Студопедия — Вобраз Рагнеды ў беларускай літаратуры
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Вобраз Рагнеды ў беларускай літаратуры






 

Полацкая князёўна Рагнеда — асоба яркая, неардынарная, яе постаць вылучаецца на фоне нашай гісторыі, прыцягвае ўвагу сучасных даследчыкаў. Першымі да вобраза Рагнеды звярнуліся Янка Купала, Пётра Крачэўскі, Міхась Зарэцкі. Называю гэтыя імёны побач, бо аўтары працавалі прыкладна ў адзін час, на пачатку XXст.

У 1912 г. Янкам Купалам была распачата паэма «Гарыслава». Аднак напісанымі аказаліся толькі фалькларызаваная прадмова-зачын і першы раздзел, дзе выказвалася задума творцы. А паказ сацыяльных, рэлігійных, псіхалагічных супярэчнасцяў таго часу застаўся ў намерах і думках аўтара. Захаваўся план паэмы, з якога відаць, што ў аснову твора было пакладзена паданне, занатаванае ў Лаўрэнцьеўскім летапісе (1128 г.).

Тое, што паэма не была завершана, дае падставу даследчыцы творчасці Янкі Купалы Iрыне Багдановіч сцвярджаць: зварот паэта да вобраза Рагнеды быў выпадковы і нават памылковы: «...Паэма не была завершана, відаць, разгортванню сюжэта нешта замінала, не ўвязвалася са светаадчуваннем паэта. Маючы на ўвазе створаную праз год «Бандароўну», можна меркаваць, што канфлікт разгортваўся паміж князем і князёўнай. Народ у гэтай сувязі выпадаў, што не суадносілася з мастакоўскай задачай паказаць супрацьстаянне дзвюх сацыяльных варожых сіл».

На маю думку, пісьменніка цікавіла зусім іншае. Бацькаўшчына пакутавала, народ цярпеў прыгнёт, сацыяльную несправядлівасць, прычым цярпеў пакорліва, цярпеў ужо многія стагоддзі. Янка Купала ўсё гэта бачыў, разумеў і, жадаючы шчасця свайму народу, сваёй Радзіме, заклікаў яе абудзіцца:

Калі ж, калі ты, родна маці...

Да нова збудзішся жыцця?..

Менавіта вырашаючы гэтую праблему, паэт і звяртаецца да вобраза Рагнеды. Яна, няскораная, занесла меч над тым, хто зруйнаваў і паланіў яе родную зямлю. Рагнеда паўстае сімвалам свабоды ў шырокім сэнсе слова. Янку Купалу не трэба было «вырашаць канфлікт паміж багатымі і беднымі», яму хацелася ўзняць сімвал свабоды чалавека, народа, паказаць прыклад, да якога неабходна імкнуцца. Ёндакарае свайго сучасніка, «патомка-сына»:

Забыўся сын аб быўшай хвале,

Ў прыгон прадаў сябе, сям'ю.

Расою здоблячы чырвонай

Свае загоны і лугі,

Прыблуднай чэрні б'е паклоны,

Куе сабе сам ланцугі.

Пра тое, што Янка Купала меў на ўвазе ў гэтым творы перш за ўсё праблему нацыянальнай свабоды, выразна гавораць словы «прыблуднай чэрні». Народ б'е паклоны не свайму пану-прыгнятальніку, а «прыблуднаму», чужому.

Нельга пагадзіцца таксама з думкай I. Багдановіч, што народ «выпадаў» з сюжэтнага канфлікту. Рагнеда ў замаху на князя Уладзіміра кіруецца не толькі асабістай крыўдай і помстай. 3 другога боку, Янку Купалу цікавіць перш за ўсё Чалавек, Асоба. Iкалі ўжо здарылася так, што Рагнеда — князёўна, а не простая дзяўчына, як, скажам, Бандароўна, дык чаму ёй трэба адмовіць у праве на літаратурнае жыццё?

Рыгор Бярозкін параўноўваў «Гарыславу» Янкі Купалы з гістарычнай думай К. Рылеева «Рагнеда». Такое параўнанне можа стацца карысным, бо творы падобныя па сваёй ідэі. Разуменне вобраза Рагнеды К. Рылеевым можа нас наблізіць да больш глыбокага прачытання «Гарыславы» Янкі Купалы. Асноўнае ў творы рускага пісьменніка таксама не асабістая гісторыя князевай дачкі, а лёс «земли кривичей» («Народы мирной сей страны на гордых пришельцев восстали...»), нянавісць да ўзурпатара і забойцы Уладзіміра, імкненне Рагнеды абудзіць дзедавы славу і гонар у сэрцы сына («Воскреснет храбрый Рагволод в делах ичадах Изяслава...»). Сваю асабістую трагедыю гераіня ўспрымае ў сувязі з трагедыяй радзімы, на яе крывавым фоне. «Ты брак свой совершл со мной при зареве родного края!» — кідае яна Уладзіміру. Як можна пераканацца, «Рагнеда» К. Рылеева несла тую ж мастацкую ідэю, што і «Гарыслава» Янкі Купалы, з той хіба розніцай, што ў творы беларускага паэта галасней гучыць імкненне бачыць беларускі народ вольным.

Ідэйна блізкай да паэмы Янкі Купалы з'яўляецца вершаваная драма Пётры Крачэўскага «Рагнеда», напісаная ў 1923 г. Трэба зазначыць, што П. Крэчэўскі быў не столькі пісьменнікам, колькі палітычным дзеячам, таму яго зварот да паэтычнай творчасці быў хутчэй пошукам яшчэ адной трыбуны для выяўлення сваіх ідэй і палітычных поглядаў. Чалавека, апантанага нацыянальнай ідэяй, заўсёды цікавіць усё роднае: вусная народная творчасць, гісторыя, этнаграфія і г. д. Праз гэта чалавек ідзе да сваіх каранёў, таму, натуральна, П. Крачэўскі звярнуўся да гістарычнага мінулага Беларусі (П. Крэчэўскі па адукацыі быў гісторыкам).

У драме П. Крачэўскага паўстае старажытны Полацк. Дзяржава, у якой правіць Рагвалод, уяўляецца свабоднай, незалежнай, квітнеючай:

Пабудаваўся Полацк, Рагвалод

Прыхільна і разумна правіў:

Ён прыцягнуў к сабе народ

I палюбіць сябе заставіў.

Пры Рагвалодзе Крывічы

Гнеліся смагай спраў вялікіх...

У полацкай дзяржаве пануюць дэмакратызм і гасціннасць. Тут жывуць не дзікуны, а разумныя людзі, якія з павагай прымаюць гасцей з-за мяжы. У такіх умовах расла князёўна, складваўся яе характар. Рагнеда ў творы паўстае ўвасабленнем вольнага духу палачан. Вось як яна адказвае паслу Уладзіміра:

Дачка я волі, сэрца вольна,

Бяз перашкод сказала мне,

Што жыць з нялюбым цяжка, больна,

А мне, свабоднай? — Не, не, не.

Уладзімір такі адказ успрыняў як абразу I «Кіеў з Полацкам вялікім // Паўднёвы край ідзе дзяліць». Палачане становяцца на абарону Бацькаўшчыны, змагаюцца да апошняга. Уладзімір раскрываецца як тыран і забойца, ён забівае ўжо абяззброенага Рагвалода з сынамі, сілай бярэ яго дачку. Усе гэтыя падзеі падаюцца ў вершаванай драме праз успаміны Рагнеды. Такі прыём дазволіў П. Крачэўскаму злучыць дзве аддаленыя ў часе падзеі, якія сталі кульмінацыйнымі ў жыцці Рагнеды.

Перш чым паказаць нам Рагнеду з мячом у руках. П. Крачэўскі паказаў яе з сынам Ізяславам на каленях, што, думаецца, не выпадкова. Крыху пазней гэтая сцэна абумовіць. тую рашучасць, з якой малы хлопчык стаў на абарону маці. Абдымаючы Рагнеду, сын пытаецца: «Дзед, праўда, мамо, добрым быў, ён не губіў народ дарэмна?» Вось тая нітачка, якая звязвае яго, малога, са сталай Рагнедай, са старым Рагвалодам. У яго сэрца ўжо закладзена зернейка любот да Бацькаўшчыны, да продкаў, закладзена пачуцці-справядлівасці. Маці, кінуўшы гэтае зернейка, пільна сочыць, каб яно дало ўсходы.

Уладзімір, спрабуючы развесяліць жонку, запрашае гусляра, які пяе славу князю, расхвальвае ўсе яго перамогі, сярод іх — і перамога над Полацкам. Рагнеда не вытрымлівае:

Мой Бацька!.. Слаўны Рагвалод!..

Маўчыце, каты!.. Не сьпявайце!..

Ён жыў... за ім увесь народ...

Вярніце мне яго... аддайце!

Пэўна, у гэты момант у яе сэрцы ўзнікае думка аб помсце. Аўтар выразна дае зразумець, што не за асабістыя, жаночыя крыўды яна помсціць («За Бацькаўшчыну помста клічэ»). Такім чынам, у драме П. Крэчэўскі даводзіць тую ж ідэю нацыянальнай незалежнасці, што і Янка Купала ў паэме «Гарыслава».

У 20-я гады ХХ ст. напісаў таксама п'есу «Рагнеда» Міхась Зарэцкі (прыкладна 1928 г.). На жаль, твор не друкаваўся, а рукапіс яго, разам з некаторымі іншымі матэрыяламі пісьменніка, знік.

Хваля цікавасці беларускіх літаратараў да гісторыі, што паднялася на пачатку XX стагоддзя, была гвалтоўна перапынена. Сродкі перапынення ўжываліся розныя: ад дыскрэдытацыі ўласнагістарычнай тэмы і навязвання мастакам так званай тэмы сучаснасці, да фізічнага знішчэння літаратараў, што здарылася з Міхасём Зарэцкім і многімі іншымі аўтарамі. Амаль перасталі выходзіць творы гістарычнай тэматыкі. Агромністы матэрыял, вялікая тэма заставаліся «незапатрабабанымі» па сутнасці некалькі дзесяцігоддзяў.

Да вобраза Рагнеды беларуская літаратура звярнулася зноў на пачатку 80-х гадоў ХХ ст. У паэме Таісы Бондар «Рагнеда» беларуская князёўна традыцыйна паўстае выразніцай вольнага духу крывічоў. Крывічы паэтэсай успрымаюцца як першы этнічны згустак беларусаў, як край вольны, незалежны («У Рагвалода — Полацк, воля, якую ён бараніць умее»). Аднак Т. Бондар не проста пайшла тым шляхам, што і паэты пачатку XXстагоддзя, яна ўносіць сваё, новае. Напрыклад, паэтка ўступае ў своеасаблівую палеміку з П. Крачэўскім. «За добрым князем народ спявае?» — пытаецца аўтар паэмы і адказвае: «Не, князь славуты сваім народам». Т. Бондар выказвае думку, што Рагвалод і Рагнеда вылучаюцца на фоне гісторыі не проста як асобы, а як прадстаўнікі народа, які хацеў жыць вольна і незалежна.

Звернемся да апісання Рагнеды ў паэме:

У Рагвалода — дачка, не зналі

красунь, ёй роўных, у цэлым свеце:

каса цяжкая, святлей ад сонца,

краса — хто стрэне, вачэй не зводзіць;

у топях позірку, на самым донцы,

сінеча ззяе, бы хвалі ходзяць.

Успыхне позірк — звініць наўколле,

пагасне — раптам усё нямее.

Апісанне гераіні набліжаецца да народна-песеннай традыцыі. А гэта, думаецца, сведчыць, што аўтар успрымае Рагнеду як прадстаўніцу народа, як увасабленне яго фізічнай і духоўнай прыгажосці. Адсюль ідзе таксама разуменне характару гераіні і яе ўчынкаў.

Як жанчына Т. Бондар не магла абмінуць матыў кахання. Мы ўпершыню бачым Рагнеду, якая кахае ўсёй сілай сваёй душы. У літаратурным творы вялікае значэнне мае першая сустрэча з героем. У п'есе Алеся Петрашкевіча, напісанай у адзін час з паэмай Т. Бондар, мы ўпершыню бачым Рагнеду ў той момант, калі яна з братамі фехтуе на шаблях, — адразу малюецца вобраз рашучай, непахіснай дзяўчыны. У Т. Бондар сустракаем Рагнеду з купальскім вянком у руках, з дзявочымі летуценнямі, надзеямі. Яна здаецца такой жа кволай і прыгожай, як тыя кветкі ў вянку...

Вобраз гераіні ў паэме праходзіць пэўную эвалюцыю. Спачатку перад намі пяшчотная, летуценная дзяўчына, якая, разам з тым, калі навісла пагроза над роднай зямлёй, імкнецца на поле бою. Яна абразае свае прыгожыя валасы, каб Уладзімір не змог яе, паланянку, «касой да сядла прывязаць». Пазней перад намі — жанчына-пакутніца. Аднак Рагнеда не здаецца, не губляе пачуцця ўласнай годнасці. Яна гадуе сына, пераемніка яе вольналюбівых памкненняў і думак. У Ізяслава яна ўкладае ўсе свае мары, сваё нязгаснае пачуццё да роднай зямлі.

Сын — а народзіцца ў Рагнеды сын! —

ён верне і рашучасць, і гатоўнасць

напомніць Валадзімеру лясы

вакол паселішчаў пустых, прадонне

касцьмі перасяванае начы,

братоў сваіх пад капытамі коней,

кроў Рагвалода на чужым мячы...

Ізяслаў уяўляецца сімвалам нязгаснага духу свабоды. Ён, як малады парастак, прарослы на папялішчы крывіцкай зямлі, нясе надзею на будучыя росквіт і незалежнасць Беларусі. Нездарма ў творы чытаем такія радкі:

...Ды меч, узняты ёю, будзе

у руцэ таго, хто ані дня,

ні пядзі ад зямлі айчыннай

варожай раці не аддасць.

Зусім іншую трактоўку вобраза Рагнеды сустракаем у п'есе А. Петрашкевіча «Гора і Слава. Русь Кіеўская» (1981 г.). Рагнеда паўстае не пакутніцай, над якой здзейснілі гвалт, а вельмі рашучай і самаахвярнай жанчынай, адданай Радзіме. Як ні дзіўна, але ў беларускай князёўны па волі аўтара з'явілася другая радзіма. Яна атаясамліваецца з «Кіевам, Ноўгарадам і Полацкам — трыадзінымі багамі зямлі Рускай». Такім чынам, тут ні аб якіх нацыянальных ідэях гаворкі быць не можа.

Рагнеда ў размовах з бацькам спасцігае «ісціну», што нязгода паміж княствамі нясе гора і слёзы і што землі крывічоў павінны аб'яднацца з землямі ўсходніх славян, каб стаць моцнай, цэнтралізаванай дзяржавай. Яна добраахвотна згаджаецца стаць жонкай Уладзіміра, які забіў яе бацьку і братоў. Праўда, пісьменнік паказвае момант, калі князёўна аддалася пачуццям і замахнулася нажом на забойцу родных, але асабістае тут жа адышло на другі план, успомніліся бацькавы словы пра Уладзіміра. Сімвалічна, што Рагнеда дае згоду на замужжа ў тым пакоі, дзе ляжаць забітыя Рагвалод і два яго сыны.

Далей мы бачым яе княгіняй. Гэта моцная, непахісная жанчына, сябра і дарадца мужа. Варта адзначыць, што ў рэмарках аўтар неаднойчы выкарыстоўвае для характарыстыкі гераіні слова «жорсткі». Сцэна прынясення ў ахвяру дзіцяці і некаторыя іншыя сведчаць менавіта пра такую рысу ў характары Рагнеды. «Рашайся, князь!» — падбухторвае яна Уладзіміра пагадзіцца на забойства брата. Яе воляй пакладзены канец ваганням кіеўскага князя і яго акружэння адносна старой веры. Рагнеда, будучы жонкай Уладзіміра, радзіць яму ўзяць шлюб з сястрой канстанцінопальскага імператара.

Алесь Петрашкевіч стварыў вобраз жанчыны, якая вырашае ваенныя, дыпламатычныя, рэлігійныя пытанні, якая дзеля ўзмацнення дзяржавы ахвяруе асабістым шчасцем, шчасцем сваіх дзяцей. Аднак вобраз Рагнеды атрымаўся штучным, нежыццёвым. Нежыццёвасць яго, думаецца, звязана з непераканаўчасцю паводзін і ўчынкаў гераіні, з аднабаковасцю раскрыцця характару. Глыбокі ўнутраны свет чалавека, поўны пачуццяў, эмоцый, страсцей, пад пяром аўтара сучаснай трагедыі ператварыўся ў адно пачуццё-ідэю — служэнне дзяржаве.

У драме «Звон — не малітва» (1989 г.) Іван Чыгрынаў адзначае пэўнае тыпалагічнае падабенства становішча Беларусі, калі жылі Рагнеда з Ізяславам, і ў наш час. I тады, і цяпер вырашалася пытанне, якой быць краіне далей — вольнай, незалежнай ці ў «складзе» суседзяў-«дабрадзеяў».

На старонках драмы полацкая зямля паўстае ў пераломны перыяд сваёй гісторыі, калі адна вера замянялася на другую, калі залежнасць ад Кіева магла пры пэўным збегу абставін змяніцца суверэнітэтам.

Кульмінацыйным момантам жыцця Рагнеды лічыўся яе замах на князя Уладзіміра. Менавіта ў гэтым учынку большасць літаратараў бачылі найяскравейшае выяўленне патрыятычных пачуццяў князёўны. I. Чыгрынаў знайшоў свой шлях. I дзеля гэтага яму не спатрэбілася, як А. Петрашкевічу, перарабляць летапісную легенду пра полацкую князёўну.

Мы не бачым Рагнеду ні ў пару яе дзяцінства, юнацтва, ні нават у замужжы. Яна паўстае перад намі ў час свайго выгнанніцкага жыцця на ўскраіне полацкай зямлі. Эпізод жа замаху на вялікага князя кіеўскага згадваецца праз сон-успамін гераіні. Увага аўтара скіравана на адносіны Рагнеды да прыняцця народам новай веры і на факт прызначэння Ізяслава князем полацкім.

Рагнеда ў I. Чыгрынава не проста абаронца старой, язычніцкай веры, веры продкаў, а і сапраўдная патрыётка. Для пісьменніка важна было, як піша літаратуразнаўца Сцяпан Лаўшук, «пашырыць не столькі наша веданне пра яе грамадзянскі, палітычны воблік, колькі прыадкрыць нейкія асабістыя рысы яе чалавечага, жаночага характару».

Княгіня спакойна і разумна вырашае надзённыя праблемы замка. Яна перажывае за лёс сына і за лёс Бацькаўшчыны. I. Чыгрынаў ужо на першых старонках твора адзначае, што Рагнеда не змянілася пасля замаху на Уладзіміра, засталася патрыёткай сваёй зямлі: «Майму мужу, вялікаму князю, даўно хацелася вытравіць з маёй памяці ўсё роднае, забыць бацьку і маці, якіх ён забіў, малых братоў, якія таксама былі зарэзаны ворагамі. Дзеля гэтага ён звацца прымусіў мяне іначай. Але цяпер я зноў на сваёй зямлі». Нездарма яна вяртае саберанейшае імя. Гэты ўчынак сімвалізуе блізкасць гераіні да роднага краю і яго каранёў. Нават не блізкасць, а роднасць, знітаванасць з ім. Рагнеда горда гаворыць у драме: «А я — Полацк».

Як чалавек, які валодае «несумненным дзяржаўным мысленнем», Рагнеда разумее значэнне і сутнасць рэформ Уладзіміра, але не хоча іх прыняць. Тут спрацоўвае некалькі момантаў, адзін з якіх — псіхалагічны. Яна не можа дараваць князю яго «крывавых залётаў», гвалт над яе жаночай годнасцю. I ўсё ж не гэты момант галоўны. Патрыётка свайго краю, Рагнеда варожа ставіцца да новай веры таму, што бачыць у ёй інструмент далейшага заняволення велікакняжацкім сталом полацкіх зямель. Ёй вельмі крыўдна і балюча, калі гэтага не зразумеў сын Ізяслаў, які прыняў Полацкае княства з умовай, што воля кіеўскага князя будзе абавязковай там:

«РАГНЕДА. Iты ўзрадаваўся такому сталу?

ІЗЯСЛАЎ. Я прыняў яго.

РАГНЕДА. Але полацкія князі амаль заўсёды былі незалежнымі ад Кіева.

ІЗЯСЛАЎ. Мама, галоўнае, што ў Полацку зноў будзе свой князь.

РАГНЕДА. Навошта ён, такі князь, там — звязаны па руках і нагах? Дзед твой Рагвалод не схіліў галавы ні перад кім».

Iдалей у гэтай размове яна з болем ускліквае: «О, няшчасная зямля! Што з табою будзе?»

Драма «Звон — не малітва», на мой погляд, глыбока сімвалічная. Наконт трактоўкі яе сімвалічных вобразаў у некаторых аспектах не магу пагадзіцца з аўгарамі кнігі «На парозе 90-х». У прыватнасці Сцяпан Лаўшук сцвярджае: «У п'есе яна (Рагнеда — А. Ф.) паказана чалавекам натуральным, блізкім да прыроды. I зусім не выпадкова Рагнеда параўноўвае сябе з ваўчыцай, якую пазбавілі яе вывадка і якая амаль кожную ноч падыходзіла да муроў замка і выла, выла». Па-першае, у творы не сказана, што ваўчыцу пазбавілі вывадка і ад таго яна вые. С. Лаўшук, пэўна, пераблытаў ваўчыцу з мядзведзіцай («Малога мядзведзьку мужыкі на дрэве закалолі... дык яна цяпер помсціць»). Па-другое, няўжо параўнанне Рагнеды з ваўчыцай — сведчанне яе блізкасці да прыроды? Тое, што гераіня сама сябе так называе, гаворыць пра вобразнасць яе мыслення. Сам жа факт параўнання хавае глыбокі сімвалічна-філасофскі змест. Ваўчыца — гэта сімвал старой веры. Рагнеда спрабуе яе бараніць гэтак жа, як бароніць ваўчыцу.

Княгіня разумее, што старая вера павінна змяніцца, адмовіцца ад застылага, жорсткага, інакш яна не зможа выжыць. Рагнеда тым самым падышла да складанай філасофскай праблемы: старое, калі яно ўжо зжыло сябе, павінна саступіць новаму — такі адвечны шлях развіцця...

Глыбокі сэнс нясе ў сабе вобраз раз'юшанай мядзведзіцы. Вось яна якраз падобная на Рагнеду, якая таксама адарвана ад сваіх дзяцей, адарвана ад роднага Полацка, якая гатова помсціць Уладзіміру за ўсе нанесеныя крыўды. Тое, што забівае мядзведзіцу юны княжыч Ізяслаў, не выпадковасць. У кантэксце твора гэта падзея становіцца сімвалам адчужэння сына ад маці, ад яе патрыятычнага пачуцця і жадання незалежнасці для роднай зямлі.

У канцы драмы мы бачым Рагнеду адну, сын пакінуў яе. «Юны князь Ізяслаў паказаў кепскі прыклад для сваіх пераемнікаў, якія ў канчатковым выніку звялі на нішто незалежнасць беларускага краю. Сёння Беларусь паўстала перад новым выбарам. Як жа павядуць сябе сучасныя «князі»?» — слушна зазначае С. Лаўшук. Праўда, Полацкая зямля, беларускі край да гэтага зведаюць яшчэ і ўзвышэнне, росквіт, і стагоддзі жахлівага запрыгоньвання, вынішчэння фізічнага і духоўнага...

Яшчэ адзін сучасны аўтар, Кастусь Тарасаў, звярнуўся да легендарнага вобраза беларускай князёўны з мэтай данясення ўсё той жа ідэі незалежнасці, патрыятызму, якую мы сустракалі ў творах Янкі Купалы, П. Крэчэўскага, Т. Бондар, I. Чыгрынава. Аднак калі ў ранейшых творах вобраз Рагнеды гераізаваны, то ў К. Тарасава яна — Пакутніца. Пакутніца сапраўды з вялікай літары. Рагнеда ўсё сваё жыццё церпіць пакуты, што выступаюць у творы не проста выпрабаваннямі, якія трэба пераадолець, а з'яўляюцца станам яе душы.

Такое магло здарыцца толькі з вельмі чуллівай, уражлівай натурай і ў той жа час з вельмі моцнай, інакш бы яна зламалася, здрадзіла сабе і продкам, Радзіме. Прывялі Рагнеду да такога стану многія падзеі, іх так шмат, што хапіла аж на «тры жыцці». К. Тарасаў глыбокі сэнс уклаў у гэтыя словы, якія сталі назвай аповесці – “Тры жыцці Рагнеды”.

Чалавек нараджаецца, жыве, расце, дасягае найвышэйшага росквіту духоўных і фізічных сіл, затым пачынае старэць і памірае. Так здарылася і з Рагнедай. Але яна тройчы ў творы нараджаецца і тройчы памірае.

Росквіт першага жыцця — у юнацтве, калі яна галубіць свае дзявочыя мары, марыць пра будучае жыццё з Яраполкам, прагне шчасця і кахання. А закончылася яно ў той момант, калі яе згвалціў Уладзімір у лужыне крыві на вачах бацькоў, якіх тут жа і забілі. Доўга ёй давялося ўздымацца пасля «смерці». Гэты момант настае, знамянуючы сабой росквіт другога жыцця. Яна прачынаецца ад сну, задае пытанне, кім стала. Яна адраджаецца з думкай аб помсце, што дае ёй сілы і мары. Новы кульмінацыйны момант – Рагнеда ўздымае нож на Уладзіміра, але прамахваецца... Зноў расчараванне, князёўна зноў губляе душэўную моц. Аднак яна знаходзіць у сабе сілы адрадзіцца яшчэ ў трэці раз, пачаўшы трэцяе жыццё пад іменем інакіні Анастасіі. Яе падтрымлівае надзея на сына Ізяслава, у душу якога яна імкнулася ўкласці ўсведамленне таго, што ён — князь Полацкай зямлі, зямлі вольнай і незалежнай. Яны разам, сын і маці павінны адрадзіць зямлю продкаў. Аднак і тут — расчараванне' Сын даўно забыўся на матчыну навуку, баіцца штосьці зрабіць не так, трапіць у няміласць да бацькі, вялікага князя.

К. Тарасаў разгортвае перад чытачом старонкі з кнігі якая называецца «Душа Рагнеды», паказвае зрухі ў яе думках яе душэўныя ўзлёты і падзенні. Пры гэтым ён не забываецца што Рагнеда — жывы чалавек, які хоча шчасця, сямейнага паразумення.

Малюючы пакутніцкі лёс вернай дачкі свайго краю, пісьменнікі хацелі, каб мы, людзі сённяшняга часу, не толькі пранікліся яе пакутамі, але і зразумелі значнасць яе дзеянняў Адрадзілі ў сабе надзею, што наша беларуская зямля можа жыць годна, незалежна, шчасліва.

Алена Фількова

 







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 8660. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Картограммы и картодиаграммы Картограммы и картодиаграммы применяются для изображения географической характеристики изучаемых явлений...

Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Различие эмпиризма и рационализма Родоначальником эмпиризма стал английский философ Ф. Бэкон. Основной тезис эмпиризма гласит: в разуме нет ничего такого...

Индекс гингивита (PMA) (Schour, Massler, 1948) Для оценки тяжести гингивита (а в последующем и ре­гистрации динамики процесса) используют папиллярно-маргинально-альвеолярный индекс (РМА)...

Методика исследования периферических лимфатических узлов. Исследование периферических лимфатических узлов производится с помощью осмотра и пальпации...

В теории государства и права выделяют два пути возникновения государства: восточный и западный Восточный путь возникновения государства представляет собой плавный переход, перерастание первобытного общества в государство...

Закон Гука при растяжении и сжатии   Напряжения и деформации при растяжении и сжатии связаны между собой зависимостью, которая называется законом Гука, по имени установившего этот закон английского физика Роберта Гука в 1678 году...

Характерные черты официально-делового стиля Наиболее характерными чертами официально-делового стиля являются: • лаконичность...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.016 сек.) русская версия | украинская версия