Паходжанне назваў “Белая Русь” і “Чорная Русь”, “Беларусь”.
Семестр 2015/2016навчального року Денної форми навчання
Погоджено: Начальник навчального відділу______Соколова Н.П. Семінар № 1. Гістарычныя этапы фарміравання беларускага этнасу. План: Тэарэтычныя канцэпцыі паходжання беларусаў. Этнас і яго формы. Этнаўтваральныя фактары. Фарміраванне беларускай народнасці. 4. Нацыяўтваральныя працэсы на беларускіх землях у ХІХ – пачатку ХХ стст. Паходжанне назваў “Белая Русь” і “Чорная Русь”, “Беларусь”.
1. Тэарэтычныя канцэпцыі паходжання беларусаў Славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы. Яго храналагічныя рамкі: ІV – V стст. н.э. – да нашага часу. Адным з самых складаных у гісторыі Беларусі з’яўляецца пытанне: як і калі з раней названых славянскіх, славяна-балцкіх супольнасцей і іншых груп насельніцтва сфарміравалася беларуская народнасць, як узнікла Беларусь? Адказаць на гэтыя пытанні адназначна нельга. Справа ў тым, што ў навуцы няма адзінай думкі наконт гэтых праблем. Адны даследчыкі сцвярджаюць, што беларусы як этнас ужо існавалі ў ХІІІ ст., а працэс фарміравання беларускай народнасці пачаўся яшчэ ў VІІ – VІІІ стст. (Г. Штыха ў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Паводле У. Сядова, беларуская этнічная супольнасць склалася ў ХІІІ – ХІV стст. М. Грынблат лічыць, што фарміраванне беларусаў адбывалася ў ХІV – ХVІ стст. Ёсць іншыя меркаванні. Няма адзінага погляду і на пытанні аб продках беларусаў. Узнікла мноства канцэпцый, якія ўзаемавыключаюць адна адну. У ХІХ ст. з’явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. Творцы велікарускай канцэпцыі (А. Сабалеўскі, І. Сразнеўскі і інш.) сцвярджалі, што Беларусь – частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы. Памылковасць гэтых канцэпцый выяўлена даследаваннямі па беларускай мове. Яшчэ ў пачатку ХХ ст. выдатны беларускі славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы “Беларусы” (Варшава; Петраград. 1903 – 1922. Т. 1 – 3) пераканаўча даказаў, што беларуская мова з’яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай. У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя. Яе аўтарамі былі М.Пагодзін, В.Ластоўскі і інш. Яна заснавана на памылковым уяўленні аб тым, што продкамі беларусаў з’яўляюцца крывічы. Аўтары канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і прапаноўвалі называць беларусаў крывічамі, а Беларусь – Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі. А як жа ўзнікла паўднёвабеларускае насельніцтва? На гэта пытанне крывіцкая канцэпцыя адказу не дае. Няма ў данай канцэпцыі тлумачэння і таго, чаму на частцы тэрыторыі, якую займалі крывічы, пазней сфарміравалася велікаруская народнасць. Аднак самая вялікая памылка крывіцкай канцэпцыі выяўляецца ў храналагічнай неадпаведнасці знікнення крывічоў і з’яўлення беларускага этнасу. Крывічы зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., а беларусы як этнас да гэтага часу яшчэ не сфарміраваліся. NB. Гэта з пункту гледжання марксізма. Але сучасная этнаграфія лічыць, што этнас пачынае фарміравацца разам з дзяржаўнасцю. Беларуская дзяржаўнасць пачынае фармірафаца з часоў калі не Рагвалода, то Усяслава Чарадзея (сяр. XI ст.). Гэта падмацоўвае крывіцкую канцэпцыю. Аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі вырашылі пераадолець вядомы беларусазнаўца Я.Карскі, гісторык-славіст У.Пічэта, даследчык этнічнай гісторыі Беларусі М. Грынблат, вядомы гісторык М.Доўнар-Запольскі. Яны ўключылі ў склад продкаў беларусаў не толькі крывічоў, але таксама дрыгавічоў і радзімічаў. Адсюль і назва канцэпцыі – крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая. Аднак і гэта канцэпцыя, як і папярэдняя, не ўлічвае таго факта, што дрыгавічы і радзімічы, як і крывічы, зніклі да сярэдзіны ХІІ ст., калі агульнабеларускі этнічны комплекс яшчэ не сфарміраваўся.
|