У 90-я гады ў даволі складаным становішчы аказалася навука. Як вядома, яшчэ ў савецкі перыяд Беларусь адрознівалася сваім высокім навуковым патэнцыялам. Але складанае эканамічнае палажэнне ў перыяд перабудовы і асабліва «шокавай тэрапіі» прывялі да рэзкага зніжэння аб'ёмаў дзяржаўнага фінансавання навукі, што негатыўна адбілася на матэрыяльна-тэхнічнай базе і кадрах. Зменшыўся прыток моладзі ў навуку і, наадварот, павялічылася колькасць навукоўцаў, якія перайшлі ў камерцыйныя структуры або з'ехалі за мяжу, дзе ў той час яны маглі атрымаць лепшыя ўмовы для навуковай працы.
Каб выправіць палажэнне, у 1993 г. быў прыняты Закон «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі», згодна з якім было некалькі палепшана фінансаванне навукі, а адказнасць за развіццё фундаментальных навуковых даследаванняў ускладзена на Акадэмію навук Беларусі. 5 сакавіка 2002 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выдаў дэкрэт «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі». Была створана сістэма дзяржаўнага кіравання, якая складаецца з Камітэта па навуцы і тэхналогіях пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі (ВАК) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У апошні час навука пачынае выходзіць на страчаныя раней рубяжы, стабільна развіваецца, пашыраюцца кантакты з навуковай супольнасцю замежных краін.
Падмуркам навукі па-ранейшаму застаецца АН Беларусі, дзе дзейнічае больш за 20 навукова-даследчых інстытутаў. Інстытут фізікі акадэміі распрацаваў тэхналогію вырошчвання штучных алмазаў. У філалогіі адбыліся значныя змены, упершыню свет убачыў трохтомны слоўнік беларускай мовы.