Студопедия — 6 страница. За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

6 страница. За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры






Культура БССР у 1945 – 1991 гг.

 

За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры, не прыйшлі з вайны многія адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі. У такіх умовах адразу пасля вызвалення пачынаецца культурнае аднаўленне БССР. Але першыя пасляваенныя гады адзначыліся новай хваляй шырокамаштабных рэпрэсій на Беларусі, звязаных з дзейнасцю паплечніка Берыі Я. Цанавы. На 25 год лагероў была асуджана Ларыса Геніюш. Зноў арыштаваны пісьменнікі А. Александровіч, Б. Мікуліч, А. Пальчэўскі, С. Грахоўскі, С. Шушкевіч, А. Звонак і інш. У аснову кампаніі супраць інтэлігенцыі была пакладзена пастанова ЦК ВКП(б) "Аб часопісах "Звязда" і "Ленінград" (1946) і інш. Для актывізацыі барацьбы з "нацыяналізмам" і "касмапалітызмам" у БССР быў прысланы М. Гусараў. Крытыкаваліся як асобныя творцы (М. Танк, К. Буйло), так і цэлыя выданні. У скажэнні жыцця беларускай вёскі быў абвінавачаны і зняты з пасады рэдактара часопіса "Маладосць" аўтар аповесці "Дабрасельцы" А. Кулакоўскі. Наступленне накіроўвалася і на дзеячаў беларускай навукі. Ад яго пацярпелі прэзідэнт АН БССР А. Жэбрак (1947), славуты генетык, які не падтрымліваў лысенкаўскія метады ў біялогіі; наркам асветы П. Саевіч (1951), абвінавачаны ў "югаслаўскім шпіянажы". Ішоў працэс ідэалагізацыі ўсіх сфер жыцця. Рэальную ўладу ўтрымлівалі партыйныя камітэты. Узмацняліся русіфікатарскія тэндэнцыі ў палітыцы цэнтральных органаў улады, гэтаму спрыяла дзейнасць на Беларусі прысланых з Масквы партыйных і савецкіх работнікаў (асабліва пасля дыскусіі па мовазнаўстве ў 1950 г.). Але адбывалася аднаўленне сістэмы адукацыі. Да 1950 г. ўдалося аднавіць даваенную сетку агульнаадукацыйных школ, ішло павелічэнне колькасці сярэдніх школ. Да сярэдзіны 50-х гг. быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання. У 1944 – 1945 гг. працавалі 22 ВНУ. Хутка адраджалася акадэмічная навука, флагманам якой стала аднавіўшая сваю работу ў 1944 г. АН БССР. К канцу 1950 г. ў рэспубліцы дзейнічала 77 навуковых устаноў. Развіццё беларускай літаратуры ішло ў вельмі складаных умовах. Дыктат афіцыйнай ідэалогіі прывёў да таго, што многія літаратурныя творы вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу (раманы А. Стаховіча, М. Паслядовіча і інш.). Галоўная тэма – мінулая вайна (І. Мележ, М. Лынькоў, І. Шамякін…). Гэтаму ж былі прысвечаны і першыя пасляваенныя п’есы К. Крапівы, А. Маўзона, А. Кучара. Тэатральнае мастацтва таксама адчувала на сабе ідэалагічы ўціск партыйнага кіраўніцтва. Калі ў сезоне 1944/45 гг. у БССР працавала 12 тэатраў, то ў 1950 г. іх засталося толькі 8. У касмапалітызме былі абвінавачаны тэатральныя рэжысёры В. Галаўчынер, Я. Рамановіч. Пачаліся нападкі на п’есы А. Макаёнка, оперу Я. Цікоцкага "Алеся", кампазітараў С. Пракоф’ева, Дз. Шастаковіча, А. Хачатурана, П. Падкавырава. У той жа час на сцэне ззялі таленты Б. Платонава, Г. Глебава, Л. Ржэцкай, Л. Аляксандроўскай і інш. Адной з галоўных тэм мастацтва становіцца гераізм савецкіх людзей у гады вайны, увасабленне героя з багатым унутраным светам. Героіку савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвасабляюць мастакі Я. Ціхановіч, І. Давідовіч, Я. Зайцаў, В. Волкаў. З пачатку 50-х гадоў пачынаюць набываць папулярнасць жанравыя карціны (Г. Бржазоўскі, А.і І. Ткачовы, П. Гаўрыленка). Ярка праявіўся талент скульптара З. Азгура. Ён стварае цэлую серыю партрэтаў гістарычных дзеячаў і герояў сучаснасці. Значным дасягненнем стаў ансамбль Плошчы Перамогі (1954), створаны З. Азгурам, А. Бембелем, А. Глебавым, С. Селіханавым. Манументалізмам адзначаецца і пасляваенная архітэктура (кампазіцыі праспекта Скарыны, Прывакзальнай плошчы). Ствараюцца генпланы рэканструкцыі гарадоў. Значная ўвага надаецца аднаўленню прамысловых прадпрыемстваў і жылога фонду (пераважна малапавярховыя дамы). Такім чынам, асаблівасцю пасляваеннага развіцця культуры стаў ідэалагічны дыктат, барацьба з прагрэсіўнай інтэлігенцыяй, русіфікацыя. Але важна зазначыць, што адбылося аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі, навукі і культуры. Супярэчлівы характар насіла культурнае жыццё рэспублікі і ў далейшы перыяд: 50 – 80 гады ХХ ст. З аднаго боку, ішла дэмакратызацыя, звязаная з наступленнем "адлігі", рэабілітацыя дзеячаў навукі і культуры, аслабленне партыйнага ўціску, а з другога, — татальная русіфікацыя ўсіх сфер жыцця, абгрунтаваная тэзісам аб пабудове камуністычнага грамадства, дзе будуць зліты мовы і культуры ўсіх савецкіх народаў, агалцелы ваяўнічы атэізм, шаблоннасць. У адукацыі ў гэты час праходзіць некалькі рэформ. У 1958 г. адбываецца пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання і ўвядзенне ў сярэдняй школе адзінаццацігадовага тэрміну з вытворчым навучаннем. Дзесяцігадовае навучанне вярнулася ў 1964 – 1984 гг., а ў 70-я гг. была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя моладзі. У прафесійна-тэхнічнай адукацыі стваралася адзіная сістэма гарадскіх і сельскіх прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. У 1950 г. ў БССР працавала больш за сто тэхнікумаў, 29 ВНУ. Але вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя адзначалася экстэнсіўнасцю: пры пастаянным павелічэнні колькасці выпускнікоў не заўсёды захоўвалася якасць іх навучання. Адной з адмоўных рыс адукацыі таго часу стала звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. У БССР не было ніводнай сярэдняй і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Бацькі атрымалі права вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Дапускалася нават выкладанне беларускай мовы па-руску. У сярэдзіне 80-х гг. усяго каля 19 % дзіцячых садкоў і 23 % школ працавалі на беларускай мове. У выніку такой моўнай палітыкі стварыліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай культуры. Навука гэтага перыяду характарызуецца станаўленнем фундаментальных даследаванняў. У сістэме АН БССР адкрываюцца інстытуты фізікі і матэматыкі, генетыкі, цепла – і масаабмену і інш. Ствараюцца цэлыя навуковыя школы (у галіне звычайных дыфференцыяльных ураўненняў — школа Н.П. Яругіна, спектраскапіі і лазераў – Б.І. Сцяпанава, цепла- і масапераносу – А.В. Лыкава, тэарэтычнай фізікі – Ф.І. Фёдарава, антрапагенэзу – Г.І. Гарэцкага, кардыялогіі– Г.І. Сідарэнкі, вылічальнай матэматыкі – У.І. Крылова, геалогіі і тэктонікі – Р.Г. Гарэцкага). Шырока вядомымі ў свеце сталі біёлаг В. Купрэвіч, матэматык У. Платонаў, фізік М. Барысевіч. Пераважнае развіццё ў рэспубліцы атрымалі тэхнічная і фізіка-матэматычная навукі, што звязана з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак толькі нямногія навуковыя распрацоўкі знаходзілі прымяненне на практыцы. Складаная сітуацыя складваецца ў сферы гуманітарных навук: дагматызм, звышідэалагізацыя, работа "на заказ" вышэйшага парткіраўніцтва сустракаецца ў шматлікіх працах беларускіх гісторыкаў і грамадазнаўцаў. У беларускім рэчышчы развіваецца літаратура. Узмацняецца яе сувязь з жыццём. Але захоўваецца ідэалагічнае кіраўніцтва, цэнзура, асабліва пашыраныя ў другой палове 60-х гг. У якасці вядучага жанру прозы ўсталёўваецца раман. Галоўнай застаецца тэма мінулай вайны, але зараз мастакі слова большую ўвагу надаюць раскрыццю ўнутранага свету чалавека ў такіх экстрэмальных умовах (раманы А. Адамовіча, В. Быкава, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, дакументалістыка С. Алексіевіч і інш.). Гістарычная праблематыка таксама прыцягвае да сябе пільную ўвагу (раманы Л. Дайнекі, В. Іпатавай, У. Караткевіча, К. Тарасава, п’есы А. Макаёнка, А. Петрашкевіча). Шмат твораў прысвячалася праблемам сацыялістычнай рэчаіснасці (Я. Брыль, Г. Далідовіч, К. Крапіва, І. Мележ, І. Шамякін). Паэзія адзначана творамі Р. Барадуліна, П. Броўкі, Н. Гілевіча, П. Глебкі, П. Панчанкі і інш. Беларускія літаратары цесна супрацоўнічалі з кінастудыяй "Беларусьфільм", якая аднавіла сваю работу ў 1944 г. Кожны год на ёй выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Сярод найбольш вядомых — мастацкія стужкі "Міколка-паравоз", "Белыя росы", "Крушэнне імперыі", "Альпійская балада". З 60-х гг. беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п’есы беларускіх драматургаў (А. Дударава, А. Макаёнка, М. Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В. Елізар’ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета ("Стварэнне свету" А. Пятрова і інш.). К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў, але толькі тры з іх былі беларускамоўныя. У музычным мастацтве развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У. Алоўнікаў, М. Аладаў, А. Багатыроў, І. Лучанок, У. Мулявін, П. Падкавыраў, Я. Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М. Аладава, Дз. Лукаса, Р. Пукста, Дз. Смольскага, Ю. Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да ваенна-патрыятычнай тэматыкі, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. Большасць кампазітараў працуе ў розных жанрах. У 70 – 80-я гг. з’яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі "Песняры", "Верасы", "Сябры", фальклорна- харэаграфічны ансамбль "Харошкі"). Дзяржава садзейнічае масаваму развіццю самадзейнай мастацкай творчасці: многія аматарскія калектывы сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. У 1983 – 1985 гг. у БССР было створана 652 калектывы мастацкай самадзейнасці, якія аб’ядноўвалі 18 тысяч удзельнікаў. У гады "адлігі" пачалі сваю працу таленавітыя мастакі А. Кішчанка, Я. Шчамялёў, Г. Вашчанка, У. Стальмашонак, М. Савіцкі. Пашыраецца так званы "суровы стыль", які праўдзіва адлюстроўвае жыццё (М. Савіцкі — цыкл "Лічбы на сэрцы", інш. работы). Пераважае ваенная (М. Данцыг, В. Грамыка) і гістарычная (А. Марачкін, Я. Шчамялёў) тэматыка. Ствараюцца цэлыя серыі партрэтаў знакамітых людзей Беларусі (З. Паўлоўскі, У. Стальмашонак, І. Ахрэмчык, В. Сахненка). У 50 – 60 гг. набывае папулярнасць новы жанр гарадскога пейзажа (П. Масленікаў, М. Данцыг), развіваецца нацюрморт (В. Жалток, Я. Радзялоўская, С. Каткова). Але многія мастакі, нязгодныя з заідэалагізаванасцю і стэрэатыпнасцю ў жывапісе, вымушаны былі пакінуць краіну і набылі шырокую вядомасць за яе межамі (В. Баброў, А. Ісачоў, Н. Паўлоўскі, Г. Хацкевіч). У выяўленчым мастацтве замацавалася сістэма творчых заказаў, што, безумоўна, зніжала ўзровень мастацкіх твораў. Беларуская графіка гэтага часу прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У. Басалыгі, С. Геруса, В. Шаранговіча). Значныя змены адбываюцца ў гэты час у архітэктуры. Пачынаецца масавае будаўніцтва жылля; распрацоўваюцца генпланы забудовы гарадоў, у якіх плануецца месца пад цэлыя жылыя раёны і мікрараёны. Распаўсюджваецца буйнапанэльнае будаўніцтва. Хуткія тэмпы, імкненне да зніжэння кошту жылля прывялі да тыпізацыі забудовы; гарады страцілі сваё адметнае аблічча. У 70-я гг. паступова пераадольваецца жорсткі рацыяналізм, выкарыстоўваюцца новыя праекты на аснове блок-секцыйных метадаў. Знешні выгляд гарадоў вызначаюць буйныя прамысловыя комплексы. Новым аб’ектам для беларускіх будаўнікоў становіцца сталічны метрапалітэн (з 1977 г.). Архітэктары працуюць над стварэннем мемарыяльных ансамбляў і комплексаў (манумент "Мінск — горад- герой", комплексы "Хатынь", "Брэсцкая крэпасць-герой", "Прарыў"). У той жа час у сярэдзіне 50-х гг. узмацнілася палітыка канфрантацыі дзяржавы ў адносінах да рэлігіі і вернікаў, што звязана з ідэяй пабудовы на працягу аднаго пакалення ў краіне камунізму, дзе рэлігіі няма месца. Пасля пастановы СМ СССР (1961) пачалася кампанія па масавым закрыцці і нават знішчэнні храмаў, рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў культаў. Культура БССР сярэдзіны 50 – 80 гг. была цесна звязана з культурамі саюзных рэспублік і краін сацыялістычнага лагера. Ладзіліся тыдні і дэкады культуры Беларусі ў іншых краінах, фестывалі мастацтваў ("Дружба народаў", "Беларуская музычная восень" і інш.), на гастролі выязжалі славутыя беларускія творцы, умацоўваліся сувязі творчых саюзаў і мастацкіх калектываў. Неад'емнай часткай агульнай беларускай культуры з'яўляецца культура беларускага замежжа. Далёка ад радзімы працуюць таленавітыя навукоўцы і творцы: нобелеўскі лаўрэат, вучоны І. Прыгожын, літаратары Н. Арсеннева, М. Сяднёў, М. Галіна (родны брат Я. Коласа), У. Дудзіцкі, Р. Жук-Грышкевіч, архітэктар і мастак М. Навумовіч, гісторыкі Я. Запруднік, В. Жук-Грышкевіч, літаратуразнаўца З. Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку В. Кіпель і многія іншыя. Такім чынам, беларуская культура перыяду 40 – 80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях праз празмерную ідэалагізацыю, партыйна-савецкае кіраўніцтва, класавы падыход. Абмяжоўвалася свабода творчасці, і, што найбольш цяжка для нацыянальнай культуры, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур’ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб глыбіні і высокім прафесійным узроўні культуры.

 

Рэспубліка Беларусь – незалежная дзяржава

 

25 жніўня 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон "Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР" і пастанову "Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР". Такім чынам, фактычна была абвешчана незалежнасць Беларусі. 19 лістапада 1991 г. БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь (у скарочаным варыянце – Беларусь), нацыянальныя сімвалы - бела-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" - сталі дзяржаўнымі. Быў выбраны новы старшыня Вярхоўнага Савета – прафесар С.С. Шушкевіч. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі спрыяла далейшаму развіццю дэмакратычных адносін. Хутка развівалася незалежная прыватная прэса. Быў спрошчаны выезд грамадзян за мяжу. Ужо ў першыя гады незалежнасці было зарэгістравана 29 палітычных партый і 7 грамадска-палітычных рухаў. У 1994 г. парламент прыняў закон аб палітычных партыях, які гарантаваў грамадзянам нашай краіны права свабоды палітычных поглядаў і актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці. У 1992 г. для забеспячэння эканамічных інтарэсаў Беларусі ўводзіліся разліковыя білеты Нацыянальнага банка. Немалаважнай была і знешнепалітычная дзейнасць дзяржавы. Былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны з ЗША, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Японіяй, Ізраілем, Польшчай і іншымі краінамі, нармалізаваны адносіны з беларускай дыяспарай, падпісаны найважнейшыя міжнародныя дамовы, якія гарантавалі далейшае развіццё Беларусі як мірнай дэмакратычнай дзяржавы. Пасля распаду СССР перад Рэспублікай Беларусь паўстала задача пабудовы незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Стварэнне суверэннай дзяржавы ў значнай ступені залежала ад эканамічнай базы. У спадчыну ад Савецкага Саюза засталася добра развітая прамысловасць (Беларусь часта называлі "зборачным цэхам СССР") і сельская гаспадарка, арганізаваная на калектыўным падмурку. Перавагай беларускай прамысловасці была адносная навізна тэхналогій, паколькі большая яе частка была пабудавана ў 70-х – 80-х гг. Зрэшты, новымі выкарыстаныя тэхналогіі можна лічыць толькі адносна іншых савецкіх рэспублік, у якіх большая частка прамысловага фонду была значна больш старая. Для заходніх прадпрыемстваў ужо ў гэты перыяд характэрным стала абнаўленне асноўных фондаў раз на чатыры-пяць гадоў, што ў Савецкім Саюзе было абсалютна не прынята. Істотным недахопам беларускай прамысловасці была апора на неабходнасць паставак рэсурсаў і камплектуючых з іншых рэспублік былога СССР, з чым ва ўмовах разрыву гаспадарчых сувязяў узніклі вялікія праблемы. "Ахілесавай пятой" усёй савецкай эканомікі (і беларускай) была апора на празмерна танныя рэсурсы. Ва ўмовах адсутнасці неабходнасці эканоміі рэсурсаў пры выпуску прамысловай прадукцыі затрачвалася сыравіны і энергіі значна больш за тую колькасць, якая выкарыстоўвалася на Захадзе. Беларуская прамысловасць, перадавая пры планавай эканоміцы, пасля пераходу да рыначнай сістэмы гаспадарання павінна была канкурыраваць з эканамічнай заходняй прадукцыяй. Акрамя таго, і спажывецкія якасці заходніх тавараў былі значна вышэй. Якасць беларускай прадукцыі кантралявалася саюзнымі і рэспубліканскімі ДАСТамі, часцяком дастаткова непатрабавальнымі, якія не ўлічвалі інтарэсы спажыўца. Высокая якасць заходняй прадукцыі стала вынікам многіх дзесяцігоддзяў жорсткай канкурэнцыі за пакупніка. Падмуркам, асновай сельскай гаспадаркі былі саўгасы і калгасы, няздатныя стымуляваць звычайных працаўнікоў да высокапрадукцыйнай працы. Многія калектыўныя прадпрыемствы былі стратнымі, для функцыянавання іх неабходна была пастаянная дапамога дзяржавы. Другая праблема сельскай гаспадаркі – залішняя доля сельскага насельніцтва (больш за трэць насельніцтва Беларусі жыло не ў горадзе). Для сучасных заходніх краін, у большасці якіх сельская гаспадарка таксама стратная і датуецца дзяржавай, гэтая праблема мае меншае значэнне, бо ў сельскагаспадарчым сектары занята толькі 5 – 15% жыхароў. Іх, зразумела, значна лягчэй датаваць за кошт гарадской часткі. Пры высокай прадукцыйнасці заходняй прыватнай сельскагаспадарчай вытворчасці дзяржава часта даплачвае фермерам, каб яны не выраблялі залішняй прадукцыі, не збіваючы цэн на прадукты сельскай гаспадаркі. У калектыўнай беларускай сельскай гаспадарцы аб’ём вырабленай прадукцыі быў вельмі нязначны. Ён шмат у чым не пакрываў патрэб у харчаванні. У гэтых умовах задачай палітычнай надбудовы стаў выбар шляхоў эканамічнага развіцця. Існавала некалькі магчымых варыянтаў, якія былі напрацаваны ў краінах былога СССР. "Прыбалтыйскі" варыянт азначаў банкруцтва большасці вялікіх прамысловых прадпрыемстваў і продаж астатніх за сімвалічны кошт іншаземным інвестарам, перавод вызваленых супрацоўнікаў з дапамогай рыначных механізмаў у сферу паслуг, гандаль, дробны і сярэдні бізнес, пераход ад калектыўнай сельскай гаспадаркі да фермерства. Але для выбару гэтага шляху патрабаваліся добразычлівае стаўленне насельніцтва да магчымых рэформ і шырокія інвестыцыі. Неабходных для маштабных зменаў інвестыцый для Беларусі з Захаду не давалася, паколькі большасць свабодных інвестыцый на пачатак 90-х гг. была, апрача перспектыўнай Усходняй Азіі, накіравана ў краіны "вызваленай" ад улады Савецкага Саюза Усходняй Еўропы. У адрозненне ад урадаў краін Прыбалтыкі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі і Славакіі, беларускія ўлады доўгі час марудзілі з прыняццем рынкавых законаў, таму інвестыцыі ў эканоміку Беларусі лічыліся яшчэ і небяспечнымі. Пры адсутнасці інвестыцый для працаўладкавання вызваленых пасля банкруцтва вялікіх прадпрыемстваў работнікаў у новыя сферы занятасці рэалізацыя прыбалтыйскага варыянта на Беларусі была вельмі небяспечным шляхам. Наўрад ці можна было разлічваць і на шырокую падтрымку насельніцтва. Ніхто не хацеў правяраць, што будзе пры масавым звальненні соцень тысяч працоўных пасля магчымага закрыцця буйных прадпрыемстваў. Другім магчымым варыянтам эканамічнага развіцця была апора на развіццё наяўнай прамысловай базы. Для гэтага патрабаваліся большыя аб’ёмы танных рэсурсаў і рынкі збыту для вырабленых прамысловых тавараў нізкай якасці. І тое, і другое было толькі ў Расіі. Да 1994 г. кіраўніцтва Беларусі не адважвалася ісці на рэалізацыю другога варыянта. Спробы наладзіць супрацоўніцтва з Расіяй (увесці, да прыкладу, агульную валюту) перамешваліся з заляцаннямі да Захаду, які не выказваў значнай цікаўнасці да падзей на Беларусі. У выніку таптання на месцы інфляцыя развівалася каласальнымі тэмпамі, валавы нацыянальны прадукт скарачаўся штогод хутчэй за рост у самыя паспяховыя для Беларусі пяцігодкі, вялікія прадпрыемствы перайшлі на 3 – 4-дзённы працоўны графік. Расла незадаволенасць насельніцтва, нарастаў пратэст супраць прывольнага жыцця нязначнай часткі грамадства, якая змагла хутка зарыентавацца ў новых эканамічных умовах. Праблему дэградацыі калектыўнай гаспадаркі на вёсцы, якая перастала атрымліваць у неабходным аб’ёме дапамогу ад дзяржавы, спрабавалі вырашыць шляхам развіцця фермерства і выдзялення невялікіх зямельных надзелаў гарадскому насельніцтву (лецішчы). Для паспяховага развіцця фермерства таксама была неабходна дапамога дзяржавы, але яна практычна адсутнічала. У гэтых умовах пасля прыняцця 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у чэрвені 1994 г. адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі. На выбарах перамог кандыдат, які адстойваў другі варыянт развіцця Беларусі – Аляксандр Лукашэнка. Рэалізацыя праграмы цеснага супрацоўніцтва з Расіяй прывяла да падпісання 2 красавіка 1996 г. Дамовы аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі. Расія адкрыла для Беларусі свае рынкі і стала пастаўляць сыравіну і энергію па льготных цэнах. У якасці кроку добрай волі Беларусі былі спісаны даўгі больш чым на мільярд долараў за папярэднія пастаўкі энергарэсурсаў. Канстытуцыя 1994 г. ўяўляла сабой варыянт прэзідэнцкай рэспублікі пры дамінуючай ролі парламента. Гэта не адпавядала палітычнай сітуацыі ў краіне, калі большасць выказвала давер прэзідэнту. Ступень даверу да калектыўнага прадстаўнічага органа была значна ніжэй. У выніку ў 1995 – 1996 гг. адбыўся шэраг сутыкненняў паміж выканаўчай і заканадаўчай галінамі ўлады, якія заканчваліся нязменна на карысць прэзідэнта. Так, на рэферэндуме 11 мая 1995 г. большасць грамадзян выказалася за змяненне сімволікі дзяржавы згодна з прапанаваным прэзідэнтам праектам. Тады ж было вырашана пытанне аб наданні рускай мове роўных правоў з беларускай. У лістападзе 1996 г. быў праведзены рэферэндум, па выніках якога народам быў адобраны прапанаваны прэзідэнтам варыянт змянення Канстытуцыі. Улада прэзідэнта - кіраўніка дзяржавы была значна пашырана. Замест Вярхоўнага Савета ўводзіўся новы двухпалатны парламент. Пачынаючы з 1996 г., адзначаецца рост валавага нацыянальнага прадукта. На парламенцкіх выбарах 2000 г. насельніцтва падтрымала палітыку прэзідэнта, у Нацыянальны Сход прайшлі толькі адзінкі апазіцыйна настроеных дэпутатаў. Спробы апазіцыі правесці альтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары былі беспаспяховымі. У 2001 г. прэзідэнт Беларусі быў абраны на новы тэрмін. Нягледзячы на пастаянны рост ВНП, эканамічны стан дзяржавы застаецца няўстойлівы, эканоміка і цяпер залежыць ад паставак рэсурсаў па льготных тарыфах і адкрытасці рынку Расіі для беларускіх тавараў. Беларускай уладай прымаюцца крокі па павышэнні ступені самастойнасці эканомікі – штогод на некалькі працэнтаў зніжаецца энергаёмістасць прамысловай прадукцыі, па меры магчымасці (з дапамогай экспарту найбольш канкурэнтаздольных тавараў) асвойваюцца новыя рынкі – ад арабскіх дзяржаў да развітых краін Захаду. Асноўнай праблемай з’яўляецца абмежаванасць доступу да найноўшых тэхналогій, пры дапамозе якіх сучасныя заходнія постіндустрыяльныя дзяржавы дасягаюць атрымання вялізнага прыбытку ў найбольш перспектыўных галінах эканомікі. Таму робяцца спробы актывізаваць дзейнасць навуковых устаноў Беларусі па распрацоўцы такіх тэхналогій, якія неабходна выкарыстоўваць у вытворчасці. У той жа час недастаткова развіты сектар паслуг (асабліва турызм), існуе шмат перашкод для дробнага і сярэднага бізнесу. У вёсцы дамінуе неперспектыўная калектыўная гаспадарка, колькасць фермераў Беларусі ў 2002 г. прыкладна роўная колькасці калгасаў. Не атрымалася выйсці на пазітыўныя адносіны з развітымі заходнімі краінамі, што перашкаджае і інтэнсіўным эканамічным кантактам з імі. Як і ў іншых былых савецкіх рэспубліках, назіраецца адмоўны дэмаграфічны рост, насельніцтва імкліва старэе, што выклікае новыя праблемы. Цяжарам для беларускай эканомікі з’яўляецца і неабходнасць пастаянных капіталаўкладанняў для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ад якой Беларусь пацярпела ў найбольшай ступені. Дадатнай рысай можна адзначыць тое, што ў апошнія гады ўводзяцца ў строй буйныя сацыяльныя аб’екты (спартыўныя лядовыя палацы, шпіталі, новыя станцыі сталічнага метрапалітэна, будынкі вакзалаў).

 

Культурнае жыццё Беларусі на сучасным этапе

 

У сярэдзіне 80-х гадоў былога стагоддзя беларуская культура ўступае ў новы этап свайго развіцця, для якога характэрна аслабленне дзяржаўнага кантролю і ідэалагічнага ўціску над гэтай сферай. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця аказвае вялікі ўплыў на развіццё беларускай культуры. Яшчэ адзін з фактараў, які адыгрывае значную ролю ў культурных працэсах, – абвяшчэнне дзяржаўнай незалежнасці нашай краіны, што стварыла спрыяльныя ўмовы для актывізацыі нацыянальных тэндэнцый у нашай культуры. Немалую ролю ў гэтым працэсе адыгрывалі грамадскія аб’яднанні, якія займаліся пытаннямі адраджэння гісторыі Бацькаўшчыны, захавання помнікаў гісторыі і культуры, вяртання нацыянальных каштоўнасцей на радзіму ("Няміга", "Талака", "Падзея", "Тутэйшыя", згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і інш.). Было скасавана манапольнае становішча дзяржаўных устаноў у сферы культуры, з’явіліся шматлікія неафіцыйныя творчыя аб’яднанні – Беларускі фонд культуры (з 1987 г.), Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, Міжнародная асацыяцыя беларусістаў. Адраджэнню гістарычнай памяці народа садзейнічала выданне часопісаў ("Спадчына", "Беларуская мінуўшчына", "Беларускі гістарычны часопіс") і фундаментальных прац па беларускай гісторыі. Была створана пэўная заканадаўчая база, якая юрыдычна замацавала курс на нацыянальнае адраджэнне — законы "Аб мовах" (26.1.1990), "Аб культуры" (4.9.1991), "Аб адукацыі" (26.10.1991) і інш. З сярэдіны 80-х гг. пачалася рэформа агульнаадукацыйнай і прафесійнай школы, у выніку якой была ўсталявана шматузроўневая сістэма адукацыі (пачатковая – базавая – сярэдняя школы – сярэднія прафесійныя вучылішчы і спецыяльныя навучальныя ўстановы – ВНУ). З 1993 г. адбываецца пераход да якасна новага зместу навучання ў сярэдняй школе, з прымяненнем прагрэсіўных метадаў і тэхналогій, уводзіцца 2-гадовае профільнае навучанне (10 – 11 кл.), з’яўляюцца новыя тыпы навучальных устаноў – ліцэі, каледжы, гімназіі. Разгортваецца сетка беларускіх нацыянальных школ. У новых праграмах значная роля адводзіцца вывучэнню беларускай гісторыі; рыхтуюцца новыя падручнікі, а праз некалькі год гэты курс становіцца абавязковым для вывучэння і ў ВНУ. За гэты час значныя змены адбыліся і ў вышэйшай школе: з’явіліся ВНУ розных форм уласнасці, пашырылася кола спецыяльнасцей (уведзена каля 200 новых), адбываецца больш цеснае інтэграванне адукацыі з навукай. Але на шляху рэформы адукацыйнай сістэмы сустракаюцца і шматлікія цяжкасці: недастатковае фінансаванне, нізкая заработная плата выкладчыкаў, слабасць метадычнай базы. На рэферэндуме 1995 г. былі ўнесены праўкі ў "Закон аб мовах", па якіх у якасці дзяржаўнай разам з беларускай пачала выкарыстоўвацца і руская мова. Гэта пэўным чынам адбілася на адукацыі (пачаўся пераход да рускамоўных класаў) і культуры. Беларуская навука з распадам СССР сутыкнулася з пэўнымі цяжкасцямі: скарацілася фінансаванне, асабліва фундаментальных даследаванняў, разбураецца матэрыяльна-тэхнічная база навуковых устаноў, назіраецца "старэнне" кадраў і эміграцыя інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі за мяжу (у 1991–1998 гг. выехаў 451 навуковец). Работа па стабілізацыі сітуацыі, распачатая у сярэдзіне 90-х гг., дала пэўныя вынікі: пачала ўдасканальвацца сістэма дзяржаўнага кіраўніцтва, беларуская навука інтэгруецца ў шматлікія міжнародныя структуры. Але цяжкасцей застаецца яшчэ шмат. Увогуле, развіццё навукі і адукацыі ў Беларусі можа стаць адной з рэальных магчымасцей выхаду краіны з крызісу. Адбыўся адыход ад сацыялістычнага рэалізму ў літаратуры і адкрыліся магчымасці для свабоды творчасці беларускіх літаратараў. Новыя творы пісьменнікаў і паэтаў, прысвечаныя праблемам пошуку выйсця з нацыянальна-духоўнай дэградацыі – спадчыны савецкага рэжыму, прадстаўляюць асабістае бачанне сучаснага жыцця, звяртаюцца да старонак мінулага. Гэта, перш за ўсё, творы патрыярхаў сучаснай беларускай літаратуры В. Адамчыка, В. Быкава, Р. Барадуліна, Я. Брыля, Н. Гілевіча, І. Чыгрынава, І. Шамякіна. Тэма мінулага пераважае ў творчасці У. Арлова, Т. Бондар, Л. Дайнекі, В. Коўтун, А. Лойкі, К. Тарасава, В. Чаропкі. Не застаецца без увагі тэма гераізму ў час вайны (В. Адамчык, В. Карамазаў, І. Чыгрынаў). У першыя гады незалежнасці набыла вастрыню тэма рэпрэсій і культу асобы, – як яны ўплывалі на лёс людзей (Г. Далідовіч, І. Навуменка, А. Кудравец, Л. Геніюш). Не страчвае цікавасці тэма вёскі, своеасаблівага беларускага нацыянальнага асяродку; тэма гаспадара, цесна звязанага са сваёй зямлёй (В. Федарэнка, С. Грахоўскі, І. Пташнікаў). Сапраўднай трагедыяй для нашага народа стала Чарнобыльская катастрофа, паказаная ў творах А. Адамовіча, С. Алексіевіч, В. Гігевіча, С. Законнікава, В. Казько, Б. Сачанкі, І. Шамякіна, інш. Вялікая работа праводзіцца па вяртанні на радзіму літаратурнай спадчыны людзей, якія пісалі ў эміграцыі і ў сталінскіх лагерах. Убачылі свет раней невядомыя творы С. Баранавых, А. Бачылы, М. Гарэцкага, А. Гаруна, П. Галавача, Л. Геніюш, С. Грахоўскага, А. Звонака, Я. Купалы, Л. Марозавай (Лесі Беларускі), Б. Мікуліча, Я. Нёманскага і інш. Новы час аказаў немалы ўплыў на беларускі тэатр. Разам з шырокавядомымі ў свеце аўтарытэтнымі калектывамі працуюць новыя лабараторыі, студыі ("Маладзёжны тэатр", "Вольная сцэна", "Дзе – Я?"). Рэпертуар тэатральных калектываў папаўняецца творамі нацыянальнай тэматыкі (балет А. Мдывані і В. Елізар'ева "Страсці (Рагнеда)" – Дзяржпрэмія РБ 1996 г., опера "Князь Наваградскі", спектаклі "Звон – не малітва", "Саламея"). Шмат работы па адраджэнні беларускай культуры робяць спевакі і музыканты ("Беларуская капэла", В. Скорабагатава, мужчынскі камерны хор "Унія"). Творчасць многіх кампазітараў змяшчаецца ў бок нацыянальнай тэматыкі (А. Мдывані, В. Кузняцоў, А. Бандарэнка). Стала традыцыяй правядзенне шматлікіх музычных фестываляў ("Славянскі базар у Віцебску", "Мінская вясна", "Магутны божа"…). Росту цікавасці да нацыянальнай музыкі ў маладзёвым асяроддзі спрыяе творчасць фолк- і рок-гуртоў "Палац", "Тройца", "Крыві", "Юр’я", "NRM" і інш. Увогуле сучасная мастацкая культура Беларусі характарызуецца пошукам новых форм праяўлення, пашырэннем альтэрнатыўных метадаў, стракатасцю жанраў. "Новым павевам" стала арыентацыя творчасці на масавы попыт; сучаснае мастацтва носіць пераважна відовішчны характар. Сфера культуры і мастацтва камерцыялізуецца. Гэта добра відаць на прыкладзе сучаснага выяўленчага мастацтва. За апошні час адкрылася некалькі недзяржаўных галерэй ("Жыльбел", "Верхні горад", "Віта-нова", "Арт-Творчасць"). Шырокае развіццё жанру пейзажа сведчыць пра пераарыентацыю мастакоў на новы масавы рынак (работы Ф. Янушкевіча, Я. Баракоўскага). Папулярнасцю карыстаюцца таксама гістарычныя сюжэты (Я. Бартальёнак, А. Марачкін, Ю. Піскун). Стала папулярнай станкавая скульптура, зарыентаваная на замежны попыт (У. Слабодчыкаў, Г. Гаравая). Беларусь адкрыта для шырокіх кантактаў з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. У 1993, 1997, 2001 гг. у Мінску прайшлі з'езды беларусаў свету, на якія з'ехаліся вядомыя беларусы-навукоўцы і творцы, чый талент квітнее далёка за межамі радзімы. На сённяшні дзень за межамі Беларусі пражывае 3 мільёны беларусаў. Даволі сур’ёзную заклапочанасць выклікае тэндэнцыя да закрыцця, пераважна ў сельскай мясцовасці, клубаў, кінаўстановак, бібліятэк. Гэта істотна ўплывае на культурны ўзровень жыхароў вёскі. Увогуле з атрыманнем дзяржаўнай незалежнасці беларуская культура перажывае нацыянальны ўздым. Але, каб гэтая тэндэнцыя захавалася і надалей, дзяржава павінна перагледзець сваю палітыку ў бок павелічэння фінансавання, уліку нацыянальнага фактара пры папаўненні фондаў культурных устаноў. Нацыянальную самабытнасць можна захаваць толькі з пашырэннем ужытку беларускай мовы ва ўстановах адукацыі і культуры. Толькі развітая нацыянальная культура можа стаць рэальным зместам суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 493. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Кардиналистский и ординалистский подходы Кардиналистский (количественный подход) к анализу полезности основан на представлении о возможности измерения различных благ в условных единицах полезности...

Обзор компонентов Multisim Компоненты – это основа любой схемы, это все элементы, из которых она состоит. Multisim оперирует с двумя категориями...

Композиция из абстрактных геометрических фигур Данная композиция состоит из линий, штриховки, абстрактных геометрических форм...

Важнейшие способы обработки и анализа рядов динамики Не во всех случаях эмпирические данные рядов динамики позволяют определить тенденцию изменения явления во времени...

Седалищно-прямокишечная ямка Седалищно-прямокишечная (анальная) ямка, fossa ischiorectalis (ischioanalis) – это парное углубление в области промежности, находящееся по бокам от конечного отдела прямой кишки и седалищных бугров, заполненное жировой клетчаткой, сосудами, нервами и...

Основные структурные физиотерапевтические подразделения Физиотерапевтическое подразделение является одним из структурных подразделений лечебно-профилактического учреждения, которое предназначено для оказания физиотерапевтической помощи...

Почему важны муниципальные выборы? Туристическая фирма оставляет за собой право, в случае причин непреодолимого характера, вносить некоторые изменения в программу тура без уменьшения общего объема и качества услуг, в том числе предоставлять замену отеля на равнозначный...

Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Краткая психологическая характеристика возрастных периодов.Первый критический период развития ребенка — период новорожденности Психоаналитики говорят, что это первая травма, которую переживает ребенок, и она настолько сильна, что вся последую­щая жизнь проходит под знаком этой травмы...

РЕВМАТИЧЕСКИЕ БОЛЕЗНИ Ревматические болезни(или диффузные болезни соединительно ткани(ДБСТ))— это группа заболеваний, характеризующихся первичным системным поражением соединительной ткани в связи с нарушением иммунного гомеостаза...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.013 сек.) русская версия | украинская версия