Студопедия — 1 страница. Гісторыя Беларусі. Краткий курс лекций
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

1 страница. Гісторыя Беларусі. Краткий курс лекций






Гісторыя Беларусі. Краткий курс лекций

ЗМЕСТ

 

Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

 

Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях

 

Перыяд феадальнай раздробленасці. Барацьба беларускіх княстваў з іншаземнымі захопнікамі

 

Культура беларускіх зямель у ІХ – пачатку ХІІІ стст.

 

Беларускія землі ў складзе Вялікага княства Літоўскага

 

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст.

 

Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – XVI стст.

 

Люблінская унія. ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай

 

Рэфармацыя і контррэфармацыя ў ХVI - XVII стст.

 

Рэч Паспалітая ў еўрапейскіх канфліктах XVII – XVIII стст.

 

Падзелы Рэчы Паспалітай

 

Беларуская культура эпохі Рэчы Паспалітай (1569–1795)

 

Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII – першая палова XIX стст.)

 

Сацыяльна-палітычнае і эканамічнае становішча Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст.

 

Развіццё беларускай культуры ва ўмовах царскай Расіі (канец ХVІІІ – пачатак ХХ стст.)

 

Беларусь у 1914-1921 гг.

 

БССР у міжваенны перыяд (1921 – 1939)

 

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (1921–1939)

 

Беларусь у 2-й сусветнай вайне

 

Сацыяльна-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР у пасляваенны перыяд (1945 - 1991)

 

Культура БССР у 1945 – 1991 гг.

 

Рэспубліка Беларусь – незалежная дзяржава

 

Культурнае жыццё Беларусі на сучасным этапе

 

Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

 

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы. Ён рухаўся ў залежнасці ад змены клімату з поўначы на поўдзень і наадварот. Вучоныя вылучаюць найбольш моцныя зледзяненні: бярэзінскае (480 – 390 тыс. гадоў назад), дняпроўскае (320 – 250 тыс. гадоў назад) і паазерскае (105 – 85 тыс. гадоў назад). Археолагамі былі знойдзены прылады працы (востраканечнікі, скрэблы, рубілы) найстаражытнейшых людзей на поўдні Беларусі каля вёсак Клеявічы і Абідавічы. Каля 40 – 10 тыс. гадоў назад на тэрыторыі Беларусі з’явіліся людзі сучаснага фізічнага тыпу. Ім належаць стаянкі ля вёсак Юравічы (больш за 26 тыс. гадоў назад) і Бердыж (больш за 23 тыс. гадоў назад). Найбольш характэрным паказчыкам узроўню развіцця чалавечай дзейнасці лічацца матэрыялы, з якіх вырабляліся прылады працы. На гэтай падставе вучоныя вылучаюць каменны век (да канца 3 тыс. да н. э.), век медзі і бронзы (канец 2 тыс. – пач. 1 тыс. да н. э.) і жалезны век (пач. 1 тыс. да н. э. – да VII-VIII стст. н. э.). У сваю чаргу каменны век падзяляюць на палеаліт (старажытнакаменны – да адступлення ледавіка), мезаліт (сярэднякаменны – 9 – 5 тыс. да н. э.) і неаліт (4 – 3 тыс. да н.э.). Асноўным заняткам у эпоху палеаліту былі збіральніцтва, лоўля рыбы і паляванне. Толькі ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была заселена поўнасцю. Першыя паселішчы будаваліся ў асноўным на берагах рэк і азёр. Жытлы былі наземныя і паўзямлянкавыя. У кожным жытле мясцілася адна сям’я. Жыхары аднаго паселішча складалі сваяцкую абшчыну, якая была часткай буйнейшага аб’яднання – племені. Людзі таго часу карысталіся лукам, стрэламі, сякерамі і нажамі з крамянёвых пласцін. Тады ж з’явілася першая свойская жывёла – сабака. У неаліце пачалі актыўна выкарыстоўваць шліхтаваныя каменныя прылады працы, керамічны посуд, зарадзіліся земляробства і жывёлагадоўля. Найбольш старажытныя назвы азёр, рэк і паселішчаў Беларусі сведчаць пра тое, што першымі людзьмі сучаснага тыпу былі фінамоўныя плямёны. Але ў канцы 3 тыс. да н. э. яны выціснуты балтамі, з прыходам якіх пачаўся век медзі і бронзы. Медзь і волава, з якіх вырабляецца бронза, не здабываліся на Беларусі. Іх завозілі з-за мяжы, таму металічныя прылады пакуль што заставаліся рэдкімі. У VIII – VII стст. да н. э. людзі навучыліся выплаўляць з балотнай руды жалеза. Выкарыстанне жалезных прыладаў працы і зброі змянілі чалавечы побыт. Войны і ваенныя набегі ператвараліся ў звычайную справу. Таму паселішчы пачалі ўмацоўвацца драўлянымі сценамі, пазней – землянымі валамі і шырокімі рвамі. У VI ст. да н. э. упершыню з'яўляюцца пісьмовыя дадзеныя пра тагачасных жыхароў беларускіх зямель. Іх пакінуў старажытнагрэчаскі пісьменнік Герадот. Падчас працы над сваім творам "Гісторыя" ён наведаў краіну качавога народа скіфаў у Паўночным Прычарнамор'і, дзе збіраў звесткі аб барацьбе скіфаў з персідскім царом Дарыем. Разам з тым, ён пакінуў нататкі пра іншыя народы Усходняй Еўропы, у тым ліку пра неўраў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Герадот пісаў: "У неўраў звычаі скіфскія. За адно пакаленне да паходу Дарыя ім прыйшлося пакінуць сваю краіну з-за змеяў. Таму што не толькі іх асабістая зямля нарадзіла шмат змеяў, але яшчэ больш іх напала з пустыні знутры краіны. Вось чаму неўры былі вымушаны пакінуць сваю зямлю і пасяліцца сярод будзінаў. Гэтыя людзі, магчыма, чараўнікі. Бо скіфы і эліны, якія жывуць сярод апошніх, сцвярджаюць, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, а потым зноў прымае чалавечае аблічча. Мяне гэтыя байкі, канешне, не могуць упэўніць; тым не менш пра тое кажуць і нават клятвенна сцвярджаюць гэта". Як бачым, звесткі Герадота выглядаюць загадкава і нават фантастычна. Аднак і ў іх можна знайсці рацыянальнае зерне. Яшчэ на пачатку ХХ ст. на Беларусі былі распаўсюджаны культ хатніх вужоў, казкі і легенды пра вогненных змеяў і пярэваратняў-ваўкалакаў. Такім чынам, мы можам прасачыць пэўную сувязь паміж культурай старажытных насельнікаў Беларусі і іх паслядоўнікаў. Якім жа чынам яна адбывалася? У VI – VII стст. н. э. на тэрыторыю Беларусі з Вісла-Одэрскага міжрэчча пачалі прасоўвацца славянскія плямёны. Да IX ст. яны занялі большую частку Беларусі. Толькі на паўночным захадзе захаваліся балцкія плямёны літвы, латгалаў, яцвягаў і інш. Рух славян пачынаўся ў эпоху, якую гісторыкі называюць "вялікім перасяленнем народаў". Прычынамі перасялення маглі быць перанаселенасць месцаў першаснага пасялення, а таксама ваенныя сутыкненні з іншымі плямёнамі і народамі. Той факт, што многія знойдзеныя археолагамі балцкія паселішчы VI – VIII стст. былі спаленыя, сведчыць пра тое, што славяне прыйшлі на землі Беларусі як заваёўнікі. У раёнах свайго пасялення славяне часткова выціснулі балтаў, часткова знішчылі, астатнія рэшткі асімілявалі. Асіміляцыя магла ісьці праз шлюбы паміж славянамі-мужчынамі і захопленымі ў палон балцкімі жанчынамі. Менавіта жанчыны займаліся выхаваннем дзяцей і перадавалі ім у спадчыну рэшткі сваёй традыцыйнай культуры. Гэты працэс працягваўся даволі доўгі перыяд, асабліва на поўначы Беларусі. Такім чынам, балцкая культура таксама ўвайшла ў паўсядзённае жыццё мясцовых славян. Славяне, падобна іх папярэднікам, жылі ў вялікіх сем’ях. Сем’і складалі сваяцкую абшчыну (род). Род распараджаўся зямлёй вакол паселішча і большасцю прыладаў працы. Абшчыны аб’ядноўваліся ў плямёны. Але меліся і значна большыя аб’яднанні - саюзы плямён: крывічы, радзімічы і дрыгавічы. Крывічы (палачане) насялялі басейн Заходняй Дзвіны і верхняга Падняпроўя, радзімічы – Пасожжа, а дрыгавічы – Палессе і цэнтральную частку Беларусі. Рэлігія славян гэтага перыяду ўяўляла сабой паганства (язычніцтва) – рэлігійныя вераванні, абрады і святы, выпрацаваныя на працягу стагоддзяў да з’яўлення манатэізму - веры ў адзінага Бога. Сярод багоў славянскага пантэона пераважалі звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй Пярун, Дажджбог, Грамніца, Вялес, Стрыбог, Цёця, Ярыла, Купала, Жыцень; увасабленні "культу продкаў" Род і Рожаніца, а таксама шматлікія духі (вадзянік, дамавік, лесавік, багнік і г. д.). Некаторым з багоў нават прыносіліся чалавечыя ахвяры. Пры пахаванні быў распаўсюджаны абрад трупаспальвання. Святы і абрады пераважна звязваліся з цыклам земляробчых работ

 

Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на беларускіх землях

 

Прыход славян на беларускія землі супаў з пачаткам хуткага разлажэння рода-племянных адносін і фарміравання феадальнага ладу. Прычынамі таму былі ўсё больш імклівы падзел працы, хуткае развіццё эканамічных стасункаў, а таксама войны, якія ўзвысілі магчымасці правадыроў племені – князёў і вузкага кола набліжаных да іх ваяроў – баяр і дружыннікаў. Сваяцкая абшчына паступова саступіла месца суседскай (мір, грамада і г. д.). Мясцовая знаць імкнулася захапіць абшчынныя ці пакуль незанятыя землі ў прыватную ўласнасць. Прыватныя землі насілі назву вотчынаў. У Х ст. ўзгадваюцца княскія вотчыны, у ХІ - ХІІ стст. - баярскія і манастырскія. Працавалі на гэтых землях рабы (халопы) ці залежныя ад гаспадара сяляне - закупы, радовічы і ўдачы. Закупы сяліліся на землях феадала і атрымоўвалі ад яго своеасаблівы крэдыт - купу. Звычайна яна магла складацца з розных прыладаў працы, хатняй жывёлы і г. д. Радовічы заключалі з маёмаснікам зямлі спецыяльны дагавор - рад. Пакуль закуп не выплочваў купу, а радовіч не адпрацоўваў рад, ён залежыў ад феадала. Удачы часова працавалі на гаспадара. Большасць сялян (смерды), пакуль захоўвалі асабістую свабоду, працавалі на абшчынных землях і плацілі раз у год князю даніну толькі прадуктамі лясной гаспадаркі (палюддзе). Сяляне вырошчвалі жыта (яравое і азімае), пшаніцу, лён, каноплі і іншыя культуры. У некаторых землях паша знаходзілася недалёка ад паселішчаў. Але таксама былі распаўсюджаны лясныя аблогі і высекі. У немалой ступені развіццю вытворчасці садзейнічаў гандаль. Праз тэрыторыю Беларусі па рэках Заходняя Дзвіна і Днепр ішоў буйны гандлёвы шлях са Скандынавіі ў Візантыю ("з вараг да грэкаў"), па рэках Сож і Прыпяць – з Каспія ў Заходнюю Еўропу. Гандляры карысталіся грошамі – арабскімі, пазней заходнееўрапейскімі срэбранымі манетамі і срэбранымі ці залатымі зліткамі –грыўнямі. З Захаду на беларускія землі паступалі срэбра, металы і металічныя прылады працы, а таксама якасная зброя. З Усходу і Поўдню - тканіны, віно, соль, ювелірныя вырабы і г. д. З мясцовых зямель вывозіліся рабы, прадукты лясной гаспадаркі, асабліва пушніна, рамесныя тавары. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады. Па летапісных звестках ужо ў IX ст. існаваў горад Полацк, у Х – Заслаўе і Тураў, у ХІ – Браслаў, Брэст, Віцебск, Друцк, Лукомль, Мінск і г. д. Гарады мелі моцныя абарончыя збудаванні. У найбольш узмоцненай частцы (дзядзінцы) жылі князь, баяры і дружыннікі. Вакол дзядзінца будаваўся пасад. Яго жыхарамі былі рамеснікі і гандляры. Гараджане, як і сяляне, аб’ядноўваліся ў абшчыны. Збор гараджан (веча) вырашаў самыя важкія пытанні. Так, Тураўскае веча выбірала епіскапа. Ад імя Полацкага веча падпісваліся міжнародныя дамовы. У 1151 г. па яго рашэнні з горада быў выгнаны князь Рагвалод і запрошаны мінскі князь Расціслаў. Але праз сем гадоў веча выгнала Расціслава і зноў запрасіла Рагвалода. У 1161 г., пасля паражэння ад мінскага князя Валадара, Рагвалод быў вымушаны збегчы ў Друцк, бо палачане былі настроены супраць няўдалага князя. Гарадская гаспадарка яшчэ ў значнай ступені заставалася аграрнай. Недалёка ад гарадоў знаходзіліся палеткі і выпасы для жывёлы. Гараджане трымалі авечак, кароў, коз, свіней, гусей і г. д. Яны мелі сады і агароды. Аднак кантроль над гандлёвымі шляхамі працяглы час знаходзіўся ў руках іншаземцаў. Напрыклад, радзімічы да Х ст. выплачвалі даніну прыкаспійскаму народу – хазарам. У канцы ІХ ст. уладу на большасці ўсходнеславянскіх зямель захапіла скандынаўская дынастыя Рурыкавічаў. Імі была заснавана феадальная дзяржава Русь з цэнтрам у Кіеве. Сярод першых беларускіх гарадоў, падначаленых Рурыкавічамі, узгадваецца Полацк. Але ў канцы Х ст. тут ужо правіла свая княжацкая дынастыя скандынаўскага паходжання на чале з Рагвалодам, які меў саюзныя адносіны з кіеўскім князем. У 980 г. наўгародскі князь Уладзімір падчас паходу на Кіеў захапіў Полацк, забіў Рагвалода і яго сыноў, а дачку Рагнеду прымусова ўзяў сабе жонкай. Падначаліўшы сабе яшчэ Кіеў, Уладзімір распачаў рэформы, якія павінны былі цэнтралізаваць дзяржаву. Самай важнай з іх было прыняцце хрысціянства. Нягледзячы на спробы Уладзіміра і яго пераемнікаў аб’яднаць вакол Кіева ўсе рускія землі, мясцовыя князі вялі ўпартую барацьбу за незалежнасць. Ужо ўнук Уладзіміра і Рагнеды, полацкі князь Брачыслаў (1003 – 1044) адрозніваўся адносна незалежнай палітыкай. Каб спыніць з ім барацьбу, кіеўскі князь Яраслаў быў вымушаны падараваць Полацкаму княству Віцебск. Пры сыне Брачыслава, Усяславе (1044 – 1101) гэтая барацьба дасягнула свайго апагею. У 1065 г. Усяслаў напаў на Пскоў, у 1066 г. захапіў і разрабаваў Ноўгарад. Імкнучыся спыніць Усяслава, кіеўскі князь і яго браты стварылі ваенную кааліцыю. 3 сакавіка 1067 г. на рацэ Няміга яны разбілі войска палачан, разрабавалі і разбурылі Мінск. Усяслаў разам з сынамі патрапіў пад Оршай у палон. Але ў верасні 1068 г. падчас паўстання ў Кіеве ён быў вызвалены і ў 1071 г. заняў Полацк. У 1127 г. кіеўскаму князю Мсціславу ўдалося захапіць полацкіх князёў і саслаць іх у Візантыю. Аднак пасля яго смерці яны вярнуліся на радзіму. Адносна самастойную палітыку вяло і Смаленскае княcтва. Пры князю Расціславе (1125 – 1159) яно фактычна вылучылася з Кіеўскай дзяржавы. У значна большай залежнасці ад Кіева знаходзілася Тураўскае княcтва. Адносную самастойнасць яно набыло толькі ў другой палове ХІІ ст. У ІХ – ХІІ стст. працягваўся рух славянскіх перасяленцаў у паўночна-заходнія раёны. У ХІ – пач. ХІІ ст. у Панямонні вылучыліся Гродзенскае, Ваўкавыскае і Навагрудскае княствы. У другой палове ХІ – пач. ХІІІ стст. Полацкаму княcтву належалі балцкія землі ўздоўж Заходняй Дзвіны – княствы Герцыке і Кукенойс са славяна-балцкім насельніцтвам.

 

 

Перыяд феадальнай раздробленасці. Барацьба беларускіх княcтваў з іншаземнымі захопнікамі

 

У ХІІ ст. у гісторыі старажытнай Русі пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Прычынамі таму былі слабыя эканамічныя і камунікацыйныя стасункі паміж рознымі рэгіёнамі, рост мясцовых эканомік і жаданне ўдзельных князёў адасобіцца ад цэнтральнай улады. Першае, пасля смерці Усяслава, распалася Полацкае княства. У другой палове ХІІ ст. амаль адразу пасля вылучэння з Кіеўскай дзяржавы распалася Тураўскае княства. У выніку на пачатку ХІІІ ст. на беларускіх землях існавала больш за 20 незалежных дзяржаўных утварэнняў. Некаторыя з іх былі даволі моцныя. Так, у 60 –70 гг. ХІІ ст. Полацкае і Віцебскае княствы трапілі ў залежнасць ад Смаленскага. Бярэсце і землі Панямоння залежалі ад галіцка-валынскага князя. Феадальная раздробленасць мела станоўчыя і адмоўныя бакі. Яна давала больш шырокія магчымасці для развіцця розных зямель. Улада мясцовага князя была больш аператыўнай. Ён быў вымушаны абапірацца на мясцовых баяр, раздаючы ім землі і прывілегіі, што, несумненна, спрыяла развіццю феадальных адносін. Але з разбурэннем цэнтралізаванай дзяржавы парушаліся сувязі між рэгіёнамі. Паміж удзельнымі князямі ўсё часцей успыхвалі ваенныя канфлікты. Вядома, што такое становішча значна аслабіла палітычную моц беларускіх княcтваў, і яны сталі ахвярай іншаземных захопнікаў. З канца ХІІ ст. нямецкія крыжакі пачалі планамерны захоп Прыбалтыйскіх зямель, частка якіх знаходзілася ў залежнасці ад Полацкага княcтва. На рацэ Заходняя Дзвіна былі пабудаваны полацкія калоніі - гарады Герцыке і Кукенойс. Іх насельніцтва было змешанае, часткова славянскае, часткова балцкае. Кіравалі Герцыке і Кукенойсам князі славянскага паходжання. У 1201 г. ў вусці Заходняй Дзвіны нямецкі біскуп Альберт заснаваў крэпасць Рыгу. У 1202 г. з дапамогай папы рымскага ім быў створаны ваенна-манаскі ордэн мечнікаў. З 1234 г. ў Прусіі пачаў дзейнічаць Тэўтонскі ордэн. У 1237 г. ордэны аб’ядналі свае сілы. Галоўную ролю адыгрываў больш вядомы ў Еўропе Тэўтонскі ордэн. Але ордэн мечнікаў, які з гэтага часу зваўся Лівонскім (Інфлянцкім), таксама працягваў існаваць. Крыжакі ставілі перад сабой высакародную мэту – хрысціць Прыбалтыйскія землі. Іх войскі былі адносна невялікія, але даволі дысцыплінаваныя. На самай справе галоўнай мэтай крыжакоў было падпарадкаванне новых зямель і мясцовага гандлю. У выніку ўпартай барацьбы з крыжакамі жыхары Кукенойса на чале з князем Вячкам пасля 1208 г. разбурылі свой горад і пакінулі яго. Сам князь перайшоў з дружынай на бок Ноўгарада і загінуў пры абароне крэпасці Юр'еў. Пасля 1230 г. пад уладу рыжскага біскупа трапіў Герцыке. Крыжакі ўрываліся на беларускія землі, сеячы смерць і спусташэнне. У 1203 і 1206 гг. полацкі князь Уладзімір рабіў паходы на крыжакоў, але яны былі няўдалыя. У выніку Полацк быў вымушаны ў 1210 г. падпісаць першы мірны дагавор з Рыгай. Праз шэсць гадоў Уладзімір здолеў стварыць моцную кааліцыю супраць рыцараў-мечнікаў. Але падчас падрыхтоўкі да паходу князь нечакана памёр. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ён быў атручаны крыжакамі. У 1236 г. пад Шаўлямі нямецкія крыжакі пацярпелі моцнае паражэнне ад літоўскіх плямён. У 1237 г. яны былі разбіты пад Драгічынам валынскім князем Данілам. Вялікую ролю ў спыненні нямецкага наступу адыгрвлі бітвы 1242 г. на Чудскім возеры і 1260 г. на возеры Дурба. Аднак да поўнай перамогі было яшчэ вельмі далёка. У другой палове 30-х гг. ХІІ ст. многія землі Усходняй Еўропы сталі ахвярай мангола-татарскага нашэсця. У 1238 г. мангола-татары разрабавалі і спустошылі Смаленскае княства. У 1239 г. іх атрады спустошылі значную частку паўднёва-ўсходняй Беларусі. У 1240 г. флангавыя атрады на чале з ханамі Гуюнкам і Кайданам уварваліся ў паўднёвую Беларусь, захапілі і разрабавалі Мазыр, Тураў, Пінск, Бярэсце. Аднак спроба Кайдана прасунуцца далей на поўнач скончылася яго паражэннем у бітве каля мястэчка Крутагор’е (зараз Дзяржынск). Пасля вяртання з Заходняй Еўропы ў 1242 г. правадыр мангола-татар Батухан (Батый) заснаваў у Паволжы дзяржаву Залатая Арда, якой выплачвалі даніну ўсходнія і паўднёвыя рускія землі. У 1275, 1277, 1287, 1315, 1338 гг. залатаардынскія ханы рабілі паходы і на беларускія землі, але падпарадкаваць іх сабе не здолелі.

 

Культура беларускіх зямель у ІХ – пачатку ХІІІ стст.

 

Прыняцце хрысціянства стала адной з самых важкіх падзей культурнага жыцця беларускіх зямель у ІХ– пач. ХІІІ стст. Першыя звесткі аб пранікненні на ўсходнеславянскія землі хрысціянства па візантыйскім узоры адносяцца да ІХ ст. Лічыцца, што хрысціянкай была кіеўская княгіня Вольга. Ісландская "Сага аб хрышчэнні" ўзгадвае пра манастыр Іаана Прадцечы ў Полацку, заснаваны каталіцкім місіянерам Торвальдам-вандроўнікам у Х ст. У канцы Х ст. кіеўскі князь Уладзімір прыняў хрысціянскую веру па візантыйскім (праваслаўным) узоры. Першай датай, што тычыцца прыняцця хрысціянства на землях Беларусі, лічыцца заснаванне Полацкай епархіі (каля 992 г.). Па меркаванні шэрагу даследчыкаў, працэс распаўсюджання новай веры у нашай краіне быў досыць мірны, але і больш працяглы (да ХІІІ–ХІV стст.), а адзінкавыя астраўкі паганства захаваліся да ХІХ – пач. ХХ стст.). Толькі аб Тураве ў сувязі з прыняццем хрысціянства згадваецца паданне аб чырвонай ад крыві Прыпяці і каменных крыжах, якія плылі па яе водах. Першыя хрысціянскія святары (у асноўным выхадцы са славянскай Балгарыі) выкарыстоўвалі паганскія святы і абрады для хутчэйшага распаўсюджання новай веры (Вялікдзень – Пасха, Радуніца, Купалле – свята Іаана Хрысціцеля, Дзяды, Каляды – Нараджэнне Хрыстова). Суіснаванне на пэўнай тэрыторыі элементаў паганства і хрысціянства называецца двухвер’ем. На беларускіх землях хрысціянства пераважала сярод гарадскога насельніцтва, і значна больш марудна гэты працэс праходзіў на вёсцы. Прыняцце хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях спрыяла ўмацаванню дзяржавы і ўлады, стала вялікім крокам наперад у эканамічным і культурным развіцці. Менавіта з пачаткам хрысціянізацыі на беларускіх землях пачынае распаўсюджвацца кірылічная сістэма пісьма. Аб распаўсюджванні пісьменнасці сярод розных катэгорый насельніцтва сведчаць знаходкі спецыяльных прыстасаванняў для пісьма – пісал (у Наваградку, Мінску, Друцку), подпіс на пячатцы полацкага князя Ізяслава (канец Х ст.), на цагліне Сафійскага сабора ў Полацку (ХІ ст.), на каменных прасліцах з Пінска, Друцка і Віцебска, "Рагвалодавых" і "Барысавых" камянях (ХІІ ст.), берасцяных граматах і г. д. Увогуле, пісьмовыя помнікі першай паловы ХІІІ ст. даюць падставу сцвярджаць, што ўжо ў гэты перыяд пачынае фарміравацца пісьмовая беларуская мова (дагавор Смаленска з Рыгай і Гоцкім берагам 1229 г.). У першай палове ХІ ст. на ўсходнеславянскіх землях пачалося летапісанне. Некаторыя падзеі, што адбыліся на Беларусі, згадваюцца ў "Аповесці мінулых гадоў" (пачатак ХІІ ст.). В. Тацішчаў у сваіх працах згадвае Полацкі летапіс, страчаны ў ХVІІІ ст. – помнік не толькі літаратуры, але і мастацтва ХІІ ст. Звесткі аб полацкіх князях змешчаны ў "Слове пра паход Ігаравы" (ХII ст.). Значная роля ў пашырэнні асветы і культуры на беларускіх землях належыць праваслаўным царкоўным дзеячам – Ефрасінні Полацкай (1101(?)–1167), Кірыле Тураўскаму (каля 1130 – каля 1182), Кліменту Смаляцічу ((?) – пасля 1164) і Аўраамію Смаленскаму (? –?). Даволі поўная інфармацыя аб іх дзейнасці ўтрымліваецца ў агіяграфічнай (жыційнай) літаратуры, росквіт якой прыпадае на канец ХІІ – ХІІІ стст. Адным з вынікаў прыняцця хрысціянства стала з’яўленне на беларускіх землях манументальнага дойлідства. Грэчаскія майстры прынеслі ва Усходнюю Еўропу сістэму крыжова-купальнага храма, у аснову якой быў закладзены квадрат, падзелены чатырма слупамі так, што ў плане ён уяўляў сабой крыж. Найбольш слынным з мураваных збудаванняў на нашых землях стаў Сафійскі сабор у Полацку, пабудаваны пры Усяславе Чарадзеі (1044–1066). Храм быў узведзены з чырвонай цэглы, унутры аздоблены рознакаляровымі фрэскамі. Першапачаткова гэта быў пяцінефны сямікупальны будынак, які выконваў не толькі культавыя, але і грамадскія (скарбніца, бібліятэка, зала для прыёму паслоў) функцыі і з’яўляўся своеасаблівым сімвалам незалежнасці і сілы Полацкай зямлі. З наступленнем феадальнай раздробленасці (ХІІ ст.) памеры храмаў значна змяншаюцца. З’яўляюцца манастыры – цэлыя комплексы культавых збудаванняў. Паступова вырастаюць мясцовыя школы дойлідства. Найбольш знакамітая з якіх – полацкая. Для будынкаў, выкананых яе майстрамі, характэрны падоўжаны план, выступаючая толькі адна апсіда (дзве другія хаваюцца ў тоўшчы сцяны), аздабленне верхняй вонкавай часткі храма какошнікамі кілепадобнай формы. Яркім узорам такога храма з’яўляецца царква Святога Спаса ў Полацку, пабудаваная, па паданні, за 30 тыдняў дойлідам-манахам Іаанам па заказе св. Ефрасінні Полацкай. Полацкія майстры захавалі ў сваіх будынках муроўку са "схаваным радам", дзе рады плінфы перамешваюцца з радамі камянёў. Прыкладна ў гэты ж час на заходніх землях фарміруецца гродзенская школа, для помнікаў якой характэрны цагляная аднародная муроўка, вонкавое ўпрыгожванне сцен паліраванымі пліткамі і шліфаванымі камянямі, наяўнасць у канструкцыі сцен гаршкоў-галаснікоў, адсутнасць фрэскавых роспісаў, аздабленне падлогі рознакаляровай керамічнай пліткай. Усе гэтыя рэчы ўвасоблены ў Барысаглебскай (Каложскай) царкве (Гародня, канец ХІІ ст.). У ХІІ ст. у Полацку налічвалася каля дзесяці храмаў, сем – у Смаленску, тры ў Гародні, па аднаму – у Мінску, Віцебску, Наваградку, Ваўкавыску, Тураве, Пінску. Мураванае дойлідства пашыралася і ў грамадскім будаўніцтве – знойдзены рэшткі будынкаў у Слуцку, Мінску, Мсціславе, княжацкага палаца ў Гародні. У другой палове ХІІІ ст. на межах беларускіх зямель будуюцца абарончыя вежы, з якіх да нашых дзён дайшоў толькі "Камянецкі слуп", пабудаваны на беразе рэчкі Лясная дойлідам Алексай "со тоземцы". Для вежы характэрны гатычныя элементы (спічастыя праёмы, тынкаваныя нішы, пояс з пакладзеных "на вугал" цаглін). Гэты мастацкі стыль быў распаўсюджаны ў Заходняй Еўропе ў ХІІ – ХVI стст. З ХІ ст. пад візантыйскім і заходнееўрапейскім уплывам на Беларусі пачынае развівацца манументальны жывапіс (фрэскі), іканапіс, кніжная мініяцюра. Як і ў архітэктуры, у жывапісе назіраўся працэс фарміравання мясцовых лакальных школ. Мясцовыя майстры працавалі таксама з бурштынам, шклом, каляровымі металамі, апрацоўвалі камень і дрэва. Своеасаблівым сімвалам беларускіх зямель можна назваць створаны ў 1161 г. па заказе ігуменні Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам шасціканцовы крыж. Беларуская культура ІХ–ХІІІ стст. развівалася ў межах сусветных культурна-гістарычных тэндэнцый. Значны ўплыў на яе аказала прыняцце хрысціянства, якое стала штуршком у развіцці культурных працэсаў. У той жа час на гэтым этапе быў закладзены падмурак фарміравання беларускага этнасу і адметнай культуры нашага народа.

 

Беларускія землі у складзе Вялікага Княства Літоўскага

 

На працягу ХІ – ХІІІ стст. сярод літоўскіх плямён ішоў паступовы працэс ўтварэння сваёй дзяржаўнасці. Ужо ў 1235 г. летапісы прыгадваюць Літву Міндоўга, князя, якому ўдалося расправіцца з большасцю супернікаў. Вялікую ролю ў фарміраванні ВКЛ адыгралі і славянскія землі Чорнай Русі (Наваградскае і Гродзенскае княствы). Па сведчанню гісторыкаў XVI ст. менавіта Навагрудак быў першым палітычным цэнтрам ВКЛ. Заходне-літоўскія землі (Жамойція) канчаткова ўвайшлі ў ВКЛ толькі на пачатку XV ст. Утварэнне ВКЛ ішло ва ўмовах пастаяннай барацьбы з нямецкімі крыжакамі і, на першых парах, з Галіцка-Валынскім княствам. У 1250 – 1251 гг., каб спыніць умяшальніцтва крыжакоў, Міндоўг прыняў каталіцтва, а ў 1252 г. – і каралеўскую карону. Але ў 1261 г. ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцкай веры. У 1263 г. князь быў забіты літоўскімі змоўшчыкамі. Пасля яго смерці ў ВКЛ ішла ўпартая барацьба за ўладу. Толькі пры княжанні Віценя (1293 – 1316) і Гедыміна (1316 – 1341) становішча стабілізавалася. Больш за тое, да ВКЛ далучыліся Полацкая, Віцебская, Мінская і Турава-Пінская землі. Прычынамі таму былі шлюбныя саюзы, а таксама жаданне князёў весці сумесную барацьбу з крыжакамі і татарамі. Пры далучэнні новых зямель вялікія князі абавязваліся "не рухаць старыны". У 1323 г. сталіцай ВКЛ стала Вільня, горад, які знаходзіўся на культурным памежжы балцкіх і славянскіх тэрыторый. У 1345 г. пасля выгнання старэйшага брата Яўнуты ўлада ў ВКЛ была падзелена паміж сынамі Гедзіміна Альгердам і Кейстутам. Вялікім князем лічыўся Альгерд. У 1348 г. браты нанеслі паражэнне крыжакам на рацэ Стрэва. У 1355 г. ў склад ВКЛ увайшло Бранскае княства, а ў 1363 г. пасля бітвы з татарамі і кааліцыяй мясцовых князёў на рацэ Сінія Воды – амаль уся тэрыторыя сучаснай Украіны. Такім чынам, ВКЛ ператварылася ў адну з самых буйных дзяржаў Еўропы. Пасля смерці Альгерда ўлада была перададзена аднаму з яго сыноў Ягайлу, які ў выніку вострых супярэчнасцей з Кейстутам (а пасля яго гвалтоўнай смерці – яго сынам Вітаўтам) і сваімі старэйшымі братамі на чале Андрэя Альгердавіча Полацкага падпісаў у 1385 г. у Крэве унію (саюз) з Польскім каралеўствам. Па ўмовах уніі Ягайла мог ажаніцца на польскай каралеве і сам стаць каралём. Узамен ён павінен быў на вечныя часы далучыць ВКЛ да Польшчы, перадаць ёй частку спрэчных тэрыторый і разам з падданымі прыняць каталіцкую веру. 4 сакавіка 1386 г. Ягайла стаў польскім каралём. Аднак улада Ягайлы не была трывалай. Зноў успыхнуў канфлікт з Вітаўтам. Апошні збег у Ордэн і рабіў напады на ВКЛ. У 1392 г. Ягайла быў вымушаны падпісаць з ім Востраўскае пагадненне. Вітаўт абвяшчаўся вялікім князем, а Ягайла – найвышэйшым. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках Вітаўта. Такім чынам, ВКЛ захавала сваю незалежнасць. Час праўлення Вітаўта (1392 – 1430) лічыцца росквітам ВКЛ. 15 жніўня 1410 г. войскі ВКЛ і Польшчы ўшчэнт разбілі армію Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Вялікі князь актыўна ўмешваўся ў міжнародныя справы: заключаў дамовы з еўрапейскімі манархамі, змагаўся з татарамі і дапамагаў гусіцкім паўстанцам у Чэхіі. Аднак спроба Вітаўта падпарадкаваць сабе ўсходнія тэрыторыі скончылася паражэннем ў бітве на рацэ Ворскле (1399) ад татар. Няўдача чакала Вітаўта і ў барацьбе за каралеўскую карону. Пасля яго смерці ў ВКЛ зноў успыхнула грамадзянская вайна: за прастол змагаліся князі Свідрыгайла Альгердавіч (1430 – 1432) і Жыгімонт Кейстутавіч (1432 – 1440). Дзякуючы падтрымцы Польшчы, Жыгімонт перамог, але ў 1440 г. загінуў ад рук змоўшчыкаў. У далейшым у сваёй палітыцы вялікія князі Казімір (1440 – 1492), Аляксандр (1492 – 1506), Жыгімонт Стары (1506 – 1548) і Жыгімонт Аўгуст (1548 – 1572) былі вымушаны арыентавацца на шляхецкае саслоўе. Яшчэ ў 1387 г. Ягайла выдаў агульназемскі прывілей, згодна якому феадалы, якія прымалі каталіцкую веру, атрымоўвалі тыя ж правы, што і польскія рыцары. Прывілеі 1413, 1432, 1434, 1447, 1492 і 1506 гг. значна пашыралі гэтыя правы. Цяпер яны распаўсюджваліся і на праваслаўную шляхту. Уся палітычная ўлада ВКЛ знаходзілася ў руках вялікага князя. Яму падпарадкоўваліся ўдзельныя князі, войска, ад яго імя выдаваліся дзяржаўныя акты, чыніўся суд, вялася знешняя палітыка. Кіраваць дзяржавай вялікаму князю дапамагалі чыноўнікі – канцлер (фактычна кіраўнік урада), галоўнакамандуючы (гетман), казначэй (падскарбій), зборшчык даніны (цівун), каменданты замкаў (гараднічыя), і г. д. Ніжэйшае звенне чыноўнага люду складалі дзяржаўцы. Яны назіралі за дзяржаўнымі маёнткамі. З ростам уплыву шляхецкага саслоўя значную ўладу, асабліва пасля 1501 г., набыў вальны сойм. Фактычна гэта быў своеасаблівы парламент. Аднак, у адрозненні ад іншых дзяржаў, у ім не прымалі ўдзел прадстаўнікі іншых саслоўяў. Выбары ў вальны сойм адбываліся падчас павятовых соймікаў, кожны з якіх дэлегіраваў па два паслы. Паслам уручаліся патрабаванні шляхты – наказы. Назад паслы прывозілі пастановы сойму – канстытуцыі. Але галоўную ролю ў дзяржаве адыгрывалі буйныя феадалы – магнаты. Менавіта з іх складаўся ўрад ВКЛ – паны-рада. Многія вялікія князі з цягам часу станавіліся польскімі каралямі, таму паны-рада дзейнічалі ад іх імя самастойна. Тэрытарыяльна ВКЛ падзялялася на ваяводствы і меншыя адміністрацыйныя адзінкі – паветы і воласці. Ніжэйшым кіруючым звяном былі кіраўнікі сельскіх сходаў – старцы. У першай палове XVI ст. у ВКЛ адбыліся тэрытарыяльна-адміністрацыйная, ваенная, судовая і заканадаўчая рэформы, якія спрыялі ўдасканаленню кіруючай сістэмы. Змены ў заканадаўстве былі адлюстраваны ў Статутах ВКЛ 1529 і 1566 гг. У той час Статуты лічыліся аднымі з найлепш распрацаваных кодэксаў заканадаўства ў Еўропе. Цэнтралізацыя дзяржавы выклікала незадаволенасць сярод удзельных князёў, абсалютная большасць якіх спавядала праваслаўе. Незадаволенасць вылілася ў пераход некаторых з іх на бок Маскоўскага княства, Кіеўскай змове 1481 г. і паўстанні князёў Глінскіх 1508 г. Апошняе ўспыхнула падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай (1507 – 1508) Міхаіл Львовіч Глінскі, які ўзначальваў паўстанне, спавядаў каталіцтва, але звяртаўся за падтрымкай да праваслаўнага насельніцтва. У выніку яму прыйшлося перайсці на бок Масквы, дзе ён і памёр у 1534 г., кінуты ў турму вялікай княгіняй Аленай, роднай дачкой. Такім чынам, беларускія землі склалі цэнтральную частку ВКЛ. Уключэнне Беларусі ў склад буйной дзяржавы ў сваю чаргу спрыяла яе цэнтралізацыі і далейшаму развіццю.

 







Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 785. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Аальтернативная стоимость. Кривая производственных возможностей В экономике Буридании есть 100 ед. труда с производительностью 4 м ткани или 2 кг мяса...

Вычисление основной дактилоскопической формулы Вычислением основной дактоформулы обычно занимается следователь. Для этого все десять пальцев разбиваются на пять пар...

Расчетные и графические задания Равновесный объем - это объем, определяемый равенством спроса и предложения...

Примеры решения типовых задач. Пример 1.Степень диссоциации уксусной кислоты в 0,1 М растворе равна 1,32∙10-2   Пример 1.Степень диссоциации уксусной кислоты в 0,1 М растворе равна 1,32∙10-2. Найдите константу диссоциации кислоты и значение рК. Решение. Подставим данные задачи в уравнение закона разбавления К = a2См/(1 –a) =...

Экспертная оценка как метод психологического исследования Экспертная оценка – диагностический метод измерения, с помощью которого качественные особенности психических явлений получают свое числовое выражение в форме количественных оценок...

В теории государства и права выделяют два пути возникновения государства: восточный и западный Восточный путь возникновения государства представляет собой плавный переход, перерастание первобытного общества в государство...

Концептуальные модели труда учителя В отечественной литературе существует несколько подходов к пониманию профессиональной деятельности учителя, которые, дополняя друг друга, расширяют психологическое представление об эффективности профессионального труда учителя...

Конституционно-правовые нормы, их особенности и виды Характеристика отрасли права немыслима без уяснения особенностей составляющих ее норм...

Толкование Конституции Российской Федерации: виды, способы, юридическое значение Толкование права – это специальный вид юридической деятельности по раскрытию смыслового содержания правовых норм, необходимый в процессе как законотворчества, так и реализации права...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.009 сек.) русская версия | украинская версия