Белетрыстыка
Слова «белетрыстыка» (ад фр. belles lettres — прыгожая, вытанчаная, зграбная славеснасць) выкарыстоўваецца ў розных значэннях: у шырокім сэнсе — мастацкая літаратура (сёння ўжыванне дадзенага слова ў такім значэнні ўстарэла); у больш вузкім — апавядальная проза. Белетрыстыка часта атаясамліваецца з масавай літаратурай. Большасць жа даследчыкаў разглядае яе як лепшую частку масавай літаратуры. Менавіта ў такім значэнні яна і цікавіць нас. Белетрыстыка — гэта літаратура «другога» раду, няўзорная, некласічная, аднак тая частка мастацкай славеснасці, якая мае бясспрэчныя вартасці і прынцыпова адрозніваецца ад літаратурнага «нізу» («чытаніны»). Такім чынам, белетрыстыку можна лічыць сярэдняй, прамежкавай прасторай літаратуры паміж масавай, «нізавой» літаратурай і літаратурнай класікай. «Белетрыстыка неаднародная. У яе сферы ў першую чаргу з’яўляецца важным кола твораў, якія не валодаюць мастацкай маштабнасцю і ярка выражанай арыгінальнасцю, але абмяркоўваюць праблемы сваёй краіны і эпохі, што адпавядаюць духоўным і інтэлектуальным запатрабаванням сучаснікаў, а іншы раз і нашчадкаў» [64]. Белетрыстыка, якая адгукваецца (альбо імкнецца адгуквацца) на літаратурныя і грамадскія павевы свайго часу, не з’яўляецца адзінай плынню. У адных выпадках яна ўбірае ў сябе нешта арыгінальнае і новае (больш у сферы ідэйна-тэматычнай, чым уласна мастацкай), у другіх — аказваецца пераймальнай і эпігонскай. Сур’ёзная белетрыстыка стараецца адыйсці ад эпігонства. Лепшыя з пісьменнікаў-белетрыстаў выконваюць у складзе літаратурнага працэсу даволі важную і адказную ролю, таму што з’яўляюцца своеасаблівымі рэзанатарамі для буйных майстроў слова, а часам і падказчыкамі тэм, матываў, вобразаў. У шэрагу выпадкаў белетрыстыка ў выніку валявых актаў кіраўнікоў дзяржаў і «чыноўнікаў ад літаратуры» ўзводзіцца на пэўны час у ранг класікі. У якасці прыкладу можна прывесці раманы «Як гартавалася сталь» М. Астроўскага, «Маладую гвардыю» А. Фадзеева. Як лічыць В. Халізеў, такія творы «правамоцна называць кананізаванай белетрыстыкай» [65]. Побач з творамі, што абмяркоўваюць злабадзённыя праблемы свайго часу, існуе такое адгалінаванне белетрыстыкі, творы якога напісаны са свядомай устаноўкай на займальнае і, як правіла, лёгкае чытанне. Дадзенае адгалінаванне белетрыстыкі, што «імкнецца да «формульнасці» і авантурнасці, адрозніваецца ад безаблічнай масавай прадукцыі. У ёй нязменна прысутнічае аўтарская індывідуальнасць» [66]. Такая разнавіднасць белетрыстыкі таксама мае права на існаванне. Нельга прымяншаць яе важнасць і значэнне, асабліва для юнацтва. Разам з тым непажадана поўнасцю сканцэнтроўвацца на дадзенай разнавіднасці літаратуры ва ўрон знаёмству з сапраўднымі шэдэўрамі прыгожага пісьменства. Белетрыстыка як «сярэдняя» сфера літаратурнай творчасці (і ў яе сур’ёзна-праблемным, і ў забаўляльным адгалінаваннях) даволі цесна судакранаецца як з «верхам», так і з «нізам» літаратуры. У найбольшай ступені гэта адносіцца да такіх літаратурных відаў і жанраў, як гістарычны, навукова-фантастычны, прыгодніцкі і авантурны раманы, а таксама раман-дэтэктыў.
|