Правілы пастаноўкі пытальніка
1. Пытальнік ставіцца ў канцы простага сказа (у тым ліку слова-сказа), якім выражаецца прамое пытанне.
Напрыклад: Дзе вы, песні жніўныя? Хто вас адвячоркамі панясе над ніваю? (П. Броўка). Адкуль тут музыка нясецца? Чыя тут песня ў душу льецца? (Я. Колас). – Няўжо дачакаліся? Няўжо праўда? – бы дзіця, радавалася дзяўчына (В. Быкаў). – Га? – не зразумеў пытанне дзед (Я. Колас).
2. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа, калі пытанне выражана ў галоўнай і даданай частках або толькі ў галоўнай.
Напрыклад: Ці ты, бабка, не ведаеш, хто гэта прынёс сюды красак? (Я. Колас). Хто згадае, чаго сэрца плача? (П. Трус). Край мой родны! Дзе ж у свеце край другі такі знайсці, дзе б магла так, поруч з смеццем, гожасць пышная ўзрасці? (Я. Колас). Што можа быць даражэйшае сэрцу чалавека, як у сталых гадах пачуць цябе, роднае слова, у чужой старане? (К. Крапіва).
Пытальнік можа ставіцца ў канцы складаназалежнага сказа і тады, калі пытанне заключаецца ў даданай частцы.
Напрыклад: І скажы, дзядок, адкуль хмары гэтыя выходзяць? (Я. Колас).
3. Пытальнік ставіцца ў канцы складаназлучанага і бяззлучнікавага складанага сказа, калі кожная іх частка выражае пытанне або калі пытанне выражае толькі апошняя частка.
Напрыклад: Будуць яшчэ пытанні ці пачнём спрэчкі? (М. Паслядовіч). Ці гэта казку лес складае, ці даль ачнулася нямая і немасць песняй парушала? (Я. Колас). Яго пакрыўдзілі, зняважылі, а ён будзе кланяцца ім? (Я. Колас). Стаміўся ў дарозе, ды дзе спачываць? (П. Броўка). Паслухай добра: чуеш песні? (Я. Колас).
4. Пытальнік (або пытальнік з клічнікам) ставіцца ў дужках (звычайна ў цытаце з тэксту іншага аўтара), калі змест выказанай кім-небудзь думкі выклікае сумненне ці непаразуменне.
Напрыклад: Наўрад ці ўпрыгожваюць паэтычны твор радкі накшталт: «Букет струменняў пералівісты шугнуў падобна рысаку» (?) (Н. Гілевіч).
5. У пытальных сказах з аднароднымі членамі сказа пытальнік можа ставіцца пасля кожнага аднароднага члена з мэтай раздзялення пытання.
Напрыклад: Вольна ішлі яны [калгаснікі] пушчай, прыцішыўшы крокі... Стрэл адзінокі рэхам трывожна глухім дакаціўся да іх. Што гэта? Стрэл паляўнічы? Ці знак таямнічы? (А. Куляшоў).
|