Коска пасля сцвярджальных, адмоўных і пытальных слоў і перад імі
1. Коскай выдзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў пачатку сказа, калі яны цесна звязаны са сказам, які раскрывае, канкрэтызуе іх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як і інш.
Напрыклад: Не, ты проста скажы, прыедзеш ці не? (Э. Самуйлёнак). Што, грыбоў яшчэ няма? (Я. Колас).
Калі пры такіх словах стаяць узмацняльныя часціцы, то коскай яны аддзяляюцца разам.
Напрыклад: Ой не, пакідаць таварыша ў бядзе нельга (Я. Маўр).
2. Калі сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы паўтараюцца, то яны аддзяляюцца коскамі адно ад аднаго.
Напрыклад: Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць (Я. Купала). Але, але, яго маці і мне паказвала ліст, у якім ён піша, што няйначай мусіць прыехаць на свята (Ц. Гартны). – Не, не, – адагнаў ад сябе змрочныя думкі Іван (Б. Сачанка).
3. Сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў сярэдзіне сказа выдзяляюцца коскамі з абодвух бакоў.
Напрыклад: Не загасне, не, ніколі светач праўды на зямлі (М. Машара). Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц. Гартны).
4. У канцы сказа перад сцвярджальнымі, адмоўнымі і пытальнымі словамі ставіцца коска, а пасля – знак прыпынку ў адпаведнасці з агульнымі правіламі.
Напрыклад: Я цяжкасцей не баюся, не! (І. Грамовіч). Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (І. Мележ). ГЛАВА 14 КОСКА Ў СКЛАДАНЫМ СКАЗЕ
|