Дыдактычныя патрабаванні да ўрока
1. выразнае фармуляванне адукацыйных задач і іх састаўных элементаў, усведамленне іх сувязі з развіццёвымі, выхаваўчымі і практычнымі задачамі. Вызначэнне месца ў агульнай сістэме ўрокаў: паглядзець рэтраспектыўна і перспектыўна (што вядома, што паўтарыць, актуалізаваць, што будзе выкарыстана ў далейшым?). Напрыклад, вывучэнне ў 5 класе легенды У. Караткевіча “Лебядзіны скіт”. З гэтым пісьменнікам вучні знаёміліся ў 4 класе, а таксама вывучалі легенды і паданні. Паняцце “сістэма вобразаў” будзе паглыбляцца ў далейшым. З праграмнага артыкула фармулюецца тэма і адукацыйная мэта. На аснове патрабаванняў да навыкаў і ўменняў падаецца развіваючая мэта. Урок літаратуры ўтрымлівае вялікі выхаваўчы патэнцыял, і выхаваўчая мэта фармулюецца са зместу вывучаемага матэрыялу. У нашым прыкладзе гэта мэта – захапіць вучняў лепшымі чалавечымі якасцямі, увасобленымі ў вобразе старца; 2. вызначэнне аптымальнага зместу ўрока ў адпаведнасці з патрабаваннем навучальнай праграмы і мэтамі ўрока, улікам узроўню падрыхтаванасці вучняў; 3. прагназаванне ўзроўню засваення вучнямі навуковых ведаў, сфарміраванасці ўменняў і навыкаў як на ўроку, так і на асобных яго этапах; 4. выбар найбольш рацыянальных метадаў, прыёмаў і сродкаў навучання, стымулявання і кантролю, аптымальнага іх уздзеяння на кожным этапе ўрока, спалучэнне розных форм калектыўнай, групавой і індывідуальнай працы на ўроку і максімальную самастойнасць у вучэнні навучэнцаў; 5. рэалізацыя на ўроку ўсіх дыдактычных прынцыпаў; 6. стварэнне ўмоў паспяховага навучання школьнікаў.
|