Студопедия — Культура Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Культура Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.






Значны ўплыў на культурнае жыццë беларускіх зямель ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. аказала ўключэнне Беларусі ў склад Расійскай імперыі. У пачатку ХІХ ст. імператарам Аляксандрам І была праведзена новая ліберальная па сваёй сутнасці рэформа ў галіне адукацыі. У 1802 г. было створана Міністэрства народнай асветы і 6 вучэбных акруг. Беларускія землі ўвайшлі ў Віленскую навучальную акругу. Папячыцелем гэтай акругі быў прызначаны былы магнат Рэчы Паспалітай Адам Чартарыйскі. У 1803 г. існаваўшая ў Вільні Галоўная Літоўская школа была пераўтворана ў Віленскі універсітэт, які стаў цэнтрам навучальнай акругі. Паводле школьнага статута 1804 г., сістэма адукацыі будавалася па прынцыпе адзінства і пераемнасці: кожная школьная ступень была звязана з папярэдняй і наступнай, пераход у школу ажыццяўляўся без экзамена, на падставе дакумента аб заканчэнні папярэдняй школы. Пачатковымі навучальнымі ўстановамі ў адпаведнасці з рэформай з’яўляліся прыходскія вучылішчы. Няпоўную сярэдюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы, у якіх вывучаліся польская і замежныя мовы, прыродазнаўчыя і фізіка-матэматычныя навукі, асновы гісторыі, права, логікі. Сярэднюю адукацыю навучэнцы атрымоўвалі ў гімназіях. Выкладанне дысцыплін вялося на польскай мове, а руская мова вывучалася па жаданні бацькоў вучняў.

Акрамя свецкіх навучальных устаноў на Беларусі працавалі школы ордэнаў каталіцкай і уніяцкай цэркваў. Сярэднюю адукацыю давалі езуіцкія калегіўмы, якія дзейнічалі ў Полацку, Віцебску, Оршы, Магілёве і Мсціславе. Полацкі калегіўм у 1812 г. быў ператвораны ў акадэмію. Усе гэтыя ўстановы працавалі да 1820 г., калі была забаронена дзейнасць езуіцкага ордэна ў Расіі. Існавалі таксама школы пры каталіцкіх кляштарах і базыльянскія школы.

Пасля ўзыходжання на расійскі прастол Мікалая І у галіне асветы зноў адбыліся змены. Замест адзінай сістэмы пераемна звязаных паміж сабой тыпаў школ уводзіліся дзве сістэмы, сфарміраваныя па саслоўным прынцыпе: адна з іх павінна была даваць элементарную адукацыю для ніжэйшых саслоўяў (прыходскае вучылішча з 1 годам навучання, затым трохгадовае павятовае вучылішча), другая – сярэдняй і вышэйшай адукацыі – пераважна для дваран (дамашняе навучанне, сямігадовая гімназія, універсітэт). З мэтай барацьбы супраць польскага ўплыву царскія ўлады стварылі на землях Віцебскай і Магілёўскай губерній Беларускую навучальную акругу (1829 – 1850 гг.). Тут навучанне ажыццяўлялася на рускай мове. Барацьба з польскім уплывам узмацнілася пасля паўстання 1830 – 1831 гг. У 1832 г. Віленскі універсітэт быў зачынены, а на яго базе былі створаны Медыка-хірургічная і Рымска-каталіцкая духоўная акадэміі. Яны ў 1842 г. і таксама былі закрыты па палітычных матывах. У школах у абавязковым парадку ўводзілася навучанне на рускай мове.

Важнай рысай у развіцці асветы першай паловы ХІХ ст. стала зараджэнне прафесіянальнай адукацыі на Беларусі. У 1840 г. у Горы-Горках пачала дзейнічаць земляробчая школа. У 1848 г. на яе базе адкрыўся Горы-Горацкі земляробчы інстытут – першая ў Расіі і адна з першых у Еўропе вышэйшых сельскагаспадарчых навучальных устаноў.

Капіталістычнае развіццё краіны пасля адмены прыгоннага права патрабавала ўдасканалення сістэмы адукацыі. Таму разам з іншымі буржуазнымі рэформамі ў 60 – 70-я гг. XIX ст. была праведзена школьная рэформа. У адпаведнасці з рэформай пачатковымі школамі ў вёсках сталі народныя вучылішчы, у гарадах – гарадскія вучылішчы. Асноўнымі тыпамі сярэдніх навучальных устаноў для мужчын сталі класічныя гімназіі (вывучаліся гуманітарныя навукі) і рэальныя вучылішчы (вывучаліся прыродазнаўчыя і тэхнічныя навукі). Выпускнікі класічных гімназій мелі выключнае права паступлення ва універсітэты. Выпускнікі рэальных вучылішчаў маглі паступаць у тэхнічныя, гандлёвыя вышэйшыя навучальныя ўстановы. Выхаванкі жаночых гімназій атрымлівалі атэстат на званне настаўніцы пачатковай школы.

Ажыццяўленне школьнай рэформы супала з правядзеннем палітычнага курсу на далейшае пашырэнне рускага ўплыву на беларускіх землях пасля падаўлення паўстання 1863 – 1864 гг. За ўдзел выкладчыкаў, студэнтаў і навучэнцаў у паўстанні былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут, 8 сярэдніх навучальных устаноў. З 1881 г. у Расіі наступіў перыяд жорсткай палітычнай рэакцыі, якая адмоўна паўплывала на сістэму народнай асветы. Значная частка народных вучылішчаў была закрыта, а замест іх разгортвалі сваю работу царкоўна-прыходскія школы і школы граматы. Тут праграма навучання была прасякнута духам казённага праваслаўя і манархізму. Саслоўны характар навучання падкрэсліваў цыркуляр ад 1887 г., празваны “ цыркулярам пра кухарчыных дзяцей ”, які прадпісваў не прымаць у гімназіі дзяцей кучараў, лакеяў, павароў і г.д.

Першая палова ХІХ ст. – час узнікнення навуковага беларусазнаўства. Вывучэнне Беларусі ажыццяўлялі Расійская акадэмія навук, Віленскі універсітэт, Маскоўскае таварыства аматараў старажытнасцей расійскіх, Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія. У гэты час убачылі свет шматлікія дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі. Так, прафесар Віленскага універсітэта М.Баброўскі знайшоў старадрукі І. Фёдарава і П. Мсціслаўца, выданні Ф. Скарыны. І.Грыгаровіч выдаў першы зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі – “ Беларускі архіў старажытных грамат” (1824), склаў і адрэдагаваў чатыры тамы зборніка “ Акты Заходняй Расіі ”. І.Даніловіч выдаў зборнік дакументаў “ Летапісец Літвы і руская хроніка ”. Тэадор Нарбут увёў у навуковы ўжытак “ Хроніку Быхаўца ”.

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі Зарыян Даленга-Хадакоўскі (“ Пра славяншчыну да хрысціянства ”), Адам Кіркор (аўтар аднаго з тамоў “ Жывапіснай Расіі ”, прысвечанага прыродзе і гісторыі беларуска-літоўскага краю), браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы. У 1842 г. яны стварылі ў Лагойску першы ў Беларусі гістарычны музей.

У другой паловы ХІХ ст. працягнулася праца па вывучэнню гісторыі, мовы і культуры беларускага народа. Вялікую навуковую дзейнасць разгарнуў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), створаны ў 1867 г. у Вільні. Актыўнымі супрацоўнікамі РГТ з’яўляліся этнографы і мовазнаўцы, сярод якіх трэба назваць І.Насовіча і П.Шэйна. Самым вялікім укладам І.Насовіча ў беларусазнаўства стаў “ Слоўнік беларускай гаворкі ” (1870 г.), дзе было змешчана больш за 30 тысяч слоў, да якіх дадзены разгорнутыя тлумачэнні і прыклады. У пачатку 1870-х гг. навуковую дзейнасць на Беларусі пачаў П.Шэйн. Ён выдаў зборнік “ Беларускія песні ” (1873 г.), пазней – трохтомнік “ Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю ” (1887 – 1902 гг.). У работах аўтара змешчана шмат дакладных апісанняў абрадаў, песень, звестак пра побыт беларусаў.

У 80–90-я гг. ХІХ ст. пашырылася кола збіральнікаў і даследчыкаў побыту і культуры беларускага народа. Адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай этнаграфіі гэтага перыяду з’яўляецца М.Нікіфароўскі – аўтар шматлікіх прац па этнаграфіі, фалькларыстыцы і гісторыі Віцебшчыны (да прыкладу, “ Нячысцікі ”). Беларускі даследчык Е.Раманаў ажыццявіў некалькі экспедыцый, падчас якіх збіраў матэрыял для свайго “ Беларускага зборніка ” – своеасаблівай энцыклапедыі побыту і культуры беларусаў дарэвалюцыйнага часу. Значны ўклад у вывучэнне Беларусі ўнёс М.Федароўскі, які сабраныя фальклорныя матэрыялы выдаў у 8-томнай працы “ Люд беларускі ”. Сярод мовазнаўча-фальклорных даследаванняў пачатку ХХ ст. вылучаюцца працы Я.Карскага. Вынікі яго шматгадовай працы былі апублікаваны ў трохтомніку “ Беларусы ”, які і сёння не страціў сваёй навуковай каштоўнасці.

Сур’ёзны ўклад у даследаванне гісторыі Беларусі ўнеслі браты Я. і К. Тышкевічы, гісторык і краязнаўца А.Сапуноў,які выдаў тры тамы “ Віцебскай даўніны ”, даследаванне “ Рака Заходняя Дзвіна ”, а таксама “ Матэрыялы па гісторыі і геаграфіі Дзісненскага і Вілейскага паветаў ”. У 90-я гг. ХІХ ст. пачаў публікаваць свае гістарычныя работы М.Доўнар-Запольскі. Ён з’яўляецца аўтарам 150 прац па гісторыі ВКЛ і Расіі. Самай значнай яго працай з’яўляецца “ Гісторыя Беларусі ”. Яшчэ адным даследчыкам Беларусі з’яўляецца В.Ластоўскі, які апублікаваў “ Кароткую гісторыю Беларусі ”.

У канцы XVIII – першым дзесяцігоддзі ХІХ ст. значную ролю ў літаратурным жыцці Беларусі адыгрываў класіцызм. У другім дзесяцігоддзі ХІХ ст. з’явіліся першыя парасткі рамантызму. Менавіта рамантычны светапогляд з яго ўвагай да нацыянальнай культуры спрыяў развіццю фалькларыстыкі, выкарыстанню ў мастацкай творчасці народных песень, казак, паданняў, што і прывяло да ўзнікнення першых твораў на новай беларускай мове. Праблемы народнасці, нацыянальнай самабытнасці ставіліся ў такіх ананімных творах як: “ Вось які свет стаў ”, “ Гутарка Данілы са Сцяпанам ”, “ Гутарка пана з селянінам ”. Выдатнымі творамі беларускай літаратуры сталі паэмы “ Энеіда навыварат ” і “ Тарас на Парнасе ”. Найбольш верагодным аўтарам паэмы “Энеіда навыварат” з’яўляецца В.Равінскі. Паэма была напісана ў пачатку ХІХ ст. як пародыя на “Энеіду” Вергілія. Упершыню апублікавана ў 1845 г. Аўтарам паэмы “Тарас на Парнасе” лічыцца К.Вераніцын.

Буйнейшым паэтам Беларусі першай паловы ХІХ ст. з’яўляецца А.Міцкевіч. У сваіх польскамоўных творах (“Пан Тадэвуш”, “Гражына”, “Дзяды”, “Свіцязь”) аўтар выкарыстаў тэмы і вобразы, звязаныя з беларускай гісторыяй, фальклорам, звычаямі народа. На ўзор беларускіх песень пісаў уласныя вершы на беларускай мове Я.Чачот, у якіх заклікаў гуманна адносіцца да прыгонных сялян. Я.Баршчэўскі стварыў некалькі вершаў на беларускай мове і паэму “ Рабункі мужыкоў ”. У сваім творы “ Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях ”, напісаным на польскай мове, аўтар літаратурна перапрацаваў фальклорны матэрыял (Гэты твор называюць “беларускай тысяча і адной ноччу”).

Паэт і драматург В.Дунін-Марцінкевіч ажыццявіў пераход ад польскай літаратурнай традыцыі да ўласна беларускай. Ён з’яўляецца аўтарам аповесцяў “ Вечарніцы ”, “ Гапон ”, “ Купала ” і драматычных твораў “ Ідылія ”, “ Пінская шляхта ”, “ Залёты ”. У 20-я – 30-я гады ХІХ ст. развіўся паэтычны талент паэта з сялянскага асяроддзя – П.Багрыма, ад творчай спадчыны якога да нас дайшоў толькі верш “ Зайграй, зайграй, хлопча малы ”.

У другой палове ХІХ ст. пачынаецца новы этап у развіцці беларускай літаратуры. Пісьменнікі паступова пераадольвалі вузкае фальклорнае апісальніцтва сваіх папярэднікаў, ішоў працэс жанравага ўзбагачэння літаратуры, удасканальвалася вершаскладанне. Вяршыняй развіцця беларускай літаратуры другой паловы ХІХ ст. стала творчасць Ф. Багушэвіча (зборнікі “ Дудка беларуская ”, “ Смык беларускі ”). У сваіх творах ён абвясціў існаванне беларускага этнасу і адзначыў самастойнасць беларускай мовы.

Сярод значных аўтараў другой паловы ХІХ ст. былі Янка Лучына (Іван Неслухоўскі), А.Гурыновіч, Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі). На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “ Скрыпка беларуская ” і “ Хрэст на свабоду ” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. У гэты ж час на літаратурным Алімпе Беларусі з’явіўся Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. У 1908 г. паэт выдаў свой першы зборнік вершаў “ Жалейка ”.Я.Купала быў адным з заснавальнікаў пейзажнай і любоўнай лірыкі: паэмы “ Курган ”, “ Бандароўна ”, “ Яна і я ” Ствараў драматычныя творы “ Раскіданае гняздо ”, “ Паўлінка ”, “ Прымак і”.

Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). У 1910 г. рэдакцыя “Нашай нівы” выдала першы зборнік вершаў аўтара “ Песні-жальбы ”. Затым убачылі свет празаічныя зборнікі “ Апавяданні ” і “ Родныя з’явы ”. Адзіны паэтычны зборнік “ Вянок ” (1913 г.) належыць М. Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры.

У ХІХ ст. на Беларусі развіваўся перыядычны друк. Органам друку віленскага генерал-губернатарства з’яўлялася газета “Кур’ер Літоўскі”. З 1838 г. ўрадавыя газеты (“Губернскія ведамасці”) з’явіліся ў кожнай губерні. У 1886 г. пачалося выданне першай у Беларусі незалежнай ад урада газеты “ Минский листок ”. У газеце змяшчаліся матэрыялы беларускіх літаратараў, гісторыкаў, фалькларыстаў. З 1902 г. газета пачала выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”. У перыяд рэвалюцыі 1905–1907 гг. з’явілася шмат новых газет і часопісаў розных палітычных напрамкаў, зарадзіўся легальны перыядычны друк на беларускай мове. Выключную ролю ў развіцці культуры беларускай нацыі адыгралі беларускамоўныя газеты “Наша доля” (1906 г.) і “Наша ніва” (1906-15 гг.).

У музычна-тэатральнай культуры канца XVIII – першай паловы XIX ст. вылучаецца сваёй адметнасцю прафесійныпрыгонны тэатр магнатаў, у якім адпаведна тагачасным дваранскім густам вялікае месца адводзілася спектаклям. Пры некаторых магнацкіх тэатрах існавалі балетныя школы. Балеты складалі значную частку рэпертуару Гродзенскага, Слонімскага і Шклоўскага тэатраў. Высокае прафесійнае майстэрства беларускіх артыстаў балета пацвярджаецца тым, што яны папаўнялі трупы варшаўскіх і пецярбургскіх тэатраў. Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў папулярны ў шляхецкім, чыноўніцкім і афіцэрскім асяроддзі. На аматарскай сцэне рабіў першыя крокі беларускі нацыянальны тэатр. Ля яго вытокаў стаялі В.Дунін-Марцінкевіч і тыя мінскія акцёры і музыканты-аматары, якія гуртаваліся вакол гэтага выдатнага драматурга, рэжысёра і акцёра. У 1841 г. адбылася прэм’ера аматарскага спектакля – камічнай оперы “ Рэкруцкі яўрэйскі набор ”, музыку для якой напісалі С.Манюшка і К. Кжыжаноўскі, а лібрэта – В.Дунін-Марцінкевіч.

На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага – сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. У рэпертуары “Першай беларускай трупы” былі песні, танцы, пастаноўкі п’ес, дэкламацыя твораў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. І. Буйніцкі і яго акцёры займаліся актыўнай гастрольнай дзейнасцю. У час гастроляў па Беларусі І. Буйніцкі дапамагаў мясцовым гурткам, што спрыяла пашырэнню тэатральнага аматарства.

У выяўленчым мастацтве Беларусі канца XVIII – першай паловы ХІХ ст. наглядалася ўзаемадзеянне дзвюх плыняў – класіцызму і рамантызму. Класіцызм быў афіцыйным стылем, якога прытрымлівалася Пецярбургская акадэмія мастацтваў. Аднак у выяўленчае мастацтва пранікаюць і элементы рамантызму. Сярод найбольш вядомых мастакоў варта назваць І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, В.Дмахоўскага, М.Кулешу, І.Дамель.У гэты ж час таленавіты мастак, этнограф і кампазітар Напалеон Орда аб’ездзіў амаль усю Беларусь, Польшчу і Літву, зрабіў каля 500 акварэляў і малюнкаў з натуры, захаваўшы такім чынам для нашчадкаў аблічча цудоўных помнікаў архітэктуры, замкаў, палацаў, вуліц гарадоў, гістарычных мясцін. Аўтарам класічных твораў беларускага жывапісу з’яўляецца І.Хруцкі,аўтаршматлікіх нацюрмортаў, пейзажаў і партрэтаў.

На развіцці выяўленчага мастацтва ў Беларусі па-ранейшаму адмоўна адбівалася адсутнасць мясцовых прафесійных мастацкіх школ. Становішча крыху палепшылася, калі ў пачатку ХХ ст. у Мінску, Віцебску і Магілёве з’явіліся першыя прыватныя рысавальныя школы. Сярод вдомых мастакоў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. былі А.Гараўскі, Н.Сілівановіч, К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, Ф.Рушчыц, Г.Вейсенгоф, Ю.Пэн, Я.Драздовіч.

Архітэктара ў ХІХ ст. паступова адмаўляліся ад празмернай складанасці і заблытанасці архітэктурных форм, характэрных для барока. У архітэктурных кампазіцыях пачалі выкарыстоўвацца выразныя геаметрычныя формы. Станаўленне класіцызму найперш было звязана з інтэнсіўным развіццём горадабудаўніцтва. У беларускіх гарадах пачалі з’яўляцца новыя тыпы жылых і грамадскіх будынкаў (канцылярый, бальніц, гімназій), якія вылучаліся на фоне сярэдневяковай забудовы сваімі правільнымі абрысамі. Упершыню горадабудаўніцтва стала дзяржаўнай справай. У першай палове ХІХ ст. былі распрацаваны планы забудовы звыш 40 беларускіх гарадоў. Буйнейшымі будаўнічымі пляцоўкамі Беларусі сталі Брэст і Бабруйск, дзе будаваліся крэпасці. Аўтарам праекта Бабруйскай крэпасці быў ураджэнец Беларусі, капітан расійскай арміі, ваенны інжынер і гісторык Т. Нарбут. Яскравае адлюстраванне класіцызм знайшоў у палацава-сядзібнай архітэктуры. Сярод выдатных помнікаў беларускага класіцызму вылучаюцца палац-рэзідэнцыя графа М. Румянцава у Гомелі, палац губернатара ў Віцебску.

Працэс паступовага заняпаду класічнай архітэктуры рэзка ўзмацніўся ў сярэдзіне ХІХ ст. Да канца ХІХ ст. у беларускім дойлідстве ўжо стала панаваць эклектыка (або “архітэктура гістарызму”). Яна вызначалася некрытычным выкарыстаннем форм розных стыляў (готыкі, барока, ракако, класіцызму, раманскага і інш.). Звычайна банкі і навучальныя ўстановы афармлялі пад рэнесанс, тэатры – пад барока, касцёлы – пад готыку, праваслаўныя цэрквы будаваліся ў псеўдавізантыйскім, ці псеўдарускім, стылі. У другой палове ХІХ ст. наглядаецца росквіт неагатычнага стылю, які стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкай царквы ў Беларусі. Пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. шырокае распаўсюджанне набыў псеўдарускі, або псеўдавізантыйскі, стыль, у праваслаўным культавым дойлідстве. Рускія архітэктары распрацавалі тыпавыя варыянты праваслаўных цэркваў, скапіраваныя з візантыйскіх храмаўкаб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры. Ініцыятарам будаўніцтва падобных храмаў быў граф Мураўёў, таму ў народзе яны набылі назву “ мураўёвак ”.

Побач з “архітэктурай гістарызму” у канцы ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага стылю – мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). Прыкладам архітэктуры мадэрна з’яўляюцца будынак Пазямельна-сялянскага банка ў Віцебску (зараз будынак Ветакадэміі).







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 678. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Примеры решения типовых задач. Пример 1.Степень диссоциации уксусной кислоты в 0,1 М растворе равна 1,32∙10-2   Пример 1.Степень диссоциации уксусной кислоты в 0,1 М растворе равна 1,32∙10-2. Найдите константу диссоциации кислоты и значение рК. Решение. Подставим данные задачи в уравнение закона разбавления К = a2См/(1 –a) =...

Экспертная оценка как метод психологического исследования Экспертная оценка – диагностический метод измерения, с помощью которого качественные особенности психических явлений получают свое числовое выражение в форме количественных оценок...

В теории государства и права выделяют два пути возникновения государства: восточный и западный Восточный путь возникновения государства представляет собой плавный переход, перерастание первобытного общества в государство...

Репродуктивное здоровье, как составляющая часть здоровья человека и общества   Репродуктивное здоровье – это состояние полного физического, умственного и социального благополучия при отсутствии заболеваний репродуктивной системы на всех этапах жизни человека...

Случайной величины Плотностью распределения вероятностей непрерывной случайной величины Х называют функцию f(x) – первую производную от функции распределения F(x): Понятие плотность распределения вероятностей случайной величины Х для дискретной величины неприменима...

Схема рефлекторной дуги условного слюноотделительного рефлекса При неоднократном сочетании действия предупреждающего сигнала и безусловного пищевого раздражителя формируются...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.01 сек.) русская версия | украинская версия