Кампазіцыя
Кампазіцыя (ад лац. compositio — будаванне, паяднанне, кампанаванне) — размяшчэнне і суаднесенасць кампанентаў мастацкай формы твора, уся складаная (знешняя і ўнутраная, бачная і нябачная) яго пабудова. Кампазіцыя «ўключае ў сябе і расстаноўку персанажаў — іх сістэму, і размяшчэнне ўзнаўляемых падзей у тэксце, і асаблівасці «падачы» прадметна-псіхалагічнай рэальнасці (партрэтаў, пейзажаў, інтэр’ераў, дыялогаў і маналогаў), і дынаміку форм (спосабаў) апавядання, і суаднесенасць уласна моўных адзінак, у тым ліку элементаў вершаванай формы» [174]. Як бачна з толькі што прыведзенай цытаты, кампазіцыя — рэч даволі мнагагранная і шматсастаўная. Па гэтай прычыне некаторыя літаратуразнаўцы (у прыватнасці, А. Фядотаў) аперыруюць паняццем-тэрмінам «агульная кампазіцыя». Яна ў сваю чаргу «падраздзяляецца на кампазіцыю сюжэта, кампазіцыю вобразнага зместу, знешнюю кампазіцыю (архітэктоніку), пад якой падразумяваецца суаднесенасць цэлага і яго элементаў-складнікаў: раздзелаў, частак, строф і г. д., кампазіцыю асобных вобразаў, сцэн, эпізодаў і г. д., кампазіцыю моўную, якая ўключае ў сябе змену спосабаў мастацкага выкладу, элементаў дынамічнага апавядання, статыстычнага апісання, характарыстыкі дзеючых асоб, партрэт, маналог, дыялог, палілог персанажаў, плынь свядомасці, пісьмо, аўтарскія рэмаркі, лірычныя адступленні, дакумент і г. д., кампазіцыю сінтаксічную, гукавую і г. д.» [175]. Кампазіцыя абумоўлена мастацкім зместам твора, у значнай ступені жанравымі традыцыямі. Накладваюць адбітак на кампазіцыю і некат. інш. моманты і фактары, сярод якіх на першым месцы знаходзяцца асаблівасці творчага таленту, даравання пісьменніка, а таксама прыкметы яго мастацкага почырку (стылю). Як слушна зазначае А. Казлоў, «мастацтва кампазіцыі — адзін з абавязковых кампанентаў мастацкага таленту, прычым веданне законаў кампазіцыі, дэтальна распрацаваных сучасным літаратуразнаўствам, не служыць гарантам напісання дасканалых твораў» [176]. Кампазіцыя — рэч даволі мнагагранная і шматсастаўная. Адбітак на яе ў любым мастацкім творы накладваюць самыя розныя моманты: ад агульнай стратэгіі пабудовы твора да змяшчэння ў ім нейкіх нязначных (на першы погляд) дэталей, што таксама ў пэўнай меры і ступені працуюць на агульную вобразна-выяўленчую сістэму твора. Кампазіцыя надзвычай цесна звязана з сюжэтам твора. Менавіта яна вызначае паслядоўнасць выяўлення ў творы ўсіх этапаў сюжэта (як асноўных, так і дапаможных), а таксама пазасюжэтных элементаў (лірычных, філасофскіх, публіцыстычных адступленняў, устаўных апавяданняў ці навел, легенд і г. д.). Характар і адметнасці кампазіцыі звязаны ў першую чаргу з агульнымі падыходамі да арганізацыі дзеяння ў творы. Паводле асаблівасцей сюжэтнай арганізацыі дзеяння ў творы вылучаюць некалькі разнавіднасцей кампазіцыі. Аднапланавы тып кампазіцыі (аднапланавая кампазіцыя) «практыкаваўся ў першых беларускіх раманах, дзе фігура цэнтральнага героя была вызначальнай, яна канцэнтравала вакол сябе дзеянне і пазбаўляла іншых персанажаў самастойнай ролі ў сюжэце» [177]. Найбольш яскравым прыкладам такога твора з’яўляецца трылогія Я. Коласа «На ростанях». Шматпланавы тып кампазіцыі (шматпланавая кампазіцыя) арганізуюць некалькі галоўных герояў і сюжэтных цэнтраў. Дадзены тып кампазіцыі характарызуе многія творы беларускай прозы другой паловы ХХ ст., у прыватнасці, раманы І. Мележа, І. Шамякіна, А. Чарнышэвіча і шэрагу інш. пісьменнікаў. Навелістычны тып кампазіцыі прадугледжвае расчляненне аўтарскага апісання (вядома, у межах твора, аб’яднанага агульнымі персанажамі) на сцэны (малюнкі), што ўспрымаюцца як адносна завершаныя мастацкія адзінкі. Як зазначаюць А. Пяткевіч і І. Шпакоўскі, «такая арганізацыя перабівае дзеянне паўзамі, робіць твор больш даступным для чытача і часцей практыкуецца ў дзіцячай і юнацкай літаратуры» [178]. У якасці прыкладу твора з такім тыпам кампазіцыі беларускія вучоныя прыводзяць аповесць М. Лынькова «Міколка-паравоз». Да навелістычнай пэўным чынам блізкая мантажная кампазіцыя. Толькі ёй аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае не асобныя эпізоды з агульнымі персанажамі, а, як правіла, рознатэмныя мастацкія рэчы, у кожнай з якіх свая персанажная сфера. На першы погляд, сувязі паміж гэтымі творамі быццам бы няма. І толькі пасля ўважлівага знаёмства з усімі рэчамі, што ўтвараюць у выніку адзінае мастацкае цэлае, пабудаванае па прынцыпу мантажнай кампазіцыі, вымалёўваецца яго агульная думка-ідэя. Навелістычная кампазіцыя прыйшла ў літаратуру з кіно ў першай трэці ХХ ст. Сустракаецца ў літаратурных творах і вяршынная кампазіцыя. «Пры такой арганізацыі сюжэт раскрываецца толькі ў тых момантах, якія адыгрываюць вырашальную ролю ў лёсе герояў, а ўсе прамежкавыя звёны апускаюцца. Вяршынная кампазіцыя часта сустракаецца ў драматургіі, у рамантычных паэмах, у некаторых раманах» [179]. Кампазіцыя ўдзельнічае таксама ў арганізацыі накірунку развіцця дзеяння ў творы. Згодна з гэтай яе функцыяй і асаблівасцю вылучаюць прамую альбо хранікальную кампазіцыю, а як пэўную супрацьлегласць ёй — рэтраспектыўную альбо інверсійную. У творах з прамым (хранікальным) тыпам кампазіцыі жыццё ўзнаўляецца строга ў часавай паслядоўнасці. Такі тып кампазіцыі вызначаецца схільнасцю да дэталізаванага і разгорнутага адлюстравання, якое перадае суцэльную плынь жыцця. Ёсць свае адназначныя станоўчыя моманты і ў рэтраспектыўнай (інверсійнай) кампазіцыі. «Перарыў прамога дзеяння рэтраспектыўнымі малюнкамі, перадгісторыямі герояў, мантаж розных часавых і прасторавых планаў драматызуе сюжэт, садзейнічае больш глыбокаму раскрыццю характараў» [180]. Прасторавая і часавая арганізацыя дзеяння ў творах таксама істотна ўплывае на асаблівасці іх кампазіцыі. Так, сюжэтны час у творы можа сціскацца з-за ўшчыльнення мастацкага матэрыялу, у выніку чаго прасторавае дзеянне цэнтралізуецца і канцэнтруецца вакол якой-небудзь адной кропкі (раманы К. Чорнага «Пошукі будучыні» і «Млечны шлях», аповесць В. Быкава «Знак бяды»). Можа таксама знаходзіць месца ў творах момант пэўнага расцягвання, затрымлівання руху часу, што звязана з хранікальнай разгорнутасцю, панарамнасцю адлюстравання, бытавой дэталізацыяй сцэн і карцін. Адзін з прыкладаў — вядомы ваенны цыкл раманаў І. Чыгрынава. Пэўнай спецыфікай валодае кампазіцыя вершаваных (лірычных) твораў, якая «ўключае ў сябе размеркаванне рытміка-меладычных адпаведнікаў, радкоў, строф, а таксама назву твора, эпіграфы, прысвячэнні» [181]. Вучонымі вылучаюцца наступныя разнавіднасці лірычнай кампазіцыі: амебейная, анафарыстычная, кальцавая, ланцужковая і некат. інш. На кампазіцыю мастацкіх твораў вельмі вялікі адбітак накладваюць асаблівасці ўжывання (у многіх выпадках — чаргавання) форм і спосабаў падачы тэкставага матэрыялу (г. зв. кампазіцыйна-моўныя формы). Асноўнымі і найбольш шырокаўжывальнымі сярод іх з’яўляюцца апісанне і апавяданне (аповед) або расказванне (рус. повествование). «Пад апісаннем у літаратуразнаўстве звычайна разумеецца ўзнаўленне прадметаў у іх статыцы, у адрозненне ад апавядання (у вузкім значэнні слова), г. зн. паведамлення аб аднаразовых дзеяннях і падзеях, якія выбудоўваюцца ў сюжэт твора. Класічнымі відамі апісання лічацца пейзаж, інтэр’ер, партрэт, у сферу апісання таксама ўваходзяць характарыстыкі герояў, іх душэўных станаў, аповед аб шматразовых іх дзеяннях, звычках, якія рэгулярна паўтараюцца <...> асноўны прадмет апавядання — дынамічныя дэталі, што ўтвараюць сюжэт; апісання — дэталі статычныя, якія наслойваюцца на сюжэт, матывуюць і тлумачаць тое альбо іншае развіццё падзей, ствараюць для іх нейкі ўстойлівы зыходны фон» [182]. Апавяданне (аповед, расказванне) у многіх мастацкіх творах (як правіла, празаічных) уяўляе сабой даволі складаную сістэму, цэнтральнай фігурай у якой выступае асоба апавядальніка (менавіта апавядальніка, а не аўтара!). Адгалінаванне ў сучаснай літаратурнай навуцы, якое займаецца вывучэннем сродкаў і асаблівасцей арганізацыі мастацкага матэрыялу ў апавядальных (празаічных) творах, імянуецца нараталогіяй [183]. Для некаторых традыцыйных жанраў з’яўляюцца характэрнымі кампазіцыйныя каноны (трайныя паўторы і шчаслівая развязка ў казках; абавязковае пяціактнае чляненне п’ес на працягу некалькіх стагоддзяў у еўрапейскай драматургіі ў выніку адштурхоўвання ад антычных узораў і г. д.). Даследчыкамі літаратуры даволі часта і ў тэарэтычных працах, і непасрэдна пры аналізе канкрэтных твораў прымяняюцца словазлучэнні-паняцці «мастацкасць кампазіцыі» і «змястоўнасць кампазіцыі». Мастацкасць кампазіцыі ўказвае на яе «жыццёвую пераканальнасць», што, «з аднаго боку, залежыць ад таго, у якой меры яна выцякае з самога жыцця, а з другога — ад таго, у якой меры яна матывавана характарамі» [184]. Змястоўнасць кампазіцыі выяўляецца ў спалучэнні ў ёй «парадку са шматстайнасцю» (В. Халізеў), г. зн. наколькі пісьменніку ўдалося захаваць «нейкі гарманічны «баланс» паміж складанасцю пабудовы і — эканоміяй яе сродкаў у імя прастаты і яснасці» [185].
|