Студопедия — Рэлігія і культура ў ІХ – ХІІІ стст. Дзейнасць асветнікаў
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

Рэлігія і культура ў ІХ – ХІІІ стст. Дзейнасць асветнікаў






Культурабеларускіх зямель з’яўляецца састаўной часткай старажытнарускай культуры. Агульныя карані маюць рэлігійныя ўяўленні, фальклор, літаратура, архітэктура і мастацтва.

У старажытнасці асноўнай рэлігіяй славян было язычніцтва. Язычніцтва (паганства) – умоўны тэрмін, які абазначае старажытныя вераванні і культы, што існавалі да пашырэння трох сусветных рэлігій. Назва “язычніцтва” паходзіць ад царкоўнаславянскага слова “ языцы ” – народы, чужаземцы, а назва “паганства” – ад лацінскага “ paganus ” – язычнік. Язычніцтва – надзвычай шматслойная і разгалінаваная сістэма вераванняў, якая ўключае ў сябе першабытныя рэлігійныя ўяўленні – анімізм, фетышызм, татэмізм, магію, політэістычныя ўяўленні. У славян-язычнікаў быў складаны пантэон багоў: Пярун – бог грому і маланкі, апякун вайсковай справы (пасля рэлігійнай рэформы язычніцтва пры князі Ўладзіміры аб’яўлены вярхоўным богам), Сварог – бог неба, Дажбог – бог сонечнага святла, Хорс – бог сонца, Вялес – бог жывёлагадоўлі і багацця, Стрыбог – бог вятроў, Цёця – багіня восеньскага ўраджаю, дабрабыту і сямейнага жыцця, Лада – багіня вясны, апякунка шлюбу і сям’і, Лёля – багіня дзявочай прыгажосці і кахання, Мокаш – жаночае бажаство ўрадлівасці і хатняга ачага. Былі багі, ад якіх, на думку старажытных славян, залежалі будучы ўраджай, жыццё і побыт людзей: Ярыла (вясна), Купала (лета), Аўсень (восень), Каляда (зіма). Як бачна, для ўсходніх славян было характэрна шматбожжа. Акрамя багоў людзі верылі ў разнастайных духаў, якія насялялі ўсё вакол. Сярод іх былі вадзянікі, лесуны, багнікі, лазнікі, хатнікі, кікімары, русалкі. Апошнія засялялі рэкі, лясы, палі і ўяўляліся ў выглядзе простых дзяўчын (а не так як зараз з рыбінымі хвастамі).

Месцы, дзе язычнікі пакланяліся сваім багам і прыносілі ім ахвяры, называюцца капішчамі (свяцілішчамі). Размяшчаліся яны на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Культавыя абрады выконвалі язычніцкія святары – вяшчуны. У Віцебску старажытныя капішчы размяшчаліся на Лысай (цяпер Успенская) гары і Юр’евай горцы. На апошняй прыносілі ахвяры Ярыле, культ якога пасля прыняцця хрысціянства ператварыўся ў пакланенне святому Юрыю.

Святы і абрады нашы продкі здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У студзені ў дзень зімовага сонцастаяння святкаваліся Каляды. На гэтае свята прыпадаў абрад ваджэння “казы”. Калядоўшчыкі збіралі пачастункі ў гаспадароў, тым самым як бы прымалі даніну на карысць сонца: “ Дзе каза рогам, там жыта стогам”. Ужо зімой сяляне-земляробы чакалі вясны, спадзяваліся на добры ўраджай.

У сакавіку спраўлялася Масленіца – свята заканчэння зімы. Людзі пяклі бліны, наладжвалі гульні на санях. У дзень вясновага сонцастаяння святкавалі “гуканне вясны”. Дзяўчаты спявалі песні, кідалі ўгору “жаўранкаў”, злепленых з цеста. У красавіку адзначалі старажытнае свята Камаедзіца, калі заканчвалася спячка мядзведзя, і ён выходзіў з бярлогі. Вытокі свята звязаны з татэмізмам. Каб задобрыць мядзведзя, людзі гатавалі і елі гарохавую кашу – камы. Лічылася, што гэта самая любімая страва татэмнай жывёлы. Вялікдзень (у хрысціян – Пасха) некалі адкрываў новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім “рухомым” календары. На гэтае свята ў гонар руплівых гаспадароў спяваліся валачобныя песні, якія захаваліся толькі ў фальклоры беларусаў. У пачатку мая адзначалася старажытнае свята выгану кароў – Ярылаў (у хрысціян – Юр’еў) дзень. Праводзіўся абрад выезду ў поле Ярылы: вакол маладога хлопца ў белай вопратцы дзяўчаты вадзілі карагоды і спявалі абрадавыя песні. У маі таксама адзначалася Радаўніца, калі на могілках паміналі памерлых.

Дзень летняга сонцастаяння адзначаўся святам Купалля. Яно праходзіла ў ноч на 22 чэрвеня (па старым стылі). У паданнях расказваецца, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Вельмі пашыранай на купальскім свяце была варажба, моладзь шукала папараць-кветку. У старажытнай Беларусі шмат дзе спраўлялі Дажынкі – свята канца жніва. У верасні адзначалася Узвіжанне – свята закрывання зямлі на зіму. У гэты дзень нашы продкі нават не хадзілі ў лес – лічылася, што ўсе змеі выпаўзалі апошні раз пагрэцца, каб затым схавацца ў норы на зіму. Асноўнае свята ў кастрычніку – Пакровы. Да гэтага дня трэба было закончыць усе сельскагаспадарчыя работы, падрыхтавацца да зімы. З гэтага часу наступала пара восеньскіх вяселляў. У лістападзе і снежні моладзь збіралася на вячоркі, куды запрашаліся музыкі.

Вельмі багатай была вусная народная творчасць (фальклор) нашых продкаў. Сярод апавядальных жанраў трэба назваць казкі, легенды, паданні, прыказкі, прымаўкі, загадкі, пацешкі, замовы. Даволі цікавым з’яўляецца былінны эпас Беларусі. Тут расказваецца пра асілкаў Іванку Прастачка, Івана Падвея, Івашку Мядзвежае Вушка, Кацігарошка. Асілкі выратоўвалі людзей, змагаючыся з рознымі міфічнымі істотамі – Змеем Гарынычам, Кашчэем Бессмяротным. У быліне пра Волха Усяславіча паказаны полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Тут ухваляецца спрытнасць і мудрасць князя-ваўкалака.

Паэтычная творчасць прадстаўлена абрадавай паэзіяй, якая падзяляецца на дзве вялікія групы – каляндарна-абрадавая і сямейна-абрадавая творчасць. Каляндарна-абрадавая творчасць цесна звязана з працай земляроба.

На змену язычніцтву на Беларусі ў Х ст. прыйшло хрысціянства. Яно ў І ст. н.э. зарадзілася ў Палестыне ў асяроддзі беднага яўрэйскага насельніцтва. Сімвалам гэтай веры была святая Троіца – Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог-Святы Дух. Паступова хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй ва ўсёй Еўропе. Сфарміраваліся два хрысціянскія цэнтры – Рым і Канстанцінопаль. На Русі хрысціянства афіцыйна было ўведзена ў 988 г. Уладзімірам Святаславічам. Старажытнаруская дзяржава прыняла новую веру па візантыйскаму ўзору. Услед за Кіевам хрысціянства прыняло насельніцтва Полацкага княства. Полацк стаяў на гандлёвым шляху “з вараг у грэкі”, яго жыхары ўжо даўно былі знаёмы з хрысціянскай верай, таму не аказвалі супраціўлення прымусоваму хрышчэнню. А вось у Тураве, магчыма, прыняцце хрысціянства суправаджалася крывавымі падзеямі. Пра гэта метафарычна гаворыцца ў паданні пра каменныя крыжы, якія прыплылі ў горад па Прыпяці, калі вада ў рацэ стала чырвонай ад крыві.

Хрысціянства на працягу некалькіх стагоддзяў распаўсюджвалася ў саперніцтве з язычніцтвам. Язычніцкія святары былі ў пашане ў Полацку нават сярод прадстаўнікоў княжацкай дынастыі. Так, летапіс прыпісвае Усяславу Чарадзею нараджэнне ад чараўніцтва. Разам з тым хрысціянская царква не столькі выдаляла язычніцтва са святаў і абрадаў нашых продкаў, колькі прыстасоўвала яго да новага рытуалу. Так фарміравалася дваяверства.

Царква – слова грэчаскага паходжання, яно абазначае “ дом божы ”. У перыяд сярэднявечча царква – гэта арганізацыя духавенства і вернікаў, якая дзейнічала на аснове хрысціянскага веравучэння і культу. На чале царквы на Русі стаяў кіеўскі мітрапаліт, які прызначаўся канстанцінопальскім патрыярхам. Першыя мітрапаліты былі грэкамі ці балгарамі. Мітрапаліт у сваю чаргу прызначаў епіскапаў у найбольш буйныя ўсходнеславянскія гарады. Так, у 992г. была створана Полацкая епархія, а 1005 г. – Тураўская. Першым вядомым полацкім епіскапам быў Міна (1105 г.), першым тураўскім – Фама. Епіскап быў у сваёй епархіі вышэйшым прадстаўніком царквы, ён прызначаў святароў. Ніжняй ячэйкай царквы быў прыход.

Важнейшым атрыбутам хрысціянства былі манастыры. Паводле падання першай манахіняй на Беларусі была Рагнеда, пра якую звесткі падае Цвярскі летапіс. Манастыры напачатку ўзніклі на Тураўшчыне. Так, яшчэ князь Уладзімір Святаславіч пад час хрышчэння Русі пад Пінскам заснаваў Лешчанскі манастыр, пазней у Тураве быў заснаваны Варварынскі манастыр. На Полаччыне манастыры ўзніклі ў ХІІ ст. Гэта – Барысаглебскі манастыр (на беразе р. Бельчыца), а таксама мужчынскі і жаночы манастыры ў Полацку, заснаваныя Ефрасінняй Полацкай.

Прыняцце хрысціянства супала па часе з усталяваннем дзяржаўнасці ў беларускіх землях і станоўча паўплывала на ход гэтага працэсу. Вера ў адзінага бога адпавядала адзінаўладдзю князя ў дзяржаве, а значыць, духоўна асвячала гэтую ўладу. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, асабліва з Візантыяй, садзейнічалі развіццю знешняга гандлю і рамяства. Знаёмства з візантыйскай культурай з’явілася стымулам для развіцця мастацтва, адукацыі, літаратуры і архітэктуры ўсходніх славян. У выніку прыняцця хрысціянства значна ўзрос аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў на міжнароднай арэне. З імі як з роўнымі пачалі лічыцца іншыя хрысціянскія дзяржавы. Разам з тым пасля афіцыйнага расколу хрысціянства на праваслаўе і каталіцызм (1054 г.) значна ўскладніліся адносіны з краінамі Заходняй Еўропы.

Разам з хрысціянствам на землях старажытнарускай дзяржавы з’явілася пісьменнасць. Заслуга стварэння славянскай азбукі (“кірыліцы”) належыць братам Кірылу і Мяфодзію Салунскім. Самым старажытным помнікам пісьменства на Беларусі з’яўляецца віслая пячатка князя Ізяслава канца Х ст., знойдзеная ў Ноўгарадзе. На пячатцы зроблены надпіс – імя князя ў грэчаскім гучанні (Изаславос), змешчаны княжацкі знак – трызубец. У Ноўгарадзе таксама знойдзена свінцовая пячатка Ефрасінні Полацкай з надпісам “ Господи помози Рабе своеи Ефросини нарецаемои ”.

На Беларусі выяўлена шмат помнікаў эпіграфікі (навука, якая вывучае надпісы на камянях, сценах пабудоў і бытавых прадметах). Надпіс ХІ ст. выяўлены ў Полацкай Сафіі, дзе на вялікім камяні ў падмурку выразаны імёны будаўнікоў: “ Давидъ, Тоума, Микоула, Петъръ, Воришъ ”. Надпісы ХІІ ст. ёсць на прасліцах (“ бабино праслень ” з Віцебска, “ Настасино праслен ” з Пінска), амфарах (“ Ярополче вино ” з Пінска). Добра вядомы помнікі эпіграфікі ХІІ ст. – Барысавы камяні каля Полоцка і Рагвалодаў камень пад Оршай. У Берасце знойдзены грэбень-алфавіт. Выключным помнікам эпіграфікі з’яўляецца надпіс на крыжы Ефрасінні Полацкай. У першай частцы надпісу гаворыцца, што ў 6669 (1161) годзе Ефрасіння навечна падаравала крыж царкве Спаса. У другой частцы надпісу напісаны праклён таму, хто выкрадзе крыж. На ніжняй пласціне адваротнага боку – дробны надпіс з імем яго стваральніка Лазара Богшы.

Важнейшымі помнікамі пісьменнасці з’яўляюцца берасцяныя граматы. Найбольш старажытнай граматай, звязанай з тэрыторыяй нашай краіны, з’яўляецца грамата ХІ ст., якая была выяўлена ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацка ці Віцебска. На Беларусі знайшлі дзве берасцяныя граматы: першую ў Віцебску, а другую ў Мсціславе. У віцебскай грамаце канца ХІІІ ст., знойдзенай экскаватаршчыкам пад час работ на плошчы Свабоды, гаворыцца аб тым, што Сцяпан просіць Няжылу купіць жыта на 6 грыўняў.

Самая ранняя рукапісная кніга з тэрыторыі Беларусі – Тураўскае Евангелле (ХІ ст.), напісанае на царкоўнаславянскай мове. Матэрыялам для кніг у той час служыў пергамент – спецыяльна вырабленая скура цялят. Вокладкай служылі дзве дошкі, абцягнутыя скурай, а закрывалася кніга з дапамогай спражкі.

У першай палове ХІ ст. пачалося летапісанне. У пачатку ХІІ ст. манахам Нестарам была створана “Аповесць мінулых часоў”. Ёсць звесткі пра існаванне Полацкага летапісу, які верагодна захоўваўся ў бібліятэцы Сафійскага Сабору. Важнейшымі жанрамі літаратуры Х-ХІІІ ст. былі словы (твор аратарскай прозы ў форме прамовы, пропаведзі або паслання – “Словы…” Кірылы Тураўскага, ХІІ ст.), жыціі (аповед пры жыццё і дзейнасць служыцеля царквы – “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, “Жыціе Кірылы Тураўскага”), прытчы (твор павучальнага характару – “Прытча пра сляпога і кульгавага” Кірылы Тураўскага).

Пашырэнню пісьменнасці садзейнічалі рэлігійна-асветніцкія дзеячы. Сярод іх асабліва трэба вазначыць унучку Усяслава Чарадзея Еўфрасінню Полацкую (1104-1167 гг.). У раннім узросце яна пайшла ў манастыр. З цягам часу Ефрасіння заснавала мужчынскі і жаночы манастыры, пры якіх працавалі скрыпторыі (школы-майстэрні па перапісванню кніг). Па загаду Ефрасінні Лазарам Богшам быў зроблены крыж, дойлідам Іаанам пабудавана Спаская царква. Ефрасіння спрыяла будаўніцтву царквы Святой Багародзіцы. Мужчынскаму манастыру асветніца падаравала ікону Божай Маці Эфескай, прывезеную з Візантыі. Напрыканцы жыцця Ефрасіння ажыццявіла падарожжа ў Святую зямлю, Іерусалім. Ефрасіння Полацкая была кананізавана (далучана да ліку святых).

Другім вядомым рэлігійным дзеячам быў Кірыла Тураўскі (1130-1182 гг.) – асветнік, пісьменнік, знакаміты прамоўца. Ён нарадзіўся ў Тураве ў сям’і багатых бацькоў, але “ не ўзлюбіў багацця і марнай славы гэтага свету і пайшоў у манастыр ”. На пэўны час Кірыла замураваўся ў невялікай вежы (“стаўпе”), здзяйсніўшы хрысціянскі подзвіг пустэльніцтва. Ён быў першым стоўпнікам на Беларусі. За красамоўства яшчэ пры жыцці Кірылу празвалі Златавустам. З творчай спадчыны Кірылы Тураўскага захаваліся “Слова на Вялікдзень”, “Прытча пра сляпога і кульгавага”. У сваіх творах асветнік выступаў супраць язычніцтва і прапаведаваў хрысціянскае веравучэнне, заклікаў прыхаджан “ чытаць кнігі святыя ў царкве і дома ”, адзначаць дні святыя “ не ў п’янстве з гульнямі і абжорстве, але прыходзячы ў царкву, дапамагаючы бедным ”.

Кніжнікамі і філосафамі былі ўраджэнцы Смаленска Клімент Смаляціч і Аўраамій Смаленскі. Ад творчай спадчыны Клімента застаўся адзіны твор – “Пасланне Фаме прасвітару”. Клімент Смаляціч быў кіеўскім мітрапалітам. Аўраамій Смаленскі – манах Селішчанскага манастыра, ён усё жыццё правёў у келлі (пакой для манаха), перапісваў кнігі. Аўраамій з’яўляўся вучнем Клімента Смаляціча.

З усталяваннем хрысціянства на землях Старажытнай Русі пачалася гісторыя манументальнага дойлідства. Найбольш старажытнымі помнікамі архітэктуры з’яўляюцца храм Прачыстай Багародзіцы (Дзесяцінная царква) у Кіеве (Х ст.), а таксама Сафійскія Саборы (“Сафія” – мудрасць Божая) ў Кіеве і Ноўгарадзе, пабудаваныя ў першай палове ХІ ст. Першым мураваным храмам на тэрыторыі Беларусі быў Сафійскі сабор у Полацку, які быў пабудаваны ў візантыйскім крыжова-купальным стылі. Полацкая Сафія зроблена ў тэхніцы муроўкі са схаваным радам, калі адзін рад цэглы (плінфы) быў “утоплены”, а прастора паміж верхнім і ніжнім радамі запаўнялася вапнавай рошчынай. У выніку храм набываў паласатыя чырвона-белыя фасады. Унутраная прастора сабора была распісана фрэскамі (манументальны жывапіс вадзянымі фарбамі па сырой тынкоўцы) і ўпрыгожана мазаікай. Некалькі разоў Сафія гарэла і разбуралася, але яе аднаўлялі. У час апошняй перабудовы ў XVIII ст. храм набыў выгляд двухвежавага будынку ў стылі віленскага барока.

Пасля заканчэння будаўніцтва ў сярэдзіне ХІ ст. Сафійскага сабора манументальнае будаўніцтва на Беларусі ўзнаўляецца ў ХІІ ст. У гэты час пачалі фарміравацца дзве мясцовыя архітэктурныя школы – полацкая і гродзенская.

Заснавальнікам полацкай школы з’яўляецца дойлід Іаан, які па загаду Ефрасінні Полацкай усяго за 30 тыдняў пабудаваў Спаскую царкву. Асаблівасцямі полацкага стылю былі: наяўнасць аднаго купала, какошнікаў, вежападобны выгляд, муроўка са “схаваным радам” (паласатая кладка). Рысы полацкай архітэктуры ўвасоблены і ў Дабравешчанскай царкве ў Віцебску. Праўда, крыху незвычайнай тут з’яўляецца будаўнічая тэхніка: сцены храма змураваны з квадратаў часанага каменю, якія чаргуюцца з двума-трыма радамі плінфы.

Самым раннім помнікам гродзенскай архітэктурнай школы з’яўляецца Барысаглебская (Каложская) царква. Асаблівасцямі гродзенскага стылю з’яўляліся: дэкараванне сцен храма адшліфаванымі валунамі і арнаментам у выглядзе крыжоў, зробленых з паліраванай керамічнай пліткі, а таксама наяўнасць збаноў-галаснікоў, якія паляпшалі акустыку.

ХІІІ ст. пакінула вельмі мала помнікаў абарончай архітэктуры. Найбольш вядомы і добра захаваны – 30-метровая, круглая ў плане вежа ў Камянцы (“ Белая вежа ”). Яе пабудаваў Алёкса паміж 1276 і 1288 гг. па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча. Вышыня 5-яруснай вежы складае 30 м., вонкавы дыяметр – звыш 13 м. У вежы мог размясціцца вялікі ваенны гарнізон. Сцены праразаліся байніцамі – вузкімі шчылінамі, праз якія вёўся абстрэл варожага войска. Ёсць звесткі пра тое, што падобныя вежы былі ў Гродна, Тураве і Полацку. Будаўнічыя матэрыялы і тэхніка архітэктурных форм сведчаць пра рамана-гатычны воблік помнікаў. Падобныя вежы ў Заходняй Еўропе атрымалі назву “данжон”.

У Х – ХІІІ стст. на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася прафесійнае мастацтва: манументальны жывапіс, іконапіс, кніжная графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, дробная пластыка. Роспісы храмаў рабіліся ў візантыйскай манеры. У фрэскавым жывапісе выкарыстоўваліся карычнева-чырвоныя, блакітна-сінія, жоўта-зялёныя фарбы. Іконапіс таксама знаходзіўся пад уплывам візантыйскай школы. Жывапіснае аздабленне старажытных рукапісаў выяўлялася ў афармленні ініцыялаў (загаловачных літар), заставак і канцовак, у мініяцюрах (ілюстрацыях).

Шэдэўрам старажытнага мастацтва Беларусі з’яўляецца шасціканцовы крыж, зроблены па замове Ефрасінні Полацкай у 1161 г. Лазарам Богшам. Драўляная аснова крыжа была пакрыта асобнымі срэбранымі і залатымі пласцінкамі. У сяродкрыжжах прымацаваны два невялікія крыжы з праразным арнаментам: вышэй чатырохканцовы, ніжэй – шасціканцовы. Галоўнае месца ў дэкарацыі адведзена каляровым эмалям. Выявы прадстаўляюць фігуры святых. Увенчвае кампазіцыю Ісус Хрыстос. У крыжы знаходзіліся святыя для кожнага верніка хрысціянскія рэліквіі: кавалачак гасподняй труны, кроў Хрыста, мошчы святых. Гісторыя крыжа трагічная. Некалькі разоў яго выкрадалі, пасля чаго ён зноў вяртаўся ў храм, аднак ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік, і дагэтуль невядома, дзе ён знаходзіцца. Аднавіў святыню ўжо ў наш час мастак-ювелір з Брэста Мікалай Кузьміч. Зараз крыж захоўваецца ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры ў Полацку.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 781. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Понятие и структура педагогической техники Педагогическая техника представляет собой важнейший инструмент педагогической технологии, поскольку обеспечивает учителю и воспитателю возможность добиться гармонии между содержанием профессиональной деятельности и ее внешним проявлением...

Репродуктивное здоровье, как составляющая часть здоровья человека и общества   Репродуктивное здоровье – это состояние полного физического, умственного и социального благополучия при отсутствии заболеваний репродуктивной системы на всех этапах жизни человека...

Случайной величины Плотностью распределения вероятностей непрерывной случайной величины Х называют функцию f(x) – первую производную от функции распределения F(x): Понятие плотность распределения вероятностей случайной величины Х для дискретной величины неприменима...

Субъективные признаки контрабанды огнестрельного оружия или его основных частей   Переходя к рассмотрению субъективной стороны контрабанды, остановимся на теоретическом понятии субъективной стороны состава преступления...

ЛЕЧЕБНО-ПРОФИЛАКТИЧЕСКОЙ ПОМОЩИ НАСЕЛЕНИЮ В УСЛОВИЯХ ОМС 001. Основными путями развития поликлинической помощи взрослому населению в новых экономических условиях являются все...

МЕТОДИКА ИЗУЧЕНИЯ МОРФЕМНОГО СОСТАВА СЛОВА В НАЧАЛЬНЫХ КЛАССАХ В практике речевого общения широко известен следующий факт: как взрослые...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.007 сек.) русская версия | украинская версия