Студопедия — ДАСЯГНЕННІ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ Ў 1920 – 1930-я гг.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

ДАСЯГНЕННІ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСІ Ў 1920 – 1930-я гг.






Успомніце. 1. Што такое культурная рэвалюцыя?Якімі былі яе задачы? 2. З якіх мерапрыемстваў яна складалася? 3. Што такое метад сацыялістычнага рэалізму? Якім чынам ён праяўляецца ў розных галінах культуры?

Палітыка беларусізацыі. Пачатак дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі паклала пастанова сесіі ЦВК БССР, якая адбылася летам 1924 г. Была створана спецыяльная камісія для ажыццяўлення гэтай палітыкі. Такія ж камісіі былі арганізаваны пры акруговых выканаўчых камітэтах.

Змест палітыкі беларусізацыі складала:

развіццё беларускай мовы, садзейнічанне таму, каб яна стала афіцыйнай мовай у рабоце партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый, а таксама часцей Чырвонай Арміі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. У БССР былі прызнаны раўнапраўнымі разам з беларускай руская, польская і яўрэйская мовы. Законы Беларускай ССР друкаваліся на гэтых чатырох мовах;

стварэнне беларускамоўных навучальных і выхаваўчых устаноў, вывучэнне гісторыі, геаграфіі і культуры Беларусі;

павышэнне ролі асоб карэннай нацыянальнасці, у першую чаргу беларусаў, у грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, больш актыўнае вылучэнне іх на кіруючыя пасады ў партыйным і дзяржаўным апараце, а таксама ў грамадскіх арганізацыях;

усебаковае развіццё беларускай нацыянальнай культуры — літаратуры, музыкі, тэатра, жывапісу, кнігадрукавання;

стварэнне ў складзе Беларускай ваеннай акругі нацыянальных тэрытарыяльных воінскіх часцей і злучэнняў, перавод іх работы па навучанні і выхаванні салдат і афіцэраў на беларускую мову.

У канцы 1920-х гг. правядзенне палітыкі беларусізацыі было прыпынена, а многія палітычныя і грамадскія дзеячы БССР памылкова абвінавачаны ў распальванні нацыяналізму і падвергнуты рэпрэсіям. Але, нягледзячы на гэта, правядзенне палітыкі беларусізацыі дало станоўчыя вынікі: каля 80 % школ працавалі на беларускай мове, доля беларусаў у кіруючых органах складала больш за 50 %, паспяхова развіваліся літаратура і мастацтва. Былі створаны 2-я Беларуская стралковая дывізія і 16-ы Беларускі корпус (да трох дывізій), а таксама Аб’яднаная беларуская вайсковая школа імя ЦВК БССР.

Ліквідацыя непісьменнасці дарослага насельніцтва і ўвядзенне ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей. Задачы гаспадарчага і культурнага будаўніцтва, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў патрабавалі ўсеагульнай пісьменнасці. У Беларусі была створана Рэспубліканская надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці. У гарадах і вёсках арганізоўваліся і працавалі школы і пункты па ліквідацыі непісьменнасці, школы рабочай моладзі, групы індывідуальнага навучання дарослых.

У 1926 г. у БССР аформілася таварыства «Прэч непісьменнасць». Яго старшынёй быў абраны А. Р. Чарвякоў — старшыня ЦВК БССР. Па ініцыятыве камсамола праводзіліся месячнікі «За пісьменнасць», а таксама культпаход і культэстафета, у ходзе якіх адбывалася ліквідацыя непісьменнасці. Пры гарадскіх і сельскіх Саветах былі створаны групы садзейнічання ліквідацыі непісьменнасці, праходзілі грамадскія агляды школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці.

У гэтай рабоце прымалі ўдзел калектывы фабрык і заводаў, калгасаў і саўгасаў, арганізацый і ўстаноў, настаўнікі, студэнты, школьнікі, усе пісьменныя людзі. У выніку пісьменнасць насельніцтва БССР ва ўзросце дзевяці гадоў і старэй (без уліку заходніх абласцей) павысілася з 53 % у 1926 г. да амаль 79 % у 1939 г. Такім чынам, масавая непісьменнасць у БССР была ліквідавана.

Але поўнасцю пераадолець непісьменнасць к канцу 1930-х гг. не ўдалося. Значная частка дарослага насельніцтва (асабліва жыхароў вёскі, пераважна жанчын) не вучылася. У 1939 г. Саўнарком БССР прыняў спецыяльную пастанову, у якой была пастаўлена задача завяршэння ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці ў рэспубліцы.

Адна з цэнтральных праблем культурнага будаўніцтва — арганізацыя ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей. У 1926 г. ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову «Аб увядзенні ўсеагульнага абавязковага навучання дзяцей ад 8 да 11 гадоў». У адпаведнасці з гэтай пастановай праводзіліся растлумачальная работа сярод насельніцтва, перапіс дзяцей школьнага ўзросту, будаўніцтва і рамонт школьных будынкаў і абсталявання, нарыхтоўка паліва, добраўпарадкаванне школьных двароў, забеспячэнне дзяцей адзеннем і абуткам, падручнікамі і школьнымі пісьмовымі прыладамі. Арганізоўваліся таксама гарачае харчаванне і падвоз дзяцей у школу з далёкіх вёсак, праходзілі камсамольскія суботнікі на карысць школы.

У 1931/32 навучальным годзе ў БССР амаль 98 % усіх дзяцей ва ўзросце 8—11 гадоў навучаліся ў 1—4-х групах (класах) адзінай працоўнай школы. У гарадах, прамысловых цэнтрах і 17 раёнах рэспублікі ў V групе (класе) навучалася 96 % дзяцей адпаведнага ўзросту. У канцы першай пяцігодкі быў завершаны пераход да ўсеагульнага абавязковага пачатковага навучання і працягвалася работа па паступовым увядзенні ўсенавуча на базе сямігадовай школы.

У гады другой пяцігодкі (1933—1937) Беларуская ССР зрабіла вялікі крок наперад у ажыццяўленні ўсеагульнага сямігадовага навучання і ў развіцці сярэдняй адукацыі. У канцы пяцігодкі ўсяго працавала 7 тыс. школ, у якіх вучылася больш за 1 млн чалавек.

ХVІІІ з’езд ВКП(б) у 1939 г. паставіў задачу ажыццяўлення ўсеагульнага сярэдняга навучання ў горадзе і завяршэння пераходу да ўсеагульнага сямігадовага навучання ў вёсцы і ва ўсіх нацыянальных рэспубліках. Гэта была задача, разлічаная на перспектыву.

Прафесійная адукацыя. Станаўленне і развіццё вышэйшай школы. Падрыхтоўка спецыялістаў ажыццяўлялася ў вышэйшых навучальных установах. 30 кастрычніка 1921 г. адбылося адкрыццё Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Яго першым рэктарам быў прызначаны вядомы вучоны-гісторык, прафесар У. І. Пічэта.

У 1925 г. у выніку зліцця Горацкага сельскагаспадарчага інстытута і Мінскага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі была створана ў Горках Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Усяго ў канцы другой пяцігодкі ў 23 вышэйшых навучальных установах БССР вучылася каля 15 тыс. студэнтаў.

За гады сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР было падрыхтавана больш за 40 тыс. спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Сярод іх — настаўнікі, урачы, інжынеры, эканамісты, аграномы, юрысты, прадстаўнікі іншых прафесій.

Значнае развіццё атрымала сярэдняя спецыяльная адукацыя. Былі створаны новыя сельскагаспадарчыя, індустрыяльныя, педагагічныя, медыцынскія і іншыя навучальныя ўстановы. У 1939/40 навучальным годзе ў БССР працавалі 102 тэхнікумы, у якіх налічвалася каля 34 тыс. навучэнцаў.

Кадры кваліфікаваных рабочых рыхтавалі прафесійныя школы і школы фабрычна-заводскага вучнёўства. Ажыццяўлялася таксама вытворча-тэхнічнае навучанне на фабрыках і заводах без адрыву ад вытворчасці.

Беларуская навука. 1920-я гг. сталі часам нараджэння беларускай навукі. У 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). У 1929 г. ён быў рэарганізаваныў Беларускую Акадэмію навук, якая стала цэнтрам навуковага жыцця рэспублікі. Вучоныя займаліся пошукам карысных выкапняў, гідраэнергетычных рэсурсаў, даследаваннем праблем арганічнай і неарганічнай хіміі, павышэння ўраджайнасці. Яны выводзілі новыя гатункі збожжавых і бабовых культур, а таксама бульбы. Распрацоўваліся важныя пытанні гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, філасофіі і эканомікі.

Літаратура і тэатр. Бурнае развіццё беларускай савецкай літаратуры пачалося ў 1920-я гг. У гэты перыяд працавалі беларускія пісьменнікі — Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля. У іх творах адлюстроўваліся жыццё, праца і духоўны свет простых людзей дарэвалюцыйнай Беларусі, будаўніцтва сацыялістычнага грамадства, імкненне народа да новага жыцця.

У 1920—1930-я гг. тварылі такія беларускія пісьменнікі і паэты, як М. Чарот, К. Крапіва, К. Чорны, М. Лынькоў, П. Трус, П. Глебка, П. Броўка, П. Галавач, А. Куляшоў, Э. Самуйлёнак.

Беларускія пісьменнікі і паэты віталі Кастрычніцкую рэвалюцыю, перадавалі ў сваіх творах яе пафас і драматызм, адлюстроўвалі падзеі грамадзянскай вайны, натхнёна апявалі нараджэнне новага грамадства. Для іх, як і для ўсяго народа, гэта быў час агульнага духоўнага ўздыму, надзей, веры і мар. Лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў і паэтаў былі перакладзены на рускую мову і мовы іншых народаў СССР.

Важную ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва адыграў Беларускі першы дзяржаўны тэатр, які быў адкрыты ў Мінску ў верасні 1920 г. Яго рэжысёрам стаў Е. А. Міровіч. Адначасова ў Мінску працавала Тэатральная трупа У. Галубка. У 1926 г. яна была пераўтворана ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр. У 1926 г. у Віцебску адкрыўся Беларускі другі дзяржаўны тэатр, аснову якога склалі выпускнікі Беларускай драматычнай студыі, што працавала ў Маскве пры МХАТе. У 1932 г. Беларускі вандроўны тэатр быў рэарганізаваны ў Беларускі трэці дзяржаўны тэатр з базай у Гомелі. Выдатнаму дзеячу беларускага мастацтва, драматургу і рэжысёру гэтага тэатра У. І. Галубку першаму ў рэспубліцы было прысвоена званне народнага артыста БССР.

У 1930-я гг. былі створаны Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР у Бабруйску (з 1947 г. — у Мінску) і Рэспубліканскі тэатр юнага гледача ў Мінску, тэатры рабочай моладзі ў Мінску, Віцебску і Гомелі, калгасна-саўгасныя тэатры ў шэрагу гарадоў рэспублікі. Усяго ў БССР у гэты перыяд працавала 14 тэатраў.

Таленавітыя майстры сцэны — У. Крыловіч, Б. Платонаў, Г. Глебаў, У. Уладамірскі, Ф. Ждановіч, П. Малчанаў, А. Ільінскі, Л. Ржэцкая — унеслі неацэнны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва.

Музыка. Заснавальнікамі беларускай савецкай оперы, сімфоніі, камернай музыкі з’яўляюцца М. Чуркін, М. Аладаў, Я. Цікоцкі. Усе яны былі вучнямі рускіх кампазітараў.

У 1932 г. у Мінску была адкрыта Беларуская дзяржаўная кансерваторыя. На педагагічную працу ў яе былі запрошаны выкладчыкі з Масквы і Ленінграда.

У 1933 г. быў створаны Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР. У яго рэпертуары разам з рускай і заходнееўрапейскай класікай значнае месца занялі творы нацыянальнага мастацтва. Сярод іх — оперы «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага, «У пушчах Палесся» А. Багатырова (паводле аповесці Я. Коласа «Дрыгва»), першы нацыянальны балет «Салавей» М. Крошнера (паводле аднайменнай аповесці З. Бядулі). Вядучымі артыстамі тэатра оперы і балета былі Л. Александроўская, М. Дзянісаў, І. Балоцін.

У 1937 г. была створана Беларуская дзяржаўная філармонія. Яна адыгрывала важную ролю ў музычным жыцці рэспублікі.

Беларускія кінематаграфісты з дапамогай майстроў рускага кіно стварылі фільмы «Кастусь Каліноўскі», «Першы ўзвод», «Залатыя агні». У гэтых фільмах адлюстроўвалася рэвалюцыйная барацьба беларускага народа і будаўніцтва сацыялістычнага грамадства. Да ліку лепшых фільмаў належаць таксама фільмы для дзяцей «Палескія рабінзоны» і «Канцэрт Бетховена».

Жывапіс, архітэктура, скульптура. Пра поспехі беларускага жывапісу сведчаць творы, якія з’явіліся яшчэ ў 1920-я гг. Сярод іх — карціны В. Волкава «Малатабоец», «Партызаны», «Плытагоны», М. Філіповіча «Бітва на Нямізе», «Ноч на Івана Купалу», «Паўстанне К. Каліноўскага», пейзажы У. Кудрэвіча «Раніца вясны», «Над Свіслаччу», «На Сажы».

У канцы 1920-х — 1930-я гг. беларускія мастакі стварылі шмат твораў, прысвечаных барацьбе за ўладу Саветаў, героіцы грамадзянскай вайны і сацыялістычнага будаўніцтва. Найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца карціны І. Ахрэмчыка «Падпісанне маніфеста аб утварэнні БССР» і «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск», М. Манасзона «Вызваленне Заходняй Беларусі».

Выдатнымі архітэктурнымі збудаваннямі 1920—1930-х гг. сталі Дом урада, Дом Чырвонай Арміі, будынкі Акадэміі навук, Тэатра оперы і балета (архітэктар І. Р. Лангбард), Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, Мінскага палаца піянераў і школьнікаў, гасцініцы «Беларусь» (архітэктары А. Воінаў, У. Вараксін) у Мінску, а таксама новыя будынкі ў Магілёве, Віцебску, Гомелі і іншых гарадах. У 1939 г. пачалося ўзвядзенне будынка Цэнтральнага Камітэта Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

Беларускія скульптары стварылі шэраг манументальных кампазіцый, якія ўпрыгожылі Дом урада, Дом Чырвонай Арміі, Палац піянераў і школьнікаў.

Захоўвалася і развівалася мастацкая самадзейнасць. Для аказання метадычнай дапамогі яе калектывам былі створаны Рэспубліканскі і абласныя дамы народнай творчасці. Праходзілі конкурсы і алімпіяды калгаснай самадзейнасці, адкрываліся калгасна-саўгасныя тэатры. У чэрвені 1940 г. у Маскве адбылася Першая дэкада беларускага мастацтва і літаратуры, у якой удзельнічалі прафесійныя і самадзейныя творчыя калектывы, пісьменнікі, кампазітары, мастакі, дзеячы тэатра і кіно.

Дасягненні ў галіне культурнага будаўніцтва ў 1930-я гг. — гэта агульнацывілізацыйныя каштоўнасці, сапраўдная культурная рэвалюцыя, якая забяспечыла якасна новы ўзровень інтэлектуальнага патэнцыялу Савецкай Беларусі.

 

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Што такое палітыка беларусізацыі? Калі яна праводзілася? Якімі былі яе вынікі?

2. Назавіце асноўныя дасягненні беларускага грамадства ў 1920—1930-я гг. у галіне:

а) адукацыі і навукі;

б) літаратуры і тэатра;

в) мастацтва (музыка, архітэктура, жывапіс, скульптура).

3. Назавіце асноўныя тэмы творчасці беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў, кінематаграфістаў, мастакоў у 1920—1930-я гг.

4. Ахарактарызуйце канфесійную палітыку ў БССР у 1920—1930-я гг. Назавіце яе вынікі.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Суаднясіце дасягненні беларускай культуры ў 1920—1930-х гг. з задачамі культурнай рэвалюцыі ў СССР. Аформіце адказ у выглядзе табліцы. Зрабіце вывад.

Задачы культурнай рэвалюцыі ў СССР Вырашэнне задач у БССР
   

2. Дайце ацэнку развіццю культурнай сферы ў БССР у 1920—1930-я гг. Чым, на ваш погляд, былі абумоўлены дасягненні і страты ў развіцці беларускай культуры ў гэты перыяд?

3. Выкарыстоўваючы краязнаўчы матэрыял, падрыхтуйце паведамленне пра культурныя пераўтварэнні ў 1920—1930-я гг. у вашым раёне.

4. З дапамогай дадатковай літаратуры падрыхтуйце паведамленні пра жыццёвы шлях і творчасць дзеячаў беларускай культуры 1920—1930-х гг., дзейнасць Таварыства беларускай школы;

5. Прааналізуйце які-небудзь твор беларускай літаратуры 1920—1930-х гг. Якія гістарычныя падзеі, з’явы, працэсы знайшлі ў ім адлюстраванне? Ці адчуваецца ў гэтым творы «подых» таго часу, калі ён быў створаны? У чым ён праяўляецца?

Ілюстрацыі.

1. Галоўны корпус Беларускага Дзяржаўнага універсітэта. Фотаздымак пачатку 1930-х гг., с. 199

2. Дом Чырвонай Арміі. 1940 г. с. 202

3. Дом урада. 1934 г, с. 203

 

§ 22. ПАЧАТАК ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ. УЗ’ЯДНАННЕ ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ З БССР

Успомніце. 1. Што ўяўляла сабой тэрыторыя БССР у 1921—1939 гг.? Якія змены адбываліся ў гэты перыяд на палітычнай карце рэспублікі? 2. Якія пераўтварэнні былі праведзены ў сацыяльна-эканамічнай, культурнай сферы беларускага савецкага грамадства ў 1920—1930‑я гг.?

Савецка-германскія адносіны ў канцы 1930-х гг. Пачатак Другой сусветнай вайны. У другой палове 1930-х гг. абвастрыліся супярэчнасці паміж найбуйнейшымі дзяржавамі Еўропы, якія імкнуліся да перадзелу свету, зон уплыву, што склаліся пасля Першай сусветнай вайны. Германія ставіла сваёй мэтай ліквідацыю Версальска-Вашынгтонскай сістэмы дагавораў 1919—1922 гг., нарошчванне ваеннай сілы і ўстанаўленне сусветнага панавання. У той жа час Англія і Францыя стараліся цаной уступак аслабіць германскі націск на Захад і скіраваць яго на Усход, супраць Савецкага Саюза.

У ваенна-палітычнай сітуацыі, калі Англія і Францыя намагаліся «ўлагодзіць» агрэсара, Савецкі Саюз прапанаваў палітыку стварэння сістэмы калектыўнай бяспекі ў Еўропе. Ён праявіў гатоўнасць супрацоўнічаць з усімі еўрапейскімі краінамі для барацьбы супраць германскай агрэсіі. Але перагаворы паміж СССР, Англіяй і Францыяй, якія праходзілі летам 1939 г. у Маскве, зайшлі ў тупік і станоўчых вынікаў не далі.

У канцы 1930-х гг., ва ўмовах абвастрэння супярэчнасцей паміж найбуйнейшымі дзяржавамі Еўропы, СССР, каб пазбегнуць магчымай палітычнай ізаляцыі і вайны на два франты, прыняў прапанову Германіі наладзіць міждзяржаўныя адносіны. 20 жніўня 1939 г.быў падпісаны савецка-германскі гандлёвы дагавор, паводле якога СССР атрымаў крэдыт для закупкі ў Германіі машын, абсталявання, бранявой сталі, аптычных прыбораў і інш. Савецкі Саюз, згодна з дагаворам, пастаўляў у Германію збожжа, лес, нафту, каляровыя металы. Ён выконваў дагаворныя абавязацельствы, у той час як Германія яшчэ ў пачатку 1941 г. спыніла свае пастаўкі, спасылаючыся на ўнутраныя цяжкасці.

23 жніўня 1939 г. у Маскве паміж СССР і Германіяй быў падпісаны Дагавор аб ненападзенні тэрмінам на 10 гадоў (пакт Молатава — Рыбентропа). Падпісваючы дагавор, Савецкі Саюз імкнуўся выйграць час для завяршэння мерапрыемстваў па ўмацаванні абараназдольнасці краіны, адвесці пагрозу стварэння адзінага антысавецкага фронту. У сваю чаргу Германія атрымала свабоду дзеянняў для пашырэння агрэсіі супраць краін Еўропы.

Разам з дагаворам аб ненападзенні быў падпісаны сакрэтны дадатковы пратакол, паводле якога вызначаліся сферы ўплыву дзвюх дзяржаў. У сферу інтарэсаў СССР уваходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, што было актам гістарычнай справядлівасці, а таксама Усходняя Польшча аж да Варшавы, Латвія і Эстонія, што з’яўлялася грубым парушэннем правоў польскага, латвійскага і эстонскага народаў на незалежнасць і суверэнітэт сваіх дзяржаў. Пратакол прадугледжваў ліквідацыю Польшчы як дзяржавы і падзел яе тэрыторыі.

1 верасня 1939 г. Германія напала на Польшчу. 3 верасня 1939 г. Англія і Францыя, падтрымліваючы ахвяру агрэсіі — Польшчу, аб’явілі вайну Германіі. Пачалася Другая сусветная вайна.

Нягледзячы на мужнасць польскіх салдат і афіцэраў, нямецкія войскі імкліва рухаліся ў глыб польскай тэрыторыі. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна апынуліся пад пагрозай фашысцкага зняволення. Кіраўніцтва Германіі, пачынаючы ваенную кампанію, падштурхоўвала Савецкі Саюз хутчэй выступіць супраць Польшчы, каб ён заняў тыя тэрыторыі, якія ўваходзілі ў сферу інтарэсаў СССР, у тым ліку частку тэрыторыі карэннай Польшчы аж да Варшавы, каб потым ускласці адказнасць за развязванне вайны і на Савецкі Саюз. Аднак савецкае кіраўніцтва не паддалося на гэтую правакацыю.

Вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. 17 верасня 1939 г., калі амаль уся тэрыторыя карэннай Польшчы была занята нямецкімі войскамі, савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай Арміі ўзяць пад абарону насельніцтва Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. У гэты час нямецкія войскі ўжо захапілі Брэст і Беласток, якія пазней увайшлі ў склад БССР.

Да 25 верасня 1939 г. Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь. Большасць польскіх вайскоўцаў здавалася без бою. Толькі асобныя часці аказалі моцнае супраціўленне.

У час паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну былі ўзяты ў палон польскія афіцэры (дакладная іх лічба не ўстаноўлена). Яны знаходзіліся ў савецкіх лагерах для ваеннапалонных. У гады Другой сусветнай вайны былі выяўлены масавыя пахаванні расстраляных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска. Праводзіліся шматлікія расследаванні, але і цяпер праз адсутнасць патрэбных дакументальных матэрыялаў і жывых сведкаў гэтай трагедыі дакладна не ўстаноўлена, якая краіна вінаватая ў расстрэле польскіх афіцэраў.

У некаторых школьных падручніках па гісторыі сцвярджаецца, што «гэтае злачынства было здзейснена органамі НКУС па рашэнні Палітбюро ЦК ВКП(б)». На сённяшні дзень згаданая версія не мае дакументальнага пацвярджэння. Другая версія — ваеннапалонных польскіх афіцэраў расстралялі фашысцкія карныя войскі пасля акупацыі Смаленшчыны Германіяй у 1941 г. Незалежна ад таго, хто здзейсніў гэты акт варварства, расстрэл ваеннапалонных польскіх афіцэраў у Катынскім лесе каля Смаленска, як і знішчэнне пілсудчыкамі савецкіх салдат і афіцэраў, што трапілі ў палон да палякаў падчас правядзення Варшаўскай аперацыі 1920 г., — цяжкія злачынствы супраць чалавечнасці. Ва ўзаемаадносінах паміж цывілізаванымі краінамі такое ніколі не павінна паўтарацца.

Большасць насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю, кветкамі, хлебам-соллю. З удзелам былых членаў Кампартыі Заходняй Беларусі і камсамола Заходняй Беларусі ствараліся органы новай улады: часовыя ўправы — у ваяводскіх і павятовых цэнтрах, сялянскія камітэты — у мястэчках і вёсках.

28 верасня 1939 г. СССР і Германія падпісалі новы дагавор «Аб граніцы і дружбе ». Паводле дагавора граніца была праведзена па так званай «лініі Керзана», вызначанай яшчэ ў 1919 г. Вярхоўным саветам Антанты як усходняя граніца Польшчы. Гэта была этнічная мяжа паміж беларусамі і палякамі. Прыкладна па гэтай лініі праходзіць і сёння беларуска-польская граніца. Да дагавора былі прыкладзены два сакрэтныя пратаколы, згодна з якімі ў сферу ўплыву СССР дадаткова ўключаліся Літва і Фінляндыя. Дагавор «Аб граніцы і дружбе» ў цэлым і асабліва ў той частцы, якая тычылася «дружбы» Савецкага Саюза з фашысцкай Германіяй, нанёс вялікі ўрон міжнароднаму аўтарытэту СССР, дэзарыентаваў антыфашысцкія сілы ў многіх краінах у пачатку Другой сусветнай вайны.

28—30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. Па дакладах дэпутатаў С. В. Прытыцкага і Ф. Д. Манцэвіча Народны сход прыняў Дэкларацыі аб дзяржаўнай уладзе і аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі прыняты таксама рэзалюцыі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

У выніку ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР тэрыторыя апошняй павялічылася з 125,6 да 225,6 тыс. км2, а насельніцтва — з 5,6 да 10,3 млн чалавек. На далучанай тэрыторыі было ўтворана 5 абласцей — Баранавіцкая, Брэсцкая, Беластоцкая, Вілейская і Пінская, якія ў сваю чаргу падзяляліся на раёны і сельсаветы.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у межах рэспублікі апынуліся тры епархіі, якія раней уваходзілі ў склад праваслаўнай аўтакефальнай царквы ў Польшчы: Віленская, Гродзенская і Палеская. Там дзейнічала каля 800 храмаў і 5 манастыроў. Савецкая ўлада не стала на шлях закрыцця храмаў і правядзення масавых рэпрэсій у адносінах да духавенства, як гэта рабілася ў свой час у Беларускай ССР. Аднак было аб’яўлена аб нацыяналізацыі царкоўнай маёмасці, забароне выкладання ў школах закону божага і згортванні кнігавыдавецкай дзейнасці царквы. У сродках масавай інфармацыі разгарнулася шырокая антырэлігійная кампанія.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з СССР і БССР мела гістарычнае значэнне. Быў пакладзены канец падзелу беларускага этнасу і беларускай этнічнай тэрыторыі. Збылася адвечная мара беларускага народа жыць у адзінай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Уключэнне заходнебеларускіх зямель у склад СССР і БССР садзейнічала паскарэнню іх сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця.

Беларуская ССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўская Германія разам са сваімі саюзнікамі пашырала агрэсію супраць краін Еўропы. Вясной 1940 г. яна захапіла Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 22 чэрвеня 1940 г. капітулявала Францыя. У жніўні 1940 г. германская авіяцыя пачала масіраваныя бамбардзіроўкі Англіі. У верасні 1940 г. Германія ўвяла свае войскі ў Румынію, а вясной 1941 г. акупіравала Балгарыю, Грэцыю і частку Югаславіі. Баявыя дзеянні вяліся таксама ў Афрыцы.

Адначасова Германія пачала падрыхтоўку да вайны з СССР. 22 чэрвеня 1940 г. Гітлер аддаў загад аб распрацоўцы плана нападу на СССР. Гэты план — план «маланкавай вайны» пад кодавай назвай «Барбароса» — быў зацверджаны ў снежні 1940 г. У маі 1941 г. быў прыняты яшчэ адзін план — план «Ост», які ўяўляў сабой праграму знішчэння і каланізацыі народаў Савецкага Саюза.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны БССР была адной з індустрыяльна-аграрных рэспублік СССР. У яе склад уваходзіла 10 абласцей і 188 раёнаў. У 1940 г. валавая прадукцыя прамысловасці рэспублікі ўзрасла ў параўнанні з 1913 г. у 8,1 раза, а валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі — у 1,7 раза.

Мерапрыемствы па умацаванні абароназдольнасці краіны. У сувязі з нарастаннем ваеннай пагрозы савецкае кіраўніцтва прымала меры па ўмацаванні абараназдольнасці краіны. Быў завершаны пераход ад тэрытарыяльна-кадравай да адзінай кадравай сістэмы пабудовы ўзброеных сіл. У адпаведнасці з Законам СССР «Аб усеагульнай воінскай павіннасці» (верасень 1939 г.) узброеныя сілы краіны павялічыліся з 1,9 млн чалавек у 1939 г. да 5 млн чалавек у пачатку 1941 г. Абаронныя заводы пераводзіліся на серыйны выпуск новых відаў узбраенняў.

На тэрыторыі БССР уздоўж заходняй граніцы краіны былі пабудаваны 193 баявыя ўмацаванні («лінія Молатава»). Павялічвалася прапускная здольнасць магістральных чыгунак, якія ішлі да граніцы, войскі забяспечваліся новай баявой тэхнікай і сродкамі сувязі. Шмат увагі надавалася будаўніцтву авіяцыйных заводаў у Мінску і Магілёве, танкарамонтных заводаў у Віцебску і Баранавічах. Дзейнічалі шматлікія абаронныя і спартыўныя таварыствы. Праводзілася вялікая работа па выхаванні ў савецкіх людзей пачуцця патрыятызму, гатоўнасці абараняць Айчыну.

Аднак многія меры па ўмацаванні абараназдольнасці краіны былі частковымі і запозненымі. Сістэма ўмацаванняў на заходніх рубяжах да пачатку вайны цалкам не была пабудавана, марудна ішло пераўзбраенне войскаў новай тэхнікай, некаторыя воінскія часці не былі поўнасцю ўкамплектаваныя асабовым складам.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Калі былі падпісаны савецка-германскія дагаворы «Аб ненападзенні», «Аб граніцы і дружбе»? Якім чынам яны вызначылі лёс заходнебеларускіх зямель?

2. Якімі знешнепалітычнымі і ўнутранымі абставінамі было абумоўлена ўступленне Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 г. у Заходнюю Беларусь? Якімі былі вынікі гэтага паходу?

3. Дзе і калі было прынята рашэнне аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР? Якія сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні былі праведзены ў Заходняй Беларусі пасля 1939 г.?

4. Ахарактарызуйце БССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Якія мерапрыемствы былі праведзены на тэрыторыі БССР для ўмацавання абараназдольнасці краіны?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Якія ацэнкі ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР вы сустракалі ў гістарычнай літаратуры і перыядычным друку? Якія з іх уяўляюцца вам найбольш пераканаўчымі? Чаму?

2. Дайце ўласную ацэнку ўз’яднанню Заходняй Беларусі з БССР.

3. Падрыхтуйце паведамленне аб рэвалюцыйных пераўтварэннях на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939—1941 гг.

4. Закончыце запаўненне табліцы.

Тэрытарыяльныя змены БССР у першай палове ХХ ст.

Перыяд Тэрыторыя
1939 г.  

 

Ілюстрацыі.

1. Чырвонаармейцы раздаюць савецкія газеты насельніцтву Заходняй Беларусі. Верасень 1939 г., с. 216

2. Дэкларацыя Народнага Сходу Заходняй Беларусі аб уваходжанні яе ў склад БССР, с. 218

 

§ 23. ПАЧАТАК ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ. АБАРОНЧЫЯ БАІ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Успомніце. 1. Калі пачалася Другая сусветная вайна? 2. Якімі былі вынікі яе першага перыяду? 3. Што такое «маланкавая вайна»? 4. У чым сутнасць расавай тэорыі гітлераўцаў? 5. Што такое «новы парадак» нацыстаў?

Нападзенне Германіі на СССР. Парушыўшы савецка-германскі дагавор аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г., фашысцкая Германія 22 чэрвеня 1941 г. вераломна напала на СССР. Мэтай гэтага нападу з’яўлялася ліквідацыя савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу, авалоданне нацыянальнымі багаццямі народаў СССР і выкарыстанне іх у інтарэсах рэйха, каланізацыя тэрыторыі СССР, знішчэнне большай часткі насельніцтва краіны і ператварэнне астатніх у рабоў нямецкіх гаспадароў.

22 чэрвеня 1941 г. у 12 гадзін дня з заявай савецкага ўрада па радыё выступіў нарком замежных спраў В. М. Молатаў, які выказаў упэўненасць у перамозе над агрэсарам. Вайна з першых дзён атрымала назву «Вялікай Айчыннай». Па ўсёй краіне, у тым ліку ў Беларусі, праводзілася мабілізацыя ў дзеючую Чырвоную Армію ваеннаабавязаных запасу.

Абарончыя баі супраць германскіх акупантаў на тэрыторыі БССР і адступленне Чырвонай Арміі. Напад на СССР гітлераўцы пачалі моцным артылерыйскім абстрэлам прыгранічных раёнаў і авіяналётамі на месцы размяшчэння савецкіх войскаў, аэрадромы, казармы, чыгуначныя вузлы, гарады. На Мінск, Смаленск і Маскву наступала група армій «Цэнтр» на чале з генерал-фельдмаршалам Ф. фон Бокам. Ёй супрацьстаяў Заходні фронт,якім камандаваў генерал арміі Дз. Р. Паўлаў.

Гераічна змагаліся з ворагам пагранічнікі, лётчыкі, прадстаўнікі ўсіх родаў савецкіх войскаў. Гінулі, але не пакідалі баявыя пазіцыі воіны пагранічных застаў, якімі камандавалі М. К. Ішкоў, А. М. Кіжаватаў, І. Р. Ціханаў, В. М. Усаў. Лётчыкі П. С. Рабцаў, А. С. Данілаў, С. М. Гудзімаў, Д. В. Кокараў таранілі варожыя самалёты. На працягу першага дня вайны ў паветраных баях было збіта больш за 100 нямецкіх самалётаў.

Усяму свету вядома гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. За бессмяротны подзвіг, які здзейснілі абаронцы крэпасці, у 1965 г. ёй было прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой».

Толькі за першыя тры дні абароны Мінска воіны 100‑й савецкай дывізіі знішчылі каля 100 танкаў праціўніка. Аднак 28 чэрвеня 1941 г. нямецка-фашысцкія войскі здолелі захапіць Мінск. У гіганцкім «катле» на захад ад беларускай сталіцы ў акружэнні апынуліся звыш 300 тыс. байцоў і камандзіраў 3‑й, 4‑й, 10‑й і 13‑й савецкіх армій, большасць якіх трапіла ў нямецкі палон. Толькі частка воінаў змагла прабіцца з акружэння, іншыя засталіся ў лясах і потым перайшлі да партызанскай барацьбы.

У складанай ваенна-стратэгічнай сітуацыі ў ліпені 1941 г. часці Заходняга фронту ажыццявілі шэраг контрудараў. 6 ліпеня войскі 20‑й арміі пад камандаваннем генерала П. А. Курачкіна нанеслі контрудар у напрамку Сянно — Лепель і адкінулі ворага на 30—40 км. Адбылася адна з буйнейшых у пачатковым перыядзе вайны танкавых бітваў, у якой з абодвух бакоў было задзейнічана больш за 1500 машын. 13 ліпеня войскі 63‑га корпуса на чале з генерал-лейтэнантам Л. Р. Пятроўскім фарсіравалі Днепр, вызвалілі Жлобін, Рагачоў і разгарнулі наступленне на Бабруйск. 22 ліпеня пачаўся 12‑дзённы рэйд па тылах ворага кавалерыйскай групы генерала А. І. Гарадавікова. Былі вызвалены Глуск, Старыя Дарогі, нанесены раптоўны ўдар па Асіповічах. 30 ліпеня быў вызвалены Крычаў. Але, не падтрыманыя агульным наступленнем, контрудары асобных вайсковых злучэнняў мелі толькі часовы тактычны поспех.

Выключна напружанымі былі баі на рубяжах Бярэзіны і Дняпра. Пад Барысавам, паводле прызнання нямецкага генерала Г. Гудэрыяна, гітлераўскія войскі адчулі моц танкаў Т‑34. 14 ліпеня 1941 г. пад Оршай упершыню нанесла магутны раптоўны ўдар па ворагу батарэя рэактыўных установак («Кацюш») пад камандаваннем капітана І. А. Флёрава.

На працягу 23 дзён савецкія войскі стрымлівалі націск ворага пад Магілёвам. Больш за месяц ішлі баі за Гомель.

Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіравана нямецка-фашысцкімі войскамі.

Устанаўленне акупацыйнага рэжыму. План «Ост» — праграма каланізацыі і знішчэння народаў Савецкага Саюза. На тэрыторыі Беларусі гітлераўцы ўстанавілі жорсткі рэжым тэрору і гвалту над насельніцтвам. Яны ўчынялі тут цяжкія злачынствы і зверствы. Гэта была палітыка генацыду — знішчэння груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, палітычных і іншых матывах.

Згодна з планам «Ост», распрацаваным напярэдадні нападу на СССР, гітлераўцы меркавалі знішчыць ці прымусова выселіць 75 % беларусаў, рускіх і ўкраінцаў. Астатніх 25 % жыхароў Беларусі прадугледжвалася анямечыць і выкарыстаць у якасці рабочай сілы. Яўрэяў і цыганоў, якія таксама жылі ў Беларусі, чакала поўнае знішчэнне. Для рэалізацыі акупацыйнай палітыкі і плана «Ост» у Германіі было асобна створана Міністэрства акупіраваных усходніх тэрыторый на чале з А. Розенбергам.

Гітлераўцы ліквідавалі дзяржаўнасць беларускага народа і тэрытарыяльную цэласнасць рэспублікі, падзяліўшы Беларусь на 5 частак: 1) тэрыторыя Віцебскай, Магілёўскай, амаль усёй Гомельскай, усходнія раёны Мінскай і некалькі раёнаў Палескай абласцей былі аднесены да вобласці армейскага тылу групы армій «Цэнтр», дзе ўлада знаходзілася ў руках камандавання ваенных і паліцэйскіх органаў; 2) паўднёвыя раёны Палескай, Пінскай і Брэсцкай абласцей з перадваеннымі абласнымі цэнтрамі Мазыр, Пінск, Брэст былі далучаны да рэйхскамісарыята «Украіна», граніца якога праходзіла прыкладна за 20 км на поўнач ад чыгункі Брэст — Гомель; 3) Беластоцкая, паўночныя раёны Брэсцкай, частка раёнаў Баранавіцкай абласцей былі ўключаны ў склад Усходняй Прусіі; 4) паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці былі далучаны да Генеральнай акругі Літва; 5) Генеральная акруга Беларусь з цэнтрам у Мінску была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» з рэзідэнцыяй у Рызе.

Генеральная акруга Беларусь падзялялася на 10 акруг (гебітаў). Вышэйшым выканаўчым органам тут з’яўляўся Генеральны камісарыят Беларусі, які ўзначальваў В. Кубэ, а з верасня 1943 г. — К. фон Готберг. Генеральнаму камісарыяту падпарадкоўваліся гебітскамісарыяты (у акругах), штатскамісарыяты (у гарадах), ортскамісарыяты (у раёнах).

Арганізацыі беларускіх калабарацыяністаў, іх дзейнасць. З дазволу нацыстаў і пад іх кіраўніцтвам былі створаны прафашысцкія арганізацыі калабарацыяністаў (ад франц. collаboratіon — супрацоўніцтва) — Беларуская народная самапомач, Беларуская самаахова, Саюз беларускай моладзі. У народзе калабарацыяністаў называлі здраднікамі, гітлераўскімі памагатымі. Галоўнай іх мэтай было стварэнне з дапамогай немцаў «самастойнай Беларусі» пад эгідай гітлераўскай Германіі. У якасці сімвалаў беларускія калабарацыяністы выкарыстоўвалі гістарычны герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг, віталі адзін аднаго клічам «Жыве Беларусь!» з выкідваннем па-фашысцку рукі наперад.

З удзелам памагатых гітлераўцы рабавалі насельніцтва, забіраючы сыравіну, прамысловую прадукцыю, культурныя каштоўнасці. Сілай зброі, за нізкую плату яны прымушалі людзей працаваць да 12—14 гадзін у суткі, плаціць падаткі, здаваць сельскагаспадарчыя прадукты.

Эканамічны прыгнёт суправаджаўся духоўным. У сістэме школьнай адукацыі, якая дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі, вучэбны працэс меў прагерманскую і прафашысцкую скіраванасць. У класе мусіў быць вывешаны партрэт А. Гітлера. Настаўніку, уваходзячы ў клас, належала вітаць вучняў узнятай правай рукой з воклічам «Хайль Гітлер!» або «Жыве Беларусь!». Вучні павінны былі гэтак жа адказваць настаўніку. Перад пачаткам урокаў праводзіліся гутаркі пра біяграфію Гітлера і яго паплечнікаў, аб жыцці народа ў Новай Еўропе, перамогах вермахта.

На ўроках прыроды вучні мусілі засвойваць тэмы «Паняцце аб расах», «Характарыстыка рас», «Арыйская раса як вышэйшая культурная і цывілізаваная раса чалавецтва», на ўроках гісторыі — тэмы «Беларусь і Германія», «Беларусь у будаўніцтве Новай Еўропы», «Жыццё Адольфа Гітлера» і інш. З канца 1941/1942 навучальнага года пачаў уводзіцца лацінскі алфавіт. В. Кубэ папярэджваў: «Кожны бальшавіцкі ўплыў, што будзе выходзіць са школы, будзе карацца смерцю».

На тэрыторыі акупіраванай Беларусі выходзілі газеты і часопісы. Вяліся радыёперадач







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 3215. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Признаки классификации безопасности Можно выделить следующие признаки классификации безопасности. 1. По признаку масштабности принято различать следующие относительно самостоятельные геополитические уровни и виды безопасности. 1.1. Международная безопасность (глобальная и...

Прием и регистрация больных Пути госпитализации больных в стационар могут быть различны. В цен­тральное приемное отделение больные могут быть доставлены: 1) машиной скорой медицинской помощи в случае возникновения остро­го или обострения хронического заболевания...

ПУНКЦИЯ И КАТЕТЕРИЗАЦИЯ ПОДКЛЮЧИЧНОЙ ВЕНЫ   Пункцию и катетеризацию подключичной вены обычно производит хирург или анестезиолог, иногда — специально обученный терапевт...

Почему важны муниципальные выборы? Туристическая фирма оставляет за собой право, в случае причин непреодолимого характера, вносить некоторые изменения в программу тура без уменьшения общего объема и качества услуг, в том числе предоставлять замену отеля на равнозначный...

Тема 2: Анатомо-топографическое строение полостей зубов верхней и нижней челюстей. Полость зуба — это сложная система разветвлений, имеющая разнообразную конфигурацию...

Виды и жанры театрализованных представлений   Проживание бронируется и оплачивается слушателями самостоятельно...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.01 сек.) русская версия | украинская версия