Студопедія
рос | укр

Головна сторінка Випадкова сторінка


КАТЕГОРІЇ:

АвтомобіліБіологіяБудівництвоВідпочинок і туризмГеографіяДім і садЕкологіяЕкономікаЕлектронікаІноземні мовиІнформатикаІншеІсторіяКультураЛітератураМатематикаМедицинаМеталлургіяМеханікаОсвітаОхорона праціПедагогікаПолітикаПравоПсихологіяРелігіяСоціологіяСпортФізикаФілософіяФінансиХімія






Conclusion


Дата добавления: 2015-08-17; просмотров: 803



Нягледзячы на вельмі неспрыяльныя абставіны, беларуская літаратура ў часы Вялікай Айчыннай вайны ўсё-такі развівалася. У тыл ворага дастаўляліся беларускія газеты і часопісы: "Савецкая Беларусь", "За Савецкую Беларусь", "За свабодную Беларусь", "Звязда", "Раздавім фашысцкую гадзіну", "Партызанская дубінка", а з 1943 г. — часопіс "Беларусь". Актыўны ўдзел у гэтых выданнях прымалі К. Крапіва, М. Лынькоў, А. Куляшоў, П. Броўка, М. Танк, П. Панчанка і інш. Вершы беларускіх паэтаў перакладаліся на рускую мову. Акрамя публікацый у перыёдыцы былі выдадзены асобныя кнігі перакладаў.

На мемарыяльнай дошцы ў Доме літаратара ўвекавечаны імёны 26 пісьменнікаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў: З. Астапенка, Я. Бобрык, Л. Гаўрылаў, А. Гейне, А. Дубровіч, Р. Жалязняк, А. Жаўрук, Э. Каган, А. Коршак, С. Крывец, П. Левановіч, Р. Лынькоў, С. Ляльчук, А. Мілюць, Р. Мурашка, М. Нікановіч, А. Пруднікаў, У. Рагуцкі, Р. Рэйзін, М. Сурначоў, М. Сямашка, Л. Талалай, А. Ушакоў, I. Шапавалаў, Г. Шведзік, X. Шынклер.

Паэзія ў агульнай сістэме мастацкай літаратуры часоў Вялікай Айчыннай вайны заканамерна займала першае месца. За чатыры гады ваеннага ліхалецця беларускімі паэтамі было створана шмат твораў, сярод якіх ёсць і сапраўдныя шэдэўры.

Умовам і запатрабаванням суровай пары адпавядалі вершы-заклікі, пасланні, нават заклінанні. Гэта такія творы, як "Пісьмо землякам", "Дрыжыце, падлюгі-фашысты!", "Помста" (1941) П. Броўкі; "Вастрыце зброю", "Падымайся, Беларусь!" (1941) М. Танка; "Змагайцеся адважна за Радзіму" (1941) П. Панчанкі. Гэтым творам уласціва кантрастнае спалучэнне двух пачуццяў — любові і нянавісці, традыцыйныя вобразы-сімвалы, лірычна-песенная інтанацыя, а таксама прыёмы публіцыстычнага выяўлення ідэі.

У пару выпрабаванняў абвастрылася любоў да Радзімы. Мабыць, у гісторыі нашай літаратуры не было перыяду, які пакінуў бы па сабе столькі непасрэдных зваротаў да Беларусі, столькі замілаваных вобразных выказванняў пра родны край. Дастаткова згадаць назвы твораў ("Беларусі" М. Танка, П. Панчанкі; "Беларусь" П. Броўкі, М. Танка). Любоў да Радзімы выяўлялася не толькі праз заклікі да барацьбы з ворагам, адлюстраванне родных краявідаў, але і ў напамінанні, што самым каштоўным нацыянальным скарбам з'яўляецца мова. Менавіта гэта і падкрэсліваў ў сваіх паэтычных шэдэўрах М. Танк ("Родная мова").

У беларускай ваеннай паэзіі быў надзвычай шырока распаўсюджаны жанр гераічнай балады з моцным рамантычным пачаткам: А. Куляшоў "Балада аб чатырох заложніках", 1942.

У часы Вялікай Айчыннай вайны П. Панчанкам быў напісаны першы ў беларускай паэзіі высокамастацкі цыкл "Іранскі дзённік" (1944—1945), куды ўвайшлі такія вершы, як "Герой", "Сустрэча з бярозай", "Бутэлька Цынандалі", "Рамантыка", "Сон пра апошні залп" і інш.

Нягледзячы на тое, што падзеі, пачуцці па гарачых слядах насамперш знаходзілі ўвасабленне ў кароткіх формах як найбольш аператыўных, мабільных, значнае месца ў беларускай паэзіі ваеннай пары належыць паэме ў асноўным як жанру сінтэтычнаму з арганічным спалучэннем эпасу, лірыкі і драмы. Ля вытокаў беларускай паэмы ваенных гадоў стаяць два розныя па стылю творы гэтага жанру, а менавіта — "Сцяг брыгады" А. Куляшова і "Паэма пра Смалячкова" П. Броўкі, напісаныя ў 1942 г. Апошняя ўяўляе сабой дакументальна-рэпартажны твор. У сваёй паэме П. Броўка дае разгорнуты паэтычны партрэт воіна-героя, абаронцы Ленінграда. Факты біяграфіі не замінаюць аўтару ўзбуйніць вобраз і ў фінале твора паказаць Фядоса Смалячкова ў абліччы быліннага асілка, якому родная зямля дала "арліныя крыллі" і "зоркія вочы".

Паэма А. Куляшова "Сцяг брыгады" напісана ў ліра-эпічным ключы. Сцяганосец артылерыйскай брыгады Алесь Рыбка выратоўвае ваенную святыню і выносіць з поля бою цяжка параненага камісара Заруднага. Сюжэт паэмы даваў магчымасць шырока паказаць драматычныя малюнкі першага ваеннага лета. Форма паэтычнай споведзі, дзённіка садзейнічала паглыбленаму паказу псіхалогіі чалавека на вайне, дзе сярод экстрэмальных умоў абвастраліся ўсе чалавечыя якасці. А. Твардоўскі назваў "Сцяг брыгады" "голасам сэрца, поўнага болю за родную беларускую зямлю, плачам па ёй і гарачай светлай верай у яе сілы, у яе вызваленне". Твор насычаны вобразамі народнай паэзіі: лірычны герой звяртаецца да ляснога ручая, крыніцы як да сваіх паплечнікаў, яго вядуць палявыя сцежкі, сляды замятаюць сваёй лістотай дубравы.

У ліра-эпічнай паэме-маналогу П. Броўкі "Беларусь" (1943), дзякуючы гісторыка-публіцыстычным рэмінісцэнцыям, шырокай хвалі гістарычных успамінаў і асацыяцый, паўстае вобраз Радзімы — прыгожай зямлі са слаўнай мінуўшчынай. Паэт згадвае Скарыну, Каліноўскага, Вашчылу, Хвяська, агульныя перамогі беларусаў, рускіх, украінцаў пад Грунвальдам, на Чудскім возеры, выгнанне Напалеона. Твор арганізаваны па прынцыпу ідэйна-мастацкага сумяшчэння розных часавых плыняў, чаму садзейнічаюць гістарычныя і этнаграфічныя паралелі, параўнанні і метафары, уласцівыя для беларускай народнай паэтыкі.

Героіка-рамантычная паэма М. Танка "Янук Сяліба" (1943) з'яўляецца адным з першых беларускіх буйнапаэтычных твораў ваеннага часу.

Адпаведна з эвалюцыяй іншых жанраў развівалася і сатыра ваеннага часу, найперш вершаваная. Напачатку цалкам плакатныя пародыі, фельетоны, байкі, сатырычныя вершы, частушкі, эпіграмы паступова насычаліся канкрэтнымі падрабязнасцямі, якія рабілі іх дакументальна дакладнымі. У сферы сатыры актыўна працавалі амаль усе беларускія пісьменнікі — як празаікі, так і паэты (М. Лынькоў, К. Чорны, П. Панчанка, М. Танк, П. Броўка). Аднак асаблівая роля ў развіцці сатырычных жанраў належыць К. Крапіве — рэдактару газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну" і аўтару шэрагу сатырычных вершаў і баек.

Проза ваеннай пары ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу выяўляла сябе найперш у патрыятычнай публіцыстыцы як самым аператыўным жанры. Палымяныя артыкулы друкаваліся на старонках газет, гучалі па радыё, на мітынгах. Іх аўтарамі былі К. Чорны, К. Крапіва, М. Танк, М. Лынькоў. Фельетоны К. Чорнага склалі зборнік "Кат у белай манішцы" (1942). Агульны патрыятычны пафас, канкрэтныя агітацыйна-прапагандысцкія задачы не заглушалі творчай індывідуальнасці.

Менавіта К. Чорнаму належыць першае ў беларускай літаратуры раманнае, эпічнае асэнсаванне падзей Айчыннай вайны: раманы "Пошукі будучыні" (1943), "Млечны шлях" (1944). Чорны стварае ў сваіх сацыяльна-філасофскіх раманах абагульнены вобраз беларускага народа, якому пагражала татальнае знішчэнне, прадугледжанае ў планах Гітлера. Сваім чуйным сэрцам пісьменнік востра адчувау небяспеку фашызму не толькі для суайчыннікаў, але і ўвогуле для чалавецтва.

Беларускую драматургію перыяду вайны належыць разглядаць у сувязі з жыццём і працай тэатраў, якія былі эвакуіраваны ў Арэхава-Зуева, Каўроў, Іванава, Томск, Уральск, дзе ставілі свае нацыянальныя п'есы. Драматычных твораў у час вайны было напісана мала, ваенная пара не садзейнічала развіццю такога складанага сінтэтычнага жанру, як драматургія.

Асаблівасці літаратурнага развіцця ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Сутнасць “тэорыі бесканфліктнасці” і яе выяўленне ў творах. (1945-1956)

У пасляваеннай літаратуры распаўсюд набыла "тэорыя бесканфліктнасці", калі мастак павінен быў маляваць лёс пераможцаў, паказваючы барацьбу добрага ды яшчэ за лепшае. Выпрацоўваецца культ сілы і энергіі, вобраз жыццястойкасці. Жыццё малявалася як заможнае, шчаслiвае, бясхмарнае. Такім быў рэалізм па заказу - сацыялістычны рэалізм у дзеянні. Цэнтральнымі тэмамі тагачаснай беларускай літаратуры, былі дзве: ваеннай і аднаўленчая.

Невыказаная радасць паяднання вялікіх людскіх мас у радасці выхаду з ваеннай навальніцы ў мірны дзень найбольш моцна і таленавіта адлюстраваў у вершах П. Панчанкі "Першая цішыня". Разам з тым радасць сканчэння вайны азмрочвалася страшэннымі разбурэннямі на радзіме і велізарнымі чалавечымі стратамі. Гэта адбілася ў такім вершы, як "Франтавік" П. Панчанкі.

Беларуская паэзія жыла ўзвышанымі пасляваеннымі парываннямі хлебароба, зведаўшы на нейкі час сапраўднае абнаўленне ў традыцыйна для яе вясковай тэме. Творам, які спалучаў вайну і мірны аднаўленчы будзень, крытыка справядліва называла паэму П. Броўкі "Ясны кут" (1944). Напісаны адразу пасля вызвалення Беларусі, твор у высокім эпічным гучанні ўзнаўляе вобраз краіны-паланянкі са спаленымі селішчамі і скалечанымі лёсамі людзей, ступіўшых з ваеннага ліхалецця ў найцяжэйшую пасляваенную рэальнасць. Пазней у паэме "Хлеб" (1946) П. Броўка выкажа абвостранае галоднымі ваеннымі гадамі, чатырохгадовай адарванасцю ад працы тое рэальнае абуджэнне цягі да зямлі, якое з даваеннай пары аказалася аслабленым у хлебароба, абязлічаным калектыўным землекарыстаннем. У творы, увасобіўшым лепшыя нацыянальныя традыцыі ў асваенні вясковага жыцця, паўстае бясконца дарагі свет працоўных спадзяванняў учарашняга салдата, а сёння сейбіта.

У паэмах П. Панчанкі "Маладосць у паходзе" (1945), А. Куляшова "Новае рэчышча" (1948) б'ецца гарачая споведзь пакалення, што ў несупынным паходзе дзеля ідэалаў будучыні, "пад вогненным небасхілам" войнаў умела радавацца жыццю, берагчы сяброўскую вернасць і боскую таямніцу кахання, цаніць высакароднае, святое ў чалавеку.

У паэтычным працэсе пасляваеннага перыяду ўзнікаюць розныя творчыя плыні, вядзецца спрэчка мастацкіх "школ".

Цікавы паэтычны тып уяўляла паэзія Максіма Танка. Ёю ўвабрана надзвычай многае ад народнай эстэтыкі, пра што сведчылі напісаныя ў пасляваенны час песенныя творы: "Няма сцежкі карацейшай" (1952), "Не сумуй жа, браце мой" (1952), "Вяселле" (1953), "Заручыны" (1953) і інш. Але для паэта вельмі важным быў "эксперыментальны" давераснёўскі перыяд, адзначаны інтэнсіўным засваеннем арсеналу еўрапейскай паэзіі. Прыёмы навейшай паэзіі — парадокс, самаіронія, гіпербалічнае адушаўленне свету, разгорнуты асацыятыўны вобраз — і з'явіліся тым паэтычным трансфарматарам яго пасляваеннай паэзіі: "Вясной" (1946), "Другу" (1946), "Добра было б..." (1947), "Стары гасцінец асамотнены" (1946), "Перад зімовым сном палёў" (1948), "На родных сцежках" (1950).

У вершаванай тэхніцы ў цэлым назіраецца спрэчка дзвюх тэндэнцый. З паэтычных эксперыментаў 20-х гадоў прыходзіць перабольшанае захапленне тропікай і перайначанне кампазіцыйнай структуры твора. З класічным ладам верша, якога прытрымліваюцца яшчэ Якуб Колас ("Рыбакова хата"), Пятро Глебка, часткова Аркадзь Куляшоў, пачынае спаборнічаць "кінематаграфічная" кампазіцыя, дзе асноўны цяжар пераносіцца на аўтаномны мікравобраз.

Пасляваенны перыяд у беларускай літаратуры не быў роўны. З прыняццем партыйных пастаноў 1946—1948 гг: "Аб часопісах "Звезда" і "Ленинград", "Аб рэпертуары драматычных тэатраў і мерах па яго паляпшэнні", "Аб кінафільме "Большая жизнь", "Аб оперы "Великая дружба" В. Мурадэлі" на працяглы перыяд усталёўваецца жорсткае адміністратыўнае кіраўніцтва культурай. Ва ўмовах такой апекі літаратура перажывае глыбокі ўнутраны крызіс, збівалася на суцэльнае ўсхваленне поспехаў сацыялістычнага будаўніцтва, шукала канфлікты ў афіцыйнай тэме барацьбы дзвюх сацыяльных сістэм, спынілася на творчым раздарожжы.

У асваенні ваеннай тэматыкі заслугоўваюць увагі пачатковыя спробы былога франтавіка Івана Шамякіна, у якога выявіўся яркі эпічны талент. Напісаныя яшчэ ў вайну, паводле асабістага франтавога вопыту, аповесць "Помста" і апавяданне "У снежнай пустыні", пры ўсіх вучнёўскіх недахопах уяўлялі сабою сапраўдныя знаходкі нетрадыцыйнага для беларускай літаратуры "ваеннага" стылю. Драматычная калізія аповесці — маральная перамога маёра Раманенкі, які святое пачуццё помсты за смерць маці, дачкі, замучанай жонкі пранёс да парога дома злачынцы обер-лейтэнанта Генрыха Візэнера, але ўладай найвышэйшага духоўнага імператыва не ўчыніў расправы над сям'ёй немца.

У спецыфічных умовах развівалася і беларуская драматургія пасляваеннага перыяду. Драматургія пасляваеннага перыяду сцвярджала сябе пераважна ў жанры гераічнай драмы, засяродзіўшы асноўную ўвагу на мастацкім асэнсаванні трагедыйнага матэрыялу Вялікай Айчыннай вайны. Найбольш вопытны з пасляваенных драматургаў Кандрат Крапіва “З народам”. Даволі доўга шукаў падыходы да больш-менш праўдзівага адлюстравання складаных падзей Вялікай Айчыннай вайны К. Губарэвіч, пішучы аб абаронцах славутай Брэсцкай крэпасці.

Сухавей эстэтыкі бесканфліктнасці, штучнай ідэалізацыі жыцця меў асабліва згубны ўплыў на драматургію таго часу. Асабліва драматычна складваўся лёс сатырычнага жанру драматургіі. Напачатку, яшчэ на пераходзе ад суровай ваеннай рэчаіснасці, Кандратам Крапівой быў напісаны унікальны ў пасляваеннай савецкай літаратуры выкрывальны твор "Мілы чалавек" (1945). Сатырычная камедыя драматурга ўвайшла ў класічны фонд беларускай літаратуры. Ухіленне ад вайсковага абавязку, фактычнае дэзерцірства ва ўмовах ваеннага часу прайдзісвета Жлукты трансфармуецца па ходу п'есы ў новую ступень злачынства, у сістэму прыстасавальніцтва.


<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Discussion | Epilogue
1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | <== 22 ==> | 23 |
Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.205 сек.) російська версія | українська версія

Генерация страницы за: 0.205 сек.
Поможем в написании
> Курсовые, контрольные, дипломные и другие работы со скидкой до 25%
3 569 лучших специалисов, готовы оказать помощь 24/7