Студопедия — Другі і трэці падзелы
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Другі і трэці падзелы






 

Пасля першага падзелу становішча ў Рэчы Паспалітай змянілася нязначна. Саперніцтва магнацкіх груповак за ўладу працягвалася. У 80-ыя гг. ХVIIІ ст. прагрэсіўная частка шляхты і буржуазіі ўтварыла палітычны блок, вядомы ў навуковай літаратуры як “ патрыятычная партыя ” шляхецка-буржуазнага блока, з мэтай актывізацыі рэфармавання дзяржаўнага ладу. Сярод яго прадстаўнікоў былі С. Сташыц, Г. Калантай, Ф. Язерскі і інш. Шляхецкім рэфарматарам супрацьстаяла старашляхецкая партыя, якая адлюстроўвала інтарэсы магнацка-клерыкальнай рэакцыі. Яе прыхільнікі рабілі максімум магчымага для захавання старых феадальных адносін, шляхецкіх прывілеяў, існуючага палітычнага ладу. Прычым і гэтыя палітычныя сілы імкнуліся атрымаць падтрымку ў замежных дзяржаў.

Пагроза знешняй бяспекі і паглыбленне сацыяльна-палітычнага супрацьстаяння паскорылі рэфарматарскую дзейнасць. Значная частка рашэнняў сойма 1773 – 1775 гг., які вымушана ўзаконіў Пецярбургскую канвенцыю (як і наступных соймаў), была накіравана на паляпшэнне апарату кіравання і прыстасаванне грамадскага ладу да новых патрэб краіны пад чужаземнай апекай. Так, пад уплывам Кацярыны ІІ ў 1775г. была створана Пастаянная Рада (як выканаўча-распарадчы орган) для ажыццяўлення функцый цэнтральнага ўрада паміж соймамі. На справе, аднак, Рада, будучы падкантрольнай невялікай групе магнатаў і рускаму паслу, аказалася няздольнай вырашаць надзённыя дзяржаўныя справы. Фактычна Рэч Паспалітая заставалася дзяржавай без урада. У 1789 г. “рада здрады”, як яе называлі сучаснікі, была распушчана.

Соймам 1773 – 1775 гг. была створана Адукацыйная камісія, якая займалася пытаннямі арганізацыі і развіцця асветы. Варта ўзгадаць і аб прынятым соймам шэрагу заканадаўчых актаў па пытаннях гандлю, прамысловасці, прававога становішча мяшчан і шляхты. Разам з тым, кажучы словамі Я. Анішчанкі, прынятыя соймам захады па дзяржаўнаму ўладкаванню канчаткова аформілі сістэму пратэктарату Расіі над унутраным ладам і знешнімі сувязямі Рэчы Паспалітай (Анішчанка Я. Сойм 1773 – 1775 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. Мн., 2001. С. 383).

Найбольш значнымі і вядомымі спробамі правядзення прагрэсіўных рэформ лічыцца чатырохгадовы сойм, які пачаў дзейнасць у 1788 г. Ён абвясціў сябе канфедэрацыяй, што паралізавала дзеянне прынцыпу “ліберум вета”, дазволіла прымаць рашэнні простай большасцю галасоў (у 1790 г.). Напярэдадні заканчэння паўнамоцтваў дэпутатаў патрыёты дабіліся працягу сваёй работы яшчэ на два гады і правядзення дадатковых выбараў у сойм. Апошняе істотна пашырыла кола прыхільнікаў рэфарматараў (да 181 супраць 69). Гэта спрыяла правядзенню імі некалькі наспелых рэформ, накіраваных на ўмацаванне ўлады, хаця і палавінчатых. У 1790 г. сойм прыняў закон аб непадзельнасці і неадчужальнасці тэрыторыі дзяржавы і ўвёў пакаранне за хабар і дзеянні на карысць замежных дзяржаў (Анішчанка Я. Другі падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 1996. Т. 3. С. 287).

У студзені 1791г. сойм прыняў новыя “Кардынальныя правы”. Імі абвяшчалася суверэннасць Рэчы Паспалітай. Любая чужаземная гарантыя захавання існуючага становішча прызнавалася “накіраванай супраць незалежнасці Рэчы Паспалітай”. Пры гэтым яна абвяшчалася недзялімай дзяржавай. Адначасова з наданнем каталіцкай рэлігіі дамінуючага становішча дэкларавалася свабода іншых хрысціянскіх веравызнанняў, свабода слова і друку (пры пэўных абмежаваннях). “Кардынальнымі правамі” Рэч Паспалітая аб'яўлялася прававой дзяржавай, у якой вяршэнства належыць закону, прынятаму соймам.

Буржуазны характар рэформ праявіўся ў Законе аб сойміках ад 24 сакавіка 1791г. і Законе аб гарадах ад 21 сакавіка 1791г. Паводле першага закона беззямельная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў, што сведчыла аб адмове ад саслоўнага прынцыпу на карысць маёмаснага, характэрнага для буржуазнага выбарчага права. Згодна з другім законам “Гарады нашы каралеўскія свабодныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай” ствараліся спрыяльныя ўмовы для скасавання прывілеяванага становішча шляхты і пашырэння яе вольнасцей на мяшчан. Гэта дазволіла ўмацаваць палітычныя пазіцыі шляхецка-буржуазнага блока і працягнуць рэформы дзяржаўнага ладу. Пры гэтым за мяшчанамі ўсіх каралеўскіх гарадоў было прызнана права асабістай недатыкальнасці (на тэрыторыі ВКЛ шляхта ім карысталася паводле Статута 1588 г.); набываць зямельныя маёнткі; займаць ніжэйшыя пасады ў дзяржаўных установах і судах, быць адвакатамі. Мяшчане атрымалі права быць абранымі ў сойм з правам дарадчага голасу, абіраць органы самакіравання, уводзіцца соймам у шляхецкі стан.

Актыўная заканадаўчая дзейнасць сойма значна змяніла канстытуцыйнае права краіны і стварыла спрыяльныя ўмовы для прыняцця прагрэсіўнай Канстытуцыі. 3 мая 1791 г. шляхецкім рэфарматарам удалося зацвердзіць новую Канстытуцыю – “Закон аб урадзе”. Хаця ў ёй адсутнічаў раздзел па дзяржаўнаму ўладкаванню, яна ўносіла пэўныя паляпшэнні ў палітычную сістэму шляхам ліквідацыі такіх паралізуючых законаў, як “ліберум вета” і ўтварэнне канфедэрацыйных соймаў. Несумненная прагрэсіўнасць Канстытуцыі выражалася ў рэгуляванні правоў і абавязкаў грамадзян, пад якімі разумеліся ўсе жыхары краіны. Істотнае значэнне мела ўзмацненне выканаўчай улады караля і стварэнне пры ім савета “Аховы законаў” – вышэйшага выканаўчага органа ўрада, – а таксама тое, што выбарнасць караля замянялася выбарнасцю дынастыі (раздз. VII). Быў абвешчаны прынцып падзелу ўлады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую (разд. V). Вызначаны структура і паўнамоцтвы сойма (раздз. VI). Сойм (двухпалатны) пераўтвараўся ў дзейсны заканадаўчы і кантралюючы орган дзяржавы (гл.: Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. С. 158 – 166; История Беларуси в документах и материалах. Мн., 2000. С. 103108).

З увядзеннем спадчыннай манархіі і цэнтралізаванай выканаўчай улады саюзная дзяржава станавілася унітарнай. Гэта значыць, ліквідаваліся рэшткі дзяржаўнасці ВКЛ. Паводле назіранняў У. Ігнатоўскага, Канстытуцыя абвясціла поўнае зліццё Польшчы і Літоўска-Беларускай дзяржавы ў адзіны непадзельны арганізм. Існуе, аднак, думка, што новая Канстытуцыя “зафіксавала” зліццё Польшчы і Літвы (Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. С. 162; Бардах Ю., Леснодарский Б., Пиетрчак М. История государства и права Польши. М., 1980. С. 293). Абвяшчалася неабходнасць збліжэння сацыяльна-палітычных правоў шляхты з мяшчанствам (як праз сваіх паслоў у сойме, так і набыццё зямлі па-за межамі гарадоў; раздз. ІІІ), асабістая свабода кожнаму, “хто толькі адной нагой ступіць на польскую зямлю” (раздз. ІV), што, як лічылі рэфарматары ў сойме, прыцягне з Расійскай імперыі сялян у запланаванае 100-тысячнае войска. Але ўсё гэта выклікала процідзеянне не толькі з боку суайчыннікаў – прыхільнікаў нязменнасці саслоўнага ладу Рэчы Паспалітай, але і з боку Расіі.

Разам з тым прагрэсіўнасць Канстытуцыі была абмежавана захаваннем практычна недатыкальнымі як усіх правоў і прывілеяў шляхты, так і прыгоннага гнёту, бяспраўя сялянства. Абмежаваная свабода веры пакідала за каталіцтвам пануючае становішча ў грамадстве (раздз. І).

У цэлым Канстытуцыя 3 мая была прагрэсіўным актам, бо ліквідавала анархію, стварала больш спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталістычных адносін. Яна стала вяршыняй таго грамадска-палітычнага ўздыму ў Рэчы Паспалітай, якім былі адзначаны апошнія дзесяцігоддзі ХVIII ст. Аднак Канстытуцыя выклікала незадаволенасць у старашляхецкай партыі і каталіцкай царквы. У выніку палажэнні яе не былі рэалізаваны.

Унутрыпалітычныя сутыкненні ў Рэчы Паспалітай развіваліся ў цеснай узаемасувязі з міжнароднымі адносінамі. Старашляхецкая партыя абапіралася на падтрымку Расіі, а шляхецкія рэфарматары і патрыятычная партыя – на падтрымку Прусіі. Дарэчы, прускі кароль Фрыдрых Вільгельм ІІ у дэкларацыі сойма выказаў жаданне бачыць Рэч Паспалітую незалежнай. Гэта, аднак, не пашкодзіла Прусіі весці справу да таго, каб выклікаць у Кацярыны ІІ незадаволенасць унутраным становішчам і знешняй палітыкай Рэчы Паспалітай. Па дасягненні гэтай мэты пруская дыпламатыя пакінула сваіх былых партнёраў і выказала гатоўнасць заключыць з Расіяй пагадненне з мэтай чарговага падзелу Рэчы Паспалітай. Адпаведныя захады Прусія распачала яшчэ ў 1789г. У пачатку 1792г. Расія паспела да рэалізацыі прапаноў прускага караля па новым раздзеле Рэчы Паспалітай. Гэтаму спрыяла як завяршэнне вайны Расіі з Турцыяй (1787 – 1791), так і паводзіны часткі польскай шляхты, якая ў супрацьстаянні прагрэсіўным палажэнням Канстытуцыі і дзеля сваёй перамогі звярнулася за дапамогай да Кацярыны ІІ.

Каб ліквідаваць Канстытуцыю, яны па дамоўленасці з Кацярынай ІІ у маі 1792 г. стварылі Таргавіцкую (м. ва Украіне) канфедэрацыю. Пры гэтым канфедэраты звярнуліся да Расіі за ваеннай дапамогай з мэтай аднаўлення перадсоймавай сістэмы кардынальных правоў, гарантам якіх царыца была паводле соймавых канстытуцый 1768 і 1775 гг. Рускія войскі не прымусілі сябе доўга чакаць. Яны забяспечылі перамогу таргавічан і прадвызначылі новае расчляненне дзяржавы. Прускія войскі са свайго боку (нібыта для спынення польскага бязладдзя) занялі заходнія правінцыі Польшчы.

З мэтай ажыццяўлення новага падзелу Рэчы Паспалітай ўрад Расійскай імперыі ў канцы 1792 – пачатку 1793 г. пачаў перамовы з урадамі Прусіі і Аўстрыі. 23 студзеня 1793 г. Расія і Прусія заключылі тайную Пецярбургскую канвенцыю для скасавання Канстытуцыі 3 мая 1791 г. і аб сумесных дзеяннях на выпадак узброенага супраціўлення анексіі тэрыторый Рэчы Паспалітай. 27 сакавіка 1793 г. яны абвясцілі акты аб акупацыі вызначаных доляў. У выніку Расія атрымала цэнтральную частку Беларусі да лініі Друя – Пінск, а таксама Заходнюю Украіну і Падолію – усяго 280 тыс. кв. км з 3 млн жыхароў. Да Прусіі адышлі спрадвечныя польскія землі: Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск, і Торунь (гл.: История Польши. Т. 1. С. 341 – 342; Гісторыя Беларусі. Ч. 1. С. 571 – 572; История Беларуси в документах и материалах. С. 111 – 114).

Гродзенскі сойм 1793 г., які пачаў работу 17 чэрвеня, ратыфікаваў падзельныя трактаты з Расіяй і Прусіяй і 25 верасня 1793 г. саступіў анексіраваную частку ВКЛ “на вечныя часы” Расійскай імперыі. Сойм адмяніў Канстытуцыю 1791г. і прыняў новую. Яна цалкам адпавядала інтарэсам Расійскай імперыі. Аднак і гэта Канстытуцыя засталася на паперы, Рэч Паспалітая губляла сваю незалежнасць пад нарастаючым уплывам на яе ўнутраныя справы іншаземцаў.

Рэакцыйныя дзеянні таргавічан і захопніцкая палітыка замежных дзяржаў сутыкнуліся з вострай незадаволенасцю прагрэсіўных колаў шляхты і гараджан. Яе апагеям стала паўстанне пад кіраўніцтвам прадстаўніка беларускага шляхецкага роду Т. Касцюшкі ў 1794 г. Супраць рэшткаў Рэчы Паспалітай выступілі Прусія, Аўстрыя і Расія. Падаўленне паўстання дазволіла ім захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай і канчаткова ліквідаваць яе дзяржаўнасць. Распачатыя летам 1794 г. перамовы аб падзеле яе цягнуліся амаль да лістапада 1795г. і завяршыліся дамоўленасцю аб канчатковым падзеле знясіленай дзяржавы. Адпаведныя дагаворы былі падпісаны: Расіяй з Аўстрыяй 23 снежня 1794 г. (3 студзеня 1795 г.), а Расіяй з Прусіяй – 24 кастрычніка 1795 г. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі ў Пецярбургу 13 (24) кастрычніка 1795 г. 24 лістапада 1795 г. гэтыя дзяржавы пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, ў тым ліку адносна даўгоў караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Апошні 25 лістапада падпісаў акт адрачэння ад трона. Канчаткова тэрытарыяльныя долі падзелу былі зацверджаны трохбаковай камісіяй 21 лістапада 1796г. (гл.: История Польши. Т. 1. С. 354; История Беларуси в документах и материалах. С. 115 – 116; Белоруссия в эпоху феодализма. Мн., 1961. Т. 3. С. 72 – 74; Анішчанка Я. Трэці падзел Рэчы Паспалітай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 2001. Т. 6. Кн. 1. С. 535). Пры гэтым да Расіі адышлі Літва, Курляндыя, заходнія раёны Беларусі і заходняя частка Валыні (120 тыс. кв. км, 11, 2 млн чалавек). Прусія і Аўстрыя захапілі карэнныя польскія землі (95 тыс. кв. км, 22,5 млн чалавек).

Рэч Паспалітая, якая існавала як дзяржава больш за 200 гадоў, перастала існаваць. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Заняпаду і знікненню гэтай дзяржавы спрыялі шэраг прычын. Частка з іх была закладзена ў складаным і супярэчлівым характары ўзаемаадносін паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім княствам Літоўскім, другая – у слабых сувязях паміж рознымі рэгіёнамі дзяржавы, трэцяя – у неабмежаваных шляхецкіх вольнасцях, якія зрабілі караля выбарнай асобай з амаль дэкаратыўнымі функцыямі, чацвёртая – у рэзкіх сацыяльных канфліктах, пятая – у канфесійнай і этнічнай стракатасці. Нарэшце ўплыў знешняга фактару, зацікаўленасць замежных дзяржаў у падтрымцы супярэчнасцей паміж феадальнымі групоўкамі Рэчы Паспалітай з мэтай знішчэння палітычнага існавання краіны і паслядоўнага захопу яе зямель. Аслабленая ўнутранымі супярэчнасцямі Рэч Паспалітая і абедзве дзяржавы ў яе складзе ВКЛ і Польшча у выніку трох падзелаў спынілі сваё дзяржаўнае існаванне.







Дата добавления: 2015-10-12; просмотров: 628. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Картограммы и картодиаграммы Картограммы и картодиаграммы применяются для изображения географической характеристики изучаемых явлений...

Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Эффективность управления. Общие понятия о сущности и критериях эффективности. Эффективность управления – это экономическая категория, отражающая вклад управленческой деятельности в конечный результат работы организации...

Мотивационная сфера личности, ее структура. Потребности и мотивы. Потребности и мотивы, их роль в организации деятельности...

Классификация ИС по признаку структурированности задач Так как основное назначение ИС – автоматизировать информационные процессы для решения определенных задач, то одна из основных классификаций – это классификация ИС по степени структурированности задач...

Закон Гука при растяжении и сжатии   Напряжения и деформации при растяжении и сжатии связаны между собой зависимостью, которая называется законом Гука, по имени установившего этот закон английского физика Роберта Гука в 1678 году...

Характерные черты официально-делового стиля Наиболее характерными чертами официально-делового стиля являются: • лаконичность...

Этапы и алгоритм решения педагогической задачи Технология решения педагогической задачи, так же как и любая другая педагогическая технология должна соответствовать критериям концептуальности, системности, эффективности и воспроизводимости...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.008 сек.) русская версия | украинская версия