МІЖНАРОДНАЕ СТАНОВІШЧА І ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Успомніце. 1. Калі пачалася дзейнасць БССР на міжнароднай арэне? 2. У рабоце якіх міжнародных арганізацый удзельнічала наша рэспубліка? Фарміраванне знешнепалітычнага курсу. Рэспубліка Беларусь у сістэме міжнародных адносін. Суседзямі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца Расійская Федэрацыя, Украіна, Польшча, Літва і Латвія. Пасля прызнання Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з сумежнымі краінамі былі падпісаны дагаворы аб граніцы. У дагаворы з Польшчай, напрыклад, падкрэслівалася: “Дагаворныя бакі пацвярджаюць існуючую паміж імі граніцу, лічаць гэту граніцу непарушнай і заяўляюць аб тым, што не маюць і не будуць мець у будучым адзін да аднаго ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій“. Дагаворы аб дзяржаўнай граніцы былі падпісаны з Літвой і Латвіяй. У Беларусі няма тэрытарыяльных спрэчак з Расіяй і Украінай. 26 лютага 1992 г. Рэспубліка Беларусь падпісала Хельсінкскі Заключны акт. З гэтага моманту яна не толькі стала раўнапраўнай удзельніцай хельсінкскага працэсу, але і нясе разам з іншымі дзяржавамі адказнасць за захаванне міру і бяспекі ў Еўропе. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. вызначыла асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі суверэннай дзяржавы. У артыкуле 18 запісана: «Рэспубліка Беларусь у сваёй дзяржаўнай палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права». Рэспубліка Беларусь далучылася да Дагавора аб скарачэнні войскаў у Еўропе. Яна зменшыла колькасць агульных узбраенняў. У 1992 г. Беларусь вывела са сваёй тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, нягледзячы на тое, што стратэгічныя і тактычныя ядзерныя ракеты ЗША і блока НАТА заставаліся нацэленымі на яе. Толькі ў чэрвені 1994 г. афіцыйныя колы ЗША інфармавалі аб перанацэленасці іх ракет. У 1996 г. ядзерная зброя была поўнасцю выведзена за межы краіны. Рэспубліка Беларусь — нейтральная бяз’ядзерная дзяржава ў цэнтры Еўропы. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 3 ліпеня 1996 г. прапанаваў стварыць у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе прастору, свабодную ад ядзернай зброі. Саюз Беларусі і Расіі. Рэспубліка Беларусь развівала палітычныя і эканамічныя сувязі з краінамі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, перш-наперш з Расіяй. 2 красавіка 1996 г. быў падпісаны Дагавор аб Садружнасці Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэты дагавор забяспечыў грамадзянам абедзвюх краін роўныя правы ў атрыманні адукацыі, ахове здароўя, працаўладкаванні, аплаце працы і інш. Важным крокам у далейшым паглыбленні інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі стала падпісанне 2 красавіка 1997 г. у Маскве Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі. Яго неад’емнай часткай стаў Статут Саюза Беларусі і Расіі, якім прадугледжваецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі, іх бяспекі, абараназдольнасці, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і свету. 8 снежня 1999 г. у Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Беларуска-расійская інтэграцыя ўзнялася на якасна новую ступень. На долю Расіі прыходзіцца больш за палову агульнага аб’ёму знешняга гандлю Беларусі. Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі ствараецца як добраахвотны і раўнапраўны саюз свабодных і суверэнных краін. Беларускі народ і кіраўніцтва беларускай дзяржавы робяць усё для таго, каб адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй увайшлі ў нармальнае рэчышча і будаўніцтва Саюзнай дзяржавы на карысць беларускага і расійскага народаў паспяхова закончылася. Гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі з замежнымі краінамі. Рэспубліка Беларусь развівае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва не толькі з краінамі СНД, але і з дзяржавамі далёкага замежжа. У яе знешняй палітыцы выразна вызначыліся ўсходні і заходні вектары. Важнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца еўрапейскія краіны, у іх ліку Германія, Вялікабрытанія, Польшча, Нідэрланды, Літва, Латвія і інш. У 2002 г. аб’ём гандлю з імі склаў каля 5 млрд долараў. Паспяхова развіваюцца палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Знешнегандлёвы тавараабарот паміж краінамі складае каля 1 млрд долараў. Рэспубліка Беларусь і Кітайская Народная Рэспубліка маюць аднолькавыя ці блізкія погляды на праблемы развіцця сусветнай цывілізацыі, падтрымліваюць адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях. Станоўчы вопыт назапашаны ва ўзаемаадносінах паміж Рэспублікай Беларусь і такімі аўтарытэтнымі краінамі Азіі з магутным вытворча-эканамічным патэнцыялам як Індыя, Іран, В’етнам, Катар, Аман, іншыя краіны Персідскага заліва. Рэспубліка Беларусь пачала распрацоўку залежаў нафты і яе здабычу ў такой далёкай лацінаамерыканскай краіне, як Венесуэла. У гэту краіну Рэспубліка Беларусь пастаўляе прадукцыю свайго машынабудавання, хімічнай прамысловасці, бытавыя тавары, ажыццяўляе там жыллёвае будаўніцтва. Пашыраюцца маштабы і набіраюць высокія тэмпы палітычныя і гандлёва-эканамічныя сувязі паміж Беларуссю і Венесуэлай, чаму не ў малой ступені садзейнічалі ўзаемныя візіты прэзідэнтаў абедзвюх краін. Рэспубліка Беларусь прыцягвае ў сваю эканоміку капіталы і вопыт замежных інвестараў і міжнародных валютна-фінансавых арганізацый, стварае сумесныя прадпрыемствы, дазваляе замежным фірмам займацца на сваёй тэрыторыі бізнесам і прадпрымальніцтвам. Развіваецца супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і замежных краін у галіне навукі, літаратуры і мастацтва. Гэта сумесныя распрацоўкі беларускімі і замежнымі вучонымі навукова-даследчых тэм, пераклад і выданне за мяжой твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, гастролі майстроў беларускай сцэны і дэманстрацыя работ беларускіх мастакоў і скульптараў у іншых краінах і г. д. Адным з кірункаў міжнароднай дзейнасці Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вырашэнне праблем, звязаных з ліквідацыяй вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Падчас яе ў атмасферу была выкінута вялікая колькасць радыеактыўнага рэчыва, 70 % якога выпала на тэрыторыю Беларусі. Забруджанай аказалася трэцяя частка плошчы рэспублікі, на якой пражывала больш за 2,2 млн чалавек. У крытычным стане апынуліся 20 % лясоў, 73 рэспубліканскія і 162 мясцовыя заказнікі, 336 помнікаў прыроды. Сярод іх Белавежская і Налібоцкая пушчы, Бярэзінскі і Прыпяцкі запаведнікі, Асвейскае возера і інш. Нягледзячы на вялікія намаганні, зробленыя кіраўніцтвам краіны дзеля пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а таксама на дапамогу ўрадавых арганізацый і грамадскасці замежных краін, праблема Чарнобыля па сённяшні дзень застаецца вострай. Патрабуюцца яшчэ немалыя сродкі і пэўны час. Наогул, пераадолець вынікі такой буйной тэхнагеннай катастрофы, як чарнобыльская, для Беларусі магчыма толькі з дапамогай міжнароднага супольніцтва. Удзел спартсменаў Беларусі ў Алімпійскіх гульнях. Спартсмены Беларусі ўпершыню ўдзельнічалі ў XV Алімпійскіх гульнях, якія адбыліся ў г. Хельсінкі (Фінляндыя) у 1952 г. У складзе зборнай каманды СССР тады былі 4 беларускія лёгкаатлеты і 2 фехтавальшчыкі. Першы алімпійскі сярэбраны медаль сярод беларускіх спартсменаў заваяваў М. Крываносаў (кіданне молата) на XVI Алімпійскіх гульнях (1956) у Мельбурне (Аўстралія). На XXVI Алімпійскіх гульнях (1996) у Атланце (ЗША) Рэспубліка Беларусь упершыню была прадстаўлена самастойнай нацыянальнай камандай. У яе складзе было 162 спартсмены. Залатыя медалі заваявала К. Хадатовіч (акадэмічнае веславанне, байдарка-адзіночка). Беларускія спартсмены на гэтых гульнях атрымалі яшчэ 6 сярэбраных і 8 бронзавых медалёў. На XXVIII Алімпійскіх гульнях у Афінах (Грэцыя) у 2004 г. у камандзе Беларусі налічвалася 147 спартсменаў па 23 відах спорту. Заваявана 15 медалёў: 2 залатыя (Ю. Несцярэнка — бег на 100 м і І. Макараў — дзюдо), 6 сярэбраных і 7 бронзавых. У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26‑е месца сярод 202 краін- удзельніц, а па колькасці медалёў — 18‑е месца. На XXIX Алімпійскіх гульнях у Пекіне (Кітай) у 2008 г. у камандзе Беларусі налічваўся 181 спартсмен. Рэспубліка Беларусь з 4 залатымі, 5 сярэбранымі і 10 бронзавымі ўзнагародамі (усяго 19 медалёў) заняла 16-е месца па якасці медалёў і 13-е — па колькасці сярод 204 краін-удзельніц. Сярод узнагароджаных залатымі медалямі – Андрэй Арамнаў (цяжкая атлетыка, да 105 кг), Аксана Мянькова (лёгкая атлетыка, кіданне молата), Раман Пятрушэнка, Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнеў (грэбля на байдарках і каноэ, байдарка-чацвёрка, 1000 м), Андрэй Багдановіч, Аляксандр Багдановіч (грэбля на байдарках і каноэ, каноэ-двойка, 1000 м). У зімовых Алімпійскіх гульнях беларускія спартсмены ўдзельнічаюць з 1964 г. Першым з беларускіх спартсменаў, які атрымаў бронзавы медаль на XV зімовых Алімпійскіх гульнях (1988) у Калгары (Канада), быў канькабежац І. Жалязоўскі на дыстанцыі 100 м. На XVII зімовых Алімпійскіх гульнях (1994) у Лілехамеры (Нарвегія) Беларусь упершыню выступала асобнай нацыянальнай камандай. На XIX зімовых Алімпійскіх гульнях (2002) у Солт‑Лейк‑Сіці (ЗША) каманда Беларусі ў складзе 62 спартсменаў у неафіцыйным камандным заліку заняла 19‑е месца, а хакейная зборная каманда — 4-е месца. Патрыятычны настрой і пачуццё гонару за Айчыну заўсёды выклікаюць перамогі і высокія дасягненні беларускіх спартсменаў на Алімпійскіх гульнях, сусветных спаборніцтвах і спаборніцтвах на першынство Еўропы па відах спорту, на іншых спаборніцтвах, калі ў гонар пераможцы і яго краіны гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь і наш Дзяржаўны сцяг высока ўзнімаецца на стадыёне ці ў спартыўным палацы. Спорт і высокія дасягненні беларускіх спартсменаў – гэта адзін з важных і дзейсных сродкаў прапаганды нашай краіны на міжнароднай арэне, выхавання ў людзей патрыятызму, любві да сваёй Бацькаўшчыны. Беларуская дыяспара. Слова «дыяспара» паходзіць ад грэчаскага dіaspora, што азначае рассяленне, пражыванне значнай часткі этнасу па-за межамі этнічнай тэрыторыі. Ва ўсе часы па розных прычынах насельніцтва беларускіх зямель перасялялася ў іншыя краіны. Першая хваля масавай эміграцыі з Беларусі адбылася на мяжы ХІХ і ХХ стст. Развіццё капіталізму, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян за межы Беларусі. Першая сусветная вайна, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, нямецкая, а затым польская акупацыя Беларусі ў 1918—1920 гг. выклікалі новую хвалю эміграцыі. У міжваенны перыяд асабліва значнай была эміграцыя насельніцтва з Заходняй Беларусі як вынік цяжкага сацыяльна-эканамічнага становішча працоўных, нацыянальнага і рэлігійнага ціску польскіх улад. Шмат жыхароў Беларусі апынулася па‑за межамі рэспублікі ў гады Другой сусветнай вайны. Каля 1,5 млн чалавек былі эвакуіраваны на ўсход СССР, далёка не ўсе яны вярнуліся ў рэспубліку. Амаль 380 тыс. жыхароў Беларусі былі прымусова вывезены на працу ў Германію. Многія тысячы беларусаў аказаліся за мяжой у ліку савецкіх ваеннапалонных. Пакінулі Радзіму і члены многіх беларускіх палітычных арганізацый, устаноў і ваенных фарміраванняў, якія былі створаны фашыстамі на акупіраванай тэрыторыі. У пасляваенныя гады сотні тысяч грамадзян Беларусі апынуліся за мяжой Бацькаўшчыны пасля далучэння Беласточчыны да Польшчы (1945) і падчас узаемнай рэпатрыяцыі палякаў з Беларусі ў Польшчу і беларусаў з Польшчы ў Беларусь, у выніку прымусовых высяленняў, асабліва з Заходняй Беларусі ў іншыя рэгіёны СССР. Характэрнай асаблівасцю пасляваеннай беларускай эміграцыі было тое, што яна заявіла аб сабе як аб самастойнай этнічнай супольнасці ў замежжы, стварыўшы свае нацыянальныя асяродкі, рэлігійныя, культурныя арганізацыі, навуковыя цэнтры, сродкі інфармацыі. У пасляваенны перыяд значна павялічыўся адток насельніцтва Беларусі ў іншыя рэгіёны Саюза. Гэтаму спрыялі арганізаваная вярбоўка працоўных рэсурсаў на новабудоўлі, асваенне цалінных зямель у Казахстане і прыродных рэсурсаў Сібіры і Поўначы, планавае размеркаванне выпускнікоў навучальных устаноў. Адбываліся таксама добраахвотныя індывідуальныя перасяленні. Найбольшая колькасць беларусаў пражывае ў Расіі, ва Украіне, у Латвіі, Літве, Польшчы, ЗША, Канадзе. Ёсць згуртаванні беларусаў і ў краінах Заходняй Еўропы — Англіі, Францыі, Італіі, Даніі, Бельгіі і інш. Беларускія згуртаванні існуюць таксама ў Аўстраліі і краінах Лацінскай Амерыкі — Аргенціне, Бразіліі, Парагваі, Уругваі і інш. Усяго за межамі Рэспублікі Беларусь пражывае прыкладна 3—3,5 млн беларусаў. Пытанні і заданні для самаправеркі 1. Ахарактарызуйце асноўныя кірункі знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, культурнай сферах. 2. Назавіце асноўныя прынцыпы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. 3. Ахарактарызуйце месца Беларусі ў алімпійскім руху. 4. Што такое беларуская дыяспара? У выніку якіх гістарычных падзей яна сфарміравалася? На якіх кантынентах і ў якіх краінах створаны і дзейнічаюць беларускія зямляцтвы, таварыствы і суполкі? Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку 1. Ахарактарызуйце статус Беларусі ў міжнародным супольніцтве пасля 1991 г. 2. Растлумачце тэзіс: «Рэспубліка Беларусь — нейтральная бяз’ядзерная дзяржава ў цэнтры Еўропы». 3. Прааналізуйце працэс інтэграцыі Беларусі і Расіі паводле плана: прычыны і перадумовы, этапы, вынікі. Дайце ўласную ацэнку гэтаму працэсу. 4. Падрыхтуйце паведамленні пра: а) беларускіх алімпійцаў; б) беларускую дыяспару.
|