Студопедия — Літаратура 1930-х гадоў
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Літаратура 1930-х гадоў






Рис.2. График зависимости

Літаратура 1930-х гадоў

А гульная характарыстыка. 30-я гады ўвайшлі ў гісторыю краіны як адзін з самых драматычных перыядаў. Гэта быў час, калі асабліва выразна выявіліся асаблівасці той сацыяльна-палітычнай сістэмы, якая падпарадкавала свайму кантролю ўсе сферы жыцця народа. Дзесяцігоддзе пачалося з закліку да ажыццяўлення ідэалагічнага лозунга, якім грамадства арыентавалася на разгорнутае будаўніцтва сацыялізму па ўсяму фронту. Ажыццяўленне гэтага лозунга было звязана з парушэннем нармальнага працэсу грамадскага развіцця, з пераглядам векавых маральнаэтычных нормаў, якія выпрацоўваліся шматлікімі пакаленнямі людзей. Па ініцыятыве партыі і савецкай улады пачалася калектывізацыя, якая праводзілася без уліку асаблівасцей псіхалогіі селяніна. Да таго ж яна ставіла выразна акрэсленую палітычную мэту — ліквідаваць кулацтва як клас. Пачаўся гвалтоўны наступ на рэлігію, барацьба супраць так званых прыватнаўласніцкіх прывычак як у псіхалогіі калгаснікаў, так і рабочых. У такіх умовах зніжалася грамадская роля асобы, асабліва калі гэта асоба творчая. Такі падыход да разумення ролі творчай інтэлігенцыі ў грамадстве прывёў да карэнных змен у літаратурна-мастацкім жыцці.

Кіраўніцтва краіны ў новых умовах не магло задаволіць існаванне літаратурных арганізацый, якія ўзніклі ў 20-я гады па ініцыятыве саміх пісьменнікаў, з улікам іх эстэтычных праграм і мастацкіх густаў. Каб цалкам падпарадкаваць свайму кіраўніцву літаратурныя сілы, было вырашана стварыць адзіную арганізацыю — саюз савецкіх пісьменнікаў. Гэтае мерапрыемства, як і калектывізацыя, праводзілася па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам партыі.

Стварэнне саюзаў пісьменнікаў у нацыянальных рэспубліках было прадыктавана зверху, аб чым сведчыць пастанова ЦК ВКП(б) ад 23 красавіка 1932 г. «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый».

У пастанове ЦК КП(б)Б ад 27 мая 1932 г. гаварылася аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый. Але адразу пасля выхаду названага дакумента зніклі ўсе пісьменніцкія суполкі, для іх дзейнасці перасталі існаваць якія-небудзь магчымасці. У 1931 г. спынілася выданне часопіса «Узвышша», праз год «Маладняка», старэйшы часопіс краіны «Полымя» стаў называцца «Полымем рэвалюцыі». На чацвёртым нумары спыніў сваё існаванне часопіс «Заклік», які пачаў выходзіць у 1933 г.

У канстатуючай частцы пастановы ЦК КП(б)Б ад 27 мая 1932 г. не было нават канкрэтных спасылак на існуючыя ў рэспубліцы літаратурныя арганізацыі: «Усе пісьменніцкія арганізацыі БССР падначаліць аргкамітэту. Перадаць у распараджэнне аргкамітэта літаратурныя часопісы».

Стварэнне Саюза пісьменнікаў БССР працякала ў напружанай маральна-палітычнай атмасферы, у выразна выяўленых умовах згортвання нядаўняй беларусізацыі. Яшчэ да пастановы ЦК КП(б)Б пачалася кампанія па барацьбе з нацыянал-дэмакратамі. У 1929 г. з партыі быў выключаны М.Зарэцкі, а ў 1931 г. — Ц.Гартны. 3 рэспублікі, за яе межы, былі высланы многія пісьменнікі (Я.Лёсік, В.Ластоўскі, Я.Дыла, У.Дубоўка, Я.Пушча, А.Чарнышэвіч, М.Грамыка, М.Зарэцкі, М.Лужанін, Л.Калюга, С.Ліхадзіеўскі, М.Нікановіч). Маральнай траўлі падвяргаліся Я.Купала і Я.Колас, якіх прымусілі нават выступіць у друку з нагаворам на сябе. Іх праігнаравалі пры фарміраванні аргкамітэта новай пісьменніцкай арганізацыі і прапанавалі ў яго складтолькі ў сакавіку 1933 г.

У дакладах, што прагучалі на I з'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, разглядалася вельмі мала творчых пытанняў. На творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Зарэцкага, К.Чорнага, К.Крапівы ўвогуле ўвага не была звернута, захвальваліся пасрэдныя паэмы А.Александровіча. Не вызначаліся аб'ектыўнасцю ацэнак матэрыялы, што змяшчаліся на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», якая пачала выходзіць у 1932 г. Выключэнне склалі ртыкулы Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, прысвечаныя пытанням мастацкасці і творчай вучобы.

Кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў надавала шмат увагі правядзенню пленумаў, нарад, клапацілася пра творчыя кантакты сваіх членаў з прадстаўнікамі суседніх літаратур. У кастрычніку 1932 г. Я.Купала, М.Лынькоў, А.Александровіч, П.Галавач гасцілі на Украіне, а ў канцы года беларускія літаратары сустракалі сваіх украінскіх сяброў у Мінску. У 1933 г. сталіцу рэспублікі наведалі пісьменнікі з Мардовіі, Украіны, група маскоўскіх літаратараў.

Пісьменнікі, якія прыйшлі ў беларускую літаратуру ў 20-я гады і ўліваліся ў яе ў пачатку 30-х, жылі творчымі задумамі. Але на шляхах іх ажыццяўпення яны сустрэліся з непераадольнымі перашкодамі. У краіне, асабліва ў другой палавіне 30-х гадоў, пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Яны праводзіліся на аснове сталінскага тэзіса, згодна з якім па меры ўмацавання пазіцый сацыялізму і далейшага руху наперад класавая барацьба ў краіне будзе ўсё больш абвастрацца. Ахвярамі рэпрэсій сталі вядомы драматург і тэатральны дзеяч У.Галубок, кіраўнік «Маладняка» М.Чарот, цэлы шэраг празаікаў, паэтаў, крытыкаў: А.Вольны, Ю.Гаўрук, С.Грахоўскі, А.Дудар, С.Дарожны, В.Каваль, Т.Кляшторны, В.Маракоў, Б.Мікуліч, А.Мрый, Я.Нёманскі, А.Пальчэўскі, П.Пруднікаў, Я.Скрыган, В.Сташэўскі, У.Хадыка, М.Хведаровіч, В.Шашалевіч, С.Шушкевіч і інш.

На сярэдзіну 30-х гадоў прыпадае кампанія па барацьбе з фармалізмам. Хоць у беларускай літаратуры фармалізм як асобная плынь не склаўся, аўтары некаторых выступленняў у друку падводзілі пад яго тое, што не ўкладвалася ў рэалізм бытавога тыпу. Фармалістычнымі аб'яўляліся творчыя пошукі ў галіне мастацкай формы такіх паэтаў, як У.Хадыка, Ю.Таўбін і інш.

У другой палове 30-х гадоў ажывілася вульгарна-сацыялагічная крытыка. Яе прадстаўнікі (Я.Бранштэйн, М.Клімковіч, А.Кучар і інш.) трактавалі розныя з'явы беларускай літаратуры як праявы буржуазнага нацыяналізму, эстэцкага дэкадансу. У крытычных працах і публіцыстычных выступленнях часта скажалася ідэйна-мастацкая сутнасць твораў. У літаратуры намецілася схільнасць да ілюстрацыйнасці, спрошчанага вырашэння складаных грамадскіх праблем. Такія негатыўныя тэндэнцыі ў пісьменніцкім асяроддзі адмоўна ўплывалі на выяўленне талентаў. Прыток творчых сіл аслабляўся.

У 30-я гады патрэбны былі выключная любоў да Бацькаўшчыны і мужнасць, каб працаваць на ніве нацыянальнай літаратуры. Такімі высакароднымі рысамі валодалі многія беларускія пісьменнікі.

Проза. Пачатак 30-х гадоў азнаменаваўся бурным развіццём празаічных жанраў. Проза смела выходзіла за рамкі малых эпічных форм і паспяхова асвойвала такія жанры, як аповесць і раман. Да гэтых жанраў звярталіся пісьменнікі старэйшага пакалення. 3-пад пяра Я.Коласа выйшлі аповесці «Адшчапенец» (1931) і «Дрыгва» (1934), Ц.Гартны апублікаваў аповесць «Зялёны шум» (1931) і раман «Перагуды» (1935). 3 аўтабіяграфічнымі аповесцямі «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939) выступіў 3.Бядуля. У 1932 г. ён закончыў другую кнігу свайго рамана «Язэп Крушынскі».

Пашырэнне ідэйна-тэматычных абсягаў заўважалася ў творчым развіцці такіх пісьменнікаў, як К.Крапіва («Мядзведзічы», 1932), К.Чорны («Бацькаўшчына», 1931; «Трэцяе пакаленне», 1935; «Люба Лук'янская», 1936), М.Лынькоў («Сустрэчы», 1940).

На 30-я гады прыпадае наступленне сталасці многіх празаікаў, якія пачыналі сваю творчасць у другой палове 20-х гадоў (С.Баранавых, В.Каваля, Б.Мікуліча, Р.Мурашкі і інш.). Гэтыя пісьменнікі вызваляліся ад маладнякоўскай рыторыкі, незвычайных асацыяцый, штучных аздабленняў мовы сваіх твораў і рабілі свядомую ўстаноўку на рэалістычны стыль, псіхалагізм.

Адной з пашыраных тэм у прозе 30-х гадоў заставалася тэма рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Заўважаецца прыкметнае паглыбленне рэалізму ў яе вырашэнні. Аўтары твораў пра падзеі грамадзянскай вайны адмаўляццда ад знешняй займальнасці, імкнуцца заглыбіцца ў чалавечыя характары. Пра гэта сведчаць такія, напрыклад, творы, як «Адступленне» С.Баранавых, «Дрыгва» Я.Коласа. Героі названых твораў асобы не гераічныя, іх характары выяўляюцца праз побыт ваеннага часу, праз перажыванні. Увагай да жыццёвых рэалій вызначаецца аповесць «Дрыгва» Я.Коласа. На іх фоне асабліва адчувальны народны каларыт многіх эпізодаў сюжэта твора, маштабнасць характараў дзеда Талаша і Мартына Рыля. У аповесці, праўда, можна заўважыць уплыў ідэалагічнай схемы ў паказе «сейбіта буры і змагання» бальшавіка Нявіднага, элементы спрошчанасці ў абмалёўцы адмоўных персанажаў. Аднак «Дрыгва» сваімі лепшымі якасцямі аказвала станоўчы ўплыў на аўтараў, якія пазней прысвячалі свае творы тэме Вялікай Айчыннай вайны.

У многіх творах 30-х гадоў пра рэвалюцыю і грамадзянскую вайну ўслед за «Дрыгвой» Я.Коласа заўважаецца тэндэнцыя да драматызацыі падзей. Героі такіх твораў становяцца не проста ўдзельнікамі нечаканых жыццёвых калізій: заўважаецца імкненне аўтараў выявіць супярэчлівасць іх перажыванняў у складаных абставінах. Да ліку такіх твораў можна аднесці раман Б.Мікуліча «Дужасць» (1934), пра што сведчаць пададзеныя ў ім вобразы Станіслава Юткевіча, што аказаўся ў стане ворагаў рэвалюцыі, і Барыса Краўчанкі, які ўбачыў сэнс жыцця ў перабудове яго на новы лад. Характар Юткевіча пададзены ў рамане ў цеснай сувязі з тымі драматычнымі падзеямі, удзельнікам якіх ён быў. Калі яго бацькі ўцякалі на поўдзень як праціўнікі бальшавікоў, Станіслаў Юткевіч пакінуў іх. Ён сышоўся з камсамольцамі. Гарадок, дзе ён спыніўся, акружыла банда Бялова. Як і яго новыя сябры, Юткевіч ірваўся ў бой. Удзел у ім сыграў вырашальную ролю ў жыцці героя. Эгаізм Юткевіча, так палічылі яго таварышы па змаганні, прывёў да трагедыі: быў знішчаны ўвесь атрад. Юткевіча назвалі здраднікам і прысудзілі да смяротнага пакарання. Юткевіч і сам сябе судзіць: «Калі б ў мяне было іншае дзяцінства, іншым чалавекам быў бы я. Я шукаў таварышавання, шукаў маладосці, а напаткаў смерць, уцёк ад яе, але імчыцца, шалёна імчыцца яна за мной аж дагэтуль»1.

Антыподам Юткевіча з'яўляецца Барыс Краўчанка, які выступае ў творы носьбітам заідэалагізаванай схемы, вядомай чытачам па п'есе К.Крапівы «Канец дружбы». Некалі Краўчанка сябраваў з Юткевічам, але пасля таго, як бандай былі знішчаны камсамольцы, Краўчанка лічыць яго сваім ворагам і далучае голас да смяротнага прысуду былому таварышу. Праўда, з'едлівае пытанне: «Ці правільна паступіў?» — доўга трывожыць яго сумленне. Краўчанка з часам пераконвае сябе, што ўсё зрабіў як належыць адданаму рэвалюцыі чалавеку. Трэба ў любых сітуацыях праяўляць «дужасць» сэрца і розуму. Такая выснова адпавядала нормам пралетарскай маралі, якая ўкаранялася ў 30-я гады ў жыццё. Але важна ўжо тое, што герой Б.Мікуліча думае пра свае ўчынкі, робіць спробу асэнсаваць іх.

Пра пэўныя зрухі ў паказе падзей грамадзянскай вайны сведчыць раман С.Баранавых «Калі ўзыходзіць сонца» (1935— 1936), які пасля напісання не змог убачыць свет у сувязі з арыштам аўтара. Твор быў надрукаваны толькі ў другой палове 50-х гадоў. У ім няма той ідэалізацыі герояў, якая была ў маладнякоўскіх аповесцях («Свінапас» М.Чарота, «Двое» А.Вольнага, «Партызан» Я.Нёманскага).

Раман пачынаецца карцінай нейкай напружанай цішыні, што наступіла ў горадзе, калі яго пакінула Чырвоная Армія, а сюды павінна прыйсці польскае войска. Нясмела выяўляецца дыферэнцыяцыя ў асяроддзі мясцовага насельніцтва. Прыход польскага войска радуе тых, у каго савецкая ўлада забрала зямлю, маёнткі, затое палохаюцца іншыя, сярод каго ўсё гэта размеркавалі. Акупацыйныя ўлады праводзяць рэпрэсіі. Адказам на гэта стала гарадское падполле, куды ўваходзілі Сцёпка Макейчык, Косцік Бранявіцкі, Бора Брант. Ячэйкі ўзначалілі Фіма Вігдорчык і камуніст пад псеўданімам Дзядзька. Аўтар рамана ўдзяліў шмат увагі раскрыццю характараў Макейчыка і Бранявіцкага. Ён паказаў іх як звычайных юнакоў, якія паступова авалодваюць вопытам барацьбы, пераадольваюць сваю недасведчанасць. У іх дзеяннях спачатку многа наіўнага, паказной рамантыкі. Жыццё Сцёпкі Макейчыка абарвалася трагічна, у росквіце сіл. Ён ахвяраваў ім, каб выратаваць сябра Косціка Бранявіцкага.

Падполлю і партызанскай барацьбе супраць польскай акупацыі Беларусі прысвяціў сваю аповесць «Носьбіты нянавісці» (1936) П.Галавач. Яна належыць да вострасюжэтных твораў. У ёй выявілася схільнасць да ідэалагічна завостранай ідэі пралетарскага інтэрнацыяналізму. П.Галавач паказвае, што ў змаганні з польскімі акупантамі прымаюць удзел не толькі беларусы Алесь Шаўрук, Уладзімір Ключынскі, Язэп Багдановіч, але і падпаручнік польскай арміі Міхал Круміньскі і легіянер Ромусь Бараўскі.

Той жа ідэяй прасякнуты і раман М.Паслядовіча «Паўстанне» (1939). Яго герой — польскі жаўнер Кжачкоўскі, які трапіў у палон да партызан, пераходзіць на іх бок, становіцца сябрам беларуса Дарафея Булынкі. Аўтар палічыў неабходным пашырыць рамкі дзеяння свайго твора: Кжачкоўскі воляй ваеннага лёсу апынуўся ў Францыі. Але яго цягне на Беларусь. Здзейсніць сваю запаветную мару яму дапамагаюць французскія рабочыя.

У 30-я гады беларускія празаікі звяртаюцца да адлюстравання жыцця іншых народаў. Зварот да гэтай тэмы не быў чымсьці зусім новым для нашай літаратуры. Яшчэ ў 20-я гады яе распрацаваў Я.Маўр у сваім рамане «Амок» (1926), аповесцях «Сын вады» (1928), «У краіне райскай птушкі» (1928). Творы, што паявіліся ў 30-я гады, насілі ідэалагічна скіраваны характар, пра што сведчыць раман «Будучыня» (1936—1938) Э.Самуйлёнка і аповесць «Дружба» (1936) Б.Мікуліча. Яны з'явіліся як вынік творчай паездкі пісьменнікаў у 1935 г. у Грузію. У аповесці «Дружба» Б.Мікуліч расказаў пра дружбу рускага хлопца Жоржыка Белага, у мінулым беспрытульніка, і сына мінгрэльскага пастуха Шэліі Чхонія. Тэма вырашаецца ў аповесці просталінейна, адчуваецца слабае веданне пісьменнікам жыцця народа, з якім ён знаёміўся ў час так званай творчай камандзіроўкі.

Больш грунтоўна паказана жыццё грузінскага народа ў рамане «Будучыня» Э.Самуйлёнка. У ім аддюстраваны падзеі грамадзянскай вайны ў Грузіі. Найбольш ярка пададзены ў творы вобраз старога Тапурыі, які вызначаецца сваёй чалавечнасцю. Цікавымі атрымаліся вобразы дзяцей Іліко і Вано. Э.Самуйлёнка ў час паездкі ў Грузію ўразілі карціны прыроды, і ён здолеў перадаць іх хараство ў сваім рамане.

У прозе 30-х гадоў заўважаецца паглыбленне гістарызму, наглядаецца схільнасць да твораў маштабных, у цэнтры якіх знаходзяцца важныя для грамадства праблемы. К.Чорны, напрыклад, меў на мэце напісаць цыкл раманаў, у якіх была б адлюстравана гісторыя беларускага народа ад часоў паншчыны да сучаснасці. Пачатак цыклу паклаў яго раман «Бацькаўшчьша» (1931), у якім тэма радзімы вырашаецца ў рэалістычным плане, з выкарыстаннем традыцый беларускай літаратуры ў асэнсаванні лёсу працоўнага чалавека, уключаючы вопыт Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа. У рамане К.Чорнага праблемы народа, рэвалюцыі і радзімы знайшлі глыбокае філасофскае асэнсаванне. Наватарства пісьменніка выявілася ў тым, што ён падаў сваіх герояў не проста на фоне гісторыі, а паказаў іх як актыўных яе тварцоў. Сцверджанне такой думкі ў 30-я гады мела сваё значэнне: тады лічылася, што творыць гісторыю не асобны чалавек, а згуртаваная нейчай воляй маса.

Імкненне беларускай прозы да паглыбленай аналітычнасці і шырокага шматпланавага паказу жыцця выявілася ў рамане «Праз гады» (1933—1934) П.Галавача. Значны прамежак часу ахоплівае дзеянне гэтага твора — ад пярэдадня імперыялістычнай вайны да гадоў калектывізацыі. Яно адбываецца ў Пецярбурзе і ў беларускай вёсцы Шапятоўцы, на фронце.

У рамане «Праз гады» зроблена спроба стварыць эпічна-манументальны вобраз селяніна-працаўніка. Па задуме аўтара жыццёвы шлях яго павінен быў з'явіцца ўвасабленнем руху самой гісторыі. Ствараючы вобраз Тарэнты Шкробата, П.Галавач арыентаваўся на традыцыі Я.Коласа. Ён паэтызуе свайго героя, яго працу, яднанне з прыродай. Адмаўленне героя рамана «Праз гады» адразу ж уступіць у калгас псіхалагічна абгрунтавана.

Пастаўлена ў творы і тэма інтэлігенцыі, яе шляхоў у сувязі з бурнымі рэвалюцыйнымі падзеямі. На жаль, яна не знайшла глыбокага мастацкага вырашэння. Вобразам Пілацеева, Ягуплы не хапае псіхалагічнай глыбіні. Не прасочваюцца сувязі з традыцыямі твораў, што паявіліся на гэтую тэму ў 20-я гады.

Як шырокае эпічнае палатно быў задуманы раман «Мядзведзічы» (1932) К.Крапівы, які, на жаль, застаўся незакончаным. У ім пададзены каларытныя малюнкі жыцця розных слаёў беларускага сялянства ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. У цэнтры рамана жыццё сям'і заможных сялян Верамейчыкаў, дзе пануюць ваўкаватая панурасць, злосць, варожасць. 3 гэтага асяроддзя імкнецца выбрацца маладая пара Юзік і Зося. Глыбокім сацыяльным зместам напоўнены вобразы Каржакевіча, Жыгулы і Грамабоя, самых багатых вяскоўцаў.

Раман «Мядзведзічы» К.Крапівы цікавы ў стылявым плане. Ён належыць да псіхалагічна-аналітычнай плыні тагачаснай прозы, напісаны ў навелістычнай форме.

У многіх творах 30-х гадоў знайшоў мастацкае адлюстраванне местачковы побыт. У рэалістычным плане ён пададзены ў незакончаным рамане «На чырвоных лядах» (1934) М.Лынькова, у аповесці «Пад местачковым месяцам» (1931) В.Сташэўскага. Грунтоўна і дасведчана пра местачковае жыццё расказаў 3.Бядуля ў сваёй аўтабіяграфічнай аповесці «Набліжэнне» (1935).

Тыпалогію беларускага рамана 30-х гадоў узбагачаюць творы М.Гарэцкага «Камароўская хроніка» (1930—1932) і «Віленскія камунары» (1931—1932). У рэалістычна-бытавым рамане «Камароўская хроніка» пісьменнік асвятляе падзеі, якія ахопліваюць перыяд ад пачатку XIX да сярэдзіны 30-х гадоў XX ст. М.Гарэцкі паказвае рост нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Твор цікавы і па сваёй будове. У ім своеасабліва спалучаюцца дзённікавыя запісы, урыўкі з лістоў Кузьмы Батуры, Лаўрыка, Марынкі, апісанні ад аўтара. Падзеі ў рамане падаюцца ў хранікальнай паслядоўнасці. Многа ўвагі ўдзяляецца апісанням побыту.

На дакументальнай аснове напісаны раманхроніка «Віленскія камунары». Дзеянне ў ім ахоплівае прамежак часу ад прыгону да пачатку 20-х гадоў нашага стагоддзя. Апавяданне вядзецца ад імя адной асобы — Мацея Мышкі, аднак гэта не звужае панарамнасці рамана. У ім апісваюцца падзеі імперыялістычнай вайны, першай рускай рэвалюцыі, водгукі Лютаўскай Кастрычніцкай рэвалюцый ў Вільні. Раман засведчыў імкненне беларускай прозы да шырокага маштабнага адлюстравання рэчаіснасці.

Раманы М.Гарэцкага «Камароўская хроніка» і «Віленскія камунары» засталіся невядомымі чытачу 30-х гадоў. Абодва яны былі апублікаваны толькі ў 60-я гады.

Асабліва вялікую ўвагу ўдзялялі пісьменнікі ў 30-я гады тэме калектывізацыі. Абумоўлена гэта драматычнымі падзеямі гадоў «вялікага пералому», а з другога боку, ідэалагічнымі ўстаноўкамі таго часу. Многія пісьменнікі пісалі свае творы як выкананне сацыяльнага заказу. Так, па прызнанні саміх аўтараў, паявіліся аповесці «Спалох на загонах» (1930—1932) П.Галавача і «Адшчапенец» (1931)Я. Коласа.

Цікавым творам на тэму перабудовы вёскі на новы лад з'яўляецца аповесць «Межы» (1930) С.Баранавых. У ёй расказваецца пра той час, калі пачалі арганізоўвацца сумесныя таварыствы па апрацоўцы зямлі, камуны. Дзеянне адбываецца ў вёсцы Брод, якая сёння здаецца далёкім правобразам Куранёў з «Палескай хронікі» I.Мележа: «Стаяла, абкружаная дзікім балотам, абнесеная ілістай пажарынай вёска Брод; стаяла з вечна

заплаканымі паасенняму вокнамі, з узадранымі шчытамі, вышчарбленымі вокнамі — стаяла пад ветрам і пад дажджом, на ўсё прырыхтаваная»1. У вёсцы праходзіць сход, дзе сваімі думкамі дзеляцца заможны селянін Карпусь, каваль Трахім Апалонік, Васіль, Лявон Махавін. Апошні кажа: «Мне, ета, здаецца, як я маю тую бацькоўскую зямельку злучу з, ета, нечаю, чужою? Мне думаецца — грэх ета нават. Ты ведаеш, што, ета, мая тая палоска, мая тая мяжа. Дык як успамянеш — як жа, ета, тады нават і следу не застанецца — не знойдзеш, не ўбачыш сваёй роднай зямелькі»2. У аповесці «Межы» С. Баранавых сяляне грунтоўна ўзважваюць, што дасць ім калектыўная праца. Пракоп Бурцелікаў не хоча, каб яго сын уступаў у калгас, бо лічыць, што там «адзін цераз другога будзе хапаць, каб пад'есці. А рабіць, як бог даў. Есці ўсякі зможа»3. Пераканальных довадаў перавагі калектыўнай працы не мог прывесці ніхто: ні Анісь, які горача агітаваў за яе, ні ўпаўнаважаны з раёна.

Аповесць «Межы» С.Баранавых цікавая сваімі пытаннямі, што ішлі з глыбіні жыццёвых роздумаў яе герояў. Аўтар падзяляў ідэю калектывізацыі, але яго цікавіла вельмі важная праблема: наколькі калектывізацыя адпавядае інтарэсам сялян. Пытанне ставілася яшчэ без выразнай ідэалагічнай зададзенасці. Гэта абумовіла тое, што аснову твора ў многім вызначае суровая праўда пачатку калектывізацыі.

Адным з першых адгукнуўся на падзеі калектывізацыі Я.Колас. У 1931 г. ён напісаў аповесць «Адшчапенец». У гэтым творы асабліва ярка выявіліся супярэчнасці часу — рэальнага жыцця і яго асэнсавання ў літаратуры. Я.Колас, аўтар «Новай зямлі», добра ведаў псіхалогію сялянства. 3 выключнай псіхалагічнай дакладнасцю перадаў ён буру ў пачуццях і свядомасці Пракопа Дубягі, якога калектывізацыя пазбаўляла зямлі-карміцелькі, уласнай гаспадаркі. Так адчуваў бы ў новых умовах сябе і Міхал з «Новай зямлі». Не верыць Пракоп, што калектывізацыя прынясе яму шчаслівае жыццё. Ніхто ў гэтым яго не можа пераканаць, бо гавораць усе з чужых слоў, не ведаючы таго, што будзе ў калектыўнай гаспадарцы. А ў руплівага гаспадара Пракопа пытанняў шмат. Як гэта так, што ён не будзе гаспадаром на сваёй зямлі, гаспадаром над сваім конікам? А чаму ён павінен будзе рабіць тое, што яму нехта скажа? I чаму яго пераконваюць, што ў калгасе ён будзе працаваць лягчэй? Хіба трэба баяцца працы? Гэта не ўсе пытанні, над якімі думае Пракоп. Кожнае з іх мела жыццёвую аснову і сведчыць пра практычны сялянскі розум героя, а не пра яго забітасць, палітычную несвядомасць. Часта пытанні, якія хвалююць Пракопа, носяць маральны характар. Чаму Кандрат Казёл, у якога «рукі да работы не здатны, але язык ходзіць спрытна», прымяркоўваецца заняць у калгасе крэсла начальніка? А як быць з гультаямі? На грунце такіх разваг у героя Я.Коласа выспявае задума адправіцца ўпрочкі, пабачыць, што робіцца ў свеце.

Такі паварот сюжэта ў аповесці «Адшчапенец» мае фальклорна-казачную аснову, але прадыктаваны ён жыццём. Герой аповесці «Межы» С.Баранавых, што згадвалася раней, у размове пра калектывізацыю кажа: «Адважыцца трудна. Нашаму брату дай! Дай, каб ён табе рукамі абмацаў, вачыма каб агледзеў»1. Такая цікаўнасць і паклікала Пракопа ў вандроўніцтва, у час якога ён, па волі аўтара, трапляе ў калгас «Хваля рэвалюцыі». Пра знаходжанне героя ў ім аўтар расказаў у другой частцы аповесці. Пад уражаннем убачанага Пракоп змяняе свае погляды на калектывізацыю. Ідэалагічную зададзенасць такога вырашэння канфлікту разумеў і сам Я.Колас. Перавыхаванне Пракопа ў аповесці штучна фарсіравана. У ідылічных фарбах паказаны калгас, што аказаў уздзеянне на фарміраванне новых поглядаў у селяніна-«нехацімца». У аповесці Я.Коласа «Адшчапенец» паяўляецца і вобраз кулака як актыўнага праціўніка новага ладу.

3 творамі «Межы» С.Баранавых і «Адшчапенец» Я.Коласа сваім зместам пераклікаецца аповесць П.Галавача «Спалох на загонах», якая мела дзве рэдакцыі. Іх параўнанне паказвае, як ідэалагічны наступ тагачаснай крытыкі адмоўна ўплываў на адлюстраванне жыцця ў мастацкіх творах. Пасля выхаду аповесці «Спалох на загонах» у 1930 г. яе аўтара сталі папракаць у тым, што ён не ўдзяліў належнай увагі ролі партыі ў калгасным будаўніцтве, што ў яго творы шмат стыхійнасці ў паказе гэтага працэсу. Пад стыхійнасцю разумеліся тыя развагі вяскоўцаў, якія ставілі пад сумненне афіцыйны курс на суцэльную калектывізацыю.

У рэдакцыі 1932 г. аповесць «Спалох на разгонах» загучала па-новаму. У ёй выказваецца папрок сялянам у палітычнай адсталасці, цемнаце, заскарузласці. Як і ў аповесці «Адшчапенец» Я.Коласа, у творы П.Галавача паказана шчаслівае жыццё сялян у камуне, якую наведвае сялянская дэлегацыя з Цярэшкавага Броду. Як у раі жывуць там людзі. У камуне ёсць нават дом, дзе разам выхоўваюцца дзеці. Шчаслівую будучыню прарочаць сялянам носьбіт калектывісцкай псіхалогіі Панас і рабочы Клім. Бяда іх у тым, што яны пазбаўлены здольнасці цвяроза ацэньваць тое, што адбываецца ў жыцці, слепа вераць у ідэю, навязаную грамадству партыйнымі ідэолагамі.

У аповесці «Спалох на загонах» П.Галавач паказвае, што сяляне пры магчымасці пакідаюць калгас. Віну за гэта ён ускладвае на кулака Мышкіна. Гэта было абумоўлена патрабаваннямі зверху скіраваць народны гнеў супраць шкоднікаў і дыверсантаў, якія нібыта акапаліся ў сялянскім асяроддзі. На самай справе не кулакі былі вінаватыя ў бедах і цяжкасцях таго часу, а сілавыя метады пры арганізацыі калгасаў.

Пра перагібы і крайнасці ў правядзенні калектывізацыі расказаў К.Чорны ў сваёй аповесці «Вясна» (1931), дзе выведзены вобраз заўзятага калектывізатара раённага маштабу. Ён дзейнічае па прынцыпу: «Або ў калгас, або на раскулачванне». Гэты работнік райвыканкама пагражае раскулачваннем і высылкай серадняку Радзівону Бабаку, які з цямна да цямна, як той вол, працуе на сваёй гаспадарцы.

Пра перагібы ў час калектывізацыі расказаў у сваёй аповесці «Чорная Вірня» (1931) Б.Мікуліч. Героя твора Рамана Пратасеню, які праводзіць калектывізацыю, не палохае тое, што ён памыляецца, прыносіць людзям няшчасці.

Барацьбе з беззаконнасцю ў калгаснай вёсцы прысвечаны раман «Салаўі святога Палікара» (1933—1939) Р.Мурашкі. Герой твора селянін Анішчык у заяве, накіраванай у Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў, паведамляе пра несправядлівасць і парушэнне законаў у калгасе «Новая справа». Ён называе віноўнікаў, характарызуе іх. Анішчык — бядняк, мае кучу дзяцей і, каб пракарміць іх, працуе з ранку да ночы. Пра яго беднасць сведчаць старая хата, пакрыўлены хлеў. Але мясцовае начальства зрабіла яго кулаком. Вобраз Анішчыка пададзены ў рамане ў рэалістычным плане. У барацьбе з беззаконнасцю яму дапамагае загадчык сямігодкі Васіль Горбач. 3 яго вобразам у рамане звязана рамантычная плынь. Знешне ён грубаваты, але ў душы паэт, любіць і адчувае хараство прыроды.

Анішчыку і Горбачу ў рамане супрацьстаяць кулакі, людзі, якія ненавідзяць савецкую ўладу: Хамовіч, Мысліцкі, Храпавіцкі. Яны кіруюць калгасам, але так, каб скампраментаваць ідэю калектывізацыі. У рамане Р.Мурашкі выразна выявілася ідэалагічная ўстаноўка на барацьбу з ворагамі народа, шпіёнамі і дыверсантамі. Кулакі ідуць на прамое злачынства: падпальваюць хлеў, забіваюць Анішчыка і Горбача. Сюжэт рамана такім чынам набывае прыгодніцкі характар, паслабляецца псіхалагізм вобразаў.

Самым глыбокім і вострым творам 30-х гадоў пра калектывізацыю з'яўляецца раман «Вязьмо» (1932) М.Зарэцкага. У ім асуджаюцца тыя перагібы, якія мелі месца пры яе правядзенні. Герой рамана старшыня Сіўцоўскага сельсавета Пацяроб любіць у сваёй дзейнасці паказаць уладу, «размахнуцца, каб аж затрашчала ўсё навокал». Да сялян ён адносіцца пагардліва. Метады яго працы не растлумачальная цярплівая праца, а наскок, запалохванне. Пацяроб заяўляе, што можа за тры дні загнаць у калгас усіх жыхароў сельсавета. У рамане развенчваецца пацяробаўшчына як шкодная антыгуманная з'ява. Пісьменнік паказаў, што яна можа адмоўна паўплываць і на, здавалася б, прыстойных людзей. Каб не выглядаць мяккацелым інтэлегентам і жадаючы паказаць асабістую рэвалюцыйную адданасць справе, Сымон Карызна пачынае папацяробаўску ажыццяўляць суцэльную калектывізацыю. Заслуга М. Зарэцкага ў тым, што ён паставіў яшчэ ў 30-я гады пад сумненне неабходнасць суцэльнай калектывізацыі. Да такіх высноў не паднімаўся ніводзін аўтар, які пісаў тады пра калектывізацыю.

«Вязьмо» М.Зарэцкага — гэта сацыяльнапсіхалагічны раман. У ім няма прыгодніцкіх эпізодаў, не паказваецца шкодніцкая дзейнасць кулакоў, няма падпалаў, сабатажу, забойства актывістаў. Раман гэты аказаўся ля вытокаў лепшых сучасных твораў пра гады калектывізацыі («Подых навальніцы», «Завеі, снежань» I. Мележа).

У 30-я гады беларускія празаікі звяртаюцца да вытворчых тэм, звязаных з адлюстраваннем жыцця горада, рабочага класа («Наступ на горла», «Гоман зарніц» Ц.Гартнага, «Каландры» П.Броўкі, «Крок пяцігодкі» Ю.Лявоннага, «Сонца пад шпалы», «Запіскі інструктара Томана» X.Шынклера). Размах і напружаны тэмп працы рабочых пісьменнікі ў той перыяд імкнуліся перадаць своеасаблівымі мастацкімі сродкамі. Іх змест вызначаюць не столькі змены ў псіхалогіі і поглядах людзей, колькі падзеі, факты.

Пэўнае месца ў творчасці празаікаў 30-х гадоў займае антыфашысцкая тэма. Яна рапрацоўваецца ў апавяданнях «Смерць Германа Васэрмана» і «Краскі ў памыях» Ц.Гартнага, «Навела без назвы» П.Галавача, у аповесці Э.Самуйлёнка «Тэорыя Каленбрун» і яго апавяданні «Герой нацыі». Змест многіх твораў прозы той пары складаюць эпізоды з жыцця працоўных Заходняй Беларусі.

Лепшыя здабыткі прозы 30-х гадоў, асабліва мастацкі вопыт Я.Коласа, К.Чорнага, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, К.Крапівы і інш., не страцілі сваёй каштоўнасці.

Паэзія. 3 пачатку 30-х гадоў у паэзіі наглядаецца паварот ад маладнякоўскага захаплення «касмізмам», ідэямі сусветнай рэвалюцыі да ўслаўлення героікі працоўных будняў. На гэта арыентавала паэтаў крытыка, якая сцвярджала, што сама савецкая рэчаіснасць з'яўляецца невычэрпнай крыніцай героікі і рамантыкі. Не без уплыву такіх установак у Я Купалы паявіўся верш «Трэба нам песень»:

Скласць эпапею павінны такую, // Якую чэлюскінцы далі для свету, // I одамі уславіць наяўнасць жывую — //Бяссмертных герояў Саюза Саветаў.

У такім сцверджанні нельга не адчуць звужанага вызначэння задач паэзіі. Сам Я.Купала вымушаны быў траціць талент на стварэнне вершаў-пасланняў, якія фактычна з'яўляліся водгукамі на пэўныя грамадскія падзеі, што выяўляецца нават у іх назвах: «Беларускаму дзяржаўнаму выдавецтву», «Калгасу "Чырвоны баец"», «Ударніку», «Самалёту "Максім Горкі"», «Звяздзе». Такія вершы паявіліся і ў Я.Коласа («Каманіну, Молахаву і Сляпнёву», «Калгасу "Слабада"», «Шчаслівым жанчынам» і інш.). Утылітарна-ідэалагічная накіраванасць многіх твораў Я.Купалы і Я.Коласа абумовіла іх аблегчана публіцыстычны стыль («Адзінаццаць месяцаў...», «Святочныя вершы» Я.Купалы «Шаснаццатая гадавіна», «Камсамолец мой» Я.Коласа). З'яўленне такіх твораў у народных паэтаў можна вытлумачыць абставінамі часу і іх асабістым псіхалагічным станам. Варта прыгадаць пакаяльныя лісты Я.Купалы і Я.Коласа, што паявіліся ў 1930 г. у друку. Пісьменнікі сталі ахвярамі і сведкамі масавых рэпрэсій.

Як паступіць з народнымі паэтамі Беларусі? — з такім пытаннем звяртаўся сакратар ЦК КП(б)Б Панамарэнка да Сталіна. «Яны друкавалі і друкуюць знешне патрыятычныя вершы і творы, наскрозь фальшывыя, але неабходныя для выяўлення савецкасці (іх літаральны выраз), — пісаў кіраўнік рэспублікі ў Маскву. Настроі разгубленасці, творчай пасіўнасці, асуджанасці характэрны для беларускіх пісьменнікаў, якія аддалі даніну (у рознай ступені) нацдэмаўшчыне»1. У лісце гаворыцца, што палітычныя падзеі апошняга часу, г. зн. рэпрэсіі, моцна ацвярэзілі многіх пісьменнікаў. Безумоўна, што яны ўплывалі на Я.Купалу, Я.Коласа, 3.Бядулю і інш.

Вершы Я.Купалы пра калгаснае жыццё прасякнуты радасным настроем. Аднак увага паэта засяроджана на знешніх прыкметах гэтага жыцця. Ён радуецца першай усебеларускай выстаўцы дасягненняў сельскай гаспадаркі і прамысловасці («Працай дружнай, калектыўнай»), таму, што «калгаснік усеўся на трактар» («Дзе крыўда адвечная спела», «На нашым полі»), што «гошвуць па шляхах Беларусі Абозы чырвоныя з хлебам» («Новая восень»).

Я.Купала пазбягаў паказу цяжкасцей вясковага жыцця, ён пісаў толькі пра светлыя, прытым найчасцей уяўныя, яго бакі. Святочным паказана жыццё калгаснікаў у «ляўкоўскім» цыкле Я.Купалы, вершы якога напісаны ў стылі рэалістычнай ідэалізацыі (Р.Бярозкін). Такой «ідэальнай паэзіі» («Я калгасніца», «Як я молада была...», «Вечарынка» і інш.) бракавала глыбіні ў асэнсаванні рэчаіснасці 30-х гадоў. Аднак і вершы гэтага цыкла не пазбаўлены адзнак майстэрства, вызначаюцца сувяззю з народнапесеннымі традыцыямі.

У такім стылі створаны і вершы Я.Коласа «Радасць», «Шчаслівая хвіліна». Першы з іх вытрыманы ў песенным жанры. У вершы «Шчаслівая хвіліна» паэт перадае радасць маці, якая ўпэўнена, што яе дзіцяці забяспечаны шчаслівы лёс.

Роздумам над праблемамі сучаснасці і тым, як сённяшні дзень звязаны з мінулым і будучым, было выклікана паяўленне ў паэзіі другой палавіны 30-х гадоў медытатыўных жанравых форм.

У стрымана разважлівых інтанацыях напісаны верш Я.Коласа «Вусце»: «Я ў мыслях зноў прайдуся па зямлі». Яго вабіць хараство прыроды і тая суладнасць, што пануе тут. Здаецца, сама вечнасць увасобілася ў магутныя дубы, гонкія сосны. I вось «нацягнутыя струны цішыні» парушае рэха матора. Гул матора асацыіруецца ў свядомасці лірычнага героя Я. Коласа з рухам самога жыцця:

А вось матор загуў у глыбіні Блакітнага прастору: нашы дні У сонечным купаюцца праменні.

На хвалях «бурнага подыху дзён» нараджалася паэзія пісьменнікаў малодшага пакалення П.Броўкі, П.Глебкі, М.Хведаровіча, А.Звонака, М.Лужаніна, 3.Астапенкі, А.Куляшова, Ю.Таўбіна і інш. Іх творчасць насіла пераважна ўзвышана-рамантычны характар. Маладыя паэты даволі часта звяртаюцца да традыцый маладнякоўцаў. У іх паэзіі, асабліва вершах, напісаных на вытворчую тэму, заўважаецца дэкларатыўнасць, абстрактная абагульненасць. Сваю паэтычную праграму ў агітпаэме «Цэхавыя будні» П.Броўка сфармуляваў так: «Мне трэба, каб слова падносіла цэглу, а вершы ў альбом і другія напішуць». Малады паэт звяртаецца да касмічных вобразаў («Мне сонца сёння — домна, а цэх — мая радзіма»), лозунгавай патэтыкі («Горад у кашулях сваіх рыштаванняў горда ступае ў дні камун»). Такія адзнакі былі ўласцівы паэтычнаму стылю не аднаго П.Броўкі. «Як жа здабыткі часоў рэканструкцыі нам перабавіць да дзён камунізмавых?» — такое пытанне стаіць у вершы «Будуйце шлях да мэта» П.Глебка. Аўтар імкнецца выказаць парады на гэты конт: «Слухайце, я зачытаю інструкцыю, Слухайце добра, яна невялізная». У вершы думка рытарычна агаляецца, публіцыстыка заглушае пачуцці, якія хацеў выявіць аўтар.

У многіх паэтычных творах пачатку 30-х гадоў можна заўважыць звужанае разуменне меры чалавечнага. Нярэдка ў вершах гучаць матывы наіўнага аскетызму. У імя сцвярджэння ідэй новага свету лірычны герой часам імкнуўся пазбавіцца інтымных ігачуццяў: Пакуль зладзіш добры лад Справы гаспадарскай, Ой, не ўспомніш пра дзяўчат, Пра пяшчотнасць ласкі,— пісаў А.Александровіч у адным з вершаў, што ўвайшоў у зборнік «Узброеныя песні».

Найбольш пашыранымі жанрамі ў пачатку 30-х гадоў былі бытавыя замалёўкі ці дарожныя вершаваныя нарысы. Атрымаў распаўсюджанне прыём мантажу жыццёвых фактаў. У такой манеры напісаны цыкл А.Куляшова «Сонечнае заўтра», вершы М.Лужаніна «Гэтак яно было», «Гадзіна, пакуль адчыняюцца ўстановы», П.Глебкі «Трывога».

Своеасаблівасцю і глыбінёй бачання свету вызначаюцца вершы У.Хадыкі, якія склалі нізкі «За строем дат» (1934) і «Песні з поўдня» (1935). Паэт імкнецца «знайсці такое слова залатое, каб пець народжаны ў змаганні свет». Ява бачыцца У.Хадыку ў яе рэальнай існасці і ў велічных перспектывах далейшага росквіту: «Пішу вясну ў святле Агаступных зор, і свет увесь так родны мне і блізкі». Важным грамадскім тэмам паэт часта надае лірычна-інтымны паварот, што накладвае адбітак на паэтыку і стыль яго вершаў:

А ў плынях рэк, па залатой траве Крамянае такое ходзіць лета. Ў аздобе сонечных жывых акрас Яно звініць вясёлаю вадою. Такое толькі можа быць у нас — Здаровае, тугое, маладое.

Узнёсла-рамантычны пейзажны малюнак, як можна заўважыць, служыць тут сродкам для выяўлення пачуццяў маладога паэта, яго асабістага захапле







Дата добавления: 2015-08-17; просмотров: 1957. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Принципы и методы управления в таможенных органах Под принципами управления понимаются идеи, правила, основные положения и нормы поведения, которыми руководствуются общие, частные и организационно-технологические принципы...

ПРОФЕССИОНАЛЬНОЕ САМОВОСПИТАНИЕ И САМООБРАЗОВАНИЕ ПЕДАГОГА Воспитывать сегодня подрастающее поколение на со­временном уровне требований общества нельзя без по­стоянного обновления и обогащения своего профессио­нального педагогического потенциала...

Эффективность управления. Общие понятия о сущности и критериях эффективности. Эффективность управления – это экономическая категория, отражающая вклад управленческой деятельности в конечный результат работы организации...

Типовые ситуационные задачи. Задача 1.У больного А., 20 лет, с детства отмечается повышенное АД, уровень которого в настоящее время составляет 180-200/110-120 мм рт Задача 1.У больного А., 20 лет, с детства отмечается повышенное АД, уровень которого в настоящее время составляет 180-200/110-120 мм рт. ст. Влияние психоэмоциональных факторов отсутствует. Колебаний АД практически нет. Головной боли нет. Нормализовать...

Эндоскопическая диагностика язвенной болезни желудка, гастрита, опухоли Хронический гастрит - понятие клинико-анатомическое, характеризующееся определенными патоморфологическими изменениями слизистой оболочки желудка - неспецифическим воспалительным процессом...

Признаки классификации безопасности Можно выделить следующие признаки классификации безопасности. 1. По признаку масштабности принято различать следующие относительно самостоятельные геополитические уровни и виды безопасности. 1.1. Международная безопасность (глобальная и...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.012 сек.) русская версия | украинская версия