Сістэма ліра-эпічных відаў і жанраў
Спецыфіка ліра-эпасу ў тым, што ён спалучае і сінтэзуе ў творах прыкметы лірыкі і эпасу. Сюжэтнае апавяданне аб падзеях у такіх творах спалучаецца з эмацыянальна-медытатыўнымі выказваннямі апавядальніка, якія ствараюць вобраз лірычнага «я» альбо лірычнага героя. Самымі распаўсюджанымі і характэрнымі відамі і жанрамі ліра-эпасу з’яўляюцца паэма і балада. Паэма (гаворка ідзе менавіта аб класічнай паэме) уяўляе сабой даволі вялікі (аб’ёмны) вершаваны твор, у якім закранаюцца і адлюстроўваюцца важныя праблемы рэчаіснасці, пададзеныя, як правіла, на значным сацыяльна-гістарычным фоне. У адрозненне ад вершаваных рамана і аповесці, у паэме адсутнічаюць падрабязныя апісанні; яе аўтары стараюцца ўзняцца над паўсядзённасцю і адшукаць у жыцці ўзвышана-гераічнае. Акрамя таго, паэма выяўляе імкненне да філасофска-гістарычнага асэнсавання падзей. Адпаведна, што гэта накладвае адбітак на сюжэтна-кампазіцыйныя і стылёвыя адзнакі твора. Самыя глыбокія вытокі паэмы ляжаць у фальклоры, а таксама ў не надта далёка адышоўшых ад яго творах народна-гераічнага эпасу. Еўрапейская літаратурная паэма вядзе свой радавод з антычнасці («Энеіда» Вергілія). Найвышэйшы ўздым паэма як жанр перажыла ў ХІХ ст., у эпоху рамантызму, калі тварылі Дж. Байран, А. Пушкін, М. Лермантаў, А. Міцкевіч і цэлы шэраг інш. паэтаў. Пераважная большасць даследчыкаў правамоцна ўказвае на «Песню пра зубра» М. Гусоўскага як на твор, які паклаў пачатак развіццю жанру паэмы на Беларусі. У новай беларускай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця выдатныя ўзоры паэмы пакінулі пасля сябе аўтары «Энеіды навыварат» і «Тараса на Парнасе», а таксама Я. Купала, Я. Колас. Іх традыцыі плённа працягнулі і ўзбагацілі крыху пазней П. Трус, М. Чарот, У. Дубоўка, Я. Пушча, А. Куляшоў, М. Танк, П. Панчанка, П. Броўка, Н. Гілевіч, Л. Геніюш і цэлы шэраг інш. паэтаў. Балада характарызуецца распрацоўкай драматычна-напружанага сюжэта фантастычна-казачнага, легендарна-гістарычнага ці гераічнага зместу. Вытокі еўрапейскай літаратурнай балады ляжаць у творчасці Р. Бёрнса, С. Кольрыджа, І.В. Гётэ, Ф. Шылера, Г. Гейнэ, В. Жукоўскага, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча. Пачынальнікамі беларускай балады лічацца В. Дунін-Марцінкевіч («Травіца брат-сястрыца»), Ф. Багушэвіч («Хцівец і скарб на святога Яна»), Я. Купала («Забытая карчма»), А. Гарун («Варажба»), З. Бядуля («У калядную ноч»). Іх традыцыі працягнулі і ўзбагацілі П. Трус, А. Дудар, А. Куляшоў, М. Танк, П. Броўка, П. Панчанка, А. Вялюгін, Н. Гілевіч, Я. Сіпакоў, А. Лойка і інш. Шэрагам даследчыкаў да ліра-эпічных відаў і жанраў адносяцца таксама байка (невялікі, звычайна вершаваны, алегарычны твор павучальна-гумарыстычнага ці сатырычнага характару, чалавечае жыццё ў якім адлюстроўваецца, як правіла, праз вобразы жывёл, раслін, рэчаў), вершаваная аповесць і вершаванае апавяданне (дадзеныя жанры, у адрозненне ад паэмы, маюць яскрава выражаную ўстаноўку на апавядальнасць, падзейнасць; пэўнымі ўзорамі іх можна лічыць «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» і інш. вершаваныя рэчы В. Дуніна-Марцінкевіча) і раман у вершах (вялікі вершаваны твор, у якім шырока ахопліваюцца істотныя жыццёвыя падзеі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі, эпохі, паказваюцца характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці; раман у вершах даволі шырока ўзнаўляе бытавыя малюнкі; у дадзеным жанры шмат лірычных адступленняў, у якіх закранаюцца многія важныя пытанні чалавечага жыцця; змацоўвае раман у вершах, сплятае ў адзінае цэлае яго сюжэт фігура галоўнага героя — Дон Жуана і Яўгена Анегіна ў аднайменных творах Дж. Байрана і А. Пушкіна, Сцяпана Вячоркі ў «Родных дзецях» Н. Гілевіча).
|