Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Тэма 1. Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы





§1. Становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне

§2. Уз’яднанне беларускага народа ў складзе БССР

§1.Як ужо раней адзначалася, па Рыжскаму мірнаму дагавору (ад 18 сакавіка 1921 г.) да Польшчы адышла значная частка заходнебеларускіх зямель (Гродзенская губерня, усходнія раёны Віленскай і заходнія раёны Мінскай губерняў), якія атрымалі назву Заходняй Беларусі. На гэтай тэрыторыі пражывала амаль 3,4 млн. чалавек, ці 12,7 % насельніцтва Польшчы. Іх большую частку (70,5 %) складалі беларусы. Абавязкі, якія ўрад Польшчы ўзяў на сябе: даць беларускаму і ўкраінскаму насельніцтву «ўсе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў», на працягу 18 год не выконваліся.

Заходняя Беларусь з’яўлялася аграрным прыдаткам прамысловых раёнаў Польшчы, рынкам збыту і крыніцай таннай сыравіны і рабочай сілы. Належнага развіцця прамысловай прадукцыі не наглядалася. Гарбарная, металаапрацоўчая, тэкстыльная і іншыя галіны, якія калісьці адыгрывалі значную ролю ў народнай гаспадарцы, прыйшлі ў заняпад. У параўнанні з БССР Заходняя Беларусь вырабляла прамысловай прадукцыі ў 9 разоў менш, хоць па тэрыторыі і колькасці насельніцтва яны былі амаль роўныя. Рабочыя працавалі па 12—14 гадзін у суткі. Іх заработная плата была ніжэйшая, чым на ўласнапольскіх землях.

У сельскай гаспадарцы была занята пераважная большасць насельніцтва — 85 %. Жывёлагадоўчая накіраванасць сельскай гаспадаркі дазваляла развіваць вытворчасць масла і сыру, пашыралася колькасць маслабойняў. Памешчыкі, якіх было менш як 1 % ад усёй колькасці жыхароў, валодалі амаль паловай усёй зямлі. Больш таго, польскі ўрад пачаў засяляць беларускія землі так званымі асаднікамі — былымі афіцэрамі і унтэрафіцэрамі, якім адводзіліся вялікія зямельныя надзелы і даваліся грашовыя сродкі. Іх уласнасць яшчэ больш умацоўвалася за кошт зямель тых, хто не змог паставіць сваю гаспадарку пасля камасацыі (землеўпарадкавання), калі пад выглядам барацьбы з цераспалосіцай сялян гвалтоўна высялілі на хутары, але не аказвалі ніякай дапамогі. Апынуўшыся ў цяжкім гаротным становішчы, большасць сялян вымушана была наймацца да багацеяў у якасці рабочых або эмігрыраваць у ЗША, Канаду, Лацінскую Амерыку, Заходнюю Еўропу. У тыя гады з Польшчы ў іншыя краіны выехала каля 80 тыс. беларусаў.

Ажыццяўлялася таксама паланізацыя насельніцтва. Закрываліся існаваўшыя дагэтуль беларускія школы, гімназіі, настаўніцкія семінарыі, якія з'яўляліся асноўнай базай падрыхтоўкі педагогаў для гэтых школ, зачыняліся клубы, бібліятэкі, хаты-чытальні, створаныя беларускімі культурна-асветнымі арганізацыямі, спыняліся выданні беларускіх газет і часопісаў, забаранялася ўжыванне беларускай мовы ў дзяржаўных установах і органах мясцовага самакіравання. Невыпадкова, што колькасць непісьменных сярод беларусаў складала амаль палову. Адной з праяў нацыянальнага прыгнечання была рэлігійная нецярпімасць польскіх улад да праваслаўнай большасці беларускага насельніцтва. 3 500 існаваўшых у Заходняй Беларусі праваслаўных цэркваў больш за 300 былі ператвораны ў каталіцкія касцёлы.

Ю. Пілсудскі, які ўстанавіў у 1926 г. сваю дыктатуру ў Польшчы, абвясціў рэжым «санацыі» («аздараўлення»). У сваёй палітычнай частцы “санацыя” зводзілася да жорсткага падаўлення ўсіх форм дэмакратычнага руху.

З канца 20-х гадоў, з наступленнем сусветнага эканамічнага крызісу, становішча працоўных мас Заходняй Беларусі пагоршылася. Абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей вяло да актывізацыі апазіцыйных палітычных сіл і нарастання нацыянальна-вызваленчага руху ў заходніх раёнах Беларусі.

Барацьба супраць прыгнёту ў 20-я гады набыла партызанскі характар. Асабліва ўпартай яна была ў Гродзенскім, Брэсцкім, Ваўкавыскім, Навагрудскім, Пінскім, Слонімскім і Косаўскім паветах. Партызаны спальвалі маёнткі памешчыкаў, сядзібы асаднікаў, рабілі смелыя налёты на паліцэйскія ўчасткі і ўрадавыя ўстановы. На чале руху стаялі камуністы — члены перайшоўшых на нелегальнае становішча арганізацый КП(б)Б, Камуністычнай рабочай партыі Польшчы (КРПП), Камуністычнай партыі Літвы (КПЛ).

Удзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчым руху і прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага лагера. Аб гэтым сведчаць выбары ў польскі сейм у 1922 г. Па выніках выбараў у сейме стварылася беларуская нацыянальная фракцыя, у склад якой увайшло 11 паслоў (дэпутатаў), у тым ліку Б.А. Тарашкевіч, С.А. Рак-Міхайлоўскі, П.В. Мятла, А.Станкевіч і інш. Фракцыя прадстаўляла практычна ўсе тагачасныя беларускія палітычныя партыі. Пачынаўся якасна новы этап у развіцці нацыянальна-вызваленчага руху — з выкарыстаннем парламенцкай формы барацьбы.

У кастрычніку 1923 г. у Вільні нелегальна адбылася V Устаноўчая канферэнцыя прадстаўнікоў усіх існаваўшых у Заходняй Беларусі партыйных камітэтаў камуністаў. Яна прыняла рашэнне аб стварэнні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), як аўтаномнай у складзе Камуністычнай партыі Польшчы (КПП), і выбрала яе ЦК. У канцы 1923 г. у рады КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА). Яе кіраўнікі I. К. Лагіновіч, А. У. Канчэўскі і А. Р. Капуцкі ўвайшлі ў склад ЦК КПЗБ. Намаганнямі партыі ў 1924 г. быў створаны камсамол Заходняй Беларусі (КСМЗБ). Пад яе ўплывам знаходзілася дэпутацкая фракцыя «Змаганне» і іншыя палітычныя арганізацыі.

Адначасова пашыралася культурна-асветніцкая дзейнасць, якую развівалі ў першую чаргу Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), група А. Луцкевіча — Р. Астроўскага і Віленскі Беларускі нацыянальны камітэт, а таксама розныя навуковыя, дабрачынныя, гаспадарчыя, асветніцкія арганізацыі і таварыствы, якія дзейнічалі пад іх кіраўніцтвам

Такім чынам, у сярэдзіне 20-х гадоў у нацыянальна-вызваленчым руху, які ў гэты час набыў шырокі размах, яскрава выкрышталізаваліся два напрамкі: рэвалюцыйна-вызваленчы і нацыянальна-дэмакратычны.

У 1925 г. склалася сітуацыя, якая магла прывесці да ўзброенага паўстання. У гэтых умовах польскі ўрад увёў на тэрыторыю Заходняй Беларусі вялікую колькасць рэгулярных войск. Суадносіны сіл рэзка змяніліся. Камуністы, каб прадухіліць велізарныя ахвяры, заклікалі працоўных перайсці да іншых форм барацьбы, але і ў далейшым вялі лінію на разгортванне партызанскага руху і змену палітычнай улады.

Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ у маі 1926 г. канчаткова аформілася як масавая палітычная арганізацыя Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ) на чале з вядомым беларускім вучоным, рэвалюцыянерам, грамадскім дзеячам Б.А.Тарашкевічам. Яе праграма ўключала такія патрабаванні, як самавызначэнне Заходняй Беларусі, стварэнне рабоча-сялянскага ўрада, перадача зямлі сялянам без выкупу, знішчэнне сістэмы асадніцтва. Разам з камуністамі дзеячы Грамады агітавалі сялян і рабочых на актыўную палітычную барацьбу, вялі шырокую кампанію за вызваленне палітзняволеных.

Урад Пілсудскага кінуў у турму некалькі соцень актывістаў БСРГ, ад чаго шмат гурткоў Грамады перасталі існаваць. Гэта было цяжкім ударам па нацыянальна-вызваленчаму руху і выклікала масавыя дэманстрацыі і мітынгі пратэстаў. Грамада пакінула глыбокі след у свядомасці сялян і рабочых. Прагрэсіўныя традыцыі БСРГ прадоўжылі беларускі сялянска-рабочы дэпутацкі клуб «Змаганне» і іншыя арганізацыі.

Нягледзячы на жорсткі тэрор да КПЗБ з боку ўлад, яе аўтарытэт у масах захоўваўся. Камуністы аказалі ўсямерную дапамогу масавай дэмакратычнай культурна-асветніцкай арганізацыі — Таварыству беларускай школы (ТБШ), якое аб'яднала больш за 14 тыс. членаў і ўзначальвалася такімі дзеячамі, як Б.А.Тарашкевіч, I. С. Дварчанін, П. С. Пестрак і інш. Невыпадкова, што на выбарах у сейм у сакавіку 1928 г. за камуністаў, што выступалі пад імем «Рабоча-сялянскае адзінства», было пададзена звыш 328 тыс. галасоў, гэта складала 26 % усіх прыняўшых удзел у выбарах у Заходняй Беларусі. Узнімалася новая хваля барацьбы.

Рэпрэсіі з боку польскіх улад відных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху, канфрантацыя паміж рэвалюцыйна-вызваленчым і нацыянальна-дэмакратычным напрамкамі руху прывялі ў пачатку 30-х гадоў да некаторага спаду барацьбы. Але барацьба працоўных, падчас стыхійная, працягвалася.

У пачатку 30-х гадоў прайшлі забастоўкі на прамысловых прадпрыемствах Беластока, Вільні, Брэста, Гродна, Пінска, Слоніма. Больш як чатыры месяцы зімы 1932—1933 гг. баставала 7 тыс. рабочых і сялян, якія працавалі ў Белавежскай пушчы. Востры характар набылі падзеі на Брэстчыне. Тут над сялянамі паліцыя ўчыніла крывавую пацыфікацыю (уціхамірванне). Дзевяць найбольш актыўных удзельнікаў сялянскіх выступленняў былі аддадзены ваенна-палявому суду. Дзеянні паліцыі і суда ў Кобрыне выклікалі абурэнне рабочых і сялян Польшчы. У Варшаве, Беластоку, Вільні, Брэсце адбыліся масавыя палітычныя дэманстрацыі і забастоўкі пратэсту. Улады вымушаны былі адмовіцца ад вынясення смяротнага прыгавору абвінавачваемым.

У 1935 годзе ў Польшчы прымаецца канстытуцыя, якая яшчэ больш абмяжоўвала дэмакратычныя правы і вольнасці. Тысяча рэвалюцыйна настроеных выхадцаў з рабочага класа, сялянства і перадавой інтэлігенцыі былі кінуты ў турмы. У гэтых умовах барацьба канцэнтруецца вакол стварэння адзінага дэмакратычнага антыфашысцкага народнага фронту. КПЗБ і іншыя партыі вылучаюць шэраг надзённых патрабаванняў: адмену існуючай канстытуцыі, канфіскацыю памешчыцкіх зямель, раўнапраўе нацыянальнасцей і самавызначэнне Заходняй Беларусі, разрыў саюзніцкіх адносін з Германіяй і інш.

Большая частка выступленняў рабочых праходзіць пад знакам адзінага народнага фронту. Аб росце яго сіл пераканаўча сведчылі падзеі, звязаныя з расстрэлам рабочых дэманстрацый у Кракаве і Львове вясной 1936 г. У падтрымку польскага пралетарыяту забаставалі рабочыя Гродна і Брэста. У Брэсце быў створаны камітэт дапамогі, які збіраў сродкі для сем'яў ахвяр расстрэлу.

У рэчышча гэтай барацьбы ўліваўся і сялянскі рух, яркім прыкладам якога стала выступленне ў 1935 г. нарачанскіх рыбакоў. Дырэкцыя дзяржаўных лясоў, ва ўпраўленне якой было перададзена возера Нарач, забараніла свабодную лоўлю рыбы. Тры тысячы сялян прыазёрных вёсак, абураныя забаронай, захапілі рыбныя ўчасткі. Ім аказалі дапамогу рыбакі, якія працавалі ў дырэкцыі па найму. Барацьба працягвалася аж да верасня 1939 г.

§2.Працоўныя Савецкай Беларусі, якія ў большасці сваёй верылі, што будуюць новы справядлівы грамадскі лад, са спачуваннем адносіліся да сваіх суайчыннікаў у Заходняй Беларусі і выказвалі салідарнасць у іх барацьбе за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне і аб'яднанне ў адзіную сям’ю. Імкненне беларускага народа да ўз'яднання выкарыстоўвалася сталінскім кіраўніцтвам з мэтай пашырэння сваёй улады на Заходнюю Беларусь. Па ўсёй БССР праводзіліся палітычныя акцыі ў падтрымку заходнебеларускага насельніцтва. У Мінску пастаянна дзейнічала бюро дапамогі камуністам і ўсім змагарам Заходняй Беларусі.

Істотную падтрымку змагарам аказвалі і за межамі БССР. У абарону правоў заходніх беларусаў выступалі працоўныя Масквы, Ленінграда, Кіева і іншых гарадоў. Яны гатовы былі даць гасцінны прытулак усім тым, каго праследавалі польскія ўлады, дапамагалі палітэмігрантам уключыцца ў мясцовае жыццё, атрымаць адукацыю, увайсці ў працоўны калектыў і г.д.

Салідарнасць насельніцтва БССР з беларусамі Польшчы асабліва праявілася ў першай палавіне 30-х гадоў, калі па ініцыятыве бальшавікоў многія прадпрыемствы і ўстановы рэспублікі выступалі з патрабаваннямі да польскіх улад спыніць тэрор у Заходняй Беларусі. 3 заклікам далучыцца да голасу пратэсту яны звярталіся да пралетарыяту Англіі, Германіі, Францыі. У дапамогу насельніцтва Заходняй Беларусі збіраліся грашовыя сродкі. У авангардзе рэвалюцыйна-вызваленчага руху працоўных Заходняй Беларусі ішла КПЗБ. Да 1933 г. яна налічвала 4 тыс. членаў. Апрача гэтага, каля 3 тыс. камуністаў знаходзіліся ў турмах. У Беластоку і Вільні, Гродне і Брэсце партыя выдавала газету «Чырвоны сцяг» і часопіс «Бальшавік», а таксама сатырычныя — «Маланка» і «Асва». На працягу ўсёй сваёй дзейнасці яна працавала ў звязцы з КПП. Польскія камуністы аказвалі ёй дапамогу вопытнымі кадрамі і літаратурай, падтрымлівалі вызваленчы рух заходнебеларускіх працоўных, іх імкненне да ўз'яднання з працоўнымі Савецкай Беларусі. Са свайго боку КПЗБ з'яўлялася ініцыятарам кампаніі салідарнасці ў Заходняй Беларусі з барацьбой польскіх рабочых і сялян. Яна рашуча выступала супраць антысавецкай знешняй палітыкі польскіх кіруючых колаў, у абарону СССР.

На чале кіраўніцтва КПЗБ стаялі такія выпрабаваныя змагары, як I.К. Лагіновіч, А.А. Алынэўскі, А.С. Славінскі і інш. У яе радах атрымалі выхаванне кіраўнікі рэвалюцыйнай моладзі (КСМЗБ) В. 3. Харужая, М.М. Дворнікаў, С.В. Прытыцкі, В.3. Царук, В.3. Корж і інш. Сярод іх выраслі вядомыя беларускія пісьменнікі М.Танк (Я.I. Скурко), П.С. Пестрак, В.П. Таўлай, М. Васілёк.

У сярэдзіне 30-х гадоў, калі набіраў абароты махавік сталінскіх рэпрэсій, шмат партыйных актывістаў было несправядліва абвінавачана ў здрадніцтве і падвергнута суровым пакаранням. У 1936—1937 гг. былі арыштаваны выкліканыя ў СССР кіруючыя работнікі КПЗБ I.К. Лагіновіч, М.С. Майскі, М.П.Маслоўскі, А.С. Славінскі, В.3. Харужая, шэраг іншых камуністаў. Большасць з іх загінула ў турмах або лагерах.

Гэта быў ўдар па нацыянальна-вызваленчаму руху ў Заходняй Беларусі, у выніку чаго ён аслаб і не мог павесці за сабой працоўных у барацьбе за ўз'яднанне з БССР. Беспадстаўнасць гэтага акта была прызнана ўжо ў 1939 г., калі Сакратарыят ІККІ прыняў рашэнне аб узнаўленні КПП і ў яе складзе КПЗБ і КПЗУ. Аднак пастанова засталася нявыкананай.

У верасні 1939 г. знешнепалітычнае становішча Польшчы рэзка змянілася. Гібельнай для яе стала адмова Лондана і Парыжа ад практычнай рэалізацыі дагавора 1938 г. аб узаемадапамозе з Варшавай у выпадку агрэсіі з захаду. Але канчаткова лёс Польшчы вырашыла заключэнне Сталіным — Молатавым 23 жніўня 1939 г. пакта аб ненападзе з Гітлерам, які быў дапоўнены сакрэтнымі пратаколамі. Згодна пратаколаў тэрыторыя Польшчы і шэрага іншых краін падзялялася на сферы ўплыву СССР і Германіі. Устанаўлівалася, што мяжа гэтых сфер павінна праходзіць па лініі рэк Нарэў, Буг, Вісла, Сан. Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна прызнаваліся сферай інтарэсаў СССР.

Пакт ад 23 жніўня 1939 г. развязаў рукі Германіі на Усходзе. 1 верасня 1939 г. гітлераўская Германія напала на Польшчу, распачаўшы тым самым другую сусветную вайну. Маючы велізарную ваенную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, фашысцкія войскі хутка рухаліся ў напрамку да граніцы СССР. Германіяй была акупіравана амаль уся тэрыторыя Польшчы, яе войскі падступілі да межаў Заходняй Беларусі і нават занялі некаторыя яе населеныя пункты (Брэст).

Пасля таго, як урад Польшчы эмігрыраваў у Румынію, ў адпаведнасці з раней дасягнутай дагаворанасцю з Германіяй аб дэмаркацыйнай лініі раніцай 17 верасня савецкі ўрад аддаў распараджэнне Чырвонай Арміі перайсці савецка-польскую мяжу і «вызваліць» Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь. Гэта рашэнне з адабрэннем было сустрэта савецкімі людзьмі.

Працоўныя гарадоў і вёсак Заходняй Беларусі радасна і з надзеяй сустракалі Чырвоную Армію. У шэрагу месц яшчэ да прыходу савецкіх войск імі раззбройваліся паліцыя і асаднікі. У гарадах узніклі часовыя ўпраўленні, у склад якіх увайшлі і прадстаўнікі Чырвонай Арміі. Яны бралі ў свае рукі кіраўніцтва ўсім палітычным, гаспадарчым і культурным жыццём у занятых раёнах, разгортвалі шырокую кампанію ў падтрымку Савецкай улады. У вёсках з'явіліся сялянскія камітэты, якія прыступілі да размеркавання памешчыцкіх зямель і інвентару сярод сельскага насельніцтва.

Для ўстанаўлення і падтрымання рэвалюцыйнага парадку ў гарадах і мястэчках арганізоўвалася рабочая гвардыя, якая стала апорай новай улады. Падобныя органы ствараліся ў сельскай мясцовасці — «сялянская» міліцыя.

Да 25 верасня савецкія войскі поўнасцю занялі Заходнюю Беларусь. Па дамоўленасці з Германіяй яны спыніліся каля лініі Гродна — Ялаўка — Няміраў — Брэст і далей на поўдзень. Гэта мяжа і была замацавана Дагаворам аб дружбе і граніцы ад 28 верасня 1939 г. паміж СССР і Германіяй.

Пасля заняцця Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі тут пачалося ўстанаўленне савецкага ладу. На шматлікіх мітынгах і сходах насельніцтва праводзіліся рашэнні аб стварэнні органаў Савецкай улады і ўз'яднанні Заходняй Беларусі з БССР. 22 кастрычніка 1939 г. прайшлі выбары ў Народны сход, які павінен быў у заканадаўчым парадку вырашыць пытанне аб уладзе. У выніку ва ўстаноўчы орган Заходняй Беларусі ўвайшлі прадстаўнікі працоўных слаёў насельніцтва ўсіх нацыянальнасцей.

Народны сход Заходняй Беларусі адбыўся 28-30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку. Па дакладу С. В. Прытыцкага была прынята дэкларацыя аб устанаўленні ў Заходняй Беларусі Савецкай улады. Сход вынес таксама рэзалюцыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці. Дэлегаты звярнуліся ў Вярхоўны Савет СССР з просьбай аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і ўз'яднанні яе з БССР.

Нечарговая V сесія Вярхоўнага Савета СССР 2 лістапада 1939 г. прыняла Закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз'яднанні яе з БССР. Нечарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР вітала рашэнне Вярхоўнага Савета СССР і прыняла Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У выніку яе тэрыторыя павялічылася са 125,5 тыс. кв. км. да 225,7 тыс., насельніцтва вырасла прыкладна ў два разы і ў канцы 1940 г. склала больш як 10 млн. чалавек. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі было ліквідавана ранейшае адміністрацыйнае дзяленне і створана пяць абласцей — Баранавіцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і Беластоцкая.

16 лістапада 1939 г. паміж урадамі СССР і Германіі было заключана пагадненне аб перасяленні, у прыватнасці, асоб беларускай нацыянальнасці з польскіх тэрыторый, акупіраваных трэцім рэйхам, на беларускія землі, што адышлі да СССР. Перасялілася шмат беларусаў, частку з якіх напаткаў трагічны лёс на новай радзіме.

У заходніх абласцях Беларусі разгарнуліся сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Тэхнічна рэканструяваліся старыя і пачалі будавацца новыя прамысловыя прадпрыемствы. Ужо за першы год існавання Савецкай улады павялічыўся аб'ём прадукцыі мясцовай прамысловасці. За сем месяцаў быў адноўлены Днепра-Бугскі канал працягласцю ў 201 км., тады як Польшча не здолела зрабіць гэта на працягу 20 гадоў. Было ліквідавана беспрацоўе. 30 тыс. сялянскіх двароў былі «аб'яднаны» ў калгасы. Узрасла колькасць агульнаадукацыйных школ, было адкрыта 12 тэхнікумаў, 4 інстытуты, 5 драматычных тэатраў, 100 кінатэатраў.

Факт уключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР яшчэ недастаткова ацэнены гістарычнай навукай. Безумоўна толькі тое, што ў тых канкрэтных умовах як знешняга, так і ўнутранага характару, ён меў усё ж такі станоўчае значэнне для беларускага народа.

Такім чынам, беларусы першымі зведалі трагізм падзеленасці нацыянальнай тэрыторыі – на савецкую і Заходнюю Беларусь. У пачатку 1921 года паміж Расіяй і Польшчай падпісаны мірны дагавор, згодна з якім да Польшчы адышла значная частка заходнебеларускіх зямель. У такім становішчы насельніцтва Заходняй Беларусі знаходзілася да 17 верасня 1939 г. На працягу ўсяго часу працоўныя Заходняй Беларусі вялі барацьбу з усталяваным рэжымам.

Пасля ўваходжання на тэрыторыю Заходняй Беларусі Чырвонай Арміі тут вядзецца ўстанаўленне савецкага ладу, прымаюцца заканадаўчыя акты аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз’яднанні з БССР. Палітыка ўлады да новых зямель і іх насельніцтва нічым ні адрознівалася ад той, што склалася ў БССР у папярэднія савецкія часы.

Тэма 2. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі

§1. Міжнародная абстаноўка напярэдадні вайны. Узнікненне фашызму

§2. Аб’ектыўныя і суб’ектыўныя прычыны крытычнага становішча СССР на першапачатковым этапе вайны

§3. Абарончая беларуская аперацыя. Акупацыя нямецка-фашысцкімі войскамі тэрыторыі Беларусі. Барацьба беларускага народа з захопнікамі

§4. Вызваленне Беларусі. Фактары антыфашысцкага настрою насельніцтва і крыніцы перамог у Вялікай Айчыннай вайне

§1. Міжнародныя абставіны ў 1933-37 гг. характарызуюцца крайнім абвастрэннем супярэчнасцей. Зноў жа, як і перад І сусветнай вайной, назіраюцца цяжкія вынікі сусветнага эканамічнага крызісу. Эканоміка найбольш буйных краін адкінута назад на некалькі дзесяцігоддзяў. Прамысловая вытворчасць ЗША у канцы 1932 г. складала 50 % ад аб’ёму 1929 г. Англія па выплаўцы чыгуну была адкінута да ўзроўню 1848-1864 гг. Рабочы клас адчувае голад, іншыя бедствы, вядзе барацьбу за паляпшэнне ўмоў жыцця. Расце ўплыў сацыялістычных і камуністычных партый, якія абяцаюць палепшыць стан працоўных. У той жа Германіі ў 1932 г. Камуністычная партыя сабрала на выбарах у Рэйхстаг прыкладна 6 млн. галасоў. У адказ на левы радыкалізм у краінах бярэцца курс на поўнае знішчэнне інстытутаў буржуазнай дэмакратыі. Устанаўліваюцца рэжымы адкрытай дыктатуры найбольш рэакцыйных колаў буйнога фінансавага капіталу, якая абапіраецца на нацысцкія партыі. Фашызм супрацьпастаўляе сябе не толькі камунізму, але і парламенцкай дэмакратыі. Фашысты выступаюць за парадак, дысцыпліну і задушэнне ўсякага голасу пратэсту. У ліку першых паддаюцца нацыяналістычнай прапагандзе італьянцы. Праграмы стварэння новых рабочых месц і іншыя сацыяльныя мерапрыемствы забяспечылі лідэру італьянскіх фашыстаў Б. Мусаліні шырокую народную падтрымку. У 1922 г. ён прыходзіць да ўлады ў гэтай краіне. Італьянскі фашызм паслужыў узорам для падобных рухаў у іншых еўрапейскіх краінах. Дыктатары прыходзяць да ўлады ў Балгарыі, Югаславіі, Аўстрыі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Венгрыі. У 1936 г. генерал Б.Франка ў выніку мецяжу звяргае рэспубліканскі ўрад у Іспаніі і пры падтрымцы італьянцаў і немцаў атрымлівае перамогу. У найбольш завершанай форме тэрарыстычная дыктатура манаполій знайшла сваё выражэнне ў германскім фашызме. Карыстаючыся агульным эканамічным хаосам, а таксама ўмела выкарыстоўваючы настальгію шматлікіх немцаў, А.Гітлер і яго нацыянал-сацыялістычная партыя заваёўваюць усё больш галасоў на выбарах.

У студзені 1933 г. прэзідэнт Веймарскай рэспублікі Пауль фон Гиндэнбург назначыў Гітлера рэйхсканцлерам. У Германіі ўсталёўваецца рэжым нацысцкай дыктатуры.

Пад уздзеяннем нацысцкай прапаганды ў студзені 1935 г. 90% жыхароў Саарскай вобласці выказаліся за далучэнне да Германіі. Праз два месяцы Гітлер аб'явіў аб узнаўленні ўсеагульнай воінскай павіннасці, што супярэчыла Версальскаму мірнаму дагавору. У сакавіку 1936 г. Германія выступіла супраць Лакарнскіх дагавораў і ўвяла войскі ў Рэйнскую зону, якая была дэмілітарызавана ў 1918 г.

У выніку зговару А.Гітлера з Б.Мусаліні, Н.Чэмберленам і Э.Даладзе ў Мюнхене ў верасні 1938 г. было вырашана пытанне Чэхаславацкіх Судзет, якія адыходзілі да Германіі, а ў сакавіку нямецкія войскі ўступілі ў Прагу. Дэмакратычныя краіны, у прыватнасці Англія і Францыя, аказваюцца няздольнымі змагацца са з'яўленнем усё новых дыктатур. Фашысцкія рухі развіваюцца, і ў барацьбу з імі ўступаюць камуністычныя партыі, кіруемыя Камінтэрнам.

Еўропа апынулася напярэдадні Другой сусветнай вайны.

Палітыка і ідэалогія фашызму адлюстроўвалі імкненне імперыялістычнага капіталу Германіі да сусветнага панавання. У аснову палітыкі германскага фашызму была пакладзена тэорыя “жыццёвай прасторы”. Яе сутнасць: “цяжкае становішча нямецкіх працоўных выклікана празмернай шчыльнасцю насельніцтва ў Германіі, недастатковай яе тэрыторыяй. І таму адзіным сродкам паляпшэння жыцця народа ёсць пашырэнне “жыццёвай прасторы.” Гэта заклік да захопу чужых зямель. Такім чынам, захоп новых тэрыторый для насельніцтва Германіі як бы меў усеагульную карысць.

Японскі імперыялізм, які ўступіў на шлях навукова-тэхнічнай рэвалюцыі са спазненнем, па тэмпах развіцця да гэтага часу пакінуў сваіх канкурэнтаў далёка ззаду. Рэзка ўзрасла яго агрэсіўнасць. Прыкладна такое ж становішча і ў Італіі. Тры маладыя “драпежнікі” імкнуцца да перадзелу свету за кошт Англіі, ЗША, Францыі і іншых краін.

Да 1937 года грунтоўна склаўся блок агрэсіўных дзяржаў – так званая “Вось” Берлін – Рым – Токіо. Германія, Італія і Японія выходзяць з Лігі нацый. Да вясны 1941 г. Германія і Італія захапілі 11 дзяржаў Еўропы з насельніцтвам 142 млн. чалавек.

СССР выступае ў гэты час за калектыўную бяспеку, стварэнне адзінага фронту міралюбівых сіл. У 1935 г. падпісаны дагавор аб узаемнай дапамозе з Францыяй і Чэхаславакіяй.

Што тычыцца Беларусі, то тут напярэдадні вайны пражывала 10,5 млн. чалавек. Тэрыторыя 225,7 тыс.км2 была разбіта на 10 абласцей. Большасць насельніцтва падзяляла курс бальшавікоў на будаўніцтва сацыялізму і падтрымлівала афіцыйную ўнутраную дзяржаўную і міжнародную палітыку. Удзел у выбарах 1938 і 1939 г. прынялі 100 % выбаршчыкаў. У сувязі з ускладненнем міжнароднага становішча працоўныя бездакорна прынялі і больш жорсткія законы аб адказнасці за выпуск недабраякаснай прадукцыі, аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці за дробныя крадзяжы, парушэнні ўнутранага распарадку на працы, пераводзе з 7-гадзіннага на 8-гадзінны рабочы дзень і 7-дзённы тыдзень. Апошнія перадваенныя гады праходзілі ў напружанай працы грамадзян рэспублікі за ажыццяўленне планаў трэцяй пяцігодкі. У калектывах прымаліся павышаныя абавязацельствы.

§2. Звяртаючыся да перыяду Вялікай Айчыннай вайны, да пытанняў аб неверагодна цяжкім становішчы СССР і вялікіх людскіх стратах на яе пачатку, перамогах у ходзе кампаніі 1942, 1943, 1944 і 1945 гг., важна бачыць не асобныя факты, а ўсю іх сукупнасць, сапраўдныя прычынна-выніковыя сувязі мінулых гадоў.

Гэта праца вядзецца гісторыкамі, быўшымі ваенаначальнікамі, публіцыстамі. Беларусь – краіна, дзе дастаткова шмат увагі надаецца ўшанаванню памяці аб ваенных гадах. Амаль у кожным рэгіёне выпушчана кніга “Памяць”, акружаны ўвагай ветэраны вайны. І ўсё ж і напярэдадні 60-годдзя вызвалення Беларусі, як лічаць навукоўцы, яшчэ было шмат “белых плямаў” у гісторыі ваеннага часу, не ўсе падзеі вайны ўзнаўляюцца дакладна.

Шмат спрэчак выклікае пытанне непадрыхтаванасці СССР да вайны ў 1941 годзе. Шукаючы прычыны такога становішча, большасць навукоўцаў і саміх ваенных кіраўнікоў сходзяцца ў думках, якія можна абагульніць так: слабасць Чырвонай Арміі і крытычнасць становішча краіны напачатку вайны абумоўлены шэрагам як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных прычын. Да ліку аб’ктыўных прычын адносяць даволі моцны эканамічны патэнцыял Германіі, да ліку суб’ектыўных - пралікі стратэгічнага і тактычнага плана, дапушчаныя ваенным і палітычным кіраўніцтвам.

Да моманту нападу на СССР Германія прыкладна ўдвая пераўзыходзіла нашу краіну па вытворчасці электраэнергіі, вугалю, чыгуну, сталі. У чатыры разы – па выпуску аўтамабіляў. Эканоміка фашысцкай Нямеччыны была даўно ўжо пераведзена на ваенныя рэйкі, а яе саюзнікі завяршылі такі перавод. Акрамя таго, на службу агрэсіі былі пастаўлены ўсе рэсурсы заваяванай Еўропы. Што тычыцца СССР, то ён толькі прыступіў да выканання 3-га пяцігадовага плана, складзенага з улікам неабходнасці тэхнічнага пераўзбраення арміі і флоту. У 1940 г. амаль кожны 3-ці рубель з бюджэту ішоў на абарону. Без сумнення, патрабаваўся час. Вось часу, магчыма, не хапала.

Да таго ж істотныя перавагі Нямеччына мела і ў асабіста ваенных адносінах: цалкам адмабілізаваная і разгорнутая 5,5-млн. кадравая нямецка-фашысцкая армія нападу мела дасканалае па тым часе ўзбраенне і баявую тэхніку, была добра механізавана, валодала 2-гадовым вопытам ваенных дзеянняў. Адначасова з Германіяй супраць СССР выступілі Італія, Венгрыя, Румынія, Фінляндыя.

У той жа час перааснашчэнне Чырвонай Арміі, па сутнасці, толькі пачалося. Яе часці і злучэнні, якія дыслацыраваліся ў прыграніччы, былі аснашчаны пераважна састарэлымі ўзорамі ўзбраення і тэхнікі. У Заходняй ваеннай акрузе налічвалася толькі 37-70 % штатаў ваеннага часу. З шасці механізаваных карпусоў толькі адзін меў амаль поўную матэрыяльную частку. Асновай танкавага корпусу і авіяцыі гэтай ваеннай акругі былі машыны састарэлых марак. З 8 танкавых дывізій Асобай Заходняй ваеннай акругі, якая 22 чэрвеня 1941 г. была пераўтворана ў Заходні фронт, дзве ўкамплектаваны прыкладна на 50 %, чатыры – менш чым на 50 %, дзве – амаль не мелі танкаў. Нізкай была забяспечанасць транспартам, сучасным узбраеннем. Пісталеты, кулямёты, самазарадныя вінтоўкі і карабіны сталі паступаць у стралковыя часці Чырвонай Арміі толькі ў 1941 г., у той час як войскі праціўніка былі аснашчаны аўтаматычным узбраеннем. Асноўным нашым танкам быў БТ-7, які па брані і па ўзбраенні ўступаў нямецкім Т-3, Т-4. Да восені 1941 г. прамысловасць выпусціла ўсяго 1225 “трыццацічацвёрак” і 639 КВ. Толькі разгортвалася вытворчасць новых самалётаў: за першую палову 1941 г. было выпушчана крыху больш за 2,6 тыс. самалётаў, што павінны былі замяніць устарэлыя канструкцыі. Недастаткова было зенітных і супрацьтанкавых сродкаў.

Дапушчаны таксама памылкі аператыўна-стратэгічнага характару. Усе разлікі будаваліся на тым, што вайна пачнецца з прыгранічных баёў і толькі пасля гэтага будуць уведзены галоўныя сілы. Лічылася, што сілам праціўніка яшчэ давядзецца поўнасцю разгарнуцца, тады як сапраўды яны былі ўжо цалкам разгорнуты і фактычна падрыхтаваны да захопу тэрыторый. Сур’ёзныя пралікі дапушчаны і ў вызначэнні тэрмінаў прывядзення сваіх войскаў у баявую гатоўнасць у прыгранічнай паласе і мабілізацыйнага разгортвання ўзброеных сіл унутраных акругоў.

З вялікім спазненнем пачалася перакідка пяці армій з глыбіні краіны да заходніх межаў. Не было завершана будаўніцтва ўмацаваных раёнаў, не “ўгаданы” накірунак галоўнага ўдару. Цяжкія вынікі мелі сталінскія рэпрэсіі супраць ваенных напярэдадні вайны. У перадваенныя гады армія і флот “страцілі” больш за 40 тыс. камандзіраў і палітработнікаў. Толькі за 1938-1940 гг. былі заменены ўсе камандзіры ваенных акругаў, кожныя 9 з 10 іх намеснікаў. Рэпрэсіі падарвалі дух салдат, наглядалася падзенне дысцыпліны, шмат камандзіраў адчувалі сябе разгубленымі, не здольнымі навесці парадак. Вопыт да тых камандзіраў, што замянілі рэпрэсіраваных, прыходзіў у час баёў і даваўся часцей дарагой цаной: смерцю тысяч людзей.

Непазбежнасць вайны з Германіяй была відавочнай задоўга да яе пачатку. Кіраўніцтва ваеннага ведамства ведала, адчувала блізкасць вайны, але падпарадкоўвалася волі Сталіна, які баяўся справакаваць вайну.

Канцэнтрацыя войскаў Германіі каля нашых межаў праходзіла дастаткова працяглы час. Разведка, і нават перабежчыкі, паведамлялі аб гэтым неаднаразова. План вайны супраць СССР, распрацаваны ў 1940 г., выкладзены ў сакрэтнай дырэктыве № 21, варыянт “Барбароса”, Гітлерам падпісаны 18 снежня 1940 г.

Але Сталін лічыў, што пачатак вайны можна адцягнуць, і загадваў іншым кіравацца гэтым жа. Калі стала ўжо зусім відавочна, што фашысты вось-вось зробяць нападзенне, Сталін і тады не аддаў загад аб прывядзенні войскаў у баявы стан (ваеннага часу). Больш таго, за тыдзень да пачатку вайны 14 чэрвеня 1941 г., безумоўна са згоды Сталіна, ТАСС зрабіла заяву, у якой версія аб рыхтаваўшымся нападзе Германіі на СССР аб’яўлялася правакацыйнай.

§3. Абарончая Беларуская аперацыя бярэ пачатак з першага дня вайны 22 чэрвеня 1941 г. і працягваецца па 9 ліпеня 1941 г. Каля 40 дывізій групы арміі “Цэнтр” з раніцы 22 чэрвеня вялі наступленне на дывізіі першага эшалона Чырвонай Арміі.

У першы ж тыдзень вайны сілы праціўніка павялічваліся. Яны па колькасці ў 1,5 раза пераўзыходзілі войскі СССР (у жывой сіле). Становішча ўскладнялася вялікай стратай самалётаў. Бомбавым ударам падвергліся 26 аэрадромаў, дзе базіраваліся навейшыя тыпы самалётаў. У першы дзень вайны ў Заходняй ваеннай акрузе страчана 738 самалётаў (41 %), у той час як ва ўсёй Чырвонай Арміі было 1200 самалётаў.

Да таго ж камандаванне Заходняга фронту (генерал Дз. Паўлаў) не змагло наладзіць узаемадзеянне войскаў, часам прымала рашэнні, якія не адпавядалі рэальнаму становішчу. Некалькі контрудараў Савецкай Арміі на Брэсцкім і Сувалцкім напрамку, праведзеныя згодна з указаннямі Масквы, не толькі не прынеслі поспеху, але нават былі і шкоднымі. Затрымліванне войскаў Чырвонай Арміі ад своечасовых адыходаў на больш зручныя рубяжы прывяло да іх акружэння. Больш за 10 дывізій Заходняга фронту трапілі ў цяжкае становішча.

У выніку на пачатку ліпеня 1941 г. сілы, што заставаліся ў камандаванні Заходняга фронту, не змаглі стварыць суцэльнага фронту абароны. Пасля замены кіраўніка Заходняга фронту прымаліся захады, каб спыніць наступленне фашыстаў. Жорсткае супраціўленне аказалі войскі Чырвонай Арміі ў раёне Магілёва, арганізавана была абарона на Полацкім, Віцебскім напрамку.

6 ліпеня быў праведзены контрудар Чырвонай Арміі, які ўвайшоў у гісторыю як Лепельскі. Але з-за кепскай яго арганізацыі і слабага прыкрыцця з паветра ён поспеху не меў. Пад вечар 9 ліпеня танкавыя і матарызаваныя дывізіі 4-й арміі праціўніка падышлі да рубяжа Заходняй Дзвіны і Дняпра на ўсім фронце ад Полацкага ўмацаванага раёна да Жлобіна. Слаба абсталяваныя стыкі войск Чырвонай Арміі ліквідаваць у гэты час ніяк не ўяўлялася магчымым. З-за гэтага праціўніку ўдалося 9 ліпеня прарваць абарону 20 і 22 армій і авалодаць Віцебскам.

Да 10 ліпеня нямецка-фашысцкія войскі прасунуліся на 450-600 км, захапілі значную тэрыторыю Беларусі.

За гады Савецкай улады жыццём цэлага пакалення, намаганнямі людзей, нават наперакор штучна створаным цяжкасцям, на Беларусі дасягнуты пэўныя поспехі ў павелічэнні аб’ёмаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, ліквідавана масавая непісьменнасць, адбылося павелічэнне жыццёвага ўзроўню, медыцынскага абслугоўвання і інш.

Пад уплывам змяненняў рэчаіснасці, само сабой зразумела, і ідэалагічнай апрацоўкі, большасць насельніцтва было на баку ўлады, лічыла сябе гаспадарамі краіны і ўдзельнікамі вялікіх падзей. Негатыўныя з’явы і ўсялякія неўладкаванасці адносіліся да часовых. Таму напад Германіі на СССР працоўныя Беларусі сустрэлі з абурэннем, і амаль кожны дарослы яе жыхар думаў і дзейнічаў на карысць абароны Айчыны.

З першага дня вайны жыццё ў Беларусі перабудоўваецца на ваенны лад, Чырвоная Армія атрымлівае ўсебаковую дапамогу: фарміруюцца атрады народных апалчэнняў, якія ўдзельнічаюць у абароне гарадоў Віцебска, Магілёва, Гомеля і інш.; адбываецца мабілізацыя на будаўніцтва абарончых аб’ектаў; на прадпрыемствах разгортваецца вытворчасць і рамонт ваенных прылад; вядзецца эвакуацыя прадпрыемстваў.

На тэрыторыі БССР узброеную барацьбу вялі 1255 партызанскіх атрадаў, якія аб’ядналі 374 тыс. чалавек 70 нацый і народнасцей. Акрамя таго, у гарадах дзейнічала 70 тыс. падпольшчыкаў, каля 60 % тэрыторыі знаходзілася пад кантролем партызан. Шырокая партызанская зона ўтварылася ў Суражскім рэгіёне. У барацьбе супраць фашызму загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. 462 беларусы і ўраджэнцы рэспублікі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці дзейнічаў падпольны абком, гарком, 31 райком партыі, выдавалася газета “Віцебскі рабочы”. У сучасных межах вобласці дзейнічалі прыкладна 6 партызанскіх брыгад, 2 палкі, 30 асобных і спецыяльных партызанскіх атрадаў. Іх узначальвалі вядомыя кіраўнікі партызанскага руху - П.М.Машэраў, А.Ф.Данукалаў, Ф.Ф.Дуброўскі, І.К.Захараў, М.С.Пруднікаў.

Жорсткасць акупацыйнага рэжыму (знішчэнне насельніцтва па тых ці іншых матывах – камуніст, яўрэй, камсамолец, піянер, спачуваючы) толькі ўзмацняла нянавісць да іншаземцаў. Ствараецца сетка падпольных цэнтраў, пярвічных арганізацый і груп, партыйнае і камсамольскае падполле. Складваецца арганізаваны і, што галоўнае, масавы партызанскі рух. Усяго ж на Віцебшчыне дзейнічала 5 партызанскіх зон (Суражская, Расонская, Полацкая, Ушацкая, Сенненская). Адным з першых на Беларусі пачаў дзейнічаць атрад Міная Піліпавіча Шмырова. М.Шмыроў – дырэктар Пудацкай кардоннай фабрыкі, праслаўлены партызанскі камандзір часоў грамадзянскай вайны. 5 ліпеня 1941 г. яго запрасілі ў Суражскі райком партыі. Ён прыняў прапанову як партыйнае даручэнне і разам з сакратаром партыйнай арганізацыі Р.У.Шкрэдам і тэхнаруком П.Н.Голубевым стварыў дзеяздольную партызанскую групу. Да 25 ліпеня ў атрадзе налічвалася 60 чалавек. У гэты ж дзень партызаны Суражскай зоны адкрылі баявы рахунак. У баявой аперацыі знішчана 30 гітлераўцаў. Затым баявыя дзеянні ішлі па ўзрастаючай: у верасні 1941 г. быў разгромлены нямецкі гарнізон у Суражы. Насельніцтва ўсяляк дапамагала М.П.Шмырову. Слава бацькі Міная хутка расла.

На бальшаку Сураж – Усвяты немцы самі ўстанавілі плакаты з надпісам: “Партызанская зона”. Яны аб’явілі вялікае ўзнагароджанне таму, хто выдасць М.П.Шмырова. У якасці заложнікаў фашысты захапілі яго чацвярых малалетніх дзяцей.

Больш шырокія памеры партызанскі рух на паўночным усходзе вобласці набыў зімой 1941-42 гг., калі ў выніку паспяховага наступлення Чырвонай Арміі фронт наблізіўся да граніц Беларусі. Былі створаны так званыя Віцебскія (Суражскія) вароты – 40-кіламетровы разрыў паміж флангамі груп нямецкіх армій “Поўнач”, “Цэнтр”. У канцы лютага 1942 г. з атрадам Шмырова аб’яднаўся атрад С.Т.Воранава. Для больш паспяховага ўзаемадзеяння ствараюцца партызанскія брыгады. Першай партызанскай брыгадай была брыгада, створаная на базе атрада Шмырова.

У ходзе амаль што трохгадовай барацьбы партызан і падпольшчыкаў толькі на Віцебшчыне Нямеччына страціла 113 тыс. салдат і афіцэраў, пад адхон пушчана 1147 эшалонаў, знішчаны 151 танк, збіта 77 самалётаў ворага. За геройствы і мужнасць 19 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

§4. Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбываецца ў 1944 г. Да гэтага ў выніку асенне-зімовага (1943г.) наступлення была вызвалена частка Беларусі. Цалкам або часткова вызвалена 36 раёнаў і 2 абласныя цэнтры (Гомель, Мозыр). Асноўныя падзеі па вызваленні Беларусі звязаны з Беларускай аперацыяй, праведзенай 23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 г. Аперацыя пад кодавай назвай “Баграціён”
мела сваёй задачай разгром групоўкі армій “Цэнтр”, вызваленне Беларусі, пачатак вызвалення Літвы і Польшчы.

На пачатку аперацыі фронт на Беларусі праходзіў на ўсход ад Полацка (возера Нешчарда), Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна і далей да Ковеля. Лінія даўжынёй 1100 км. утварала так званы беларускі выступ (балкон). Планавалася ў час аперацыі прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць. Зрабіць гэта было нялёгка: на тэрыторыі Беларусі вораг стварыў глыбока эшаланіраваную (250-270 км) абарону з умоўнай назвай “Фатэрлянд”, якая абапіралася на развітую сістэму палявых умацаванняў і прыродныя рубяжы (высокія заходнія берагі рэк, забалочанасць і г.д.).

Для здзяйснення аперацыі “Баграціён” Савецкае ваеннае камандаванне вылучыла велізарныя сілы: 2,4 млн. чалавек (Германія мела 1,2 млн. салдат). Шматкратная перавага Чырвонай Арміі наглядалася ў колькасці танкаў і самалётаў. Асаблівае эначэнне надавалася Віцебскаму і Бабруйскаму напрамкам.

Раніцай 23 чэрвеня пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі 1-шы Прыбалтыйскі, 3-ці Беларускі, 2-гі Беларускі франты перайшлі ў наступленне на Віцебскім, Аршанскім, Магілёўскім напрамках. 24 чэрвеня пачалі наступленне войскі 1-га Беларускага фронту на Бабруйскім напрамку. Віцебская група нямецкіх войск была да 27 чэрвеня акружана і разбіта. Віцебск вызвалены 26 чэрвеня. 108 жыхароў сустрэлі армію вызваліцеляў. 3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск. На ўсход ад Мінска савецкія войскі акружылі 105-тысячную групоўку немцаў. Завяршыўся першы этап Беларускай аперацыі. У выніку галоўныя сілы арміі “Цэнтр” былі разбіты, утварыліся магчымасці імклівага наступлення на Захад.

На другім этапе аперацыі (з 5 ліпеня па 29 жніўня) былі ажыццёўлены наступленні на Віленскім, Беластоцкім, Любліна-Брэсцкім, Шаўляйскім напрамку. З вызваленнем 28 ліпеня Брэста выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі закончылася. Да 29 жніўня савецкія войскі вызвалілі большую частку Літвы, частку Латвіі, усходніх раёнаў Польшчы і падышлі да граніц Германіі. Стварыліся добрыя ўмовы далейшага наступлення і пераможнага завяршэння ІІ Сусветнай вайны.

Асноўнымі фактарамі, забяспечыўшымі перамогу, з’яўляюцца адзінства савецкага грамадства і патрыятызм савецкага народа.

Вайна насіла ўсенародны характар. Людзі, што насялялі СССР, з’ядналіся перад агульнай для ўсіх бядой, розумам і сэрцам адчулі, што ў гэтым іх адзіны паратунак. Гэта акалічнасць і стала першай і самай важнай перадумовай немінуючага паражэння Германіі.

Былі, канечне, у краіне, у тым ліку і ў Беларусі, людзі пакрыўджаныя, маладушныя, якія знаходзіліся на баку ворага – калабарацыяністы (людзі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі). На шлях здрадніцтва стала нязначная частка беларускага насельніцтва. Увогуле ж, выявілася рэдкасная еднасць духу. Калі і былі незадаволеныя, то ўсе крыўды былі пакінуты ў баку, таму што вышэй за ўсё для кожнага сумленнага чалавека была абарона свайго дома, сваёй краіны. Не спраўдзіліся надзеі фашысцкіх страцегаў на нацыянальны разлад у СССР. Гістарычны факт: у час вайны наша краіна не ведала нацыянальных спрэчак, усенародная бяда зблізіла ўсіх. Агульную зямлю Радзімы абаранялі прадстаўнікі ўсіх нацый і народнасцей. Бежанцы і эвакуіраваныя знаходзілі прытулак за тысячы кіламетраў.

Рашаючым фактарам перамогі з’явілася арганізатарская дзейнасць КПСС. Яна сапраўды была авангардам у час вайны. Ніколі партыя так поўна не выступала менавіта ў гэтай якасці, як у гады Вялікай Айчыннай вайны. 50 % камуністаў знаходзіліся ў радах узброеных сіл. 3 млн., ці кожны другі, удзельнічалі ў баях. Гітлер загадаў камуністаў у палон не браць, растрэльваць на месцы. “Прывілея” ў камуністаў у час вайны была адна: першымі пакінуць акоп у час наступлення, апошнімі – у адступленні.

Такім чынам, многія краіны прымалі ўдзел у агульнай барацьбе супраць фашысцкага блока, іх намаганні і стойкасць несумненны. Разам з тым аб’ектыўны падыход да гістарычных фактаў 1941-1945 гг. сведчыць аб рашаючай ролі Чырвонай Арміі ў вызваленні народаў Еўропы і Азіі ад фашысцкага рабства, у выратаванні сусветнай цывілізацыі.Чырвоная Армія разбіла галоўныя сілы ваеннай машыны агрэсараў. З 13,6 млн. чалавек, якіх страціла гітлераўская Германія за час Другой сусветнай вайны, 10 млн. знайшлі сабе магілу на ўсходнім фронце. Страты нямецка-фашысцкіх войск на савецка-германскім фронце былі ў 4 разы большыя, чым на заходнееўрапейскім і міжземнаморскім тэатрах ваенных дзеянняў. З гонарам выканаў свой абавязак перад Радзімай і чалавецтвам беларускі народ. Партызанская барацьба, падпольны рух, масавае супраціўленне акупантам мірнага насельніцтва Беларусі, гераічныя дзеянні ўраджэнцаў Беларусі на фронце ператварыліся ў адзін з рашаючых фактараў разгрому фашыстаў.

Пытанні і заданні:1. Ахарактарызуйце стан прамысловасці і сельскай гаспадаркі Заходняй Беларусі. 2. Растлумачце сутнасць паняцця “рэжым санацыі”. 3. Вызначце галоўныя прычыны Другой сусветнай вайны. 4. Адзначце ўклад беларускага народа ў барацьбу супраць фашызму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 5. Назавіце асноўныя формы барацьбы беларускага народа супраць акупантаў. 6. Вызначце фактары, якія забяспечылі Савецкаму народу перамогу над фашысцкай Германіяй.

Глава 2. Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння сусветных звышдзяржаў

Тэма 1. Міжнароднае і эканамічнае становішча краіны пасля ІІ сусветнай вайны

§1. Новая расстаноўка палітычных сіл у свеце

§2. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі:

а) развіццё прамысловасці;

б) развіццё сельскай гаспадаркі

§1. Другая сусветная вайна закончылася перамогай краін антыгітлераўскай кааліцыі. Яна прывяла да новай расстаноўкі палітычных сіл у свеце. Рашэнні Крымскай канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (4-11.02.1945 г.) заклалі асновы пасляваеннага становішча. У адпаведнасці з дамоўленасцямі на Крымскай канферэнцыі ў красавіку – чэрвені 1945 г. прайшла устаноўчая канферэнцыя Аб’яднаных нацый. У яе рабоце ўзялі ўдзел дэлегацыі 50 краін, у тым ліку БССР. 26 чэрвеня 1945 г. прыняты статут ААН, у якім зафіксаваны мэты арганізацыі па падтрымцы міжнароднага міру і бяспекі, развіццю дружалюбных адносін паміж нацыямі, ажыццяўленню міжнароднага супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і гуманітарнага характару. Праз Статут краіны, уваходзячыя ў ААН, прынялі на сябе абавязацельствы дзейнічаць у адпаведнасці з такімі прынцыпамі як: суверэнная роўнасць дзяржаў; вырашэнне міжнародных спрэчак выключна мірнымі сродкамі; неўмяшанне ў справы, якія тычацца ўнутранай кампетэнцыі любой дзяржавы; адмаўленне ў міжнародных адносінах ад пагрозы сілай або яе прымяненне супраць тэрытарыяльнай недатыкальнасці і палітычнай цэльнасці любой дзяржавы і інш.

Галоўнымі органамі ААН сталі Генеральная асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і Сацыяльны саветы, Савет па апецы, Міжнародны суд.

Пазней (17.07. – 02.08.1945 г.) на Патсдамскай канферэнцыі з удзелам СССР, ЗША, Вялікабрытаніі абмеркаваны пытанні пасляваеннага становішча Германіі. Краіны пагадзіліся з аднаўленнем у далейшым дзяржаўнага адзінства і развіцця Германіі як міралюбівай дзяржавы. Тут былі падцверджаны і канкрэтызаваны прынцыпы поўнай дэмілітарызацыі, дэманапалізацыі, дэнацыфікацыі і дэмакратызацыі Германіі. Патсдамскае пагадненне ўключала раздзел аб рэпарацыях, а таксама вырашала некаторыя тэрытарыяльныя пытанні: горад Кёнігсберг (з 1946 г. – Калінінград) і прылеглы да яго раён былі перададзены СССР. Заходняя мяжа Польшчы ўстанаўлівалася па лініі Одэр-Заходняя Нейсе. Частка Усходняй Прусіі, якая не адышла да СССР, а таксама тэрыторыя былога свабоднага горада Данцыга (Гданьска) перададзены Польшчы. Асобныя тэрыторыі Італіі перададзены Францыі, Югаславіі, Грэцыі. Фінляндыя вяртала СССР вобласць Петсамо (Пячэнга), уступала ў арэнду раён Поркала-Уд.

У выніку Другой сусветнай вайны склаліся спрыяльныя ўмовы для нацыянальна-вызваленчага руху. Рэзка ўзрастае колькасць краін сацыялістычнага тыпу: такімі становяцца Албанія, Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Румынія, Чэхаславакія, Югаславія, В’етнам, Карэя, Кітай, з 1950 г. – ГДР, Куба. Вызваленне гэтых краін Савецкай Арміяй, разгром Германіі і Японіі спрыялі ўстанаўленню тут рэжыму народнай дэмакратыі.

Калі да ІІ сусветнай вайны сацыялізму належала 17% тэрыторыі зямнога шара і 9 % насельніцтва, то ў 1955 г. сусветная сістэма сацыялізму займала больш за 25 % тэрыторыі і 35% насельніцтва. Як бачна, свет раскалоўся на дзве супрацьлеглыя сістэмы. Уладальнікі ядзернай зброі, цэнтральныя дзяржавы СССР і ЗША павялі барацьбу за геапалітычную перавагу. Прэзідэнт ЗША Г.Трумэн у сакавіку 1947 г. запрасіў у Кангрэса сваёй краіны 400 млн. долараў на “падтрымку свабодным народам, якія супраціўляюцца спробам закабалення, зыходзячым ад узброенай меншасці або знешняга ціску”. Гэта дактрына з’явілася палітычным касцяком шырокамаштабнай стратэгіі “стрымлівання камунізму”, а яе эканамічным стрыжнем стаў “план Маршала”. Дж. Маршал – Дзяржаўны сакратар ЗША ў чэрвені 1947 г. прапанаваў аказаць эканамічную дапамогу еўрапейскім дзяржавам з мэтай аднаўлення разбуранай у гады Другой сусветнай вайны эканомікі.

Зразумела, што эканамічная дапамога з боку ЗША ў такім памеры прадугледжвала не толькі змякчэнне сусветнага эканамічнага крызісу, але і падпарадкаванне эканомікі заходнееўрапейскіх краін ЗША. Да “плана Маршала” далучылася 16 краін (Вялікабрытанія, Францыя, Аўстрыя, Бельгія, Галандыя і інш.). Ажыццяўляўся “план Маршала” у выглядзе бязвыплатнага дару ў доларах”, бязвыплатнага забеспячэння таварамі і ў форме крэдытаў. СССР адмовіўся ад удзелу ў “плане Маршала” і прапанаваў альтэрнатыву “план Молатава”. Праз “план Маршала” ЗША атрымалі саюзнікаў у глабальным супрацьстаянні звышдзяржаў. Замацаванне тэндэнцыі да канфрантацыі ў адносінах Усход – Захад прывяло да падпісання ў Вашынгтоне ў красавіку 1949 г. Паўночнаатлантычнага пакта (НАТА), а затым і СЕАТА (1954 г. ) і адказ на гэта – стварэнне ў 1955 г Варшаўскага блока. Паміж імі пачынаецца палітычнае, эканамічнае, ваеннае супрацьстаянне. Каб дасягнуць ваеннага парытэту, важнае месца бакі адвадзілі стварэнню сучаснага ўзбраення. У той жа час кіраўніцтвам СССР вылучаецца прынцып мірнага суіснавання ў якасці прынцыпа суадносін паміж супрацьлеглымі сістэмамі.

§2. а).Вайна нанесла народнай гаспадарцы і культуры Беларусі велізарныя страты: разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак. Разбураны амаль усе прамысловыя прадпрыемствы. Поўнасцю знішчана маёмасць калгасаў і саўгасаў, знізілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У Беларусі засталося 5 % даваенных энергетычных магутнасцей. Яна страціла больш за 50 % свайго нацыянальнага багацця, кожнага чацвёртага жыхара (пры новым падліку кожнага трэцяга).

Нельга пералічыць усё, што спалена, разбурана, разрабавана, вывезена ў Германію, але магчыма адзначыць, што застаўшаяся пасля вайны прамысловасць Беларусі адкінута ў стан сярэдзіны 20-х гг., а ўзровень жыцця насельніцтва (забяспечанасць харчаваннем, вопраткай, абуткам, медыцынскай дапамогай, магчымасці матэрыяльнай базы культуры) без перабольшвання ў пачатак аднаўлення пасля грамадзянскай вайны. Аднаўленне народнай гаспадаркі БССР пачалося па меры вызвалення тэрыторыі. На дапамогу прыйшлі ўсе рэспублікі Савецкага Саюза, завозілася прамысловае абсталяванне, трактары, камбайны, прыехалі падрыхтаваныя спецыялісты.

Складаным і цяжкім быў пераход да мірнага будаўніцтва. І тым больш трэба адзначыць, што аднаўленне разбурэнняў вялося з вялікім напружаннем сіл і велізарным уздымам, патрыятычным энтузіязмам.

У верасні 1946 г. быў прыняты пяцігадовы план аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі БССР (1946-1950 гг.). Асноўная задача гэтай пяцігодкі заключалася ў тым, каб аднавіць разбурэнні вайны і дасягнуць даваеннага ўзроўню, а затым перавысіць гэты ўзровень у значных памерах. План устанаўліваў канкрэтныя заданні па аднаўленні разбураных вайной прадпрыемстваў. Асаблівае значэнне надавалася развіццю вядучых галін прамысловасці: энергетыцы, машынабудаванню, хіміі. Неабходна было пераадолець эканамічную і тэхнічную адсталасць заходніх абласцей Беларусі.Развіццё прамысловасці ў Беларусі ў пасляваенны час адбывалася на больш высокай тэхнічнай аснове, ішло хуткімі тэмпамі, якія значна перавышалі даваенныя

За гады вайны тэхнічная думка зрабіла крок наперад, і прадпрыемствы, якія будаваліся ў БССР, улічвалі гэта. Яны атрымлівалі сучасную тэхніку і новую тэхналогію. Выкарыстана і частка тэхнічнага прамысловага абсталявання, атрыманага па рэпарацыях з Германіі.

Для аднаўлення прамысловасці БССР за 4-ую пяцігодку былі ажыццёўлены будаўнічыя работы, якія перавысілі па аб’ёме тры даваенныя. У 1950 г. прамысловасць выпусціла валавай прадукцыі на 15 % больш, чым у 1940 г. У Мінску пабудаваны ў гэтай пяцігодцы аўтамабільны і трактарны завод, у Оршы – завод швейных машын; у Віцебску – дывановы камбінат.

Віцебшчына за гады 4-й пяцігодкі стала адным з цэнтраў станкабудавання і металаапрацоўкі, яна ж адраджалася і як цэнтр лёгкай прамысловасці. У планах пяцігодкі ўлічвалася, што прамысловасць вобласці ў выніку цяжкіх для яе страт не ў стане будзе за пяць год дасягнуць даваеннага ўзроўню вытворчасці. Тут намячалася выпусціць валавай прамысловай прадукцыі прыкладна 80 % да ўзроўню 1940 г.

У пачатку 50-х гг. назіраецца паскоранае разгортванне навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У гады 5-й пяцігодкі (1951-1955 гг.) у БССР апераджальнымі тэмпамі ідзе развіццё тых галін прамысловасці, якія забяспечваюць навукова-тэхнічны прагрэс усёй народнай гаспадаркі: машынабудавання, металаапрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці. Бярэцца накірунак на індустрыяльнае развіццё. У выніку адбываецца значнае ўдасканаленне тэхнікі і тэхналогіі, механізацыя вытворчасці. У асобных галінах ужо выкарыстоўваецца аўтаматыка. Высокамеханізаванымі сталі торфапрадпрыемствы, прадпрыемствы швейнай прамысловасці.

На больш высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі выводзіцца беларуская прамысловасць ад сярэдзіны 50-х да сярэдзіны 60-х гг. У гэты час прыярытэтнай галіной (з 1958 г.) становіцца хімічная прамысловасць. Шмат увагі надаецца развіццю галін цяжкай прамысловасці. З 1956 па 1965 г. у рэспубліцы пабудаваны прадпрыемствы-гіганты: Белаўтазавод (Жодзіна), Полацкі нафтаперапрацоўчы завод, Мінскі маторны, Полацкі завод “Шкловалакно”, завод аўтаматычных ліній (Мінск) і іншыя.

У вялікіх памерах вялося жыллёвае будаўніцтва, будаўніцтва школ, культурна-асветных і навуковых устаноў. Будаўнічая галіна становіцца буйнейшай у рэспубліцы. Створаны магутныя будаўнічыя арганізацыі. У 1948 г. на будоўлях было занята больш за 30 тыс. чалавек, а ў 1965 г. – ужо 171,3 тыс. Будаўнікі прымяняюць перадавую па тым часе тэхніку. У 50-х гадах робіцца пераход на індустрыяльнае будаўніцтва на аснове ўкаранення зборнага жалезабетону. Вялікая колькасць людзей атрымала жыллё.

За гады вайны прыйшлі ў заняпад усе віды транспарту. Аднаўленне чыгуначнага транспарту прыйшлося пачынаць у складаных умовах. Не хапала паравозаў, рухомага саставу. Вялося будаўніцтва чыгуначнага палатна, уводзіліся вакзалы, паравозныя і вагонныя дэпо. У 1965 г. удалося дасягнуць не толькі даваеннага ўзроўню перавозак грузаў і людзей, а значна (у 2,6 раза) пераўзысці іх. Аб’ём перавозак аўтамабільным транспартам у 1965 г. узрос у параўнанні з 1940 г. у 65 разоў. У 1960 г. на лініі гарадоў Мінск, Гомель выйшлі тралейбусы. Былі зрухі і ў водным, і ў паветраным транспарце.

У кіраўніцтве прамысловасцю рубежнымі сталі 1957 і 1965 гг. У лютым 1957 пасля ўказанняў з цэнтра адбылася перабудова кіравання прамысловасцю і будаўніцтвам шляхам пераносу кіраўніцтва прадпрыемствамі на месцы. Скасаваны шэраг міністэрстваў і ведамстваў, створаны Савет народнай гаспадаркі (СНГ). Беларусь склала адзіны эканамічны раён. Гэта быў пераход ад галіновага да тэрытарыяльнага прынцыпу кіравання.

У сярэдзіне 60-х гг. кіраўніцтва краіны прызнала, што эканоміка саюзных рэспублік не адпавядае патрабаванням часу. Пагоршыліся паказчыкі, якія характарызавалі эфектыўнасць працы: высокімі былі затраты на адзінку прадукцыі, замарудзіліся тэмпы росту прадукцыйнасці працы, знізіўся каэфіцыент выкарыстання асноўных фондаў, прадпрыемствы не былі зацікаўлены ва ўкараненні навейшых дасягненняў. Стала зразумела, што такім шляхам спаборніцтва ў капіталістычных краін выйграць немагчыма. Вераснёўскі (1965 г.) Пленум ЦК разгледзеў пытанне “аб паляпшэнні кіраўніцтва прамысловасцю і ўзмацненні эканамічнага стымулявання прамысловай вытворчасці”. Выпрацаваная і прынятая праграма прадугледжвала ўвядзенне ў дзеянне дзяржразліковых і таварна-грашовых механізмаў. Скарочаны шэраг паказчыкаў кантролю за дзейнасцю прадпрыемстваў, галоўным паказчыкам прызнана атрыманне прадпрыемствам прыбытку.

Вынікі рэформы аказаліся неблагімі. Эканамісты называюць 8-ю пяцігодку (час укаранення рэформы) “залатой”. Сапраўды, па ўсіх сацыяльна-эканамічных паказчыках перыяд 1966-1970 гг. быў лепшым за апошнія 30 год. Прадукцыйнасць працы ўзрасла на 39%. Павысіўся тэхнічны ўзровень прадпрыемстваў, на іх абсталяваны паточныя і аўтаматычныя лініі, больш стала комплексна-механізаваных вытворчасцей, участкаў і цэхаў. У Беларусі за 1966-70 гг. уведзена 50 буйных прадпрыемстваў. У Віцебскай вобласці ў гады 8-й пяцігодкі ў лік дзеючых уступілі першыя тры агрэгаты Лукомльскай ДРЭС, Полацкі хімкамбінат, дзве ўстаноўкі па першапачатковай пераапрацоўцы нафты. Прадпрыемствы вобласці мелі добрыя паказчыкі: у пачатку 1971 года прыбытак іх узрос удвая, аб’ём вытворчасці – на 78%, вытворчасць працы – на 43%. Гэтыя паказчыкі былі вышэй, чым у БССР і ў краіне ў цэлым. Рэспубліка датэрмінова выканала пяцігадовы план па ўсіх асноўных паказчыках. Аб’ём вытворчасці павялічыўся прыкладна на 80% замест 70 планавых.

Як бы па інерцыі фактары, што садзейнічалі ўздыму эфектыўнасці, дзейнічалі і ў першай палове 70-х гг. У БССР у строй увайшлі 90 новых буйных прамысловых прадпрыемстваў, прадукцыйнасць працы ўзрасла больш чым на 43%, аб’ём прамысловай прадукцыі – на 64%.

Як бачна, на працягу нейкага часу гаспадарчая рэформа надала пэўны і відавочны імпульс эканамічнаму развіццю. Яна развязала ініцыятыву калектываў, стымулявала развіццё вытворчых аб’яднанняў, унутры якіх на больш высокім узроўні вырашаліся пытанні тэхнічнага пераўзбраення, удасканалення арганізацыі працы, сацыяльныя праблемы.

Станоўчыя вынікі назіраліся ў развіцці будаўнічай індустрыі, транспарту, сувязі. У БССР у 1965 г. налічвалася 355 падрадных будаўнічых і мантажных арганізацый, у 1975 г. – ужо 760, пашыралася іх матэрыяльна-тэхнічная база, укараняліся новыя тэхналогіі, рэзка ўзрасла прадукцыйнасць працы. Шмат узводзілася жылля, устаноў сферы народнай асветы, культуры, навукі, быту.

Беларуская чыгунка, якая была сярод чыгунак СССР як бы палігонам для апрабавання ўсяго новага, у 8-й пяцігодцы поўнасцю перайшла на перавозкі грузаў і пасажыраў цеплавозамі і электравозамі, перавага надавалася толькі велікагрузным саставам. Цалкам электрыфікавана асноўная чыгуначная лінія Беларусі Брэст – Масква.

Аўтамабільны транспарт папаўняўся больш камфартабельнымі аўтобусамі, больш моцнымі грузавымі аўтамабілямі, насельніцтва набыло вялікую колькасць аўтамабіляў асабістага карыстання. З 1984 г. у Мінску пачало дзейнічаць метро. Што тычыцца рачнога транспарту, то ў Беларусі ён не меў такога значэння, як у іншых рэгіёнах. У 1985 г. на яго прыпадала толькі 2,4 % грузаабароту.

Трэба аддаць належнае сувязістам рэспублікі. Пошта, тэлеграф, тэлефон, радыё, тэлебачанне ў асноўным задавальнялі ўзрастаючыя запатрабаванні насельніцтва. Лісты, пасылкі, грашовыя пераводы прыходзілі да адрасатаў своечасова. Тут дзяржаўная цэнтралізаваная сістэма фукнкцыянавала амаль што бездакорна. Магчыма, не даставала высокай тэхнічнай абсталяванасці на тэлеграфе, наглядалася адставанне ад развітых краін у якасці і колькасці тэлефонаў на 10 тыс. жыхароў. У той жа час колькасна пашыралася радыё і тэлебачанне: ад 1965 да 1985 лік радыёкропак вырас у 3 разы, тэлевізараў – у 8 разоў.

б). У пасляваенны час асабліва прыкметна адставала сельская гаспадарка. Гэта звязана з разбурэннямі ў час вайны, з прымусовай калектывізацыяй індывідуальных гаспадарак, з неабдуманым узбуйненнем калгасаў. Адсутнасць прынцыпу матэрыяльнай зацікаўленасці, высокія нормы грашовых падаткаў, абавязковыя пастаўкі дзяржаве (без уліку ўраджаю), недахоп спецыялістаў, тэхнікі – вось прычыны масавага адтоку сялян з вёскі і невысокая эфектыўнасць працы калгаснікаў.

Такое становішча прымусіла ўлады звярнуць увагу на гэтую галіну гаспадаркі. У 1953 г. робіцца спроба пераламіць склаўшаеся становішча ў сельскай гаспадарцы. На вераснёўскім (1953 г.) Пленуме ЦК КПСС упершыню былі вызначаны меры па эканамічным умацаванні сельскагаспадарчай вытворчасці, пашырэнні самастойнасці калгасаў і саўгасаў, матэрыяльнай зацікаўленасці сялян. Пасля Пленума ЦК паніжаны грашовы падатак з калгаснікаў (прыкладна ў 2 разы), рэзка павялічаны закупачныя цэны на мяса, малако, масла, бульбу і агародніну, значна паніжаны нормы абавязковых паставак дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі, бульбы і агародніны як калгасамі, так і асабістымі гаспадаркамі калгаснікаў. На работу ў калгасы і саўгасы рэспублікі за 1953-54 гг. накіравана прыкладна 6 тыс. аграномаў, тэхнікаў і іншых спецыялістаў. Аказала дапамогу БССР у кадрах Ленінградская вобласць. Вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы вобласці накіравалі ў БССР больш за 200 інжынераў і тэхнікаў. У вялікай колькасці вялася падрыхтоўка спецыялістаў у самой рэспубліцы: за 1965 г. з вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў рэспублікі выпушчана 7350 спецыялістаў.

Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база сельскай гаспадаркі. У 1956 г. магутнасць трактарнага парка ў калгасах рэспублікі ўзрасла (у параўнанні з 1950 г.) больш чым у 2 разы, колькасць камбайнаў павялічылася ў 5,5 раза. У 1965 г. на палетках працавала 43 тыс. аўтамабіляў, 55 тыс. трактароў, 13,5 тыс. камбайнаў. Важнае значэнне мела перадача ў 1958 г. тэхнікі з МТС у калгасы і саўгасы. Гэта прывяло да ўмацавання іх матэрыяльна-тэхнічнай базы. Наглядаліся прыклады творчых адносін да працы калгаснікаў. Да такіх гаспадарак належыў калгас “Рассвет” Магілёўскай вобласці – старшыня К.П.Арлоўскі. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі рэспублікі ў 1958 г. у параўнанні з 1953 г. склала больш за 200 %.

У 1954 г. лютаўска-сакавіцкі Пленум ЦК КПСС указаў на даступную і хуткую крыніцу павелічэння вытворчасці зерня: асваенне цалінных і абложных зямель. Планавалася асвоіць 13 млн. га, затым яшчэ больш - 28-30 млн. га. Узарана ў 1956 г. 33 млн., у 1957 г. – 36 млн. га. 35 тыс. маладых людзей з Беларусі выехалі на асваенне казахстанскіх стэпаў. Але бачных зрухаў у лепшы бок у сельскай гаспадарцы СССР да сярэдзіны 60-х гг. не адбылося. Пасля 1959 г. тэмпы яе развіцця, што назіраліся ў 1954-1958 гг., панізіліся. Асабліва няўдала складвалася становішча ў жывёлагадоўлі. Мала дапамагло тут і шэфства камсамола. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы, свіней, авец і птушкі з 1959 па 1964 г. рэзка скарацілася, знізіліся і надоі малака. Тэмпы росту сельскагаспадарчай прадукцыі значна адставалі ад прамысловасці, сельская гаспадарка не задавальняла патрэбы працоўных у сельскагаспадарчых прадуктах, прамысловасць – у сыравіне.

На сакавіцкім Пленуме ЦК КПСС (1965 г.) названы прычыны адставання сельскай гаспадаркі. Яны заключаліся ў недастатковым ўліку, а часта і парушэннях эканамічных законаў, а таксама прынцыпу суадносін грамадскіх і асабістых інтарэсаў калгаснікаў.

Пасля чаго калгасам і саўгасам спісалі даўгі, выдаткавалі сродкі: за 1966-1970 гг. у сельскую гаспадарку Беларусі было ўкладзен 1,4 млрд. рублёў, асушана больш за 900 тыс. гектараў забалочаных зямель. Калгасы і саўгасы аснашчаліся новай тэхнікай. Расла іх фондаўзброенасць і энергаўзброенасць. У сярэдзіне 70-х гадоў на кожную гаспадарку прыпадала ў сярэднім 37 трактароў, 10 збожжаўборачных камбайнаў. Ручная праца замянялася машынамі і механізмамі (даенне кароў, вываз навозу і г.д.). Выкарыстоўвалася ўжо і сельскагаспадарчая авіяцыя. У шырокіх памерах развівалася хімізацыя і меліярацыя.

Перавод сельскай гаспадаркі на індустрыяльную аснову патрабаваў падрыхтаваных кадраў. Спецыялістаў. рыхтавалі ВНУ і сярэднія навучальныя ўстановы. Па колькасці падрыхтаваных спецыялістаў СССР і БССР апярэджвалі ўсе краіны. У сярэдзіне 70-х гг. на кожны калгас і саўгас прыпадала 20 спецыялістаў. З дзяржаўнага бюджэту выдаткоўваліся сродкі на папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўку кадраў, развіццё сацыяльнай сферы вёскі.

Аднак усё тыя ж прычыны (высокія затраты на адзінку прадукцыі, безгаспадарчасць) перашкаджалі атрымаць адэкватныя канчатковыя вынікі ў гэтай галіне гаспадаркі. Тэмпы прыросту сельскагаспадарчых прадуктаў былі невялікімі, насельніцтва расло колькасна хутчэй, чым прадукцыя сельскай гаспадаркі. У 1959-1965 гг. прадукцыя сельскай гаспадаркі павінна была вырасці на 70 %. Рост за 6 год склаў толькі 10 %. Валавая прадукцыя за 5 год (1961-1965 гг.) узрасла толькі на 1,9 %. Удоі малака знізіліся (1959-1964 гг.) на 370 кг.

Не раз яшчэ да 1985 г. прымаліся “рашучыя” меры па ўздыму сельскай гаспадаркі, але і яны належнай аддачы не далі. Праўда, у БССР вытворчасць сельскагаспадарчых прадуктаў была наладжана лепей, чым у СССР увогуле. У 1988-89 гг. збор збожжа ў рэспубліцы на душу насельніцтва раўняўся 832 кг (для параўнання ў ЗША – 842), вытворчасць мяса – 117 (ЗША – 122), малака – 726 (ЗША – 268), бульбы – 1085 (ЗША – 65).

Ітак, нягледзячы на моцны камандны ўціск партыйных камітэтаў, на цэлы шэраг захадаў дзяржавы, у тым ліку правядзенне змен у кіраванні, удасканальванне планавання навукова-даследчых работ, нацэліць прамысловыя прадпрыемствы на рэзкае павышэнне эфектыўнасці і якасці вырабляемай прадукцыі, на паскарэнне НТП, развіццё сапраўднай зацікаўленасці рабочага і калгасніка ў выніках працы, ініцыятывы і прадпрымальнасці не ўдалося.

Такім чынам, пасля завяршэння Другой сусветнай вайны ў свеце наглядаецца новая расстаноўка палітычных сіл. Побач з дзяржавамі капіталістычнага накірунку развіцця склалася вялікая група краін, арыентырам якіх стала будаўніцтва сацыялізму.

Пачаўшы мірнае будаўніцтва, беларускі народ за першую пасляваенную пяцігодку аднавіў прамысловасць, сельскую гаспадарку, прадпрыемствы і ўстановы сацыяльна-культурнай сферы, гарады і вёскі. Большасць людзей працавала з вялікім напружаннем сіл, без разліку на ўзнагароды, матэрыяльнае і маральнае заахвочванне.







Дата добавления: 2014-10-22; просмотров: 1141. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2022 год . (0.097 сек.) русская версия | украинская версия