Коска пры выклічніках і гукаперайманнях
1. Коскамі аддзяляюцца выклічнікі, калі яны не маюць падкрэсленай клічнай інтанацыі і знаходзяцца ў пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа.
Напрыклад: Ах, дружа-клён! Ну як яго не ўспомніць?.. (П. Трус). Мілая! О, колькі радасці даеш майму ты сэрцу маладому! (Я. Купала). Ох, нашто ж ты, ночка, так прыгожа-міла? (Я. Колас). Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я. Колас). Эй, дзяцюк малады, не тужы, не глядзі ты скрозь слёзы на свет... (Я. Купала).
2. Не аддзяляюцца коскамі выклічнікі перад асабовымі займеннікамі.
Напрыклад: Ой ты, ночка, чарнявая ноч, агарні цеплынёю мяне... (П. Панчанка). – Эх ты, –- кажа яна, – лепш вось дахаты ідзі, а то будзе табе ад маці (Я. Брыль).
3. Не з'яўляецца выклічнікам і не аддзяляецца коскай часціца о пры зваротку, адмоўі, сцвярджэнні.
Напрыклад: Я не для вас, паны, о не, у час вольны песенькі складаю... (Я. Купала). О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе (М. Лынькоў).
4. Не выдзяляюцца коскамі ўзмацняльныя часціцы, аднолькавыя па гукавым складзе з выклічнікамі.
Напрыклад: Міколу ж аднаму ай-ёй як цяжка (Я. Брыль). Я яшчэ ого які дужы! (І. Шамякін).
5. Коскамі раздзяляюцца выклічнікі або гукаперайманні, калі яны знаходзяцца ў сярэдзіне або ў канцы сказа ці паўтараюцца.
Напрыклад: Раздолле ў лузе, эх, раздолле! (Я. Колас). Шкада, ай, як шкада Іліко (Э. Самуйлёнак). Які гэта быў чалавек, ого! (І. Гурскі). Колькі ў лесе грыбоў, ай-яй-яй! (З. Бядуля). – Ну, ну, пашавельвайся, – падганяў ён Алеся (К. Крапіва). Толькі ў другой палавіне, дзе спяць гаспадыня і яе дачка-вучаніца, размашыста і глуха стукаюць ходзікі: як-так, як-так... (І. Шамякін). «Др-р-р, др-р-р, др-р-р», – пракрычаў паблізу дзяркач... (Т. Хадкевіч).
|