Студопедия — Культуры.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Культуры.






План.

1. Беларуская культура ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

2. Адлюстраванне Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў у пасляваенным жыцці і ў сучаснай культуры Беларусі.

І. Вайна 1941–1945 гадоў на тэрыторыі Беларусі прайшла гіганцкімі разбуральнымі хвалямі: спярша з захаду на ўсход, потым – з усходу на захад. А паміж гэтымі хвалямі лютаваў акупацыйны рэжым. Сотні тысяч беларусаў змагаліся з акупантамі на шматлікіх франтах і ў партызанскіх атрадах. Такім чынам, увесь беларускі народ на працягу бясконца доўгіх гадоў вайны жыў у экстрэмальных, стрэсавых умовах. І ў гэты час з асаблівай яскравасцю праяўляліся і перапляталіся трагічнае і гераічнае, высакароднае і нікчэмнае. Вось таму час Вялікай Айчыннай вайны для беларускай культуры, асабліва мастацтва, з’яўляецца амаль невычарпальнай крыніцай чалавечых характараў і неверагодных сітуацый.

У пачатку вайны за вельмі кароткі час уся тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецка–фашысцкімі войскамі і амаль адразу ж была падзелена на пяць частак: усходнюю пад кіраўніцтвам армейскага тылу групы армій “Цэнтр”; паўднёвую, далучаную да так званага рэйхскамісарыята “Украіна”; заходнюючастку, увайшоўшую ў склад Усходняй Прусіі; паўночную, якая стала часткай генеральнай акругі “Літва”. Цэнтральная частка нашай краіны стала называцца “Генеральнай акругай Беларусь”(Вайсрустэніэн) на чале з генеральным камісарам гаўляйтэрам Вільгельмам Кубэ. Ва ўсіх гэтых частках падзеленай Беларусі акупацыйны рэжым практычна нічым не адрозніваўся. Усюды ён быў такі жорсткі і бесчалавечны, якога яшчэ не ведаў наш народ, што перажыў за сваю шматвяковую гісторыю многа розных акупацый. Амаль кожная аб’ява ці загад акупацыйных улад заканчваліся пагрозай растрэлу. Была ўведзена паўсямесная практыка браць ні ў чым не павінных людзей як заложнікаў і растрэльваць іх альбо вешаць. За загінуўшага на тэрыторыі Беларусі нямецкага салдата забівалі 10 чалавек, за афіцэра – 30. За забойства партызанамі гаўляйтэра В.Кубэ гітлераўцы толькі ў Мінску пакаралі смерцю 3000 нявінных людзей. Уся тэрыторыя нашай рэспублікі пакрылася сеткай канцэнтрацыйных лагераў, у тым ліку пад Мінскам быў Трасцянецкі лагер смерці, у якім фашысты знішчылі 206500 чалавек.

Генацыд беларускага народа быў загадзя распрацаваны і мэтанакіраваны, згодна з так званым генеральным планам “ОСТ”. Па гэтаму плану меркавалася пакінуць для анямечвання і затым для выкарыстання 25% беларусаў, а 75% падлягала частковаму знішчэнню фізічна і часткова перасяленню на ўсход, у Сібір. Хоць гэты нялюдскі план трымаўся ў строгім сакрэце, яго выкарыстанне пачалося з першых дзён акупацыі, за час якой фашыстам удалося знішчыць амаль 1,5 млн. чалавек толькі мірнага насельніцтва Беларусі.

Строгая сакрэтнасць стратэгічных мэтаў тлумачылася тактычнымі падыходамі гітлераўцаў да вырашэння важнейшай для іх задачы – атрымання канчатковай перамогі над Савецкім Саюзам. Тактыка акупантаў азначалася тым, што трэба было знайсці і выкарыстаць у вайне саюзнікаў, апору сярод мясцовага насельніцтва. У розных краінах некаторыя партыі, грамадскія рухі і сродкі прапаганды, а таксама гаспадарчыя кругі супрацоўнічалі з гітлераўцамі. Гэтая з’ява з 1953 года стала называцца “калабарацыяй”. У Францыі “калабарантамі” сталі называць тую частку французаў, якія імкнуліся адрадзіць французскую дзяржаву праз супрацоўніцтва з немцамі. У савецкіх падыходах да гэтай з’явы быў адзін прынцып: “хто не з намі, той супраць нас”. Таму калабаранты лічыліся абсалютнымі здраднікамі і з імі абыходзіліся больш жорстка, чым з немцамі–фашыстамі. На самай справе, з’ява калабарацыі мае больш шырокі і разнабаковы змест. Беларускія калабаранты былі розныя. Умоўна іх можна падзяліць на 4 састаўляючыя:

а) пакрыўджаныя бальшавіцкімі ўладамі грамадзяне, або савецкія парадкі ім проста не падабаліся, і яны паверылі нямецкай прапагандзе, пайшлі да акупантаў на службу;

б) людзі, якія абставінамі лёсу былі вымушаны служыць акупантам, каб захаваць жыццё і маёмасць сабе і сваім родным. У многіх з іх іншага выбару не было;

в) проста жадаючыя паўладарнічаць над людзьмі, добра паесці і выпіць. Сярод такіх добраахвотнікаў было многа крымінальнага элементу;

г) прадстаўнікі нацыянальнага беларускага руху, які быў здаўна ў апазіцыі да бальшавікоў. Большасць з іх жыла за межамі СССР, уваходзіла ў розныя палітычныя партыі. Гэта была даволі цэльная, ідэалагічна аформленая частка беларускай калабарацыі. Галоўнай мэтай іх дзейнасці было стварэнне незалежнай Беларусі пры дапамозе гітлераўскай Германіі. Акупацыйныя ўлады дазволілі ім стварыць нешта падобнае на структуру дзяржаўнага кіравання – Беларускі камітэт самапомачы (БКС) і зачатак сілавога апарату – Беларуская самаахова (БСА) з умовай, што яны будуць весці барацьбу з савецкімі партызанамі. Для беларускай моладзі ў чэрвені 1943 года была створана антысавецкая нацыянальная арганізацыя “Саюз беларускай моладзі” (СБМ). Уступіць у яе мог кожны беларус ва ўзросце ад 10 да 20 гадоў, даўшы пісьмовы доказ аб сваім арыйскім паходжанні і жаданні служыць фашызму.

Менавіта гэтая нацыянальна настроеная і арганізаваная частка беларускага калабарацыянізма была асновай і эпіцэнтрам усіх, хто супрацоўнічаў з акупацыйнымі ўладамі. Найбольш актыўнымі іх лідэрамі былі І.Ермачэнка, В.Захарка, Р.Астроўскі, В.Гадлеўскі, Я.Станкевіч, В.Іваноўскі, Н.Абрамава і інш. Імі выдаваліся розныя газеты і часопісы. Гэта “Беларуская газета”, “Беларускі голас”, “Раніца”, “Голас вёскі”, “Газета Случчыны”, “Пагоня”, часопісы “Узвышша”, “Жыве Беларусь” і інш. Чым больш нямецкія ўлады цярпелі паражэнняў на ўсходнім фронце і ад партызан, тым больш вольнасці дазвалялі ў дзейнасці беларускім нацыяналістам. Былі арганізаваны Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, жаночая ліга, выдадзены дазвол на ўжыванне нацыянальнай сімволікі: бел-чырвона-белага сцягу і герба “Пагоня”. Створанае ў 1942 годзе Беларускае культурнае згуртаванне арганізоўвала працу не паспеўшых эвакуіравацца артыстаў і музыкантаў. Там працавалі кампазітары А.Туранкоў, Р.Равенскі, М. Шчаглоў-Куліковіч, М. Іваноў, А.Самохін і інш. У гэты час творчай працай займаліся паэты Наталля Арсеннева і Ларыса Геніюш, спяваў беларускія песні выдатны спявак Міхал Забэйда-Суміцкі.

Цікавай была спроба беларускіх калабарантаў наладзіць школьнае навучанне дзяцей. Згодна інструкцыі акупацыйнай улады, можна было вучыцца дзецям ад 7 да 14 гадоў, акрамя яўрэйскіх. Забаронена была прапаганда ў школах савецкай і польскай ідэалогіі, а моладзь павінна была выхоўвацца ў духу гітлераўскай новай Еўропы. У праграму пачатковых школ уваходзілі беларуская мова, прыродазнаўства, арыфметыка, геаграфія, спевы, рукадзелле і гімнастыка. У Мінску стаў выходзіць часопіс “Беларуская школа” ў двух варыянтах: для вучняў і для настаўнікаў. Гэта павінна было часткова замяніць савецкія падручнікі, якія былі строга забаронены. Разгарнуць шырока адукацыю дзяцей не было магчымым па цэламу шэрагу прычын: па-першае,фінансавая незабяспечанасць; па-другое, большасць беларускага насельніцтва з недаверам успрымала захады калабарантаў, якія дыскрэдытавалі нацыянальную ідэю сваім супрацоўніцтвам з акупантамі пад маркай помсты камуністам. І па-трэцяе,партызаны актыўна перашкаджалі наладжванню нацыяналістамі культурнага жыцця, у тым ліку і школьнай справы. Яны часта спальвалі школы і нават забівалі настаўнікаў, як здраднікаў.

Увогуле, на тэрыторыі дзейнічання беларускіх калабарацыяністаў барацьба з нацыяналізмам была адной з важнейшых задач партызанскага руху. Яна была больш зацятай, чым у Прыбалтыцы ці на Ўкраіне. Пасля вайны, у 1945 годзе ЦК КПБ нават прыняў спецыяльную пастанову аб перавыхаванні грамадства ў духу савецкага патрыятызму і нянавісці да нямецкіх акупантаў, якіх ужо даўно не было на беларускай тэрыторыі.

Па другі бок барыкадаў беларуская культура таксама існавала ў цяжкіх абставінах. Значная частка матэрыяльнай базы засталася на тэрыторыі, занятай ворагам, другая частка была эвакуіравана. Гэта каля 60 навукова–даследчых інстытутаў і лабараторый, звыш 20 вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. У Яраслаўлі аднавіў сваю работу Мінскі медыцынскі інстытут, на станцыі Сходня пад Масквой – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 31 тэатральна-музычнай установы, што дзейнічалі ў рэспубліцы да вайны, значная частка распалася, бо многія не паспелі эвакуіравацца, многія былі мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Толькі адзінкі аднавілі сваю работу. Беларускі Дзяржаўны тэатр, якому 21 снежня 1944 г. было прысвоена імя Я.Купалы, стаў працаваць у Томску. Там ён зрабіў 21 пастаноўку, даў 870 спектакляў, якія праслухала каля 747 тысяч гледачоў, правёў 216 шэфскіх канцэртаў і спектакляў у шпіталях, у воінскіх часцях. БДТ–2 (пазней імя Я.Коласа) абаснаваўся ва Ўральску, тэатр Оперы і балету БССР – у Горкім, Дзяржаўны яўрэйскі тэатр – у Навасібірску. Усе артысты актыўна ўдзельнічалі ў шэфскіх канцэртах або франтавых канцэртных брыгадах, выступалі па радыё “Савецкая Беларусь”. Гэта Л.Александроўская, Р.Млодэк, Д.Арлоў, П.Малчанаў, І.Балоцін і інш. Яны далі толькі па радыё больш 50 канцэртаў, асабліва ў папулярнай тады форме літаратурна–музыкальнай кампазіцыі.

Як і для ўсіх савецкіх людзей, для дзеячаў беларускай культуры была пастаўлена задача, сфармуляваная ў лозунгу: “Усё для фронта, усё для перамогі!”. Гэтая задача стала мэтай і сэнсам жыцця. Вучоныя БССР вялі паспяховыя даследванні, скіраваныя на ўдасканальванне вытворчых працэсаў у прамысловасці, ажыццяўлялі пошук сыравіны, вырашалі праблемы павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, распрацоўвалі эфектыўныя метады лячэння параненых і інш.

Галоўнай тэмай творчасці беларускіх кампазітараў у гады вайны стала гераічная барацьба савецкаага народа супраць нямецка–фашысцкіх захопнікаў, партызанскі рух на Беларусі. Найбольшыя магчымасці аператыўнага водгуку на актуальныя падзеі даваў песенны жанр: натуральна, што ў гэты час у ім працавалі амаль усе кампазітары. Пераважнай формай была харавая песня гераічна-заклікальнага зместу, стылістычна блізкая да паходнага маршу. (“Праз лясы, балоты і паляны” М.Аладава, “Беларуская партызанская” І.Любана, “Песня мінаеўцаў” Р.Пукста і інш. Работу над харавымі песнямі гімнавага жанру стымуляваў абвешчаны ўрадам БССР у 1943 годзе конкурс на стварэнне нацыянальнага гімна Беларусі (замест “Інтэрнацыяналу”).

Патрыятычнай накіраванасцю, актуальнасцю зместу вызначалася большасць тагачасных беларускіх твораў буйнай формы. А.Багатыроў стварыў вядомыя кантаты: “Ленінградцы” на словы Джамбула і “Беларускім партызанам” на словы Я.Купалы; М.Аладаў – баладу “У суровыя дні”, паэму “З дзённіка партызана”; М.Чуркін – сімфанічную сюіту “Памяці Вялікай Айчыннай вайны”.

Пры нераўназначнасці гэтых мастацкіх твораў беларуская музыка перыяду Вялікай Айчыннай вайны стала важным этапам у станаўленні нацыянальнага музычнага мастацтва і пры гэтым з’явілася прыкметным укладам у агульную справу перамогі.

З першых дзён айчыннай вайны беларускія паэты і пісьменнікі ў сваіх творах сталі заклікаць да барацьбы з акупантамі. Набатам гучаў голас Я.Купалы:

“Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

Каб не ўскрэслі век яны...”

Палымяныя словы паэтаў Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова, М.Танка, проза М. Лынькова, творы К.Крапівы, А.Астрэйкі, П.Панчанкі былі вострай зброяй у барацьбе з ворагам.

Напэўна лепшай прозай у беларускай літаратуры пад час вайны былі раманы Кузьмы Чорнага “Пошукі будучыні”, “Вялікі дзень”, “Млечны шлях”. У іх паэтызуецца беларус-змагар і працаўнік, які ўпрыгожвае садамі зямлю, умее быць смелым у баях, верным у дружбе і ў каханні; даецца абагульнёны вобраз беларускага народа.

Для беларускага мастацтва на акупаванай тэрыторыі на першыя пазіцыі выступілі агітацыйныя віды мастацтва: плакат, карыкатура, малюнак, баявыя лісткі, насценныя газеты, рукапісныя часопісы. Ужо 28 чэрвеня 1941 г. у Гомелі выйшаў першы нумар славутай газеты-плаката ”Раздавим фашистскую гадину!”. На часова акупаванай тэрыторыі атрымаў шырокае распаўсюджанне сатырычны лісток “Партызанская дубінка”, у якім змяшчаліся сатырычныя вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры на ворага. У кожным партызанскім атрадзе, брыгадзе выпускаліся рукапісныя баявыя лісткі, насценныя газеты. У зямлянках або проста сярод дрэў наладжваліся выстаўкі мастакоў-партызан. Гэта было магутным сродкам уздзеяння на рост патрыятычнага ўздыму сярод народных мсціўцаў.

На жаль, шмат твораў партызанскага выяўленчага мастацтва загінула, але тыя, што захаваліся, сведчаць аб таленавітасці і дасціпнасці мастакоў-партызан. Цікавыя і надпісы пад малюнкам. Напрыклад: ноччу па вуліцы Берліна ў ніжняй бялізне бяжыць Гебельс. Над горадам кружаць савецкія самалёты. Праз слёзы Гебельс гаворыць: “Няма спакою ад гэтых бамбавозаў: ляжаш спаць у сподніках – споднікі мяняць даводзіцца, ляжаш без іх – надзець не паспееш”. Аўтарамі падобных выданняў былі С.Раманаў, М.Гуціеў, М.Гурло, У.Сухаверхаў, С.Каткоў, Я.Зайцаў, В.Козак, С.Селіханаў, М.Тарасікаў і іншыя.

Больш за 40 антыфашысцкіх плакатаў, 70 малюнкаў, замалёўкаў баявых аперацый, партрэтаў партызан зрабіў мастак Мікалай Гуціеў. Сярод іх вызначаецца карціна “Герой Савецкага Саюза У.Е.Лабанок”, “Апергрупа за распрацоўкай аперацыі”. Паміж баямі мастак Павел Гаўрыленка напісаў палотны “Прарыў нямецкай абароны”, “Партызаны на Палессі”, партрэт хлопчыка-партызана і інш.

Творы беларускіх мастакоў, створаныя ў ваенныя гады, былі прадстаўлены на выставе, арганізаванай у 1944 годзе ў Маскве ў залах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. У ёй удзельнічала больш за 30 жывапісцаў, скульптараў і графікаў.

Для скульптуры ваеннага часу характэрным было развіццё пераважна партрэтнага жанру. Гераічныя вобразы воінаў і партызан, створаныя З.Азгурам (больш 40 партрэтаў), А.Грубэ, А.Бембелем, належаць да лепшых дасягненняў беларускай савецкай скульптуры. У партрэтах Герояў Савецкага Саюза М.Гастэлы, В.Талаліхіна, Ф.Смалячкова, М.Сільніцкага, М.Шмырова, М.Малодчага, А.Радзімцава Заір Азгур выявіў рысы характару абаронцаў радзімы. Імкненнем да абагульненай пластычнай характарыстыкі вобраза, строгасцю кампазіцыйнай пабудовы вызначаецца работа А.Грубэ – бюст Л.Даватара. Скульптурны партрэт М.Гастэлы, створаны А.Бембелем ў героіка-рамантычным плане (1943 г.) не меў аналогіі ні ў беларускай, ні ў савецкай партрэтнай пластыцы ваенных гадоў. Ён уражвае ярка выяўленым гераічным пафасам, вастрынёй і арыгінальнасцю кампазіцыйнага рашэння. Партрэтная ў бронзе выява лётчыка ў момант яго самаахвяры ўвасоблена ў выглядзе наканечніка стралы, бакавыя пёры якой ствараюць з аднаго боку ўзнятая ў лётнай пальчатцы рука, з другога боку – паднятае ўверх плячо з рэгланам. Гэтая скульптура сёння вядома ва ўсім свеце.

Такі кароткі абрыс культуры беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Беларуская інтэлігенцыя, як магла і як умела, працавала на ніве нацыянальнай бяспекі і незалежнасці. Яна і ў гэтыя цяжкія гады ўнесла сваю долю ў скарбонку сусветнай культуры.

 

ІІ. Крывавая, жудасная вайна нанесла вялізныя страты культуры Беларусі. Амаль цалкам была знішчана яе матэрыяльная база. Вораг зруйнаваў 8825 школ з 12294 існуючых да вайны, усе нацыянальна-даследчыя цэнтры АН БССР, 219 бібліятэк, 5425 музеяў, тэатраў і клубаў, 2187 бальніц і амбулаторый, 2651 дзіцячую ўстанову. Сярод ахвяр вайны было вельмі шмат беларускай інтэлігенцыі, увогуле, адукаваных і прафесійна падрыхтаваных людзей. Колькасць рабочых і служачых зменшылася на 53,5% ад узроўню 1940 года.

Адразу пасля вызвалення першых беларускіх зямель (1943–1944 гг.) пачалося не толькі гаспадарчае, але і культурнае аднаўленне. Ужо ў 1944 годзе распачалося будаўніцтва і рамонт школ, выраб школьнага абсталявання. Аднавіліся заняткі. Цяжкасці былі неімаверныя. Не хапала памяшканняў, падручнікаў і паперы. Трэба было камплектаваць класы з розных узростаў, бо дзеці тры ваенныя гады не маглі вучыцца. Напрыклад, у першым класе пачыналі вучобу 8-мі, 9-ці, 10-ці і 11-ці гадовыя дзеці. Для пераросткаў старэйшых класаў адчыняліся вячэрнія школы рабочай і сельскай моладзі. З мэтай удасканалення сістэмы школьнай адукацыі быў ажыццёўлены пераход да навучання з 7-гадовага ўзросту, уведзена абавязковая здача ў ІУ і УІІ класах экзаменаў, а ў Х класе – экзаменаў на атэстат сталасці. Былі заснаваны ўзнагароды за поспехі ў навучанні – сярэбраныя і залатыя медалі. Аднак не апраўдала сябе пасляваеннае новаўвядзенне аб раздзельным навучанні хлопчыкаў і дзяўчынак, таму што гэта ўскладніла ўмовы работы школы і ніколькі не садзейнічала выхаваўчаму працэсу. Праблему стварала і тое, што многія настаўнікі былі недастаткова кваліфікаваныя, не ведалі беларускай мовы і нацыянальных асаблівасцей, бо былі камандзіраваны з Расіі для змяншэння вострага дэфіцыту выкладчыкаў. У сувязі з гэтым колькасць беларускамоўных школ стала змяншацца. Напрыклад, калі ў Мінску ў 1945 годзе было з 28 школ – 14 беларускамоўных, то ўжо ў 1952 г. – толькі 9 з 46. У Брэсце з 14 школ засталася беларускамоўнай толькі адна. А 29 раённых цэнтраў Заходняй Беларусі, увогуле, не мелі ніводнай беларускамоўнай школы.

Адначасова з аднаўленнем школьнай справы, пачалі функцыяніраваць і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вярнуліся з эвакуацыі БДУ, Мінскі медыцынскі інстытут, пачаў у 1945 годзе працаваць тэатральны інстытут. На ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў асабліва адмоўна ўплывала нястача выкладчыкаў вышэйшай кваліфікацыі. У 1950 – 1951 навучальным годзе з 1388 выкладчыкаў толькі 74 мелі ступень доктара навук, ды і то 37 з іх былі медыкамі. У гэты час у рэспубліцы не было ніводнага доктара навук па фізіцы, матэматыцы, філасофіі, рускай і беларускай мовах і іншых. Вучэбна-выхаваўчы працэс у ВНУ быў празмерна запалітызаваны. Скарачалася навучанне нацыянальнай гісторыі і культуры. У БДУ нават была закрыта кафедра гісторыі Беларусі.

Пасляваеннае дзесяцігоддзе было вельмі складаным для беларускай літаратуры і мастацтва як па матэрыяльных прычынах, так і ў палітычным плане. Ад творчых работнікаў патрабавалася паказваць падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны толькі ў плане іх афіцыйнай ацэнкі, раскрываць і дэманстраваць маральную, фізічную, нават разумовую перавагу толькі станоўчага героя над адмоўным.

У гэтых складаных умовах беларуская літаратура папоўнілася новымі творамі, у тым ліку і аб мінулай вайне. Гэта былі раманы-эпапеі, мемуарныя запісы, успаміны. Агульным недахопам літаратурных твораў гэтага часу былі ілюстратыўны характар і недахоп глыбіні псіхалагічнага аналізу. Не пазбег гэтага і аўтар аднаго з самых значных твораў пра айчынную вайну Міхась Лынькоў. У сваім рамане-эпапеі “Векапомныя дні” ён паказвае падзеі вайны надзвычай шырока, з захаваннем дакументальнай асновы. Але рыхлая кампазіцыя, слаба арганізаваны сюжэт, надзвычай шырокі ахоп падзей, аднапланава гераічны і нават публіцыстычны іх паказ абумовілі адсутнасць псіхалагічнай глыбіні ў раскрыцці чалавечых характараў.

Значнай падзеяй у літаратуры, і наогул у культурным жыцці БССР, стаў раман Івана Мележа “Мінскі напрамак”. Гэты раман стаў шырокай панарамнай карцінай бітвы за Савецкую Беларусь, дзе паказваецца фронт і партызанскі тыл, жыццё і подзвіг людзей, суровая і бязлітасная вайна ў розных складаных сітуацыях. Такі паказ вайны заклаў традыцыі пазнейшай літаратуры.

У першыя пасляваенныя гады ў беларускую літаратуру прыйшоў Іван Шамякін з аповесцю “Помста” і раманам “Глыбокая плынь”. Першы твор звяртаецца да складанай праблемы гуманізму на вайне. У рамане, другім яго творы, прасторавыя рамкі дзеяння даволі абмежаваны (вёска, дом Маеўскіх, партызанскі атрад), што дазволіла аўтару засяродзіць увагу на духоўным стане герояў, паказаць іх думкі, перажыванні. Такім чынам, паглыбляецца псіхалагізм рамана, факты і падзеі не існуюць самі па сабе (як у многіх пасляваенных кнігах), а “працуюць” на характары.

Беларускія пісьменнікі ў гэты час звяртаюцца да тэмы дзяцінства, апаленага вайной. У творах Янкі Маўра (“Максімка”, 1946 г.), Янкі Брыля (“Зялёная школа”, 1950 г.) паказваюцца адносіны паміж дзецьмі ў цяжкіх ваенных умовах, высакароднасць і чалавечнасць людзей.

У сярэдзіне 50-х гадоў пачынаецца сучасны перыяд у развіцці беларускай літаратуры. У ёй, як і ва ўсёй савецкай, намеціліся тэндэнцыі, звязаныя з актывізацыяй грамадскага жыцця. Пачаўся працэс пераадолення апісальнасці, а заглыбленне ва ўнутраны свет герояў. У першай палове 60-х гадоў у выніку ўнутранага ідэйна-мастацкага ўзбагачэння беларуская літаратура, у тым ліку і ваенная тэматыка, прыйшла да значных здабыткаў. Лідыраваць тут стаў пісьменнік Васіль Быкаў, сам прайшоўшы Вялікую Айчынную вайну ў поўным аб’ёме. Услед за аповесцю “Жураўліны крык” выходзяць аповесці “Трэцяя ракета”, “Альпійская балада”, “Абеліск”, ”Воўчая зграя”, “Сотнікаў”,”Пайсці і не вярнуцца” і інш. Аўтар гэтых твораў па-новаму стаў асэнсоўваць адным з першых падзеі мінулай вайны, спыняючыся на тых негатыўных момантах, аб якіх не прынята было гаварыць. У аповесцях “Мёртвым не баліць”, “Круглянскі мост”, “Праклятая вышыня”, “Яго батальён” ён паказаў жорсткую праўду вайны, без лакіроўкі, жывых людзей з іх хібамі характару і недахопамі ў выхаванні, што ў экстрымальных умовах праяўляецца асабліва яскрава. Афіцыйная крытыка і цэнзура адразу пайшла ў наступ, абвінавачваючы В.Быкава ў адсутнасці патрыятызму, у паклёпе на савецкую армію і савецкіх партызан, што, увогуле, ён дрэнны пісьменнік, бо не валодае прынцыпамі мастацкага абагульнення, а яго творы з’яўляюцца палітычна шкоднымі. Толькі няспынны і хуткі рост аўтарытэту гэтага таленавітага і смелага чалавека, а затым і сусветнае прызнанне, не далі камандна-адміністрацыйнай сістэме яго знішчыць. Наадварот, прыйшлося ацаніць яго творчасць па-сапраўднаму і прысвоіць яму званне Героя Сацыялістычнай працы і другія ганаровыя тытулы.

У перыяд з 1962 па 1973 год напісаў раман – трылогію Іван Навуменка пад назвамі: ”Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах” і “Сорак трэці”, дзе ён шматпланава і маштабна паказаў, як “ужывалася” у вайну мірнае насельніцтва Беларусі на захопленай немцамі тэрыторыі, як нараджалася і мацнела неабходнасць рашучага супраціўлення ворагу. У раманах другога пісьменніка Івана Чыгрынава раскрываецца трываласць ідэйна–маральных поглядаў савецкіх людзей, непакорнасць іх перад фашысцкімі захопнікамі. Дакументам агромністага палітычнага значэння, праўдзівым словам аб трагедыі беларускага насельніцтва на часова захопленай тэрыторыі стала кніга Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі” (1975 г.).

Да мастацкага асэнсавання ваенных падзей звярнулася пасля вайны большасць драматургаў. Характэрнай асаблівасцю твораў была дакументальнасць. Але як і ва ўсёй савецкай літаратуры таго часу, мела месца прыхарошванне рэчаіснасці, схематызм і павярхоўнасць. Канфлікты большасці п’ес пра вайну былі драматычна напружаныя, персаніфікаваныя ў вобразах-антаганістах. Звычайна адмоўны герой быў агідны ва ўсім: паводзінах, знешне, манерах, адзенні, нават у сваёй біяграфіі. Адчувалася неглыбокае асэнсаванне гістарычных падзей, а заданасць плакатнай агітацыі.

Да лепшых спектакляў на ваенную тэматыку можна аднесці “Брэсцкую крэпасць” К.Губарэвіча, “Гэта было ў Мінску” А.Кучара. Гледачоў хваляваў спектакль “Канстанцін Заслонаў” А.Маўзона, які быў у 1947 годзе пастаўлены на сцэне тэатра імя Я.Купалы і праз год атрымаў Дзяржаўную прэмію.

Значны ўклад у асэнсаванне падзей Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў зрабіла кінамастацтваБеларусі. У фільмах пасляваеннай пары праз біяграфіі простых людзей, чые лёсы знявечыла вайна, паказаны жудасны яе характар. Адначасова гэтыя фільмы выхоўвалі гледачоў у духу патрыятызму, вучылі іх быць вернымі грамадзянскаму доўгу. Напрыклад, фільмы “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Бессмяротны гарнізон”, “Ідзі і глядзі” і інш., тэлефільмы “Час выбраў нас”, “Руіны страляюць ва ўпор”. Цэлая серыя кінафільмаў была знята па аповесцях Васіля Быкава, у якіх рэжысёры Р.Віктараў, І.Сцяпанаў і інш. Зрабілі спробы перадаць у больш канкрэтнай і нагляднай форме розныя і зусім не папулярныя бакі вайны, што задумаў перадаць чытачам пісьменнік. Асаблівае ўражанне на гледачоў аказала кінастужка рэжысёра Ларысы Шэпіцька “Узыходжанне” па твору В.Быкава “Сотнікаў”.

У некаторых фільмах паказваецца, як лёсы сённяшніх людзей на Беларусі пераплятаюцца і нават змыкаюцца з мінулай вайной. Напрыклад, кінафільм М.Пташука “Вазьму твой боль” па аднаіменнай аповесці І.Шамякіна.

Тэму Айчыннай вайны яшчэ доўгі час адлюстроўвалі ў сваіх творах музыканты, асабліва ў песенным жанры. Тут варта адзначыць песні кампазітара У.Алоўнікава, які напісаў музыку “Лясной песні”, “Песні пра Брэсцкую крэпасць”. Доўгі час папулярнымі былі песні “Ой, Нёман” Н.Сакалоўскага, “Абеліскі” Дз. Смольскага, “Памяць сэрца” і “Каб каменні маглі гаварыць” І.Лучанка, З’явай культурнага жыцця стаў балет Я.Глебава “Альпійская балада”.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны многія гады займала дамініруючае месца і ў рабоце беларускіх мастакоў. Яна ўвасоблена ў палотнах Я. Зайцава. Ён паказвае размах партызанскага руху на беларускай зямлі ў карцінах “Герой Савецкага Саюза Канстанцін Заслонаў у партызанскім штабе” (1944 г.), “Парад беларускіх партызан у 1944 годзе ў Мінску” (1947 г.). Гераічнае напружанне і самаадданасць савецкага воіна ў абставінах смяротнага бою раскрывае мастак у карціне “Стаяць насмерць” (1948 г.), “Брэсцкая крэпасць у 1941 годзе” (1950 г.). Гэтая ж тэма пранізвае палотны “Партызаны ў разведцы” Я.Ціхановіча, “У беларускіх балотах” І.Стасевіча, “Віцебскія вароты” і “Лаўскі бой” М.Савіцкага. М. Савіцкаму таксама належыць карціна “Партызанская мадона”, у якой увасабляецца жанчына як аснова жыцця і шчасця на зямлі. Гэтаму ж мастаку, які быў вязнем у нямецкім канцлагеры, належыць цэлая серыя палотнаў пад агульнай назвай “Лічбы на сэрцы”, у якіх раскрываецца жах фашысцкіх лагераў смерці, пачварная нелюдзь катаў і зломленых імі вязняў з аднаго боку, з другога – мужнасць і маральная перавага над катамі іх ахвяр.

У манументальным мастацтве важнейшай тэмай стаў таксама вялікі гераізм і мужнасць беларускага народа ў гады вайны. Гэта помнікі, якія стаяць у большасці населных пунктаў Беларусі – гэта бюсты герояў В.Талаша, В.Харужай, С.Грыцаўца, М.Гастэлы і інш.

Лепшым дасягненнем у беларускай архітэктуры і скульптуры зיяўляецца ансамбль Плошчы Перамогі ў Мінску (скульптары – З.Азгур, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў, архітэктары У.Кароль, Г.Заборскі). Сёння мала хто ведае, што граніт на аздобу гэтага помніка прывезены з-пад Днепрапятроўска і Жытоміра, мазаіку для выявы ордэна Перамогі прыслалі з Ленінградскай Акадэміі мастацтваў, разьбу па граніце выканалі ўкраінскія каменачосы, а бронзавыя гарэльефы, меч, вянкі – адлілі майстры Ленінграда.

Велічны помнік – Курган Славы Савецкай Арміі-вызваліцельніцы Беларусі, ўзведзены на 18-м кіламетры шашы Мінск – Масква ў 1969 годзе. Вышыня кургана і штыкоў–абеліскаў – 70,6 метра. Да аглядальнай пляцоўкі вядуць 2 бетонныя лесвіцы па 241 ступеньцы. Аўтары помніка – скульптар А.Бембель і архітэктар А.Стаховіч. Аўтары мемарыяльнага комплексу “Хатынь” – архітэктары Ю.Градаў, В.Занковіч, Я.Левін і скульптар С.Селіханаў у 1970 годзе былі ўдастоены Ленінскай прэміі.

Велічнае ўражанне аказвае мемарыял “Брэсцкая крэпасць-герой”, створаны ў 1971 годзе калектывам беларускіх скульптараў і архітэктараў. Калі глядзіш памятнік “Маці”, нельга не задумацца аб простай беларускай жанчыне А.Купрыянавай, жыццё якой падобна на лёс многіх маці нашай рэспублікі, чые сыны загінулі ў полымі вайны. У гэтай маці з Жодзіна пяцёра сыноў аддалі жыццё за Радзіму, адзін з іх, Пётр, стаў Героем Савецкага Саюза пасмяротна. Ён, 18–гадовы юнак, закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.

Такім было культурнае жыццё беларускага народа ў адзін з самых цяжкіх перыядаў яго гісторыі. Можам прыйсці да высновы, што культура, асабліва мастацтва, жыло і развівалася, як у вайну, так і пасля яе, творча асэнсоўваючы вялікія падзеі і паводзіны людзей ў той час.

 

 







Дата добавления: 2015-08-12; просмотров: 557. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Теория усилителей. Схема Основная масса современных аналоговых и аналого-цифровых электронных устройств выполняется на специализированных микросхемах...

Логические цифровые микросхемы Более сложные элементы цифровой схемотехники (триггеры, мультиплексоры, декодеры и т.д.) не имеют...

Понятие метода в психологии. Классификация методов психологии и их характеристика Метод – это путь, способ познания, посредством которого познается предмет науки (С...

ЛЕКАРСТВЕННЫЕ ФОРМЫ ДЛЯ ИНЪЕКЦИЙ К лекарственным формам для инъекций относятся водные, спиртовые и масляные растворы, суспензии, эмульсии, ново­галеновые препараты, жидкие органопрепараты и жидкие экс­тракты, а также порошки и таблетки для имплантации...

Тема 5. Организационная структура управления гостиницей 1. Виды организационно – управленческих структур. 2. Организационно – управленческая структура современного ТГК...

Тема 5. Анализ количественного и качественного состава персонала Персонал является одним из важнейших факторов в организации. Его состояние и эффективное использование прямо влияет на конечные результаты хозяйственной деятельности организации.

Билет №7 (1 вопрос) Язык как средство общения и форма существования национальной культуры. Русский литературный язык как нормированная и обработанная форма общенародного языка Важнейшая функция языка - коммуникативная функция, т.е. функция общения Язык представлен в двух своих разновидностях...

Патристика и схоластика как этап в средневековой философии Основной задачей теологии является толкование Священного писания, доказательство существования Бога и формулировка догматов Церкви...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.013 сек.) русская версия | украинская версия