Нібы рупны араты.
Змітрок Бядуля. Абразкі. Плач пралескаў. Плакалі пралескі, дзеці вясны… Гэта раса на кволых пялёстках! – пяяў жаўранак і кружыўся над імі… Фарбаваныя небам, узгадаваныя сонейкам, яны на чорнай зямлі не хацелі перажыць нават ад маладзіка да ветаха вясенняга месяца… плакалі ды плакалі… Месцамі па лагчынах лядок стаяў, месцамі траўкі зазелянеліся… ………………………………………………………………………………………………………………… Новыя дарогі панёс на плячах араты ад каваля; дзяцюк ахвотна быкоў накарміў. Палала зарніца над бярэзнікам. У вёсцы з закураных каміноў круціўся ўверх, быццам кудзеля, белы дым – гаспадыні сняданне рыхтавалі. Выйшла дзяўчына першы раз босая ў чыстае поле; убачыла, як палескі слёзы льюць, ды сама заплакала. - Ой, мяне за нямілага замуж выдаюць! - Ой, пагубіла я леты маладыя свае!.. Абхапіла рукамі бярозку маладую ды абамлела разам з ёй… А вакол плакалі пралескі, дзеці вясны…
Нібы рупны араты. Нібы рупны араты, выходжу я раніцай на дзядзінец яшчэ сам бог спіць здаецца… Пад морам туману дрыжыць густы хвойнік на лагчыне. Над рэчкай месяц бляднее. Галавешкі начлежнага вогнішча яшчэ смалюцца пад сухім карчом. Бярэзнік ахоплен чырвоным морам усходняй зарніцы. Вароны пачалі крычаць і крыліцца над зялёнай елкай. Канюшына смачна запахла, і ў вёсцы вароты заскрыпелі… Пасля бяссноннай начы, калі ў нейкай непрытомнай гарачцы мучыцца чалавек, і, быццам калючыя шышкі, думы абхапілі яго сэрца, - вельмі прыемна дачакаць усходу сонейка… жадаеш цеплаты яго і, пасылаючы на ўзгорку шчырую малітву дню, скідаеш, як непатрэбныя атопкі, думы начныя…
|