Студопедия — Мастацтва і грамадскае жыццё
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Мастацтва і грамадскае жыццё






 

2.2.1. Грамадскі воблік пісьменніка. Светапогляд мастака.

Літаратура як форма грамадскай свядомасці не толькі пазнае аб’ектыўную рэчаіснасць, але і сама ўздзейнічае на яе. Яна мае выключныя магчымасці для таго, каб паказаць жыццё людзей, паводле слоў Максіма Горкага, “у бесперапынным руху, у дзеянні, у бясконцых сутыкненнях паміж сабой, у барацьбе класаў, груп, адзінак”. Літаратура імкнецца выразіць думкі, перажыванні сучаснікаў, іх інтарэсы, спадзяванні, памкненні. Пісьменнік выбірае з масы з’яў і падзей жыцця тое, што найбольш яскрава выявіць яго думкі. Але ён не можа тварыць так, як яму захочацца, без уліку праўды жыцця, логікі развіцця падзей, без залежнасці ад прадмета пазнання, часу, таго матэрыялу, які ён па-мастацку выяўляеў сваім творы. Рэчаіснасць можа адлюстроўвацца ў ім з большай або меншай ступенню праўдзівасці, можа аказацца і ўвогуле скажонай. Усё залежыць ад светапогляду пісьменніка, яго грамадскай свядомасці, ідэйнай скіраванасці.

Кожны творца разлічвае, што зробленае ім будзе мець грамадскі водгук, акажацца хоць кім-небудзь успрынятым. Няхай сабе напачатку гэта будзе нехта адзін: сябра, таварыш па службе, каханая жанчына. Мець грамадскае прызнанне неабходна кожнаму, хто ўсведамляе сябе творцам, хоча данесці да іншых тое, што хвалюе яго, вымушае падзяліцца думкамі, пачуццямі, уражаннямі ад убачанага, перажытага. Кожны від мастацтва валодае такімі канкрэтнымі функцыямі, як пазнавальная, выхаваўчая, эстэтычная, камунікатыўная, этнагенетычная, якія непасрэдна звязаны з успрыняццем твора рэцэпіентам, кантактамі паміж ім і аўтарам. Але перш, чым будзе нешта створана ў любым відзе мастацтва, перш чым грамадства ўспрыме твор, яно спачатку само паўплывае на асобу мастака, паспрыяе яго нараджэнню, выспеліць яго талент, дасць яму дарогу ў жыццё. Творца нараджаецца ў грамадстве, яго здольнасці да пэўнага віду мастацтва павінны быць некім заўважаны, падтрыманы, ды і ён сам не можа адбыцца як мастак, калі не ўспрыме назапашанае яго папярэднікамі, народам, калі не будзе ў яго паклікання да таго, каб паслужыць грамадству сваім талентам. Вось чаму асаблівае значэнне мае светапогляд мастака, вось чаму ці не кожны з тых, хто ўзняўся да вяршынь у сваёй творчасці, з удзячнасцю ўспамінае пра тое, што паспрыяла яе вытокам. Рэчаіснасць, якая акружае кожнага чалавека з самага яго нараджэння, рознымі сваімі праявамі спрыяе фармаванню пэўных поглядаў на навакольны свет, паступова надае яму сістэму асабістых перакананняў, ідэалаў, светабачанне і светаўспрыманне. Працэс фармавання мастака заўсёды звязаны з канкрэтна-гістарычнымі абставінамі. На абуджэнне здольнасцей, развіццё таленту ўплывае многае – месца і час нараджэння, асяроддзе, сям’я, фізічныя і псіхічныя асаблівасці, сярод якіх -- памяць, развітае ўяўленне, воля да працы, набытыя веды і жыццёвыя ўражанні, здароўе, уплыў успрынятых відаў мастацтва (для пісьменніка – фальклору, прачытаных кніг), адоранасць, адносіны да першых крокаў у мастацкай творчасці, спрыяльныя або неспрыяльныя сацыяльныя ўмовы, магчымасці для развіцця здольнасцей, маральная і матэрыяльная падтрымка. Стымуламі да творчасці могуць быць жаданне выказацца, эмацыянальныя, патрыятычныя парывы, схільнасць да славалюбства, суперніцтва, а часам -- толькі задавальненне ад працэсу і вынікаў творчай працы. Усе яны звязаны з самавызначэннем і самасцвярджэннем мастака ў грамадстве. Грамадскі і эстэтычны ідэал мастака мае не толькі канкрэтна-гістарычны, але і класавы, нацыянальны характар. Кожны талент праяўляецца, расцвітае або гіне ў працэсе дзейнасці ў пэўнай дзяржаве, ён заўсёды належыць свайму народу, сваёй нацыі. Працэс фармавання светапогляду творчай асобы звязаны з яго маральна-этычнымі, сацыялагічнымі, філасофскімі, а часта і з рэлігійнымі пошукамі, вызначэннем каштоўнасных арыенціраў, патрэбнасцю ўсвядоміць сябе ў свеце, выявіць свае грамадзянскія схільнасці. Ад гэтага залежыць тое, якім будзе пафас творчасці, ідэйная скіраванасць мастака, выбар тэматыкі і праблематыкі яго твораў.

Творчыя няўдачы некаторых пісьменнікаў часта бываюць звязанымі з супярэчнасцямі ў іх светапоглядзе. Неакрэсленыя, няўстойлівыя погляды, ідэалы, перакананні аўтара прыводзяць да стварэння супярэчлівых характараў. Такімі аказаліся вобразы Базарава з “Отцов и детей” І. Тургенева, Марка Волахава ў “Обрыве” М. Ганчарова, Платона Каратаева ў “Войне и мире” Л. Талстога. Памылковыя грамадска-палітычныя погляды пісьменніка могуць праявіцца пад уплывам пэўных зрухаў у грамадстве, асабліва ў пару змен у дзяржаўным ладзе краіны, рэвалюцый, калі ломіцца звыклы лад жыцця. Каб усвядоміць, што адбылося, разабрацца ў падзеях, непрадузята ацаніць новае, многім бывае патрэбен вялікі адрэзак часу.

 

2.2.2. Ідэйнасць літаратуры.

Светапогляд мастака, сфарміраваны ў грамадскім жыцці, пад уплывам рэчаіснасці, жыццёвага вопыту, у сваю чаргу ўплывае на тое, з чым ён сам прыходзіць да тых, каму хоча прысвяціць свой талент. У творчасці пісьменнікаў, блізкіх па светапогляду, выяўляецца збліжэнне ці супадзенне іх творчых памкненняў, ідэйных пазіцый. Маральна-этычныя, эстэтычныя, філасофскія, сацыялагічныя, рэлігійныя ўяўленні пісьменніка непазбежна выяўляюцца ў тэматыцы, праблематыцы, пафасе, ідэйнай скіраванасці яго творчасці. Ідэйнасць звязана са светапоглядам мастака, абумоўлена яго адносінамі да рэчаіснасці. Галоўную думку, ідэю мастацкага твора пісьменніку падказвае тое, што было глыбока перажыта ім. Мастацкая ідэя – гэта абагульняючая эмацыянальная вобразная думка, якая пакладзена ў аснову твора. Мастацкая ідэя, ідэйнасць вызначаюць і свядомую схільнасць асобы да пэўнай сістэмы перадавых поглядаў, ідэалаў свайго часу. Лепшыя ўзоры з напісанага класікамі сусветнай літаратуры ствараліся на падставе глыбока прагрэсіўнай ідэі, якая падпарадкоўвала сабе як іх змест, так і форму. Наяўнасць глыбокай ідэі стварае магутны стымул для творцы. “Трэба, каб выспела думка, выспела настолькі, каб вы гарэлі ёй, плакалі над ёй, каб яна атручвала вам спакой”, – пісаў Л. Талстой. У мастацтве і літаратуры ідэйнасць з’яўляецца крытэрыем ацэнкі якасці мастацкіх твораў паводле сацыяльнай значнасці яго праблематыкі і мастацкай ідэі, зместу. Мастацкія ідэі ў творчасці могуць быць розныя, яны класіфікуюцца паводле іх тыпалогіі: сацыяльныя, палітычныя, маральна-этычныя, рэлігійныя, нацыянальна-патрыятычныя. Аўтарская ідэя часцей за ўсё супадае з аб’ектыўнай ідэяй твора, але можа часам і разыходзіцца з ёй з-за таго, што матэрыял твора, паміма волі аўтара, выяўляе памылковасць установак пісьменніка. Абсалютна безыдэйных твораў не бывае. Ідэя можа быць або свядома схаванай, замаскіраванай, або выступаць у лёгкаважнай форме, як нешта нязначнае, не вартае ўвагі.

Літаратура – адна з важнейшых форм ідэалагічнага ўздзеяння. Нездарма на яе развіццё заўсёды звяртаюць увагу і спрабуюць падпарадкаваць свайму ўплыву, сваім мэтам палітычныя дзеячы, кіраўнікі дзяржаў. Ідэалагізацыя як працэс прымусовага падпарадкавання грамадскай свядомасці афіцыйным ідэалагічным канцэпцыям і ўстаноўкам уладных структур, навязванне дзеячам культуры, творцам пэўных ідэалагічных поглядаў і стэрэатыпаў заўсёды мела месца ў дзяржавах, якія прытрымліваліся не дэмакратычных, а таталітарных метадаў кіраўніцтва. Масам унушалася ідэя ахвярнасці ў імя будучага, падпарадкаванне асабістых інтарэсаў інтарэсам партыі, дзяржавы. Але і ў краінах нават з развітай дэмакратыяй назіраюцца і цяпер спробы навязваць свае маральныя і ідэйныя устаноўкі не толькі ўнутры краіны, але і “экспартаваць” іх за свае межы. Сродкі масавай інфармацыі, асабліва Інтэрнэт, тэлебачанне, кіно, радыё, садзейнічаюць сёння надзвычай імкліваму росту культурных кантактаў народаў. Пры гэтым часта з замежжа прыўносяцца і не самыя лепшыя здабыткі іншанацыянальнай культуры, якія аказваюць шкоднае ўздзеянне на культуру айчынную. Таму ў многіх дзяржавах робяцца захады, каб не дапусціць распаўсюджання заведама злачынных твораў, накіраваных на распальванне расавай, рэлігійнай, нацыянальнай варожасці, прапаганды амаральных, шкодных для грамадства ўчынкаў. Іншая справа культурная акумуляцыя – дадаванне новых элементаў да існуючай культуры, працэс яе ўзбагачэння нечым прагрэсіўным са здабыткаў іншых грамадстваў. А вось займацца культурнай экспансіяй у карыслівых мэтах, спробы ўстанавіць пад выглядам глабалізацыі адзіны “новы парадак” ва ўсіх дзяржавах свету, ці хаця б у некаторых з іх, – задума заганная. Яе ўжо спрабавала ажыццявіць фашысцкая Германія з яе прэтэнзіяй на панаванне “вышэйшай расы” арыйцаў. Шавінізм, расізм, неафашызм не зжылі сябе, іх ідэалогія яшчэ праяўляе сябе, у тым ліку і ў сферы культуры, літаратуры.

У цяперашні час назіраецца і адваротная з’ява – прапаганда дэідэалагізацыі як грамадства ў цэлым, так і яго культуры. Яе адэпты заклікаюць далучыцца да даброт спажывецкага грамадства і “цывілізацыі адпачынку”. У такім спажывецка-геданістычным варыянце прапаноўваецца развівацца і мастацкай творчасці. Небывалы размах набыла масавая нібыта мастацкая прадукцыя, а на самай справе -- “творчасць” нізкапробная, безгустоўная. Праз літаратуру, кіно, тэлебачанне ідзе часам апашленне самага святога для чалавека, разбурэнне маральных устояў, высмейванне высокіх узораў творчасці, ачарненне нацыянальнай гісторыі. Асабліва прыкметна гэтыя з’явы праявіліся ў шэрагу краін, якія раней уваходзілі ў склад СССР. Пад выглядам абнаўлення, адмовы ад негатыўных праяў у грамадскім жыцці нядаўняга мінулага ішло свядомае разбурэнне і таго добрага, што ў ім было. Распальваецца нацыянальная варожасць, часам за кошт самаўзвелічэння адной нацыі над іншымі ўзрошчваецца разнавіднасць нацыяналізму, блізкая да фашызму.

Страта духоўных, гуманістычных арыенціраў згубна адбіваецца на мастацкай творчасці. Ю. Бораў у сваёй кнізе “Эстэтыка” так характарызуе сённяшнюю сітуацыю ў мастацтве: “Цяпер гуманістычна арыентаванае мастацтва набывае двух праціўнікаў, якія падточваюць і разбураюць гуманістычныя каштоўнасці чалавецтва. З аднаго боку, гэта сацыяльная абыякавасць, эгацэнтрызм асобы, якая святкуе гістарычнае вызваленне ад кантролю дзяржавы і склала з сябе ўсе абавязкі перад грамадствам, карысталюбства неафітаў “рынкавай эканомікі”. З другога боку, гэта лявацка-люмпенскі экстрэмізм абяздоленых карумпаванай і няўмелай дэмакратыяй, што прымушае людзей азірацца на сацыялістычныя каштоўнасці мінулага з іх статкавым калектывізмам, які знішчае асобу. Развіццё грамадства, яго ўдасканаленне павінны ісці праз чалавека, у імя асобы”.

Развіццё мастацкай літаратуры звязана і з пераемнасцю ідэй як заканамернай з’явай у працэсе грамадскага руху ад мінулага да будучага. Пытанне аб адносінах мастацтва да грамадскага жыцця яшчэ з часоў антычнасці мела вялікае значэнне. Яго вырашэнне зводзілася да двух процілеглых думак: або мастацтва пазнае жыццё, каб палепшыць яго, прыстасаваць да патрэб чалавека, або яно існуе дзеля самога мастацтва. Сёння яскрава бачна, што ідэйнасць процілеглая безыдэйнасці, фармалізму, дэкадэнству, тэорыі “мастацтва для мастацтва”. Быць ідэйным у мастацтве азначае актыўна ажыццяўляць яго выхаваўчую ролю ў інтарэсах грамадства. Дэідэалагізацыя ў мастацтве прыводзіць да адрыву творцы ад народа, засяроджанасці яго на тэмах і праблемах, далёкіх ад інтарэсаў грамадства, надзённых пытанняў часу. У той жа час празмерная ідэалагізацыя творчасці, якая ў некаторыя перыяды гістарычнага развіцца падтрымлівалася нават дзяржавай, прыводзіць да скажэння рэчаіснасці ў мастацкіх творах, тэндэнцыйнасці ў яе асвятленні.

 

2.2.3. Грамадзянскасць мастака.

Грамадзянскасць у мастацтве ўвасабляе тыя якасці і ўласцівасці паводзін творцы, якія праяўляюцца ў яго здольнасці або гатоўнасці актыўна ўдзельнічаць у справах дзяржавы, падтрымліваць яе сваёй творчасцю, адстойваць яе ідэалы. Літаратура як форма грамадскіх адносін мае грамадзянскі характар. Звычайна творчая асоба, выхаваная ўсім ладам сямейнага і грамадскага жыцця, з дзяцінства надзеленая пэўнымі маральна-этычнымі і грамадскімі ўяўленнямі, выступае і ў сваёй творчасці як прыхільнік таго ладу, у межах якога давялося з’явіцца на свет і жыць. Але часта негатыўныя праявы ў жыцці дзяржавы, дзейнасці яе кіраўнікоў, усвядомленыя творцам, пабуджаюць яго выступіць у абарону справядлівасці, словам і справай уключыцца ў барацьбу супраць існуючых парадкаў. Такога роду дзейнасць аацэньваецца як з’ява пазітыўная. Негатыўныя ж тэндэнцыі ў дзейнасці мастака-грамадзяніна могуць выявіцца ў яго папулізме, канфармізме або ў сервільнасці – ліслівым дагаджанні ўладзе, кіраўнікам дзяржавы. Грамадзянскасць мастака супрацьлеглая апалітычнасці, сацыяльна-палітычнай індыферэнтнасці, абыякавасці да палітыкі і грамадзянскіх абавязкаў. Яна бачыцца ў выразным патрыятызме, палітычнай актыўнасці, удзеле пісьменніка ў пэўных акцыях грамадства не толькі словам, але і непасрэднай працай у радах якой-небудзь партыі, згуртавання.

Пытанне аб грамадзянскасці ў творчасці хвалявала многіх пісьменнікаў, асабліва тых, хто імкнуўся пісаць пра надзённыя праблемы свайго часу, зыходзячы з пэўных светапоглядных крытэрыяў. Разуменне грамадзянскасці мастака Пушкіным выявілася ў многіх яго вершах. Аляксандр Пушкін выступаў супраць рэакцыйных для яго часу напрамкаў у літаратуры, супраць прыдворнай эстэтыкі класіцызму, якая патрабавала услаўлення існуючага ладу, супраць тых, хто захапляўся ўсім іншаземным, і тых, хто адстойваў патрыярхальныя устоі даўніны. Выказванні М. Някрасава аб літаратуры і мастацтве, як і яго вершы, таксама непарыўна звязаны з яго поглядамі на грамадзянскасць літаратуры, яе сацыяльную ролю. “ Будь гражданин! Служа искусству, для блага ближнего живи…”, -- заклікаў М. Някрасаў у вершы “Поэт и гражданин”. “Любоў да айчыны, -- пісаў ён у адным са сваіх артыкулаў аб літаратуры, -- заключаецца перш за ўсё ў глыбокім, страсным і небясплённым жаданні яму дабра і асветы, у гатоўнасці несці яму на алтар грамадзянскі набытак і само жыццё; у гарачым спачуванні ўсяму добраму ў ім і ў высакародным абурэнні супраць таго, што запавольвае шлях да ўдасканалення”. Творчасць класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Багдановіча, Гарэцкага была прасякнутай ідэяй служэння свайму народу. Творчая і грамадзянская дзейнасць у іх непадзельна спалучаліся.

У філасофіі, эстэтыцы і тэорыі літаратуры яшчэ ў XIX стагоддзі ўзніклі ідэі класавасці і тэндэнцыйнасці мастацтва. Сапраўды, свядома ці несвядома, кожны творца адлюстроўвае жыццё з пазіцый пэўнага класа сучаснага яму грамадства, пераважна таго, у якім ён узгадаваўся. Але прымяненне паняцця класавасці ў адносінах да культуры абмяжоўвае ўяўленне пра пазіцыю, якую займае творчая асоба. Нават і раней прызнавалася, што часта чалавек, выхаваны ў ідэалогіі пануючага класа, станавіўся абаронцам класа прыгнечанага, абараняў ідэалы, якія былі чужымі таму саслоўю, да якога ён сам належаў. У якасці прыкладаў прыводзілася грамадзянская пазіцыя дваран: Аляксандр Пушкін як антаганіст у адносінах да царызму, прыхільнік дзекабрыстаў; Мікалай Някрасаў, які выступаў выразнікам ідэй рэвалюцыйных дэмакратаў; Леў Талстой з яго “мужыцкім дэмакратызмам”; Аляксей Талстой, які стаў прыхільнікам камуністычнай ідэі. У перыяды рэзкіх змен у сацыяльным ладзе многія выхадцы з класаў, якія панавалі да перамен, станавіліся на бок класаў, якія выступалі з новых пазіцый. Паняцце грамадзянскасці дазваляе усвядоміць сутнасць адносін мастака да сучаснай яму грамадзянскай супольнасці. Галоўнае для вызначэння грамадскіх поглядаў пісьменніка – яго творчасць. Яго ідэйная пазіцыя выразна бачна ў напісаных ім творах.

Грамадзянскасць пазіцыі мастака праявілася даўно, яшчэ пры рабаўласніцкім ладзе. Яна яскрава відаць у адносінах тагачаснага творцы да існаваўшых тады парадкаў у дзяржаве, нораваў, ідэй, у выбары персанажаў, у сацыяльных сімпатыях і антыпатыях аўтара. Арыстафан у сваіх камедыях “Коннікі”, “Лісістрата” высмейваў заганы грэчаскіх гараджан, крытыкаваў афінскіх філосафаў-дэмагогаў, узнімаў свой голас супраць войнаў. Грэчаскі паэт Гіпанакт у сваіх вершах асуджаў прадстаўнікоў “вышэйшых класаў”, багацеяў, нават багоў папракаў у тым, што яны апякуюцца знаццю, але не звяртаюць увагі на бедных. І ў далейшым, у Сярэднявеччы, у эпохі Адраджэння, Асветніцтва, ажно да сённяшніх дзён грамадзянская скіраванасць творчасці любога пісьменніка заўсёды яскрава выяўляецца Прычым не толькі пры адлюстраванні ім сацыяльных з’яў. Грамадзянская пазіцыя творцы накладвае адбітак і на эстэтычнае ўспрыняцце жыцця. Ідэалы прыгажосці, адносіны ў сям’і, каханне таксама падаюцца па-рознаму, у залежнасці ад сімпатый і антыпатый аўтара, яго светапогляду. Нават, здавалася б, поўнасцю індыферэнтнае, адасобленае апісанне падзей у мастацкім творы ўсё ж дазваляе выявіць пазіцыю аўтара, яго сімпатыі і антыпатыі ў адносінах да персанажаў. І сам выбар форм творчасці, арыентаванасць на пэўныя жанры паказвае, на каго разлічана напісанае.

Часам прадстаўнікі таго ці іншага віду мастацтва заяўляюць аб сваіх нібыта абыякавых адносінах да грамадскіх спраў, дзяржаўнага ладу, існуючых ідэалагічных установак. Аднак у грамадстве не можа быць “чыстых” ідэй, вольных ад рознага роду ўплываў. Так, французскі пісьменнік ХІХ стагоддзя Флабэр адмаўляў творчасці ў грамадскай ролі, прапаведваў ідэю “чыстага мастацтва”, лічыў, што для мастака існуе адзінае выйсце: жыць у “вежы са слановай косці”. У той жа час сам жа і прызнаваў, што “цвікі ягоных ботаў” ўвесь час прыцягвалі яго да зямлі. Нямецкі паэт Ф. Фрэйліграт у вершы “З Іспаніі”, напісаным у 1841 годзе, таксама скарыстаў сімвал вежы “больш высокай, чым вышка партыі”, для абгрунтавання сваёй надкласавай пазіцыі ў творчасці. Аднак адсядзецца ў “вежы” нікому з прадстаўнікоў самых розных відаў творчасці так і не ўдалося, ім даводзілася так ці інакш кантактаваць з грамадствам, вызначацца ў сваіх стаўленнях да яго. Больш таго, многія актыўна ўключаліся ў грамадскую дзейнасць, палітычную барацьбу, падтрымліваючы які-небудзь лагер не толькі ў творчасці, але часам і непасрэдным удзелам у парламенцкай дзейнасці, судовых працэсах, баявых дзеяннях. І ўлады звярталі ўвагу на дзейнасць асабліва актыўных змагароў за праўду і справядлівасць. Так, у фашысцкай Германіі палілі кнігі, знішчалі карціны няўгодных гітлераўскаму рэжыму творцаў, а іх саміх кідалі ў канцлагеры, знішчалі або вымушалі выехаць за межы краіны.

Крытыка эстэтычных канцэпцый “чыстага мастацтва”, “мастацтва для мастацтва”, у якіх дэкларавалася самамэтнасць мастацкай творчасці, яе незалежнасць ад палітыкі і сацыяльных умоў, з асаблівай палемічнай сілай разгарнулася ў XIX стагоддзі. “Няма навукі для навукі, няма мастацтва для мастацтва, усе яны існуюць для грамадства, для надання высакароднасці, для ўзвышэння чалавека, для яго ўзбагачэння ведамі і матэрыяльнымі зручнасцяі жыцця”, – слушна сцвярджаў Някрасаў.

 

2.2.4. Партыйнасць мастацтва.

Са з’яўленнем у грамадстве палітычных партый, груповак, рухаў узнікла праблема партыйнасці мастацкай і публіцыстычнай літаратуры як сведчанне прыналежнасці мастака слова да ліку прыхільнікаў і сяброў, або непрымірымых антаганістаў, а то і ворагаў тых ці іншых грамадскіх груповак. Партыйнасць пісьменніка выключае яго падтрымку іншых партый, публікаванне ў іх друкаваных органах, канфармізм у поглядах, выказваннях і дзеяннях.

Партыйнасць мастацкай літаратуры разам з класавасцю ў савецкіх падручніках па літаратуразнаўству разглядаліся як галоўныя, вызначальныя катэгорыі. У тагачасных студэнтаў, школьнікаў яны не выклікалі ніякай зацікаўленасці: партыя была адна, камуністычная, а класавая барацьба здавалася нечым далёкім, адышоўшым у гістарычнае мінулае. Работа У.Леніна “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”, якую тады паўсюдна вывучалі і часта цытавалі, разумелася не толькі як кіраўніцтва да дзеяння для ўсіх пісьменнікаў і журналістаў, але і як аснова для асуджэння буржуазнай літаратуры Захаду. Партыйнасць у разуменні Леніна павінна выяўляцца ў тым, што літаратар не проста выяўляе сваю класавую пазіцыю, а свядома ставіць свой талент на службу таго класа, які ён падтрымлівае, актыўна змагаецца за яго інтарэсы. Работа павінна была дапамагчы ачысціць шэрагі палітыкаў-бальшавікоў, многія з якіх выступалі ў друку як публіцысты, ад тых, хто займаў пазіцыі канфармізму, двурушніцтва, згодніцтва.

Мэта, дзеля якой была ў 1905 годзе напісана работа Леніна, – неабходнасць размежавання журналістаў і палітыкаў, што былі носьбітамі камуністычных ідэй, з прыхільнікамі іншых палітычных партый (меншавікі, эсэры, бундаўцы), якія таксама мелі свае друкаваныя органы. Гэтая мэта ў выніку перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі, устанаўлення ў краіне панавання адной партыі, партыі камуністаў, стала неактуальнай. Але і ў далейшым прынцып партыйнасці навязваўся мастацкай практыцы, стаў сродкам ідэалагічнага і арганізацыйнага кіравання не толькі працай журналістаў, пісьменнікаў, але і культурай увогуле. Работа Леніна пастаянна скарыстоўвалася для вытлумачэння метаду сацыялістычнага рэалізму, які скіроўваў пісьменнікаў на падтрымку намаганняў камуністычнай партыі Савецкага Саюза выхоўваць грамадзян краіны ў духу толькі адной ідэалогіі, камуністычнай, на змаганне супраць “ворагаў камунізму”. Свабода творчасці разумелася як свабода пісаць толькі ў духу ідэй правячай партыі. Усіх тых, хто пісаў не ў духу камуністычнай партыйнасці чакаў незайздросны лёс: ім перашкаджалі друкавацца, іх кнігі забаранялі. У часы культу асобы Сталіна нямала пісьменнікаў было рэпрэсіравана, саслана ў канцэнтрацыйныя лагеры, расстраляна. Тыя, хто не хацеў паступіцца сваімі маральнымі прынцыпамі, пайсці насуперак сваім перакананням і ўспрыняць ідэі сацыялізму і камунізму, не мог займацца творчай працай. Такія пісьменнікі звычайна звярталіся да мастацкага перакладу, гістарычнай, дзіцячай літаратуры, або скарыстоўвалі ў творчасці “эзопаву мову”, падтэкст, намёк.

Нельга не адзначыць, што ва ўмовах сённяшняй шматпартыйнасці, наяўнасці розных палітычных груповак, рухаў, непасрэдны ўдзел у якіх прымаюць і творчыя асобы, праблема партыйнасці творцаў зноў стала надзённай. Як праўрадавыя, так і апазіцыйныя партыі маюць свае газеты, часопісы, выдаюць кнігі. У шэрагах розных партый ёсць пісьменнікі і журналісты. Канфармізм, двурушніцтва, згодніцкая пазіцыя пісьменнікаў ці журналістаў выглядаюць і сёння неэтычна і выклікаюць непрыхільнасць да іх. Як і раней, як і заўсёды, заангажаванасць пісьменніка, журналіста можа быць толькі праўдай, сацыяльнай справядлівасцю, сумленным служэннем народу.

 

2.2.5. Тэндэнцыйнасць у мастацтве.

Ідэйнае асэнсаванне пісьменнікам характараў, якія ён выводзіць у сваіх творах, эмацыянальная афарбаванасць, суб’ектыўнасць у асвятленні падзей вызначаюць накіраванасць творчасці, якая называецца тэндэнцыйнасцю. Абсалютна аб’ектыўных твораў не бывае, кожны мастак выяўляе сваю жыццёвую пазіцыю, з якой і зыходзіць, абмалёўваючы рэчаіснасць. Але тэндэнцыйнасць бывае рознай. Адно --палкая абарона прагрэсіўных поглядаў, інтарэсаў сваёй дзяржавы, народа, барацьба за справядлівасць. Другое – актыўная абарона аджылага, таго, што перашкаджае новаму, больш прагрэсіўнаму. Такая тэндэнцыйнасць скажае аб’ектыўнасць мастацкай ідэі твора, адмоўна ўплывае на яго эстэтычную вартасць. Тэндэнцыйнасць, прычым адкрытая, была дэкларавана тэорыяй сацыялістычнага рэалізму. Але яна дэкларавалася для ўхвалення літаральна ўсяго, што ажыццяўляла ў сваёй дзейнасці камуністычная партыя. Нават найменшая крытыка ў галіне кіравання дзяржавай, яе ідэалагічных установак (у прыватнасці, жорсткай барацьбы з рэлігіяй, з прыватнай уласнасцю, недапушчэнне ў эканоміцы рынкавых адносін і г.д.) не дапускалася. Крытыка ўсяго гэтага ў мастацтве тады-сяды праяўлялася, і праяўлялася таксама ў тэндэнцыйнасці, толькі прыхаванай. Яна выказвала сябе ў разнастайных жанрах сатыры, грамадзянскай лірыкі, сацыяльнай фантастыкі, антыўтопіі. Часам тэндэнцыйнасць выяўлялася і ў асаблівай эмацыянальнай афарбоўцы твора, яго пафасе.

Грамадзянскае служэнне мастака слова патрабуе ад яго асаблівай усхваляванасці, павышанай эмацыянальнасці выказвання, якая атрымала назву пафас творчасці. Паняцце “пафас” мае некалькі значэнняў. Яно трактуецца і як уласцівасць мастацкага ўвасаблення твора, яго танальнасць, у чым збліжаецца з такімі эстэтычнай катэгорыі, як “трагічнае”, “высокае”. Пафас мастака заснавальнік рускай літаратурнай крытыкі Бялінскі тлумачыў як “ідэю-страсць”, якая валодае творцам, вызначае накірунак яго дзейнасці. У цяперашні час паняцце “пафас” звязваюць з чыста эмацыянальнай афарбоўкай, танальнасцю твора ў цэлым або яго частак, замяняюць яго паняццямі “модус мастацкасці”, “тып аўтарскай эмацыянальнасці”. Асабліва яскрава выяўляецца ў мастацкай літаратуры патрыятычны, грамадзянскі пафас (гл. пра гэта ў раздзеле 3.4.4.).

2.2.6. Народнасць мастацтва.

Паняцце аб партыйнасці да нядаўняга часу звязвалася яшчэ і з народнасцю. Лічылася, што толькі прыхільнік камуністычных ідэй можа пісаць, выяўляючы думкі, інтарэсы, ідэалы грамадзян дзяржавы, народа. На гэтай падставе не траплялі ў друк творы, у якіх ахоўнікі непарушнасці сваіх дагматаў бачылі адступленне ад адзіна правільных на іх думку камуністычных поглядаў. Народнасць літаратуры, як і народнасць усіх відаў мастацтва, і сёння таксама трактуецца па-рознаму. Некаторыя тэарэтыкі лічаць, што такога паняцця ўвогуле не павінна існаваць, бо ўсё, што ўспрымаецца народам, і ёсць народнае, што “ненародных” твораў не бывае. Іншыя лічаць народным тое мастацтва, якое даступна разуменню большасці людзей, а не адным спецыялістам, эстэтам, абмежаванаму колу “знатакоў”.

Між тым пытанне аб народнасці творчасці здаўна хвалявала многіх пісьменнікаў, крытыкаў, мастацтвазнаўцаў, філосафаў. Пра народнасць першымі загаварылі асветнікі XVIII стст. Дзідро, Лесінг, Русо, выступаючы з крытыкай класіцызма. Асветнікі змагаліся за дэмакратызацыю літаратуры, супраць апісання жыцця выключна тытулаваных асоб, правадыроў, багоў. Пра народнасць літаратуры пісалі дзекабрысты, разважанні аб ёй сустракаюцца ў Пушкіна, Гогаля, Някрасава, Бялінскага, Шаўчэнкі, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Гарэцкага. Аляксандр Пушкін выступаў супраць атаясамлівання народнасці з чыста этнаграфічнымі, бытавымі апісаннямі. “Клімат, спосаб праўлення, вера даюць кожнаму народу асаблівую фізіяномію, якая больш або менш адлюстроўваецца ў паэзіі. Ёсць лад мыслення і адчуванняў, ёсць процьма звычаяў, павер’яў і прывычак, якія належаць выключна якому-небудзь народу”, – зазначаў ён. Вісарыён Бялінскі сцвярджаў, што сапраўды народны мастак павінен перадаць у сваіх творах нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага жыцця народа, яго быту і звычаяў, умець адлюстраваць народны погляд на падзеі і з’явы жыцця, заклікаў не змешваць народнасць з прастанароднасцю. “Чыста рускую народнасць патрэбна шукаць не толькі ў сачыненнях, у якіх змест запазычаны з жыцця ніжэйшых і неадукаваных класаў”, – пісаў ён. Максім Гарэцкі заўважаў у сучаснай яму беларускай літаратуры “пэўную адарванасць ад народна-нацыянальных, народна-бытавых асаблівасцей, што так цяжка бывае зразумець, ці гэта беларускае сялянскае жыццё, ці гэта жыццё сялян у Расіі або ў Польшчы, толькі апісанае беларускаю моваю”…

Якія ж крытэрыі вызначаюць народнасць літаратуры? Іх многа, але важнейшыя з іх – праўдзівае ўзнаўленне жыцця нацыі, ажыццёўленае ў адпаведнасці з духам часу, эпохі, актуальнасць паказаных у творы падзей і характараў для чытача, іх тыповасць, высокая эстэтычная вартасць мастацкага тэксту, падмацаваная даступнасцю і дэмакратызмам зместу. Аднак даступнасць не павінна падмяняцца спрошчанасцю, прымітывам, актуальнасць – стварэннем модных аднадзёнак, праўдзівасць – натуралізмам.

 

2.2.7. Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў мастацтве.

З народнасцю цесна звязана яшчэ адна эстэтычная катэгорыя, што мае дачыненне і да літаратурнай творчасці – нацыянальнае. Які твор можа лічыцца нацыянальным? У чым праяўляюцца нацыянальныя асаблівасці літаратуры? Гэтыя пытанні таксама здаўна хвалявалі прадстаўнікоў творчага цэху розных народаў. Нацыянальная спецыфіка мастацкай літаратуры залежыць ад глыбіні пранікнення ў жыццё свайго народу, праўдзівае асвятленне вызначальных тэндэнцый яго развіцця, апісанне нацыянальных характараў і асаблівасцей таго ці іншага народу. Такое разуменне нацыянальнага выказваў Бялінскі: “Паэт можа быць і тады нацыянальным, калі апісвае зусім старонні свет, але глядзіць на яго вачыма сваёй нацыянальнай стыхіі, вачыма ўсяго народа, калі адчувае і гаворыць так, што яго суайчыннікам здаецца, нібы гэта адчуваюць і гавораць яны самі”.

Сапраўдны народны твор павінен ўсебакова і глыбока паказваць нацыянальныя характары. У многіх нацыянальных літаратурах ёсць вобразы, якія яскрава ўвасабляюць нацыянальныя характары. У французаў гэта д’ Артаньян і Кала Бруньён, у фламандрцаў – Ціль Уленшпігель, у чэхаў Швейк, у палякаў – Заглоба. У расіян гэта Яўгеній Анегін і Таццяна Ларына, Андрэй Балконскі і Наташа Растова, у беларусаў – Міхал і Антось, Паўлінка, Васіль Дзятлік і Ганна Чарнушка. Найбольш багатыя шэдэўрамі літаратуры народы маюць нават не па аднаму тыповаму нацыянальнаму герою. Іх любяць, імі захапляюцца пакаленне за пакаленнем, ім ставяць помнікі. Некаторыя персанажы ўзнімаюцца да так званых “вечных вобразаў” – тыповых выразнікаў адметных рыс характару, уласцівых усяму чалавецтву У іх агульначалавечае перадаецца праз нацыянальнае. Лепшыя рысы нацыянальнага характару ўвасабляюцца пісьменнікамі ў вобразах, якія з асаблівай сілай узнаўляюць унутраны свет, думкі, учынкі, выклікаюць асацыяцыі з добра знаёмым, пазнавальным. Часта сама рэчаіснасць дапамагае творцу, які здольны бачыць за адзінкавым характэрнае, дае яму магчымасць знайсці ў жыцці прататыпаў, якія адлюстроўваюць непаўторныя нацыянальныя рысы.

Нацыянальную адметнасць кожнаму народу дае і гісторыя яго развіцця, станаўлення яго як нацыі. Менталітэт нацыі можа праяўляцца і ў характэрных асаблівасцях фальклору, выбары своеасаблівых форм выяўлення зместу, жанрах і жанравых разнавіднасцях мастацкіх твораў. Усе ведаюць, што хоку нарадзіліся ў Японіі, рубаі – на Усходзе, віралэ – у Францыі, быліны – на Русі, лімэрык – у Ірландыі, санет – у Італіі. З цягам часу ў выніку ўзаемных сувязей народаў і літаратур многія нацыянальныя формы творчасці распаўсюджваюцца па ўсім свеце.

Адным з істотных элементаў нацыянальнай спецыфікі літаратурнага твора з’яўляецца мова, на якой ён напісаны. Мова кожнага народу мае непаўторную адметнасць, у ёй пэўным чынам адбіваецца адметнасць, непаўторнасць рыс кожнай нацыі. Але адной толькі мовы недастаткова для вызначэння нацыянальнай спецыфікі твора. Тарас Шаўчэнка, Франко, Айтматаў, Быкаў пісалі і па-руску, некаторыя з рускіх пісьменнікаў-дысідэнтаў пераходзілі на іншую мову, але ад гэтага ніхто з іх не страціў сваёй нацыянальнай адметнасці.

Нацыянальная своеасаблівасць мастацтва з’яўляецца яго вызначальнай адметнасцю. Разам з тым у лепшых творах нацыянальных пісьменнікаў сваё, роднае выступае ў непарыўнай сувязі з тэндэнцыямі развіцця ўсяго чалавечага грамадства. Творчасць выдатных прадстаўнікоў нацыянальных літаратур выходзіць за межы сваіх краін, робіцца набыткам усёй сусветнай культуры. Інтэрнацыяналізм сусветнай культуры, літаратуры выяўляецца ў падтрымцы творцамі перадавых ідэй свайго часу, ідэй раўнапраў’я, узаемнай павагі і незалежнага развіцця розных нацый, агульначалавечых маральных і эстэтычных каштоўнасцей. Інтэрнацыяналізм супрацьпастаіць касмапалітызму – ідэалогіі, якая прапаведуе адмову ад патрыятызму, нацыянальных традыцый у сваёй культуры.

 

2.2.8. Мастацкасць літаратуры.

Што такое мастацкасць? Як адрозніць высокамастацкі літаратурны твор ад нізкапробнага, халтурнага, графаманскага? Ці ёсць у мастацкасці аб’ектыўныя крытэрыі? Гэтыя пытанні пастаўлены даўно, яны і сёння актуальныя. Мастацкасць літаратурнага твора трактуецца ў літаратуразнаўстве досыць шырока. Яна можа абазначаць і проста далучанасць твора да сферы мастацтва, і як праяўленне высокага майстэрства, таленту ў абмалёўцы падзей і пачуццяў пісьменнікам, паказчык іх дасканаласці. Высокамастацкі твор заўсёды гарманічна спалучае ў сабе інфармацыйнасць і эмацыянальнасць, вызначаецца арганічным адзінствам формы і зместу. Прыгажосць, ісціна, дабро ­– тры састаўныя часткі мастацкасці. Рускі філосаф А. Лосеў звязваў паняцце мастацкасці з наяўнасцю глыбока і ўсебакова раскрытага вобраза: “Усялякі сапраўды мастацкі вобраз ніколі не разумеецца намі як рацыянальная сума якіх-небудзь дыскрэтных прыкмет, а як штосьці жывое, з глыбіні чаго б’е неўтаймаваная крыніца і чаго мы не можам адразу ахапіць сваімі рацыянальнымі метадамі. Мастацкае ёсць тое, на што ніколі нельга наглядзецца, колькі б мы на яго ні глядзелі. А гэта значыць, як бы глыбока мы не ўспрымалі мастацкі вобраз, у ім заўсёды застаецца штосьці незразумелае і невычэрпнае, хвалюючае нас кожны раз, як толькі мы ўспрымаем гэты вобраз”.

Яшчэ адной важнай прыкметай мастацкасці літаратурнага твора з’яўляецца дасканаласць яго формы, гарманічнасць пабудовы, а таксама выдатнае валоданне пісьменнікам мовай. Не абмінаюць даследчыкі пры вызначэнні мастацкасці і такога паняцця, як стыль, разумеючы яго як сукупнасць усіх складнікаў, што ўплываюць на эстэтычную якасць твора. А яшчэ зноў даводзіцца вяртацца да ідэйнасці, як да стрыжня, на якім трымаецца мастацтва. Яшчэ Чарнышэўскі звярнуў увагу на сувязь паміж ідэйнасцю і мастацкасцю: ”Толькі твор, у якім увасоблена ісціная ідэя, бывае мастацкім, калі форма дасканала адпавядае ідэі. Для рашэння апошняга пытання патрэбна паглядзець, ці сапраўды усе часткі і падрабязнасці выцякаюць з асноўнай яго ідэі. Якой бы мудрагелістай або прыгожай ні была сама па сабе вядомая падрабязнасць – сцэна, характар, эпізод, – але калі яны не служаць паўнейшаму выяўленню асноўнай ідэі твора, яна шкодзіць яго мастацкасці”.

Сапраўды мастацкі твор – гарманічны, у ім усё зладжана, усё да месца. Бывае часам цяжка, а то і немагчыма апісаць, у чым праяўляецца яго дасканаласць, хараство. Не заўсёды вытлумачальнай бывае і немастацкасць. Асабліва тады, калі знешне ў творы ўсё выглядае прыстойна, калі нібыта вытрыманы ўсе асаблівасці формы і зместу, але няма душы, няма нечага таго, што даступна толькі таленту або генію. Спрактыкаванаму літаратурнаму рэдактару, крытыку лёгка растлумачыць пачынаючаму паэту, у чым недахопы яго вершаў, адзначыўшы пэўныя агрэхі: парушэнне рытму, няўдалыя рыфмы, неадпаведнасць ва ўжыванні слоў, але часам немагчыма растлумачыць графаману, чаму напісанае ім далёкае ад мастацтва, калі ён досыць удала скапіраваў ўзоры нейкай творчасці, але не ўдыхнуў у сваю падробку той божай іскры, якая запальвае агонь мастацкасці. Не проста і масаваму чытачу разабрацца ў масе кніг, якія сёння прапануе рынак, зарыентавацца ў сваім выбары. Тут павінен даць падказку вопыт выхавання, жыццёвы вопыт. Вопыт чытання набываецца не адразу.

Умець адрозніць сапраўды мастацкі твор ад імітацыі мастацтва, падробкі пад яго, як ніколі важна сёння, калі назіраецца абвальная дэградацыя літаратуры, зніжэнне эстэтычных крытэрыяў, адмова ад высокіх ідэалаў у імя пагоні за хвіліннай выгодай, лёгкай славай, імклівым узбагачэннем. Масавая літаратура, якая дамінуе цяпер на кніжным рынку ва ўсім свеце, здольная дэвальваваць у свядомасці чытача высокія эстэтычныя крытэрыі ацэнкі мастацкага твора. Але трэба спадзявацца, што не яна, а сапраўды высокамастацкія, дасканалыя творы будуць арыенцірам для тых, хто хоча атрымаць ад чытання сапраўдную асалоду.

 

Пытанні для самаправеркі:







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 1749. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Этические проблемы проведения экспериментов на человеке и животных В настоящее время четко определены новые подходы и требования к биомедицинским исследованиям...

Классификация потерь населения в очагах поражения в военное время Ядерное, химическое и бактериологическое (биологическое) оружие является оружием массового поражения...

Факторы, влияющие на степень электролитической диссоциации Степень диссоциации зависит от природы электролита и растворителя, концентрации раствора, температуры, присутствия одноименного иона и других факторов...

Устройство рабочих органов мясорубки Независимо от марки мясорубки и её технических характеристик, все они имеют принципиально одинаковые устройства...

Ведение учета результатов боевой подготовки в роте и во взводе Содержание журнала учета боевой подготовки во взводе. Учет результатов боевой подготовки - есть отражение количественных и качественных показателей выполнения планов подготовки соединений...

Сравнительно-исторический метод в языкознании сравнительно-исторический метод в языкознании является одним из основных и представляет собой совокупность приёмов...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.008 сек.) русская версия | украинская версия