Студопедия — Рэфармацыя на Беларусі. Асветніцкая дзейнасць Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змест іх прадмоў да кніг Бібліі. 1 страница
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Рэфармацыя на Беларусі. Асветніцкая дзейнасць Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змест іх прадмоў да кніг Бібліі. 1 страница






 

Адкуль наш род

 

 

Калі паглядзець на гісторыю Беларусі, між іншых пэрыядаў выразна выдзяляецца час, які многія называюць Залатым Векам нашае краіны. Гэта XVI стагодзьдзе, эпоха Адраджэньня, час найбольшага культурнага, інтэлектуальнага, эканамічнага росквіту Беларусі, час вялікіх людзей, дзяржаўных і культурных дзеячоў сусьветнага маштабу. На XVI стагодзьдзе прыпадае большасьць найважнейшых падзеяў у гісторыі Беларусі, якія сфармавалі беларусаў як нацыю. Вядомы гісторык У.Пічэта так ахарактарызаваў гэтую эпоху: «Адраджэньне... ёсьць культурнае зьявішча першараднае важнасьці ў духоўным жыцьці беларускага народу».

 

Найбольш характэрнай рысай беларускага Адраджэньня XVI стагодзьдзя зьяўляецца разьвіцьцё Рэфармацыі на нашых землях. У XVI стагодзьдзі ўся Эўропа перажывала грандыёзныя зьмены ў сваім духоўным, культурным, эканамічным і палітычным жыцьці, зьвязаныя з рухам аднаўленьня царквы, вяртаньня да біблійных падставаў хрысьціянства. Гэты рух, званы Рэфармацыяй, стаўся крыніцай росквіту для многіх народаў. Немцы, швэды, ангельцы, галяндцы, швайцарцы дзякуючы Рэфармацыі паўсталі як паўнавартасныя сучасныя нацыі. Рэфармацыя сталася цэнтральнай падзеяй усяго XVI стагодзьдзя. У поўнай меры ўсё гэта адносіцца і да нашае краіны. Мы ня можам гаварыць пра Адраджэньне ў Беларусі, ігнаруючы Рэфармацыю, і, наадварот, нельга Рэфармацыю аддзяліць ад Адраджэньня. Выбітныя постаці беларускага Адраджэньня адначасова былі людзьмі Рэфармацыі. Гэта і Франьцішак Скарына, які друкаваў Біблію на беларускай мове, і Сымон Будны, выдавец першага беларускага катэхізму, у якім проста і зразумела, у духу Эвангельля, тлумачыў праўды веры, і Васіль Цяпінскі, які на поўны голас заявіў пра неабходнасьць разьвіцьця навукі і літаратуры на роднай мове і сам узяўся за пераклад Новага Запавету на беларускую мову, каб кожны беларус мог зразумець Слова Божае. Гэта таксама магнат Мікалай Радзівіл Чорны, які засноўваў цэрквы, школы, друкарні па ўсёй краіне, канцлер Астафей Валовіч, які кіраваў правядзеньнем зямельнай рэформы, так званай «валочнай памеры», і рыхтаваў самы дасканалы збор законаў у Эўропе XVI стагодзьдзя - Статут Вялікага Княства Літоўскага.

 

Рэфармацыя ўкшталтавала беларускае Адраджэньне, стварыла Залаты Век Беларусі, заклала падмуркі беларускае нацыі. Да XVI стагодзьдзя зьвяртаюцца многія пакаленьні беларусаў у пошуках сваіх каранёў, сваёй тоеснасьці, свайго прызначэньня, сваёй ідэі.

 

Напярэдадні

 

На пачатку XVI стагодзьдзя Эўропа дасягнула крытычнага пункту ў сваім эканамічным і палітычным жыцьці. Крызыс сярэднявечнай духовасьці стаўся прычынай усеабдымнага крызысу эўрапэйскага грамадзтва. Адыходзіла старая гатычная Эўропа, аб'яднаная лацінскай культурай, каталіцкай царквою, рыцарскай традыцыяй і фэўдальнымі адносінамі, якія панавалі на ўсім абшары ад Пірэнэяў да Дняпра, ад Сіцыліі да Скандынавіі. Нясупынныя войны руйнавалі цэлыя краіны. Спачатку Стогадовая вайна пустошыла Францыю, пасьля ў Англіі вайна Белай і Пунсовай Ружы вынішчыла большасьць ангельскага рыцарства. У Гішпаніі чатыры каралеўствы змагаліся паміж сабою і з арабамі, імкнучыся здабыць згубленыя яшчэ ў VІІI стагодзьдзі землі. Чэхія, прыняўшы пропаведзь Яна Гуса аб вяртаньні царквы да Эвангельля, дзесяткі гадоў вяла барацьбу супраць войскаў нямецкага імпэратара. Італійскія дзяржавы зацята біліся паміж сабою за панаваньне на Апэнінах.

 

Калі дадаць да гэтага эпідэміі і розныя стыхійныя бедствы, няма нічога дзіўнага, што людзі жылі ў страху. Надмагільныя камяні ў супрацьлегласьць спакойным постацям з VІІI стагодзьдзя паказвалі людзей, мучаных хваробамі, старасьцю, зьнішчаных жыцьцём. «Танцы сьмерці» запоўнілі фрэскі, гравюры, з аднолькавай пагардаю паказваючы каралёў і біскупаў, прыгожых жанчынаў і манахаў. Замест Хрыста-Валадара ў каралеўскіх шатах, так распаўсюджанага ў раньнім Сярэднявеччы, касьцёлы напоўніліся выявамі Ісуса, Які памірае на крыжы ў страшэнных муках. Усе чакалі хуткага канцу сьвету. Прароцтвы з Адкрыцьця сьвятога Яна сталі папулярнымі як ніколі. Тым больш, што на Ўсходзе паўставаў небясьпечны апакаліптычны вораг. У 1453 годзе Эўропа аслупянела на вестку аб захопе туркамі Канстантынопалю. Бізантыйская імпэрыя - хрысьціянская дзяржава, спадкаемца Рымскай імпэрыі ў Грэцыі і на Блізкім Усходзе - перастала існаваць. Султан Мэхмэт на кані ўехаў у храм сьвятой Сафіі, які пасьля быў перароблены на мячэт.

 

Усе гэтыя падзеі прымушалі людзей шукаць збаўленьня, задумвацца аб вечнасьці. Пытаньне пра лёс чалавека пасьля сьмерці выходзіла на першы плян. Сяляне і рыцары, каралі і месьцічы распачліва шукалі дарогі, якая забясьпечыць ім вечнае жыцьцё, выбавіць ад кары за грахі. У другой палове XV стагодзьдзя вялікую папулярнасьць набылі індульгенцыі –

 

граматы, якія абяцалі прабачэньне грахоў кожнаму, хто дасьць грошы на нейкую мэту, вызначаную папам рымскім. Прагнучы ўнутранага супакою, людзі скуплялі розныя рэліквіі, якія, маўляў, гарантавалі вечнае жыцьцё, шукалі магчымасьці дакрануцца ці хаця б пабачыць галінку палаючага куста, які бачыў Майсей, аблічча Ісуса на хустцы сьвятой Вэранікі, вяроўку, на якой павесіўся Юда, ці адзін са срэбнікаў, што ён атрымаў за здраду Хрыста.

 

Але ня толькі апакаліптычныя настроі несла ў сабе XV стагодзьдзе. Новыя ідэі, народжаныя ў Італіі, імкліва распаўсюджваліся на поўнач, захад і ўсход. Гэта былі ідэі Рэнэсансу, Адраджэньня. Зьвяртаючыся да скарбаў антычнай культуры, Рэнэсанс нёс у сабе новы стыль жыцьця, новы спосаб успрыйманьня сьвету. «Чалавек нараджаецца не дзеля таго, каб марнець у бязьдзеяньні, а каб працаваць над вялікай і грандыёзнай справай», - казаў адзін зь дзеячоў гэтай эпохі Леон Батыста Альберці. У тым, каб адкрыць магчымасьці чалавека, бачылі сваю задачу людзі эўрапэйскага Рэнэсансу.

 

У 1455 годзе Ёган Гутэнбэрг зь нямецкага гораду Майнца вынайшаў друкарскі станок. У тым жа годзе з-пад друкарскага прэсу выйшла першая кніга - Біблія на лацінскай мове. Тое, што адбылося пазьней, можна сьмела назваць інфармацыйным выбухам. За некалькі дзесяткаў гадоў з моманту вынаходніцтва колькасьць кнігаў у Эўропе павялічылася з 50 тысячаў да 10 мільёнаў, і большасьць зь іх складалі тэксты Сьвятога Пісьма. Калі раней, каб перапісаць Біблію ад рукі, патрэбны быў не адзін год штодзённай працы манахаў-пісараў, дык цяпер на працягу некалькіх тыдняў магчыма было даць чытачам сотні кнігаў Старога і Новага Запавету. Біблія пераставала быць рэдкасьцю, яе можна было ўбачыць і ў рыцарскім замку, і ў хаце заможнага селяніна, у палацы багатага купца і ў доме рамесьніка.

 

Адначасова паўсюль пачалі зьяўляцца пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы. У 1466 годзе ў Страсбургу выйшла Біблія на нямецкай мове, а праз 5 гадоў - першая італьянская Біблія і францускі пераклад Новага Запавету. У 1475 годзе пабачыла сьвятло чэская Біблія, пасьля галяндзкая і каталянская (мова адной зь дзяржаваў на Пірэнэях).

 

Эразм Ратэрдамскі пісаў двума дзесяцігодзьдзямі пазьней: «Я хацеў бы, каб Біблію пераклалі на ўсе мовы, каб яе чыталі і разумелі ня толькі шатляндзцы і ірляндзцы, але таксама туркі і сарацыны. Я жадаў бы, каб араты сьпяваў вершы зь Бібліі, ідучы за плугам, ткач паўтраў іх пры стуку кроснаў, а падарожнік бавіў сябе эвангельскімі аповядамі пад час доўгай дарогі». І гэтае жаданьне знаходзіла жывы водгук у сэрцах многіх сучасьнікаў, якія прагнулі паглыбіцца ў сьвет Божага аб'яўленьня, прачытаць і зразумець Кнігу кнігаў.

 

Яшчэ адна падзея ўскалыхнула Эўропу на прыканцы XV стагодзьдзя. Генуэскі марак Хрыстафор Калюмб адкрыў новы кантынэнт - Амэрыку. Аказваецца, ёсьць яшчэ іншыя землі, іншыя народы, якіх ніхто ня ведаў, аказваецца, той сьвет, да якога прызвычаілася сярэднявечная Эўропа, - гэта толькі частка вялікага, яшчэ неспазнанага сьвету.

 

Страх перад будучыняй і поўнае надзеі чаканьне новага перапаўнялі сэрца кожнага, хто жыў у гэтую эпоху. Царква, якая сваёй дзейнасьцю пранікала ўсе сфэры жыцьця эўрапэйскіх народаў, павінна была адказаць на выклік часу і даць арыентыры, так неабходныя ў сытуацыі, калі рушыцца стары, звыклы сьвет. Аднак яна, далёка адыйшоўшы ад біблійных каранёў, была бязрадная. Крывадушнасьць царкоўных лідараў, іх нязгоднае з Эвангельлем жыцьцё прымушалі многіх шукаць вобраз царквы, адпавядаючы Сьвятому Пісьму, шукаць шляхі духоўнай адновы хрысьціянства. Джыралама Саванарола, флярэнцкі манах, бачучы паўсюднае маральнае сапсуцьцё, усклікаў: «У першаапостальскай Царквы келіхі былі з дрэва, але служыцелі - з золата; сёньняшняя Царква мае келіхі з золата, але служыцеляў - з дрэва». Тысячы людзей думалі гэтак сама, і таму голас, які прагучаў у Вітэнбэргу ў 1517 годзе, адгукнуўся рэхам па ўсім хрысьціянскім сьвеце.

 

Дзевяноста пяць тэзісаў, якія зьмянілі сьвет

 

Вечарам 31 кастрычніка 1517 году вуліцы Вітэнбэрга, сталіцы аднаго з Саксонскіх княстваў, былі запоўненыя ўзрушаным натоўпам, які выходзіў з замкавага касьцёлу пасьля ўрачыстай імшы напярэдадні сьвята Ўсіх Сьвятых. Некалькі гадоў назад курфюрст саксонскі Фрыдрых Мудры, які прагнуў зрабіць Вітэнбэрг, невялікі яшчэ горад на беразе Эльбы, новай сталіцай Саксоніі, канкурэнтам славутаму сваімі кірмашамі і ўнівэрсытэтам Ляйпцыгу, атрымаў ад папы рымскага прывілей адпушчэньня грахоў для кожнага, хто на сьвята Ўсіх Сьвятых паспавядаецца і будзе на імшы ў замкавым касьцёле. На гэты фэст з усёй Саксоніі зьбіраліся жадаючыя атрымаць душэўны супакой. На некалькі дзён колькасьць жыхароў у Вітэнбэргу павялічвалася ў два-тры разы. Тут можна было ўбачыць князёў і баронаў, здрабнелую шляхту і вітэнбэргскіх месьцічаў. Тлумна цягнуліся жабракі аж з-пад Дрэздэна, студэнты новаўтворанага ўнівэрсытэту сьпяшаліся замольваць свае грахі, сяляне з усяго навакольля зьяжджаліся цэлымі сем'ямі, ператвараючы гарадзкі пляц у вялікі табар.

 

І вось увесь гэты разнастайны, галасьлівы натоўп напоўніў замкавы касьцёл, суцішваючыся, здымаючы каптуры і капелюшы, каб пабожна ўдзельнічаць у імшы, спадзеючыся атрымаць нейкую пэўнасьць, калі ня ў гэтым жыцьці, дык хаця б пасьля сьмерці. Пачалася імша. Хор манахаў з кляштару аўгустыніянаў засьпяваў «Альлелюя», і ўрачыстая мэлёдыя ўзьнялася пад гатычнае скляпеньне касьцёла. Пасьля на амбону ўзыйшоў сярэдняга веку манах у пацёртым, латаным манаскім адзеньні. Лёгкі шум прабег па натоўпу. «Марцін Лютар, прафэсар», - зашаптаў студэнт месьцічу, у якога здымаў пакой на паддашшы. Марцін Лютар стаў на амбоне, выцягнуў некалькі аркушоў паперы, сьпісаных дробнымі літарамі, і гучным голасам прамовіў: «Наш Госпад і Настаўнік Ісус Хрыстос гаворыць: «Пакайцеся!» Ён прагне, каб усё жыцьцё веручых было пакаяньнем». У касьцёле запанавала цішыня. Брат Марцін гаварыў пра тое, што мучыла многіх, што сабраліся ў гэты вечар. «Калі ўсё жыцьцё павінна быць пакаяньнем, чаго вартыя індульгенцыі? Калі можна за грошы набыць прабачэньне грахоў, у чым тады сэнс пакаяньня?» - працягваў манах. З гневам, з абурэньнем Лютар гаварыў пра індульгенцыі, пра безсэнсоўныя спробы адкупіцца ад кары, пра тых, якія падманваюць людзей дзеля асабістай выгоды, прадаючы неіснуючыя квіткі ў Валадарства Нябеснае. Сваю пропаведзь брат Марцін скончыў, зачытаўшы 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў, пасьля зыйшоў з амбоны, выйшаў з касьцёлу і прыбіў аркушы з тэзісамі да брамы. «Калі нехта можа абвергнуць тое, што тут напісана, я запрашаю да дыскусіі ці тут, у Вітэнбэргу, ці ў любым горадзе Сьвятой Рымскай імпэрыі нямецкай нацыі», - абвесьціў ён і вярнуўся на сваё мейсца. У касьцёле раптам стала шумна: гэта студэнты пачалі абмяркоўваць тэзісы Лютара, падтрымліваючы ці абвяргаючы прафэсара, але большасьць людзей разгублена маўчала. Хор зноў засьпяваў, служба пайшла далей, але сэрцы сотняў людзей былі ўсхваляваныя словамі, якія яны пачулі.

 

Дзевяноста пяць тэзісаў ускалыхнулі горад. Некалькі дзён увесь Вітэнбэрг толькі і гаварыў пра пропаведзь брата Марціна. Ужо назаўтра студэнты пераклалі тэзісы Лютара, напісаныя на лаціне, на нямецкую мову, а Ганс Люфт, які меў друкарню паблізу ўнівэрсытэту, надрукаваў гэты пераклад. Шматлікія паломнікі, што прыйшлі на сьвята Ўсіх Сьвятых у горад, панесьлі па ўсёй краіне тэзісы вітэнбэргскага прафэсара. У палацах і ў карчмах пачаліся зацятыя спрэчкі пра індульгенцыі, пра збаўленьне, пра пакаяньне, пра Біблію, пра тое, якой павінна быць царква. Пропаведзь Марціна Лютара стала той запалкай, якая падпаліла Нямеччыну. Уся краіна загаварыла пра Рэфармацыю.

 

Рэфармацыя - гэта лацінскае слова, якое ўтвараецца праз дадаваньне прыстаўкі «рэ-» да слова «фармацыя». «Фармацыя» азначае наданьне нечаму пэўнага кшталту, формы, а прыстаўка «рэ-» - што дадзенае дзеяньне паўтараецца зноў. Такім чынам, Рэфармацыя - гэта аднаўленьне першапачатковага кшталту, першаснага вобразу. Рэфармацыя - гэта вяртаньне да першакрыніцы - Бібліі, вяртаньне да Божага погляду на Царкву, на грамадзтва, на чалавека. І Марцін Лютар быў тым, хто на поўны голас заявіў пра гэта.

 

Кім жа быў гэты прафэсар зь Вітэнбэргу, словы якога ўскалыхнулі Эўропу? Марцін Лютар быў манахам ордэну аўгустыніянаў і прымаў дзейны ўдзел у жыцьці каталіцкае царквы як сьвятар і прафэсар тэалёгіі. Здавалася, ён мог бы быць задаволены сваім жыцьцём, стаўшы ў 29 год прафэсарам, а пазьней - вікарыем (наглядчыкам) усіх саксонскіх кляштараў аўгустыніянаў. Але брат Марцін увесь час пытаўся ў сябе: «Як дасягнуць міру з Богам? Як знайсьці ласку ў Бога?» І гэтыя пытаньні не давалі яму спакою.

 

Для Лютара, як і для іншых вернікаў таго часу, Бог быў грозным, неміласэрным Судзьдзёю, Які сочыць за чалавекам і карае кожны ягоны праступак. Гэтага Бога трэба было задобрыць сваімі ўчынкамі. У Лютара было вельмі чульлівае сумленьне. Некаторыя кажуць, што «надта» чульлівае. Ён рабіў усё, каб здабыць міласьць Бога, але ад гэтага яго жыцьцё станавілася яшчэ горшым. Будучы манахам, сьвятаром, прафэсарам, ён праводзіў сваё жыцьцё ў пастах і малітвах да сьвятых, насіў кашулі з конскага воласу, пастаянна спавядаўся ў сваіх грахах, хадзіў у паломніцтвы, купляў індульгенцыі, выконваў усе патрабаваньні каталіцкай царквы. Але гэта падавалася яму недастатковым, і нават калі ён сам лічыў, што робіць усё магчымае, каб жыць праведна, супакою не было. Ніводзін сьвятар ня мог сказаць яму ўпэўнена, што ён прабачаны, і Лютар сам ведаў, што ня мае міру з Богам. У гэты час ён наведаў Рым, сталіцу хрысьціянства, маліўся, пасьціўся, выконваў усе абрады, дакранаўся ўсіх рэліквіяў, але ўнутры было пуста. Гледзячы на духоўнае і маральнае сапсуцьцё рымскага духавенства, брат Марцін губляў надзею.

 

Як прафэсар тэалёгіі ў Вітэнбэргу ён чытаў студэнтам лекцыі - камэнтаваў Псальмы і Новы Запавет. У адзін з доўгіх зімовых вечароў Марцін Лютар, вывучаючы Пасланьне да Рымлянаў, раптам спыніўся на словах, якія далі адказ на ўсе пытаньні загубленага чалавека: «Праведнік вераю жыць будзе». Вось яно, выратаваньне! «Я адчуў сябе цалкам адроджаным... Гэтыя словы Паўла сталіся для мяне брамамі раю», - апісваў брат Марцін свае перажываньні таго вечару. Апраўданьне Божае прыходзіць да нас не праз нашыя ўласныя намаганьні, але мы атрымліваем яго, калі прымаем вераю тое, што Ісус Хрыстос ужо зрабіў для нас на крыжы. Усьведамленьне гэтага перавярнула жыцьцё Марціна Лютара. Ён зразумеў, што збаўленьне - гэта перш за ўсё асабістыя адносіны з Богам.

 

Крок за крокам дасьледуючы Біблію, ён адкрыў, што царква цалкам сказіла Эвангельле. Замест Божай міласьці прапаведваліся чалавечыя заслугі, замест веры - забабоны і рэлігійныя абрады, замест Слова Божага - легенды і традыцыі. Асабліва ўражвала вітэнбэргскага прафэсара вучэньне аб індульгенцыях, аб тым, што манахі і сьвятары за пэўную плату могуць вымаліць прабачэньне грахоў. Заплаціўшы грошы, якія павінны былі пайсьці на пабудову базылікі сьвятога Пятра ў Рыме, чалавек атрымліваў спэцыяльную грамату, змацаваную папскай пячаткай, якая гарантавала прабачэньне грахоў жывому або памёршаму. З гэтым згадзіцца Марцін Лютар ніяк ня мог, і таму на браме замкавага касьцёлу ў Вітэнбэргу зьявіліся 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў. Некалькі папскіх тэолягаў прынялі выклік Лютара да дыскусіі, але нічога не змаглі супрацьпаставіць ягоным тэзісам, толькі абвінавацілі брата Марціна ў тым, што ён паўтарае вучэньне Яна Гуса, асуджанае каталіцкай царквою на саборы ў Канстанцы. На гэта Лютар адказаў, што нават адзін чалавек, абапіраючыся на Сьвятое Пісьмо, можа выступаць і супраць папы, і супраць сабору. Калі празь нейкі час гусіты з Чэхіі прыслалі Марціну Лютару творы Яна Гуса, ён, прачытаўшы іх, знайшоў, што мноства ідэяў праскага рэфарматара падобныя да яго ўласных. Менавіта тады ён абвесьціў сваім пасьлядоўнікам: «Усе мы - гусіты, ня ведаючы пра гэта».

 

Папа рымскі выслаў Лютару грозны загад адмовіцца ад сваіх поглядаў. Рэфарматар адказаў на гэта «Зваротам да хрысьціянскай шляхты нямецкай нацыі», які быў надрукаваны нечуваным на тыя часы накладам у 4 000 асобнікаў і разыйшоўся так хутка, што празь месяц ужо друкавалася новае выданьне. У гэтым звароце, напісаным па-нямецку, Лютар сьцьвярджаў, што няма сэнсу гаварыць пра тое, што сьвятары - гэта нейкія асаблівыя людзі, бо згодна зь Бібліяй усе веручыя належаць да сьвятарства, і нагадваў, што сапраўдная Рэфармацыя пачынаецца ў сэрцы чалавека. Падзеі набіралі разгон.

 

15 чэрвеня 1520 году папа рымскі Леў X падпісаў бульлю (пасланьне), у якой Марціну Лютару давалася 60 дзён, каб ён адмовіўся ад сваіх словаў, і загадвалася спаліць усе ягоныя творы. Але абвесьціць гэтае пасланьне папскія легаты (пасланьнікі) змаглі толькі ў некаторых гарадах. У Майнцы, Ляйпцыгу, Кёльне не было пра гэта нават гаворкі, бо яны ледзь уцяклі ад абуранага натоўпу. А 20 сьнежня 1520 году ля брамы Вітэнбэргу Лютар, акружаны ўсхваляванымі студэнтамі, выкладчыкамі і месьцічамі, кідае ў вагонь папскае пасланьне.

 

Вясною 1521 году Марцін Лютар па загаду імпэратара зьявіўся на Вормскім сойме (сходзе нямецкіх князёў і прадстаўнікоў гарадоў). Ад яго зноў запатрабавалі адрачэньня ад сваіх тэзісаў. Тады Лютар, нагадаўшы, што папа і саборы неаднойчы памыляліся, абвесьціў, што калі яго не пераканаюць на падставе Бібліі, ён не адмовіцца ад выказаных думак: «На гэтым я стаю, я не магу інакш. Няхай дапаможа мне Бог». Імпэратар нічым ня змог аспрэчыць рэфарматара, аднак прысудзіў яго на выгнаньне. Тады саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры, які спрыяў Лютару, схаваў яго ў замку Вартбург. Там Марцін Лютар пачаў сваю працу над перакладам Бібліі на нямецкую мову. У верасьні 1522 году зьявіўся ў продажы Новы Запавет у яго перакладзе. Нягледзячы на вялікі наклад і завялікую цану ў паўтары дукаты, усе асобнікі раскупілі за два месяцы, і каб хоць неяк задаволіць попыт, на працягу двух гадоў выйшла 70 выданьняў гэтага перакладу. У 1534 годзе зьявілася поўная Біблія на нямецкай мове. Яе папулярнасьць была такой вялізарнай, што нават каталіцкія друкарні выдавалі гэты пераклад. Да сёньняшняга дня Біблія ў перакладзе Марціна Лютара зьяўляецца найпапулярнейшым нямецкім перакладам Сьвятога Пісьма. Больш таго, гэты пераклад стварыў і ўнармаваў сучасную нямецкую мову, зьяўляючыся найбольшым нямецкім празаічным творам.

 

Але ня толькі перакладамі і рэлігійнымі трактатамі Марцін Лютар абнаўляў царкву. Ён пісаў таксама песьні, якія сьпявалі па ўсёй Нямеччыне і за яе межамі. Ягоныя псальмы распаўсюджвалі Эвангельле хутчэй за ягоныя пропаведзі. Марцін Лютар зрэфармаваў таксама літургію, праводзячы яе на нямецкай мове і ставячы ў яе цэнтры пропаведзь Слова Божага.

 

Вучэньне Лютара можна абагульніць наступнымі прынцыпамі:

 

1. Sola gratia - толькі ласка Божая. Чалавек сваімі ўласнымі намаганьнямі ніяк ня можа заплаціць за свае грахі. Бог Сам вырашыў гэтую праблему, паслаўшы Свайго Сына Ісуса Хрыста, Які Сваёй сьмерцяй заплаціў за кожнага грэшніка. Чалавек нічым не заслужыў свайго выратаваньня, гэта ініцыятыва міласэрнага Бога.

 

2. Sola fides - толькі вера. Адказам чалавека на Божую ініцыятыву павінна быць вера. Вера - гэта прыняцьцё таго, што Бог ужо зрабіў для кожнага чалавека. Чалавек сам па сабе ня можа быць праведным. Праведнасьць зьяўляецца дарам ад Бога, які прыходзіць толькі празь веру.

 

3. Sola Scriptura - толькі Сьвятое Пісьмо. У Бібліі Бог адкрывае Свой плян, які мае для кожнага чалавека і для сьвету. Біблія зьяўляецца адзіным крытэрам, які паказвае Божыя стандарты для кожнай сфэры жыцьця чалавека.

 

4. Sola Christo - толькі Хрыстос. Няма іншага шляху выратаваньня чалавека, як толькі вера ў Ісуса Хрыста. Верыць у Хрыста - гэта значыць імкнуцца жыць жыцьцём Сына Божага. Насьлядаваньне Хрыста зьяўляецца сутнасьцю хрысьціянскага жыцьця.

 

Рэформы, пачатыя Марцінам Лютарам, ахапілі ўсю Эўропу. У 1526 годзе Альбрэхт Гогенцольлерн абвесьціў лютаранства афіцыйным веравызнаньнем Прусіі. У гэты самы час Швэцыя вяла змаганьне за вызваленьне ад дацкага панаваньня, і змагары за незалежнасьць ішлі пад штандарамі Рэфармацыі, ствараючы лютаранскую царкву ў сваёй краіне. У 1529 годзе нямецкія князі на імпэратарскім сойме ў Шпэеры выступілі з пратэстам супраць пастановаў, скіраваных на забарону рэфармацыйнага руху. З гэтага часу пасьлядоўнікаў Рэфармацыі сталі называць пратэстантамі.

 

У 1518 годзе рух Рэфармацыі ахапіў Швайцарыю. Гэтая горная краіна ўяўляла сабою саюз вольных кантонаў, кожны зь якіх быў малою рэспублікаю. З тых часоў, калі швайцарцы, абараняючы незалежнасьць сваёй краіны, разьбілі славутыя аддзелы бургундзкіх рыцараў, усе эўрапейскія валадары запрагнулі мець у сваім войску швайцарскую пяхоту. Маладыя людзі з альпійскіх вёсак ішлі ў чужаземныя войскі і сотнямі гінулі на палях бітваў. Лямантам у пустыні стаў голас Ульрыка Цвінглі, патрыёта і рэфарматара, які з амбоны катэдральнага касьцёлу ў Цюрыху выступіў супраць наёмнай службы, нязгоднай з хрысьціянскай маральнасьцю. Абвяшчаючы, як і Лютар, збаўленьне празь веру, Цвінглі выступіў таксама супраць індульгенцыяў, заклікаючы выгнаць з гораду тых, хто прадае адпушчэньне грахоў, як ашуканцаў і махляроў, і сьцьвердзіў, што толькі Біблія ўтрымлівае прынцыпы, абавязковыя для кожнага хрысьціяніна. У хуткім часе рада Цюрыху абвесьціла пра пераход кантону на бок Рэфармацыі. Замест незразумелай лаціны ў царкоўных пропаведзях загучала родная мова. Цюрыхскія цэрквы пазбавіліся алтароў, абразоў, статуяй і сталі дамамі малітвы. Надаючы царкве першасны вобраз, Цвінглі арганізаваў самакіраваньне ў царкоўных супольнасьцях.

 

Рэформы Цвінглі прынялі найбольш перадавыя кантоны Бэрн, Базэль, Цюрых. Але спроба распаўсюдзіць Рэфармацыю на ўсю краіну сустрэла ўпарты супраціў так званых «старых» кантонаў, якія мелі немалы даход з наёмнай службы швайцарцаў. Спрэчка пра веру сталася спрэчкаю пра далейшыя шляхі разьвіцьця краіны. Гэта прывяло да вайны. 12 сьнежня 1531 году ў бітве пры Капэлі цюрыхскі аддзел у 1 800 ваяроў быў разьбіты 8-тысячнай арміяй, сабранай старымі кантонамі. Паранены Цвінглі трапіў у рукі ворагаў, якія прапанавалі яму захаваць жыцьцё, калі ён вырачацца сваёй веры, але Цвінглі адмовіўся і быў забіты.

 

Аднак сьмерць Цвінглі не спыніла Рэфармацыю ў Швайцарыі. Яе працягнуў іншы рэфарматар - Жан Кальвін. Пакаяўшыся ў 1534 годзе, ужо ў 1536 годзе ён скончыў трактат «Хрысьціянскае выхаваньне», названы гісторыкамі «кнігаю, якая мела найбольшы ўплыў на тэалёгію ў гісторыі Царквы» і «клясычным тэкстам францускай мовы». Жан Кальвін вярнуў хрысьціянству праўду, што кожны чалавек створаны Богам для нейкай канкрэтнай мэты, і сэнсам яго жыцьця зьяўляецца знайсьці і рэалізаваць Божы плян. Грэх зрабіў чалавека няздольным ажыцявіць сваё прызначэньне, але Хрыстос вызваліў яго з гэтай няволі і даў яму шанец рэалізавацца. Толькі дзякуючы веры ў Хрыста чалавек можа стаць самім сабою і дасягнуць сваёй мэты. У тым жа 1536 годзе Кальвін быў запрошаны ў Жэневу, вялікі горад, поўны распусты і п'янства. Два гады змагаючыся з немаральнасьцю і духоўнай абыякавасьцю жэнеўцаў, рэфарматар адмовіўся рабіць ламаньне хлеба, калі жыхары гораду не пакаюцца ў сваіх грахах. Рада Жэневы ў адказ пастанавіла выгнаць занадта радыкальнага прапаведніка. Аднак праз тры гады жэнеўскія месьцічы зноў запрасілі Кальвіна да сябе, і ў хуткім часе сьвет убачыў прыклад зрэфармаванага гораду. Вуліцы Жэневы сталі бясьпечныя нават уначы, і ідучы па ім, ня трэба было баяцца, што нехта вылье памыі на галаву або пачне чапляцца нейкі п'яніца. Апошні шынок, дзе прадавалі віно гарадзкім алькаголікам, зачыніўся тры гады таму, а ягоны гаспадар зьехаў у Францыю, дзе людзям яшчэ патрэбна віно, каб уцячы ад праблемаў у сям'і ці ад безнадзейнасьці жыцьця. Каля кожнага дому чыста прыбрана, бо кожная вуліца мае адказнага, які глядзіць за парадкам і мае права штрафаваць таго, хто ператварае сваё жытло ў сьметнік. Квартал гарадзкой басоты цяпер не пазнаць: адзін стаў майстрам, другі працуе ў друкарні, а Жан Дзівак стаў банкірам. Банк яго пакуль што невялікі, але хто ведае, што будзе праз пару дзесяткаў гадоў. Кожны грош палічаны і не ідзе абы-куды, але пускаецца на разьвіцьцё справы. У нядзелю горад пусьцее, бо кожны сьпяшаецца ў царкву, трымаючы пад пахаю Біблію.

 

Сваім вучэньнем Жан Кальвін імкнуўся выхаваць моцных людзей, якія не хістаюцца, але супрацоўнічаюць з Богам і выконваюць Яго волю. Дзеля гэтага на пропаведзях ён вучыў карыстацца біблійнымі прынцыпамі ў штодзённым жыцьці, дзеля гэтага заклаў у Жэневе мноства пачатковых школаў і адкрыў Акадэмію, дзеля гэтага арганізаваў жыцьцё царквы так, каб кожны вернік нёс адказнасьць за яе служэньне. Чэрпаючы зь Бібліі ідэалы самакіраваньня, Кальвін вучыў, што каралі пастаўленыя Богам над народам як кара за чалавечыя грахі, і сьцьвярджаў, што Бог можа навучыць народных прадстаўнікоў абыйсьціся без манарха і, узяўшы ўладу ў свае рукі, рабіць Божыя справы.

 

Ня дзіўна, што ўдзельнікі вайны за незалежнасьць Галяндыі, змагары Слаўнай рэвалюцыі 1648 году ў Англіі, перасяленцы ў ангельскіх калёніях у Паўночнай Амэрыцы называлі жэнеўскага рэфарматара сваім духоўным бацькам. Ягоныя ідэі сталіся асновай сёньняшняга грамадзтва, таму гісторыкі ў адзін голас называюць Кальвіна «заснавальнікам новай цывілізацыі».

 

Рэфармацыя кардынальна зьмяніла аблічча Эўропы. Калі ў Сярэднявеччы паўночныя краіны былі без параўнаньня больш бедныя і адсталыя, чым Італія, Францыя, Гішпанія, то пасьля Рэфармацыі ўсё стала дакладна наадварот. Паўночныя краіны, прыняўшы Рэфармацыю, пачалі імкліва разьвівацца, і ня гледзячы на менш спрыяльныя прыродныя ўмовы, хутка багацелі, а краіны Паўднёвай Эўропы паступова ставаліся беднымі і адсталымі на фоне сваіх паўночных суседзяў. Шэраг нямецкіх земляў, а таксама Швайцарыя пачалі перажываць імклівы эканамічны ўздым. Галяндыя, напалову затопленая, зьнішчаная саракагадовай вайной за незалежнасьць, ужо празь пяцьдзесят гадоў становіцца цэнтрам міжнароднага грашовага рынку, дзяржавай, зь якой усе мусяць лічыцца. У Швэцыі ўцекачы-пратэстанты зь іншых краінаў Эўропы сталі распачынальнікамі эканамічных і палітычных пераўтварэньняў, якія стварылі з краіны дзікіх вікінгаў адну з самых уплывовых дзяржаваў. У Англіі Слаўная рэвалюцыя 1648 году, асноўнай сілай якой былі пурытане - ангельскія кальвіністы, стала пачаткам сусьветнага панаваньня Брытаніі. Пазьней рух мэтадыстаў прадухіліў у Англіі паўтарэньне падзеяў Францускай рэвалюцыі 1789 году і зрабіў Англію «майстэрняй сьвету». Фэнамэнальная гісторыя Злучаных Штатаў Амэрыкі непарыўна зьвязаная зь дзейнасьцю эвангельскіх місыянэраў і разьвіцьцём эвангельскіх цэркваў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што фармаваньне рынкавай эканомікі бярэ свой пачатак з Рэфармацыі, якая сфармавала так званую «пратэстанцкую этыку», паводле якой каштоўнасьць чалавека вызначаецца якасьцю яго працы. Такі падыход да працы стварыў падставы сёньняшняга дабрабыту заходняй цывілізацыі.

 

Адзін з галоўных прынцыпаў аднаўленьня духоўнага жыцьця заключаецца ў непасрэдных адносінах з Богам, якія базуюцца на чытаньні і разуменьні Бібліі кожным чалавекам, таму разьвіцьцё Рэфармацыі выклікала дынамічны рост колькасьці навучальных установаў ва ўсёй Эўропе. Кожная эвангельская царква імкнулася мець школу, у якой бы дзеці і дарослыя вучыліся чытаць, пісаць, лічыць і г.д. Лютаранская Швэцыя стала першай краінай, якая ўвяла ўсеагульную адукацыю на дзяржаўным узроўні. З Рэфармацыі таксама бярэ свой пачатак такая навука як пэдагогіка. Ян Амос Каменскі, прапаведнік і настаўнік, увёў тыя прынцыпы, на якіх трымаецца сучаснае навучаньне, напрыклад: «Настаўнік павінен вучыць ня столькі, колькі ён можа, а колькі вучань можа зразумець». Каб дзеці лепш маглі ўспрыняць матэрыял, ён першы пачаў выкарыстоўваць малюнкі ў навучальным працэсе.

 

Чытаючы Біблію, многія адукаваныя людзі XVI-XVII стагодзьдзяў зьвярнулі ўвагу на тое, што Бог хоча, каб кожны чалавек вывучаў, пазнаваў, разьвіваў і абрабляў той сьвет, у якім ён жыве. Гэта дало пачатак разьвіцьцю прыродазнаўчых навукаў. Дацкі астраном Тыха Брагэ заснаваў ва Ўніборгу найлепшую ў Эўропе абсэрваторыю, якая стала навуковым цэнтрам Даніі. Дзякуючы гэтаму, Тыха Брагэ выканаў найдакладнейшыя астранамічныя вылічэньні і склаў каталёг тысячаў зорак. На аснове гэтых дасьледваньняў нямецкі вучоны Ёган Кеплер, які прысьвяціў сваё жыцьцё пошуку матэматычнай гармоніі, у адпаведнасьці зь якой Бог стварыў сусьвет, адкрыў тры законы абарачэньня плянэтаў вакол Сонца, канчаткова давёўшы геліяцэнтрычную будову Сонечнай сыстэмы і стаўшы адным з пачынальнікаў сучаснай астраноміі. Нямецкі батанік Фукс даў навуцы найбольш шырокую і сыстэматызаваную батанічную намэнклятуру. Ангельскі філёзаф Фрэнсіс Бэкан, які лічыў неабходным аднавіць панаваньне чалавека над прыродай, страчанае ў выніку грэхападзеньня, стаў адным з заснавальнікаў мэтаду навуковага экспэрымэнту, які прадвызначыў імклівае разьвіцьцё навукі ў наступных стагодзьдзях. У пазьнейшыя часы ідэі, народжаныя з чытаньня Слова Божага, натхнялі матэматыка Готфрыда Ляйбніца і фізыка Ісаака Ньютана. Менавіта вяртаньне хрысьціянскага сьвету да Бібліі дало пачатак астраноміі, фізыцы, хіміі, батаніцы, анатоміі і іншым навукам, безь якіх немагчыма ўявіць сучасную цывілізацыю.







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 650. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

ТЕОРЕТИЧЕСКАЯ МЕХАНИКА Статика является частью теоретической механики, изучающей условия, при ко­торых тело находится под действием заданной системы сил...

Схема рефлекторной дуги условного слюноотделительного рефлекса При неоднократном сочетании действия предупреждающего сигнала и безусловного пищевого раздражителя формируются...

Уравнение волны. Уравнение плоской гармонической волны. Волновое уравнение. Уравнение сферической волны Уравнением упругой волны называют функцию , которая определяет смещение любой частицы среды с координатами относительно своего положения равновесия в произвольный момент времени t...

Медицинская документация родильного дома Учетные формы родильного дома № 111/у Индивидуальная карта беременной и родильницы № 113/у Обменная карта родильного дома...

Потенциометрия. Потенциометрическое определение рН растворов Потенциометрия - это электрохимический метод иссле­дования и анализа веществ, основанный на зависимости равновесного электродного потенциала Е от активности (концентрации) определяемого вещества в исследуемом рас­творе...

Гальванического элемента При контакте двух любых фаз на границе их раздела возникает двойной электрический слой (ДЭС), состоящий из равных по величине, но противоположных по знаку электрических зарядов...

Сущность, виды и функции маркетинга персонала Перснал-маркетинг является новым понятием. В мировой практике маркетинга и управления персоналом он выделился в отдельное направление лишь в начале 90-х гг.XX века...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.039 сек.) русская версия | украинская версия