Студопедия — Дадатковая 5 страница
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Дадатковая 5 страница






Юрыдычна Літоўска-Беларускія землі паводле уніі 1386 г. на вечныя часы прылучыліся да Кароны Польскай. Прыпынялася незалежнае існаванне Вялікага княства Літоўскага, і яно рабілася адным з Польшчай палітычным дзяржаўным арганізмам. Але на самой справе жыццё Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля уніі мала чым змянілася. Самастойнасць Беларуска-Літоўскай дзяржавы фактычна засталася. Нягледзячы на ўмовы уніі, Літва і Беларусь маюць сваіх асобных гаспадароў. Напрыклад, з 1392 г. па 1430 г. вялікім князем літоўскім быў абраны Вітаўт. Ён кіраваў асобна ад Ягайлы, без яго згоды не мог быць абраны і польскі кароль. І ў далейшыя часы Літва і Беларусь маюць сваіх князёў. І хоць акты па забеспячэнні уніі пішуцца даволі часта, але, як бачна, яны не мелі моцы ў жыцці.


Саюз Польшчы і Літвы дазволіў нанесці сакрушальнае паражэнне Тэўтонскаму Ордэну.

Да гэтага на працягу многіх стагоддзяў германскія плямёны імкнуліся на Усход, выціскаючы з асвоеных месцаў заходніх балцкіх славян, у тым ліку палякаў і літвінаў. І гэта нараджае пратэст у апошніх. Некалькі разоў Полацкае княства і Літоўская дзяржава паасобку дамагаліся перамог над крыжакамі.

У часы праўлення Альгерда і Кейстута барацьба з крыжакамі ішла без перапынку. Да другой паловы ХІV ст. Тэўтонскі Ордэн дасягнуў найбольшай моцы і разам з Лівонскім уяўляў вельмі сур’ёзную пагрозу Вялікаму княству Літоўскаму. Яскравы прыклад: з 1340 г. па 1410 г. крыжаносцы зрабілі прыкладна 100 ваенных паходаў на Літву. У асобныя перыяды князі Вялікага княства Літоўскага выкарыстоўвалі сілу крыжакоў для дасягнення асабістых інтарэсаў. Так рабілі, напрыклад, той жа Кейстут і Ягайла, калі дамагаліся вялікакняжацкай пасады. Немцы замест вялікіх паходаў здзяйснялі дробныя, але затое частыя паходы на землі Вялікага княства Літоўскага. Кожны дзень, кожную гадзіну павінны былі літвіны быць пад страхам, чакаць неспадзяванага ворага.

15 ліпеня 1410 г. на вузкім полі каля вёскі Грунвальд сышліся на бітву аб’яднаныя войскі Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства з крыжацкім войскам. Гэтая бітва ўвайшла ў гісторыю як вялікая. Вялікая таму, што ніводная з бітваў сярэднявечча не збірала такой колькасці воінаў – некалькі дзесяткаў тысяч, і таму, што яна прадвызначыла далейшае развіццё многіх еўрапейскіх народаў і стала фіналам страшнага, больш чым двухсотгадовага супрацьстаяння дзвюх магутных сіл – славян і крыжацкіх заваёўнікаў. У бітве ўдзельнічалі беларускія, польскія, балцка-літоўскія, украінскія, рускія, чэшскія атрады і татарская конніца.

На Грунвальдскім полі войскі ВКЛ складаліся з 40 харугваў (харугва – баявы атрад, у якім налічвалася ад 60 да 600 коп’яў), сярод якіх значыліся Гарадзенская, Лідская, Полацкая, Віцебская, Наваградская, Берасцейская, Пінская, палкі Аршанскі, Слуцкі, Магілёўскі, воіны з Нясвіжа, Кобрына і іншых месцаў. Кожны беларускі горад, мястэчка выправілі на гэту бітву сваіх прадстаўнікоў.

Як бачна, у польска-вялікакняскім войску пераважалі славяне (палякі, беларусы, украінцы, чэхі ў саюзе з літоўцамі). Сілы бакоў былі прыкладна роўныя. Пачаўся бой атакай конніцы ВКЛ, якая панесла значныя страты, трапіўшы ў “воўчыя ямы”, накапаныя крыжакамі. Потым сышліся ў бітве левы фланг саюзнага войска, які займалі харугвы Вялікага княства, і жалезная рыцарская лавіна. “Нага наступала на нагу, даспехі ўдараліся аб даспехі, і дзіды накіроўваліся ў твары ворагаў... Стаяў страшны грукат, людзі біліся, коні давілі людзей”. Сеча з пераменным поспехам цягнулася шэсць гадзін. У магістра ордэна Ульрых фон Юнгінгена ў падмацаванні знаходзілася яшчэ 16 харугваў (прыкладна трэць крыжацкага войска), і калі ён адчуў, што сілы саюзнікаў канчаюцца, стаў на чале свайго войска і пайшоў на разгром праціўніка. Але пралічыўся, бо польскі кароль Ягайла і вялікі князь ВКЛ Вітаўт мелі некранутыя рэзервы. У гэтай апошняй, рашаючай сутычцы, войска ордэна было раздаўлена. Удар для тэўтонаў быў настолькі ашаламляльны, што землі ўсходніх славян пасля гэтага пяць стагоддзяў не ведалі германскай агрэсіі. Перамога ў бітве ліквідавала небяспеку крыжацкай агрэсіі з боку Тэўтонскага Ордэна, павысіла аўтарытэт ВКЛ і Польшчы ў Заходняй Еўропе.

Пры Вітаўце Вялікім (княжыў у 1392–1430 гг.) Вялікае княства Літоўскае і Рускае дасягнула сваёй найвышэйшай магутнасці. У 1395 г. да яго было далучана ўсё Смаленскае княства, устаноўлены пратэктарат над Разанскай, Наўгародскай, Пскоўскай землямі, умацаваны і пашыраны паўднёвыя межы да Чорнага мора.

Дзяржава ўмацоўвалася шляхам не толькі яе пашырэння, але і ўнутранай перабудовы. У ХV − ХVІ стст. праводзілася палітыка адхілення ад улады мясцовых рад і ўвядзення ваяводстваў і намесніцтваў (Віленскае, Троцкае, Полацкае, Віцебскае, Смаленскае, Менскае, Новагародскае, Мсціслаўскае, Падольскае, Берасцейскае, Валынскае, Браслаўскае, Кіеўскае), што ўмацоўвала цэнтральную ўладу. Ваявод і намеснікаў прызначаў Вялікі князь (часам з мясцовых князёў), яму яны былі і падначалены. У Вялікім княстве паступова развіваліся класічныя еўрапейскія інстытуты дзяржаўнай улады, складалася своеасаблівая форма саслоўна-прадстаўнічай манархіі і шляхецкая дэмакратыя. Заканадаўства было акумулявана ў трох Статутах Вялікага княства (1529, 1566, 1588 гг.), якія абагульнілі тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе карысталіся рымскім правам, выкладзеным на незразумелай для многіх лацінскай мове, тэксты Статутаў былі выкладзены на беларускай, якая была дзяржаўнай у Вялікім княстве.

Перамога над крыжакамі спрыяла развіццю гандлёвых і культурных сувязей з Еўропай праз Балтыйскае мора, развіццю агульнаеўрапейскіх традыцый у эканоміцы, праве, культуры і г.д. (магдэбургскае права, цэхі, кнігадрукаванне, нормы канстытуцыйнага права). Разам з тым у Вялікім княстве былі створаны значныя культурныя каштоўнасці, якія ўзбагацілі духоўную агульнаеўрапейскую і сусветную спадчыну. Ва ўмовах духоўнага і палітычнага ўзаемадзеяння адбывалася станаўленне самабытных беларускай, літоўскай, украінскай і польскай культур.

Рэлігійныя адносіны ў Вялікім княстве былі даволі складаныя. Пачынаючы з прывілея Ягайлы 1387 г., асобыя правы (спадчыннае валоданне зямлёй, права займаць дзяржаўныя пасады і інш.) атрымалі феадалы-каталікі, што павінна было прымусіць праваслаўных пераходзіць у каталіцтва. Аднак у выніку барацьбы, нават узброенай, праваслаўныя феадалы атрымліваюць тыя ж эканамічныя правы, што і каталікі, хоць на практыцы іх усё ж абмяжоўвалі.

У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. рэзка абвастрыліся адносіны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай, якая канчаткова вызваляецца ад татараў і таксама прэтэндуе на збіранне славянскіх зямель. У 1462 г. Вялікі князь Маскоўскі Іван ІІІ ажаніўся з дачкой апошняга візантыйскага імператара і назваў сябе царом, пераемнікам Візантыі, узяў яе герб – двухгаловага арла – і абвясціў, што праваслаўныя землі павінны перайсці пад маскоўскую ўладу.

У ваенных дзеяннях з Расіяй, якія то сціхалі, то аднаўляліся на працягу ХVІ ст., княства цярпела паражэнні, страчвала землі, яго гаспадарка разбуралася, а людзі знішчаліся. Усё гэта, і асабліва вынікі Лівонскай вайны (1558–1582 гг.), у якую было ўцягнута Вялікае княства, прымусіла яго пайсці на больш цесны саюз з Польшчай.

Як бачым, станаўленне беларускага этнасу адбывалася ў багатых гістарычнымі падзеямі ўмовах. Працэс складання дзяржаўнасці продкаў беларусаў як больш высокі ўзровень арганізацыі жыцця спрыяў далейшаму развіццю эканомікі, пэўным чынам стабілізаваў унутраныя супярэчнасці, памяншаў небяспеку знешніх нападаў. Гэтым і тлумачыцца высокі па тых часах узровень эканомікі і культуры на беларускіх землях у часы Вялікага княства Літоўскага. Геаграфічнае становішча беларускага народа ў цэнтры, “на скрыжаванні Еўропы”, спрыяла яго развіццю ў рэчышчы сусветнага эканамічнага, палітычнага і культурнага працэсу, зрабіла адным з найбольш развітых у Еўропе.

 

§3. У дзяржаўным кіраўніцтве склалася такая іерархія: на самым версе – Вялікі князь, літоўска-беларускі гаспадар. Ён выбіраўся шляхтай Літвы і Беларусі (нягледзячы на унію, Польшча не мае ўплыву на гэтыя выбары). Найгалоўнейшымі абавязкамі князя былі: абарона цэласці тэрыторыі дзяржавы, ён стаяў на чале ўзброеных сіл, ад яго імя выдаваліся заканадаўчыя акты і ўтвараўся суд, ён ведаў дыпламатычнымі зносінамі з суседзямі, абвяшчаў вайну і згоду, назначаў на пасады, раздаваў і кіраваў дзяржаўнымі маёнткамі, ён мог даць гарадам прывілею (магдэбургскае права).

На пачатку ўтварэння Беларуска-Літоўскай дзяржавы і да канца ХІV ст. пры князю была дума. Яна мела дарадчае значэнне. З канца ХІV ст. дума ператварылася ў раду – гаспадарчую раду паноў. Члены гаспадарчай рады назначаліся князем. З цягам часу ўстанавіўся пастаянны склад рады: у яе сталі ўваходзіць вышэйшыя цэнтральныя ўраднікі, ваяводы і старасты. У гэты ж час сярод паноў рады знаходзім ужо і праваслаўных. Паступова значэнне і моц рады расце. Яна выконвае не толькі дарадчыя функцыі, але і робіцца дзяржаўнай установай, якая ўжо юрыдычна абмяжоўвала ўладу князя.

З самага пачатку ХV ст. побач з радаю пачынае дзейнічаць Вальны (агульны) Сейм. У сярэдзіне ХVІ ст. Вальны Сейм становіцца вышэйшым заканадаўчым і кантралюючым органам у дзяржаве. Ён выбіраў Вялікага князя, прымаў законы, устанаўліваў падаткі, ведаў фінансамі, вырашаў пытанні вайны і міру. Спачатку Сейм складаўся з усіх паноў і шляхцічаў пагалоўна. Цяжкасць збору прывяла да прадстаўнічай формы: перад Вальным Сеймам збіраліся павятовыя сеймікі, якія выбіралі па 2 прадстаўнікі ад кожнага павета.

Была ў Вялікім княстве Літоўскім цэнтральная адміністацыя, на чале яе стаяла 3 ураднікі. Першы называўся канцлерам, ён трымаў дзяржаўную пячатку і загадваў цэнтральнай дзяржаўнай канцылярыяй. Другі называўся гетманам. Ён камандаваў войскам. Трэці – загадчык дзяржаўнага скарбу. Усе трое падпарадкоўваліся непасрэдна ўладзе князя.

Да сярэдзіны ХVІ ст. у асноўным склалася палітыка-адміністрацыйная сістэма Вялікага княства Літоўскага. Удзельныя княствы былі ліквідаваны. Рэформа 1564–1566 гг. замацавала падзел Вялікага княства Літоўскага на 13 ваяводстваў, 8 з якіх былі цалкам беларускія.

Дзяржаўны лад Вялікага княства Літоўскага можна вызначыць як манархічную рэспубліку, дзе ўладу манарха абмяжоўваў так званы парламент. Мясцовае кіраванне было разнастайным. Да канца ХІV ст. існавалі буйныя абласныя княжанні, ліквідаваныя пазней Вітаўтам. Аднак і тады ў асобных гарадах улада была ў руках Веча.

Большасць удзельных княстваў ператвораны ў намесніцтвы з павятовымі і валаснымі органамі кіравання. На чале ўлады ў ваяводствах стаяў ваявода – ён вырашаў усе пытанні кіраўніцтва сваёй тэрыторыяй. Яго намеснік – кашталян – камандаваў войскам. Быў тут і падваявода. Ён вёў справы ў ваяводскай канцылярыі. Гараднічы – адказваў за рамонт і ўмацаванне ваяводскага замка. Ключнік – наглядаў за зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. На чале павета стаяў стараста, у горадзе – войт, бурмістр і гарадская рада.

Вясковая адміністрацыя была прадстаўлена цівунамі, сотнікамі, прыставамі, старцамі. На ўсе значныя пасады прызначэнне рабіў Вялікі князь разам з панамі – радаю. Аднак у Полацкай і Віцебскай землях Вялікі князь, узведзены на ваяводства, павінен быў улічваць думкі і настроі мясцовай знаці, “даваць ваяводу па іх волі”.

Вышэйшай судовай інстанцыяй у дзяржаве з’яўляўся вялікакняжацкі суд, з 1531 – Галоўны трыбунал Вялікага княства Літоўскага. На месцах – ваяводскі суд – займаўся справамі дзяржаўных злачынцаў, якія належалі да шляхецкага саслоўя; вотчынны суд разглядаў справы сялян. У паветах утвораны земскі, градскі (замкавы), падкаморскі суды. Земскі разглядаў справы князёў, шляхты, баяр. Градскі (замкавы) – лічыўся ўсесаслоўным. Ён вырашаў гарадскія крымінальныя справы. Падкаморскі суд займаўся вырашэннем спрэчак землеўласнікаў.

Адзінага заканадаўства ў Вялікім княстве Літоўскім доўгі час не было. Першым сістэматызаваным зборнікам законаў феадальнага права з’явіўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г., які меў у далейшым другую (1566) і трэцюю (1588) рэдакцыі.

Такім чынам, утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага пачынаецца з другой чвэрці ХІІІ ст. і працягваецца да трэцяй чвэрці ХІV ст. Аб’яднанне літоўскіх і заходнярускіх зямель тлумачыцца сукупнасцю ўнутраных і знешніх фактараў.

Аб’яднанне праходзіла рознымі шляхамі, у тым ліку і шляхам захопу, але ён не быў галоўным. Асноўную ролю ў гэтым працэсе адыгрывалі знешнепалітычныя, геаграфічныя і часавыя фактары. Вялікае княства Літоўскае – поліэтнічная дзяржава, дзе славяне займалі дамінуючае становішча. Таму гэтую дзяржаву больш правільна называць Руска-Літоўскай.

У ХІV – ХVІ стст. рост агрэсіўнасці Тэўтонскага ордэна, умацаванне Рускай дзяржавы, іншыя міжнародныя і ўнутраныя абставіны вымусілі Вялікае княства Літоўскае пайсці на заключэнне Крэўскай уніі, да больш цеснага дзяржаўнага аб’яднання з Польшчай.

Ад пачатку стварэння і на працягу ХІV ст. Вялікае княства Літоўскае ўяўляла сабой кангламерат паасобных зямель і ўладанняў, якія былі аб’яднаны толькі тым, што падпарадкоўваліся вярхоўнай уладзе вялікага князя літоўскага. У далейшым тут складваецца сістэма палітыка-прававой цэнтралізацыі, узмацнення сувязяў паміж рознымі тэрыторыямі. Палітычны рэжым Вялікага княства Літоўскага паступова прымаў абрысы парламенцкай манархіі.

Тэма 2. Тэндэнцыі кансалідацыі этнічна-нацыянальнай супольнасці насельніцтва Беларусі

 

§1. Тэрытарыяльныя і грамадска-палітычныя фактары

станаўлення і развіцця беларускай народнасці

§2. Паходжанне назвы “Белая Русь”

§1. Беларуская народнасць утварылася паступова на аснове старажытнарускай народнасці з улікам наступных фактараў.

Першая група фактараў утварэння беларускай народнасці – палітычныя. Неабходнасць барацьбы з агрэсіяй нямецкіх феадалаў і татара-манголаў, уваходжанне беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага садзейнічалі стварэнню палітычных умоў для ўмацавання сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі насельніцтва Беларусі, яго кансалідацыі і інтэграцыі з суседнімі народамі. У межах Вялікага княства Літоўскага была ліквідавана сістэма мясцовых княжанняў і створаны інстытут намесніцтваў, арганізавана адзінае дзяржаўнае кіраванне, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Утварэнню беларускай народнасці садзейнічаў і шэраг эканамічных фактараў. Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явілася далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю на тэрыторыі ад Прыпяці да Заходняй Дзвіны і ад Нёмана да Дняпра. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі – Полацка, Брэста (Бярэсця), Магілёва, Гродна (Гародні), Віцебска і іншых – як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязяў беларускіх зямель.

Паступова ў Вялікім княстве Літоўскім усталёўвалася адзіная грашовая сістэма, асноўнай манетай станавіўся грашовы знак мясцовай вытворчасці – літоўскі паўгрош, які чаканіўся на манетным двары ў Вільні. Таксама ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў, некаторыя з іх былі ўзаконены ў Статутах ВКЛ. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі этнічных, эканамічных і сацыяльных кантактаў, этнакультурнай і моўнай інтэграцыі.

З папярэднімі этнаўтваральнымі фактарамі цесна звязаны сацыяльныя фактары. Далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Так, розныя катэгорыі свецкіх феадалаў кансалідаваліся ў шляхецкае саслоўе, якому належала вядучая роля ў дзяржаўным кіраванні. Асобным саслоўем з’яўлялася духавенства. Фарміраваліся таксама саслоўі прыгонных сялян і мяшчан – жыхароў гарадоў і мястэчак. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі. Так, сацыяльныя ўмовы ўплывалі на ўтварэнне беларускай народнасці.

Разам з палітычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі адыгрываў пэўную этнакансалідуючую ролю канфесійны фактар. Прымета веры станавілася своеасаблівай прыметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Большасць усходнеславянскага насельніцтва прытрымлівалася праваслаўя. Аднак пасля Крэўскай уніі пачалося актыўнае наступленне каталіцкай веры.

Важнай прыметай беларускай народнасці перыяду яе фарміравання было дзяржаўна-тэрытарыяльнае адзінства рассялення ўсходнеславянскага насельніцтва. Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў.

Этнічная мяжа паміж балцкім і славянскім насельніцтвам, якая ўсталявалася да ХІІІ ст. прыкладна па лініі Мерач – Трабы (каля Ашмян) – воз. Свір (каля Браслава), у наступныя тры стагоддзі амаль не змянілася. Акрамя таго, на фарміраванне этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ўплывалі каланізацыйныя працэсы, якія адбываліся ў розных рэгіёнах Занёмання, Падляшша, Папрыпяцця, Паўночна-Заходняй Беларусі.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі існаваў даволі кампактны арэал рассялення ўсходнеславянскага насельніцтва. Акрамя яго ў склад беларускага этнасу былі ўліты асобныя групы заходнеславянскага (польскага), балцкага (як усходнебалцкага – літва, латыголы, так і заходнебалцкага – прусы, яцвягі, жэмайты) і цюркскага (татары) насельніцтва. Яны жылі побач са славянамі і з’явіліся дадатковым кампанентам утварэння беларускай народнасці. Але іх наяўнасць увогуле не парушала этнічнай тэрыторыі беларусаў.

На этнічнай тэрыторыі беларусаў адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХVІІ стст. на аснове старажытнарускай мовы развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р” (рабіна, бяроза), “дзеканне” і “цеканне” (дзеці замест дети, цень замест тень), “аканне” і “яканне” (кароль, лебяда), прыстаўныя гукі на пачатку слова (восень замест осень, вобраз замест образ). Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. У лексіку гэтай мовы траплялі запазычанні з польскай, балцкай і некаторых заходнееўрапейскіх моў, што надавалі ёй спецыфічную афарбоўку.

Матэрыяльная і духоўная культура новага, усходнеславянскага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну найперш са старажытнарускага часу. Другой яе састаўной часткай былі новаўвядзенні, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка некаторых тыпаў пасяленняў, асабліва вёсак. Гэтаму ў значнай ступені спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі было ўведзена падворнае землекарыстанне замест абшчыннага і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара, калі пабудовы размяшчаюцца па яго перыметры.

Асноўнымі прыладамі сельскагаспадарчай працы з’яўляліся літоўская саха, драўляная частаплеценая барада, матыка, серп, цэп і інш. Для захавання ўраджаю і сельскагаспадарчых прадуктаў існавалі клеці, свірны, гумны, ёўні, піўніцы. Побач са старадаўнімі жорнамі меліся ветраныя і вадзяныя млыны, а таксама млыны з коннай або валовай цягай.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчастай ці паласатай тканіны, яркія безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі. З’явіліся і новыя віды адзення – андарак, фартух. Менавіта ў гэты час зацвярджаюцца характэрныя для нашай тэрыторыі віды народнага адзення.

У ХV – ХVІ стст. складваецца і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору. Паступова быліны, якія расказвалі аб далёкіх часах Кіеўскай Русі, забываліся, але былінная традыцыя не знікла бясследна. Яна аказала ўплыў на чарадзейныя казкі з іх багатым зместам і своеасаблівай формай. Часцей за ўсё казкі распавядалі пра барацьбу фантастычнага героя са злымі страшыдламі, якія ўвасаблялі варожыя народу сілы. Чарадзейныя казкі былі прасякнуты аптымізмам, верай у канчатковую перамогу дабра і справядлівасці.

Нягледзячы на ганенні і забароны царквы, яе імкненне выкараніць рэшткі язычніцтва, вельмі пашырана была абрадавая паэзія, што ўзнікла ў цеснай сувязі з працоўнай дзейнасцю сялян. Асаблівай паэтычнасцю вылучаюцца купальскія песні, у якіх адлюстроўваецца арганічнае адзінства чалавека з адухоўленай ім прыродай. Песні суправаджалі беларуса ад нараджэння (хрэсьбінныя, песні-калыханкі) да смерці (хаўтурныя, песні-плачы), гучалі на розных урачыстасцях (валачобныя, вясельныя), у час працы і адпачынку (жніўныя, жартоўныя).

У той жа час узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Іх галоўнай тэмай былі вельмі блізкія і хвалюючыя народ падзеі, звязаныя з барацьбой з іншаземнымі захопнікамі. Глыбокім драматызмам напоўнены песні аб татарскім палоне. Існуюць народныя паданні і пра “крыжацкія магілы”, у якіх тлеюць косці нямецкіх псоў-рыцараў. У ХVІ ст. з’явіліся песні, якія распавядалі аб узброеных паўстаннях народа супраць сваіх прыгнятальнікаў. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў сваё ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохаў. Паступова ў карагодзе, дзе сплятаюцца розныя жанры народнага мастацтва, зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнікае таксама народны лялечны тэатр – батлейка, дзе разам са свецкімі сюжэтамі, народнымі песнямі і танцамі выкарыстоўваліся і хрысціянскія міфалагічныя тэмы.

У ХVІ ст. з’яўляюцца і распаўсюджваюцца новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, ліра, дудка. Увогуле, у культуры беларускай народнасці існавалі розныя па сваіх крыніцах і межах распаўсюджання культурныя элементы, адны з якіх былі поліэтнічныя і ахоплівалі некалькі этнасаў, другія належалі пераважна беларусам.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У Вялікім княстве Літоўскім жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў (немцаў, палякаў, літоўцаў). Значна пазней беларусы пачалі адрозніваць сябе ад рускіх. Гістарычная супольнасць усходнеславянскага народа, адзіная рэлігія і мова продкаў тармазілі працэс дыферэнцыяцыі рускага і беларускага народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага называла сябе рускімі і сваю мову рускай. Гэта абумовіла тую акалічнасць, што самасвядомасць і саманазва беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыметы.

 

§2. Аб паходжанні беларусаў маецца некалькі тэорый, якія заснаваны на навуковым грунце.

“Балцкая тэорыя” тлумачыць, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі да з’яўлення славян жылі балты. Змешванне славян з балтамі і прывяло да з’яўлення беларускага этнасу, спецыфікі яго культуры і мовы.

Згодна з “польскай канцэпцыяй” беларусы не з’яўляюцца прадстаўнікамі ўсходнеславянскіх народаў, а ўяўляюць сабой частку польскага этнасу.

“Велікаруская канцэпцыя” заснавана на ўяўленні, што беларусы – частка велікарускага этнасу, а Беларусь адпаведна – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, як і мова – дыялект велікарускай.

Існуе ў гістарыяграфіі асобна і “крывіцкая канцэпцыя”. Яна заснавана на ўяўленні, што амаль усе асаблівасці, якія адрозніваюць беларусаў ад рускіх і ўкраінцаў, успрыняты беларускім этнасам ад адной з першапачатковых этнічных супольнасцей – крывічоў. Прыхільнікі гэтай канцэпцыі выказваюць думку, што беларусаў лепей называць крывічамі, а Беларусь – Крывіяй.

Шэраг аўтараў лічылі, што продкамі беларусаў былі не толькі крывічы, але і некаторыя іншыя першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці – радзімічы, дрыгавічы.

У 50-я гг. ХІХ ст. К. Токараў тэарэтычна абгрунтаваў новую канцэпцыю пра продкаў беларусаў, рускіх, украінцаў, вытокі іх этнічнай тэрыторыі. Ён лічыў, што крывічы, радзімічы, дрыгавічы і іншыя першапачатковыя ўсходнеславянскія супольнасці змяніліся этнічна яшчэ да фармавання беларускага, рускага і ўкраінскага народаў. На яго думку, першапачатковыя этнічныя супольнасці змяніла агульнаславянская руская этнічная супольнасць, а іх этнічныя тэрыторыі стварылі новую – пад назвай Русь, якая і была непасрэдным папярэднікам Беларусі, Вялікарасіі і Украіны.

Няма ў гістарыяграфіі і адзінай думкі аб часе фармавання беларусаў, узнікнення Беларусі.

К.Тарасаў (1984 г.) лічыць, што беларусы існавалі ўжо ў пачатку ХІІІ ст., а назва Белая Русь у прымяненні да сучаснай тэрыторыі рэспублікі склалася толькі ў мінулым стагоддзі.

На думку В.В.Сядова (1970 г.), беларуская этнічная супольнасць, а тады, выходзіць, і беларуская этнічная тэрыторыя, склаліся ў ХІІІ–ХІV стст.

М.Я.Грынблат мяркуе, што фармаванне беларусаў, Беларусі ажыццяўлялася ў ХІV–ХVІ стст. Няма адзінай думкі і аб прычынах (умовах) фармавання беларусаў.

В.В.Сядоў лічыць, што гэта каланізацыя славянамі тэрыторыі сучаснай Беларусі, на якой да гэтага жылі балты, змешванне славян з балтамі і ўплыў асіміляваных славянскіх балтаў на культуру і мову пасяліўшыхся тут славян. Розныя групы славян, на яго думку, аб’ядналі ў беларускі этнас аднародны балцкі субстрат.

Па Я.Ф.Карскаму такой прычынай з’явіўся палітычны фактар, а менавіта – стварэнне новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага – і ўключэнне ў яго ўсходнеславянскага насельніцтва, пражываўшага ў басейне Прыпяці, Нёмана, Заходняй Дзвіны і Верхняга Дняпра. Поліэтнічныя сувязі ў межах Вялікага княства Літоўскага і абумовілі фармаванне беларускай мовы і беларускай культуры.

В.І.Пічэта, акрамя гэтага фактару (аб’яднання ў Вялікае княства Літоўскае), называе і развіццё эканамічных сувязей паміж асобнымі вобласцямі, склаўшымі потым Беларусь; неабходнасць сумеснай абароны гэтых вобласцяў ад Тэўтонскага Ордэна, пагражаўшага свабодзе і незалежнасці ўсходнеславянскага насельніцтва Заходняй Русі, народаў Прыбалтыкі і польскага народа. Апошнія дзве прычыны Пічэта лічыць найважнейшымі.

Дзе ж ісціна? Яна - у крытычным аналізе, пошуку археолагаў, антраполагаў, лінгвістаў і іншых навукоўцаў.

Наконт паходжання назвы Белая Русь таксама існуюць розныя версіі. Адны даследчыкі звязваюць яе з кліматычна-геаграфічнымі або этнаграфічнымі асаблівасцямі, другія – з царкоўна-рэлігійнымі, знешнепалітычнымі фактарамі (Белая – значыць вольная Русь, незалежная ад мангола-татарскіх намеснікаў). Звязвалі гэтую назву з прыгажосцю зямлі, мноствам снегу, са светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў, з больш раннім, чым у Чырвонай Русі, прыняццем хрысціянства і іншымі фактарамі.

Падсумоўваючы ўсё гэта, магчыма несумненна адзначыць адно: тэрміны “Русь” і “Белая Русь” маюць генетычную і гістарычную агульнасць. На этапе ХІV – ХVІ стст. назву “Белая Русь” носяць тэрыторыі Паўночна-Усходняй Русі, Наўгародска-Пскоўскай зямлі, уся або ўсходняя частка Беларусі, частка Украіны ў межах Вялікага княства Літоўскага. Прыкладна да сярэдзіны ХVІ ст. асноўным цэнтрам “Белай Русі” ў многіх чужаземных крыніцах называецца Масква.

У некаторых крыніцах ХІV – ХVІ стст. Белая Русь упамінаецца ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі. У сярэдзіне ХVІ ст. у працы, прысвечанай Польшчы, Марцін Кромер (сакратар польскай каралеўскай канцылярыі) зазначае, што Белая Русь на поўначы (57° Паўночнай шыраты) мяжуе з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні яна мяжуе з Валынню і Чырвонай Руссю.

 

Як бачна, у ХІІІ – першай палове ХVІ ст. працягваўся працэс утварэння беларускай народнасці – асобнай этнічнай супольнасці з агульнай тэрыторыяй, пануючым эканамічным ладам, адзінай мовай, культурай, псіхічным складам, этнічнай самасвядомасцю.

Навукоўцамі распрацавана шмат тэорый аб паходжанні беларусаў і аб назве “Белая Русь”. Кожная з іх мае права на існаванне. Да ісціны можа прывесці толькі крытычны аналіз і навуковы пошук археолагаў, антраполагаў, лінгвістаў, гісторыкаў.

 

Тэма 3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Вялікага княства Літоўскага

 

§1. Феадальнае землеўладанне, стан сельскай гаспадаркі

§2. Развіццё рамяства і гандлю, таварна-грашовых адносін

§1. У ХІІІ – першай палове ХVІ ст. на тэрыторыі Беларусі працягваецца фарміраванне феадальных адносін. Пераразмяркоўваецца галоўны сродак вытворчасці – зямля. Змяняюцца формы землеўладання і землекарыстання. Сельскагаспадарчая праца трывала становіцца асновай эканамічнага жыцця, ёю займаецца большасць насельніцтва. Галоўнымі заняткамі людзей былі земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, а дапаможнымі – бортніцтва, паляванне, рыбалоўства.

Важнейшыя прылады працы, якія заставаліся нязменнымі на працягу вякоў, − драўляная саха і плуг − аснашчаліся жалезнымі рабочымі часткамі, што павялічвала іх прадукцыйнасць. Удасканальвалася і агратэхніка: двухполле змянялася трохполлем, якое стала пераважаць у ХІV ст.

Асноўнай сельскагаспадарчай культурай з’яўлялася жыта, якім засявалася да паловы і больш ворыва. Шырокае распаўсюджанне атрымалі авёс, ячмень, проса, сеялі грэчку, лён, каноплі. Сяляне мелі і прысядзібныя агароды, на якіх вырошчвалі рэпу, агуркі, бабы, гарох, зеляніну.







Дата добавления: 2014-10-22; просмотров: 764. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Картограммы и картодиаграммы Картограммы и картодиаграммы применяются для изображения географической характеристики изучаемых явлений...

Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Классификация холодных блюд и закусок. Урок №2 Тема: Холодные блюда и закуски. Значение холодных блюд и закусок. Классификация холодных блюд и закусок. Кулинарная обработка продуктов...

ТЕРМОДИНАМИКА БИОЛОГИЧЕСКИХ СИСТЕМ. 1. Особенности термодинамического метода изучения биологических систем. Основные понятия термодинамики. Термодинамикой называется раздел физики...

Травматическая окклюзия и ее клинические признаки При пародонтите и парадонтозе резистентность тканей пародонта падает...

Характерные черты немецкой классической философии 1. Особое понимание роли философии в истории человечества, в развитии мировой культуры. Классические немецкие философы полагали, что философия призвана быть критической совестью культуры, «душой» культуры. 2. Исследовались не только человеческая...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит...

Кран машиниста усл. № 394 – назначение и устройство Кран машиниста условный номер 394 предназначен для управления тормозами поезда...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.01 сек.) русская версия | украинская версия