Літаратура. Сучасны ўрок як форма навучання
Сучасны ўрок як форма навучання План Сучасны ўрок як форма навучання. Літаратура 1. Лугоўскі А.І. Методыка выкладання беларускай літаратуры. – Мн., 2007. 2. Лугоўскі А.І. Слоўнік студэнта-фіолага па методыцы выкладання літаратуры. – Мн., 2006. 3. Методыка выкладання літаратуры / Пад рэд. В.Я.Ляшук, А.У.Рагулі. – Мн., 1986. 4. Методыка выкладання беларускай літаратуры (пад рэд. В.Я. Ляшук). – Мн., 2002. 5. Педагогика: Большая современная энциклопедия / Сост. Е.С. Рапцевич. – Мн., 2005. – С. 137 – 140, С. 299 – 300. 6. Российская педагогическая энциклопедия: В 2 т. Т. 1 / Гл. ред. В. В. Давыдов. – М., 1993. – С. 566. Урок літаратуры адлюстроўвае запатрабаванні жыцця, здабыткі навукова-педагагічнай думкі і школьнай практыкі, але, безумоўна, не сам па сабе, а дзякуючы намаганням настаўнікаў, бо ўрок – гэта творчасць настаўніка. Кожны настаўнік выбірае свой падыход, па-свойму арганізуе навучальную дзейнасць, выкарыстоўвае разнастайныя метады і прыёмы і ў пэўнай ступені, кіруючыся праграмай, падручнікамі, метадычнымі дапаможнікамі і інш., сваёй логікай, сваім бачаннем спасціжэння літаратурных твораў. Аднак, пры ўсёй непаўторнасці ўрокаў ёсць у іх устойлівае, тое, што вызначаецца самім прадметам, логікай яго пазнання, заканамернасцямі ўзроставай псіхалогіі школьнікаў. Методыка ўрока літаратуры грунтуецца ў першую чаргу на канкрэтызацыі тэмы, выразнай пастаноўцы дыдактычнай мэты, задачы (навучальнай, развіццёвай, выхаваўчай), па разнастайнасці метадаў, разлічаных на інтэнсіфікацыю пазнавальнай дзейнасці вучняў і трывалае засваенне матэрыялу. Эфектыўнасць урока, якасць набытых вучнямі на іх ведаў вызначаецца яго змястоўнай і метадычнай напоўненасцю, узроўнем правядзення, яго атмасферай. Залог поспеху крыецца ў грунтоўнай падрыхтоўцы ўрока. Урок заўсёды быў і застаецца галоўнай формай навучальна-выхаваўчага працэсу. Гэта калектыўная форма навучання, якой уласцівыя пастаянны састаў навучэнцаў і ўстойлівыя часавыя рамкі (45 хвілін), з загадзя састаўленым раскладам і арганізацыяй вучэбнай працы над пэўным матэрыялам. Для яго ставяцца арганізацыйныя, дыдактычныя, гігіенічныя, метадычныя і літаратуразнаўчыя патрабаванні.
|