Студопедия — Сон на кургане. Абраз ІІІ.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Сон на кургане. Абраз ІІІ.






III. Пажарышча

Досвітак. Непадалёку ад пажару. Пасяродку стаіць дзікая груша. Валяецца колькі галавешак. Далей — трохі ўправа — пачынаецца палаючая вёска: з некаторых хат засталіся ўжо толькі печы ды каміны, а па баках ляжыць асмалеўшае бярвенне. Пажар падбіраецца пад другі канец вёскі. Калі-нікалі ўзрываецца вецер і даносіць снапы іскраў. Чуваць гул полымя і людскіх галасоў.


І-ы пагарэлец
(цягнучы лаву)
Скуль і як яно ўзялося?
3 чыёй хаты занялося?..

Сплю, як толькі спяць уночы,
Чую, лезе дым у вочы;

Усхапіўся, паглядаю:
Мора полымя гуляе;

Сам не знаю, ў што ўчапіцца...
Ну, за лаву — прыгадзіцца.
(Ідзе далей.)


2-і пагарэлец
(з андаракам і каптаном бабскім)
...Мы з сваёй яшчэ не спалі:
Дзіцянятка калыхалі...

Раптам — відна... Я у дзверы,
Ды не ў дзверы, а ў кут змерыў.

Сяк-так выскачыў за хатку...
Бачу, косіць ад пачатку

Агонь вёску, як памора;
Зноў я ў хатку... ах ты, гора!

Сам не знаеш, што ўхапіці;
Крычу жонцы: бяры дзіце!

Сам хапаю сёе-тое...
Чуць з душою, чуць з душою...


3-і пагарэлец
(з матком і шпулькамі)
Я так крэпка сплю на печы:
Ажно тут — штурхель у плечы!

Глядзь: аж нехта качаргою
Мяне цягне, як дугою.

Ўжо ўстаю, ужо буджуся,
Злазіць з печы ўжо лаўчуся...

Бух аб землю, як сноп жыта,
Проста бокам аб карыта!...

Хтось крычыць: барджэй жа, тата!..
Ломяць, цягнуць усё з хаты...

Я — хвацель маток і шпулькі...
(Глядзіць за пазуху.)
Ну, а люлька... няма люлькі.


Дзяўчынка
(з хлопчыкам, меншым ад сябе; абое ў адных зрэбных кашулях)
Як маланкай, пайшла хатка,
Чаравічкі і апратка.


Xлопчык
(праз слёзы, разглядаючыся)
А дзе ж татка? а дзе мама?


Дзяўчынка

Ціха, братка: я таксама
Вось з табою іх шукаю,
Дзе ж падзеліся — не знаю.
Ў гэты бок няслі кадушку.


Xлопчык

Падсадзі — сарву я грушку;
Хачу вельмі піць і есці.


Дзяўчынка
(падсаджвае хлопчыка, з павагай)
Вось уздумаў грушы трэсці.
Тутка гэткае няшчасце,—
Не дзівота і прапасці.
А ён, бач, з сваёй ядою!


Xлопчык
(саскочыў і грызе сарваную дзічку)
Пабяжым цяпер затое.


Дзяўчынка

Не лезь толькі ў вочы з плачам:
Татку, мамку недзе ўбачым.


Xлопчык
(з радасцю адбягаючы з дзяўчынкай)
Недзе знойдзем, недзе ўбачым!


1-я кабета
(цягнучы саху, заплакаўшыся)
Што за ночка! што за ночка!
Не пакінуў і ламочка!

Як сярпом, зжынае, голе...
А стары прост сходзіць з поля,

Галаву саўсім губляе —
Сам не знае, што хватае;

То у хлеўчык матанецца,
То ля пуні апынецца...

Ні прыстання, ні куточка...
Што за ночка! што за ночка!!


2-я кабета
(з дзіцянём у калысцы)
Чуць паспела, чуць з душою
Гэта выхваціць малое;

Засталася ступа, дзежка,
I пасудак, і адзежка.

Мой паехаў з кума братам —
Папрасіў — паехаў сватам,—

I не бачыў, і не ведаў,
Як гарэла ўсё да следу,

Мо б што больш уратавалі...
Так, саўсім, саўсім прапалі...


3-я кабета
(цягнучы на руках ягнё)
...Цягнем з хаты мы ламоцце,
Зірк на хлеўчык — страху коце.

Я у хлеўчык — гнаць кароўку:
Як прывязана вяроўкай —

Ані з месца... тут авечка
3 хлева ў полымя, як печку,—

Я ягнятка хваць за воўну,
А тут дыму ужо поўна...

Чуць у дзверы, чуць папала,
А ўжо хатка дагарала.


Яўрэй
(з багамоллем і ліхтарамі; за ім жонка яго і чацвёра дзяцей)
I стадола, і камора
Так яшчэ стаялі ўчора,

А сягоння, як у яму,
Паваліліся і з крамай.
(Да жонкі.)

Знаеш, чуў я, у Агаты
Дзіцянё згарэла з хатай.


Яўрэйка
(з падушкай і халаю)
Мне казалі на прыгумні:
Чалавек звуглеў у пуні.


Дзіцянё 1-е
(з бляшаным пудэлкам цукерак)
Ото ж вочы дым кусае.


Дзіцянё 2-е
(са скруткам паркалю)
Будзе ж крама зноў такая?..


Дзіцянё 3-е
(са скрынкай з цвікамі)
Як жа гэта агонь страша!


Дзіцянё 4-е
(з кульком мукі)
А як з козачкаю нашай?
(Ідуць далей.)


Чуваць званкі, пасля ціхнуць; выходзіць з левага боку вясельная дружына; маладая ў вянку, малады з кветкай на грудзях, сват перапасаны праз плячо белым ручніком, музыка са скрыпкай, закоснік, маршалак і дзве дзяўчыны-дружкі.


Маладая
(асоўваецца бяссільна пад грушу, закрываючы рукамі заплаканыя вочы)
Што тут стала? што тут стала?
Ўсё ў дыму, усё прапала!
Дзе ж мы сонейка сустрэцім?
Галавы прыкрыці нечым.


Малады
(садзіцца ля маладой, абнімаючы, прытульвае к сабе і супакойвае)
Ціха, міленькая, ціха.
Як прыйшло, так пойдзе ліха;

Пагаруем, пабядуем...
Дасць Бог — хату адбудуем...
(Горка ўсміхаючыся.)
I вяселле дагуляем...


Мачыха маладой
(выбягае, задыхаўшыся, з боку пажару)
Ах, ах! чым вас прывітаем?..
Чула, чула, галубочкі,
Вашы звонкія званочкі!..

Так усе мы вас чакалі:
Каравай прыгатавалі,—

А які ж, ах, быў удачны!
Каб вы зналі — які смачны!


Сват
(п'янаваты, панура)
Відно, смачны, бо смалілі,
Што аж хаты ў дым пусцілі.


Маршалак

Знаць, згуляці захацелі
Без шлюбоўнікаў вяселле.


Музыка

Але толькі без музыкі —
Пад пажарныя скавыкі.


Войчым маладога
(выходзіць з боку пажару з пустымі, як і мачыха, рукамі)
Ну, прыехалі нарэшце!
Вось чым сэрцайка пацешце,
Малады і маладзіца.


Мачыха

Мы ў суседавай святліцы
Вас ад шлюбу выглядаем;
Гаманім сабе, чакаем...


Войчым

Як вам ведама — дзе мелі
Адгуляць ваша вяселле.


3акоснік

Ў вашых можна б скруціць ногі
Ні разгону, ні падлогі.


Мачыха

А тут раптам у ваконцы
Віднюсенька, як бы ў сонцы!


Войчым

Тут у лямант бабы, дзеці.


Мачыха

К сваім хатам мы ляцеці...
Ўратаваці не прыйшлося.


Войчым

Найперш з нашых занялося.


Мачыха

Як жа собіла ў час гэткі
Замарудзіць так вам, дзеткі?..


Сват
(заметна манячы)
Мост зламаўся, ну, праждалі,
Покі броду адшукалі.


Войчым
(панура)
Знаем вашыя мы броды:
Гэта так у нас заўсёды.


Соцкі
(выбягае з парожнім вядром)
А вы што тут сталі ў кучы
Ды, як мокрыя анучы,

Не парушыцеся з месца?
То ж не жарты вам, здаецца...

Падпаліў ўсіх нейкі злодзей...
Зараз воласць з прыскам пойдзе.


Маладая свой вянок, сват ручнік, а музыка скрыпку вешаюць на грушы, і ўсе ідуць за соцкім у бок пажару.


Стары
(з ім разам старая і іх нявестка з грудным дзіцём; нясуць стол, начоўкі і калыску)
Я казаў вам, што заблізка —
Пачарнела аж калыска.


Нявестка

Ах, забыліся дайнічкі!


Старая

Стаўма гэтта каля дзічкі.


Стары

А, рабі ўжо, як там знаеш.


Нявестка

Каго толькі не спытаеш —
Адным чынам, што нам хтосьці
Падпаліў сяло па злосці.


Старая

Каб звуглеў, як гэта сажа...


Стары

Чымся слухаць, што хто кажа,
Лепш папраў дзіцю пялёнкі.


Усе адыходзяць.


Нявестка
(на выхадзе)
Не забыць каб зноў даёнкі.


Дзяўчынка
(і хлопчык з ёй — абое ўжо заплакаўшыся)
Дзе ж той тата збег сягоння?


Xлопчык

Мамка ёсць, але вон гоне.


Дзяўчынка

Мамку маем і не маем.
(Ідуць далей, разглядаючыся.)


Падростак
(дурнапаты, ведучы сляпую бабу, каторая, баючыся, ступае)
Зараз, зараз свет пазнаем...


Сляпая

Ці не збіўся ты з дарогі? —
Дзе ступлю, пячэцца ў ногі.


Падростак
Ціха, баба, пойдзе гладка;
Не спячэшся, як аладка;

Як ні бойся — не ўбаішся:
Ўсе сягоння падпякліся.
(Убачыўшы ламаццё.)
А, начовачкі і столік!


Сляпая

Дзе ж мы гэта, мой саколік?


Падростак

А пад грушай на узмежку;
Сядзь пад ёй во, як пад дзежкай.

I глядзі на дым чырвоны
Здаля, як з-пад парасона.


Сляпая

А вагонь жа не дастане?


Падростак

Ці ж аслепла, ясне пані? —
Тут і чорт цябе не чэпіць.


Сляпая

А мо далей пойдзем лепей?


Падростак

Ну, садзіся, будзь спакойна:
Далей, бліжай — усё роўна.


Сляпая

Усё роўна, мае дзеткі,
Мне ўжо: сонца, ночка, кветкі.


Падростак
(углядаючыся на грушу)
А... Ці бачыце, бабуля,
Як зраслі на йгрушы дулі:
Хвастач, скрыпка і вяночак?


Сляпая

Кпі сабе, мой галубочак!


Падростак

Даліпан-то не жартую...
(Становіцца на стале і хоча дастаць скрыпку.)
Вось так зараз запілую.


Старая
(выходзіць з ламаццём; з ёй стары і нявестка)
Ты чаго на стол узбіўся?


Падростак
(саскакваючы са стала)
Ціха, цётка, не сварыся —
Мірам кончым гэту справу:
Я — наўцёкі, ты — пад лаву.
(Саскаквае са стала і адбягае ўбок.)


Стары

Такі воласць абароняць.


Нявестка

Дзе ж? усіх к ратунку гоняць:
Мяне з дзіцем — то хацелі.


Старая

3 двара з помпай прыляцелі:
Людзі ім ваду цягаюць,
Яны кішкаю пускаюць
На закоты, на застрэшкі...


Стары

Ну, ідзём, не ўзялі дзежкі.
(Адыходзяць.)


Падростак
(выбегшы з укрыцця)
А цяпер мая ўжо скрыпка,
Толькі лоўка, толькі шыбка.
(Дастае скрыпку і прабуе струн.)
Вось зайграю ва ўсе плечы
Ад запечка ды да печы.
Ад парога да парога...


Выбягае кабета-вар'ятка, сышоўшая з розуму праз пажар,— у зрэбнай спадніцы і кашулі — без каптана; на левай руцэ ў яе — як дзіцянё — абкручана анучамі галавешка, а ў правай — сціскае ў жмені нож; як выбегла — хлопец адскочыў убок.


Вар'ятка
(размахваючы нажом)
Дай гасцінец, дай дарогу!..
Жыў ніхто тут не залежа:
Ўсіх пазводжу, ўсіх парэжу!

Вось так жніва, вось пакоша!
Дзе мой муж, дзе мой харошы?

Няма мужа — і так дужа:
Ўсюды пойдзе крыві лужа.
(Углядаецца на сляпую пад грушай.)

Ты са мной яго жаніла,
Ты яго мне і спаліла...

Давай горла, бо іначай
Свету боскага не ўбача
Твой паглёд, змяя, вужача.
(Хоча кінуцца з нажом на кабету.)


Падростак
(падбягае і хватае ззаду за руку)
Што ты, цётка, звар'яцела
Ці мо блёкату пад'ела:

К сляпой лезеш без баязні,
Як угледзіць, справіць лазню.

Чым людзей тут заразаці,
Лепш пільнуй свайго дзіцяці...


Вар'ятка
(спачатку тузаецца, але пры слове «дзіцяці» выпускае з рук нож і туліць к грудзям галавешку)
Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!
Лю-лі, лю-лі, сакалочак!
(Дастае грудзі і хоча карміць.)


Падростак
(сам да сябе)
Проста з поля сышла цётка.


Вар'ятка

На, пассі, на, дзіцянётка!
Ты не вер, што кажуць людзі,
Быццам таткі ўжо не будзе.


Падростак
(сам да сябе)
Жджы к Пятру сырка, матуля.


Вар'ятка

Маеш мамку, а татуля?..
(Неўспадзеўкі к падростку.)
Я з табою ажанюся.
(Хоча абняць яго.)


Падростак
(сам да сябе)
Клёпкі ўсе згубіла, мусіць.


Вар'ятка

Толькі як вяселле ўстроіць?


Падростак
(сам да сябе)
Трэба бабу супакоіць.
(Да вар'яткі, паказваючы скрыпку.)
Я пайграю — ты паскачаш.


Вар'ятка

А вянок дзе?


Падростак
(паказваючы на грушу)
Ці ж не бачыш?


Вар'ятка
(дастае вянок і кладзе на галаву)
А як з сватам і дружынай?


Падростак
(сам да сябе)
Ну, нявеста! каб лепш згінуў.
(Да яе.)
Я ўсім буду, мая душка,—
Разам — сватам, мужам, дружкай.
(Дастае з грушы хвастач і — як сват — закручвае сабе праз плячо; адрывае кусок з лісцямі галінкі і прычэплівае к грудзям.)


Вар'ятка

I музыкай, і музыкай.
(Глянула на сляпую і кладзе на галаву ёй кусок сухой галіны, скруціўшы абручом.)
А ты, імасць, будзь нам сваццяй!


Падростак

Час вяселле пачынаці.


Садзіцца на калысцы і пачынае іграць і прыпяваць; вар'ятка, цянюючы каля грушы, падцінае яму на языку.


Былі ў бацькі тры сыны,
Гоп-я!
Да ўсе ж яны Васілі,
Гоп-я!


Дзяўчынка і хлопчык
(выбягаюць і з плачам кідаюцца да вар'яткі)
Мама! мама! дзе наш тата?


Вар'ятка
Вон, ягнята, вон, шчанята!
(Далей прыпявае пад музыку з падросткам.)
Адзін коні пасе,
Гоп-я!
Другі лапці пляце...


Пачуўся з боку пажару гоман і крык: «Дзяржы моцна! Бі, колькі улезе!»


Падростак
(прыслухаўшыся, ускаквае)
Цяпер, жонка, давай драла,
А то, каб не перапала
I табе, і мне таксама.
(Выбягаюць абое.)


Дзяўчынка і хлопчык
(бегучы за вар'яткай з плачам)
Дзе наш татка? мама, мама!


Увальваецца гурмам куча людзей, валакучы і тузаючы Сама.


Сам

Хоць зарэжце — ўсё мне роўна:
На начлезе быў сягоння.

Пламя ўгледзеўшы з папару,
Ратаваць бег ад пажару...

Я не вінен, хоць зарэжце...


1-ы голас
(з грамады)
Лжэ, сабака, праўду бэсце:
Конь згарэў яго у хлеве.


Сам

Хоць павесьце тут на дрэве.
На начлезе...


2-гі голас
(перапыняючы)
А з сякерай,
Звёўшы хаты, ў воласць мерыў?


Сам

Як і вы, бег ратаваці
Вас усіх, як сваіх браццяў.


3-і голас
(кабечы)
3 тапаром і галавешкай,
Падцікаючыся сцежкай...


4-ы голас

Покі што прывяжам к грушы.


5-ы голас

Хай жа тут мазгі пасуша,
Як агнём агонь гасіці.


Сам

Хоць зарэжце, хоць судзіце,—
На начлезе быў я толькі.


4-ы голас

Ці няма ў каго вяроўкі?


3-і голас

Ўсе бярвенні пагарэлі,
А вяроўкі каб не стлелі?


4-ы голас

Паяса мо хто пазычыць,
После ўсё на ім палічым.


Колькі галасоў

Хто аб поясе тут думаў!


3-і голас

Я сяджу сабе у кума...


5-ы голас
(перапыняючы)
Гэта ж пояс свой ён мае.


4-ы голас
(да 5-га)
Я з табою прытрымаю,
А хай хто яго развяжа.


3-і голас

На вяроўцы ўсё раскажа.


Адвязваюць пояс; пасыпаліся з-за пазухі кускі смолкі.


1-ы голас

Во, во! гляньце, чым прасвіста
Ратаваў усіх нас чыста.

Колькі галасоў
Нават смолка для падпалкі...


3-і голас

Пэўна мае і запалкі.


Валакуць і прыціскаюць Сама плячыма да грушы, закручваюць рукі назад і звязваюць іх на другім баку грушы.


Сам

Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару.


1-ы голас

Хай да дня тут перастое,—
Там убачым, што якое...


4-ы голас
(да сляпой бабы)
А ты май яго на воку.


Хутка ўсе адыходзяць у бок пажару.


Сам
(панура)
За няма што на вяроўку,
Як якога арыштанта...


Падростак
(выбягае са скрыпкай)
Хі! Якога бачу франта...

Вось абняў, як дзеўку, грушу,
Нат рукамі не паруша...

Я хоць з бабай ажаніўся,
Гэты ж к дрэву прычапіўся.
(Да Сама.)
Дрэнна, дзядзька! Невялічкі
Смак пад дзічкай — не ўрваць дзічкі.

Ну, пушчу цябе на волю,
Вазьмі бабу маю толькі; —
Ўсяго першы дзень жанаты,
А ўжо хоць ідзі вон з хаты.

Адно ты мяне не выдай...
(Хоча развязаць пояс, але, аглянуўшыся, уцякае.)


Старая, за ёй нявестка падбягае, і хмурна ідзе стары, кідаючыся са слязьмі к Саму.


Старая

А!.. сынок мой, ці ж ты збрыдаў
Хаткай, намі так без жалю?


Стары
(панура)
Ці то праўда, што казалі?


Старая

Ўсё бацькам сказаць павінен.


Сам
(з болем)
Хоць зарэжце, я не вінен:
На начлезе быў... 3 папару
Ратаваць бег ад пажару,
А яны мяне...


Стары
(перапыняючы)
Конь быў дома.


Старая
Бег са смолкай і саломай
Ўжо пад воласць, кажуць людзі.


Нявестка
(галосячы)
Што ж, міленькі, цяпер будзе?
Ў ссылку могуць засудзіці,
А мне хоць ідзі ў свет з дзіцем.


Стары
(глуха)
Не жалеў ты бацькі, маці,
Ані жонкі, ні дзіцяці.


Старая
(слязліва)
Колькі бедненькаму мукі:
Збілі так, звязалі рукі.
(Хоча развязаць.)


Стары

Не чапай без часу, маці,—
Гэтым нам не ўратаваці,

Толькі можа стацца горай.
Усё роўна ўжо дзень скора:

Наверх праўда выйсць павінна.
Хоць бы мела ўзяць нам сына.


Сляпая
(уціраючы слёзы)
Так ці сяк — не вернем хаткі...
Прынясем пайдзем астаткі.
(Уздыхаючы, адыходзяць.)


Падростак
(падбліжаючыся)
Нудна, дзядзька! Мамка з таткам,
Ну, і жоначка з дзіцяткам.

Пагасціўшы, разышліся:
Па апошняе пайшлі ўсе.

Пакуль зноў хто прывандруе,
Я на памяць падарую

Паясок табе твой, дзядзька,
Пажалею лепш, як бацька.


Развязвае Саму рукі, той бяссільна асоўваецца ля грушы. Падростак садзіцца на стале і пачынае з увагай строіць скрыпку.


Сам
(панура)
Ўсё згарэла, ўсё, дазвання —
3 хатай воля і прыстанне.

Слепа стануць сведчыць людзі,—
Суд у катаргу засудзіць.

3 усім родным разлучуся...
Не вярнуся, а вярнуся —

Уся вёска сходку скліча,
Мне праступкі ўсе паліча;

Скажуць: ссыльнага не трэба...
Зноў без хаты, зноў без хлеба...

3 дзіцем жонка ў чужых згіне,
А бацькі — у жабраніне...

На пагібель, на скананне
Ўсё згарэла, ўсё, дазвання.
(Гаворачы ўсё гэта, круціць у руках пояс, мацуе і мяркуе яго даўжыню і жудка ўсміхаецца.)


Падростак
(раптам перастаючы строіць скрыпку і ўглядаючыся ў адзін бок)
Зноў сюды прэ мая жонка.
(Саскаквае са стала і ўцякае.)


Сам
(як шалёны, ускаквае на стол і завязвае за сук грушы пояс)
Будзь шчасліваю, старонка!
(Укладае галаву ў пятлю і вісне.)


Вар'ятка
(улятае — таксама — з галавешкай і вянком)
Дзе мой нож? усіх парэжу!
Ніхто жыў тут не залежа!
(Хватае, угледзеўшы, тапор.)
Усіх парэжу, як авечкі,—
Пасяку ўсіх драбней сечкі!
(Глянуўшы на вісячага Сама.)
На пачатак гэту йгрушку
У сама горла трапіць мушу.


Ускаквае мігам на стол і замахваецца тапаром у шыю Сама, але пападае толькі ў пояс і перасякае яго. Сам, яшчэ з знакамі жыцця, наліцца на зямлю. У вар'яткі выпадае з рук тапор; сыходзіць са стала і пачынае зноў галубіць дзіцянё-галавешку. Сам кашляе крывёй і хрыпла стогне.


Вар'ятка
(снуючы кругом грушы)
Лю-лі, лю-лі, мой сыночак!
Лю-лі, лю-лі, сакалочак!
(Туліць і хоча карміць грудзёй.)


Сляпая
(маўчаўшая дагэтуль)
Што тут творацца за дзівы,
Божа ты мой літасцівы?!

Стогнуць, плачуць і рагочуць...
Што ім трэба? Чаго хочуць?


Дзяўчынка і хлопчык
(выбягаюць, ужо саўсім збедзіўшыся і асалавеўшы, і чапляюцца за спадніцу вар'яткі)
Мама, мама, дзе наш тата?


Вар'ятка
Вон, ягнята, вон, шчанята!


Снуе далей навокал грушы; дзеці ад яе не адстаюць. Выходзяць, несучы лаву і другое ламаццё, стары, старая і іх нявестка.


Стары
(садзячыся ля стала на зямлі; панура)
Ну, цяпер, ужо дажынкі.


Старая
(нагінаючыся над Самам)
Адвязаўся, бедачынка,
Сам адплутаўся, міленькі.


Нявестка
(з дзіцем на руках, таксама нагінаючыся)
А як змучыўся усенькі!


Сам
(ачуняўшы трохі, стогнучы хрыпла)
Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару.


Старая
(садзячыся з Сляпаяй наабапал яго, заламаўшы на каленях рукі, маркотна)
Што рабіці, што чыніці?


Нявестка
(нагінаючыся над дзіцем)
Няма чым і пакарміці:
Як спужалася, заныла,
Малако ўсё...


Стары
(глуха)
Ўсё скасіла,
Прыскам, попелам пакрыла.


Сам
(з сумнай жаласцю ўглядаючыся на дзіцянё, каторае працягвае да яго ручачкі)
Хіба ты, падросшы, дзетка,
Будзеш бацькі свайго сведкай.


Маладая
(уваходзячы з маладым, горка ўсміхаючыся)
А цяпер вяселле справім.


Малады
(таксама)
Ежай, водкай стол заставім.


Садзяцца на старане, абняўшыся, сумныя.


Сват
(за ім уваходзяць музыка і дружына)
Прыстаў з стражнікамі едзе,
Затрымаўся толькі недзе.


Музыка і дружына
(разам)
Кажуць, едзе на дазнанне.


Стары
(панура)
Як згарэла ўсё дазвання!


Падростак
(са скрыпкай, разглядаючы ўсіх)
Ну, цяпер-то ўжо вяселле
Не такое, як мы мелі

Са сваёю маладухай,
Рэзнуць можна ім ад вуха.
(Строіць скрыпку.)


Музыка
(усхапіўшыся)
Ты дзе скрыпку ўзяў, псяюха?


Уваходзяць прыстаў, два стражнікі і куча пагарэльцаў за імі. Усе ўстаюць, сядзяць толькі сляпая, падростак і Сам.


Прыстаў

Что, друзья моі,— нешчасце?


Колькі галасоў
Так, так, барынька, прапасці
Ні на грош усім нам трэба.


Прыстаў

Ну, ну! ласкаў Гасподзь з неба.
Цяпер толькі, мае брацці,
Ў пратакол усё спісаці —
Як і што— я мушу тутка.


Войчым маладога

Гэта пойдзе, барын, хутка.


Прыстаў
(садзячыся на падстаўленай яму лаўцы і дастаючы торбу з паперамі)
Ну, кажыце, як было ўсё.


Мачыха маладой

Так пайшло, як пачалося...


Соцкі

Што ж, пішыце: ўсё згарэла,
Толькі воласць ацалела:
Двор памог уратаваці.


Прыстаў
(запісваючы)
А з людзей?


Голас з грамады

Дзіцё ў хаце,
Ну і мужа кабяціны
(паказваючы на вар'ятку)
Гэтай спёк агонь.


Прыстаў

Прычына?


Колькі галасоў

Падпаліў во гэты злодзей.


Мачыха маладой

Каб яму дна...


Прыстаў

Годзе, годзе!


Войчым маладога

Ўжо пад воласць...


Прыстаў

Як завецца?


Колькі галасоў

Сам.


Прыстаў

Пакуль што разбярэцца,
Трэба ўзяць яго пад стражу.


Колькі галасоў

Няхай добра суд накажа!


Прыстаў

Дзе бацькі?


Колькі галасоў

Ў такога звера...


Прыстаў

Ё ў мяне для іх папера.


Стары і старая
(падыходзячы к прыставу)
Гэта, барынька, мы будзем.


Прыстаў

Вота ж тут стаіць вам, людзі:
Даў на вашае прашэнне
Губарнатар разрашэнне

І праезд дзяшовы тожа:
Ў хадакі ісці сын можа
Выбіраць зямлю ў Сібіры.


Стары і старая

Дзякуй, барынька, вам шчыра.


Прыстаў
(складаючы торбу)
А цяпер бывайце жывы!


Колькі галасоў

I вам, барынька, шчасліва!


Прыстаў
(да стражнікаў, паказваючы на Сама)
Забіраць яго з сабою!


Стражнікі ўсцягваюць Сама за рукі з зямлі.


Колькі галасоў
(насмешліва гледзячы, як Сам, устаючы, хістаецца)
Бач, на ножаньках не ўстоіць.


Сам
(стогнучы балесна)
Ратаваці бег з папару
Усіх чыста ад пажару...


Вядуць яго ўлева; за ім ззаду прыстаў і пагарэльцы. Астаюцца: уся вясельная дружына, войчым, мачыха, старыя, іх Сляпая, падростак, вар'ятка і сляпая. Садзяцца: на зямлі — малады з маладой, абняўшыся; ля іх непадалёку — сват, маршалак, закоснік, дружкі, музыка, войчым і мачыха; стары — на лаве, звесіўшы галаву над сталом. Усе хмурыя, сумныя, некаторыя заплакаўшыся. Гул ад пажару заціх, толькі вецер шалясціць абтлеўшым лісцём грушы.


Старая
(валяючыся на зямлі, як падкошаная, услед выводжанаму Саму)
Сына роднага забралі!


Нявестка
(супакойвае заплаканае дзіцянё)
Над дзіцём не мелі жалю.


Сляпая
(сама да сябе)
Што тут творацца за дзівы!
Божа ты мой літасцівы.

Стогнуць, плачуць і рагочуць.
Што ім трэба, чаго хочуць?


Старац
(выйшаў незаметна і стаў ля грушы, як стуль забіралі Сама. Увесь абвешаны па-жабрачаму торбамі; стаіць, апёршыся абедзвюма рукамі на кій. Загаварыў глуха, панура і тады толькі звярнуў на сябе ўвагу)
3 грудзей вырві сваё сэрца,—
Зіму, лета сушы ў печы;

А як высахне, смалою
Злі жывою сэрца тое,—

Падпалі тады лучынкай,
Каб гарэла безупынку,

Як пажар гарэў сягоння,—
I ідзі ў свет, як з паходняй:

Праўды йдзі так з ім шукаці...
Ты не знойдзеш.


Дзяўчынка і хлопчык
(выбягаючы і чапляючыся за вар'ятку, каторая ўсё снуе то сюды, то туды з галавешкай у руках і вянком на галаве)
Маці, маці!
Дзе наш тата, дзе наш тата?


Вар'ятка

Вон, ягнята, вон, шчанята!


Падростак
(сядзіць паводдаль на зямлі і пачынае іграць, паглядаючы на музыку)
Былі ў бацькі тры сыны...


Паволі апускаецца заслона







Дата добавления: 2015-10-12; просмотров: 533. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Броматометрия и бромометрия Броматометрический метод основан на окислении вос­становителей броматом калия в кислой среде...

Метод Фольгарда (роданометрия или тиоцианатометрия) Метод Фольгарда основан на применении в качестве осадителя титрованного раствора, содержащего роданид-ионы SCN...

Потенциометрия. Потенциометрическое определение рН растворов Потенциометрия - это электрохимический метод иссле­дования и анализа веществ, основанный на зависимости равновесного электродного потенциала Е от активности (концентрации) определяемого вещества в исследуемом рас­творе...

ТЕХНИКА ПОСЕВА, МЕТОДЫ ВЫДЕЛЕНИЯ ЧИСТЫХ КУЛЬТУР И КУЛЬТУРАЛЬНЫЕ СВОЙСТВА МИКРООРГАНИЗМОВ. ОПРЕДЕЛЕНИЕ КОЛИЧЕСТВА БАКТЕРИЙ Цель занятия. Освоить технику посева микроорганизмов на плотные и жидкие питательные среды и методы выделения чис­тых бактериальных культур. Ознакомить студентов с основными культуральными характеристиками микроорганизмов и методами определения...

САНИТАРНО-МИКРОБИОЛОГИЧЕСКОЕ ИССЛЕДОВАНИЕ ВОДЫ, ВОЗДУХА И ПОЧВЫ Цель занятия.Ознакомить студентов с основными методами и показателями...

Меры безопасности при обращении с оружием и боеприпасами 64. Получение (сдача) оружия и боеприпасов для проведения стрельб осуществляется в установленном порядке[1]. 65. Безопасность при проведении стрельб обеспечивается...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.017 сек.) русская версия | украинская версия