Студопедия — Шчасце і сэнс жыцця ў апавяданнях Янкі Брыля
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Шчасце і сэнс жыцця ў апавяданнях Янкі Брыля






Мастакі слова на старонках кніг ствараюць жыццё са сказаў апавядальных, няклічных. Прадведваючы будучыню, упэўнена ставяць кропку ў канцы. Здаецца, тут усё зразумела.

А ці спрабавалі вы аналізаваць жыццё сапраўднае, непрыдуманае? Якіх сказаў ды знакаў прыпынку там будзе больш? Крыху змяніўшы назву мініяцюры Алеся Асташонка “Жыццё — працяжнік”, я б адказала: “Жыццё — пытальнік”. Спрадвечны, бясконцы. Чаму? Завошта? Як? У чалавецтва ніколі не скончацца пытанні.

Вось і героі апавяданняў Янкі Брыля, як і сам пісьменнік у шчырых жыццёвых кнігах “З людзьмі і сам-насам” ды “Сцежкі, дарогі, прастор”, незаўважна для сябе запытваюцца: дзе ж яно, простае шчасце людское?

Лірычны герой апавядання “Яшчэ раз першы снег” шчаслівы ўспамінамі. Гукі “навальнічна-вясёлкавага аргана” ў цішыні, нават у тысячы цішынь вяртаюць яго ў “снежную неабсяжнасць”, туды, дзе “ўсе рады гэтаму шчасцю беламу, аднаму для ўсіх, і толькі не зразумела, чаму не спяваюць пра гэта, не смяюцца звонка”. “Непераможна белы”, яшчэ раз першы снег, як і ў Алеся Разанава, “з бясконцасці, з дасканаласці”. Белае шчасце… На жаль, толькі ва ўспамінах.

Ва ўспамінах ёсць шчасце і лірычнага героя (а можа, гэта сам Янка Брыль?) з апавядання “Тройчы пра адзіноту”. Яно ў пахах маленства. Разам з героем, заплюшчыўшы вочы, паспрабавала адчуць, “як пахне дым асенніх пырнікавых вогнішчаў, у прысаку якіх пячэцца па-свойму хвалююча духавітая бульба” ці “як пахне сырасцю адліжны раскоўзаны нагамі снег, калі ты, стомлены, брыдзеш па ім са школы”. Здавалася б, радасрыя хвіліны. Шчасце? Так, але для героя даўно мінулае.

Толькі ўспаміны асвятляюць жыццё і маленькага Юркі ў апаваданні “Туга”. “У слоўніку трохгадовага чалавека слова ”туга” пакуль што не значылася. Аднак душу яго — хоць неназваная яшчэ і неўсвядомленая — яна ўжо наведвала”, — зазначыў Янка Брыль. Хлопца не вабіла ні бясконцае мора, ні гарачы пясок. Ён пакутаваў, душа прагнула роднага. Ці не тое самае адчуваў Роўба з “Аблавы” Васіля Быкава? Ды малы Юрка толькі сніў “вясёлыя, поўныя сонца і шчасця карціны”. Зноўку шчасце аказалася імгненным, эпізадычным…

У яго блізкасці і магчымай працягласці мяне ледьве не ўпэўніла апавяданне “Усмешка”. Усё так бесклапотна пачыналася… “Красуецца вясёлка… Нібы ў краіну казачнай радасці едзе светлавалосая дзяўчынка на бычку. Я стаю каля варот і мне вельмі хочацца зняць туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе. Я даўно не малы, але не адчуваю ні цяжару гадоў, ні адказнасці за свае паводзіны. Я проста рад…” Ды гэта сапраўднае шчасце героя (пэўна, і самога пісьменніка) разбіў апошні сказ: “Мы смяяліся — так весела, так непаўторна молада, што я не вытрымаў больш і… прачнуўся”. І тут шчасце раптоўна скончылася, засумавала, пакінула пасля сябе толькі ўспаміны.

Атрымліваецца, вінаваты час. Хуткаплынны, імгненны, ён крадзе шчасце. Але ж ці не сам чалавек адмаўляецца ад светлых момантаў, яму заўсёды нечага не хапае. Вося якую думку выыказаў Янка Брыль у адной з мініяцюр: “Прага шчасця настолькі вялікая ў нас, што нават самыя шчаслівыя моманты, дні, тыдні, гады- часцей за ўсё здаюцца ўступам да шчасця”.

Вось і галоўнай гераіні з апавядання “Галя” лёс падараваў толькі “ўступ да вялікага шчасця, што мела прыйсці”, але надзеі не спраўдзіліся, спадзяванні разбіліся. Дзяўчына добраахвотна адмовілася ад сваёго шчасця, абрала іншую жыццёвую пуцявіну, якая назаўсёды развяла з каханым. Слёзы, сумныя вочы. І толькі гуд трактара, як дакор, як балючы напамін пра магчымасць шчасця. “А трактар гудзе і гудзе… Там не Сярожка. Ды гэта нічога. Ноччу будзе зноў ён. Зноў будзе балець па ім яе душа да самага світання… Няхай сабе. Абы толькі гудзеў”.

Імгненнае, эпізадычнае, няўлоўнае… Можа мы не заўважым гэтага простага шчасця? У пошуках адказу на пытанне героі Янкі Брыля, як і персанажы Кузьмы Чорнага, апынаюцца на сваім вялікім скрыжаванні. І з кожным крокам усё больш цяжкасцяў. Жыццё — пытальнік. Галоўнае пытанне — для чаго чалавек прыходзіць на гэты свет, што мусіць пакінуць масля сябе.

Пячнік з апавядання “Mementomori” ахвяраваў сабой дзеля ўсіх добрых людзей. Чалавек (ці можна назваць немцаў людзьмі?) дазволіў чалавеку застацца жывым. Пячнік не прыняў такі падарунак ад ворага. “І ён згарэў — адзіны, хто мог у той день не згарэць. І ён жыве”. Так Янка Брыль сцвярджае першынство чалавечнасці, ахвярнасці і тут жа ціха дадае: “Сэнс жыцця і ў смерці”.

Сваю дарогу да смерці мужна прайшла і брылёўская маці. Яна жыла не для сябе, а дзеля сваіх сыноў. І памерла дзеля чужых. І, як пячнік, яна жыве. Нездарма апавяданне заканчваюць пранізлівыя словы: “Вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, вочы і рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай…”

Сэнс жыцця ў дзецях бачаць і іншыя брылёўскія героі. Працяг Галі — у сонейку, чорненькай шчабятусе Соні. А стары Вячора з апавядання “Надпіс на зрубе” жыве дзеля ўнукаў Ганначкі ды Міхася.

Мне здаецца, што думка, выказаная ў гэтых творах пра дзяцей як сэнс жыцця, знайшла сваё адлюстраванне і ў апавяданні-роздуме “Сімвал”. “Успомніў — як найлепшае з усяго перажытага ўчора, – смяшлівага, замурзанага босага хлопца, які рагатаў сардэчна, сарамліва маўчаў, і мне падумалася, чаму за сімвал міру ўзяты голуб, а не дзіця? Замурзанае, рассмяянае дзіця?

Успаміны, “быстраногая” казка маленства, бесклапотныя ўсмешкі. Даўномінулае, імгненнае шчасце? Не. А сэнс жыцця? Чалавечнасць, самаахвярнасць, адданасць… Ці магчыма вывесці адзіна правільную формулу? Наўрад ці. Слушную думку наконт гэтага выказаў Георгій Марчук: “Шчасце складаецца не з таго, чаго ў нас няма, а з таго, што мы ёсць”. Здаецца, такія высновы і ў апавяданнях Янкі Брыля. Мы шчаслівыя, бо жывём, і пакуль жывём. І ў гэтым сэнс.

 

Сацыяльна-філасофскі сэнс рамана К. Чорнага “Пошукі будучыні”

 

Памятаеце, як напрыканцы рамана Кастусь Лукашэвіч зазірае ў пуньку, бярэ з саломы два яблыкі і ўваходзіць у хату? Пераступае праз парог — мяжу паміж вераю і паняверкай — і нясе ў свой невялікі, але не менш багаты за навакольны свет два сонейкі — духмянае, бы вераснёвыя антонаўкі, шчасце і чыстую, нібы яблык у расе, веру ў гэтае няпэўнае шчасце…

Такім пачуццём няпэўнасці і недаўгавечнасці душэўнага ўздыму, на маю думку, прасякнуты ўвесь твор Кузьмы Чорнага. Узгадваю ціхую восеньскую раніцу Нявады, калі яму на руку падае першая, надзвычай жаданая, але такая кволая і драбнюткая сняжынка…

Разам з выкліканым захапленнем яна растала гэтаксама імгненна, як і новае светлае жыццё героя. І як маленства Волечкі, Кастуся, Тамаша,Лізы… А гэты рамонкава-сонечны час — сапраўднае шчасце і, як кажа Яўген Гучок, “адзін з адпачынкаў душы / На дарозе / У бясконцым Сусвеце”. І паэт тут жа дадае, пацвярджаючы думку аўтара “Пошукаў будучыні”: “Дзяцінства — бы голая пятка, / Якую лёгка / Парэзаць”.

Таму Кузьма Чорны разважае не толькі над філасофскім, але і сацыяльным бокам гэтае праблемы. Маленства можна парэзаць вайной. Яна ж, гэты “страшны злодзей”, крадзе светлыя дзіцячыя ўсмешкі не толькі ў дзяўчынак і хлопчыкаў, але і ў іх бацькоў, несучы моцны боль ад страчанага, які адчуў і Яўген Гучок: “бы птушку, / Можна спалохаць дзяцінства, / І пакінуць ні з чым чалавека”.

Аднак нягледзячы на мажлівую няпэўнасць шчасця і кароткачасовасць маленства, некаторыя найбольш светлыя хвіліны яны ўсё ж дораць вечнасці. З гэтага, на маю думку, вынікае, што Кузьма Чорны разважае і наконт часовага і вечнага ў чалавечым жыцці. Паводле рамана, вечным, у першую чаргу, з’яўляюцца і пошукі будучыні, нездарма ж твор мае такую назву. Пошукі светлага і чыстага, бо, кажучы словамі фельчара, галоўнага філосафа рамана, “кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву”.

Сваю дарогу абрала і Лізавета Ракуцька. Аднак яе мары і спадзяванні былі перакрэслены вайной, якую Кузьма Чорны разглядае як сацыяльную з’яву. Кулі трапляюць у светлую будучыню, забіваючы надзею…

Аўтар рамана імкнецца разабрацца і ў наступнай сацыяльнай праблеме: чаму нехта вырашае, што мае права забіваць? Таму, што адны называюць сябе арыйцамі, а другіх — “казюлямі з нявольніцкай псіхалогіяй”, па словах Шрэдэра-малодшага? Творам Кузьмы Чорнага сцвярджаецца: такія перакананні, у першую чаргу, вядуць да смерці таго, што робіць чалавека чалавекам — да смерці душы…

Не трапіць у прорву бездухоўнасці дапамагае апірышча для душы — кладкі, паводле версэта Алеся Разанава. І найпершая з іх для Кузьмы Чорнага — праўда, прычым не толькі іншым, але і самому сабе. Я магу даказаць гэта на прыкладзе Акаловіча. Герой ствараў вакол сябе свет маны, будуючы яго выключна з бацькавых думак: “Мне бацька і прышчапіў свае жаданні. Яго думкі сталі маімі думкамі”. То бок, як заўважае і Леанід Галубовіч, спярша мы хлусім сабе пра сябе, потым сабе — пра іншых, пасля іншым — пра сябе… І пачынаем існаваць у суцэльнай хлусні. Надзвычай балючымі словамі Кузьма Чорны падводзіць гэтаму вынік вуснамі Акаловіча: “У душы ў мяне так жа пуста, як і ў кішэнях. За плячыма ў мяне ганьба, а перад вачыма пустэча”.

Гэтага героя мы нездарма ўпершыню сустракаем менавіта на скрыжаванні, Мяркую, яно сімвалізуе не толькі Беларусь. Прынамсі, у мяне ўзнікае асацыяцыя з крыжам. Тым крыжам, які паставіў на сваім жыцці Акаловіч. Тым, які, падобна да Петрака са “Знака бяды” Васіля Быкава, нёс на сваю Галгофу Сымон Ракуцька. Крыж — гэта, безумоўна, і сімвал веры, якая на пачатку рамана была і ў Волечкі, і ў фельчара — веры ў светлую душу і гарачае чалавечае сэрца. Вось як гэта адчуў Рыгор Барадулін у прасякнутай прамяністасцю кнізе “Ксты”: “чалавечае сэрца / Меншае за гняздо салаўя, / Яшчэ меншае сэрца настрою. / Ды ў іх, / Пачынаючы ад позірку і кап’я, / Нацэлена зброя / Усіх часін, / Усіх народаў. / І зброя заклёнаў і кпін / Да ўзнёслых одаў. / Ужо знішчаць, здаецца, / А сэрца б’ецца / Наўздрыж. / Як салаўіная песня / Аб крыж”…

Зброю, пра якую кажа Рыгор Барадулін, у рамане Кузьмы Чорнага сімвалізуе страла на камені, Сухім дзюбе.

Ды стралу гэтую нішчыць у творы чорнаўская вера ў чалавека, як назваў яе Міхась Тычына. Найбольш яскрава яна выражаецца словамі Нявады: “Ці ты верыш, што чалавек не вытрывае, каб вечна быць зверам? Вырві ты з чалавека сэрца і ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях і звярынае сэрца стане чалавечым”. Гэтым і тлумачыцца вобраз Шрэдэраў — не проста бяздушных жорсткіх пачвар. Натуральна, у мяне, як і ў большасці чытачоў, сімпатыі яны не выклікаюць.

Мне думаецца, Кузьма Чорны скіроўвае не да нянавісці, а да спачування нешчаслівым у сваіх страху і жорсткасці людзям. Як спачуваў Юшка з аднайменнага аповеду Андрэя Платонава, Іешуа з рамана “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава і, канечне ж, Мульцік з п’есы Аляксея Дударава “Вечар”.

Носьбітам ідэі гуманізму ў творы “Пошукі будучыні” з’яўляецца Нявада. Найбольш яскрава ягоная вера ў чалавечнасць праступае пры параўнанні героя з Паліводскім і Шрэдэрам. Прычым праз філасофскае бачна і сацыяльнае: маючы адну мэту (забяспечыць шчаслівую будучыню дзецям), розныя па складзе думак людзі абіраюць працілеглыя сродкі дасягнення жаданага. Шрэдэр крадзе, Нявада вяртае крадзенае… Вяртае чэрстваму Паліводскаму, які не разумее болю бацькі і дзеда — сам жа не меў дзяцей. І гэтая абыякавасць забівае чалавека. Але не яго, Нявадаву, веру, якая, мне падаецца, прарасце ў душы ўнучкі героя…

Вера ў чалавека, якою прасякнуты раман Кузьмы Чорнага, здольная вярнуць у душу часцінку ўкрадзенага маленства, страчанае праўды і расталага шчасця. Толькі ці заўжды нам, як і героям рамана, хочацца шчыраваць на жыццёвым шляху, імкнучыся паверыць у людзей, што побач? Сплятаючы ў адно сацыяльнае і філасофскае, пісьменнік сцвярджае: шчаслівую будучыню нашмат прасцей адшукаць, калі яна свеціцца пад промнямі шчырасці і адкрытасці. Калі пад промнямі чалавечнасці яна нагадвае антонаўку з водарам ранішняе расы…

 







Дата добавления: 2015-10-01; просмотров: 1747. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Основные структурные физиотерапевтические подразделения Физиотерапевтическое подразделение является одним из структурных подразделений лечебно-профилактического учреждения, которое предназначено для оказания физиотерапевтической помощи...

Почему важны муниципальные выборы? Туристическая фирма оставляет за собой право, в случае причин непреодолимого характера, вносить некоторые изменения в программу тура без уменьшения общего объема и качества услуг, в том числе предоставлять замену отеля на равнозначный...

Тема 2: Анатомо-топографическое строение полостей зубов верхней и нижней челюстей. Полость зуба — это сложная система разветвлений, имеющая разнообразную конфигурацию...

Типовые примеры и методы их решения. Пример 2.5.1. На вклад начисляются сложные проценты: а) ежегодно; б) ежеквартально; в) ежемесячно Пример 2.5.1. На вклад начисляются сложные проценты: а) ежегодно; б) ежеквартально; в) ежемесячно. Какова должна быть годовая номинальная процентная ставка...

Выработка навыка зеркального письма (динамический стереотип) Цель работы: Проследить особенности образования любого навыка (динамического стереотипа) на примере выработки навыка зеркального письма...

Словарная работа в детском саду Словарная работа в детском саду — это планомерное расширение активного словаря детей за счет незнакомых или трудных слов, которое идет одновременно с ознакомлением с окружающей действительностью, воспитанием правильного отношения к окружающему...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.013 сек.) русская версия | украинская версия