць. Эстэтычныя погляды нямецкага філосафа Э. Канта (1724—1804 гг.), хаця і насілі супярэчлівы характар, аднак пазначылі крок уперад у разуменні спецыфікі эстэтычных поглядаў на творчасць. Кант лічыў, што твор будзе мастацкім толькі тады, калі ў ім падзеі і характары развіваюцца натуральна, нязмушана, не падпарадкоўваючыся зададзеным звонку схемам.

У ХIХ ст. пачаў развівацца жанр гістарычнага рамана, і гэта паўплывала на ўсталяванне гістарычнага падыходу да з’яў рэчаіснасці, адлюстраваных у мастацкіх творах, да разумення іх нацыянальнай своеасаблівасці. Тэарэтыкі і практыкі рамантычнага метаду ў літаратуры таксама прытрымліваліся гістарычнага прынцыпу, падкрэслівалі вечную зменлівасць і абнаўленне ў мастацтве. Шылер у артыкуле “Аб наіўнай і сентыментальнай паэзіі” прапанаваў новую класіфікацыю форм мастацтваў, заснаваную на гістарызме. Гістарычны падыход да мастацтваў ужыў Ф.Шлегель у сваіх “Фрагментах”, а ў дачыненні да гісторыі літаратуры – яго брат А.Шлегель у “Лекцыях аб драматычным мастацтве і літаратуры”. Яшчэ глыбей гістарызм выявіўся ў філасофскіх працах Г. В. Гегеля (1770—1831 гг.), прысвечаных праблемам эстэтыкі. Развіццё мастацтва ён тлумачыў як дыялектычную змену яго форм – сімвалічнай, класічнай і рамантычнай. Гегель з філасофскіх пазіцый ідэалізму разглядаў галоўныя эстэтычныя катэгорыі, выказаў свае погляды на паэтычную вобразнасць, умоўнасць у мастацтве, падзел літаратуры на роды і жанры. Гегель прызнаваў тыпізацыю асноўным прынцыпам мастацкай творчасці. Яго погляды на мастацтва таксама былі рухам наперад у развіцці тэорыі эстэтычнай думкі.

У ХІХ стагоддзі ў пару росквіту капіталізму ў Заходняй Еўропе склаліся спрыяльныя ўмовы для кантактаў літаратур і адпаведна для параўнальна-тыпалагічнага вывучэння літаратур. Складваюцца нават цэлыя літаратуразнаўчыя школы – міфалагічная (браты Я. і В. Грым, К. Юнг), культурна-гістарычная (І. Тэн), кампаратывісцкая (Т. Бенфей), псіхалагічная, структуралісцкая, якія мелі нямала паслядоўнікаў у розных краінах. Значны ўплыў на развіццё літаратуразнаўства ў гэты час мелі эстэтычныя і філасофскія плыні – інтуатывізм і фрэйдызм, а пазней марксізм, ніцшэанства, экзістэнцыяналізм.

У ХХ стагоддзі працэс развіцця літаратуразнаўства стаў сусветным, шматвекавыя перагародкі паміж Захадам і Усходам былі зламаны. Але за гады існавання СССР “жалезная заслона” ідэалагічных установак перашкаджала даследчыкам у Расіі, як і ў іншых рэспубліках, шырокаму знаёмству з філасофіяй і літаратуразнаўствам Захаду, многія накірункі даследаванняў заходнеееўрапейскіх, амерыканскіх вучоных былі аб’яўлены шкоднымі.

 

1.2.2. Расійскае літаратуразнаўства.

Літаратуразнаўства ў Расіі адставала ад заходнееўрапейскага, і гэта было звязана з больш познім пачаткам развіцця рускай літаратуры. Таму характэрна, што першыя навуковыя досведы, звязаныя з мастацкім словам, грунтаваліся на аналізе рускай міфалогіі, а ў працах рускіх даследчыкаў яго Ф. Буслаева і А. Афанасьева адчуваўся ўплыў заходнееўрапейскай міфалагічнай школы. Але Буслаеў ужо адсочваў узаемадзеянне народнай паэзіі з рускімі пісьмовымі помнікамі, а Афанасьеў цікавіўся пытаннем вытокаў рускай міфалогіі.

Пераход ад царкоўнай духоўнай кніжнасці да свецкай літаратуры ў Расіі адбываўся ў пару росквіту заходнееўрапейскага класіцызму. Таму напачатку былі ўспрыняты многія ідэі заходнееўрапейскіх вучоных-класіцыстаў. Рускія пісьменнікі-класіцысты таксама зыходзілі з вопыту сваіх замежных папярэднікаў, засвойвалі і тэарэтычныя устаноўкі класіцызму. Адным з першых на іх адгукнуўся паэт А. Сумарокаў які стаў тэарэтыкам рускага класіцызму. У яго “Эпістале аб вершатворчасці” (1748) адчуваецца ўплыў ідэй “Паэтыкі” Буало. Разам з тым, рускі класіцызм істотна адрозніваўся ад заходнееўрапейскага. Перад рускімі пісьменнікамі паўставалі і многія спецыфічныя задачы. Патрабавалася рэфармаваць рускую мову, вызваліцца ад панавання ў ёй царкоўнаславянізмаў. Наспявала і рэформа ў сферы вершавання. Васіль Трэдзіякоўскі ў сваім трактаце “Новы і кароткі спосаб да складання расійскіх вершаў з вызначэннем для гэтага прыналежных званняў” (1735) паклаў пачатак гэтай рэформе, рашуча выступіў супраць выкарыстання выключна сілабічнага прынцыпа вершавання. Ідэі Трэдзіякоўскага дапоўніў і развіў М. Ламаносаў у трактаце “Пісьмо аб правілах расійскага вершавання”(1739) і ў дзвюх філалагічных працах -- “Рыторыка” (1748) і “Граматыка”. Першая з іх была адзіным на той час даступным адукаванаму чытачу дапаможнікам па пытаннях тэорыі літаратуры і паэтычнай стылістыкі. Другая паказвала магчымасці выкарыстання рускай мовы ў мастацкай творчасці. У завяршальнай працы “філалагічнага цыкла” тэарэтычных трактатаў Ламаносава “Аб карыснасці кніг царкоўных у рускай мове” (1757) было тэарэтычна сфармулявана вучэнне аб трох стылях у рускай мове, дадзена класіфікацыя літаратурных жанраў таго часу.

Дзякуючы рэфармісцкай дзейнасці Ламаносава адбыўся досыць хуткі пераход рускай літаратуры да рамантызму. У творчасці А. Пушкіна, які зведаў яшчэ ўплыў класіцызму, рамантычныя, а затым і рэалістычныя прынцыпы мастацкага выяўлення ўвасобіліся найбольш яскрава. Гэта дало і новы накірунак тэарэтычным развагам. На аналізе творчасці Пушкіна першы рускі крытык Бялінскі разгарнуў абгрунтаванне ролі мастацкай літаратуры ў грамадстве, паказаў значэнне светапогляду аўтара для творчага працэсу. Як тэарэтык літаратуразнаўства ён выступіў у рабоце “Раздзяленне паэзіі на роды і віды” (1841), зрабіў сучаснае яму вытлумачэнне сістэматызацыі літаратуры паводле яе родавай прыналежнасці. Пад уздзеяннем Бялінскага пазнейшая крытыка набыла ў Расіі надзвычайны статус, узнімаючыся нават да палітычнай публіцыстыкі. Гэта пераканаўча засведчыла дзейнасць А. Герцэна, М. Дабралюбава, Дз. Пісарава, М.Чарнышэўскага. Рэвалюцыйна-дэмакратычная крытыка, прадстаўнікамі якой яны з’яўляліся, імкнулася звязаць чыста літаратурныя з’явы з падзеямі ў грамадстве. Дабралюбаў вызначыў галоўны прынцып “рэальнай крытыкі” – аналізаваць літаратурны твор як з’яву самога жыцця, як сродак для вытлумачэння праблем свайго часу.

У сваіх навуковых працах А. Весялоўскі адштурхоўваўся ад даследванняў прадстаўнікоў міфалагічнай школы, але пайшоў далей за іх, займаўся праблемамі генезісу мастацкай творчасці, параўнальнага літаратуразнаўства, вылучыў ідэю аб сінкрэтычным характары першабытнага мастацтва. У сваёй “Гістарычнай паэтыцы” (1906) ён зрабіў спробу расачыць працэс эвалюцыі літаратурных жанраў, а таксама вобразнасці. Другі вядомы рускі філолаг, А. Патабня, таксама звязваў літаратурную творчасць з грамадзянскасцю. У рабоце “З лекцый па гісторыі славеснасці” (1905) ён пісаў: “Патрэбна спачатку жыць у грамадстве, каб недарэмна пісаць для яго”. Патабня стаў родапачынальнікам псіхалагічнай літаратуразнаўчай школы ў Расіі.

У савецкім літаратуразнаўстве актыўна распрацоўваліся пытанні класавасці, партыйнасці, народнасці літаратуры, абгрунтоўваліся праблемы, звязаныя з сацыялістычным рэалізмам, абвешчаным у якасці асноўнага метаду мастацкай творчасці. Многія наватарскія ідэі ў галіне літаратуразнаўства з цяжкасцю прабівалі сабе дарогу. На дзейнасці такіх вучоных, як Д. Ліхачоў, В. Жырмунскі, М. Бахцін, Ю. Лотман, М. Гаспараў, адбілася негатыўнае стаўленне да наватарства, да пошуку новых шляхоў даследавання. Заходняе літаратуразнаўства, такія напрамкі яго развіцця, як структуралізм, семіётыка, асуджаліся як буржуазныя. Не было поўнай і праўдзівай інфармацыі пра дзейнасць замежных вучоных-літаратуразнаўцаў.

У постсавецкі час літаратуразнаўства ў Расіі, як і ў былых рэспубліках СССР, а таксама ў краінах былога сацыялістычнага лагера ў першую чаргу аказалася вымушаным нанава ствараць гісторыі нацыянальных літаратур, папаўняць іх матэрыяламі аб пісьменніках і творах, якія былі пад своеасаблівай негалоснай забаронай, вырашаць пытанні перыядызацыі, па-новаму разглядаць праблемы грамадзянскасці, паэтыкі, аналізу мастацкага твора. Разам з тым адбыўся і пэўны перакос у бок гіпертрафіраванай увагі да літаратуры постмадэрнізму, паралітаратуры, да таго, што і мастацкай літаратурай назваць часам нельга.

 

2.2.3. Беларускае літаратуразнаўства.

Гісторыя беларускага літаратуразнаўства бярэ свой пачатак з часоў Францыска Скарыны. Наш першы асветнік быў не толькі перакладчыкам, друкаром, тэолагам, гравёрам, выдаўцом, але таксама паэтам, публіцыстам, заснавальнікам беларускай літаратуры. Ён распрацоўваў жанры прадмоў і пасляслоўяў, акравершаў-акафістаў, духоўных вершаў. Скарына выпрацаваў падчас перакладу Бібліі свае прынцыпы перакладу мастацкага тэксту, вядучым з якіх быў прынцып даступнасці, зразумеласці твора тагачаснаму чытачу. Ён надаваў вялікае значэнне выхаваўчай ролі кнігі.

Яшчэ да зараджэння новай беларускай літаратуры на беларускай мове на яе працавалі М. Гусоўскі, Я Вісліцкі, А. Міцкевіч, Я. Чачот і многія іншыя, хто пісаў свае творы на лацінскай, польскай ці рускай мове. Невычэрпнай скарбніцай для творцаў многіх і многіх пакаленняў быў багаты беларускіх фальклор. Не дзіўна, што з яго даследавання пачаў першы тэарэтык, які ўнёс уклад у беларускую філалагічную навуку -- акадэмік Яўхім Карскі (1860-1931). У сваёй фундаментальнай чатырохтомнай працы “Беларусы” ён даў апісанне гісторыі беларускага фальклору і пісьменнасці ў сувязі з гісторыяй мовы, этнаграфіі беларускага этнасу.

Са з’яўленнем мажлівасці друку на беларускай мове ў выніку рэвалюцыйных падзей у Расіі ў 1905—1907 гг., першай галіной літаратуразнаўства, якая пашырылася ў Беларусі, была літаратурная крытыка. Заснавальнікамі яе, як гісторыі і тэорыі літаратуры, сталі два геніяльныя Максімы -- Максім Багдановіч (1891—1917) і Максім Гарэцкі (1893—1838). М. Багдановіч пачаў займацца літаратурна-крытычнай дзейнасцю яшчэ ў час навучання ў ліцэі. Яму належаць шматлікія водгукі на творы беларускіх, украінскіх і рускіх аўтараў: “І.Неслухоўскі”, “Глыбы і слаі”, “Краса и сила”, “Памяти Т.Г.Шевченко”, “С.Д.Дрожжин”, “К генеологии одного стихотворения”, “Грицько Чупринка” і інш. Ён пісаў літаратурна-крытычныя даследаванні, гадавыя агляды беларускай літаратуры, нарысы па гісторыі беларускай пісьменнасці: “Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХУІ сталецця”, “За сто лет”, “За тры гады” і інш. Пакінуў Багдановіч свой яскравы след і ў тэорыі літаратуры: “Санет”, “Забыты шлях”, “Поэзия гениального ученого” і інш.

Уклад Багдановіча ў развіццё беларускага літаратуразнаўства ўжо дастаткова вывучаны. Менш мы ведаем пра літаратуразнаўчую дзейнасць аднаго з першых беларускіх савецкіх акадэмікаў, вядомага пісьменніка Максіма Гарэцкага. У ранні перыяд сваёй мастацкай творчасці Гарэцкі пачаў выступаць і з ацэнкай напісанага іншымі як крытык, літаратурны аглядальнік, каментатар. Яго артыкул “Наш тэатр” (1913 г.) не толькі даваў разгорнутую панараму беларускай драматургіі таго часу, але і ставіў актуальныя пытанні развіцця нацыянальнага тэатра. “Тэатр наш павінен стаць Храмам Нашага Адраджэння… Тое, што вы скажаце добра са сцэны, з вялікаю сілаю ўкладзецца ў душу беларускую”. Гэта было сказана ў пару, калі тэатр быў для народа тым, чым цяпер сталі тэлевізар, кіно, інтэрнэт. Гарэцкі не задавальняўся толькі ўласнай роллю пісьменніка, ён шчыра дбаў пра развіццё ўсёй літаратуры, спрабаваў актыўна ўплываць на працэсы, якія адбываліся ў яго на вачах. “Беларуская ж літаратура маладзенька, як дзяўчынка, і хоць вока бяжыць любавацца прыгажосцю гэтай дзяўчынкі, але, але… зразумець яе – яна ўсё яшчэ дзяўчынка!” – пісаў ён у артыкуле “Развагі і думкі” (1914 г.) і задаваўся пытаннем, “куды ж ісці ў творчасці нашым пісьменнікам?”. Ён заклікаў тых, хто працаваў тады ў літаратуры актыўней асвойваць новыя жанры, у першую чаргу празаічныя: “Прозы, прозы, добрай мастацкай розы беларускай дайце нам. Каб на стале ў нас каля тоўстай кніжкі вершаў “Шляхам жыцця” ляжала б не цянейшая кніжка прыгожай прозы”. Гарэцкі прадракаў нацыянальнаму прыгожаму пісьменству адметнае будучае: “Беларускай літаратуры суджана сказаць многае новае ў вобласці духа…” У тым жа артыкуле Гарэцкі выказваў клопат і аб літаратурнай крытыцы, адзначаў, што яна асабліва патрэбна маладой літаратуры, выказваў сваю думку наконт крытэрыяў, якімі павінен кіравацца крытык. “Па-мойму, крытыкаваць – значыць шукаць таго ж, чаго шукаў аўтар, і рабіць думку яго яснейшай чытачу, і даходзіць, ці добра выклаў думку аўтар, і як выкладаў, і як бы мог выкласці лепей. На добрай крытыцы гадуюцца пісьменнікі і грамадзянства, і нездарма з вялікай нецярплівасцю жду я беларускага крытыка”, – пераконана пісаў ён. А пакуль такога аўтарытэтнага і спрактыкаванага крытыка яшчэ не было, Гарэцкі сам час ад часу выступаў у ролі крытыка, даў узоры розных разнавіднасцей літаратурна-крытычных і гісторыка літаратурных жанраў. Ён надаваў важнае значэнне аглядным артыкулам і гісторыка-літаратурным нарысам: “Беларуская літаратура пасля “Нашае нівы”, “Белоруссая литература. Краткий очерк”, “Беларускі тэатр у палове ХIX веку”… Пісаў крытыка-біяграфічныя нарысы “ Платон Галавач”, “Аркадзь Моркаўка”, “Сымон Баранаў”, “Творчасць Міхася Чарота”, юбілейныя артыкулы -- “На ўгодкі па Максіму Багдановічу”, “Уладзіслаў Галубок” і інш.

Максім Гарэцкі надрукаваў шэраг артыкулаў, прысвечаных творчасці беларускіх пісьменнікаў. Многія з іх былі затым скарыстаны падчас стварэння падручніка “Гісторыя беларускае літаратуры” (Вільня, 1920) – першай сістэматызаванай гісторыі беларускай літаратуры ад самага яе зараджэння. Падручнік вытрымаў чатыры выданні (1920, 1921, 1924, 1926) і больш дзесяці гадоў служыў адзіным навучальным дапаможнікам не толькі для сярэдняй, але і для вышэйшай школы, у якім змяшчалася цэласная, паслядоўна выкладзеная, перыядызаваная гісторыя беларускага краснага пісьменства з уключэннем артыкулаў аб жыцці і творчасці многіх пісьменнікаў, у тым ліку і яго сучаснікаў. У чацвёртым выданні падручніка Гарэцкі змясціў слоўнічак літаратуразнаўчых тэрмінаў “Назваслоўе”. Гэта была першая спроба сістэматызаваць літаратуразнаўчую тэрміналогію, скарыстоўваючы ўжо распаўсюджаныя, распрацаваныя яшчэ з часоў антычнасці тэрміны, дапоўніць іх беларускімі варыянтамі пэўных назваў. На жаль, многія прапанаваныя ім арыгінальныя тэрміны не прыжыліся. Пасля арышту Гарэцкага падручнік быў выдалены з навучальных праграм, канфіскаваны з бібліятэк. Перавыдадзены ён толькі ў 1992 годзе.

Кнігі іншых вучоных – даследчыкаў беларускай літаратуры Мікалая Янчука “Нарысы па гісторыі беларускае літаратуры” (1922) і Антона Луцкевіча “Нашы песняры” (1918) таксама адлюстроўвалі першыя поспехі маладой беларускай літаратуры. Яшчэ ў 1912 годзе Янчук у нарысе “Некалькі слоў пра найноўшую беларускую літаратуру” не толькі зрабіў агляд мастацкіх твораў, але і паспрабаваў даць перыядызацыю той невялікай яшчэ гісторыі прыгожага пісьменства на Беларусі, якая была. Антон Луцкевіч пакінуў досыць значную літаратуразнаўчую спадчыну. Ён напісаў артыкулы пра першы Статут Вялікага княства Літоўскага, жыццё і творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, займаўся вывучэннем мовы скарынаўскіх выданняў. Большасць яго літаратурных прац была выдадзена ў Вільні ў 1929 г. ў зборніку “Адбітае жыццё”.

Іван Замоцін яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі быў вядомы як даследчык рускай літаратуры ХІХ ст. У час працы ў Беларусі ён стаў адным з вядучых беларускіх літаратуразнаўцаў. Аўтар нарысаў пра Багдановіча, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Кандрата Крапівы, праблемных артыкулаў, рэцэнзій, ён узначаліў Інстытут літаратуры Акадэміі навук Беларусі. Вацлаў Ластоўскі выдаў у 1926 годзе ў Каўнасе “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі”. Гэта была “адна з найбольш салідных кніг ва ўсёй гісторыі беларускага літаратуразнаўства” (паводле сведчання У. Казберука). Яўген Барычэўскі з’ўляўся прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў беларускім літаратуразнаўстве даваеннай пары, адным з першых беларускіх бібліёграфаў і даследчыкаў тэорыі літаратуры. Яго працы “Паэтыка літаратурных жанраў”(1927) і “Тэорыя санета” (1927) былі першымі кнігамі, прысвечанымі чыста тэарэтычным пытанням літаратуразнаўства. Аляксандр Вазнясенскі стаў адным з заснавальнікаў беларускага параўнальна-тыпалагічнага літаратуразнаўства, выступаў з артыкуламі пра беларускіх пісьменнікаў, На жаль, яго доктарская дысертацыя “Даследаванні па гісторыі новай беларускай літаратуры” (1944) не была надрукавана. Адам Бабарэка – першы беларускі прафесійны крытык, “наш Бялінскі”, як яго называлі. Акрамя шматлікіх крытычных артыкулаў у беларускіх літаратурных часопісах, друкаваў і літаратурныя нататкі, у якіх распрацоўваў метадалагічныя праблемы літаратуразнаўства.

У 30-я – 40-я гады ХХ ст. негатыўна праявіла сябе вульгарна-сацыялагічная крытыка, прадстаўнікамі якой былі А. Кучар, Л.Бэндэ, Я. Герцовіч. Многія пісьменнікі на падставе крытычных водгукаў у тагачаснай прэсе былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. Такі ж лёс спасціг і многіх вучоных, тым ліку і згаданых намі літаратуразнаўцаў – М.Гарэцкага, І. Замоціна, А.Бабарэку, А. Вазнясенскага, В. Ластоўскага.

У 1931 годзе ў складзе Акадэміі навук БССР быў утвораны Інстытут літаратуры і мастацтва, які з 1935 па 1952 г. далучаў да сябе таксама і даследчыкаў мовы. У 1957 г. ён быў рэарганізаваны ў Інстытут літаратуры, а ў 2008 годзе зліты з Інстытутам мовы і атрымаў назву Інстытут мовы літаратуры імя Якуба Коласа Янкі Купалы. Як вядучая навуковая установа ў галіне літаратуразнаўства акадэмічны інстытут каардынуе даследчую работу па літаратуразнаўстве ва ўсёй рэспубліцы. Літаратуразнаўцы --







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 1009. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Кран машиниста усл. № 394 – назначение и устройство Кран машиниста условный номер 394 предназначен для управления тормозами поезда...

Приложение Г: Особенности заполнение справки формы ву-45   После выполнения полного опробования тормозов, а так же после сокращенного, если предварительно на станции было произведено полное опробование тормозов состава от стационарной установки с автоматической регистрацией параметров или без...

Измерение следующих дефектов: ползун, выщербина, неравномерный прокат, равномерный прокат, кольцевая выработка, откол обода колеса, тонкий гребень, протёртость средней части оси Величину проката определяют с помощью вертикального движка 2 сухаря 3 шаблона 1 по кругу катания...

Этические проблемы проведения экспериментов на человеке и животных В настоящее время четко определены новые подходы и требования к биомедицинским исследованиям...

Классификация потерь населения в очагах поражения в военное время Ядерное, химическое и бактериологическое (биологическое) оружие является оружием массового поражения...

Факторы, влияющие на степень электролитической диссоциации Степень диссоциации зависит от природы электролита и растворителя, концентрации раствора, температуры, присутствия одноименного иона и других факторов...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.01 сек.) русская версия | украинская версия