Лес – наша багацце
Амаль трэцюю частку тэрыторыі нашай рэспублікі займаюць лясы. А ўсяго два стагоддзі назад на лясы прыпадала больш чым палова ўсіх плошчаў. І ў гісторыі нашага народа, у яго штодзённым жыцці лес заўсёды адыгрываў вельмі значную ролю. Па-першае, для нашых продкаў лес спрадвеку быў своеасаблівай кладоўкай. У лесе здабывалі дзічыну, збіралі мёд, ягады, арэхі, грыбы. Па-другое, лес з’яўляўся найпершым будаўнічым матэрыялам. Гэта ж і цяпер больш чым на дзевяноста працэнтаў жылыя будоўлі ў нашых вёсках драўляныя, а яшчэ ў мінулым стагоддзі больш чым напалову былі драўляныя беларускія мястэчкі і гарады. Па-трэцяе, лес, драўніна служылі матэрыялам для разнастайных хатніх рэчаў. Нарэшце, лес – надзейнае сховішча для сваіх і непраходная перашкода для ворагаў. Такім чынам, лес – гэта прыроднае багацце беларусаў, і ён патрабуе беражлівых адносін да сябе. (Паводле Л. Пракопчыка)
Яшчэ адным відам члянення тэксту выступае яго чляненне наабзацы як кампазіцыйна-стылістычныя адзінкі тэксту, паводле якога ў аснову бярэцца лагічнае адзінства як структурная адзінка тэксту. Тэрмін ‘абзац’ выкарыстоўваецца для абазначэння пэўнага адзінства сэнсу, структуры і пунктуацыі. Слова абзац абазначае і адступленне ў правы бок у пачатку першага радка (у гэтым значэнні выкарыстоўваецца яшчэ выраз чырвоны радок), і частку тэксту паміж такімі двума адступленнямі, ці выступае абазначэннем тыпаграфскай адзінкі. Тут размова ідзе пра слова ў яго другім значэнні – абзац як частка тэксту.У выніку абзац – гэта “пэўнае сінтаксіка-інтанацыйнае і кампазіцыйнае адзінства, якое складаецца з аднаго або некалькіх сказаў, аб’яднаных адной тэмай (прадметам выкладу)” [3, с. 20]. Заўважым, што ў дыялогу абзац не адыгрывае ролі сэнсавага выдзялення, тут абзац аддзяляе мову адной асобы ад мовы другой. Выдзяленне абзацаў мае свае адметнасці адносна тэкстаў розных функцыянальных стыляў. У навуковых і афіцыйна-справавых тэкстах логіка выкладу ідзе ад асноўнай думкі да яе вытлумачэння ў дэталях, ад прычыны да выніку, ад сцвярджэння да доказу. Менавіта тут найбольш дакладна дзейнічае прынцып суаднесенасці лагічнага члянення тэксту і адпаведнага гэтаму вылучэння абзацаў. Напрыклад: Ужываючы слова прыказка, ледзь не заўсёды ставяць перад ім, усё роўна як пастаянны эпітэт у казках ці песнях, прыметнік народная. Калі пад ім разумець «створаная народам», дык ён у аднолькавай меры павінен бы далучацца і да ўсіх спрадвечна беларускіх слоў і фразеалагізмаў, бо і яны створаны народам. Традыцыйна лічаць прыказкі афарызмамі народнага паходжання, узніклымі непасрэдна ў жывой мове народа. Але гэта не заўсёды так. Ёсць нямала прыказак, якія прыйшлі ў нашу мову з іншых моў як запазычанні, калькі ці паўкалькі. Так, Іван ківае на Пятра – запазычанне з рускай мовы, Рука руку мые – калька з лацінскай мовы, Хто плаціць грошы, той заказвае і музыку – недакладная калька з англійскай мовы, Добра смяецца той, хто смяецца апошні – калька з французскай мовы. Ёсць шэраг прыказак, якія паводле свайго першапачатковага ўжывання з'яўляюцца афарызмамі кніжнага паходжання, крылатымі выразамі, што адарваліся ад сваёй літаратурнай крыніцы і цяпер успрымаюцца як звычайныя прыказкі, фіксуюцца ў фальклорных зборніках або парэміяграфічных слоўніках – без паметы, хто стваральнік гэтага афарызма-прыказкі. Да прыкладу, 17 прыказак прыйшлі ў нашу мову з Бібліі: Не хлебам адзіным жыве чалавек; Хто не працуе, той не есць і г.д. Шырока ўвайшоў у побыт крылаты выраз з байкі К. Крапівы «Сава, Асёл ды Сонца», ператварыўшыся ў звычайную прыказку Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала. Яе ўжыванне ў сучасных літаратурных тэкстах пацвярджаецца ў «Слоўніку беларускіх прыказак» чатырма ілюстрацыямі. … Паўторым яшчэ раз: прыметнік-эпітэт народная пры слове прыказка лагічна не зусім апраўданы, хоць, несумненна, пераважная большасць прыказак, што ўжываецца ў сучасным беларускім маўленні, склалася ў жывой народнай мове і многія з іх маюць шматвяковую гісторыю. (Паводле І.Я. Лепешава.) У прыведзеным навуковым (навукова-вучэбным) тэксце беларускі даследчык парэміялогіі ў першым сказе першага абзаца заўважае пра не зусім правільнае і дакладнае ўжыванне словазлучэння народная прыказка, што і з'яўляецца агульным палажэннем. Далей аўтар паступова абгрунтоўвае яго прыватнымі выказваннямі і падмацоўвае канкрэтнымі фактамі, што дазволіла яму на аснове кампазіцыйна-лагічнага прынцыпу выдзеліць чатыры абзацы, з якіх у першым быў пачаты доказ на матэрыяле групы прыказак-запазычанняў з іншых моў. У другім абзацы прыводзіцца новы доказ, але на матэрыяле групы прыказак кніжнага паходжання і падмацоўваецца прыкладамі прыказак з Бібліі. Трэці абзац – яшчэ адзін аргумент пра канкрэтную літаратурную крыніцу – байку К. Крапівы – і адну прыказку з яе. І апошні абзац падводзіць вынік разважанням адносна меркавання, выказанага ў першым сказе тэксту, такім чынам звязваючы пачатак і заканчэнне. У мастацкіх і публіцыстычных тэкстах выдзяленне абзацаў падпарадкавана яшчэ жаданню аўтара эмацыянальна або лагічна падкрэсліць, вылучыць тую ці іншую частку тэксту, а гэта спрыяе найбольш дакладнаму ўспрыманню аўтарскай думкі, выяўляе індывідуальнасць аўтара. Напрыклад: Нібы чакае дзедавых рук Хвароба адпусціла ненадоўга. Зноў непрытомны дзед. Гарэў і кідаўся, ад некага адбіваўся. Так было яшчэ трое сутак. Тройчы ў непрытомнасці браў дудачку, пачынаў мелодыю, але хутка збіваўся з ладу, слабеў. Дудка заціхала… Не стала дзеда… Усёй сям'ёй мы зайшлі ў хату. Ён ляжаў, здавалася, нямёртвы. Такі ж спагадлівы, такі ж, здавалася, вясёлы, як бачылі, калі ён сустракаў унукаў ці пытаўся ў нас, суседніх, пра тое, ці назбіралі цяляткам травы, ці не ўкралі каты´ нашых кніжак… З-пад падушкі глядзела на хату, на людзей далікатна абсмаленая дудка, нібы чакала яго – дзедавых – рук… (Ф. Янкоўскі.)
У прыведзеным тэксце аўтар выдзяляе чатыры абзацы, з якіх другі, трэці і апошні вылучаюцца на аснове эмацыянальнага фактара, паколькі такі падзел тэксту найбольш выражае і рэалізуе яго эстэтычна-пазнавальную функцыю. Пошукі адзіных крытэрыяў члянення розных паводле стылістычнай прыналежнасці тэкстаў прывяло да члянення тэксту на аснове выдзялення яшчэ адной мінімальнай адзінкі тэксту – звышфразавага адзінства (далей – ЗФА). Звышфразавае адзінства, ці складанае сінтаксічнае цэлае, як два найбольш пашыраныя тэрміны для абазначэння аднаго і таго ж паняцця (яшчэ ўжываюцца тэрміны «празаічная страфа», «кампанент тэксту»)– два і больш сказы, якія складаюць структурна-семантычную адзінку тэксту, найменшую частку з сэнсавай цэласнасцю, у якой сказы значна больш цесна звязаны паміж сабой паводле лагічнай і сэнсавай звязанасці і завершанасці. Найважнейшай прыкметай ЗФА выступае яго тэматычнае, ці сэнсавае, адзінства: усе сказы, якія зяўляюцца яго складнікамі, звязаны адзінствам зместу, развіваюць адну думку, складаюць адну мікратэму. У параўнанні са сказам ЗФА валодае большай сэнсавай закончанасцю і большай самастойнасцю. У ім найбольш выразна выяўляюцца функцыі паўтораў слоў, выкарыстання сінонімаў, займеннікаў, дзеясловаў і іх формаў, асабліва формаў часу, прыслоўяў, злучнікаў, ужывання няпоўных сказаў, розных тыпаў далучальных канструкцый, пабочных слоў і інш. Важна і тое, што ЗФА і яго выдзяленне ў параўнанні з абзацам не залежыць ад стылістычнай прыналежнасці тэксту, аўтарскіх, ці суб'ектыўных, фактараў. Асновай выдзялення звышфразавых адзінстваў, іх пачатку і канца, выступае найперш сэнсавая цэласнасць і завершанасць часткі тэксту, якія выяўляюцца ў разнастайнасці тыпаў структуры і сродкаў сувязі. Такім чынам, тэкст характарызуецца цэлым радам прыкмет, сукупнасцю пэўных законаў сваёй будовы, веданне і ўлік якіх дапамагае правільна ўспрымаць аўтарскія і будаваць уласныя тэксты, а для работы настаўніка – яшчэ і правільна арганізаваць вучэбную дзейнасць вучняў па развіцці маўлення.
|