Студопедия — ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ Ў БССР У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ 1940-х – першай палове 1980-х гг.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ Ў БССР У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ 1940-х – першай палове 1980-х гг.






Успомніце. Назавіце асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця СССР і БССР у 1920—1930-я гг.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР ў другой палове 1940-х – пачатку 1950-х гг. Ва ўмовах пасляваеннага жыцця грамадска-палітычныя настроі былі даволі супярэчлівымі. З аднаго боку, наглядаліся выразныя прыкметы культу асобы Сталіна, з другога — імкненне часткі грамадства да перамен.

Партыйную арганізацыю Беларусі да 1947 г. узначальваў П. К. Панамарэнка, а з 1947 па 1950 г. — М. І. Гусараў. Яны не з’яўляліся беларусамі і на кіруючыя пасады прызначаліся цэнтральнымі органамі ўлады. Аўтарытэтам у народзе карыстаўся П. К. Панамарэнка — былы кіраўнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху, аднак хутка ён быў адазваны на іншую работу за межамі рэспублікі.

Прыкметай пасляваеннага часу стала ўзмацненне рэпрэсій, якія закранулі амаль усе пласты насельніцтва Беларусі. Палітыка рэпрэсій у Беларусі звязана з дзейнасцю міністра дзяржаўнай бяспекі БССР Л. Ф. Цанавы. Па яго асабістым указанні былі рэпрэсіраваны многія вядомыя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. У нацыяналізме і контррэвалюцыйнай дзейнасці быў абвінавачаны міністр асветы БССР П. В. Саевіч, рыхтавалася расправа над вядомым дзяржаўным і партыйным дзеячам С. В. Прытыцкім. У рэспубліцы аднавіліся арышты пісьменнікаў, прычым некаторых з іх арыштоўвалі неаднаразова. Так здарылася з У. Дубоўкам, С. Грахоўскім, А. Александровічам і інш.

Разгортванню рэпрэсій садзейнічала і складаная сітуацыя ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Тут працягвалі ўзброеную барацьбу супраць савецкай улады былыя калабаранты і ўдзельнікі фарміраванняў Арміі Краёвай. Яны знаходзілі падтрымку ў пэўнай часткі насельніцтва, незадаволенай правядзеннем калектывізацыі. Ахвярамі антысавецкіх бандфарміраванняў станавіліся партыйныя і камсамольскія актывісты, урачы, настаўнікі, ваеннаслужачыя. Сітуацыя ў Заходняй Беларусі нармалізавалася толькі да сярэдзіны 1950-х гг.

Удзел БССР у стварэнні і дзейнасці Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Адным з першых крокаў БССР на міжнароднай арэне з’явіўся ўдзел у стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Пытанне аб уключэнні ў ААН Беларусі і Украіны было пастаўлена на Крымскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, Англіі і ЗША. Савецкая дэлегацыя падкрэслівала, што гэтыя рэспублікі выставілі да 1 млн байцоў у Чырвоную Армію і што менавіта яны прынялі на сябе першы ўдар нямецкіх войскаў. Рашэнне аб уключэнні БССР і УССР у лік першапачатковых членаў ААН было прынята адзінагалосна.

6 мая 1945 г. паўнамоцная дэлегацыя БССР на чале з наркомам замежных спраў К. В. Кісялёвым прыбыла ў Сан-Францыска і ўключылася ў работу канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. 26 чэрвеня 1945 г. упаўнаважаныя 50 дзяржаў-заснавальніц, у тым ліку і БССР, падпісалі Статут ААН.

Па ініцыятыве беларускай дэлегацыі 1‑я сесія Генеральнай Асамблеі ААН (1946 г.) прыняла рэзалюцыю аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў. Асобае месца ў дыпламатычнай практыцы БССР займала заключэнне шматбаковых дагавораў з замежнымі дзяржавамі.

Спробы дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў 1950-я – першай палове 1960-х гг. У 1952 г. адбыўся ХІХ з’езд ВКП(б). Ён прыняў рашэнне змяніць назву партыі: Усесаюзная Камуністычная партыя (бальшавікоў) стала называцца Камуністычнай партыяй Савецкага Саюза (скарочана КПСС).

Змены ў грамадска-палітычным жыцці пачаліся пасля смерці І. В. Сталіна ў сакавіку 1953г. Адразу ж былі зроблены крокі па пераадоленні культу асобы. Са сродкаў масавай інфармацыі здымаліся матэрыялы, якія ўслаўлялі І. В. Сталіна. Былі зроблены захады па ўмацаванні законнасці і правапарадку. Цяпер грамадзяне маглі быць пазбаўлены волі толькі згодна з прыгаворам суда.

Пасля смерці Сталіна разгарэлася жорсткая барацьба за ўладу. У выніку ўнутрыпартыйнай барацьбы на кіруючыя пасады ў партыі і дзяржаве вылучыўся М. С. Хрушчоў, які выступіў ініцыятарам далейшай дэмакратызацыі савецкага грамадства. Найбольш адчувальныя змены ў грамадска-палітычным жыцці СССР і БССР пачаліся пасля ХХ з’езда КПСС, які адбыўся ў лютым 1956 г. На яго закрытым пасяджэнні Хрушчоў выступіў з дакладам «Аб кульце асобы і яго выніках», дзе зрабіў спробу выявіць вытокі і сутнасць культу асобы Сталіна. Даклад выклікаў неадназначную рэакцыю, але пасля таго як ён прагучаў, перамены ў жыцці грамадства сталі непазбежнымі.

Найбольш значным наступствам новага палітычнага курсу стала рэабілітацыя ахвяр культу асобы Сталіна. За 1956—1961 гг. Вярхоўны суд БССР і Трыбунал Беларускай вайсковай акругі рэабілітавалі дзесяткі тысяч жыхароў рэспублікі. Сярод іх былі вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, работнікі навукі і культуры, рабочыя і калгаснікі (В. Кнорын, М. Гікала, М. Галадзед, В. Шаранговіч і інш.).

Аднак не ўсе змены ў грамадска-палітычным і сацыяльна-эканамічным жыцці краіны вялі да станоўчых вынікаў. Унутраная палітыка, якую праводзіў кіраўнік дзяржавы М. С. Хрушчоў, характарызавалася супярэчлівасцю і валюнтарызмам.

Распрацаваная ў 1961 г. на ХХІІ з’ездзе КПСС праграма пабудовы камунізму прадугледжвала стварэнне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы за два дзесяцігоддзі. Нерэальнасць пастаўленай мэты была відавочнай для спецыялістаў нават у тыя гады, асабліва ва ўмовах пагаршэння эканамічнай сітуацыі, якое наглядалася ў пачатку 1960-х гг.

Не апраўдала сябе рэарганізацыя структуры кампартыі, згодна з якой партыйныя арганізацыі падзяляліся на прамысловыя і сельскія.

Перыяд сярэдзіны 1950-х — пачатку 1960-х гг. адзначаўся ўзмацненнем дзяржаўнага ціску на царкву. У 1959—1963 гг. улады зачынілі больш за 500 праваслаўных храмаў Беларусі. Былі зачынены храмы іншых канфесій, створаны перашкоды для паступлення ў духоўныя семінарыі, назначана занадта вялікая арэндная плата за карыстанне манастырскімі збудаваннямі, забаранялася рамантаваць храмы. У сродках масавай інфармацыі зноў разгарнулася кампанія па дыскрэдытацыі рэлігіі і святароў.

Шматлікія непрадуманыя рэформы і рэарганізацыі, праведзеныя па ініцыятыве М. С. Хрушчова, выклікалі незадавальненне амаль усяго савецкага грамадства. У 1964 г. ён быў адхілены ад улады.

З 1956 па 1965 г. партыйную арганізацыю Беларусі ўзначальваў К. Т. Мазураў. Гэты таленавіты кіраўнік у складаных умовах таго часу адстойваў інтарэсы Беларусі і асабістыя погляды, якія не заўсёды супадалі з пазіцыяй вышэйшага кіраўніцтва партыі.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР ў сярэдзіне 1960-х — сярэдзіне 1980‑х гг. Палітычная сістэма ў БССР. Палітыка па нацыянальным пытанні. З прыходам да ўлады Л. І. Брэжнева адбыўся паварот кіраўніцтва дзяржавы да больш жорсткага кансерватыўнага курсу. На шматлікіх партыйных з’ездах, пленумах ЦК КПСС прымаліся рэзалюцыі аб далейшай дэмакратызацыі грамадскага жыцця, абмежаванні ўплыву бюракратычнага апарату, умацаванні ролі Саветаў, але на практыцы ажыццявіць гэтыя мерапрыемствы не ўдалося.

Ядром палітычнай сістэмы заставалася Камуністычная партыя Савецкага Саюза. Палажэнне аб яе кіруючай ролі было ўнесена ў тэкст Канстытуцыі. На практыцы партыйныя органы дубліравалі органы дзяржаўнага кіравання. Колькасць членаў камуністычнай партыі імкліва расла. Уступленне ў яе шэрагі было шляхам да павышэння сацыяльнага статусу асобы, лічылася неабходнай умовай для таго, каб зрабіць кар’еру. Разам з тым радавыя камуністы былі фактычна адхілены ад рэальнага ўдзелу ў вызначэнні палітыкі партыі.

Палітыка СССР распрацоўвалася Камуністычнай партыяй Савецкага Саюза пры ўдзеле саюзных органаў дзяржаўнай улады і кіравання, а таксама шырокіх колаў грамадскасці. Рэспубліканскія і мясцовыя органы маглі ўносіць у гэту палітыку некаторыя карэктывы з улікам нацыянальнай і рэгіянальнай спецыфікі. Асноўная ж функцыя рэспубліканскіх і мясцовых органаў зводзілася да рэалізацыі той палітыкі, якая распрацоўвалася ў Маскве.

Камуністычнай партыі падпарадкоўваліся і пад яе кіраўніцтвам працавалі ўсе органы дзяржаўнай улады і кіравання (Вярхоўны Савет і мясцовыя саветы БССР, Савет Міністраў БССР, міністэрствы і дзяржаўныя камітэты, абласныя, гарадскія, раённыя, сельскія і пасялковыя выканаўчыя камітэты саветаў, органы суда і пракуратуры і інш.), а таксама грамадскія арганізацыі (прафсаюзы, камсамол, навуковыя, культурна-асветныя, абаронныя, спартыўныя і іншыя арганізацыі). Пэўную ролю ў грамадска-палітычным жыцці адыгрывалі прафсаюзы. Аднак іх дзейнасць была заарганізаванай і залішне цэнтралізаванай, пакідала ўсё меней месца для ініцыятывы асобнага чалавека. Таксама супярэчлівай была і дзейнасць камсамольскіх арганізацый. З аднаго боку, камсамол праводзіў вялікую палітыка-выхаваўчую работу сярод моладзі, з другога — у яго дзейнасці было шмат фармалізму. Камуністычная партыя, органы дзяржаўнай улады і кіравання, грамадскія арганізацыі – усё гэта разам узятае і складала палітычную сістэму БССР.

Усплеск грамадскай актыўнасці быў звязаны з абмеркаваннем і прыняццем Канстытуцыі СССР 1977 г. У прэамбуле канстытуцыі было адзначана, што ў СССР пабудаваны развіты сацыялізм і агульнанародная дзяржава. Галоўнай каштоўнасцю канстытуцыі была арыентацыя на абарону сацыяльных правоў людзей. У галіне нацыянальных адносін тэкст канстытуцыі ўгрунтоўваўся на палажэнні аб тым, што нацыі і народнасці збліжаюцца і ўзнікае новая супольнасць — савецкі народ. Канстытуцыя БССР 1978 г. была пабудавана ў поўнай адпаведнасці з палажэннямі агульнасаюзнай канстытуцыі.

Як сведчыць тэкст Канстытуцыі, галоўным зместам палітыкі па нацыянальным пытанні з’яўлялася забеспячэнне росквіту нацый, усебаковага развіцця нацыянальнай эканомікі, сацыяльнай і духоўнай сферы кожнай нацыі, павышэння дабрабыту людзей, узроўню іх жыцця з тым, каб адбываўся аб’ектыўны працэс збліжэння нацый і іх культур, а ў далёкай гістарычнай перспектыве адбылося іх поўнае зліццё і чалавецтва стала безнацыянальным. У сувязі з гэтым заахвочвалася пашырэнне ўжывання рускай мовы ў рабоце партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацый, у літаратуры і мастацтве, у выкладанні ў навучальных установах. Пры гэтым звужалася сфера выкарыстання беларускай мовы. У сярэдзіне 1980-х гг. толькі 23,1 % школ і 19,3 % дашкольных устаноў працавалі на беларускай мове. Прапановы развіцця беларускай мовы, пашырэння яе ўжывання ў партыйных, савецкіх і грамадскіх арганізацыях, пераводу выкладання ў школах і іншых навучальных установах на беларускую мову некаторымі партыйнымі органамі Беларусі памылкова разглядаліся як праявы нацыяналізму з выключэннем іх ініцыятараў з КПСС і звальненнем з работы. Гэта вялікая памылка партыйных органаў на мяжы 1980 – 1990-х гг. была выкарыстана апазіцыяй як палітычны фактар у барацьбе за ліквідацыю савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

З 1965 па 1980 г. Кампартыю Беларусі ўзначальваў Пётр Міронавіч Машэраў (1918—1980). З яго імем звязаны многія дасягненні ў развіцці эканомікі, навукі і культуры рэспублікі. Вялікае ўражанне на грамадскасць Беларусі аказала яго трагічная смерць у выніку аўтамабільнай катастрофы. У пачатку 1980-х гг. Кампартыю Беларусі ўзначальваў Ц. Я. Кісялёў, які да гэтага амаль 20 гадоў працаваў на пасадзе старшыні Савета Міністраў Беларускай ССР.

Некаторыя змены ў грамадска-палітычным жыцці СССР і БССР адбыліся пасля выбрання ў 1982 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС Ю. У. Андропава. Яго імкненне наладзіць дысцыпліну ў краіне, справіцца з карупцыяй адпавядала настроям і спадзяванням народа. Умацаванне дысцыпліны разглядалася як сродак вырашэння эканамічных праблем. Хутка ў краіне пачалася кампанія па навядзенні парадку.

Аднак пасля смерці Андропава і выбрання на пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС К. У. Чарненкі ў 1984 г. сітуацыя ў краіне змянілася. Прыход Чарненкі да ўлады суправаджаўся адмовай ад палітыкі, якую праводзіў Ю. У. Андропаў. Барацьба за дысцыпліну была згорнута, справы аб карупцыі прыпынены. Наглядалася вяртанне да ранейшых формаў і метадаў кіравання.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Ахарактарызуйце асаблівасці грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у першыя пасляваенныя гады.

2. Якія змены адбыліся ў міжнародным становішчы БССР пасля Вялікай Айчыннай вайны?

3. Ахарактарызуйце асноўныя кірункі дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця БССР у 1953—1964 гг.

4. У чым праявіўся валюнтарызм палітыкі М. С. Хрушчова?

5. Ахарактарызуйце асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў 1964—1984 гг.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Складзіце тэзісны план адказу на пытанне: «Асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага жыцця БССР у другой палове 1940-х – першай палове 1980-х гадоў».

2. Падрыхтуйце паведамленні пра палітычную дзейнасць К. Т. Мазурава, П. М. Машэрава, Ц. Я. Кісялёва.

3. Ахарактарызуйце ролю грамадскіх арганізацый (прафсаюзы, камсамол) у БССР у 1960—1980-я гг. Выкарыстайце дадатковую літаратуру.

Ілюстрацыі.

1. Кіраўнік дэлегацыі БССР К.В. Кісялёў падпісвае Статут ААН, с. 255

2. К.Т. Мазураў, с. 272

3. Л.І. Брэжнеў уручае ордэн Леніна і медаль “Залатая зорка” гораду-герою Мінску, с. 272

4. П.М. Машэраў, с. 274

5. Ц.Я. Кісялёў, с. 274

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 4366. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

ФАКТОРЫ, ВЛИЯЮЩИЕ НА ИЗНОС ДЕТАЛЕЙ, И МЕТОДЫ СНИЖЕНИИ СКОРОСТИ ИЗНАШИВАНИЯ Кроме названных причин разрушений и износов, знание которых можно использовать в системе технического обслуживания и ремонта машин для повышения их долговечности, немаловажное значение имеют знания о причинах разрушения деталей в результате старения...

Различие эмпиризма и рационализма Родоначальником эмпиризма стал английский философ Ф. Бэкон. Основной тезис эмпиризма гласит: в разуме нет ничего такого...

Индекс гингивита (PMA) (Schour, Massler, 1948) Для оценки тяжести гингивита (а в последующем и ре­гистрации динамики процесса) используют папиллярно-маргинально-альвеолярный индекс (РМА)...

Типовые ситуационные задачи. Задача 1. Больной К., 38 лет, шахтер по профессии, во время планового медицинского осмотра предъявил жалобы на появление одышки при значительной физической   Задача 1. Больной К., 38 лет, шахтер по профессии, во время планового медицинского осмотра предъявил жалобы на появление одышки при значительной физической нагрузке. Из медицинской книжки установлено, что он страдает врожденным пороком сердца....

Типовые ситуационные задачи. Задача 1.У больного А., 20 лет, с детства отмечается повышенное АД, уровень которого в настоящее время составляет 180-200/110-120 мм рт Задача 1.У больного А., 20 лет, с детства отмечается повышенное АД, уровень которого в настоящее время составляет 180-200/110-120 мм рт. ст. Влияние психоэмоциональных факторов отсутствует. Колебаний АД практически нет. Головной боли нет. Нормализовать...

Эндоскопическая диагностика язвенной болезни желудка, гастрита, опухоли Хронический гастрит - понятие клинико-анатомическое, характеризующееся определенными патоморфологическими изменениями слизистой оболочки желудка - неспецифическим воспалительным процессом...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.014 сек.) русская версия | украинская версия