Студопедия — ПАЛІТЫКА ПЕРАБУДОВЫ І ЯЕ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЕ Ў БЕЛАРУСІ.
Студопедия Главная Случайная страница Обратная связь

Разделы: Автомобили Астрономия Биология География Дом и сад Другие языки Другое Информатика История Культура Литература Логика Математика Медицина Металлургия Механика Образование Охрана труда Педагогика Политика Право Психология Религия Риторика Социология Спорт Строительство Технология Туризм Физика Философия Финансы Химия Черчение Экология Экономика Электроника

ПАЛІТЫКА ПЕРАБУДОВЫ І ЯЕ АЖЫЦЦЯЎЛЕННЕ Ў БЕЛАРУСІ.






Успомніце. Якія негатыўныя з’явы былі характэрны для палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сфер беларускага грамадства ў першай палове 1980-х гг.?

Узрастанне негатыўных з’яў у эканоміцы, палітыцы і сацыяльнай сферы. У сярэдзіне 1980-х гг. Савецкі Саюз знаходзіўся ў складаным становішчы. Былі запаволены тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця, дасягненні навукі і тэхнікі не заўсёды ўкараняліся ў вытворчасць, нізкай была якасць многіх відаў прадукцыі, не хапала высакаякасных тавараў на спажывецкім рынку, прыпыніўся рост жыццёвага ўзроўню народа.

Паступовы адыход ад эканамічных метадаў кіравання прывёў да цэнтралізацыі і бюракратызацыі кіруючага апарату. На ўтрыманне бюракратычных структур былі выдаткаваны вялікія сродкі, пашырана сістэма льгот і прывілеяў. Адасобілася вышэйшая група кіруючых работнікаў, якую сталі называць наменклатурай. Сістэма льгот і прывілеяў уключала дзяржаўныя дачы, спецлячэнне, спецтранспарт і інш. Распаўсюджанымі з’явамі былі злоўжыванне службовым становішчам, карупцыя.

Грамадскія настроі выяўлялі незадаволенасць становішчам у краіне розных сацыяльных слаёў насельніцтва. Сярод працоўных людзей нярэдкай з’явай было п’янства, прагулы, што абумоўлівала нізкую прадукцыйнасць працы. Мелі месца крытычныя выступленні сярод інтэлігенцыі. Адной з формаў праяўлення незадаволенасці людзей сталі анекдоты, у тым ліку і палітычнай тэматыкі. Патрабавалася рэфармаванне палітыка-эканамічнай сістэмы, якая ў аснове сваёй сфарміравалася ў СССР у 1920—1930-я гг.

У сакавіку 1985 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М. С. Гарбачоў. З яго палітычнай і дзяржаўнай дзейнасцю як кіраўніка краіны звязана правядзенне шматлікіх рэформаў, якія ўрэшце прывялі да змены сацыялістычнага дзяржаўнага і грамадскага ладу, да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР.

Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення. ХХVІІ з’езд КПСС (1986) і ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС (1988) удакладнілі палітычны курс і вызначылі палітыку перабудовы, абнаўлення ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства.

Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару, сацыялістычных ідэалаў і каштоўнасцей пад лозунгам: «Больш дэмакратыі, больш сацыялізму». Яе мэтамі былі пераадоленне дэфармацый сацыялістычнага ладу, больш поўнае раскрыццё яго патэнцыяльных магчымасцей, дэмакратызацыя ўсіх бакоў жыцця савецкага грамадства, рэфармаванне палітычных інстытутаў дзяржавы. Прадугледжвалася правядзенне выбараў у Саветы ўсіх узроўняў з удзелам некалькіх кандыдатаў.

У ходзе ажыццяўлення палітыкі перабудовы значна пашырылася самастойнасць прадпрыемстваў і аб’яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне. Працоўныя калектывы атрымалі права выбіраць кіраўнікоў, рэгуляваць заработную плату і адлічэнні на сацыяльныя патрэбы. Укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы — арэндныя калектывы, гаспадарчыя разліковыя брыгады.

Больш дэмакратычнай рабілася выбарчая сістэма, развіваліся галоснасць і плюралізм думкі, фарміравалася шматпартыйная сістэма. Больш магчымасцей стала для ажыццяўлення дэмакратычных правоў і свабод грамадзян, для творчай дзейнасці.

Разам з тым у грамадстве з’явіліся капіталістычныя тэндэнцыі, прапагандавалася ўзбагачэнне любымі сродкамі. Многія дырэктары прадпрыемстваў здавалі ў арэнду з правам выкупу частку дзяржаўнай маёмасці, а затым за сімвалічную плату пераводзілі яе ў прыватную ўласнасць. Становішча яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1988 г. быў апублікаваны Закон СССР аб кааперацыі.

Пад назвай кааператываў былі ўзаконены тыповыя капіталістычныя прадпрыемствы з правам наймаць работнікаў, якія не з’яўляліся іх членамі, купляць сыравіну і паўфабрыкаты па стабільных дзяржаўных цэнах, а прадаваць прадукцыю па свабодных рыначных цэнах. Кааператывы ствараліся ўсюды, у тым ліку і на базе дзяржаўных прадпрыемстваў. Рэсурсы і грошы з дзяржаўнай казны пачалі пераводзіцца ў прыватныя кішэні. Вытворчая дзейнасць кааператараў амаль не цікавіла. Яны працавалі пераважна ў гандлёва-пасрэдніцкай сферы: куплялі тавары па танных коштах, а прадавалі па вельмі высокіх. Кааператыўная дзейнасць станавілася эфектыўным сродкам для «адмывання брудных грошай» і стварэння вялікіх капіталаў. Сацыяльнае напружанне ў грамадстве ўзмацнялася, маёмасная дыферэнцыяцыя павялічвалася.

З адменай дзяржаўнай манаполіі на знешні гандаль і з дазволам прадпрыемствам і прыватным асобам прадаваць за мяжу тавары сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне ў 1987—1990 гг. значна пагоршылася. Пусцелі прылаўкі магазінаў, падскочылі рознічныя цэны, прадукты харчавання адпускаліся па «картачках спажыўцоў», якія выдаваліся па месцы жыхарства. Пачалася маштабная міжнародная спекуляцыя, якая прывяла да вывазу буйных капіталаў за граніцу і стварэння магутных крымінальных структур. Эканоміка СССР і яе грашова-фінансавая сістэма прыйшлі ў заняпад.

Палітыка «галоснасці», абвешчаная М. С. Гарбачовым, пасеяла сумненні наконт сацыялізму як дасканалай сістэмы. Пачаўся працэс паступовай падмены сацыялістычных ідэалаў іншымі ідэаламі і каштоўнасцямі. Ідэя сацыяльнай справядлівасці абвяшчалася шкоднай і недасягальнай, эканоміка гандлёва-базарнага тыпу — вяршыняй эканамічнай практыкі. Пачалі прапагандавацца культ нажывы і асабістай выгады, а таксама насілле, парнаграфія, прастытуцыя — тое, што ў савецкі час лічылася зняважлівым для чалавека і грамадства. Рэальныя праблемы, якія стаялі перад краінай, патанулі ў балбатні. Усё часцей і часцей у сродках масавай інфармацыі, на мітынгах і ў чыноўніцкіх кабінетах стала гучаць фраза: «Захад нам дапаможа». Быў зроблены антынавуковы і шкодны вывад аб тым, што савецкая сістэма не падлягае рэфармаванню, а таму павінна быць разбурана, знішчана.

Як бачна, антысаветызм стаў ідэалагічнай зброяй курсу М. С. Гарбачова, а галоснасць фактычна ператварылася ў ідэалагічную вайну, накіраваную на змену дзяржаўнага і грамадскага ладу СССР.

Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР. Пачатак пераходу да шматпартыйнасці. Пачатак пераходу да шматпартыйнасці ў Беларусі пачынаўся з амаль непрыкметнай з’явы — значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986—1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн чалавек. Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Напрыклад, мінская «Талака» ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захаваннем помнікаў гісторыі і культуры.

Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш сталі праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялістычнага ладу, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на У. І. Леніна, яны рабілі спробы крытыкаваць кіраўніцтва Беларусі. Гэта быў ужо, безумоўна, не культурна-асветны, а палітычны рух. Ішла самая звычайная палітычная барацьба пад прыкрыццём лозунга адраджэння нацыянальнай культуры. Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.

У 1989 г. у БССР быў створаны штаб палітычнай апазіцыі — Беларускі народны фронт «Адраджэнне». Яго праграма, статут і іншыя дакументы мелі адкрыта антысавецкую і антыкамуністычную накіраванасць. На заклікі апазіцыі да знішчэння савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу адэкватнае прававое рэагаванне адсутнічала. Больш за тое, узмацнілася канфрантацыя апазіцыі з праваахоўнымі органамі, партыйнымі і дзяржаўнымі структурамі. Не было і адпаведнага палітыка-арганізацыйнага рэагавання на дзеянні некаторых камуністаў і кіраўнікоў розных узроўняў, якія сталі на шлях неабгрунтаванай крытыкі савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.

У 1988—1989 гг. у СССР была сфарміравана новая структура вышэйшых органаў улады — З’езд народных дэпутатаў СССР і Вярхоўны Савет СССР, які ў адрозненне ад раней працаваўшага Вярхоўнага Савета СССР, ствараўся на з’ездзе з ліку дэпутатаў і працаваў пастаянна. У БССР, як і ў іншых саюзных рэспубліках, сур’ёзных змяненняў у структуры вышэйшых органаў улады не адбылося.

Вясной 1990 г. на альтэрнатыўнай аснове прайшлі выбары ў рэспубліканскія і мясцовыя органы ўлады. У дзейнасці партыі, органаў улады і кіравання, грамадскіх арганізацый замацоўваўся палітычны плюралізм, ідэя змешанай эканомікі і шматпартыйнасці.

Летам 1990 г.адбыўся апошні, ХХVІІІ з’езд КПСС. На з’ездзе М. С. Гарбачоў выступіў з новай ідэяй перабудовы, гэтым разам перабудовы КПСС на ўзор заходняй сацыял-дэмакратыі. Дэлегаты з’езда адобрылі прапанову генсека ў рэзалюцыі «Да гуманнага дэмакратычнага сацыялізму» і тым самым падпісалі сваёй партыі смяротны прысуд. На з’ездзе з шэрагаў КПСС дэманстратыўна выйшаў Б. М. Ельцын. З восені 1990 г. пачаўся працэс выхаду з партыі радавых камуністаў і самароспуску партарганізацый на прадпрыемствах і ва ўстановах.

Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі ўрад СССР на чале з М. І. Рыжковым у сярэдзіне 1990 г. прадставіў праграму выхаду эканомікі з крызісу і пераходу да рыначных адносін. Аналагічная праграма была распрацавана і адобрана ў Беларусі. Глыбокі крызіс савецкай эканомікі кіраўніцтва СССР вырашыла лячыць, ужываючы «лекавыя сродкі» капіталізму. Гэта была не заўважаная народам афіцыйная змена палітычнага курсу КПСС і Савецкай дзяржавы, бо рынак з усімі яго атрыбутамі — з’ява капіталістычнага, а не сацыялістычнага грамадства. Але тады лічылася, што рынак — гэта універсальны сродак выхаду з крызісу і квітнення любой эканомікі.

«Дэмакраты» з дапамогай Захаду ўзмацнялі намаганні, скіраваныя на развал Саюза ССР, знішчэнне існуючага ладу. Каб пазбегнуць абвінавачання ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы СССР, былі створаны шматлікія «фонды», «цэнтры», «саветы», «асацыяцыі», якія афіцыйна лічыліся прыватнымі, недзяржаўнымі арганізацыямі, а фактычна знаходзіліся пад кантролем заходніх спецслужбаў. Апазіцыйныя «дэмакратычныя» арганізацыі СССР атрымлівалі з‑за мяжы матэрыяльную і фінансавую дапамогу: факсы, ксераксы, камп’ютэры, друкарскія станкі, тэлексы, відэакамеры і іншую тэхніку, грошы на фінансаванне навуковых тэм, падрыхтоўку вучэбных дапаможнікаў, слоўнікаў, энцыклапедый і інш.

17 сакавіка 1991 г. быў праведзены рэферэндум па пытанні захавання Саюза ССР. У Беларусі за захаванне СССР прагаласавала 82,7 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. У жніўні 1991 г. быў надрукаваны тэкст новага саюзнага дагавора. Але яго падпісанне не адбылося. У жніўні 1991 г. у Маскве адбыліся падзеі, якія ў рэшце рэшт прывялі да ліквідацыі СССР.

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Калі і чаму быў абвешчаны курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР? За кошт якіх фактараў прадугледжвалася яго ажыццяўленне?

2. Калі была абвешчана палітыка перабудовы? З якіх мерапрыемстваў (эканамічных, палітычных) яна складалася?

3. Ахарактарызуйце працэс пераходу да шматпартыйнасці ў Беларусі.

4. Калі праводзіўся рэферэндум па пытанні захавання Саюза ССР? Якімі былі яго вынікі ў БССР?

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Прааналізуйце гістарычныя з’явы паводле плана: прычыны, сутнасць, вынікі:

а) курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця;

б) палітыка перабудовы.

2. Якія ацэнкі палітыкі перабудовы вы сустракалі ў гістарычнай літаратуры, перыядычным друку? Суаднясіце іх з ацэнкай, дадзенай у падручніку. Дайце ўласную абгрунтаваную ацэнку гэтай з’яве.

3. Выкажыце сваё меркаванне, чаму высакародная па сваіх мэтах антыалкагольная кампанія закончылася безвынікова.

4. Прааналізуйце прыведзеныя ў табліцах лічбы. Зрабіце вывады, запішыце іх у форме тэзісаў.

А. Сярэднегадавыя тэмпы эканамічнага росту ў СССР і БССР у 1971—1985 гг., %

Паказчык 9‑я пяцігодка (1971—1975) 10‑я пяцігодка (1976—1980) 11‑я пяцігодка (1981—1985)
СССР БССР СССР БССР СССР БССР
Нацыянальны даход 5,7 8,3 4,3 5,2 3,6 5,6
Прадукцыя прамысловасці 7,4 10,4 4,4 7,2 3,7 5,4
Прадукцыйнасць працы 4,5 7,4 3,2 4,2 3,1 5,3

 

Б. Ступень індустрыялізацыі эканомікі БССР і СССР у 1990 г.
і тэмпы развіцця прамысловасці, %

Паказчыкі БССР СССР Розніца
Доля прамысловасці ў:      
• вытворчасці нацыянальнага даходу 47,0 40,4 +6,6
• агульнай колькасці рабочых і служачых 35,2 31,2 +4,0
Сярэднегадавыя тэмпы прыросту прамысловай прадукцыі за 1986—1990 гг. 5,3 2,4 +2,9






Дата добавления: 2015-06-29; просмотров: 1647. Нарушение авторских прав; Мы поможем в написании вашей работы!



Шрифт зодчего Шрифт зодчего состоит из прописных (заглавных), строчных букв и цифр...

Картограммы и картодиаграммы Картограммы и картодиаграммы применяются для изображения географической характеристики изучаемых явлений...

Практические расчеты на срез и смятие При изучении темы обратите внимание на основные расчетные предпосылки и условности расчета...

Функция спроса населения на данный товар Функция спроса населения на данный товар: Qd=7-Р. Функция предложения: Qs= -5+2Р,где...

Опухоли яичников в детском и подростковом возрасте Опухоли яичников занимают первое место в структуре опухолей половой системы у девочек и встречаются в возрасте 10 – 16 лет и в период полового созревания...

Способы тактических действий при проведении специальных операций Специальные операции проводятся с применением следующих основных тактических способов действий: охрана...

Искусство подбора персонала. Как оценить человека за час Искусство подбора персонала. Как оценить человека за час...

Растягивание костей и хрящей. Данные способы применимы в случае закрытых зон роста. Врачи-хирурги выяснили...

ФАКТОРЫ, ВЛИЯЮЩИЕ НА ИЗНОС ДЕТАЛЕЙ, И МЕТОДЫ СНИЖЕНИИ СКОРОСТИ ИЗНАШИВАНИЯ Кроме названных причин разрушений и износов, знание которых можно использовать в системе технического обслуживания и ремонта машин для повышения их долговечности, немаловажное значение имеют знания о причинах разрушения деталей в результате старения...

Различие эмпиризма и рационализма Родоначальником эмпиризма стал английский философ Ф. Бэкон. Основной тезис эмпиризма гласит: в разуме нет ничего такого...

Studopedia.info - Студопедия - 2014-2024 год . (0.011 сек.) русская версия | украинская версия