Студопедия — Унутраныя” і “знешнія” прычыны палітычнага крызісу РП.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Унутраныя” і “знешнія” прычыны палітычнага крызісу РП.






Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай вынікаў як з унутранага яе стану, так і са змен у міжнародным становішчы. Усталяванню палітычнай анархіі перш за ўсё спрыяла адсутнасць моцнай цэнтралізаванай улады.

Адмоўны адбітак накладваў той факт, што ўся ўлада ў дзяржаве канцэнтравалася, па сутнасці, у руках аднаго саслоўя – шляхецтва.

У Рэчы Паспалітай двух народаў сфарміравалася спецыфічная сацыяльная групоўка, якую сталі называць "шляхецкім народам".

Польская і ліцвінская шляхта валодала шэрагам прывілегій, якія ставілі яе вышэй за іншых у грамадстве.

Так, толькі шляхта валодала правам зямельнай уласнасці, пры гэтым яна магла набываць зямлю і будынкі ў гарадах.

Толькі шляхта мела доступ да вышэйшага духоўнага сану і да ўсіх свецкіх пасад.

Шляхта плаціла толькі тыя падаткі, якія сама сабе ўстанавіла, была вольная ад усіх павіннасцяў (цягла), з а выключэннем вайсковага (рыцарскага) абавязку.

Шляхціц карыстаўся правам асабістай недатыкальнасці і не мог быць арыштаваны без папярэдняга судовага прыгавору. Яго неад'емным правам была таксама свабода слова. Нарэшце кожны шляхціц мог прыняць удзел у абранні караля і вялікага князя, выступіць у якасці прэтэндэнта на трон. Такім чынам, усё, што было істотным у Рэчы Паспалітай, было шляхецкім.

Гарадское саслоўе, мяшчане былі адхілены ад удзелу ў палітычным жыцці.

Практычна аднасаслоўным з'яўляўся агульнадзяржаўны двухпалатны сойм, які склікаўся раз у 2 гады.

У вышэйшай палаце, сенаце, засядалі магнаты і каталіцкія біскупы. Ніжэйшая, "пасольская ізба", складалася з дэпутатаў-паслоў ад павятовай і ваяводскай шляхты. Звычайна іх выбіралася па два чалавекі ад кожнага павету. Але і яны не валодалі правам свабоднага волевыказвання на вальных соймах, што з 1673 г. праводзіліся па чарзе ў Варшаве і Гародні.

Кожны пасол павінен быў строга прытрымлівацца " інструкцыі ", дакумента, які ўтрымліваў пажаданні-наказы павятовай шляхты сваім паслам у дачыненні да вырашэння таго ці іншага пытання.

Адным з абавязковых наказаў было патрабаванне забароны ўстанаўлення новых падаткаў. Гэта не дазваляла павялічыць дзяржаўны бюджэт, а значыць, знайсці сродкі на ўмацаванне і павелічэнне войска, каб бараніць дзяржаву.

Палітычная праграма беларуска-літоўскай шляхты (як і польскай) магла быць зведзена да адзінага найгалоўнейшага патрабавання "nihil novi" – нічога новага.

Заканадаўчы аўтарытэт сойма, як і вышэйшых улад, па сутнасці, падрываўся павятовымі соймікамі, якія сталі самастойнымі органамі з шырокай заканадаўчай, адміністрацыйнай і судовай кампетэнцыяй.

Агульнадзяржаўны сойм, не маючы магчымасці ўзгадніць разнародныя інтарэсы і супярэчлівыя патрабаванні дзесяткаў пасольскіх соймікаў, губляў час на абмеркаванне прыватных інтарэсаў замест таго, каб займацца агульнадзяржаўнымі праблемамі.

У абставінах, калі соймы пачалі часта зрывацца ці разыходзіцца без прыняцця рашэнняў, павятовыя соймікісталі паступова прысвойваць сабе яго правы.

Падчас знешняй небяспекі яны самі ўстанаўлівалі падаткі і прызначалі іх збіральнікаў, фарміравалі ваяводскі скарб, абвяшчалі паспалітае рушанне. Павятовая шляхта кантралявала і судовую ўладу – мясцовую і вышэйшую. Першую – шляхам выбару на сойміках кандыдатаў на пажыццёвыя пасады суддзяў, падсудкаў, земскіх пісараў і падкаморыяў; другую – у Трыбуналах, у якія яна накіроўвала сваіх "дэпутатаў".

Такім чынам, соймікі як бы падзялілі дзяржаву на павятовыя аўтаноміі. Яны падрывалі цэнтральную ўладу, дзейнічалі амаль незалежна адзін ад другога. Дэцэнтралізацыякраіны была даведзеная тым самым да небяспечнай мяжы.

Краевугольным каменем " залатых шляхецкіх вольнасцяў ", а інакш кажучы, шляхецкага самаўладдзя і анархіі лічылася права " liberum veto " (свабода забароны).

Згодна з ім кожны шляхціц-пасол меў права аднаасобна заблакіраваць прыняцце любой пастановы сойма ці нават увогуле сарваць яго працу. Агульнадзяржаўныя соймы заканчваліся безвынікова, гэга значыць не прымалі ніякіх альбо не зацвярджалі абмеркаваных рашэнняў і ў больш ранні час з-за, пратэстаў некалькіх паслоў ці з-за перавышэння ўстаноўленых законам тэрмінаў пасяджэнняў.

У 1652 г. быў створаны прэцэдэнт зрыву працы сойму адным паслом. У гэтым годзе надзвычайны сойм абмяркоўваў пытанні, звязаныя з казацкай вайной пад кіраўніцтвам Б.Хмяльніцкага на Украіне. Тады ж пасол ад Вялікага Княства Літоўскага Сіцінскі, выконваючы волю Радзівілаў, пакінуў "пасольскую ізбу" ў знак пратэсту супраць перавышэння двухтыднёвага тэрміну пасяджэння.

"Ізба" прызнала "вета" аднаго пасла правамоцным і спыніла працу сойма. 3 гэтага моманту і да 1764 г. такім чынам было сарвана 42 сойма з 55.

Магнаты Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага праз падуладнае сабе шляхецтва выкарыстоўвалі права "ліберум вета" для аховы ўласных інтарэсаў і свайго прывілеяванага становішча. Усё гэта прывяло да фактычнага паралічу дзяржаўнага кіравання, магчымасці зрыву любога памкнення да змен і рэформаў.

Найбольш моцна такі стан рэчаў адбіваўся на становішчы караля і вялікага князя. Пасля смерці апошняга Ягайлавіча, Жыгімонта III Аўгуста (1572), які не пакінуў нашчадкаў, усталявалася традыцыя абрання (элекцыі) кожнага наступнага манарха на агульнадзяржаўных соймах прадстаўнікамі польскай і ліцвінскай шляхты.

Адсутнасць спадчыннага трона вяла да пастаяннай барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі за ўладу ў перыяд міжкаралеўя. Жадаючы прывесці свайго прадстаўніка да ўлады, яны звярталіся за дапамогаю да іншаземцаў, запрашалі і выкарыстоўвалі замежную ваенную сілу.

У XVIII ст. гэта прывяло да простага ўплыву з боку замежных паслоў (Прусіі, Расіі, Швецыі, Аўстрыі) у Варшаве на абранне караля і вялікага князя праз падтрымку патрэбнай кандыдатуры з дапамогай свайго войска.

Так, па сутнасці, са згоды ці з дапамогай Расіі былі абраны тры апошнія манархі Рэчы Паспалітай – Аўгуст II Дужы, Аўгуст III і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Не скрываючы сваёй ролі ў абранні апошняга з іх, расійская імператрыца Кацярына II пісала ў Варшаву свайму паслу: "Віншую Вас з каралём, якога мы зрабілі".

Новаабраны кароль і вялікі князь быў абцяжараны неабходнасцю выканання ўскладзеных на яго праз сойм абавязкаў, якіх ён не павінен быў парушаць. Гэтыя абавязкі былі замацаваныя ў так званых " генрыкавых артыкулах " (з 1573 г.), якія ўтрымлівалі асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу і кіравання.

Акрамя таго, кожны кандыдат на трон, пачынаючы з Генрыха Валуа, падпісваў персанальны дагавор (расtа соventа) на элекцыйным сойме і пацвярджаў яго ўласнай прысягай.

Пры невыкананні ці парушэнні ім гэтых дагавораў шляхтазабяспечвала за сабой правааказаць супраціўленне, нават узброенае, каралю і вялікаму князю праз абвяшчэнне канфедэрацыі.

Канфедэраты фіксавалі пісьмова свае скаргі і патрабаванні ў спецыяльным канфедэрацкім акце у якім-небудзь гродскім судзе. Пасля гэтага канфедэрацыя (калі манарх не прызнаваў прэтэнзій), а па сутнасці – грамадзянская вайна, лічылася ўзаконенай.

Улада караля і вялікага князя была абмежавана соймам. 3 першай паловы XVI ст. манарх быў адным з трох акрамя сената і "пасольскай ізбы" " сеймуючых станаў ".

Ён не мог самастойна выдаваць "канстытуцыі" (пастановы), уводзіць падаткі, распараджацца дзяржаўнымі маёнткамі. Пры ім (з 1607 г.) у перапынку паміж соймамі пастаянна павінна была знаходзіцца пэўная колькасць сенатараў. Іх парады павінен быў улічваць кароль і вялікі князь ва ўсіх важнейшых справах.

Вышэйшыя дзяржаўныя пасады (вялікіх маршалкаў, канцлераў, гетманаў, падскарбіяў) ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы займаліся пажыццёва. Яны не маглі быць скасаваныя манархам.

Важным крокам да замацавання шляхецкай улады ў Рэчы Паспалітай стала ўтварэнне незалежных вышэйшых судоў – Трыбуналаў. Галоўны Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага быў створаны ў 1581 г. У Трыбунале засядалі выбраныя ад павятовай шляхты дэпутаты, да якіх і перайшлі правы вышэйшага вялікакняжацкага апеляцыйнага суда.

Гэтыя і іншыя шляхецкія памкненні да абмежавання ўлады манарха сталі немалаважнай унутранай прычынай палітычнага крызісу і развалу дзяржавы, можна сказаць, што шляхта амаль цалкам вызвалілася ад каралеўскай і вялікакняжацкай улады на падставе самакіравання.

На працягу другой паловы XVI–XVIII ст. яна паступова стала пануючым саслоўем над іншымі і над самім манархам. Рэч Паспалітая пераўтварылася ў "шляхецкую рэспубліку".

Адметнымі рысамі "шляхецкай рэспублікі" было ўладарства і перавага найбуйнейшых феадалаў-магнатаў. Яны "вялі рэй" палітычнага жыцця, асабліва ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Магутнасць такіх родаў, як Радзівілы, Сапегі, Пацы, Агінскія, Чартарыйскія, была амаль нічым не абмежаваная.

Кароль і вялікі князь вымушаны быў лічыцца з імі. Асновай гэтай магутнасці сталі велізарныя зямельныя ўладанні магнатаў. Так, Казімір Ян Сапега, вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага ў 1690 г. валодаў 18 563 "дымамі".

Магнаты мелі магчымасць утрымліваць нават сваё ўласнае войска. Да іх на службу, гаспадарчую і вайсковую, ішла сярэдняя і бяднейшая шляхта.

У канцы XVII–пачатку XVIII ст. амбіцыі магнацкіх родаў у Вялікім Княствам Літоўскім даходзяць да ўзброенага саперніцтва, перарастаюць у грамадзянскія войны.

Спачатку на неабмежаванае, роўнае вялікакняжацкаму першынство ў беларуска-літоўскай дзяржаве прэтэндуюць Сапегі, змагаючыся з Агінскімі, Вішнявецкімі і Радзівіламі.

Аднак канфлікт паміж Сапегамі і іх праціўнікамі ў канцы 90-х гг. XVII ст. нельга разглядаць толькі як барацьбу паміж магнацкімі групоўкамі за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Сутнасцю гэтага канфлікту была спроба з боку сапегаўскага дома (на чале з вялікім гетманам Казімірам Янам і падскарбіем Бенядыктам Сапегамі) разарваць унію з Польшчай, дабіцца незалежнасці Княства.

Сапегі нават распачалі перагаворы з аўстрыйскім імператарам і іншымі манархамі Еўропы, шукаючы падтрымку ў справе аддзялення Вялікага Княства Літоўскага. Абодва бакі выкарыстоўвалі шляхту (а Сапегі яшчэ і сялянства) у сваіх інтарэсах, абапіраючыся на сілу і маніпуліруючы лозунгам абароны "шляхецкіх вольнасцяў".

Супрацьстаянне дзвюх партый дасягнула апагея ў 1700 г. Спачатку ў сутыкненні пад Ашмянамі (14.10) перамаглі сапегаўцы.

Але ў вырашальнай бітве пад Алькенікамі (17.11) трыўмфавалі ўжо іх праціўнікі.

У грамадзянскую вайну ўключыўся і Аўгуст II, які намерваўся ўсталяваць у Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, а Вялікае Княства Літоўскае разглядаў як пляцоўку для яе замацавання.

Невыпадкова падчас гэтай грамадзянскай вайны ўзнікае праект стварэння ў Княстве спадчыннай манархіі на чале з вялікім князем Аўгустам II як супрацьвага манархісцкім памкненням Сапегаў.

Гэты праект вядомы як "Віленская пастанова" ад 29 лістапада 1700 г. У ім ліцвінская шляхта ў асобе кіраўнікоў антысапегаўскай кааліцыі адмаўлялася "ад усялякіх нікчэмных вольнасцяў польскіх" і перадавала абсалютную ўладу вялікаму князю Аўгусту II і яго спадкаемцам.

Знешнепалітычныя прычыны крызісу РП:

Унутрыпалітычныя праблемы Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст. спляліся са знешнімі, падкрэсліваючы згубную нявырашанасць першых.

У гэты час Беларусь становіцца арэнай ваенных дзеянняў, звязаных з руска-шведскай (Паўночнай) вайной (1700–1721). Шведы, рускія, саксонцы, не пытаючыся дазволу, маршыруюць па краі, рабуючы, палячы і вынішчаючы набыткі яго жыхароў.

Падчас Паўночнай вайны Вялікае Княства Літоўскае, бадай, у апошні раз выступіла ў якасці самастойнага фактара еўрапейскай палітыкі.

У 1701–1703 гг. паміж ім і Расіяй было падпісана тры міждзяржаўных пагадненні, накіраваных на сумесныя дзеянні супраць Швецыі.

У 1704 г. частка шляхты, якая непрыязна ставілася да караля і вялікага князя Аўгуста II, пры падтрымцы шведскага караля Карла XII абрала новага манарха С.Ляшчынскага.

Толькі пасля паражэнняў шведскіх войскаў расійскім пад Палтавай (1709 г.) Аўгуст II змог вярнуцца на трон. Але ўжо ў 1715 г. зноў пачынаецца грамадзянская вайна, якая ахапіла і Вялікае Княства Літоўскае. Яе выклікала памкненне Аўгуста II зноў паспрабаваць усталяваць абсалютную манархію ў Рэчы Паспалітай.

Значная частка шляхты выступіла ў абарону "залатых шляхецкіх вольнасцяў". Толькі ўмяшанне рускіх войскаў прывяло да згоды шляхты з каралём на так званым "нямым" сойме 1717 г. (пастановы на ім прымаліся без абмеркавання).

Гэты сойм абмежаваў уладу караля, замацаваў шляхецкую анархію, пацвердзіў права "ліберум вета". Апошняе зноў паставіла заслон перад спробамі рэфармавання дзяржавы. Колькасць рэгулярнага войска была абмежавана да 24 тыс. (18 у Польшчы і 6 у Вялікім Княстве Літоўскім).

3 часу Паўночнай вайны Расія паступова бярэ пад свой пратэктарат знешнюю і ўнутраную палітыку Рэчы Паспалітай. Больш моцным суседзям была выгадная яе слабасць. Таму яны імкнуліся захаваць у ёй безуладдзе і анархію пад прыкрыццём аховы і гарантавання "шляхецкіх вольнасцяў".

У 1720 г. пра гэта дамовіліся Расія і Прусія. У 1726 г. да іх далучылася Аўстрыя.

Крызісныя з'явы ў грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай абвастрала нявырашанасць рэлігійнага пытання. Ні адно з існаваўшых веравызнанняў фактычна тут не было забаронена.

Але практычна толькі прадстаўнікі каталіцкай шляхты і святарства маглі займаць дзяржаўныя пасады, удзельнічаць у працы сойма. У 1718 г. апошні пасол-некаталік пратэстант Пятроўскі па патрабаванні Віленскага афіцыяла ксяндза Анцуты быў сілай выдалены з сойму ў Гародні.

3 гэтага часу некаталікі былі пазбаўлены права ўдзельнічаць у пасяджэннях сойму. Канвакацыйны сойм 1733 г. прыняў канстытуцыю, якая пазбаўляла некаталікоў права не толькі быць пасламі, але і засядацьу трыбуналах, гэтак жа як і заняцця грамадзянскіх пасад.

Праваслаўнае святарства традыцыйна шукала падтрымкі ў Маскве.

Уніяцкая вера з-за таго, што большасць беларускай шляхты перайшла ў каталіцтва, ператвараецца ў "хлопскую" (сялянскую). Зрэшты і вышэйшыя іерархі ўніяцкай царквы не карысталіся належнай павагай. Толькі пятнаццаты па ліку ўніяцкі мітрапаліт (С.Растоцкі) у 1791 г. быў дапушчаны ў сенат Рэчы Паспалітай.

Негатыўныя вынікі такой недальнабачнай палітыкі кіруючых колаў Рэчы Паспалітай выразна адчуваюцца ў другой палове XVIII ст.

Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай канца XVII–першай паловы XVIII ст. з-за пагрозы самому існаванню дзяржавы ўсё выразней патрабаваў яе рэфармавання.

Паступова сярод пануючага шляхецкага саслоўя, у першую чаргу магнацтва, сфарміраваліся дзве плыні. Першая выступала за рэформы і ўмацаванне цэнтральнай улады, другая – за захаванне існуючага становішча безуладдзя і анархіі. (канец)

 

Падзелы Рэчы Паспалітай.

Паглыбленне палітычнага крызісу, узрастанне замежнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалггай узмацнілі імкненне прагрэсіўнай часткі грамадства да змен у палітычным ладзе краіны.

Л агер рэфарматараў на чале з Чартарыйскімі дабіўся ў 1764 г. абрання каралём і вялікім князем стаўленіка Расіі Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Пачаўся першы этап рэформаў (1764–1766 гг.). Былі адменены шматлікія ўнутрыдзяржаўныя гандлёвыя зборы, іх замянілі адзіным "генеральным падаткам".

Распачалася рэвізія каралеўскіх маёнткаў, што дало сродкі для павелічэння войска. Была зроблена спроба частковай ліквідацыі права "ліберум вета" пры вырашэнні на соймах пытанняў эканамічнага характару.

Дзеляўпарадкавання і павелічэння дзяржаўных прыбыткаў былі створаны дзве "скарбавыя камісіі" – польская і ліцвінская. У склад ліцвінскай скарбавай камісіі абіраліся два сенатары і сем шляхціцаў.

Камісія акрамя кантролю за збіраннем падатку і расходваннем скарбавых грошай павінна была сачыць за ўздымам эканамічнага становішча краіны шляхам упарадкавання рачнога суднаходства, падрыхтоўкі гандлёвых дамоў, пошукаў рынкаў збыту для мясцовых тавараў і г.д. Кіраванне войскам было даручана вайсковым камісіям, якія абіраліся на вальных соймах і працавалі пад старшынствам вялікага ці палявога гетмана, што памяншала іх уладу, якая раней не падлягала амаль ніякаму кантролю.

Спроба рэформаў выклікала незадавальненне як у магнацтва, так і ў суседніх дзяржаў. Расія і Прусія выкарысталі для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай адмову на сойме 1766 г. надаць роўныя правы некаталікам – пратэстантам (дысідэнтам) і праваслаўным (схізматыкам).

А яны пры дапамозе Расіі і Прусіі ствараюць дзве канфедэрацыі ў Слуцку і Торуні (1767 г.) з мэтай ўраўнавання ў правах. Слуцкую канфедэрацыю ўзначаліў кальвініст Ян Грабоўскі, генерал-маёр войска Вялікага Княства Літоўскага. Нягледзячы на старанні расійскага пасла Рапніна, пад актамі гэтых канфедэрацый аказалася няшмат подпісаў.

У сакавіку 1767 г. канфедэрацыі выдалі маніфесты з пералікам уціскаў і крыўдаў, якія цярпелі дысідэнты ў Рэчы Паспалітай, і просьбаю аб пратэкцыі расійскай імператрыцы, а таксама прускага, англійскага і дацкага каралёў.

На сойме 1767–1768 гг. пад уціскам расійскага войска, размешчанага пад Варшавай, былі прынятыя пастановы, згодна з якімі некаталікам надавалася свабода веравызнання і палітычныя правы, роўныя з каталікамі.

Адначасова былі пацверджаны "вечныя і неадменныя кардынальныя правы" шляхты (права выбару караля, "ліберум вета", права абвяшчэння канфедэрацыі і інш.). Гарантам выканання гэтых рашэнняў сойм назваў Расійскую імперыю. Такім чынам, ужо і фармальна Рэч Паспалітая апусцілася да ўзроўню залежнай дзяржавы. Рэфарматарская дзейнасць была перапынена.

Незадаволеная палітыкай Станіслава Аўгуста шляхта стварае Барскую канфедэрацыю (1768 г.). Яна аб'яднала патрыятычныя і кансерватыўныя элементы пад сцягам аднаўлення незалежнасці, правядзення Рэччу Паспалітай самастойнай палітыкі, вяршэнства каталіцкай веры.

На тэрыторыі Беларусі, як і ў Польшчы, канфедэраты ўжывалі партызанскія сродкі барацьбы. Найбольш буйныя бітвы канфедэратаў Вялікага Княства Літоўскага з расійскімі войскамі адбыліся ў 1769 г. пад в. Арэхава, у 1771 г. – пад в. Бездзеж і мястэчкам Сталовічы.

Ліцвінскіх канфедэратаў узначальваў Міхал Пац у якасці іх генеральнага маршалка. 9 жніўня 1770 г. барычане абвясцілі дэтранізацыю Станіслава Аўгуста і бескаралеўе. Гэта прымусіла караля і вялікага князя шукаць яшчэ большай падтрымкі ў Расіі.

Самым актыўным і дзейным кіраўніком канфедэратаў у Вялікім Княстве Літоўскім быў Сымон Касакоўскі. Пад сціплай назвай "грамадзяніна Вялікага Княства Літоўскага", апрануты ў сялянскі ўбор, пераязджаў ён ад мястэчка да мястэчка, збіраючы ў канфедэрацкія атрады дробную шляхту, сялян, нават яўрэяў і цыганоў.

Летам і восенню 1771 г. атрады С.Касакоўскага пайшлі дыверсійным маршам з Віленшчыны праз Менск, Магілёў да Быхава і Гомеля. Аднак сілы былі няроўнымі і ў 1772 г. канфедэрацыя спыніла сваё існаванне.

1-шы падзел РП:

Знясіленая анархіяй і чарговай грамадзянскай вайной, Рэч Паспалітая стала ахвярай больш моцных абсалютных манархій Расіі, Прусіі, Аўстрыі. 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу былі падпісаны тры трактаты паміж гэтымі дзяржавамі.

Усе яны пачыналіся са слоў: "У імя Святой Троіцы...". Прычынай падзелу тэрыторыі дэмагагічна былі выстаўленная анархія ў Рэчы Паспалітай, якая пагражала спакою суседніх краін, а таксама неабходнасць нібыта стварыць Польскаму каралеўству і Вялікаму Княству Літоўскаму такія ўмовы іх палітычнага існавання, якія ў першую чаргу адпавядалі б інтарэсам "падзельшчыкаў".

Прусія і Аўстрыя атрымалі частку польскіх і ўкраінскіх зямель, Расія – 92 тыс. км2 усходнебеларускіх зямель з 1,3 млн насельніцтва (Расія забрала Інфлянцкае, Полацкае, за выключэннем невялікай часткі па левым беразе Дзвіны, Віцебскае без Аршанскага павету, Мсціслаўскае і частку Мінскага ваяводстваў).

У абставінах фактычнай акупацыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага замежнымі войскамі сойм у 1773 г. вымушана пагадзіўся з захопамі. Напачатку яго дзейнасці мужную апазіцыю акупантам і іх памагатым з ліку падкупленай шляхты і магнацтва на сойме склалі ліцвінскія паслы на чале з Т.Рэйтанам, С.Багушэвічам і С.Корсакам.

38 гадзін не пакідаў Т.Рэйтан "пасольскай ізбы", пратэстуючы разам са сваімі сябрамі супраць спробы распачаць працу сойма пад кіраўніцтвам купленага за расійскія грошы маршалка А.Панінскага.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай прагрэсіўныя колы грамадства яшчэ больш упэўніліся ў тым, што выратаваць краіну змогуць толькі змены ў яе палітычным ладзе. 3 1773 г. усе вальныя соймы, каб пазбегнуць ужывання права "ліберум вета", пачыналі сваю працу з абвяшчэння сябе канфедэрацкімі (гэта давала магчымасць прымаць рашэнні большасцю галасоў).

У 1773 г. пасля ліквідацыі ордэна езуітаў у Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім было створана першае ў Еўропе міністэрства асветы – Адукацыйная камісія. Зроблена гэта было па прапанове падканцлера Вялікага Княства Літоўскага Яўхіма Храптовіча. Нерухомая маёмасць ордэна езуітаў перадавалася шляхце ў вечную арэнду з абавязкам выплочваць у год 4,5 % яе ацэначнага кошту на карысць адукацыі.

На сойме 1775 г. Рэч Паспалітая ўпершыню займела дакладна дзеючы орган выканаўчай улады – Пастаянную Раду на чале з каралём і вялікім князем. Пастаянная Рада вырашала пытанне аб скліканні агульнадзяржаўнага сойма, выбірала і прадстаўляла каралю кандыдатаў на вакантныя вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Рада павінна была сачыць за бяспекай і спакоем у дзяржаве.

Гэтыя функцыі забяспечвалі пяць яе дэпартаментаў: замежных спраў, паліцыі, вайсковы, юстыцыі і скарбавы (фінансавы).

Фактычна ж дзейнасць Рады кантралявалася рускімі пасламі ў Варшаве. Галоўны ідэал рэфарматараў эпохі Асветніцтва – утварэнне дзяржавы з дзейснай бюракратыяй на месцах і моцнай цэнтральнай уладай на чале з манархам- асветнікам, не быў здзейснены.

У канцы 80-х гг. XVIII ст. склаліся больш спрыяльныя ўмовы для другога этапа дзейнасці рэфарматараў, чаму не ў апошнюю чаргу садзейнічалі змены ў міжнародным становішчы (руска-шведская вайна 1788–1790 гг., руска-турэцкая вайна 1787–1791 гг., супярэчнасці паміж дзяржавамі, якія дзялілі Рэч Паспалітую).

Партыя рэфарматараў змагла згуртавацца падчас працы Вялікага сойма (1788–1792 гг.) і пачала дзейнасць па ўдасканаленні дзяржавы. На працу рэфарматараў вялікі ўплыў аказала буржуазная рэвалюцыя ў Францыі 1789 г. Зруйнаванне Бастыліі – сімвала ненавіснага народу феадальнага рэжыму, распачало пераможнае шэсце па краінах Еўропы ідэй дэмакратыі.

Праца сойма адбывалася на фоне росту палітычнай актыўнасці гарадоў, якія патрабавалі ўдзелу ў кіраўніцтве дзяржавай. 18 красавіка 1791 г. сойм прыняў закон аб "вольных гарадах каралеўскіх", якія нарэшце атрымалі магчымасць свабоднага развіцця, не замаруджанага феадальным правам.

Па ініцыятыве браслаўскага пасла Тамаша Ваўжэцкага спачатку ў Вялікім Княстве Літоўскім, а потым і ў Польшчы былі створаны " Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ". Яны сталі пастаяннай адміністрацыйнай уладай у паветах і ваяводствах. Першым крокам у вызваленні Рэчы Паспалітай ад пратэктарату Расіі стала рашэнне аб павелічэнні войска да 100 тыс. чалавек і ліквідацыя скампраметаванай Пастаяннай Рады. Было ўведзена падаткаабкладанне святарства і шляхты.

Спадзяючыся на дапамогу ў рэфармаванні краіны, Рэч Паспалітая ў 1790 г. заключыла ваенны саюз з Прусіяй. Мяшчане, як і шляхта, атрымалі права асабістай недатыкальнасці, свабоду набыцця зямельнай уласнасці, доступ да ўсіх духоўных пасад, грамадзянскіх чыноў і вайсковых рангаў. Прадстаўнікі каралеўскіх і вялікакняжацкіх гарадоў атрымалі права ўдзелу ў працы сойма пры абмеркаванні пытанняў, якія тычыліся развіцця рамёстваў і гандлю.

Вяршыняй дзейнасці Вялікага сойма з'явілася прыняцце 3 мая 1791 г. першай у Еўропе (і другой у свеце пасля ЗША) Канстытуцы і.

Канстытуцыя складалася з 11 артыкулаў. Першы тычыўся рэлігіі, тры наступныя вызначалі стан шляхецтва, мяшчанства і сялянства, астатнія – месца і ўзаемнае размежаванне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад.

Згодна з ёю адмяняліся " ліберум вета ", выбары караля шляхтай і абавязковасць соймікавых "інструкцый" для паслоў, уводзілася спадчынная манархія, у якой выканаўчная ўлада перадавалася каралю і ўраду, падпарадкаванаму сойму. Канстытуцыя 3 мая абвясціла таксама, што бярэ сялянства "пад апякунства ўрада", даючы надзею на паляпшэнне яго долі.

Каб урэгуляваць рэлігійнае пытанне і пазбавіць Расію падстаў для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, сойм ухваліў у маі 1792 г. рашэнне аб утварэнні ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім самастойнай праваслаўнай іерархіі, падпарадкаванай канстанцінопальскаму патрыярху.

Аб'ектыўна Канстытуцыя 3 мая спрыяла развіццю краіны ў прагрэсіўным буржуазным напрамку. Прыняцце соймам Канстытуцыі 3 мая выклікала станоўчую рэакцыю ў Францыі, Англіі.

Спагадліва трымалі сябе ў дачыненні да яе Прусія і Аўстрыя. Рымскі папа асобым указам (breve) перанёс святкаванне дня Св.Станіслава з 8-га на 3-е мая. Толькі ў Пецярбургу былі раздражнёныя такім аднаўленнем самастойнасці і чакалі заканчэння вайны з Турцыяй, каб пачаць вайсковыя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай.

Канстытуцыя 1791 г. зрабіла рашучы крок да ўтварэння цэнтралізаванай дзяржавы (адзінае войска, адзіны скарб і т.д.). Самастойнасць Вялікага Княства Літоўскага ў ёй была значна абмежаваная.

Тым не менш 20 кастрычніка 1791 г. па настаянні ліцвінскіх паслоў адбылося прыняцце соймам спецыяльнага дакумента " Узаемнай гарантыі " Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. У ім агаворваліся ўмовы раўнапраўнага ўдзелу прадстаўнікоў княства разам з палякамі ў кіраванні дзяржавай.

2-гі падзел РП:

Рашэнні сойма, звязаныя прыняццем Канстытуцыі 3 мая 1791 г., выклікалі пратэсты кансерватыўнай часткі магнатаў і шляхты. Баючыся распаўсюджвання ідэй Французскай рэвалюцыі з яе ідэаламі роўнасці, волі і братэрства, Кацярына II накіравала свае войскі ў Рэч Паспалітую.

18 мая 1792 г. 35-тысячны корпус генерала Крачэтнікава ўвайшоў у Беларусь. А перад гэтым праціўнікі Канстытуцыі 3 мая абвясцілі на Украіне аб утварэнні антырэфарматарскай Таргавіцкай канфедэрацыі з мэтай вяртання "паўнаты правоў шляхецкіх".

На самой справе гэты акт быў складзены яшчэ ў Пецярбургу пры ўдзеле расійскага генерала Папова. Таргавічане (іх было ўсяго 13 чалавек, пад сваім камандаваннем яны не мелі ні аднаго жаўнера), знаходзячыся ў абозе расійскага войска, выступілі за роўнасць усёй, а не толькі аседлай, шляхты, захавання межаў Рэчы Паспалітай, суп­раць спадчыннасці трона і Канстытуцыі 3 мая. Апошнюю яны лічылі "труной для шляхецкіх вольнасцяў".

Войска ВКЛ, якое налічвала ўсяго 15 тыс. чалавек, не змагло аказаць дзейснага супраціўлення інтэрвентам. Пасля няўдалых сутыкненняў пад Мірам (11.06) і Берасцем (25.06) яго рэшткі апынуліся на тэрыторыі Польшчы.

25 чэрвеня 1792 г. у Вільні было абвешчана аб утварэнні Генеральнай канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. Фактычнымі кіраўнікамі ліцвінскіх таргавічан сталі браты Сымон і Юзаф Касакоўскія. Былы барскі канфедэрат Сымон Касакоўскі цяпер быў генерал-лейтэнантам расійскай службы.

Хутка ён самастойна абвесціць сябе гетманам Вялікага Княства. Кароль Станіслаў Аўгуст вымушаны быў далучыцца да канфедэрацыі. У знак пратэсту вялікая частка генералаў і афіцэраў дэманстратыўна падасць у адстаўку і пакіне краіну. Сярод іх будзе і будучы кіраўнік паўстання 1794 г. Т.Касцюшка.

Расія і Прусія цяпер ужо ў апраўданне барацьбы з "якабінскай заразай" з Францыі дамовіліся 23 студзеня 1793 г. аб чарговым падзеле тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Прусія захапіла Вялікапольшчу з Торунем і Гданьскам.

Расіі дасталася большая частка Беларусі і Украіны прыблізна па лініі Друя–Пінск–Збруя з тэрыторыяй у 250 тыс. км2 і 4 млн насельніцтва. Астатняя частка тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага была акупіравана расійскімі войскамі.

Пад пагрозай прымянення ваеннай сілы Гарадзенскі сойм (1793 г.) зацвердзіў чарговы ганебны падзел дзяржавы. Гэты сойм у асноўным аднавіў парадкі, якія былі ў Рэчы Паспалітай падчас існавання Пастаяннай Рады.

3-гі падзел РП:

Шлях рэформаў у чарговы раз быў перарваны. Апетыты захопнікаў павялічваліся. Было зразумела, што сквапныя суседзі не спыняцца на дасягнутым. Каб абараніць гонар зганьбаванай дзяржавы, патрыёты Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ўзнялі паўстанне супраць Расійскай Імперыі.

Кіраўніком паўстання быў абраны нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду, змагар за незалежнасць ЗША Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. У Польшчы паўстанне пачалося24 сакавіка 1794 г. Праз месяц (24.04) пасля вызвалення Вільні паўстанне ахапіла Літву і заходнюю Беларусь. Тут яго ўзначаліў палкоўнік Якуб Ясінскі.

Галоўнымі мэтамі паўстання былі: вяртанне захопленых тэрыторый, выгнанне акупантаў, працяг дэмакратычных рэформаў. Віленскія "якабінцы" на чале з Ясінскім напачатку выступілі з больш радыкальнымі патрабаваннямі – "воля, роўнасць, незалежнасць", адразу салідарызаваліся з рэвалюцыйнай Францыяй.

Быў утвораны самастойны орган па кіраўніцтве паўстаннем – Найвышэйшая Рада Вялікага Княства Літоўскага. У яе першапачаткова ўвайшлі 29 чалавек. Склад Рады павінен быў папоўніцца прадстаўнікамі паўстанцкіх сіл з паветаў і ваяводстваў, што стварала магчымасць яе пераўтварэння ў прадстаўнічы рэвалюцыйны орган.

Паўстанне зрабіла спробу аб'яднаць разам інтарэсы перадавой часткі шляхецтва, сялянства і гарадскога насельніцтва. Мэтай паўстанцаў была таксама дапамога ў вызваленні ад "ярма дэспатызму" народаў суседніх краін. Касцюшка заклікаў да ўдзелу ў паўстанні прадстаўнікоў усіх веравызнанняў.

Асаблівая ўвага была выказана ім да праваслаўнага святарства і насельніцтва. Ім была паабяцана поўная роўнасць і самастойнасць. Паланецкім універсалам (7 мая 1794 г.) Касцюшка адмяніў асабістую залежнасць сялян. Сяляне, якія пайшлі ў паўстанне (касінеры), вызваляліся ад прыгону. На тэрыторыі Беларусі ў паўстанцкіх атрадах сяляне складалі да адной трэці іх колькасці.

За кароткі тэрмін (з красавіка па верасень) на Беларусі ў паўстанні прыняло ўдзел да 25 тыс. чалавек. Найбольш буйныя бітвы беларускіх касцюшкаўцаў адбыліся пад в.Паляны (7.05), в.Солы (25.06), Слонімам (4.08), Любанню (4.09), в.Крупчыцы (17.09). Пад Крупчыцамі адбылася самая вялікая бітва часоў паўстання: з абодвух бакоў у ёй прыняло ўдзел да 20 тыс. чалавек.

Але паўстанцкае войска не змагло супрацьстаяць аб'яднаным сілам Прусіі, Расііі Аўстрыі. Кацярына II накіравала на барацьбу з паўстанцамі сваіх лепшых военачальнікаў разам з А.Суворавым. У лістападзе паўстанне было задушана. Менавіта за актыўны ўдзел у задушэнні паўстання Сувораў атрымаў званне фельдмаршала.

Яшчэ падчас паўстання ўзнік план ліквідацыі Рэчы Паспалітай. У 1795 г. адбыўся трэці яе падзел. Прусія захапіла польскія землі з Варшавай, Аўстрыя – з Кракавам, Да Расіі адышлі заходнебеларускія, украінскія і літоўскія землі з Курляндыяй.

Частка Беларусі (захад Гарадзеншчыны) апынулася пад уладай Прусіі (да 1807 г.). Станіслаў Аўгуст 25 лістапада 1795 г. падпісаў акт адмовы ад трона. Гэта якраз была гадавіна яго каранацыі і дзень імянін імператрыцы Кацярыны II, якая ў свой час "зрабіла" яго каралём, а цяпер прымусіла адмовіцца ад тытула.

Захоп Рэчы Паспалітай з'явіўся гвалтоўным актам у дачыненні да дзяржавы, якая ўваходзіла ў перыяд свайго гаспадарчага і грамадскага рэфарміравання. (канец)

(Пытанне-4):







Дата добавления: 2015-10-12; просмотров: 960. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Стресс-лимитирующие факторы Поскольку в каждом реализующем факторе общего адаптацион­ного синдрома при бесконтрольном его развитии заложена потенци­альная опасность появления патогенных преобразований...

ТЕОРИЯ ЗАЩИТНЫХ МЕХАНИЗМОВ ЛИЧНОСТИ В современной психологической литературе встречаются различные термины, касающиеся феноменов защиты...

Этические проблемы проведения экспериментов на человеке и животных В настоящее время четко определены новые подходы и требования к биомедицинским исследованиям...

Машины и механизмы для нарезки овощей В зависимости от назначения овощерезательные машины подразделяются на две группы: машины для нарезки сырых и вареных овощей...

Классификация и основные элементы конструкций теплового оборудования Многообразие способов тепловой обработки продуктов предопределяет широкую номенклатуру тепловых аппаратов...

Именные части речи, их общие и отличительные признаки Именные части речи в русском языке — это имя существительное, имя прилагательное, имя числительное, местоимение...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.013 сек.) русская версия | украинская версия