Перабудова ў БССР (1985-1991 гг.)
Перыяд 1985–1991 гг. у БССР, як і ў цэлым у СССР, адзначаны правядзеннем карэнных сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў, якія ў выніку прывялі да ліквідацыі ўлады КПСС, распаду СССР і фарміравання незалежнай беларускай дзяржавы. Дадзены перыяд увайшоў у гісторыю пад назвай перабудовы і супадае па часе з перыядам знаходжання на чале ўлады ў СССР апошняга генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова. Правядзенне перабудовы было выклікана абвастрэннем шэрагу сацыяльных праблем: 1) Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання. У СССР уся рэальная ўлада належала чыноўнікам партыйна-дзяржаўнага апарату. Былі абмежаваны грамадзянскія і практычна адсутнічалі палітычныя свабоды. Фарміраванне індустрыяльнага грамадства, якое суправаджалася агульным павышэннем матэрыяльнага, адукацыйнага і культурнага ўзроўню насельніцтва, патрабавала дэмакратызацыі сацыяльна-палітычнай сістэмы. 2) Сацыяльна-эканамічная праблема: Ва ўмовах індустрыялізацыі былі створаны новыя развітыя прадукцыйныя сілы. Далейшае іх развіццё патрабавала актыўнага засваення вынікаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Вытворчыя адносіны, заснаваныя на строга цэнтралізаванай камандна-адміністрацыйнай сістэме кіравання эканомікай, не адпавядалі гэтым патрэбам, замаруджвалі развіццё тэхнічнага прагрэсу. 3) Нацыянальная праблема: Па меры развіцця нацый ва ўмовах індустрыяльнага грамадства абвастраліся супярэчнасці паміж імперскай палітыкай саюзнага кіраўніцтва і інтарэсамі асобных рэспублік і рэгіёнаў у складзе СССР. Да сярэдзіны 1980-х гг. адбываецца фарміраванне моцных мясцовых нацыянальных эліт (бюракратычных, гаспадарчых, навукова-культурных), а потым адпаведных нацыянальных рухаў, якія выступалі за павышэнне самастойнасці нацыянальных рэгіёнаў у складзе СССР або за стварэнне незалежных дзяржаў. Ажыццяўленне перабудовы прайшло праз тры асноўныя этапы: Першы этап ахоплівае 1985–1987 гг. Для яго характэрна арыентацыя на частковае ўдасканаленне існуючай сацыяльна-эканамічнай сістэмы пры захаванні манаполіі партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва ў палітычным жыцці. Дадзены этап перабудовы вызначаўся як “ курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця ”, канцэпцыя якога была ўхвалена на красавіцкім пленуме ЦК КПСС 1985 г. і ХХVII з’ездзе КПСС 1986 г. Яе галоўнай задачай абвяшчалася тэхнічная мадэрнізацыя эканомікі на аснове дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, асабліва ў галіне машынабудавання. На аснове дадзенай канцэпцыі былі праведзены наступныя пераўтварэнні: - павелічэнне фінансавання перспектыўных галін эканомікі; - пашырэнне гаспадарчай самастойнасці прадпрыемстваў шляхам увядзення гаспадарчага разліку і самафінасавання. Аднак, нягледзячы на захаванне штогадовага росту аб’ёмаў вытворчасці, істотнага прагрэсу ў эканамічным жыцці ў выніку рэалізацыі дадзенага курсу не адбылося. Гэта тлумачыцца шэрагам прычын: - рост інфляцыі; - аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 г. і звязаныя з ёй велізарныя матэрыяльныя страты і выдаткі (радыенуклідамі забруджана каля 20% тэрыторыі БССР, прыйшло ў непрыгоднасць каля 300 тыс. га сельскагаспадарчых угоддзяў, значная частка насельніцтва была выселена з забруджанай зоны); - падзенне ў 2-3 разы цэн на нафту і газ на сусветным рынку; - няўменне і нежаданне партыйна-дзяржаўнага апарату выкарыстоўваць новыя метады кіравання эканомікай. Другі этап перабудовы ахоплівае 1987 – 1989 гг. Ён характарызуецца радыкалізацыяй сацыяльна-эканамічных рэформ і пачаткам правядзення рэформ у сацыяльна-палітычнай сферы. Абвяшчаецца пераход да т.зв. “ гуманнага, дэмакратычнага сацыялізму ”. У сацыяльна-эканамічнай галіне ў гэты перыяд праводзіліся наступныя рэформы: - увядзенне элементаў рыначнай эканомікі ў сістэме тавараабмену дзяржаўных прадпрыемстваў (прадпрыемствы пастаўлялі на аснове абавязковага т.зв. дзярзаказу асноўную частку прадукцыі, астатняя частка магла рэалізоўвацца па свабодных цэнах); - умацаванне гаспадарчага разліку, самафінансавання і самакіравання прадпрыемстваў (прадпрыемствы атрымалі магчымасць самастойна вызначаць колькасць работнікаў, узровень заработнай платы, выбіраць эканамічных партнёраў); - увядзенне элементаў саўдзелу рабочых у кіраванні прадпрыемтвамі (права выбараў працоўнымі калектывамі кіраўнікоў прадпрыемстваў, справаздачнасць адміністрацыі перад саветамі працоўных калектываў); - стварэнне недзяржаўнага сектара эканомікі ў форме кааперацыі і арэнды; - канверсія вытворчасці ваенна-прамысловага комплекса. Аднак увядзенне элементаў рыначнай эканомікі праходзіла марудна. Захоўваўся кантроль міністэрстваў і ведамстваў над вытворчасцю. Кааператыўны сектар ва ўмовах высокіх падаткаў і цэн на сыравіну і матэрыялы ўяўляў з сябе пераважна спекулятыўны гандаль дэфіцытнымі таварамі. На працягу дадзенага этапу захоўваўся і нават некалькі павялічыўся рост аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Аднак негатыўныя фактары, якія мелі месца на першым этапе перабудовы, захаваліся і садзейнічалі нарастанню гаспадарчых цяжкасцяў. У сацыяльна-палітычнай сферы адбываецца працэс дэмакратызацыі. Яе пачаткам стала абвяшчэнне палітыкі галоснасці на ХІХ партканферэнцыі ў чэрвені 1988 г. Яна ўключала ў сябе наступныя элементы: - абмежаванне цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі, публікацыя раней забароненых твораў, з’яўленне крытычных матэрыялаў у прэсе; - кампанія па асуджэнні злачынстваў сталінізму, правядзенне масавай рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій; - легалізацыя дзейнасці незалежных грамадскіх арганізацый. Кіраўніцтва СССР на чале з М. Гарбачовым імкнулася выкарыстаць палітыку галоснасці для абмежавання ўплыву той часткі партыйна-дзяржаўнага бюракратычнага апарату, якая выступала супраць правядзення ў краіне сацыяльна-эканамічных рэформ, абвяшчалася “тормазам перабудовы”. У той жа час была абвешчана рэформа сістэмы палітычнай улады. У канцы 1988 г. унесены папраўкі ў Канстытуцыю СССР, у адпаведнасці з якімі вышэйшым органам заканадаўчай улады станавіўся з’езд народных дэпутатаў СССР, які фарміраваў Вярхоўны Савет СССР. Тады ж быў прыняты новы выбарчы закон, паводле якога прадугледжваліся свабодныя выбары ва ўсе органы прадстаўнічай улады на альтэрнатыўнай аснове; разам з тым 1/3 месц у дадзеных органах рэзервавалася для прадстаўнікоў дзяржаўных грамадскіх арганізацый. У сакавіку 1989 г. адбыліся выбары ў І з’езд народных дэпутатаў СССР, 60 дэпутатаў якога былі абраны ад БССР. Пашыраюцца ўладныя функцыі Саветаў і іх выканаўчых камітэтаў; яны паступова вызваляюцца з-пад апекі партыйных органаў. У галіне міжнароднай палітыкі хутка адбываецца адыход ад канфрантацыі з краінамі Захаду да партнёрскіх адносін, што азначала канец “халоднай вайны”. Партыйна-дзяржаўнае кіраўніцтва БССР на чале з першым сакратаром ЦК КПБ Я. Сакаловым (1987–1990) займала больш кансерватыўныя пазіцыі ў параўнанні з саюзным кіраўніцтвам і крытычна ставілася да хуткіх палітычных пераўтварэнняў. Разам з тым у БССР, як і ў цэлым у СССР, палітыка галоснасці прывяла да імклівага фарміравання грамадзянскай супольнасці: узнікалі грамадзянскія ініцыятывы, ствараліся дыскусійныя і рабочыя клубы, грамадскія арганізацыі. Першапачаткова грамадскі рух развіваўся ў рэчышчы падтрымкі перабудовы. Аднак паступова яго радыкальная частка пераходзіць у апазіцыю да ўлады. Яе прадстаўнікі ў чэрвені 1989 г. стварылі Беларускі народны фронт (БНФ) з мэтай дасягнення нацыянальна-дзяржаўнага суверэнітэту і паглыблення дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве. Трэці этап перабудовы ахоплівае 1989–1991 гг., які можна ахарактарызаваць як крызіс перабудовы. У гэты перыяд у СССР пачынаецца глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс. Яго прыкметамі сталі: - значны спад аб’ёмаў вытворчасці ва ўсіх галінах эканомікі (за 1989-1991 гг. у цэлым па СССР падзенне нацыянальнага даходу склала 33%); - хуткі рост цэн, інфляцыя; - узрастанне дэфіцыту на асноўныя тавары (у 1990 г. уводзіцца картачная сістэма на продаж шэрагу прадуктаў); - імклівы рост “ценевай эканомікі”, спекуляцыі. Прычынамі крызісу сталі: - няўменне бюракратычнага апарату спалучаць метады дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з механізмамі рыначнай эканомікі; - распад традыцыйных гаспадарчых сувязяў; - - працяглае падзенне цэн на нафту і газ на сусветным рынку. Характэрнай рысай эканомікі БССР у гэты перыяд з’яўляецца адносная стабільнасць на фоне агульнасавецкай эканомікі. Спад вытворчасці пачынаецца толькі ў 1991 г. (за гэты год скарачэнне нацыянальнага прадукту склала 3%). Тым не менш ва ўмовах эканамічнага крызісу паўстае пытанне аб неабходнасці новай эканамічнай рэформы. Паглыбленне сацыяльна-эканамічнага крызісу прывяло да ўздыму грамадска-палітычнага руху ў СССР. У розных рэгіёнах краіны адбываюцца масавыя выступленні працоўных (забастоўкі, стачкі), дэманстрацыі, мітынгі, якія паступова пачалі набываць палітычны характар. Папулярнасць палітыкі М. Гарбачова, якая была вельмі высокай у папярэднія гады, у 1989-1991 гг. імкліва змяншалася. На развіццё грамадска-палітычнага руху значны ўплыў аказалі паспяховыя дэмакратычныя рэвалюцыі 1989-1990 гг. у краінах Цэнтральнай Еўропы. У сакавіку 1990 г. ІІІ з’езд народных дэпутатаў прыняў папраўку да канстытуцыі, паводле якой скасоўвалася прывілеяванае становішча КПСС у сістэме дзяржаўнай улады. У дадзеных умовах адбываецца хуткае нарастанне ўплыву нацыянальных рухаў у саюзных і аўтаномных рэспубліках СССР; абвастраюцца супярэчнасці паміж саюзнымі ўладамі і рэспубліканскімі элітамі. На працягу 1990 г. усе рэспублікі СССР прымаюць дэкларацыі аб суверэнітэце, у якіх патрабуюць пашырэння сваёй самастойнасці. У сакавіку – красавіку 1990 г. прайшлі першыя ў гісторыі БССР выбары ў Вярхоўны Савет на альтэрнатыўнай аснове. Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання пачаў сваю працу ў чэрвені 1990 г. у складзе 360 дэпутатаў. Большасць дэпутатаў складалі прыхільнікі правячага партыйна-дзяржаўнага апарату. Каля 100 дэпутатаў утварылі апазіцыйны Дэмакратычны клуб, які выступаў за паскарэнне рэформ у эканамічным і палітычным жыцці. З яго шэрагаў 30 дэпутатаў увайшлі ў склад апазіцыйнай фракцыі БНФ. Старшынёй Вярхоўнага Савета быў абраны Мікалай Дземянцей. Адначасова пры падтрымцы парламенцкай большасці быў сфарміраваны Савет міністраў на чале з Вячаславам Кебічам. У 1990 – першай палове 1991 гг. адбываюцца істотныя пераўтварэнні ў палітычным жыцці БССР: - ліквідацыя цэнзуры ў сродках масавай інфармацыі, з’яўленне новых масавых перыядычных выданняў; - фарміраванне шматпартыйнасці: узнікаюць Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Беларуская сялянская партыя і г.д.; - стварэнне незалежных прафсаюзаў і іншых грамадскіх арганізацый; - падзенне аўтарытэту КПСС, узмацненне антыкамуністычных настрояў у грамадстве (у 1990 г. КПСС-КПБ пакінула 63 тыс. чалавек); - пачатак беларусізацыі ў розных сферах грамадскага жыцця, адукацыі, культуры ў адпаведнасці з Законам аб мовах 1990 г., паводле якога адзінай дзяржаўнай мовай у БССР абвяшчалася беларуская. У першай палове 1991 г., у сувязі з эканамічным крызісам і пагаршэннем жыццёвага ўзроўню насельніцтва абвастраецца грамадска-палітычная сітуацыя. У красавіку 1991 г. адбываюцца масавыя забастоўкі рабочых у розных гарадах Беларусі з патрабаваннямі паляпшэння матэрыяльнага становішча. Паступова да эканамічных лозунгаў далучаліся палітычныя: дэмакратызацыя грамадска-палітычнага ладу, нацыяналізацыя маёмасці КПСС-КПБ. Забастоўкі скончыліся кампрамісам. Да сярэдзіны 1991 г. СССР знаходзіўся ў стане глыбокага сістэмнага крызісу. Урад М. Гарбачова выявіў няздольнасць вырашэння сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных праблем. У гэтых умовах частка прадстаўнікоў вышэйшага партыйна-дзяржаўнага апарату 19-21 жніўня 1991 г. зрабіла спробу дзяржаўнага перавароту, абвясціла пра адстаўку М. Гарбачова і ўвядзенне надзвычайнага становішча; імі быў утвораны ў Маскве асобы орган – Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (ГКЧП). Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай жнівеньскі путч. Аднак кіраўніцтва РСФСР на чале прэзідэнтам Б. Ельцыным і дэмакратычныя сілы Расіі рашуча выступілі супраць ГКЧП. У выніку 21 жніўня путч быў ліквідаваны. Падаўленне путчу прывяло да рэвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы: была адменена дзейнасць КПСС і нацыяналізавана ўся яе маёмасць; савецкія рэспублікі абвясцілі пра дзяржаўную незалежнасць, адбыўся распад СССР. Урад М. Гарбачова страціў усякую ўладу і ў снежні 1991 г. спыніў сваё існаванне. Такім чынам, перабудова 1985-1991 гг. прывяла да істотных сацыяльна-эканамічных і сацыяльна-палітычных пераўтварэнняў у БССР. Аднак пралікі ў правядзенні рэфармавання, а таксама негатыўныя знешнеэканамічныя фактары прывялі да глыбокага сістэмнага крызісу, страты улады КПСС-КПБ, распаду СССР і набыцця дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.
Асноўныя паняцці: “Хрушчоўская адліга”, ХХ з’езд КПСС, Канстытуцыя СССР 1977 г., Канстытуцыя БССР 1978 г., “развіты сацыялізм”, савецкі народ, “эпоха застою”, індустрыяльная рэспубліка, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, Савет народнай гаспадаркі БССР, эканамічная рэформа 1965 г., гаспадарчы разлік, урбанізацыя, навуковыя лабараторыі, навукова-вытворчыя аб’яднанні, перабудова, “курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця”, аварыя на Чарнобыльскай АЭС, галоснасць, з’езд народных дэпутатаў СССР, Беларускі народны фронт, сацыяльна-эканамічны крызіс 1989-1991 гг., Вярхоўны Савет ХІІ склікання, Дэмакратычны клуб, Закон аб мовах 1990 г., жнівеньскі путч, распад СССР.
Кантрольныя пытанні і заданні: 1. Якія факты сведчаць пра працэс паступовай эвалюцыі таталітарнага рэжыму ў СССР да аўтарытарнага пасля смерці І. Сталіна? 2. Што такое “хрушчоўская адліга”? Якія грамадска-палітычныя пераўтварэнні адбываюцца ў СССР і БССР у гэты перыяд? 3. Якія можна вылучыць адрозненні грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг. у параўнанні з перыядам “хрушчоўскай адлігі”? 4. Які сэнс укладваецца ў паняцце “эпоха застою”? Якія адметныя рысы вызначанага перыяду? 5. Якім чынам у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. змяняюцца адносіны да праяў іншадумства ў грамадстве ў параўнанні з эпохай сталінізму? 6. Падумайце, у якой ступені пашырыліся правы БССР на міжнароднай арэне ў параўнанні з часамі сталінізму і ў чым захавалася залежнасць ад саюзнай улады? 7. Якія факты сведчаць пра пераўтварэнне БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. у індустрыяльную рэспубліку? 8. Вызначце адрозненні ў правядзенні індустрыялізацыі ў БССР у перыяд сталінізму і ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 9. Якім чынам змяняецца структура прамысловасці БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Назавіце асноўныя галіны. 10. Вызначце спецыялізацыю прамысловасці БССР разглядаемага перыяду ў агульнасаюзным падзеле працы. Падумайце, чым можа быць абумоўлена менавіта такая спецыялізацыя? 11. Дайце характарыстыку гаспадарчых сувязяў прамысловых прадпрыемстваў БССР у межах СССР і знешнеэканамічных сувязяў. 12. Якія змены адбываюцца ў развіцці транспартнай сістэмы БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 13. Што такое навукова-тэхнічная рэвалюцыя? Якія асаблівасці ажыццяўлення навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў БССР і СССР? Якія можна вылучыць прычыны яе маруднага разгортвання? 14. Ахарактарызуйце асноўныя рэформы ў прамысловасці БССР і СССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 15. Дайце агульную характарыстыку развіцця сельскай гаспадаркі БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1960-х гг. 16. Якія змены ў развіццё сельскай гаспадаркі прынесла касыгінская эканамічная рэформа? 17. Якія пераўтварэнні адбыліся ў сельскай гаспадарцы БССР у другой палове 1960-х – першай палове 1980-х гг.? 18. Што такое ўрбанізацыя? Якія маштабы меў дадзены працэс ў БССР у разглядаемы перыяд? Якія яго прычыны? 19. Якія змены адбываюцца ў сацыяльнай структуры грамадства ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 20. Якія факты адлюстроўваюць паляпшэнне матэрыяльнага становішча працоўных у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 21. Калі ў эканоміцы БССР і СССР з’яўляецца сітуацыя “застою”? Якія яе прыкметы і прычыны? 22. Якія змены адбываюцца ў развіцці агульнаадукацыйнай школы ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 23. Якія рысы мела развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? 24. Якія галіны навукі ў БССР дасягнулі найбольшых поспехаў у сваім развіцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Чым можна гэта патлумачыць? 25. Якія тэндэнцыі характарызуюць развіццё мастацкай культуры ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.? Якія змены адбыліся ў дадзенай сферы ў параўнанні з часамі сталінізму? 26. Што такое перабудова? Якімі фактарамі выклікана яе ажыццяўленне? 27. Якія можна вылучыць этапы перабудовы ў СССР і БССР? Дайце іх кароткую характарыстыку. 28. Што такое палітыка галоснасці? Якімі фактарамі было выклікана яе ўвядзенне? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў яна прывяла? 29. Калі ў СССР пачынаецца сістэмны сацыяльна-эканамічны крызіс? Якія яго праявы і прычыны? Якім чынам ён паўплываў на актывізацыю грамадска-палітычнага руху ў СССР і БССР? 30. Калі быў сфарміраваны Вярхоўны Савет БССР ХІІ склікання? Ахарактарызуйце яго склад. 31. Якія змены адбываюцца ў грамадска-палітычным жыцці БССР у 1990 – першай палове 1991 гг.? 32. Што такое жнівеньскі путч? Да якіх сацыяльна-палітычных вынікаў у СССР і БССР прывяла яго ліквідацыя? Тэмы дакладаў і рэфератаў: 1. Рэабілітацыя ахвяр сталінізму ў БССР у перыяд “хрушчоўскай адлігі”. 2. Удзел БССР у міжнародным жыцці ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 3. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя ў БССР: асаблівасці ажыццяўлення. 4. Касыгінская эканамічная рэформа і яе ўплыў на развіццё народнай гаспадаркі БССР. 5. Урбанізацыя ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 6. Сістэма вышэйшай адукацыі ў БССР у другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг. 7. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і яе вынікі. 8. Станаўленне парламенцкай сістэмы ў БССР у 1989–1991 гг.
|